Index   Back Top Print

[ BE  - DE  - EN  - ES  - FR  - IT  - PT ]

DISCORSO DEL SANTO PADRE BENEDETTO XVI
AI VESCOVI DELLA CONFERENZA EPISCOPALE DI BIELORUSSIA
IN VISITA «AD LIMINA APOSTOLORUM»

Giovedì, 17 dicembre 2009

 

 

Высокапаважаны Спадар Кардынал,
Шаноўныя Браты!

Вельмі рады вітаць кожнага з вас у доме Наступніка апостала Пятра, якому Хрыстос даручыў заданне пасвіць свой статак (Ян 21,15-19), сцвярджаць братоў у веры (Лк 22,31), зберагаць і павышаць касцёльную еднасць (Lumen gentium, 22). Дзякую монсіньёру Аляксандру Кашкевічу за словы, якімі ён апавёў аб шляху Касцёла ў Беларусі, падкрэсліваючы таксама і будучыя выклікі.

У сустрэчах, якія меў з вамі, я вельмі ацаніў пастырскую турботу, з якой выконваеце вашае служэнне, ў жаданні і заангажаванні, каб павышалася сярод вас штораз большае ўсведамленне адзінства і супольнай адказнасьці за рашэнні ды каб вашае служэнне ставалася больш пладавітым. Асабліва важным сапраўды ёсць абвяшчэнне з адноўленым энтузыязмам ды новымі сіламі вечнатрывалага Эвангэльскага Паслання ў грамадстве, якое падзвяргаецца спробам сэкулярызацыі, геданізму і рэлятывізму. Знакам гэтага ёсць праблемы змяньшэння нараджальнасці, ломкасці сям’і ды падманлівых уяўленняў аб здабыцці багацця па-за межамі бацкаўшчыны. У абліччы такіх выклікаў неадкладным заданнем Пастыраў ёсць паказаць сілу веры, ўкаранёнай ў трывалай традыцыі, каб прычынілася да аховы глыбокай хрысьціянскай тоесамасці нацыі, якая прызнае іншыя культурыі ды рэлігіі і трывае ў дыялогу з імі. Каб асягнуць гэтае мэты, неабходна прыняць сэрцам сцверджанне, што знаходзіцца ў Псальме: “як добра і як прыемна, калі браты жывуць разам” (Псальм 133.1); рабіць вялікія намаганьні ў стварэнні праграм і ў павышэнні пастырскіх метадаў, заўсёды больш адпаведных, а таксама выконваць рашэнні Біскупскай Канфярэнцыі. Такое адноўленае сведчанне адзінства, апрача абвяшчэння Эвангэлля, будзе спрыяць добрым адносінам з дзяржаўнымі ўладамі ды, асабліва, экумэнічным адносінам.

Іншы аспэкт, які жадаю падкрэсліць, гэта спэцыяльная ўвага, якую трэба надаць адукацыйнаму памеру пастырскай дзейнасці. Як я многа разоў сцвярджаў, сёння ў гэтым дэлікатным сэктары мы жывем у свайго роду “вынятковых абставінах”. Неабходна павялічыць намаганні, каб даць грунтоўную фармацыю, ў першую чаргу новым пакаленням. Заахвочваю вас, апрача таго, працягваць вашае заангажаванне, дбаючы пра тое, каб адпаведная катахэза намеціла дарогу веры для ўсіх этапаў жыцця чалавека і каб дадзеныя вам нагоды, intra ed extra ecclesiali (унутры і па-за Касцёлам), спрыялі пад вашым кіраўніцтвам даходлівасці Паслання Хрыста да кожнага асяроддзя статку, вам даручанага. Асаблівага значэння набірае занепакоенне адносна распазнавання і дбання пра розныя пакліканні, асаблівым чынам пра святарскія і законныя, а таксама заангажаванне ў карысць праграм, прызначаных для гуманнага і хрысціянскага развіцця моладзі. Адносна гэтага запрашаю вас уважліва прыглядацца, каб кандыдаты на святарства атрымлівалі трывалую і строгую духоўную і тэалагічную фармацыю і былі належным чынам ведзеныя ў яе выконванні ды мелі б сур”ёзную і глыбокую праверку свайго Боскага пакліканьня. Цяперашняя сітуацыя грамадства патрабуе асабліва дакладнага яго распазнавання. Важным ёсць для будучыні вашага Касцёла тое, каб у Гродне і Пінску працягваўся поўны і кваліфікаваны фармацыйны шлях маладых семінарыстаў. Гэта добрая нагода, каб павышаць адзіную пастырскую дзейнасць, тым больш, што ў абедзвюх установах  навучаюцца кандыдаты як дыяцэзальнага, так і законнага духавенства. Такая сітуацыя дасць больш абяцаючы плён, калі адукацыйная прапанова будзе вынікам моцнага супрацоўніцтва паміж Біскупам і Настаяцелямі манаскіх законаў і дасць магчымасць ажыццяўляць таксама ініцыятывы пастаяннай фармацыі. Будзьце заўсёды блізкія да сваіх святароў са што-раз большаю турботаю, асабліва да тых, якія пачынаюць пастырскую дзейнасць. Уважная і шчырая бацькоўская турбота біскупа стварае асноўны элемэнт для паспяховага святарскага служэння. Трэба, апрача таго, мець на ўвазе, што вас, як пастыраў Касцёла, Госпад кліча ўмець адзначваць кожнае служэнне, якое спрыяе пабудове касцельных структур таксама свецкага, культурнага і сацыяльнага характару, бо ўсе могуць уносіць свой ўклад у развіццё Божага Валадарства ў Беларусі ў духу сапраўднага адзінства, аднаўляючы тыя хрысціянскія вартасці, што сталіся рашучымі для стварэння ўсяе еўрапейскай цывілізацыі.

Дарагія браты, скарыстоўвайце кожную добрую нагоду для абвяшчэння і пашырэння Божага Валадарства, сведчачы канкрэтнымі справамі братэрства, якое нараджае супакой і мір; трывайце ў пяшчотнасці, якая ёсць спадарожніцай справядлівасці; у духу еднасці, які пазбягае адасобленасці, бо...”любоў церпіць доўга, міласэрдная яна; любоў не зайздросціць; любоў не вывышаецца, не надзьмаецца, не буяніць, не шукае свайго, не гняўлівая, не трымае крыўды, але цешыца з праўды, усё пакрывае, усяму верыць, усяго спадзяецца, усё церпіць дзеля любові Хрыстовае” (1 Кар 13, 4-7). У гэтым кантэксце таксама абсалютна незабыўным ёсць братэрскае супрацоўніцтва з Праваслаўнаю Царквою ў Беларусі, пастыры якой падзяляюць з вамі  шуканне дабра для вернікаў і моцна пра гэта клапоцяцца. Таксама і праваслаўныя Цэрквы, як і каталіцкі Касцёл, моцна занятыя роздумам аб тым, як адказаць на выклікі нашых часоў, каб верна перадаваць Дабравешчанне Хрыста. Прымем жа запрашэнне аб падвышэнні намаганняў у супольным руху да гэтае мэты, жаданне чаго было выяўлена на нядаўняй каталіцка-праваслаўнай сустрэчы на Кіпры. Значнай дапамогаю тут можа служыць маленькая, але руплівая Грэка-каталіцкая супольнасць вашай краіны. Яна дае важны ўклад у сведчанне Касцёла і ёсць Гасподнім дарам.

Некалькі месяцаў таму назад я прымаў спадара Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Падчас сустрэчы, сардэчнай і паважнай, было абмеркавана жаданне абодвух бакоў заключыць Пагадненне, якое зараз знаходзіцца ў апрацоўцы. Акрамя таго, я падкрэсліў асаблівую ўвагу, з якім Апостальскі Пасад і таксама Канфярэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі сочаць за падзеямі ў краіне ды запэўніў , што мы гатовыя практычна супрацоўнічаць у пытаннях, якія маюць агульнае зацікаўленне і спрыяюць дабру грамадзян Беларусі з поўнаю павагаю да кампетэнцыі кожнага з бакоў.

Пашаныгодныя браты! Паўтараючы зноў маю падзяку за вашую працу, прыклікаю так абажаную на вашай зямлі Маці Божую, каб падтрымлівала і кіравала вамі, абараняючы Сваім заступніцтвам. З такімі пажаданнямі і з асабліваю любоўю надаю вам, святарам, манахам і сёстрам-законніцам ды усім вернікам спецыяльнае Апостальскае Блаславенне і запэўніваю аб пастаяннай малітве за ўвесь беларускі народ.

Дадзена ў Ватыкане 17 снежня 2009 году.

 
 

© Copyright 2009 - Libreria Editrice Vaticana

     



Copyright © Dicastero per la Comunicazione - Libreria Editrice Vaticana