![]() |
![]() |
|
|
ПАСЛЯСІНАДАЛЬНАЯ АПОСТАЛЬСКАЯ АДГАРТАЦЫЯ SACRAMENTUM CARITATIS СВЯТОГА АЙЦА БЭНЭДЫКТА XVI
ЗМЕСТ
Уводзіны [1]
ЧАСТКА ПЕРШАЯ Эўхарыстычная вера Касцёла [6] Найсвяцейшая Тройца і Эўхарыстыя Эўхарыстыя: Езус – сапраўднае ахвярнае Ягнё Дух Святы і Эўхарыстыя Эўхарыстыя і Касцёл Эўхарыстыя і сакрамэнты I. Эўхарыстыя і хрысціянскае ўтаямнічанне ІІ. Эўхарыстыя і cакрамэнт паяднання
ІІІ. Эўхарыстыя і намашчэнне хворых [22] IV. Эўхарыстыя і сакрамэнт пасвячэння [23] V. Эўхарыстыя і сужэнства Эўхарыстыя і эсхаталогія Эўхарыстыя і Дзева Марыя [33]
ЧАСТКА ДРУГАЯ ЭЎХАРЫСТЫЯ, ЦЭЛЕБРАВАНАЯ ТАЯМНІЦА Lex orandi e lex credendi [34] Эўхарыстычная цэлебрацыя – справа «Christus totus» Ars celebrandi [38] Структура эўхарыстычнай цэлебрацыі [43] Actuosa participatio Глыбокі ўдзел у цэлебрацыі Адарацыя і эўхарыстычная пабожнасць
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ ЭЎХАРЫСТЫЯ, ТАЯМНІЦА ЖЫЦЦЯ Эўхарыстычная форма хрысціянскага жыцця Эўхарыстыя, таямніца абвяшчэння Эўхарыстыя, таямніца, ахвяраваная свету Заключэнне [94]
УВОДЗІНЫ
1. Сакрамэнт любові1, Найсвяцейшая Эўхарыстыя, з’яўляецца дарам, які Езус Хрыстус дае з сябе, адкрываючы нам бясконцую любоў Бога да кожнага чалавека. У гэтым надзвычайным сакрамэнце выяўляецца «найбóльшая» любоў, якая заахвочвае аддаць жыццё сваё за сяброў сваіх (пар. Ян 15, 13). Езус сапраўды «палюбіў іх да канца» (Ян 13, 1). Гэтымі словамі Евангеліст прадказвае Яго бясконцую пакору: перш чым памерці на крыжы за нас, Ён абвязаўся ручніком і мыў ногі сваім вучням. Такім жа чынам у сакрамэнце Эўхарыстыі Ён працягвае любіць нас «аж да канца», аж да дару свайго цела і сваёй крыві. Як жа павінны былі здзіўляцца Апосталы ў сваіх сэрцах чынам і словам Пана на працягу гэтай Вячэры! Якое здзіўленне павінна выклікаць таксама і ў нашых сэрцах таямніца Эўхарыстыі!
Спажытак праўды 2. У сакрамэнце алтара Пан выходзіць насустрач чалавеку, створанаму паводле вобраза і падабенства Бога (пар. Быц 1, 27), і спадарожнічае нам на шляху. У гэтым сакрамэнце Пан дае сябе як спажытак чалавеку, які прагне праўды і свабоды. Толькі праўда можа зрабіць нас сапраўды свабоднымі (пар. Ян 8, 36). Таму Хрыстус становіцца для нас спажыткам праўды. З дакладным веданнем чалавечай прыроды св. Аўгустын паказаў, як спантанна, а не з прымусу, дзейнічае чалавек, калі сутыкаецца з тым, што яго прыцягвае і абуджае ў ім жаданне. Пытаючыся тады ў сябе, што можа так узбуджаць у глыбіні душы, святы біскуп усклікае: «Чаго можа прагнуць душа найбольш палымяна, калі не праўды?»2. Кожны чалавек носіць у сабе нястрыманую прагу праўды, канчатковай і дэфінітыўнай. Таму Пан Езус, «дарога, праўда і жыццё» (Ян 14, 6), звяртаецца да ўздыхаючага сэрца чалавека,які адчувае сябе сасмаглым пілігрымам; да сэрца, якое шукае крыніцу жыцця; да сэрца, якое жабруе праўду. Езус Хрыстус ёсць Праўдай, якая сталася Чалавекам, што прыцягвае да сябе свет. «Езус – гэта палярная зорка чалавечай свабоды: без Яго яна губляе арыенцір, таму што без ведання праўды свабода скажаецца, ізаліруецца і ператвараецца ў марную волю. Свабода ёсць разам з Ім»3. У сакрамэнце Эўхарыстыі Езус асабліва паказвае нам праўду аб любові, якой з’яўляецца сама Божая сутнасць. Гэта тая евангельская праўда, якая датычыць кожнага чалавека і ўсяго чалавецтва. Таму Касцёл, які знаходзіць у Эўхарыстыісвой жыццёвы асяродак, абавязваецца стала абвяшчаць усім, у час і неў час (пар. 2 Цім 4, 2), што Бог ёсць любоў4. Менавіта таму, што Хрыстус стаўся для нас спажыткам праўды, Касцёл звяртаецца да чалавека і запрашае яго дабравольна прыняць Божы дар.
Развіццё эўхарыстычнага абраду 3. Гледзячы на двухтысячагадовую гісторыю Божага Касцёла, якой кіруе мудрае дзеянне Духа Святога, мы захапляемся, поўныя ўдзячнасці, яго развіццём, упарадкаванасцю ў часе, абрадавымі формамі, у якіх успамінаем падзеі нашага збаўлення. Са шматлікіх форм першых стагоддзяў, якія ўсё яшчэ яснеюць у абрадах старажытных Касцёлаў Усходу, аж да распаўсюджвання рымскага абраду; ад выразных указанняў Трыдэнцкага Сабору і Імшала св. Пія V аж да літургічнай адновы, якой жадаў Другі Ватыканскі Сабор: на кожным этапе гісторыі Касцёла эўхарыстычная цэлебрацыя, як крыніца і вяршыня яго жыцця і місіі, ззяе ў літургічным абрадзе ва ўсёй разнастайнасці свайго багацця. XI Звычайны Агульны Сход Сіноду Біскупаў, які адбыўся з 2 па 23 кастрычніка 2005г. у Ватыкане, выказаў за гэтую гісторыю глыбокую падзяку Богу, прызнаючы ў ёй дзейснае кіраўніцтва Духа Святога. Асаблівым чынам Айцы Сіноду ўстанавілі і яшчэ раз пацвердзілі дабратворны ўплыў на жыццё Касцёла літургічнай рэформы, распачатай Другім Сусветным Ватыканскім Саборам5. Сінод Біскупаў меў магчымасць ацаніць яе прыняцце ў паслясаборны перыяд. Было шмат выразаў прызнання. Сцвярджалася, што цяжкасці і некаторыя заўважаныя празмернасці не могуць засланіць дыхтоўнасць і дзейснасць літургічнага аднаўлення, якое ўтрымлівае яшчэ не цалкам даследаваныя багацці. Канкрэтна гаворка ідзе аб зразуменні змен, жаданых Саборам у межах такой еднасці, якая характарызуе гістарычнае развіццё самога абраду, не ўводзячы штучных парушэнняў6.
Сінод Біскупаў і Год Эўхарыстыі 4. Акрамя таго, неабходна падкрэсліць сувязь нядаўняга Сіноду Біскупаў на тэму Эўхарыстыі з падзеямі апошніх гадоў у жыцці Касцёла. Перш за ўсё мы павінны ўзгадаць Вялікі Юбілей 2000-га года, з дапамогай якога мой умілаваны Папярэднік, Слуга Божы Ян Павел ІІ, увёў Касцёл у трэцяе тысячагоддзе хрысціянства. Юбілейны Год несумненна меў моцны эўхарыстычны акцэнт. Таму нельга забываць, што Сіноду Біскупаў папярэднічаў, і ў пэўным сэнсе падрыхтаваў Год Эўхарыстыі, якога з вялікай надзеяй жадаў Ян Павел ІІ для ўсяго Касцёла. Гэты год распачаўся Міжнародным Эўхарыстычным Кангрэсам у Гуадалаяры ў кастрычніку 2004г. і закончыўся 23 кастрычніка 2005г., падчас ХІ Сінадальнага Сходу кананізацыяй пяці благаслаўлёных, якія вызначаліся асаблівай эўхарыстычнай пабожнасцю: біскупа Юзафа Більчэўскага, святара Гаэтана Катаноза, Зыгмунда Гараздоўскага і Альберта Хуртада Кручага, а таксама капуцына Фелічэ Нікозскага. Дзякуючы навучанню Яна Паўла ІІ, змешчанаму ў апостальскім лісце «Mane nobiscum Domine»7, і каштоўным прапановам Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў8 з’явіліся шматлікія ініцыятывы дыяцэзій і касцёльных інстытутаў дзеля абуджэння і павелічэння сярод вернікаў эўхарыстычнай веры і дзеля большай стараннасці ў цэлебрацыі і развіцці эўхарыстычнай адарацыі, а таксама для дзейснай салідарнасці, якая, выходзячы з Эўхарыстыі, дасягнула б патрабуючых. Урэшце, неабходна згадаць значэнне апошняй энцыклікі «Ecclesia de Eucharistia»9 майго шаноўнага Папярэдніка, у якой ён пакінуў нам дакладную спасылку на вучэнне пра Эўхарыстыю і апошняе сведчанне аб цэнтральным месцы, якое гэты боскі сакрамэнт займаў у яго жыцці.
Мэта дадзенай адгартацыі 5. Гэтая паслясінадальная апостальская адгартацыя мае на мэце аднавіць разнастайныя багацці разважанняў і прапаноў нядаўняга Звычайнага Агульнага Сходу Сіноду Біскупаў – пачынаючы ад «Lineamenta» аж да «Propositiones», праз «Instrumentum laboris», «Relationes ante et post disceptationem», выказванняў Айцоў Сіноду, auditoresі дэлегатаў братніх Касцёлаў, – каб растлумачыць некаторыя асноўныя напрамкі дзейнасці дзеля абуджэння ў Касцёле новага імпульсу і эўхарыстычнага запалу. Усведамляючы вялікую дактрынальную і дысцыплінарную спадчыну, што стваралася на працягу стагоддзяў вакол гэтага сакрамэнту10, у гэтым дакуменце асабліва прагну заахвоціць, улічваючы меркаванне Айцоў Сіноду11, каб хрысціяне паглыбілі разуменне сувязі, якая існуе паміж эўхарыстычнай таямніцай, літургічным дзеяннем і новым духоўным культам, што паходзіць з Эўхарыстыі – сакрамэнту любові. Таму прагну паказаць адносіны дадзенай адгартацыі з маёй першай энцыклікай «Deus caritas est», у якой шмат разоў казаў пра сакрамэнт Эўхарыстыі, падкрэсліваючы яе сувязь з хрысціянскай любоўю да Бога і да бліжняга: «Уцелаўлёны Бог прыцягвае нас усіх да сябе. Мы можам зразумець, што agape таксама азначае Эўхарыстыю: у ёй agape Бога прыходзіць да нас цялесна, каб надалей дзейнічаць у нас і праз нас»12.
ЧАСТКА ПЕРШАЯ ЭЎХАРЫСТЫЯ, ТАЯМНІЦА ВЕРЫ
«У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў» (Ян 6, 29)
Эўхарыстычная вера Касцёла 6. «Гэта вялікая таямніца веры!» Гэтымі словамі, сказанымі пасля слоў кансэкрацыі, святар абвяшчае здзейсненую таямніцу і выражае сваё захапленне субстанцыяльным перамяненнем хлеба і віна ў Цела і Кроў Пана Езуса, – рэчаіснасцю, якая пераўзыходзіць усялякае чалавечае разуменне. Эўхарыстыя з’яўляецца надзвычайнай «таямніцай веры», «сутнасцю і падсумаваннем нашай веры»13. Вера Касцёла – гэта па сутнасці эўхарыстычная вера. Яна асаблівым чынам жывіцца пры эўхарыстычным стале. Вера і сакрамэнты – гэта два аспекты эклезіяльнага жыцця. Узбуджаная абвяшчэннем Божага слова, вера корміцца і ўзрастае ў спатканні з ласкай уваскрослага Пана, якое адбываецца ў сакрамэнтах: «Вера выражаецца ў абрадзе, а абрад узмацняе і ўмацоўвае веру»14. Таму сакрамэнт алтара заўсёды застаецца ў цэнтры жыцця Касцёла; «дзякуючы Эўхарыстыі Касцёл заўсёды нараджаецца наноў!»15. Чым больш жывой з’яўляецца эўхарыстычная вера Божага народу, тым глыбей яна ўдзельнічае ў касцёльным жыцці праз свядомае далучэнне да місіі, якую Хрыстус даручыў сваім вучням. Сведчыць пра гэта сама гісторыя Касцёла. Кожная вялікая рэформа звязана нейкім чынам з адкрыццём нанова веры ў эўхарыстычную прысутнасць Пана сярод яго народу.
Найсвяцейшая Тройца і Эўхарыстыя
Хлеб, які сышоў з неба 7. Першая рэчаіснасць эўхарыстычнай веры – гэта сама таямніца Бога, трынітарная любоў. У дыялогу Езуса з Нікадэмам знаходзім гэтаму тлумачэнне: «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго» (Ян 3, 16-17). Гэтыя словы паказваюць галоўную сутнасць дару Бога. Езус у Эўхарыстыі дае нам не «штосьці», але сябе самога. Ён ахвяруе сваё цела і пралівае сваю кроў. Такім чынам аддае ўсё сваё існаванне, выяўляючы першакрыніцу гэтай любові. Ён з’яўляецца вечным Сынам, дадзеным нам Айцом. Таксама ў Евангеллі мы чуем Езуса, які, насыціўшы мноства праз размнажэнне хлябоў і рыбы, кажа сваім суразмоўцам, што ішлі за Ім у сінагогу ў Кафарнауме: «Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба. Бо хлеб Божы ёсць той, які сыходзіць з неба і дае жыццё свету» (Ян 6, 32-33), і атаясамлівае сябе, сваё цела і сваю кроў з гэтым хлебам: «Я хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта цела Маё дзеля жыцця свету» (Ян 6, 51). Такім чынам Езус выяўляе сябе, як хлеб жыцця, дадзены чалавецтву спрадвечным Айцом.
Бескарыслівы дар Найсвяцейшай Тройцы 8. У Эўхарыстыі выяўляецца план любові, які кіруе ўсёй гісторыяй збаўлення (пар. Эф 1, 10; 3, 8-11). У ёй Deus Trinitas, які ў самім сабе ёсць любоўю (пар. 1 Ян 4, 7-8), цалкам далучаецца да нашага чалавечага стану. У хлебе і віне, пад постацямі якіх Хрыстус дае нам сябе падчас пасхальнай вячэры (пар. Лк 22, 14-20; 1 Кар 11, 23-26), усё Божае жыццё дасягае нас і перадаецца нам у форме сакрамэнту. Бог ёсць дасканалай камуніяй любові паміж Айцом, Сынам і Святым Духам. Ужо пры стварэнні чалавек быў пакліканы ў пэўнай ступені да ўдзелу ў жыватворным подыху Бога (пар. Быц 2, 7). Але ў Хрысце, памерлым і ўваскрослым, і ў праліцці Духа Святога, дадзенага без меры (пар. Ян 3, 34), мы становімся ўдзельнікамі боскага сяброўства16. Таму Езус Хрыстус, які «праз вечнага Духа склаў сябе самога як беззаганную ахвяру Богу» (Гбр 9, 14), у эўхарыстычным дары перадае нам тое самае боскае жыццё. Гаворка ідзе пра абсалютна бескарыслівы дар, які выключна адпавядае абяцанням Бога, здзейсненым у поўнай меры. Касцёл прымае, цэлебруе і пакланяецца гэтаму дару ў вернай паслухмянасці. «Таямніца веры» – гэта таямніца трынітарнай любові, да ўдзелу ў якой, дзякуючы ласцы, мы пакліканы. Таму і мы павінны ўсклікаць са св. Аўгустынам: «Калі бачыш любоў, бачыш Тройцу»17.
Эўхарыстыя: Езус – сапраўднае ахвярнае Ягнё
Новы і вечны запавет у крыві Ягняці 9. Місія, дзеля якой Езус прыйшоў да нас, цалкам здзяйсняецца ў Пасхальнай таямніцы. З вышыні крыжа, адкуль прыцягвае ўсіх да сябе (пар. Ян 12, 32), перш чым «аддаць Духа», Ён кажа: «Збылося!» (Ян 19, 30). У таямніцы сваёй паслухмянасці аж да смерці, смерці крыжовай (пар. Флп 2, 8), рэалізуецца новы і вечны запавет. Свабода Бога і свабода чалавека канчаткова сустракаюцца ў Яго ўкрыжаваным целе, у непарыўным, назаўсёды дзейсным пагадненні. Грэх чалавека таксама быў адкуплены раз і назаўсёды Божым Сынам (пар. Гбр 7, 27; 1 Ян 2,2; 4, 10). Як меў ужо магчымасць сцвярджаць, «у Яго смерці на крыжы адбываецца той паварот Бога супраць самога сябе, у якім Ён аддаецца, каб падняць чалавека і выбавіць яго, – гэта любоў, выражаная ў найбольш радыкальнай форме»18. У Пасхальнай таямніцы адбываецца нашае сапраўднае вызваленне са зла і смерці. Пры ўстанаўленні Эўхарыстыі Езус сам казаў аб «новым і вечным запавеце», заключаным у Яго пралітай крыві (пар. Мц 26, 28; Мк 14, 24; Лк 22, 20). Гэтая канчатковая мэта Ягонай місіі была відавочна ўжо на пачатку Яго зямнога жыцця. Калі на берагах Ярдана Ян Хрысціцель убачыў Езуса, які ішоў да яго, ён усклікнуў: «Вось Ягнё Божае, вось той, хто бярэ на сябе грахі свету» (Ян 1, 29). Паказальным з’яўляецца паўтарэнне гэтага выразу кожны раз падчас цэлебрацыі св. Імшы, калі святар заклікае наблізіцца да алтара: «Вось Ягнё Божае, вось той, хто бярэ на сябе грахі свету. Благаслаўлёныя пакліканыя на вячэру Ягоную». Езус з’яўляецца сапраўдным пасхальным ягнём, які дабравольна ахвяраваў сябе за нас, рэалізуючы такім чынам новы і вечны запавет. Эўхарыстыя змяшчае ў сабе гэтую радыкальную навіну, якая наноў прапаноўваецца нам у кожнай цэлебрацыі19.
Устанаўленне Эўхарыстыі 10. Такім чынам мы даходзім да разважання над устанаўленнем Эўхарыстыі на Апошняй Вячэры. Гэта адбываецца ў кантэксце абрадавай вячэры, якая з’яўляецца ўспамінам падзеі, якая фарміруе ізраэльскі народ: вызваленне з егіпецкай няволі. Гэтая абрадавая вячэра, звязаная з прынясеннем ў ахвяру ягнят (пар. Зых 12, 1-28. 43-51), была ўспамінам мінулага, але ў той жа час і прароцкім успамінам, інакш кажучы, абвяшчэннем будучага вызвалення. Сапраўды, народ зведаў, што тое вызваленне не было канчатковым, таму што іх гісторыя яшчэ была празмерна пазначана няволяй і грахом. Успамін старадаўняга вызвалення адказвае такім чынам на пытанне і чаканне збаўлення больш глыбокага, радыкальнага, усеагульнага і канчатковага. У гэтым кантэксце Езус адкрывае навізну свайго дару. У малітве хвалы, Berakah, Ён дзякуе Айцу не толькі за вялікія падзеі мінулай гісторыі, але і за ўласнае «ўзвялічванне». Устанаўліваючы сакрамэнт Эўхарыстыі, Езус апярэджвае і ўключае ў яе ахвяру Крыжа і перамогу ўваскрасення. У той жа час Ён аб’яўляецца як сапраўднае ахвярнае ягнё, што было прадбачана ў плане Айца перад стварэннем свету, пра што чытаем у Першым пасланні св. Пятра (пар. 1, 18-20). Змяшчаючы ў гэтым кантэксце свой дар, Езус выяўляе збаўчы сэнс сваёй смерці і ўваскрасення, таямніцы, якая становіцца рэчаіснасцю гісторыі і ўсяго сусвету. Устанаўленне Эўхарыстыі сапраўды паказвае, як тая смерць, сама па сабе гвалтоўная і недарэчная, стала ў Езусе найвышэйшым дзеяннем любові і канчатковага вызвалення чалавецтва ад зла.
Figura transit in veritatem 11. Езус далучае сваё радыкальнае novum да старажытнай ахвярнай габрэйскай вячэры. Мы, хрысціяне, не павінны болей паўтараць той вячэры. Як справядліва кажуць Айцы, figura transit in veritatem: тое, што прадказвала будучую рэчаіснасць, цяпер пакінула месца самой праўдзе. Старажытны абрад здзейсніўся і быў канчаткова прасякнуты дарам любові ўцелаўлёнага Божага Сына. Спажытак праўды, Хрыстус, ахвяраваны за нас, dat figuris terminum20. Наказам: «Гэта чыніце на маю памяць» (Лк 22, 19; 1 Кар 11, 25). Ён просіць адказваць на Яго дар і прадстаўляць яго сакрамэнтальна. Таму гэтымі словамі Пан выражае, можна сказаць, чаканне, што Касцёл, народжаны з Ягонай ахвяры, прыме гэты дар, развіваючы пад кіраўніцтвам Духа Святога літургічную форму сакрамэнту. Успамін Яго дасканалага дару на самай справе заключаецца не ў простым паўтарэнні Апошняй Вячэры, але менавіта ў Эўхарыстыі, інакш кажучы, у радыкальнай навізне хрысціянскага культу. Такім чынам Езус пакінуў нам заданне ўвайсці ў Яго «гадзіну»: «Эўхарыстыя далучае нас да ахвярнага акту Езуса. Мы не толькі статычна атрымліваем уцелаўлёны Logos, але ўключаемся ў саму дынаміку яго ахвяры»21. Ён «далучае нас да сябе самога»22. Субстанцыянальнае перамяненне хлеба і віна ў Яго цела і Яго кроў уносіць у стварэнне прынцып радыкальнай змены, нешта накшталт «дзялення ядра», каб ужыць вядомы сёння вобраз, пранікаючы ў самую глыбіню быцця, змены, якая павінна выклікаць працэс ператварэння рэчаіснасці, апошняй мяжой якога будзе перамяненне ўсяго свету аж да стану, калі Бог будзе ўсім ва ўсіх (пар. 1 Кар 15, 28).
Дух Святы і Эўхарыстыя
Езус і Дух Святы 12. Сваім словам, а таксама хлебам і віном сам Пан даў нам істотныя элементы новага культу. Касцёл – Яго абранніца, пакліканы цэлебраваць эўхарыстычную гасціну дзень за днём на Яго памяць. Ён упісвае такім чынам збаўчую ахвяру свайго Абранніка ў гісторыю людзей і робіць яго сакрамэнтальна прысутным ва ўсіх культурах. Гэтая «вялікая таямніца» цэлебруецца ў літургічных формах, якія Касцёл, пад кіраўніцтвам Духа Святога, развівае ў часе і прасторы23. У сувязі з гэтым неабходна ўсвядоміць вырашальную ролю, якую выконвае Дух Святы ў развіцці літургічнай формы і паглыбленні Божых таямніц. Параклет, першы дар вернікам24, які дзейнічае ўжо ў стварэнні (пар Быц 1, 2), ёсць цалкам прысутны ва ўсім існаванні ўцелаўлёнага Слова: Езус Хрыстус быў зачаты з Дзевы Марыі праз дзеянне Духа Святога (пар. Мц 1, 18; Лк 1, 35); на пачатку сваёй зямной місіі на берагах Ярдана, бачыць Духа, які спускаецца на Яго ў выглядзе голуба (пар. Мц 3, 16 і парал.); у тым жа самым Духу дзейнічае, прамаўляе і радуецца (пар. Лк 10, 21); і гэта ў Ім Ён можа ахвяраваць сябе самога (пар. Гбр 9, 14). У гэтак званай «развітальнай прамове», перададзенай св. Янам, Езус усталёўвае выразную сувязь дару свайго жыцця ў Пасхальнай таямніцы з дарам Духа для сваіх вучняў. Будучы ўваскрослым і маючы на сваім целе знакі пакуты, Ён можа праліваць Духа (пар. Ян 20, 22), робячы іх удзельнікамі сваёй місіі (пар. Ян 20, 21). Пазней Дух будзе вучыць вучняў усяму і прыпамінаць ім усё, што казаў Езус (пар. Ян 14, 26), таму што Яму, як Духу Праўды (пар. Ян 15, 26), належыць уводзіць вучняў ва ўсю праўду (пар. Ян 16, 13). У апісанні паводле Дзеяў Апосталаў Дух сыходзіць на Апосталаў, сабраных на малітве з Марыяй ў дзень Пяцідзесятніцы (пар. 2, 1-4), і ажыўляе іх для місіі абвяшчэння ўсім народам Евангелля. Больш за тое, гэта дзякуючы моцы дзеяння Духа сам Хрыстус застаецца прысутным і дзейнічае ў сваім Касцёле, пачынаючы з яго жыццёвага цэнтра, якім ёсць Эўхарыстыя.
Дух Святы і эўхарыстычная цэлебрацыя 13. У гэтай перспектыве можна зразумець вырашальную ролю Духа Святога ў эўхарыстычнай цэлебрацыі і асабліва ў перамяненні. Гэтае разуменне добра адлюстравана ў Айцоў Касцёла. Св. Кірыл Ерузалемскі ў сваіх «Катэхезах» нагадвае, што мы «ўпрошваем міласэрнага Бога паслаць свайго Духа Святога на прынесеныя ахвяры, каб Ён перамяніў хлеб у Цела Хрыста і віно – у Кроў Хрыста. Тое, чаго датыкаецца Дух Святы, асвячаецца і цалкам перамяняецца»25. Св. Ян Хрызастом таксама зазначае, што святар заклікае Духа Святога, калі цэлебруе ахвяру26: ён кажа, што распарадчык, як Ілля, заклікае Духа Святога, каб ласка, «сыходзячая на ахвяру, распаліла душы ўсіх»27. Як ніколі для духоўнага жыцця вернікаў неабходна больш выразнае ўсведамленне багацця анафары: разам са словамі, вымаўленымі Хрыстом падчас Апошняй Вячэры, яна ўтрымлівае эўхарыстычную малітву, або заклік да Айца спаслаць дар Духа Святога, каб хлеб і віно сталі Целам і Крывёю Езуса Хрыста і каб «уся супольнасць станавілася ўсё больш целам Хрыста»28. Дух, якога заклікае цэлебрант над дарамі хлеба і віна, размешчанымі на алтары, з’яўляецца тым самым, які яднае вернікаў «у адным целе», ствараючы з іх духовую ахвяру, прыемную Айцу29.
Эўхарыстыя і Касцёл
Эўхарыстыя – першапрычына Касцёла 14. Праз сакрамэнт Эўхарыстыі Езус уводзіць вернікаў у сваю ўласную гадзіну; такім чынам Ён паказвае сувязь, якую прагнуў устанавіць паміж сабой і намі, паміж сваёй асобай і Касцёлам. Сам Хрыстус у ахвяры крыжа нарадзіў Касцёл як сваю абранніцу і сваё цела. Айцы Касцёла шмат разважалі над сувяззю паміж паходжаннем Евы з боку спячага Адама (пар. Ян 2, 21-23) і новай Евай, Касцёлам, які нарадзіўся з адкрытага боку Хрыста, ахопленага сном смерці: з прабітага боку, кажа св. Ян, выцякла кроў і вада (пар. Ян 19, 34) – сімвал сакрамэнтаў30. Кантэмпляцыйны позірк «на таго, каго прабілі» (Ян 19, 37), вядзе нас да разважання над прычыннай сувяззю паміж ахвярай Хрыста, Эўхарыстыяй і Касцёлам. Касцёл, насамрэч, «жыве дзякуючы Эўхарыстыі»31. Паколькі ў ёй становіцца прысутнай збаўчая ахвяра Хрыста, неабходна першза ўсё распазнаць, што «існуе прычынная сувязь паміж Эўхарыстыяй і самім пачаткам Касцёла»32. Эўхарыстыя – гэта Хрыстус, які дае сябе нам, няспынна будуючы нас, як сваё цела. Таму ў пераканаўчай цыклічнасці паміж Эўхарыстыяй, якая будуе Касцёл, і самым Касцёлам, які здзяйсняе Эўхарыстыю33, першапрычынай з’яўляецца тое, што выражана ў першай формуле: Касцёл можа цэлебраваць і пакланяцца таямніцы Хрыста, прысутнага ў Эўхарыстыі менавіта таму, што сам Хрыстус першы даў сябе ёй у ахвяры Крыжа. Для Касцёла магчымасць «здзяйсняць» Эўхарыстыю цалкам укаранёна ў дары, якім з’яўляецца сам Хрыстус. Таксама і тут адкрываем пераканаўчы аспект выказвання св. Яна: «Ён першы палюбіў нас» (1 Ян 4, 19). Такім чынам мы таксама прызнаём першынство дару Хрыста ў кожнай цэлебрацыі. Прычынны ўплыў Эўхарыстыі на вытокі Касцёла канчаткова адкрывае папярэджанне не толькі храналагічнае, але таксама анталагічнае, што Ён палюбіў нас «першым». Праз усю вечнасць Ён з’яўляецца тым, хто першым палюбіў нас.
Эўхарыстыя і эклезіяльная камунія 15. Эўхарыстыя складае быццё і дзейнасць Касцёла. Таму хрысціянская старажытнасць словамі Corpus Christi акрэслівала таксама Цела, народжанае з Дзевы Марыі, Цела эўхарыстычнае і эклезіяльнае цела Хрыста34. Гэты факт, прысутны ў традыцыі, дапамагае нам больш глыбока ўсвядоміць непадзельнасць Хрыста і Касцёла. Пан Езус, аддаючы сябе самога ў ахвяру за нас, дзейсна прадказаў у сваім дары таямніцу Касцёла. Важна тое, што ІІ эўхарыстычная малітва, заклікаючы Параклета, фарміруе такім чынам малітву аб еднасці Касцёла: «Каб усіх нас, прымаючых Цела і Кроў Хрыста, Дух Святы сабраў у адно». Гэты ўрывак дапамагае зразумець, як рэчаіснасць сакрамэнту Эўхарыстыі стварае адзінства вернікаў у эклезіяльнай камуніі. Эўхарыстыя выяўляецца такім чынам ў пачатках Касцёла як таямніца камуніі35. На сувязь Эўхарыстыі і communio ўжо звяртаў увагу слуга Божы Ян Павел ІІ у сваёй энцыкліцы «Ecclesia de Eucharistia». Ён казаў аб успаміне Хрыста, як аб «найвышэйшым сакрамэнтальным праяўленні камуніі ў Касцёле»36. Адзінства эклезіяльнай камуніі канкрэтна праяўляецца ў хрысціянскіх супольнасцях і аднаўляецца ў эўхарыстычным акце, які іх яднае і распазнае ў мясцовых Касцёлах, «in quibus et ex quibus una et unica Ecclesia catholica exsistit»37. Менавіта рэчаіснасць адзінай Эўхарыстыі, якая цэлебруецца ў кожнай дыяцэзіі разам са сваім біскупам, дае нам зразумець, як самі мясцовыя Касцёлы існуюць in i ex Ecclesia. Сапраўды, «еднасць і непадзельнасць эўхарыстычнага Цела Пана падтрымлівае еднасць Яго Містычнага цела, якім ёсць адзіны і непадзельны Касцёл. З эўхарыстычнага цэнтра нараджаецца неабходная адкрытасць кожнай цэлебруючай супольнасці, кожнага мясцовага Касцёла: прыцягнуты распасцёртымі рукамі Пана, ён уваходзіць у Яго адзінае і непадзельнае цела»38. З гэтай прычыны ў цэлебрацыі Эўхарыстыі кожны вернік знаходзіцца ў сваім Касцёле, г.зн. у Касцёле Хрыста. У гэтай эўхарыстычнай перспектыве, адпаведна зразуметай, эклезіяльная камунія выяўляецца як рэчаіснасць, каталіцкая па сваёй прыродзе39. Падкрэсліванне гэтых эўхарыстычных коранёў можа плённа садзейнічаць таксама і экуменічнаму дыялогу з Касцёламі і Касцёльнымі супольнасцямі, якія не знаходзяцца ў поўнай еднасці са Сталіцай Пятра. Эўхарыстыя ўсталёўвае моцную сувязь еднасці паміж каталіцкім Касцёлам і праваслаўнымі Касцёламі, якія захавалі сапраўдную і цэласную сутнасць таямніцы Эўхарыстыі. У той жа час, значнасць, нададзеная эклезіяльнаму характару Эўхарыстыі, можа стаць прывілеяваным элементам таксама ў дыялогу з супольнасцямі, якія ўзніклі ў выніку Рэфармацыі40.
Эўхарыстыя і сакрамэнты
Сакрамэнтальнасць Касцёла 16. Другі Ватыканскі Сабор нагадаў, што «ўсе сакрамэнты, як і ўсе касцёльныя служэнні і справы апостальства, цесна з’яднаны са святой Эўхарыстыяй і скіраваны да яе. У найсвяцейшай Эўхарыстыі змяшчаецца ўсё духоўнае багацце Касцёла, г.зн. – сам Хрыстус, наша Пасха і Хлеб жывы, які праз сваё ажыўленае Духам Святым і жыватворнае цела дае жыццё людзям і такім чынам запрашае і заахвочвае іх ахвяроўваць разам з Ім самых сябе, уласную працу і ўсе створаныя рэчы»41. Гэтая ўнутраная сувязь Эўхарыстыі з усімі іншымі сакрамэнтамі і хрысціянскім жыццём найглыбей разумеецца праз сузіранне таямніцы самога Касцёла як сакрамэнту42. У сувязі з гэтым Другі Ватыканскі Сабор сцвердзіў, што «Касцёл у Хрысце з’яўляецца ў пэўным сэнсе сакрамэнтам, г.зн. знакам і прыладай яго ўнутранага з’яднання з Богам і адзінства ўсяго чалавечага роду»43. Касцёл, як кажа св. Кіпрыян, у якасці «народу, з’яднанага еднасцю Айца, Сына і Духа Святога»44, з’яўляецца сакрамэнтам трынітарнай еднасці. Той факт, што Касцёл – гэта «паўсюдны сакрамэнт збаўлення»45, указвае, як сакрамэнтальная «эканомія» канчаткова вызначае тое, якім чынам Хрыстус, адзіны Збаўца, праз Духа дасягае нашага існавання ў спецыфічнасці яго умоў. Касцёл прымае сябе і разам з тым выражаецца ў сямі сакрамэнтах, праз якія ласка Божая канкрэтна ўздзейнічае на быццё вернікаў, каб усё жыццё, адкупленае Хрыстом, стала пакланеннем, прыемным Богу. У гэтай перспектыве хацеў бы падкрэсліць некаторыя элементы, на якія звярнулі сваю ўвагу Айцы Сіноду і якія могуць дапамагчы зразумець сувязь усіх сакрамэнтаў з таямніцай Эўхарыстыі.
I. Эўхарыстыя і хрысціянскае ўтаямнічанне
Эўхарыстыя – паўната хрысціянскага ўтаямнічання 17. Калі Эўхарыстыя сапраўды з’яўляецца крыніцай і вяршыняй хрысціянскага жыцця і місіі Касцёла, то з гэтага перш за ўсё вынікае, што пунктам аднясення на шляху хрысціянскага ўтаямнічання ёсць магчымасць прыступаць да гэтага сакрамэнту. У сувязі з гэтым, як сцвердзілі Айцы Сіноду, мы павінны запытаць сябе, ці ў нашых хрысціянскіх супольнасцях дастаткова зразумета сувязь паміж хростам, канфірмацыяй і Эўхарыстыяй46. Мы ніколі не павінны забываць, што праз хрост і канфірмацыю мы скіраваны да Эўхарыстыі. З гэтага факту вынікае абавязак, каб у пастырскай дзейнасці садзейнічаць больш інтэгральнаму разуменню працэса хрысціянскага ўтаямнічання. Сакрамэнт хросту, праз які мы прыпадабняемся да Хрыста47, далучаемся да Касцёла і становімся дзецьмі Божымі, з’яўляецца ўваходнай брамай да ўсіх сакрамэнтаў. Праз хрост мы далучаемся да адзінага цела Хрыста (пар. 1 Кар 12, 13), святарскага народу. Аднак, толькі ўдзел у эўхарыстычнай Ахвяры ўдасканальвае ў нас тое, што нам было дадзена ў хросце. Таксама дары Духа дадзены нам для будавання цела Хрыста (1 Кар 12) і для большага евангельскага сведчання ў свеце48. Таму найсвяцейшая Эўхарыстыя вядзе да паўнаты хрысціянскага ўтаямнічання і з’яўляецца цэнтрам і мэтай усяго сакрамэнтальнага жыцця49.
Парадак сакрамэнтаў утаямнічання 18. У сувязі з гэтым неабходна звярнуць увагу на парадак сакрамэнтаў утаямнічання. У Касцёле існуюць розныя традыцыі. Гэтая разнастайнасць выразна бачна ў касцёльных традыцыях Усходу50 і ў заходняй практыцы адносна ўтаямнічання дарослых51 у параўнанні з утаямнічаннем дзяцей52. Тым не менш гэтыя адрозненні не дагматычныя, а маюць пастырскі характар. Канкрэтна разглядаючы гэтае пытанне, неабходна вызначаць, якая практыка сапраўды можа лепш дапамагчы вернікам змясціць у цэнтры сакрамэнт Эўхарыстыі, як рэчаіснасць, да якой імкнецца ўсё ўтаямнічанне. У цесным супрацоўніцтве з кампетэнтнымі ведамствамі Рымскай Курыі Канферэнцыі Біскупаў павінны распазнаць плённасць актуальнай арганізацыі ўтаямнічання, каб выхаваўчая дзейнасць нашых супольнасцяў дапамагла хрысціяніну ва ўсё большым сталенні, каб ён дайшоў да прыняцця ў сваім жыцці аўтэнтычнага эўхарыстычнага фундаменту, каб адпаведна нашаму часу змог надаць сэнс уласнай надзеі (пар. 1 П 3,15).
Утаямнічанне, эклезіяльная і сямейная супольнасць 19. Неабходна заўсёды памятаць, што ўсё хрысціянскае ўтаямнічанне – гэта шлях навяртання, якое ажыццяўляецца з дапамогай Бога і з пастаянным аднясеннем да эклезіяльнай супольнасці, ці ў выпадку дарослага, які просіць аб прыняцці ў Касцёл, – гэта адбываецца на тэрыторыях першай евангелізацыі або на секулярызаваных тэрыторыях, – ці тады, калі бацькі просяць аб сакрамэнтах для сваіх дзяцей. У сувязі з гэтым прагну звярнуць увагу перш за ўсё на адносіны паміж хрысціянскім утаямнічаннем і сям’ёй. У пастырскай працы на шляху ўтаямнічання трэба заўсёды прыцягваць сям’ю. Прыняцце хросту, канфірмацыі і першае прыступанне да Эўхарыстыі з’яўляюцца вырашальнымі момантамі не толькі для асобы, якая іх прымае, але таксама для ўсёй сям’і, якую павінны падтрымліваць у сваім выхаваўчым заданні эклезіяльныя супольнасці53. Тут хацеў бы падкрэсліць значэнне першай св. Камуніі. Для многіх вернікаў гэты дзень застаецца ў памяці як першая сустрэча, у якой, хоць яшчэ на пачатковым узроўні, спазнана важнасць асабістага спаткання з Езусам. Парафіяльнае пастырства павінна адпаведна ацэньваць гэтую вельмі значную падзею.
ІІ. Эўхарыстыя і cакрамэнт паяднання
Іх унутраная сувязь 20. Слушна сцвердзілі Айцы Сіноду, што любоў да Эўхарыстыі вядзе да ўсё большага шанавання таксама сакрамэнту паяднання54. З увагі на сувязь паміж гэтымі сакрамэнтамі аўтэнтычная катэхеза наконт значэння Эўхарыстыі не можа быць аддзелена ад прапановы шляху пакаяння (пар. 1 Кар 11, 27-29). У наш час вернікі акружаны культурай, якая імкнецца сцерці пачуццё граху55, садзейнічаючы павярхоўнаму стаўленню, якое вядзе да забыцця неабходнасці быць ў стане ласкі Божай, каб годна прыступіць да сакрамэнтальнай Камуніі56. На самой справе страта свядомасці граху заўсёды з’яўляецца вынікам пэўнай павярхоўнасці ў разуменні самой любові Бога. Вялікую карысць прыносіць вернікам заклік да тых элементаў, якія падчас абраду св. Імшы выражаюць разуменне асабістай грэшнасці і адначасова міласэрнасць Бога57. Больш за тое, сувязь паміж Эўхарыстыяй і паяднаннем нагадвае, што грэх ніколі не з’яўляецца рэчаіснасцю выключна індывідуальнай; ён заўсёды раніць таксама ўсю эклезіяльную супольнасць, да якой мы далучаны праз хрост. Таму паяднанне, як казалі Айцы Касцёла, – гэта laboriosus quidam baptismus58, падкрэсліваючы такім чынам, што вынікам шляху навяртання ёсць таксама аднаўленне поўнай эклезіяльнай еднасці, якая выяўляецца ў адноўленым прыняцці Эўхарыстыі59.
Некаторыя пастырскія заўвагі 21. Сінод нагадаў, што пастырскім заданнем біскупа ва ўласных дыяцэзіях з’яўляецца рашучае аднаўленне педагогікі навяртання, якое нараджаецца з Эўхарыстыі і спрыяе частай споведзі вернікаў. Усе святары павінны прысвячаць сябе з велікадушнасцю, стараннасцю і кампетэнтнасцю ажыццяўленню сакрамэнту паяднання60. У сувязі з гэтым неабходна звярнуць увагу на тое, каб канфесіяналы ў нашых касцёлах былі добра бачныя і каб падкрэслівалі важнасць гэтага сакрамэнту. Звяртаюся да пастыраў з просьбай старанна сачыць за цэлебрацыяй сакрамэнту паяднання, абмяжоўваючы практыку агульнага адпушчэння грахоў выключна да выпадкаў, прадугледжаных правам61, бо толькі індывідуальная споведзь з’яўляецца звычайнай формай гэтага сакрамэнту62. З увагі на неабходнасць нанова адкрыць сакрамэнтальнае прабачэнне ва ўсіх дыяцэзіях павінен быць спаведнік63. Нарэшце, для новага ўсведамлення сувязі паміж Эўхарыстыяй і паяднаннем, дзейснай дапамогай можа быць памяркоўная і паглыбленая практыка адпустаў, атрыманых для сябе ці за памерлых. Праз яго дасягаецца «прабачэнне перад Богам часовай кары за грахі, віна за якія ўжо прабачана»64. Карыстанне з адпустаў дапамагае зразумець, што, спадзеючыся толькі на свае сілы, мы не здолеем выправіць учыненае зло і што грахі кожнага прычыняюць шкоду ўсёй супольнасці; практыка адпусту, якая змяшчае ў сабе акрамя вучэння аб бясконцых заслугах Езуса і вучэння аб еднасці святых, кажа нам, «наколькі глыбока мы з’яднаныя між сабой ў Хрысце і наколькі звышпрыроднае жыццё кожнага можа прыносіць карысць іншым»65. Паколькі сама формула адпусту прадугледжвае сярод умоў яго атрымання споведзь і сакрамэнтальную Камунію, то гэтая практыка можа дзейсна падтрымліваць вернікаў на шляху навяртання і ў адкрыцці цэнтральнага месца Эўхарыстыі ў хрысціянскім жыцці.
ІІІ. Эўхарыстыя і намашчэнне хворых 22. Езус не толькі паслаў сваіх вучняў аздараўляць хворых (пар. Мц 10, 8; Лк 9, 2; 10,9), але ўстанавіў таксама для іх асаблівы сакрамэнт: намашчэнне хворых66. Пасланне св. Якуба сведчыць пра прысутнасць гэтага сакрамэнтальнага чыну ўжо ў першай хрысціянскай супольнасці (пар. 5, 14-16). Калі Эўхарыстыя паказвае, як пакуты і смерць Хрыста перамяніліся ў любоў, то намашчэнне хворых у сваю чаргу далучае таго, хто церпіць, да ахвяры Хрыста, якую Ён учыніў для збаўлення ўсіх, каб хворы таксама мог у таямніцы еднасці святых удзельнічаць у збаўленні свету. Сувязь паміж гэтымі сакрамэнтамі выяўляецца таксама тады, калі стан хворага пагаршаецца. «Тым, хто збіраецца пакінуць гэтае жыццё, Касцёл прапануе акрамя намашчэння хворых Эўхарыстыю як Віятык»67. У пераходзе да Айца прыняцце ў св. Камуніі Цела і Крыві Хрыста становіцца задаткам вечнага жыцця і моцы ўваскрашэння: «Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень» (Ян 6, 54). Паколькі святы Віятык адкрывае хвораму паўнату Пасхальнай таямніцы, то неабходна гарантаваць гэтую паслугу68. Увага і пастырскі клопат пра хворых прыносіць безумоўную карысць усёй супольнасці, бо тое, што ўчынілі найменшаму, учынілі самому Езусу (пар. Мц 25, 40).
IV. Эўхарыстыя і сакрамэнт пасвячэння
In persona Christi capitis 23. Унутраная сувязь паміж Эўхарыстыяй і сакрамэнтам пасвячэння вынікае са слоў самога Езуса ў Вячэрніку: «Гэта чыніце на Маю памяць» (Лк 22, 19). Езус у вігілію сваёй смерці ўстанавіў Эўхарыстыю, а таксама святарства Новага Запавету. Ён з’яўляецца святаром, ахвярай і алтаром: пасрэднікам паміж Богам Айцом і народам (пар. Гбр 5, 5-10), ахвярай экспіяцыі (пар. 1 Ян 2, 2; 4, 10), які аддае самога сябе на алтары крыжа. Ніхто не можа сказаць «гэта цела маё» і «гэта келіх крыві маёй», калі не ў імя і ад асобы Хрыста, адзінага найвышэйшага святара новага і вечнага Запавету (пар. Гбр 8-9). Сінод Біскупаў ужо на папярэдніх сходах звяртаўся да тэмы сакрамэнтальнага святарства, ці то адносна сутнасці гэтага служэння69, ці то адносна фармацыі кандыдатаў70. З гэтай нагоды ў святле дыялогу, які адбыўся падчас апошняй сінадальнай сустрэчы, лічу неабходным узгадаць некаторыя важныя моманты адносна сувязі паміж сакрамэнтам Эўхарыстыі і пасвячэннем. Перш за ўсё неабходна пацвердзіць, што сувязь паміж пасвячэннем і Эўхарыстыяй з’яўляецца бачнай па-сапраўднаму ў св. Імшы, якую ўзначальвае біскуп ці прэзбітэр у асобе Хрыста-Галавы. Вучэнне Касцёла чыніць святарскае пасвячэнне неад’емнай умовай для дзейснай цэлебрацыі Эўхарыстыі71. «У касцёльным служэнні пасвячанага святара ёсць сам Хрыстус, які прысутны ў сваім Касцёле, як Галава свайго цела, Пастыр сваёй паствы, Найсвяцейшы Святар збаўчай ахвяры»72. Бясспрэчна, пасвячаны святар «дзейнічае таксама ад імя ўсяго Касцёла, калі прадстаўляе Богу малітву Касцёла і, асаблівым чынам, калі здзяйсняе эўхарыстычную Ахвяру»73. Таму неабходна, каб святары ўсвядомілі, што іх служэнне ніколі не павінна ставіць на першае месца іх саміх, ці іх погляды, але Езуса Хрыста. Супярэчыць святарскай тоеснасці кожная спроба паставіць саміх сябе галоўнымі дзеючымі асобамі літургічнага дзеяння. Святар, больш, чым хто-небудзь, ёсць слугой і павінен абавязацца няспынна быць знакам, які, як паслухмяная прылада ў руках Хрыста, адсылае да Яго. Гэта выяўляецца асаблівым чынам у пакоры, з якой святар кіруе літургічным дзеяннем, у паслухмянасці абраду, служачы яму сэрцам і розумам, пазбягаючы ўсяго, што стварае ўражанне недарэчнага вынясення сябе на першае месца. Таму заклікаю духавенства пастаянна паглыбляць разуменне ўласнага эўхарыстычнага служэння, як пакорнай паслугі Хрысту і ўсяму Касцёлу. Святарства, як казаў св. Аўгустын, з’яўляецца amoris officium74, абавязкам добрага пастыра, які ахвяруе жыццё за авечак (пар. Ян 10, 14-15).
Эўхарыстыя і святарскі цэлібат 24. Айцы Сіноду хацелі падкрэсліць, што службовае святарства патрабуе поўнага прыпадаблення Хрысту праз пасвячэнне. Шануючы розныя практыкі і ўсходнюю традыцыю, неабходна пацвердзіць глыбокі сэнс святарскага цэлібату, які справядліва лічыцца бясцэнным багаццем, што пацверджана таксама ва ўсходняй практыцы выбіраць біскупаў сярод тых, хто жыве ў цэлібаце і глыбока шануе выбар цэлібату, зроблены многімі прэзбітэрамі. У гэтым выбары святара асабліва выяўляецца адданасць, якая прыпадабняе яго да Хрыста, і выключны дар з сябе самога для Божага Валадарства75. Тое, што сам Хрыстус, вечны святар, выконваў сваю місію аж да ахвяры на крыжы ў стане нявіннасці, з’яўляецца падставай для зразумення сэнсу гэтай традыцыі лацінскага Касцёла. Таму недастаткова разумець святарскі цэлібат тэрмінамі выключна функцыянальнымі. У рэчаіснасці цэлібат з’яўляецца асаблівым прыпадабненнем да вобраза жыцця самога Хрыста. Такі выбар з’яўляецца перш за ўсё шлюбным; гэта атаясамленне з сэрцам Хрыста Абранніка, які аддае жыццё за сваю абранніцу. У адзінстве з вялікімі касцёльнымі традыцыямі, з Другім Ватыканскім Саборам76 і з Найвышэйшымі Пантыфікамі, маімі папярэднікамі77, яшчэ раз пацвярджаю прыгажосць і значнасць святарскага жыцця, пражытага ў цэлібаце, як выразны знак поўнай і выключнай адданасці Хрысту, Касцёлу і Божаму Валадарству. Таму пацвярджаю абавязковасць цэлібату для лацінскай традыцыі. Святарскі цэлібат, пражыты ў сталасці, радасці і адданасці, з’яўляецца найвялікшым благаслаўленнем для Касцёла і ўсяго грамадства.
Недахоп духавенства і пастырства пакліканняў 25. Адносна сувязі паміж сакрамэнтамі пасвячэння і Эўхарыстыяй Сінод затрымаўся над цяжкай сітуацыяй, якая склалася ў розных дыяцэзіях, у якіх не хапае святароў. Гэта адбываецца не толькі на тэрыторыях першай евангелізацыі, але таксама ў шматлікіх краінах з працяглай хрысціянскай традыцыяй. Безумоўна, карысным у вырашэнні праблемы ёсць больш раўнамернае размеркаванне духавенства. Таму неабходна салідная праца для абуджэння асабістай уражлівасці. Біскупам варта заахвочваць да ўдзелу ў пастырстве істытуты кансэкраванага жыцця і новыя эклезіяльныя супольнасці, ушаноўваючы іх уласныя харызмы. Варта таксама заахвочваць усіх духоўных да большай гатоўнасці дапамагаць у служэнні Касцёлу там, дзе гэта неабходна, нават коштам ахвяры78. Акрамя таго падчас Сіноду абмяркоўвалася пастырская стараннасць, якая павінна ажыццяўляцца дзеля садзейнічання, асабліва сярод моладзі, унутранай адкрытасці на пакліканне да святарства. Такія сітуацыі не могуць вырашацца толькі простымі прагматычнымі метадамі. Біскупам неабходна пазбягаць, пад уплывам зразумелай функцыянальнай заклапочанасці з прычыны недахопу духавенства, невыканання адпаведнага распазнання пакліканняў і дапушчэння да спецыяльнай фармацыі і пасвячэння кандыдатаў, якія не валодаюць неабходнымі для святарскага служэння якасцямі79. Прадстаўнік духавенства, недастаткова сфармаваны і дапушчаны да пасвячэння без належнага распазнання, з цяжкасцю зможа даваць сведчанне, здольнае абудзіць у іншых жаданне велікадушна адказаць на заклік Хрыста. Пастырства пакліканняў павінна заахвочваць да ўдзелу ў сваёй працы ўсю хрысціянскую супольнасць80. Зразумела, у гэтай адказнай пастырскай працы мае месца таксама заданне павялічваць адчувальнасць сем’яў, часта абыякавых, а нават варожа настаўленых да магчымасці святарскага паклікання. Ім варта з велікадушнасцю адкрыцца на дар жыцця і выхоўваць дзяцей, быць адкрытымі на волю Божую. Сцісла кажучы, неабходна перш за ўсё мець адвагу прапанаваць моладзі радыкальнасць наследавання Хрыста, паказваючы ім яго прывабнасць.
Удзячнасць і надзея 26. Нарэшце, неабходна мець бóльшую веру і надзею на Божую ініцыятыву. Нават, калі ў некаторых мясцовасцях назіраецца недахоп духавенства, не павінна змяншацца ўпэўненасць, што Хрыстус працягвае клікаць мужчын, якія, пакінуўшы ўсялякія іншыя справы, цалкам аддадуць сябе цэлебрацыі святых таямніц, абвяшчэнню Евангелля і пастырскаму служэнню. У сувязі з гэтым хачу выразіць удзячнасць усяго Касцёла за ўсіх біскупаў і прэзбітэраў, якія з вернай адданасцю і стараннасцю ажыццяўляюць сваю місію. Безумоўна, падзяка Касцёла скіравана таксама да дыяканаў, на якіх былі ўскладзены рукі «не для святарства, а для служэння»81. Згодна з рэкамендацыяй сінадальнага сходу выказваю асаблівую падзяку прэзбітэрам fidei donum, якія з кампетэнцыяй і велікадушнай адданасцю будуюць супольнасць, абвяшчаючы ёй Божае слова і ламаючы Хлеб жыцця, не шкадуючы сілаў у служэнні місіі Касцёла82. Неабходна дзякаваць Богу за шматлікіх святароў, якія цярпелі аж да ахвяры жыцця, каб служыць Хрысту. У іх, у іхніх чынах выяўляецца, што значыць быць святаром да самага канца. Гаворка ідзе аб хвалюючых сведчаннях, якія могуць натхняць шматлікую моладзь наследаваць Хрыста і аддаць сваё жыццё для іншых, знаходзячы праз гэта сапраўднае жыццё.
V. Эўхарыстыя і сужэнства
Эўхарыстыя – шлюбны сакрамэнт 27. Эўхарыстыя, сакрамэнт любові, паказвае асаблівую сувязь з любоўю паміж мужчынам і жанчынай, з’яднаных у сужэнстве. Паглыбленне гэтай сувязі – гэта неабходнасць нашага часу83. Папа Ян Павел ІІ шмат разоў меў магчымасць пацвердзіць шлюбны характар Эўхарыстыі і яе асаблівую сувязь з сакрамэнтам сужэнства: «Эўхарыстыя – гэта сакрамэнт нашага адкуплення. Гэта сакрамэнт Абранніка і абранніцы»84. Урэшце, «усё хрысціянскае жыццё адзначаецца абранніцкай любоўю Хрыста і Касцёла. Ужо хрост, які далучае да Божага народу, выяўляе шлюбную таямніцу. Гэта, так бы мовіць, шлюбная купель, якая папярэднічае вясельнай гасціне – Эўхарыстыі»85. Эўхарыстыя бясконца ўзмацняе непарыўнае адзінства і любоў кожнага хрысціянскага сужэнства. У ім моцай сакрамэнту сужэнскі вузел па сутнасці звязаны з эўхарыстычным адзінствам паміж Хрыстом- Абраннікам і Касцёлам-абранніцай (пар. Эф 5, 31-32). Узаемная згода, якой муж і жонка абменьваюцца ў Хрысце і якая стварае з іх адзінства жыцця і кахання, мае таксама эўхарыстычнае вымярэнне. У тэалогіі св. Паўла сужэнская любоў ёсць сакрамэнтальным знакам любові Хрыста да свайго Касцёла, любові, якая дасягае сваёй кульмінацыі на Крыжы, які з’яўляецца выразам Яго «шлюбу» з чалавецтвам і адначасова вытокам і цэнтрам Эўхарыстыі. Таму Касцёл выражае асаблівую духоўную блізкасць да ўсіх, хто заснаваў сваю сям’ю на сакрамэнце сужэнства86. Сям’я – хатні Касцёл87 – гэта галоўнае асяроддзе жыцця Касцёла, асабліва з увагі на яе важную ролю ў хрысціянскім выхаванні дзяцей88. У гэтым кантэксце Сінод заклікаў таксама распазнаваць асаблівую місію жанчыны ў сям’і і грамадстве, місію, якую неабходна абараняць, захоўваць і падтрымліваць89. Яе становішча як жонкі і маці ўяўляе неад’емную рэчаіснасць, якую ніколі нельга абмінаць і абясцэньваць.
Эўхарыстыя і адзінства сужэнства 28. Менавіта ў святле гэтых унутраных адносінаў паміж сужэнствам, сям’ёй і Эўхарыстыяй можна разглядаць некаторыя пастырскія праблемы. Адданая, непарыўная і выключная сувязь, якая яднае Хрыста і Касцёл і якая знаходзіць сакрамэнтальнае выяўленне ў Эўхарыстыі, сутыкаецца з першаснай антрапалагічнай звесткай, згодна з якой мужчына павінен быць канчаткова з’яднаны з адной толькі жанчынай і наадварот (пар. Ян 2, 24; Мц 19,5). У гэтай перспектыве Сінод Біскупаў разглядаў тэму пастырскай практыкі адносна тых, хто сустракаецца з абвяшчэннем Евангелля і хто паходзіць з культур, у якіх практыкуецца палігамія. Тым, хто трапляе ў такую сітуацыю і хоча прыняць хрысціянскую веру, трэба дапамагчы спалучыць сваю жыццёвую праграму з радыкальнай навізной у Хрысце. Падчас падрыхтоўкі да прыняцця хросту Хрыстус сустракае іх у іхніх спецыфічных умовах і заклікае да поўнай праўды пра любоў, да якой можна дайсці праз неабходныя адрачэнні, маючы на ўвазе дасканалую эклезіяльную еднасць. Касцёл ахоплівае іх пастырствам, поўным пяшчоты, а разам з тым і цвёрдасці90, паказваючы ім у першую чаргу святло, што выпраменьвае з таямніц хрысціянскай веры на натуру чалавека і на яго пачуцці.
Эўхарыстыя і непарыўнасць сужэнства 29. Калі Эўхарыстыя выражае незваротнасць любові Бога ў Хрысце да свайго Касцёла, тады зразумела навошта любоў утрымлівае, у адносінах да сакрамэнту сужэнства, тую непарыўнасць, якой прагне кожная сапраўдная любоў91. Таму вельмі справядлівай ёсць пастырская ўвага, якую Сінод прысвяціў балючым сітуацыям, у якіх аказваецца нямала вернікаў, якія пасля заключэння сакрамэнту сужэнства разводзяцца і заключаюць новае сужэнства. Гаворка ідзе пра складаную і далікатную пастырскую праблему, пра сапраўднае бедства сённяшніх грамадскіх адносінаў, якое закранае таксама ўсё больш і каталіцкае асяроддзе. Пастыры дзеля любові да праўды абавязаны добра распазнаваць розныя сітуацыі, каб адпаведным чынам дапамагчы духоўна такім асобам92. Сінод Біскупаў пацвердзіў практыку Касцёла, заснаваную на Святым Пісанні (пар. Мк 10, 2-12), не дапускаць да сакрамэнтаў разведзеных і тых, хто зноў заключыў сужэнства, таму што іх стан і ўмовы іхняга жыцця аб’ектыўна супярэчаць таму адзінству любові паміж Хрыстом і Касцёлам, якая адзначаецца і ажыццяўляецца ў Эўхарыстыі. Аднак, нягледзячы на іх сітуацыю, разведзеныя і тыя, хто заключыў новае сужэнства, надалей належаць да Касцёла, які з асаблівай увагай ім спадарожнічае ў іх жаданні, наколькі гэта магчыма, весці хрысціянскі стыль жыцця, прымаючы ўдзел у св. Імшы, хоць і не прымаючы св. Камуніі, у слуханні Божага слова, у эўхарыстычнай адарацыі, малітве, у жыцці супольнасці, ведучы даверлівы дыялог са святаром або духоўным настаўнікам, прысвячаючы сябе дзейснай любові, справам дабрачыннасці, абавязку выхавання дзяцей. Там, дзе паўстаюць слушныя сумненні адносна сапраўднасці заключанага сакрамэнтальнага сужэнства, павінна рабіцца ўсё, што неабходна для вызначэння іх верагоднасці. Неабходна гарантаваць, з поўным захаваннем кананічнага права93, прысутнасць на дадзенай тэрыторыі касцёльных трыбуналаў, іх пастырскі характар, правільную і хуткую дзейнасць94. Неабходна, каб у кожнай дыяцэзіі была дастатковая колькасць кваліфікаваных асобаў для спраўнага функцыянавання касцёльных трыбуналаў. Нагадваю, што «сур’ёзным абавязкам з’яўляецца імкненне ўсё больш наблізіць да вернікаў інстытуцыйную дзейнасць Касцёла ў трыбуналах»95. Аднак неабходна пазбягаць разумення пастырскага клопату, быццам бы ён супярэчыў праву. Трэба хутчэй зыходзіць з перадумовы, што асноўным пунктам сутыкнення права і пастырства з’яўляецца любоў дзеля праўды: яна ж ніколі не бывае абстрактнай, але «выяўляецца ў чалавечым і хрысціянскім шляху кожнага верніка»96. Нарэшце, калі несапраўднасць сужэнства непрызнаная і ёсць аб’ектыўныя акалічнасці, якія сапраўды робяць сумеснае жыццё незваротным, Касцёл падбадзёрвае гэтых вернікаў перажываць свой новы саюз, згодна з патрабаваннямі Божага закону, як сябры, як брат і сястра; так змогуць зноў наблізіцца да эўхарыстычнага стала, захоўваючы патрабаванні, прадугледжаныя праверанай пастырскай практыкай. Гэты шлях, паколькі з’яўляецца магчымым і прыносіць плён, павінен падтрымлівацца пастырамі і адпаведнымі касцёльнымі ініцыятывамі, пазбягаючы, у кожным выпадку, благаслаўлення гэтых адносінаў, каб сярод вернікаў не з’явілася замяшанне адносна каштоўнасці сужэнства97. Зважаючы на складанасць культурнага кантэксту, у якім жыве Касцёл у многіх краінах, Сінод заклікае да максімальнай пастырскай апекі ў падрыхтоўцы пар да сужэнства і ў папярэднім кантролі іх перакананняў адносна неад’емных абавязкаў, якія ўплываюць на сапраўднасць сакрамэнту сужэнства. У сувязі з гэтым распазнаванне можа дапамагчы пазбегнуць таго, каб эмацыянальныя пачуцці або легкадумныя меркаванні схілілі двух маладых людзей узяць на сябе адказнасць, якую пазней не змогуць выканаць98. Вельмі вялікім з’яўляецца дабро, якога Касцёл і ўсё грамадства чакаюць ад сужэнства і заснаванай на ім сям’і. Таму неабходна распачаць працу ў гэтай асаблівай пастырскай сферы. Сужэнства і сям’я – гэта інстытуты, якія трэба падтрымліваць і абараняць ад кожнай магчымай двузначнасці адносна іх праўды, таму што нанесеная ім шкода па сутнасці раніць чалавечае суіснаванне.
Эўхарыстыя і эсхаталогія
Эўхарыстыя: дар чалавеку на ягоным шляху 30. Калі праўда, што сакрамэнты з’яўляюцца рэчаіснасцю, якая належыць Касцёлу, што пілігрымуе ў часе99 да поўнага выяўлення перамогі ўваскрослага Хрыста, то праўда і тое, што асабліва ва эўхарыстычнай літургіі нам дадзена папярэдне смакаваць эсхаталагічнае спаўненне, да якога ідзе кожны чалавек і ўсё стварэнне (пар. Рым 8, 19 і нас.). Чалавек створаны для сапраўднага і вечнага шчасця, якое можа даць яму толькі любоў Бога. Але нашая зраненая свабода загубілася б, калі б не было магчымым ужо сёння спазнаць штосьці з будучага здзяйснення. Зрэшты, кожны чалавек, каб мог рухацца ў правільным кірунку, мае патрэбу быць скіраваным да канчатковай мэты. Гэтай канчатковай мэтай з’яўляецца сам Хрыстус Пан, пераможца граху і смерці, які асаблівым чынам становіцца прысутным для нас у эўхарыстычнай цэлебрацыі. Так, з’яўляючыся пакуль «чужаземцамі і пілігрымамі» (1 П 2, 11) у гэтым свеце, у веры мы ўжо ўдзельнічаем у паўнаце ўваскрослага жыцця. Эўхарыстычная гасціна, адкрываючы сваё сціслае эсхаталагічнае вымярэнне, прыходзіць на дапамогу нашай свабодзе.
Эсхаталагічная гасціна 31. Разважаючы над гэтай таямніцай, можам сказаць, што Езус сваім прыйсцем увайшоў у адносіны з чаканнямі ізраэльскага народу, усяго чалавецтва і, больш глыбока, усяго стварэння. Дарам з самога сябе Ён аб’ектыўна распачаў эсхаталагічны час. Хрыстус прыйшоў сабраць рассеяны Божы народ (пар. Ян 11, 52), выразна адкрываючы намер сабраць супольнасць запавету, каб здзейсніць абяцанні Бога, дадзеныя праайцам (пар. Ер 23,3; 31,10; Лк 1, 55.70). У пакліканні Дванаццаці, што належыць звязаць з дванаццацю плямёнамі Ізраэля, і ў наказе, даручаным ім падчас Апошняй Вячэры, перад сваёй збаўчай мукай, каб яны цэлебравалі яе ў Яго памяць, Езус паказаў, што хоча перадаць усёй супольнасці, якую Ён заснаваў, заданне быць у гісторыі знакам і прыладай эсхаталагічнай сустрэчы, распачатай у Ім. Таму ў кожнай эўхарыстычнай цэлебрацыі здзяйсняецца эсхаталагічная сустрэча Божага народу. Эўхарыстычная гасціна з’яўляецца для нас сапраўдным прадказаннем апошняй гасціны, прадказанай прарокамі (пар Іс 25, 6-9) і апісанай у Новым Запавеце як «вяселле Ягняці» (Ап 19, 7.9), якая цэлебруецца ў радаснай еднасці святых100.
Малітва за памерлых 32. Эўхарыстычная цэлебрацыя, у якой мы абвяшчаем смерць Пана, вызнаём Яго ўваскрасенне і чакаем Яго прыйсця, з’яўляецца задаткам будучай хвалы, у якой таксама і нашы целы будуць праслаўлены. Цэлебруючы ўспамін нашага збаўлення, узмацняецца ў нас надзея на ўваскрашэнне цела і на магчымасць сустрэцца наноў тварам у твар з тымі, хто адышоў перш за нас у знаку веры. У гэтым кантэксце разам з Айцамі Сіноду хацеў бы нагадаць усім вернікам значэнне малітвы за памерлых, асабліва цэлебрацыі за іх св. Імшы101, каб, ачышчаныя, яны маглі дасягнуць благаслаўлёнага бачання Бога. Адкрываючы эсхаталагічнае вымярэнне, заключанае ў Эўхарыстыі, цэлебраванай і адараванай, мы атрымліваем падтрымку на нашым шляху і суцяшэнне надзеяй хвалы (пар. Рым 5, 2; Ціт 2,13).
Эўхарыстыя і Дзева Марыя
33. З сувязі паміж Эўхарыстыяй і асобнымі сакрамэнтамі і з эсхаталагічнага значэння святых таямніц паўстае цэласны вобраз хрысціянскага існавання, пакліканага ў кожным моманце да духоўнага культу праз прыемную Богу ахвяру з самога сябе. Калі праўда, што ўсе мы знаходзімся на шляху да поўнага здзяйснення нашай надзеі, то гэта не пазбаўляе магчымасці ўжо цяпер з удзячнасцю бачыць, што тое, чым адарыў нас Бог, знаходзіць дасканалае здзяйсненне ў Дзеве Марыі, Маці Бога і нашай Маці: яе Унебаўзяцце з целам і душой з’яўляецца для нас знакам упэўненай надзеі, паколькі указвае нам, пілігрымам у часе, тую эсхаталагічную мэту, якую сакрамэнт Эўхарыстыі дае нам ужо зараз папярэдне смакаваць. У Найсвяцейшай Марыі бачым дасканалае здзяйсненне сакрамэнтальнага дзеяння, праз якое Бог дасягае і ўключае ў сваю збаўчую ініцыятыву чалавечае стварэнне. Ад Звеставання да Спаслання Духа Святога Марыя з Назарэта паказваецца як асоба, чыя свабода з’яўляецца цалкам адкрытай на волю Бога. Яе Беззаганнае Зачацце выяўляецца менавіта ў яе безумоўнай пакоры Божаму слову. Паслухмяная вера – гэта пастава, якую Яна прымае ў сваім жыцці ў кожнае імгненне адносна Божага дзеяння. Заслуханная Дзева жыве ў поўнай гармоніі з Божай воляй; захоўвае ў сваім сэрцы словы, якія паходзяць ад Бога і, састаўляючы іх разам як у мазаіцы, вучыцца больш глыбокаму іх разуменню (пар. Лк 2, 19. 51); Марыя мае вялікую веру. Яна з поўным даверам аддае сябе ў рукі Бога, давяраючыся Яго волі102. Гэтая таямніца ўзрастае аж да поўнага ўдзелу Марыі ў збаўчай місіі Езуса. Як пацвердзіў Другі Ватыканскі Сабор, «благаслаўлёная Дзева ішла наперад у пілігрымцы веры і верна захоўвала сваю еднасць з Сынам аж да крыжа, дзе Яна стаяла згодна з Божым намерам (пар Ян 19, 25), і найбольш глыбока супрацоўнічала са сваім Адзінародным і злучылася мацярынскім духам з Яго ахвярай, з любоўю згаджаючыся на ахвяраванне народжанай з Яе Жэртвы; і, нарэшце, праз таго ж Езуса Хрыста, паміраючага на крыжы, была дадзена ў якасці маці вучню: “Жанчына, вось сын твой” (пар. Ян 19, 26-27)»103. Ад Звеставання аж да Крыжа Марыя з’яўляецца той, якая прымае Слова, што сталася ў Ёй целам. Яна трывае з Ім ў еднасці аж да таго моманту, калі Яно замаўкае ў цішыні смерці. Урэшце, гэта яна прымае ў свае рукі прынесенае ў ахвяру цела, цяпер ужо нежывое, таго, хто сапраўды палюбіў сваіх «аж да канца» (Ян 13,1). Таму кожны раз, калі ў эўхарыстычнай літургіі мы набліжаемся да Цела і Крыві Хрыста, мы кіруемся таксама да той, якая, цалкам злучаючыся з ахвярай Хрыста, прыняла яе для ўсяго Касцёла. Справядліва Айцы Сіноду пацвердзілі, што «Марыя дае пачатак удзелу Касцёла ў ахвяры Адкупіцеля»104. Яна, Беззаганная, безумоўна прымае дар Бога і такім чынам далучаецца да справы збаўлення. Марыя з Назарэта, вобраз Касцёла, які нараджаецца, з’яўляецца прыкладам, як кожны з нас павінен прыняць дар, які Езус робіць з сябе самога ў Эўхарыстыі.
ЧАСТКА ДРУГАЯ
ЭЎХАРЫСТЫЯ, ЦЭЛЕБРАВАНАЯ ТАЯМНІЦА
«Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба,
Lex orandi і lex credendi 34. Сінод Біскупаў шмат разважаў над унутранымі адносінамі паміж эўхарыстычнай верай і цэлебрацыяй, ясна раскрываючы сувязь паміж lex orandi і lex credendi, і падкрэсліваючы першынство літургічнага дзеяння. Неабходна разумець Эўхарыстыю як таямніцу веры, якая аўтэнтычна цэлебруецца з яснай свядомасцю, што «intellectus fideiзаўсёды ёсць першапачатковым у адносінах да літургічнага дзеяння Касцёла»105. У гэтай сферы тэалагічнае разважанне не можа абмінуць сакрамэнтальны парадак, устаноўлены самім Хрыстом. З іншага боку літургічнае дзеянне не можа разглядацца агульна, не зважаючы на таямніцу веры. Крыніцай нашай веры і эўхарыстычнай літургіі сапраўды з’яўляецца адна і тая ж надзея: дар, які Хрыстус зрабіў з сябе самога ў Пасхальнай таямніцы.
Прыгажосць і літургія 35. Сувязь паміж таямніцай, у якую вераць, і таямніцай, якую цэлебруюць, выяўляецца асабліва ў тэалагічнай і літургічнай каштоўнасці прыгажосці. Літургія, як зрэшты і хрысціянскае Аб’яўленне, мае ўнутраную сувязь з прыгажосцю: ёсць veritatis splendor, бляскам праўды. У літургіі ззяе Пасхальная таямніца, праз якую сам Хрыстус прыцягвае нас да сябе і кліча нас да камуніі. У Езусе, як звычайна казаў св. Бонавэнтура, мы сузіраем прыгажосць і ззянне вытокаў106. Гэты атрыбут, на які спасылаемся, не з’яўляецца толькі эстэтызмам, але спосабам, якім праўда пра Божую любоў у Хрысце дасягае нас, прываблівае і захапляе, схіляючы нас адарвацца ад нас саміх і такім чынам прыцягваючы нас да нашага сапраўднага паклікання: любові107. Ужо ў створаным свеце Бог дае распазнаць сябе праз прыгажосць і гармонію сусвету (пар. Мдр 13,5; Рым 1, 19-20). Затым у Старым Запавеце мы сустракаем шматлікія знакі бляску магутнасці Бога, якая праяўляе сваю хвалу праз цуды, учыненыя сярод выбранага народу (пар. Зых 14; 16,10; 24, 12-18; Ліч 14, 20-23). У Новым Запавеце канчаткова здзяйсняецца гэтая эпіфанія прыгажосці ў аб’яўленні Бога ў Езусе Хрысце108. Ён з’яўляецца поўным адлюстраваннем Божай хвалы. Ва ўсхваленні Сына ззяе і перадаецца хвала Айца (пар. Ян 1,14; 8, 54; 12, 28; 17, 1). Тым не менш гэтая прыгажосць не з’яўляецца простай гармоніяй формы; «найпрыгажэйшы з сыноў чалавечых» (Пс 45 (44), 3) ёсць таксама таямнічым чынам тым, хто «не меў ... ні хараства, ні прыгажосці, каб мы паглядзелі на яго; і не меў выгляду, каб прывабіць нас» (Іс 53, 2). Езус Хрыстус паказвае як праўда любові можа перамяніць цёмную таямніцу смерці ў свет увасрасення. Тут ззянне хвалы Бога пераўзыходзіць усялякую ўнутраную прыгажосць сусвету. Сапраўднай прыгажосцю з’яўляецца любоў Бога, якая канчаткова аб’явілася нам ў Пасхальнай таямніцы. Прыгажосць літургіі – гэта частка гэтай таямніцы; яна з’яўляецца найвышэйшым выразам хвалы Бога і ў пэўным сэнсе з’яўляецца на зямлі водблескам Неба. Успамін збаўчай ахвяры мае ў сабе рысы той прыгажосці Езуса, аб якой Пётр, Якуб і Ян далі нам сведчанне, калі Настаўнік на шляху ў Ерузалем перамяніўся перад імі (пар. Мк 9, 2). Таму прыгажосць не з’яўляецца дэкаратыўным фактарам літургічнага дзеяння; хутчэй яна з’яўляецца складовым элементам, паколькі ёсць атрыбутам самога Бога і Яго Аб’яўлення. Усё гэта павінна нас зрабіць свядомымі, як трэба клапаціцца, каб літургічнае дзеянне ззяла згодна сваёй уласнай натуры.
Эўхарыстычная цэлебрацыя – справа «Christus totus»
Christus totus in capite et in corpore 36. Унутраная прыгажосць літургіі заключана ў Хрысце, уваскрослым і праслаўленым у Духу Святым, які ўводзіць Касцёл у сваё дзеянне109. У гэтай перспектыве варта ўзгадаць словы св. Аўгустына, які апісвае гэтую дынаміку веры, уласцівую Эўхарыстыі. Вялікі святы з Гіпоны менавіта ў адносінах да эўхарыстычнай таямніцы падкрэслівае, як сам Хрыстус прыпадабняе нас да сябе: «Гэты хлеб, што бачыце на алтары, асвячаны Божым словам і з’яўляецца Целам Хрыста. Келіх, ці дакладней тое, што ён утрымлівае, асвячанае Божым словам, – гэта Кроў Хрыста. У гэтых знаках Хрыстус Пан захацеў даць нам сваё Цела і сваю Кроў, якую праліў за нас дзеля адпушчэння грахоў. Калі вы прынялі іх добра, то вы самі з’яўляецеся тым, што прынялі»110. Таму «не толькі сталі мы хрысціянамі, але сталі самім Хрыстом»111. Адгэтуль можам сузіраць таямнічае дзеянне Бога, якое выклікае глыбокае адзінства паміж намі і Панам Езусам: «Не можа Хрыстус быць галавой і не прысутнічаць ў целе, але Ён увесь ёсць галавой і целам»112.
Эўхарыстыя і ўваскрослы Хрыстус 37. Паколькі эўхарыстычная літургія ёсць па сутнасці actio Dei, якая далучае нас да Езуса з дапамогай Духа, то яе аснова не з’яўляецца ў веданні нашай волі і не можа падлягаць уздзеянню часовай моды. Бясспрэчным з’яўляецца сцвярджэнне св. Паўла: «Ніхто не можа пакласці іншага падмурку, акрамя пакладзенага, якім ёсць Езус Хрыстус» (1 Кар 3, 11). І зноў Апостал народаў запэўнівае нас, што ў адносінах да Эўхарыстыі, ён не перадае нам сваё асабістае вучэнне, але тое, якое ў сваю чаргу атрымаў (пар. 1 Кар 11, 23). Цэлебрацыя Эўхарыстыі ўтрымлівае жывую Традыцыю. Касцёл цэлебруе эўхарыстычную Ахвяру ў паслухмянасці наказу Хрыста, пачынаючы ад сустрэчы з Уваскрослым і праліцця Духа Святога. З гэтай прычыны хрысціянская супольнасць з самага пачатку яднаецца для fractio panis у дзень Пана. Дзень, у які Хрыстус уваскрос з памерлых, нядзеля, з’яўляецца таксама першым днём тыдня, тым, у якім старадаўняя традыцыя бачыла пачатак стварэння. Дзень стварэння стаў сёння днём «новага стварэння», днём нашага вызвалення, у які мы ўспамінаем Хрыста памерлага і ўваскрослага113.
Ars celebrandi
38. У сінадальных працах шмат разоў падкрэслівалася неабходнасць пераадолення кожнага магчымага падзелу паміж ars celebrandi, або мастацтва правільнага цэлебравання, і поўным удзелам усіх вернікаў, актыўным і плённым. Першае, што спрыяе ўдзелу Божага народу ў святым абрадзе – гэта яго адпаведная цэлебрацыя. Аrs celebrandi з’яўляецца найлепшай умовай для actuosa participatio114. Аrs celebrandi выплывае з вернай паслухмянасці літургічным нормам у іх паўнаце, таму што менавіта гэты спосаб цэлебрацыі забяспечвае на працягу двух тысяч год жыццё веры ўсіх вернікаў, якія пакліканы да ўдзелу ў цэлебрацыі як Божы народ, каралеўскае святарства, народ святы(пар. 1 П 2, 4-5. 9)115.
Біскуп – найвышэйшы літург 39. Ёсць праўдай, што ўвесь Божы народ удзельнічае ва эўхарыстычнай літургіі, аднак, што датычыць правільнага ars celebrandi, неад’емнае заданне належыць тым, хто атрымаў сакрамэнт пасвячэння. Біскупы, святары і дыяканы, кожны паводле сваёй ступені, павінны лічыць цэлебрацыю сваім першасным абавязкам116. Перш за ўсё дыяцэзіяльны біскуп, «першы служыцель Божых таямніцаў у даручаным яму мясцовым Касцёле, накіроўвае, развівае і ахоўвае ўсё літургічнае жыццё»117. Гэта ўсё з’яўляецца важным для жыцця мясцовага Касцёла не толькі таму, што еднасць з біскупам ёсць умовай таго, каб кожная цэлебрацыя на дадзенай тэрыторыі была сапраўднай, але таксама таму, што ён сам з’яўляецца найдасканалейшым літургам дадзенага Касцёла118. Ён павінен сцерагчы гарманічнае адзінства цэлебрацыі ў сваёй дыяцэзіі. Таму біскуп абавязаны «клапаціцца пра тое, каб прэзбітэры, дыяканы і свецкія вернікі Хрыстовыя глыбей спасціглі сапраўдны сэнс абрадаў і літургічных тэкстаў і праз гэта заахвочваліся да чыннай і плённай цэлебрацыі Эўхарыстыі»119. Асабліва заклікаю чыніць усё, што неабходна для таго, каб літургічныя цэлебрацыі, якія здзяйсняе біскуп у катэдральным Касцёле, адбываліся ў поўнай згоднасці з ars celebrandi, каб маглі быць узорам для ўсіх касцёлаў, размешчаных на дадзенай тэрыторыі120.
Павага да літургічных кніг і багацце знакаў 40. Падкрэсліваючы значэнне ars celebrandi, раскрываецца значэнне літугргічных норм121. Аrs celebrandi павінна спрыяць развіццю пачуцця sacrum і выкарыстанню тых знешніх форм, якія развіваюць гэтае пачуццё як, напрыклад, гармонія абраду, літургічнае адзенне, прадметы культу і святое месца. Эўхарыстычная цэлебрацыя прыносіць карысць там, дзе святары і адказныя за літургічнае пастырства рупяцца аб тым, каб знаёміць з абавязковымі літургічнымі кнігамі і з адпаведнымі нормамі, звяртаючы ўвагу на вялікія багацці Агульных уводзінаў да Рымскага Імшала і Уводзінаў да імшальных чытанняў. Часам лічыцца, што ў касцёльных супольнасцях іх ведаюць і сапраўды захоўваюць, але часта здараецца, што гэта не так. Ёсць тэксты, у якіх утрымліваюцца багацці, якія захоўваюць і выражаюць веру і шлях Божага народу на працягу яго двухтысячнай гісторыі. Настолькі ж важным для правільнага ars celebrandi з’яўляецца ўвага да ўсіх форм мовы, што прадугледжаны літургіяй: слова і спеў, жэсты і маўчанне, рух цела, літургічныя колеры і прадметы. Літургія па сваёй сутнасці валодае разнастайнымі сродкамі камунікацыі, якія дазваляюць актывізаваць усю чалавечую істоту. Прастата жэстаў і ўмеркаванасць знакаў, устаноўленых у прадугледжаным парадку і падчас літургіі, перадаюць і актывізуюць вернікаў больш, чым штучныя недарэчныя дадаткі. Уважлівасць і паслухмянасць адносна адпаведнай структуры абраду сведчыць пра разуменне характару Эўхарыстыі як невыказнага дару і выяўляюць волю цэлебранта прыняць з пакорнай удзячнасцю гэты невыказны дар.
Мастацтва ў служэнні цэлебрацыі 41. Глыбокая сувязь паміж прыгажосцю і літургіяй патрабуе асаблівай увагі да ўсіх мастацкіх сродкаў, якія служаць цэлебрацыі122. Важным элементам сакральнага мастацтва з’яўляецца архітэктура касцёлаў123, якая павінна захоўваць адзінства паміж элементамі прэзбітэрыя: алтаром, крыжом, табернакулюмам, амбонай, крэсламі. У сувязі з гэтым неабходна памятаць, што мэта сакральнай архітэктуры – прадставіць Касцёлу, які цэлебруе таямніцы веры, асабліва Эўхарыстыю, найбольш прыдатнае месца для адпаведнага здзяйснення літургічнага дзеяння124. Характар хрысціянскай святыні падпарадкаваны самой літургіі, якая прадугледжвае сход вернікаў (ecclesia), якія з’яўляюцца жывымі камянямі святыні (пар. 1 П 2, 5). Гэты самы прынцып датычыць усяго сакральнага мастацтва ўвогуле, асабліва жывапісу і скульптуры. Рэлігійная іканаграфія павінна быць арыентавана на сакрамэнтальную містагогію. Паглыбленае веданне форм, якія сакральнае мастацтва выпрацавала на працягу стагоддзяў, можа вельмі дапамагчы тым, хто адказвае за заказ у архітэктараў і мастакоў мастацкіх твораў, звязаных з літургіяй. Таму неабходна, каб у фармацыю семінарыстаў і святароў была ўключана, у якасці важнай дысцыпліны, гісторыя мастацтва, асабліва што датычыць культавых пабудоў згодна з літургічнымі нормамі. Урэшце, неабходна, каб ва ўсім, што датычыць Эўхарыстыі, захоўвалася пачуццё прыгажосці. Трэба таксама захоўваць пашану і клапаціцца аб прадметах культу, упрыгожванне, сакральнае начынне, каб звязаныя гарганічным чынам і ўпарадкаваныя паміж сабой яны жывілі захапленне Божай таямніцай, выяўлялі адзінства веры і ўзмацнялі пабожнасць125.
Літургічны спеў 42. У ars celebrandi значнае месца займае літургічны спеў126. Справядліва сцвярджае св. Аўгустын у сваім вядомым казанні: «Новы чалавек ведае новы спеў. Спеў – з’яўляецца выразам радасці. Калі ўдумаемся глыбей, то сцвердзім, што гэта выраз любові»127. Божы народ, сабраны на цэлебрацыі, спявае хвалу Богу. Касцёл у сваёй двухтысячагадовай гісторыі стварыў і працягвае ствараць музыку і спеў, якія ўзбагачаюць спадчыну веры і любові, таму яны не павінны быць згублены. Не можам сказаць, што ў літургіі адзін спеў мае тое ж значэнне, што і іншы. У сувязі з гэтым неабходна пазбягаць агульнай імправізацыі ці ўвядзення музычных жанраў, якія прыніжаюць сэнс літургіі. Паколькі спеў з’яўляецца літургічным элементам, ён павінен далучацца да формы, уласцівай цэлебрацыі128. Таму ўсё – у тэксце, мелодыі, выкананні – павінна адпавядаць сэнсу цэлебраванай таямніцы, часткам абраду і літургічным перыядам129. Урэшце, ушаноўваючы розныя кірункі і розныя дастаткова пахвальныя традыцыі, прагну, як прасілі Айцы Сіноду, каб адпаведна дацэньваўся грыгарыянскі спеў130, як уласцівы спеў рымскай літургіі131.
Структура эўхарыстычнай цэлебрацыі
43. Пасля таго, як нагадаў галоўныя элементы ars celebrandi, якія выявіліся ў сінадальных працах, хацеў бы звярнуць асаблівую ўвагу на некаторыя часткі структуры эўхарыстычнай цэлебрацыі, якія ў наш час патрабуюць асаблівага клопату дзеля захавання іх вернасці глыбокім намерам літургічнай адновы, пажаданай Другім Ватыканскім Саборам, у непарыўнасці з усёй вялікай традыцыяй Касцёла.
Унутранае адзінства літургічных дзеянняў 44. Перш за ўсё неабходна паразважаць над унутраным адзінствам абраду св. Імшы. Неабходна пазбягаць, ці то ў катэхезах ці ў спосабе цэлебрацыі, стварэння ўражання супрацьпастаўлення дзвюх частак абраду. Літургія слова і эўхарыстычная літургія – па-за ўступным абрадам і абрадам заканчэння – «так цесна звязаны між сабою, што ўтвараюць адно культавае дзеянне»132. Існуе ўнутраная сувязь паміж Божым словам і Эўхарыстыяй. Праз слуханне Божага слова нараджаецца і ўзмацняецца вера (пар. Рым 10, 17); у Эўхарыстыі слова, якое сталася целам, даецца нам як духоўны спажытак133. Такім чынам «з двух сталоў – Божага слова і Цела Хрыста – Касцёл атрымлівае і дае вернікам Хлеб жыцця»134. Таму неабходна пастаянна памятаць, што Божае слова, чытанае Касцёлам і абвешчанае ў літургіі, вядзе да Эўхарыстыі як да сваёй уласцівай мэты.
Літургія слова 45. Разам з Сінодам прашу, каб літургія слова належна ўспрымалася і была заўсёды належным чынам падрыхтавана. Таму горача заклікаю, каб у літургіях вялікая ўвага надавалася абвяшчэнню Божага слова добра прыгатаванымі лектарамі. Ніколі не забывайма, што «калі ў Касцёле чытаецца Святое Пісанне, тады сам Бог прамаўляе да свайго народу, і Хрыстус, прысутны ў сваім слове, абвяшчае Евангелле»135. Калі дазваляюць абставіны, можна падумаць аб некалькіх уводных словах, якія дапамогуць вернікам нанава іх усвядоміць. Каб Божае слова было добра зразумета, яго неабходна слухаць і прымаць у духу Касцёла і з разуменнем яго адзінства з сакрамэнтам Эўхарыстыі. Слова, якое абвяшчаем і слухаем, з’яўляецца словам, якое сталася целам (пар. Ян 1, 14), і мае ўнутранае аднясенне да асобы Хрыста і да Яго сакрамэнтальнай прысутнасці. Хрыстус не кажа ў мінулым, а ў нашай сучаснасці як той, хто прысутнічае ў літургічным дзеянні. У гэтым сакрамэнтальным кантэксце хрысціянскага абнаўлення136 веданне і вывучэнне Божага слова дазваляе нам ацэньваць, цэлебраваць і лепш удзельнічаць у Эўхарыстыі. Таксама тут адкрываецца ва ўсёй сваёй праўдзе сцвярджэнне: «няведанне Пісання – гэта няведанне Хрыста»137. З гэтай мэтай неабходна дапамагчы вернікам дацаніць скарбы Святога Пісання, заключаныя ў Лекцыянарыі, праз пастырскія ініцыятывы, цэлебрацыі слова і малітоўныя чытанні (lectio divina). Акрамя таго, нельга забывацца пра формы малітвы, замацаваныя ў традыцыі: Літургія гадзінаў, асабліва Ютрань, Нешпары, Камплета і вігілійныя цэлебрацыі. Малітва псальмамі, біблійныя чытанні і чытанні, узятыя з вялікай традыцыі, прадстаўленай у Боскім Афіцыі,могуць прывесці да больш глыбокага разумення той падзеі, якой з’яўляецца Хрыстус, і эканоміі збаўлення, што ў сваю чаргу можа ўзбагаціць разуменне і ўдзел у эўхарыстычнай цэлебрацыі138.
Гамілія 46. З увагі на значэнне Божага слова паўстае неабходнасць палепшыць якасць гаміліі. Яна з’яўляецца «часткай літургічнага дзеяння»139; павінна спрыяць больш поўнаму разуменню Божага слова і яго эфектыўнасці ў жыцці вернікаў. Таму пасвячаныя распарадчыкі павінны «старанна рыхтаваць гамілію, абапіраючыся на адпаведным веданні Святога Пісання»140. Трэба пазбягаць гамілій агульных і абстрактных. Асабліва заклікаю духоўных, каб гамілія звязвала абвешчанае Божае слова з сакрамэнтальнай цэлебрацыяй141 і жыццём супольнасці такім чынам, каб Божае слова было сапраўднай падтрымкай для жыцця Касцёла142. Таму трэба памятаць пра катэхетычную і пабуджальную мэту гаміліі. Пажадана, зыходзячы з трохгадовага цыкла Лекцыянарыя, адпаведным чынам прапаноўваць вернікам тэматычныя гаміліі, у якіх на працягу літургічнага года закраналіся б галоўныя пытанні хрысціянскай веры згодна з аўтарытэтным навучаннем Настаўніцкага Інстытута Касцёла і на падставе чатырох «калон», вызначаных у «Катэхізісе Каталіцкага Касцёла» і ў нядаўна выдадзеным «Кампендыі»: на вызнанні веры, на цэлебрацыі хрысціянскай таямніцы, на жыцці ў Хрысце, на хрысціянскай малітве143.
Прыгатаванне дароў 47. Айцы Сіноду звярнулі таксама ўвагу на прыгатаванне дароў. Гаворка ідзе не проста аб нейкім «перапынку» паміж літургіяй слова і эўхарыстычнай літургіяй. Такое разуменне аспрэчыла б сэнс адзінага абраду, складзенага з дзвюх звязаных паміж сабою частак. У гэтым простым і пакорным жэсце выяўляецца вельмі вялікае значэнне: у хлебе і віне, якія прыносім на алтар, Хрыстус Адкупіцель прымае ўсё стварэнне, каб яго перамяніць і ахвяраваць Айцу144. У гэтым сэнсе мы нясём на алтар таксама ўсе цярпенні і боль свету і верым, што ўсё з’яўляецца каштоўным у вачах Бога. Каб гэты жэст быў правільна зразуметы, ён не паінен празмерна падкрэслівацца дадаткамі. Гэты жэст дазваляе ацаніць першасны ўдзел, якога Бог чакае ад чалавека для здзяйснення ў ім Боскай справы, каб надаць такім чынам поўны сэнс чалавечай працы, якая праз эўхарыстычную цэлебрацыю яднаецца са збаўчай ахвярай Хрыста.
Эўхарыстычная малітва 48. Эўхарыстычная малітва – «цэнтральная і кульмінацыйная частка ўсяго літургічнага дзеяння»145. Яе значэнне заслугоўвае адпаведнай увагі. Розныя эўхарыстычныя малітвы, якія змяшчаюцца ў Імшале, перададзены нам жывой традыцыяй Касцёла і адзначаюцца невычэрпным тэалагічным і духоўным багаццем. Вернікаў трэба вучыць цаніць іх. Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала нагадваюць нам асноўныя элементы кожнай эўхарыстычнай малітвы: падзяку, акламацыю, эпіклезу, апісанне ўстанаўлення і кансэкрацыю, анамнэзу, ахвяраванне, малітву заступніцтва і заключную даксалогію146. Асаблівым чынам эўхарыстычная духоўнасць і тэалагічнае разважанне будуць асветленыспасціжэннем глыбокага адзінства ў анафары (эўхарыстычнай малітве) паміж заклікам Духа Святога і словамі ўстанаўлення147, у якім «здзяйсняецца ахвяра, якую сам Хрыстус устанавіў на Апошняй Вячэры»148. «Касцёл просіць моц Духа Святога асвяціць дары, прынесеныя людзьмі, каб яны сталі Целам і Крывёю Хрыста, і каб беззаганная ахвяра, прынятая на Камуніі, паслужыла збаўленню тых, хто будзе ў ёй удзельнічаць»149.
Знак супакою 49. Эўхарыстыя па сваёй сутнасці з’яўляецца сакрамэнтам спакою. Гэтае вымярэнне эўхарыстычнай таямніцы знаходзіць у літургічнай цэлебрацыі асаблівае адлюстраванне ў абрадзе перадачы знаку супакою. Гаворка несумненна ідзе пра знак вялікай каштоўнасці (пар. Ян 14, 27). У наш час, моцна насычаны канфліктамі, гэты жэст набывае, таксама паводле агульнага меркавання, асаблівае значэнне, паколькі Касцёл усё больш адчувае сваё жаданне прасіць Пана аб дары спакою і аб адзінстве для сябе і ўсёй чалавечай сям’і. Спакой з’яўляецца нястрыманым прагненнем кожнага сэрца. Касцёл выказвае просьбу аб спакоі і паяднанні, якая выходзіць з душы кожнага чалавека добрай волі, і скіроўвае яе да таго, хто «ёсць нашым спакоем» (Эф 2, 14) і хто можа прымірыць народы і асобы там, дзе безвыніковымі аказваюцца чалавечыя намаганні. З усяго гэтага становіцца зразумелым, чаму з такой інтэнсіўнасцю людзі адносяцца да абраду супакою ў літургічнай цэлебрацыі. Аднак, у сувязі з гэтым падчас Сіноду Біскупаў звернута была ўвага на стрыманасць гэтага жэсту, каб не быў празмерна выражаны, ствараючы некаторае замяшанне ў сходзе вернікаў адразу перад св. Камуніяй. Пажадана прыпомніць, што для захавання належнай атмасферы стрыманасць у гэтым жэсце неабходна. Гэта не зменшыць яго вялікай каштоўнасці. Неабходна абмяжоўвацца, напрыклад, перадачай знаку супакою тым, хто стаіць побач150.
Удзяленне і прыняцце Эўхарыстыі 50. Іншым момантам цэлебрацыі, пра які неабходна сказаць, з’яўляецца ўдзяленне і прыняцце св. Камуніі. Звяртаюся да ўсіх, асабліва да пасвячаных распарадчыкаў і да тых, хто адпаведна прыгатаваны і, у выпадку рэальнай неабходнасці, упаўнаважаны да паслугі ўдзялення Эўхарыстыі, зрабіць усё магчымае, каб гэты жэст у сваёй прастаце адпавядаў свайму значэнню – асабістаму спатканню з Панам Езусам у сакрамэнце. Што датычыць прадпісанняў наконт правільнай практыкі, адсылаю да нядаўна выдадзеных дакументаў151. Усім хрысціянскім супольнасцям належыць верна выконваць дзейнічаючыя нормы, бачачы ў іх выраз веры і любові, якую ўсе мы павінны мець у адносінах да гэтага найвышэйшага сакрамэнту. Акрамя таго, не належыць занядбоўваць каштоўны час удзячнасці пасля св. Камуніі: акрамя выканання адпаведнага спеву даволі карысным можа быць таксама захаванне сабранымі цішыні152. У сувязі з гэтым хачу звярнуць увагу на пастырскую праблему, з якой часта даводзіцца сустракацца ў наш час. Маю на ўвазе той факт, што ў некаторых абставінах, як, напрыклад, падчас св. Імшаў, цэлебраваных з нагоды шлюбаў, пахаванняў ці падобных выпадкаў, на цэлебрацыі прысутнічаюць акрамя практыкуючых вернікаў таксама тыя, хто на працягу гадоў не набліжаўся да алтара ці, магчыма, знаходзіцца ў жыццёвай сітуацыі, якая не дазваляе прыступаць да сакрамэнтаў. Іншы раз здараецца, што прысутнічаюць асобы іншых хрысціянскіх канфесій ці нават іншых рэлігій. Падобныя абставіны здараюцца таксама і ў касцёлах, якія наведваюць турысты, асабліва ў гарадах мастацтва. У гэтых выпадках зразумелай з’яўляецца неабходнасць кароткіх і пераканаўчых раз’ясненняў значэння сакрамэнтальнай Камуніі і ўмоў яе прыняцця. Там, дзе ёсць сітуацыі, у якіх немагчыма гарантаваць належную яснасць адносна значэння Эўхарыстыі, трэба правільна ацаніць магчымасць замены эўхарыстычнай цэлебрацыі цэлебрацыяй Божага слова153.
Разасланне: «Ite, missa est» 51. Урэшце, хацеў бы затрымацца над тым, што Айцы Сіноду сказалі адносна заключнага разаслання на заканчэнне эўхарыстычнай цэлебрацыі. Пасля благаслаўлення дыякан ці святар адпускае народ словамі: «Ite, missa est». Гэтае разасланне паказвае нам сувязь паміж цэлебраванай Імшой і хрысціянскай місіяй у свеце. У старажытнасці «missa» азначала проста «выхад». Аднак ў хрысціянскім жыцці яно набыло больш глыбокае значэнне. Выраз «выхад» на самой справе перамяняецца ў «місію». Гэтае разасланне выражае сцісла місійную сутнасць Касцёла. Таму варта дапамагаць Божаму народу паглыбляць разуменне гэтага вымярэння эклезіяльнага жыцця, якое бярэ пачатак з літургіі. У гэтай перспектыве могуць быць карысны адпаведна падабраныя тэксты для малітвы над народам і заключнага благаслаўлення, якое тлумачыць гэтую сувязь паміж св. Імшой і хрысціянскай місіяй154.
Actuosa participatio
Сапраўдны ўдзел 52. Другі Ватыканскі Сабор справядліва падкрэсліў важнасць актыўнага, поўнага і плённага ўдзелу ўсяго Божага народу ў эўхарыстычнай цэлебрацыі155. Зразумела, аднаўленне, здзейсненае ў мінулыя гады, паспрыяла значнаму прагрэсу, якога жадалі Айцы Сабору. Аднак мы не павінны хавацца ад таго факту, што часамі выяўляецца некаторае неразуменне, менавіта адносна сэнсу гэтага ўдзелу. Таму належыць растлумачыць, што гэтыя словы не адносяцца да простага знешняга дзеяння падчас цэлебрацыі. На самой справе актыўны ўдзел, якога жадаў Сабор, павінен быць зразуметы глыбей, каб дасягнуць большага разумення таямніцы, якая цэлебруецца, і яе сувязі са штодзённым жыццём. Надалей важнай з’яўляецца рэкамендацыя саборнай канстытуцыі «SacrosanctumConcilium», якая заклікае вернікаў прысутнічаць на эўхарыстычнай літургіі «не ў якасці чужых ці нямых гледачоў», але ўдзельнічаць «у святым дзеянні свядома, цалкам і актыўна»156. Працягваючы разважанні, Сабор кажа, што вернікі, «сфармаваныя Божым словам, жывяцца пры стале Целам Пана; складаюць падзяку Богу; прыносяць беззаганную ахвяру не толькі праз рукі святара, але разам з ім, і вучацца ахвяроўваць сябе самых і з дня ў дзень праз заступніцтва Хрыста ўдасканальваюцца ў адзінстве з Богам і паміж сабою»157.
Удзел і святарская паслуга 53. Прыгажосць і гармонія літургічнага дзеяння адлюстроўваецца ў парадку, паводле якога кожны пакліканы да актыўнага ўдзелу. Гэта азначае празнанне розных іерархічных функцый, заключаных у самой цэлебрацыі. Варта нагадаць, што актыўны ўдзел у ёй не адназначны з выкананнем пэўнай паслугі. Асабліва не прыносіць карысць актыўнаму ўдзелу вернікаў замяшанне, выкліканае няздольнасцю адрозніваць у касцёльнай супольнасці розныя паасобныя заданні158. А менавіта, неабходна, каб было яснае разуменне спецыфічных заданняў святара. Ён незаменным чынам, як пацвярджае традыцыя Касцёла, з’яўляецца тым, хто ўзначальвае ўсю эўхарыстычную цэлебрацыю ад пачатковага прывітання да заключнага благаслаўлення. Згодна з атрыманым пасвячэннем ён прадстаўляе Езуса Хрыста, Галаву Касцёла, а таксама адпаведным чынам сам Касцёл159. Кожнай цэлебрацыяй Эўхарыстыі, на самой справе, кіруе біскуп, «альбо асабіста, альбо праз сваіх памочнікаў – прэзбітэраў»160. Яму дапамагае дыякан, які мае падчас цэлебрацыі пэўныя вызначаныя заданні: падрыхтоўку алтара і служэнне святару, абвяшчэнне Евангелля, магчыма прамаўленне гаміліі, прапанаванне вернікам інтэнцыі агульнай малітвы, удзяленне вернікам Эўхарыстыі161. У сувязі з гэтымі паслугамі, звязанымі з сакрамэнтам пасвячэння, існуюць таксама іншыя літургічныя функцыі, якія добра выконваюць законнікі і падрыхтаваныя свецкія вернікі162.
Эўхарыстычная цэлебрацыя і інкультурацыя 54. Пачынаючы з асноўных сцвярджэнняў Другога Ватыканскага Сабору, шмат разоў падкрэслівалася значэнне актыўнага ўдзелу вернікаў у эўхарыстычнай Ахвяры. Каб спрыяць актыўнаму ўдзелу, можна дазволіць некаторыя адаптацыя адпаведна да розных сітуацый і розных культур163. Тое, што здараліся некаторыя злоўжыванні, не зацямняе яснасць гэтага прынцыпу, які павінен быць захаваны згодна з рэальнымі патрэбамі Касцёла, які жыве і цэлебруе тую ж самую таямніцу Хрыста ў розных культурных сітуацыях. Пан Езус менавіта ў таямніцы Уцелаўлення, народжаны з жанчыны як дасканалы чалавек (пар. Гал 4, 4), мае непасрэдную сувязь не толькі з чаканнямі са Старога Запавету, але таксама з чаканнямі ўсіх людзей. Ён паказаў нам, што Бог імкнецца дасягнуць нас у нашых жыццёвых абставінах. Таму дзеля больш эфектыўнага ўдзелу вернікаў у святых таямніцах карысна прадоўжыць працэс інкультурацыі ў сферы эўхарыстычнай цэлебрацыі, беручы пад увагу магчымасці для адаптацыі, прапанаваныя Агульнымі ўводзінамі да Рымскага Імшала164, а таксама іх інтэрпрэтацыі ў святле крытэрыяў, устаноўленых ІV Інструкцыяй Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў «Varietates legitimae» ад 25 студзеня 1994 г.165, і ў святле ўказанняў, дадзеных папам Янам Паўлам ІІ у паслясінадальных адгартацыях «Ecclesia in Africa», «Ecclesia in America», «Ecclesia in Asia», «Ecclesia in Oceania», «Ecclesia in Europa»166. З гэтай мэтай заклікаю Канферэнцыі Біскупаў дзейнічаць так, каб спрыяць захаванню сапраўднай раўнавагі паміж ужо выдадзенымі дырэктывамі і новымі дастасаваннямі167 заўсёды ў згодзе з Апостальскай Сталіцай.
Асабістыя ўмовы для «Actuosa participatio» 55. Разглядаючы тэму actuosa participatio вернікаў у святым абрадзе, Айцы Сіноду звярнулі ўвагу на асабістыя ўмовы, якія кожны павінен выконваць, каб яго ўдзел быў плённым168. Адна з іх – гэта, зразумела, дух пастаяннага навяртання, які павінен характарызаваць жыццё ўсіх вернікаў. Мы не можам чакаць актыўнага ўдзелу ў эўхарыстычнай літургіі, калі ўваходзім у яе павярхоўна, не даследаваўшы папярэдне нашае жыццё. Спрыяюць гэтай унутранай гатоўнасці, напрыклад, сканцэнтраванасць і цішыня, прынамсі на некалькі хвілінаў перад пачаткам літургіі, пост і, калі неабходна, сакрамэнтальная споведзь. Сэрца, паяднанае з Богам, з’яўляецца падрыхтаваным да сапраўднага ўдзелу. Асабліва неабходна нагадваць вернікам, што actuosa participatio у святых таямніцах не можа адбыцца, калі не будзе імкнення прымаць актыўны ўдзел у касцёльным жыцці ў яго паўнаце, што заключае ў сабе таксама місійны абавязак несці любоў Хрыста ў грамадства. Без сумненняў, поўны ўдзел у Эўхарыстыі адбываецца тады, калі мы асабіста прыступаем да алтара, каб прыняць св. Камунію169. Аднак неабходна звярнуць увагу на тое, каб гэтае справядлівае сцвярджэнне не вяло да пэўнага аўтаматызму сярод вернікаў, быццам праз сам толькі факт знаходжання ў касцёле падчас літургіі існуе права ці магчыма абавязак прыступаць да эўхарыстычнага Стала. Нават, калі немагчыма прыступіць да сакрамэнтальнай Камуніі, удзел у св. Імшы застаецца неабходным, важным, значным і плённым. У такіх умовах добра развіваць прагненне поўнай еднасці з Хрыстом, напрыклад, праз практыку духоўнай камуніі, згаданай Янам Паўлам ІІ170 і рэкамендаванай святымі настаўнікамі духоўнага жыцця171.
Удзел хрысціянаў некатолікаў 56. Разважаючы над тэмай удзелу, мы апынаемся перад неабходнасцю разгледзіць тэму хрысціянаў, якія належаць да Касцёлаў ці Касцёльных супольнасцяў, якія не знаходзяцца ў поўнай лучнасці з каталіцкім Касцёлам. У сувязі з гэтым трэба сказаць, што ўнутраная сувязь, якая існуе паміж Эўхарыстыяй і адзінствам Касцёла з аднаго боку чыніць у нас гарачае прагненне дня, у які зможам цэлебраваць разам з усімі веруючымі ў Хрыста Божую Эўхарыстыю і яўнавыражаць такім чынам паўнату еднасці, якой Хрыстус жадаў для сваіх вучняў (пар. Ян 17,21). З іншага боку, пашана, якая належыць сакрамэнту Цела і Крыві Хрыста, не дазваляе нам лічыць яе толькі «сродкам», якім мы маглі б неразважліва карыстацца, каб дасягнуць гэтай самай еднасці172. Эўхарыстыя не выражае толькі нашай асабістай еднасці з Езусам Хрыстом, але прадугледжвае поўную communio з Касцёлам. Таму гэта з’яўляецца прычынай, у якой з болем, але не без надзеі просім хрысціянаў некатолікаў разумець і паважаць нашыя перакананні, якія паходзяць з Бібліі і Традыцыі. Мы лічым, што эўхарыстычная Камунія і эклезіяльная камунія так унутрана належаць адна адной, што робіць увогуле немагчымым, з боку хрысціянаў некатолікаў, прыступанне да адной, не маючы другой. Яшчэ больш было б пазбаўлена сэнсу сапраўдная і канкрэтная канцэлебра з духоўнымі Касцёлаў ці Касцёльных супольнасцяў, якія не знаходзяцца ў поўнай лучнасці з каталіцкім Касцёлам. Застаецца тым не менш праўдай тое, што, улічваючы вечнае збаўленне, існуе магчымасць удзялення асобным хрысціянам некатолікам Эўхарыстыі, сакрамэнту пакаяння і намашчэння хворых. Гэта абумоўлена аднак акрэсленымі і выключнымі сітуацыямі, апраўданымі канкрэтнымі ўмовамі173. Яны выразна прадстаўлены ў «Катэхізісе Каталіцкага Касцёла»174 і ў яго «Кампендыі»175. Кожны абавязаны верна іх прытрымлівацца.
Удзел праз сродкі камунікацыі 57. З прычыны надзвычайнага развіцця сродкаў камунікацыі ў апошнія дзесяцігоддзі слова «ўдзел» набыло больш шырокае значэнне, чым у мінулым. Усе мы з задавальненнем прызнаём, што гэтыя прылады прапануюць новыя магчымасці таксама ў адносінах да эўхарыстычнай цэлебрацыі176. Гэта патрабуе ад пастыраў, якія працуюць у гэтай сферы, асаблівай падрыхтоўкі і жывога пачуцця адказнасці. Св. Імша, якая трансліруецца па тэлебачанні, несумнена мае характар пэўнага прыкладу. Таму неабходна прыкласці асаблівыя намаганні, каб цэлебрацыя, акрамя таго, што адбываецца ў дастойных і добра падрыхтаваных месцах, была згодная з літургічнымі нормамі. Нарэшце, што датычыць вартасці ўдзелу ў св. Імшы, які стаў магчымым дзякуючы сродкам камунікацыі, то кожны, хто карыстае з такой трансляцыі, павінен ведаць, што ў нармальных умовах ён не выконвае святочнага абавязку. Мова вобразаў прадстаўляе рэчаіснасць, але яе не ўзнаўляе177. Калі пахвальна тое, што пажылыя і хворыя ўдзельнічаюць у святочнай св. Імшы праз радыё і тэлетрансляцыі, то нельга гэтага сказаць пра тых, хто праз так& |