The Holy See
back up
Search
riga

ПАВЕЛ БІСКУП
СЛУГА СЛУГАЎ БОЖЫХ
З АЙЦАМІ СВЯТОГА САБОРУ
НА ВЕЧНУЮ ПАМЯЦЬ

КАНСТЫТУЦЫЯ
ПРА СВЯТУЮ ЛІТУРГІЮ
«SACROSANCTUM CONCILIUM»

 

Уступ

1. Святы Сабор паставіў сабе мэты: з кожным днём развіваць хрысціянскае жыццё сярод вернікаў; лепей дастасоўваць да патрэб нашага часу тыя інстытуцыі, якія падлягаюць зменам; падтрымліваць усё, што можа аблегчыць аб’яднанне ўсіх веруючых у Хрыста; умацоўваць тое, што дапамагае заклікаць усіх людзей ва ўлонне Касцёла. Таму Сабор лічыць асабліва неабходным клопат пра аднаўленне і развіццё Літургіі.

2. Літургія, праз якую — асабліва ў боскай эўхарыстычнай Ахвяры — «здзяйсняецца справа нашага адкуплення»(1), найбольш спрыяе таму, каб вернікі сваім жыццём выяўлялі і паказвалі іншым таямніцу Хрыста і сапраўдную сутнасць праўдзівага Касцёла. Ён адначасова чалавечы і боскі, бачны і адораны нябачнымі дабротамі, руплівы ў дзеянні і адданы кантэмпляцыі, прысутны ў свеце і ў той жа час пілігрымуючы. Гэтыя ўсе яго рысы ўладкаваныя так, што чалавечае падпарадкавана ў ім боскаму, бачнае — нябачнаму, а цяперашняе — будучаму гораду, якога шукаем(2). Таму Літургія, штодня будуючы з членаў Касцёла святую святыню ў Пану, жыллё Бога ў Духу(3), ажно да меры сталасці паўнаты Хрыстовай(4), адначасова найцудоўнейшым чынам умацоўвае сілы вернікаў для абвяшчэння Хрыста, а тым, хто не належыць да Касцёла, паказвае яго як узняты знак для народаў(5), каб рассеяныя дзеці Божыя збіраліся ў адно(6), пакуль не стане адна аўчарня і адзін Пастыр(7).

3. Таму Святы Сабор лічыць неабходным прыгадаць ніжэйзгаданыя прынцыпы і ўстанавіць практычныя нормы развіцця і аднаўлення Літургіі.

Некаторыя з гэтых прынцыпаў і нормаў можна і належыць выкарыстоўваць у рымскім абрадзе і ва ўсіх іншых абрадах, хоць ніжэйпададзеныя практычныя нормы абавязковыя толькі для рымскага абраду, за выключэннем тых выпадкаў, якія па сваёй сутнасці датычаць таксама іншых абрадаў.

4. Нарэшце, верна трымаючыся традыцыі, Святы Сабор заяўляе, што святая Маці-Касцёл лічыць роўнымі ў правах і годнасці ўсе законна прызнаныя абрады, хоча захаваць іх на будучыню і ўсяляк развіваць. Жадае таксама, каб там, дзе неабходна, яны былі асцярожна і грунтоўна перагледжаны ў духу здаровай традыцыі, і каб ім была нададзена новая жыццёвасць у адпаведнасці з сённяшнімі абставінамі і патрэбамі.

 

 

Раздзел І

АГУЛЬНЫЯ ПРЫНЦЫПЫ АДНАЎЛЕННЯ І РАЗВІЦЦЯ СВЯТОЙ ЛІТУРГІІ

І. Сутнасць святой Літургіі і яе значэнне ў жыцці Касцёла

5. Бог, «які хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды» (1 Цім 2, 4), «шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці да айцоў нашых праз прарокаў» (Гбр 1, 1), а калі настала паўната часу, паслаў як «лекара целаў і душ»(8) і Пасрэдніка паміж Богам і людзьмі(9) свайго Сына, уцелаўлёнае Слова, намашчанага Духам Святым, абвяшчаць Евангелле ўбогім і аздараўляць скрушаных сэрцам(10). Яго чалавечнасць у еднасці з асобай Слова стала інструментам нашага збаўлення. Таму ў Хрысце «адбылося дасканалае ўміласціўленне нашага прымірэння, і нам была дадзена паўната Божага культу»(11).

Справу адкуплення людзей і дасканалага праслаўлення Бога, якую прадказвалі вялікія Божыя цуды, споўненыя сярод народу Старога Запавету, здзейсніў Хрыстус Пан асабліва праз Пасхальную таямніцу сваёй благаслаўлёнай Мукі, Уваскрасення і слаўнага Унебаўшэсця. Праз гэтую таямніцу Ён, «паміраючы, знішчыў нашу смерць і, уваскрасаючы, аднавіў жыццё»(12), таму што з боку Хрыста, які спачыў на крыжы, нарадзіўся цудоўны сакрамэнт усяго Касцёла(13).

6. Як Айцец паслаў Хрыста, так і Ён паслаў Апосталаў, напоўненых Духам Святым. Але зрабіў гэта не толькі, каб яны, прапаведуючы Евангелле ўсякаму стварэнню(14), абвяшчалі, што Божы Сын сваёй смерцю і ўваскрасеннем уратаваў нас ад улады сатаны(15) і ад смерці і перанёс у валадарства Айца, але і каб здзяйснялі абвешчаную справу збаўлення праз Ахвяру і сакрамэнты, якія з’яўляюцца стрыжнем усяго літургічнага жыцця. Праз хрост людзі далучаюцца да Пасхальнай таямніцы Хрыста: разам з Ім памерлыя, пахаваныя і ўваскрослыя(16), яны атрымліваюць духа ўсынаўлення, «у якім усклікаем „Абба, Ойча“» (Рым 8, 15), і становяцца сапраўднымі вызнаўцамі, якіх шукае Айцец(17). Падобна заўжды, калі спажываюць Вячэру Пана, абвяшчаюць смерць Пана, пакуль Ён не прыйдзе(18). Таму ў сам дзень Пяцідзесятніцы, калі Касцёл аб’явіўся свету, тыя, «хто прыняў слова» Пятра, «ахрысціліся». «І заставаліся вернымі вучэнню Апосталаў і супольнасці, ламанню хлеба і малітвам... праслаўляючы Бога і маючы прыхільнасць усяго народу» (Дз 2, 41-42, 47). Адгэтуль Касцёл ніколі не пераставаў збірацца на цэлебраванне Пасхальнай таямніцы, чытаючы «тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго» (Лк 24, 27), цэлебруючы Эўхарыстыю, у якой «увасабляюцца Яго перамога і трыумф над смерцю»(19), і адначасова дзякуючы «Богу за невыказны дар» (2 Кар 9, 15) у Хрысце Езусе, «для хвалы Ягонай славы» (Эф 1, 12) праз моц Духа Святога.

7. Для здзяйснення такой вялікай справы Хрыстус заўжды прысутнічае ў сваім Касцёле, асабліва ў літургічных дзеяннях. Ён прысутнічае ў ахвяры св. Імшы і ў асобе цэлебранта, «бо той, хто калісьці ахвяраваў сябе на крыжы, цяпер ахвяруе сябе праз служэнне святароў»(20), і асабліва, у эўхарыстычных постацях. Сваёй сілай Ён так прысутнічае ў сакрамэнтах, што калі нехта ўдзяляе хрост, то хрысціць сам Хрыстус(21). Ён прысутнічае ў сваім слове, бо калі ў Касцёле чытаюць Святое Пісанне, гаворыць Ён сам. Нарэшце, прысутнічае тады, калі Касцёл моліцца і спявае псальмы, бо Ён сам абяцаў: «Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Мц 18, 20).

Сапраўды, у такой вялікай справе, дзякуючы якой Бог атрымлівае дасканалае праслаўленне, а людзі асвячэнне, Хрыстус заўсёды далучае да сябе Касцёл, сваю ўмілаваную абранніцу, якая заклікае свайго Пана і праз Яго аддае культ спрадвечнаму Айцу.

Таму Літургія справядліва лічыцца выкананнем святарскага абавязку Хрыста; у ёй праз бачныя знакі выражаецца і ўласцівым кожнаму знаку спосабам ажыццяўляецца асвячэнне чалавека, а Містычнае цела Езуса Хрыста, г. зн. Галава і яго члены, выконвае цэласны публічны культ.

Таму ўсякая літургічная цэлебрацыя як справа Хрыста Святара і Яго цела, якім ёсць Касцёл, — гэта першаснае сакральнае дзеянне, з плённасцю якога па ступені і вартасці не зраўняецца ніякае іншае дзеянне Касцёла.

8. У зямной Літургіі мы як бы прадчуваем нябесную Літургію, якая будзе адбывацца ў святым горадзе Ерузалеме, да якога мы накіроўваемся як пілігрымы, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога як слуга святыні і сапраўднай скініі(22). Разам з усім войскам нябеснай моцы мы спяваем Богу гімн праслаўлення; з пашанай згадваем святых і спадзяемся атрымаць нейкі ўдзел і еднасць з імі; чакаем Збаўцу, нашага Пана Езуса Хрыста, пакуль Ён не з’явіцца як жыццё наша і пакуль мы не з’явімся з Ім у славе(23).

9. Святая Літургія не вычэрпвае ўсё дзеянне Касцёла, бо перш чым людзі змогуць прыступіць да Літургіі, неабходна, каб яны былі пакліканы да веры і навяртання: «Як жа будуць заклікаць таго, у каго не паверылі? Як будуць верыць у таго, пра каго не чулі? Як будуць слухаць, калі няма каму абвяшчаць? І як будуць абвяшчаць, калі іх не пашлюць?» (Рым 10, 14-15).

Таму Касцёл абвяшчае няверуючым пасланне збаўлення, каб усе людзі пазналі адзінага праўдзівага Бога і пасланага Ім Езуса Хрыста, каб адвярнуліся ад сваіх шляхоў, чынячы пакаянне(24). Веруючым жа Касцёл павінен стала абвяшчаць веру і пакаянне і, акрамя таго, рыхтаваць іх да сакрамэнтаў, вучыць выконваць усе наказы Хрыста(25), заахвочваць да ўсіх спраў любові, пабожнасці і апостальства, каб яны выразна сведчылі, што хоць хрысціяне і не з гэтага свету, аднак яны з’яўляюцца святлом свету і праслаўляюць Бога перад людзьмі.

10. Аднак Літургія — гэта вяршыня, да якой скіравана дзейнасць Касцёла, і адначасова крыніца, з якой выцякае ўся ягоная сіла. Апостальскія працы маюць на мэце тое, каб усе, стаўшы Божымі дзецьмі праз веру і хрост, збіраліся разам, праслаўлялі Бога сярод Касцёла, удзельнічалі ў Ахвяры і спажывалі Вячэру Пана.

У сваю чаргу сама Літургія пабуджае вернікаў, каб яны, насычаныя «пасхальнымі сакрамэнтамі», сталі «згоднымі ў пабожнасці»(26); моліцца, каб «захоўвалі ў жыцці тое, што атрымалі праз веру»(27). Аднаўленне запавету Бога з людзьмі ў Эўхарыстыі прыцягвае і запальвае вернікаў да гарачай любові Хрыста. Таму з Літургіі, асабліва з Эўхарыстыі, нібы з крыніцы, на нас сыходзіць ласка і з найвялікшай эфектыўнасцю праз яе адбываецца асвячэнне чалавека ў Хрысце і пакланенне Богу, якое ёсць мэтай усіх іншых спраў Касцёла.

11. Каб дасягнуць гэтай поўнай дзейснасці, вернікі павінны ўдзельнічаць у Літургіі з адпаведнай духоўнай падрыхтоўкай, павінны узгодніць свае думкі са словамі і так супрацоўнічаць з нябеснай ласкай, каб не прымаць яе марна(28). Таму святыя пастыры павінны пільна сачыць, каб у літургічным дзеянні не толькі захоўваліся законы сапраўднай і дазволенай цэлебрацыі, але і каб вернікі ўдзельнічалі ў ім свядома, актыўна і плённа.

12. Але духоўнае жыццё не абмяжоўваецца толькі ўдзелам у святой Літургіі. Хоць хрысціянін і пакліканы да супольнай малітвы, тым не менш ён павінен увайсці ў пакой свой і патаемна маліцца да Айца(29), а нават, як вучыць Апостал, павінен маліцца няспынна(30). Той жа Апостал навучае, што мы заўжды павінны насіць у сваім целе кананне Езуса, каб і жыццё Езуса аб’явілася ў нашым смяротным целе(31). Таму мы молім Пана ў ахвяры св. Імшы, каб Ён, «прыняўшы духоўную ахвяру, і нас учыніў вечным дарам для сябе»(32).

13. Вельмі рэкамендуюцца набажэнствы хрысціянскага народу, што адпавядаюць законам і нормам Касцёла. У першую чаргу тыя, якія адбываюцца з дазволу Апостальскай Сталіцы.

Асаблівую вартасць маюць тыя набажэнствы мясцовых Касцёлаў, якія цэлебруюцца з даручэння біскупаў паводле звычаяў і законна зацверджаных кніг.

Прымаючы пад увагу літургічныя перыяды, гэтыя набажэнствы трэба так уладкаваць, каб яны адпавядалі Літургіі, як бы вынікалі з яе і скіроўвалі да яе народ, бо Літургія па сваёй сутнасці значна пераўзыходзіць іх.

 

ІІ. Літургічнае выхаванне і актыўны ўдзел у Літургіі

14. Маці-Касцёл горача жадае весці ўсіх вернікаў да таго поўнага, свядомага і актыўнага ўдзелу ў літургічных абрадах, якога патрабуе сама сутнасць Літургіі і на які хрысціянскі народ, «выбраны род, каралеўскае святарства, народ святы, люд, узяты Богам ва ўласнасць» (1 П 2, 9; пар. 2, 4-5), мае права і да якога абавязаны на моцы хросту.

На гэты поўны і актыўны ўдзел усяго народу трэба звяртаць асаблівую ўвагу пры аднаўленні і развіцці святой Літургіі, бо Літургія — гэта першая і неабходная крыніца, з якой вернікі чэрпаюць сапраўдны хрысціянскі дух. Таму пастыры ва ўсёй сваёй пастырскай дзейнасці павінны старанна імкнуцца дасягнуць такога ўдзелу праз належнае выхаванне вернікаў.

Але нельга спадзявацца на дасягненне гэтых вынікаў, калі найперш самі пастыры цалкам не пранікнуцца духам і моцай Літургіі і не стануць яе настаўнікамі. Таму вельмі неабходна найперш паклапаціцца пра літургічнае выхаванне духавенства. Дзеля гэтага Святы Сабор вырашыў устанавіць ніжэйпададзеныя прынцыпы.

15. Настаўнікі, якія навучаюць дысцыпліне святой Літургіі ў семінарыях, манаскіх навучальных установах і на тэалагічных факультэтах, павінны рыхтавацца да свайго абавязку ва ўстановах, спецыяльна для гэтага прызначаных.

16. У семінарыях і манаскіх навучальных установах дысцыпліну святой Літургіі трэба залічыць да неабходных і найважнейшых прадметаў, а на тэалагічных факультэтах — да галоўных прадметаў. Выкладаць яе трэба ў святле тэалагічнага і гістарычнага аспектаў, а таксама духоўнага, пастырскага і юрыдычнага. Больш за тое, выкладчыкі іншых прадметаў, асабліва дагматычнай тэалогіі, Святога Пісання, духоўнай і пастаральнай тэалогіі, павінны ў адпаведнасці з унутранымі патрабаваннямі кожнага прадмета так падкрэсліваць таямніцу Хрыста і гісторыю збаўлення, каб выразна выявілася сувязь гэтых прадметаў з Літургіяй і еднасць святарскай фармацыі.

17. У семінарыях і манаскіх дамах клерыкі павінны атрымаць літургічную фармацыю для духоўнага жыцця як з дапамогай належных уводзін, дзякуючы якім змогуць зразумець сакральныя абрады і ўсёй душой удзельнічаць у іх, так і з дапамогай іншых пабожных практык, прасякнутых духам святой Літургіі; няхай яны таксама навучацца захоўваць літургічныя прадпісанні, каб жыццё ў семінарыях і манаскіх інстытутах было глыбока напоўнена літургічным духам.

18. Дыяцэзіяльным святарам і святарам-манахам, якія ўжо працуюць у вінаградніку Пана, трэба ўсяляк дапамагаць, каб яны няспынна паглыблялі разуменне таго, што яны выконваюць у сакральных абрадах, каб жылі літургічным жыццём і падзялялі яго з даручанымі ім вернікамі.

19. Пастыры павінны дбаць пра стараннае і цярплівае літургічнае выхаванне і актыўны ўдзел вернікаў, унутраны і знешні, адпаведны іх узросту, стану, ладу жыцця і ступені рэлігійнай культуры, выконваючы такім чынам адзін з галоўных абавязкаў вернага распарадчыка Божых таямніц. У гэтай справе няхай вядуць сваю аўчарню не толькі словам, але і прыкладам.

20. Трансляцыя літургічных дзеянняў, асабліва св. Імшы, па радыё і тэлебачанні павінна адбывацца прадумана і годна, пад кіраўніцтвам адказнай кампетэнтнай асобы, прызначанай для гэтага абавязку біскупамі.

 

ІІІ. Аднаўленне святой Літургіі

21. Каб хрысціянскі народ з большай пэўнасцю дасягаў у святой Літургіі паўнаты ласкі, святая Маці-Касцёл жадае правесці агульнае аднаўленне Літургіі. Бо Літургія складаецца з нязменных частак, устаноўленых Богам, і з частак, падлеглых зменам, якія з цягам гадоў могуць ці нават павінны быць зменены, калі ў іх закраліся элементы, якія не зусім адпавядаюць унутранай сутнасці самой Літургіі, або калі гэтыя часткі сталі менш адпаведнымі.

Пры гэтым аднаўленні неабходна так упарадкаваць тэксты і абрады, каб яны ясней выяўлялі святую рэчаіснасць, якую абазначаюць, і каб хрысціянскі народ, па магчымасці, мог разумець і з лёгкасцю ўдзельнічаць поўна і актыўна ў цэлебрацыі, як гэта ўласціва супольнасці.

Дзеля гэтага Святы Сабор усталёўвае ніжэйпададзеныя агульныя нормы.

 

А) Агульныя нормы

22. §1. Права кіраваць святой Літургіяй належыць выключна касцёльнай уладзе, а менавіта Апостальскай Сталіцы і, згодна з нормамі права, біскупам.

§ 2. Згодна з дадзенай паводле права ўладай літургічнымі справамі ў вызначаных межах кіруюць таксама розныя законна ўстаноўленыя тэрытарыяльныя Канферэнцыі Біскупаў.

§ 3. Таму нікому іншаму, нават калі гэта святар, нельга самастойна нічога дадаваць, адымаць ці змяняць у Літургіі.

23. Каб захаваць здаровую традыцыю і адначасова адкрыць шлях да правамернага прагрэсу, рэформе паасобных частак Літургіі павінны заўсёды папярэднічаць дакладныя тэалагічныя, гістарычныя і пастырскія даследаванні. Больш за тое, неабходна ўлічыць як агульныя прынцыпы будовы і духу Літургіі, так і досвед, які вынікае з апошняга аднаўлення Літургіі і з адпустаў, дадзеных у асобных выпадках. Урэшце, інавацыі трэба ўводзіць толькі тады, калі гэтага патрабуе праўдзівае і несумненнае дабро Касцёла, і з умовай, што новыя формы пэўным чынам арганічна вырастаюць з ужо існуючых.

Па меры магчымасці трэба асцерагацца, каб не было прыкметных адрозненняў паміж суседнімі рэгіёнамі.

24. Святое Пісанне мае найвялікшае значэнне ў цэлебрацыі Літургіі, бо з яго бяруцца чытанні, якія тлумачацца ў гаміліі, і псальмы, якія спяваюцца. З яго чэрпаюць сваё натхненне і свой дух просьбы, малітвы і літургічныя песні. У ім таксама трэба шукаць значэнне дзеянняў і знакаў. Таму ў клопаце пра аднаўленне святой Літургіі, яе развіццё і дастасаванне неабходна абудзіць тую салодкую і жывую любоў да Святога Пісання, пра якую сведчыць вартая пашаны традыцыя ўсходніх і заходніх абрадаў.

25. У першую чаргу трэба даследаваць і паправіць літургічныя кнігі пры дапамозе экспертаў і параіўшыся з біскупамі з розных рэгіёнаў свету.

 

Б) Нормы, якія вынікаюць з сутнасці Літургіі як дзеяння іерархічнага і ўласцівага супольнасці

26. Літургічныя дзеянні — гэта не прыватныя дзеянні, а цэлебрацыі Касцёла, які з’яўляецца «сакрамэнтам еднасці», гэта значыць святым народам, аб’яднаным і арганізаваным пад кіраўніцтвам біскупаў(33).

Таму літургічныя дзеянні належаць да ўсяго цела Касцёла, якое выяўляюць і ўздзейнічаюць на яго, закранаюць кожнага з яго членаў па-рознаму, у залежнасці ад ступені пасвячэння, абавязкаў і актыўнага ўдзелу.

27. Заўсёды, калі абрады, згодна са сваёй сутнасцю, патрабуюць супольнай цэлебрацыі ў прысутнасці і пры актыўным удзеле вернікаў, трэба падкрэсліваць, што, калі такая цэлебрацыя магчымая, то яна мае перавагу над індывідуальнай і як бы прыватнай цэлебрацыяй.

Гэта датычыць перадусім цэлебрацыі св. Імшы і ўдзялення сакрамэнтаў, хоць кожная Імша заўсёды мае публічны і супольнасны характар.

28. У літургічных цэлебрацыях кожны, духоўны ці свецкі, выконваючы свой абавязак, павінен рабіць выключна і цалкам тое, што датычыць яго паводле самой прыроды прадмета і літургічных нормаў.

29. Міністранты, лектары, каментатары і ўдзельнікі хору таксама выконваюць сапраўдную літургічную паслугу. Таму няхай яны спаўняюць свой абавязак з такой шчырай пабожнасцю і стараннасцю, як гэта належыць узнёсламу служэнню і адпавядае слушным патрабаванням Божага народу.

Таму трэба старанна выхаваць іх у духу Літургіі, а таксама падрыхтаваць для адпаведнага і правільнага выканання ўскла­дзеных на кожнага абавязкаў.

30. Дзеля падтрымання актыўнага ўдзелу трэба заахвочваць вернікаў да выканання акламацый, рэспансорыяў, псальмаў, антыфон, песень, а таксама да дзеянняў, г. зн. да жэстаў і належнай паставы цела. У адпаведны час трэба захоўваць таксама поўнае пашаны маўчанне.

31. Падчас перагляду літургічных кніг неабходна звяртаць асаблівую ўвагу на тое, каб рубрыкі прадугледжвалі таксама ролю вернікаў.

32. Акрамя адрозненняў, якія вынікаюць з літургічнага абвязку ці пасвячэння, і акрамя знакаў пашаны, што належаць свецкім уладам згодна з нормай літургічных прадпісанняў, у Літургіі не трэба праяўляць ніякай староннасці да прыватных асоб ці пасад — ні ў цырымоніях, ні ў знешняй пышнасці.

 

В) Нормы, якія вынікаюць з дыдактычнага і пастырскага характару Літургіі

33. Хоць святая Літургія — гэта асаблівы культ, які аддаецца Божай велічы, аднак яна змяшчае таксама багаты змест для настаўлення вернага народу(34). Бо ў Літургіі Бог звяртаецца да свайго народу, Хрыстус надалей абвяшчае сваё Евангелле, а народ Божы адказвае спевам і малітвай.

Больш за тое, малітвы, скіраваныя да Бога праз святара, які кіруе сходам у асобе (in persona) Хрыста, выказваюцца ад імя ўсяго святога народу і ўсіх прысутных. Урэшце, бачныя знакі, якія выкарыстоўвае святая Літургія для абазначэння нябачных Божых спраў, былі выбраны Хрыстом ці Касцёлам. Таму не толькі калі чытаецца тое, што «напісана дзеля нашага павучання» (Рым 15, 4), але і калі Касцёл моліцца, спявае ці дзейнічае, вера ўдзельнікаў узрастае, а душы ўзносяцца да Бога, каб аддаць Яму духоўны паклон і атрымаць большую ласку.

Таму пры правядзенні аднаўлення трэба захаваць ніжэйпададзеныя агульныя нормы.

34. Абрады павінны адзначацца высакароднай прастатой, быць сціслымі і празрыстымі, пазбаўленымі бескарысных паўтораў, дастасаванымі да разумення вернікаў, каб наогул не патрабавалі доўгіх тлумачэнняў.

35. Для выразнага выяўлення ўнутранай сувязі паміж абрадам і словам у Літургіі:

1) трэба аднавіць у набажэнствах багацейшае, больш разнастайнае і лепш падабранае чытанне Святога Пісання;

2) рубрыкі павінны паказваць самае адпаведнае месца для казання, якое з’яўляецца часткай літургічнага дзеяння, калі дадзены абрад яго дапускае. Вельмі старанна і належным чынам трэба выконваць абавязак абвяшчэння казанняў. Свой змест яны павінны чэрпаць перадусім з крыніц Святога Пісання і Літургіі, бо яна з’яўляецца ў пэўным сэнсе абвяшчэннем Божых цудаў у гісторыі збаўлення, гэта значыць у Хрыстовай таямніцы, якая заўжды прысутнічае і дзейнічае ў нас, асабліва ў літургічных абрадах;

3) таксама трэба ўсяляк падкрэсліваць катэхезу, якая непасрэдна датычыць Літургіі, а ў саміх абрадах пры неабходнасці прадугледзець кароткія павучэнні святара ці іншай кампетэнтнай асобы, якія гаворацца толькі ў больш адпаведныя моманты, выкарыстоўваючы прадпісаныя выказванні або іншыя, падобныя ім;

4) трэба падтрымліваць цэлебрацыю святой Літургіі Божага слова ў вігілію ўрачыстасцяў, у некаторыя дні Адвэнту і Вялікага посту, а таксама ў нядзелі і святы, асабліва ў мясцовасцях, дзе няма святара. У такім выпадку набажэнствам павінен кіраваць дыякан ці іншая асоба, дэлегаваная біскупам.

36. § 1. У лацінскіх абрадах захоўваецца выкарыстанне лацінскай мовы, за выключэннем выпадкаў, вызначаных мясцовым правам.

§ 2. Аднак, паколькі ў св. Імшы, пры цэлебрацыі сакрамэнтаў і ў іншых частках Літургіі выкарыстанне нацыянальнай мовы нярэдка можа быць вельмі карысным для вернікаў, яе можна шырэй выкарыстоўваць, асабліва ў чытаннях і настаўленнях, у некаторых малітвах і спевах адпаведна нормам, якія ў гэтай справе будуць дэталёва акрэслены ў наступных раздзелах.

§ 3. Пры захаванні гэтых нормаў прыняцце рашэння аб тым, ці ўводзіць нацыянальную мову і ў якой ступені, уваходзіць у кампетэнцыю тэрытарыяльнай касцёльнай улады, згаданай у арт. 22 § 2; калі суседнія рэгіёны выкарыстоўваюць тую ж мову, неабходна параіцца з іх біскупамі. Гэтае рашэнне павінна быць зацверджана Апостальскай Сталіцай.

§ 4. Пераклад лацінскага тэксту на нацыянальную мову для літургічнага выкарыстання павінен быць зацверджаны кампетэнтнай тэрытарыяльнай касцёльнай уладай, згаданай вышэй.

 

Г) Нормы дастасавання Літургіі да характару і традыцыі народаў

37. У справах, якія не датычаць веры ці агульнага дабра, Касцёл не хоча навязваць строгай і аднастайнай формы нават у Літургіі. Наадварот, ён падтрымлівае і развівае духоўныя каштоўнасці і таленты розных плямёнаў і народаў; тое, што ў нацыянальных звычаях не звязана непарыўна з забабонамі і памылкамі, прыхільна ацэньвае і, пры магчымасці, цалкам захоўвае, а часам нават прымае ў саму Літургію, калі толькі гэта адпавядае яе правільнаму і аўтэнтычнаму духу.

38. Пры захаванні сутнаснай еднасці рымскага абраду трэба дапусціць апраўданыя адрозненні і дастасаванні да розных супольнасцяў, рэгіёнаў і народаў, асабліва на місіях, а таксама пры пераглядзе і выпраўленні літургічных кніг. Гэты прынцып трэба прымаць пад увагу пры ўкладанні абрадаў і рубрык.

39. У межах, устаноўленых узорным выданнем літургічных кніг, у кампетэнцыю тэрытарыяльнай касцёльнай улады, згаданай у арт. 22 § 2, будзе ўваходзіць акрэсленне спосабу дастасавання, асабліва калі гаворка ідзе пра сакрамэнты, сакрамэнталіі, працэсіі, літургічную мову, музыку і касцёльнае мастацтва, аднак заўсёды паводле асноўных прынцыпаў, пададзеных у гэтай Канстытуцыі.

40. Аднак, паколькі ў розных месцах і абставінах прыспешвае патрэба глыбейшага дастасавання Літургіі, што, у сваю чаргу, павялічвае цяжкасці, то:

1) Кампетэнтная тэрытарыяльная касцёльная ўлада, згаданая ў арт. 22 § 2, павінна старанна і разважліва абдумаць, што ў гэтай сферы можна прыняць у Божы культ з традыцыі і характару паасобных народаў. Дастасаванні, якія будуць прызнаныя карыснымі ці неабходнымі, трэба прадставіць Апостальскай Сталіцы і, атрымаўшы яе згоду, увесці.

2) Каб дастасаванне адбывалася з належнай абачлівасцю, Апостальская Сталіца пры неабходнасці можа даць той жа тэрытарыяльнай касцёльнай уладзе паўнамоцтвы, каб яна дазволіла на вызначаны час правядзенне неабходных выпрабаванняў у адпаведных для гэтага групах і кіравала імі.

3) Паколькі дастасаванне літургічных прадпісанняў часта звязана з адмысловымі цяжкасцямі, асабліва на місіях, таму ў распрацоўцы гэтых прадпісанняў павінны дапамагаць эксперты ў дадзенай галіне.

 

ІV. Развіццё літургічнага жыцця ў дыяцэзіі і парафіі

41. Біскупа трэба лічыць першасвятаром ягонай паствы, бо ад яго ў пэўнай ступені паходзіць і залежыць хрысціянскае жыццё яго вернікаў.

Таму ўсе павінны высока цаніць літургічнае жыццё дыяцэзіі, сканцэнтраванае вакол біскупа, асабліва ў катэдральным касцёле; павінны быць перакананыя, што Касцёл выяўляецца перадусім праз поўны і актыўны ўдзел усяго святога народу Божага ў адных і тых жа літургічных цэлебрацыях, асабліва ў адной і той жа Эўхарыстыі, у адной малітве, пры адным алтары пад кіраўніцтвам біскупа ў акружэнні прэзбітэраў і слуг алтара(35).

42. Паколькі біскуп у сваім Касцёле не можа асабіста заўсёды і ўсюды кіраваць усёй паствай, ён павінен абавязкова ўтварыць групы вернікаў, сярод якіх першае месца займаюць парафіі, за­цверджаныя ў розных месцах пад кіраўніцтвам пастыра, які замяняе біскупа. Яны такім чынам прадстаўляюць бачны Касцёл, устаноўлены на ўсёй зямлі.

Таму ў розумах і практыцы вернікаў і духавенства трэба паглыбляць літургічнае жыццё парафіі і яе сувязь з біскупам; у той жа час трэба імкнуцца развіваць пачуццё парафіяльнай супольнасці, асабліва ў сумеснай цэлебрацыі нядзельнай Імшы.

 

V. Развіццё літургічнага пастырства

43. Клопат пра развіццё і аднаўленне святой Літургіі павінен заслужана лічыцца знакам прадбачлівых Божых планаў адносна нашай эпохі, дзеяннем Духа Святога ў Яго Касцёле. Гэта надае характэрную адметнасць жыццю Касцёла, а таксама ўсёй сучаснай рэлігійнай думцы і дзейнасці.

Таму для далейшай падтрымкі ў Касцёле літургічнага пастырства Святы Сабор вырашае наступнае.

44. Будзе мэтазгодным, каб кампетэнтная тэрытарыяльная ўлада, згаданая ў арт. 22 § 2, стварыла Літургічную камісію, з якой бы супрацоўнічалі знаўцы рэлігіі, касцёльнай музыкі і мастацтва, а таксама пастырства. Калі магчыма, няхай гэтай Камісіі дапамагае Інстытут літургічнага пастырства, у склад якога пры неабходнасці могуць уваходзіць таксама выдатныя свецкія эксперты гэтай справы. Задача Камісіі заключаецца ў тым, каб, падпарадкоўваючыся вышэйзгаданай тэрытарыяльнай касцёльнай уладзе, кіраваць на падуладнай ёй тэрыторыі літургічным пастырствам, праводзіць даследаванні і неабходныя эксперыменты тады, калі гаворка будзе ісці аб прадстаўленні Апостальскай Сталіцы прапанаваных дастасаванняў.

45. З той жа прычыны неабходна стварыць Літургічную камісію ў паасобных дыяцэзіях для развіцця літургічнай дзейнасці пад кіраўніцтвам біскупа.

Часам будзе мэтазгодным, каб некалькі дыяцэзій утварылі адну Камісію дзеля ўзгодненага развіцця літургічнай справы.

46. Акрамя Літургічнай камісіі ў кожнай дыяцэзіі трэба пры магчымасці стварыць таксама Камісію касцёльнай музыкі і Камісію сакральнага мастацтва.

Неабходна, каб гэтыя тры Камісіі супрацоўнічалі паміж сабою; больш за тое, нярэдка будзе пажаданым аб’яднаць іх у адну Камісію.

Раздзел ІІ

ТАЯМНІЦА НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ЭЎХАРЫСТЫІ

47. Наш Збаўца падчас Апошняй Вячэры ў тую ноч, калі быў здраджаны, устанавіў эўхарыстычную Ахвяру свайго Цела і Крыві, каб у ёй на вякі, да свайго прыйсця, умацаваць Ахвяру Крыжа і такім чынам даручыць Касцёлу — сваёй умілаванай абранніцы — успамін сваёй Мукі і Уваскрасення: сакрамэнт міласэрнасці, знак еднасці, повязь любові(36), пасхальную гасціну, «на якой спажываецца Хрыстус, на якой душа напаўняецца ласкай і нам даецца задатак будучай славы»(37).

48. Таму Касцёл рупліва клапоціцца аб тым, каб хрысціяне падчас гэтай таямніцы веры прысутнічалі не як староннія маўклівыя гледачы, але каб праз абрады і малітву добра разумелі гэтую таямніцу і каб свядома, пабожна і актыўна ўдзельнічалі ў сакральным дзеянні. Яны павінны выхоўвацца Божым словам, падмацоўвацца са стала Божага Цела і дзякаваць Богу. Прыносячы беззаганную Ахвяру не толькі праз рукі святара, але і разам з ім, яны павінны вучыцца прыносіць у ахвяру саміх сябе і праз пасрэдніцтва Хрыста з кожным днём удасканальвацца ў еднасці з Богам і паміж сабой(38), каб урэшце Бог быў усім ува ўсіх.

49. Таму, каб ахвяра св. Імшы дасягнула поўнай пастырскай дасканаласці таксама праз абрадавую форму, Святы Сабор, прымаючы пад увагу Імшу, што цэлебруецца з удзелам вернікаў, асабліва ў нядзелі і святы, вырашае наступнае.

50. Парадак Імшы неабходна перагледзець так, каб больш выразна выяўляўся ўласны характар усіх яе частак і іх узаемасувязь, а таксама каб аблегчыць вернікам пабожны і актыўны ўдзел.

З гэтай мэтай абрады неабходна спрасціць, дакладна захоўваючы іх сутнасць; трэба скасаваць тое, што з цягам часу стала паўторам ці дадаткам без асаблівай карысці. Затое пэўныя элементы, страчаныя цягам вякоў, неабходна вярнуць згодна з даўняй традыцыяй айцоў Касцёла, калі гэта будзе карысна ці неабходна.

51. Каб падрыхтаваць для вернікаў багацейшы стол Божага слова, трэба шырэй адчыніць біблійныя скарбніцы, каб у адпаведны адрэзак гадоў народу чыталася важнейшая частка Святога Пісання.

52. Як частка самой Літургіі вельмі рэкамендуецца гамілія, у якой на працягу літургічнага года выкладаецца на падставе святых тэкстаў таямніца веры і прынцыпы хрысціянскага жыцця. Без сур’ёзнай прычыны яе нельга прапускаць у Імшах, якія цэлебруюцца ў нядзелі і святы з абавязковым удзелам вернікаў.

53. Пасля Евангелля і гаміліі трэба аднавіць «агульную малітву», або «малітву вернікаў», асабліва ў нядзелі і абавязковыя святы, каб з удзелам вернікаў адбываліся малітвы за святы Касцёл, за тых, хто намі кіруе, за тых, хто знаходзіцца ў розных патрэбах, а таксама за ўсіх людзей і за збаўленне ўсяго свету(39).

54. Згодна з арт. 36 дадзенай Канстытуцыі, у Імшах, што цэлебруюцца з удзелам народу, можа выкарыстоўвацца нацыянальная мова, асабліва ў чытаннях і «агульнай малітве», а ў залежнасці ад мясцовых умоў нават у частках, якія датычаць народу. Аднак трэба паклапаціцца, каб вернікі ўмелі разам чытаць ці спяваць і лацінскія часткі парадку Імшы, прызначаныя для іх.

Там, дзе здасца адпаведным шырэйшае выкарыстанне нацыянальнай мовы ў св. Імшы, трэба захаваць прадпісанне арт. 40 дадзенай Канстытуцыі.

55. Настойліва рэкамендуецца той больш дасканалы спосаб удзелу ў св. Імшы, калі пасля камуніі святара вернікі спажываюць Цела Пана з той самай Ахвяры.

Захоўваючы вызначаныя Трыдэнцкім Саборам дагматычныя прынцыпы(40), у выпадках, акрэсленых Апостальскай Сталіцай, біскуп можа дазволіць св. Камунію пад дзвюма постацямі як дыяцэзіяльнаму духавенству і кансэкраваным асобам, так і свецкім, напрыклад тым, якія ў дадзенай Імшы атрымалі пасвячэнне ці далі манаскія абяцанні, або новаахрышчаным на Імшы, якая адбываецца пасля іх хросту.

56. Дзве часткі, з якіх у пэўнай ступені складаецца св. Імша, а менавіта літургія слова і эўхарыстычная літургія, так цесна звязаны паміж сабой, што складаюць адзін акт культу. Таму Святы Сабор настойліва заахвочвае пастыраў, каб у катэхезе яны старанна вучылі вернікаў удзелу ва ўсёй св. Імшы, асабліва ў нядзелі і абавязковыя святы.

57. § 1. Канцэлебрацыя, якая добра паказвае еднасць святарства, аж да сённяшняга дня засталася ва ўжытку Касцёла на Усходзе і на Захадзе. Таму Сабор пастанавіў пашырыць права канцэлебрацыі на наступныя выпадкі:

1. а) Імша Хрызма і вечаровая Імша ў Вялікі чацвер Вячэры Пана;

б) Імшы, што цэлебруюцца на Саборах, сходах біскупаў і Сінодах;

в) Імша, на якой адбываецца благаслаўленне абата.

2. Акрамя таго, з дазволу ардынарыя, які павінен вырашаць, ці пажадана канцэлебрацыя:

а) на канвентуальнай Імшы і на галоўнай Імшы ў касцёлах, калі карысць вернікаў не патрабуе паасобнай цэлебрацыі ўсіх прысутных святароў;

б) падчас Імшы на розных сходах дыяцэзіяльных святароў ці святароў-манахаў.

§ 2. 1. Абавязак біскупаў — кіраваць дысцыплінай канцэлебрацыі ў дыяцэзіі.

2. Аднак для кожнага святара заўсёды павінна захоўвацца магчымасць асобна цэлебраваць св. Імшу, але не адначасова з канцэлебрацыяй і не ў адным і тым жа касцёле, а таксама не ў Вялікі чацвер Вячэры Пана.

58. Трэба ўкласці новы абрад канцэлебрацыі і размясціць яго ў Пантыфікале і Рымскім Імшале.

 

Раздзел ІІІ

ІНШЫЯ САКРАМЭНТЫ І САКРАМЭНТАЛІІ

59. Сакрамэнты прызначаны для асвячэння людзей, будавання Хрыстовага цела і, урэшце, для пакланення Богу. Як знакі яны павінны таксама павучаць. Сакрамэнты не толькі прадугледжваюць веру, але пры дапамозе слоў і рэчаў жывяць, умацоўваюць і выяўляюць яе, таму яны называюцца сакрамэнтамі веры. Яны ўдзяляюць ласкі, але іх цэлебрацыя таксама найлепш рыхтуе вернікаў да плённага прыняцця гэтай ласкі, да належнага ўшанавання Бога і практыкавання любові.

Таму важна, каб вернікі з лёгкасцю разумелі сакрамэнтальныя знакі і як мага часцей прымалі сакрамэнты, устаноўленыя для ўмацавання хрысціянскага жыцця.

60. Акрамя таго, святая Маці-Касцёл устанавіў сакрамэнталіі. Гэта святыя знакі, праз якія, з пэўным падабенствам да сакрамэнтаў, абазначаюцца і дзякуючы малітве Касцёла дасягаюцца пераважна духоўныя вынікі. Яны рыхтуюць людзей да плённага прыняцця сакрамэнтаў і асвячаюць розныя абставіны жыцця.

61. Такім чынам літургія сакрамэнтаў і сакрамэнталіяў амаль кожную падзею жыцця адпаведна падрыхтаваных вернікаў асвячае ласкай, якая паходзіць з Пасхальнай таямніцы Мукі, Смерці і Уваскрасення Хрыста, з якой усе сакрамэнты і сакрамэнталіі чэрпаюць сваю моц; такім чынам амаль кожнае годнае выкарыстанне матэрыяльных рэчаў можа быць скіравана на асвячэнне чалавека і праслаўленне Бога.

62. Паколькі з цягам вякоў у абрады сакрамэнтаў і сакрамэнталіяў пранікалі элементы, якія ў наш час недастаткова выразна выяўляюць іх сутнасць і мэту, і паколькі многія з іх неабходна дастасаваць да патрэб нашага часу, Святы Сабор вызначае наступныя прынцыпы іх перагляду.

63. Паколькі нярэдка пры здзяйсненні сакрамэнтаў і сакрамэнталіяў можа быць вельмі карысным выкарыстанне нацыянальнай мовы, яе трэба шырэй выкарыстоўваць паводле наступных нормаў:

а) пры ўдзяленні сакрамэнтаў і сакрамэнталіяў можна выкарыстоўваць нацыянальную мову паводле арт. 36;

б) паводле новага выдання Рымскага Рытуала кампетэнтная тэрытарыяльная касцёльная ўлада, згаданая ў арт. 22 § 2 гэтай Канстытуцыі, павінна як мага хутчэй падрыхтаваць нацыянальныя рытуалы, дастасаваныя да мясцовых патрэб таксама ў тым, што датычыць мовы. Пасля зацвярджэння Апостальскай Сталіцай іх трэба ўжываць у рэгіёнах, для якіх яны прызначаюцца. Пры ўкладанні гэтых рытуалаў ці асобных зборнікаў абрадаў нельга прапускаць змешчаных у Рымскім Ры­туале перад кожным абрадам інструкцый, якія маюць пастыр­скае і літургічнае або асаблівае грамадскае значэнне.

64. Трэба аднавіць розныя ступені катэхумэнату дарослых, пакідаючы яго ўвядзенне ва ўжытак рашэнню мясцовага ардынарыя. Дзякуючы гэтаму час катэхумэнату, прызначаны для адпаведнай фармацыі катэхумэнаў, будзе асвячаны праз паслядоўна выкананыя літургічныя абрады.

65. У місійных краінах, акрамя таго, што змяшчае хрысціянская традыцыя, можна таксама дапусціць тыя элементы ўтаямнічання з ужытку дадзенага народу, якія можна дастасаваць да хрысціянскіх абрадаў згодна з арт. 37–40 дадзенай Канстытуцыі.

66. Трэба перагледзець абодва абрады хросту дарослых, звычайны і ўрачысты, з улікам адноўленага катэхумэнату, а ў Рымскім Імшале змясціць спецыяльную Імшу «Пры ўдзяленні хросту».

67. Абрад хросту дзяцей трэба перагледзець і дастасаваць да сапраўднага стану немаўлят. У самім абрадзе трэба таксама падкрэсліць ролю і абавязкі бацькоў дзіцяці і хросных бацькоў.

68. У абрадзе хросту трэба прадугледзець змены, якія з дазволу мясцовага ардынарыя можна было б выкарыстоўваць пры большай колькасці кандыдатаў. Трэба таксама скласці карацейшы абрад хросту, якім маглі б карыстацца перадусім катэхеты ў місійных краінах і наогул вернікі, якія ўдзяляюць хрост у небяспецы смерці, калі адсутнічае святар ці дыякан.

69. Замест абраду, які называецца «Дапаўненне абраду хросту дзіцяці», трэба скласці новы. Ён павінен больш выразна і відавочна ўказваць, што дзіця, ахрышчанае паводле скарочанага абраду, ужо прынятае ў Касцёл.

Для асоб, ужо сапраўдна ахрышчаных, якія навяртаюцца на каталіцызм, трэба скласці новы абрад, які б выяўляў іх прыняцце ў супольнасць Касцёла.

70. Па-за Велікодным перыядам ваду для хросту можна асвяціць падчас абраду хросту, выкарыстоўваючы скарочаную формулу.

71. Абрад канфірмацыі трэба перагледзець так, каб выразней выявілася цесная сувязь гэтага сакрамэнту з усім хрысціянскім утаямнічаннем. Таму неабходна, каб прыняццю гэтага сакрамэнту папярэднічала аднаўленне абяцанняў хросту.

Пры патрэбе канфірмацыю можна ўдзяліць падчас св. Імшы. Для абраду па-за Імшой трэба падрыхтаваць уводную формулу.

72. Абрад і формулу пакаяння трэба так перагледзець, каб яны выразней выяўлялі сутнасць і вынік гэтага сакрамэнту.

73. «Апошняе намашчэнне», якое таксама можна (і нават лепш) назваць «намашчэннем хворых», не з’яўляецца сакрамэнтам, прызначаным толькі для тых, хто знаходзіцца ў крайняй небяспецы смерці. Адпаведны час для прыняцця гэтага сакрамэнту настае тады, калі верніку пагражае смерць з прычыны хваробы ці старасці.

74. Акрамя асобных абрадаў намашчэння хворых і Віятыку трэба скласці працяглы абрад, у якім намашчэнне будзе ўдзяляцца хвораму пасля споведзі і перад прыняццем Віятыку.

75. Колькасць намашчэнняў трэба дастасаваць да абставін, а малітвы, якія ўваходзяць у склад абраду намашчэння хворых, перапрацаваць так, каб яны адпавядалі розным станам хворых, якія прымаюць гэты сакрамэнт.

76. Абрад пасвячэння трэба перагледзець у тым, што датычыць і цырымоній, і тэкстаў. Прамова біскупа ў пачатку кожнага пасвячэння ці кансэкрацыі можа быць сказана на нацыянальнай мове.

Падчас біскупскай кансэкрацыі ўсе прысутныя біскупы могуць ускладаць рукі.

77. Змешчаны ў Рымскім Рытуале абрад сужэнства трэба перагледзець і ўзбагаціць такім чынам, каб ён відавочней выяўляў ласку сакрамэнту і падкрэсліваў абавязкі сужэнцаў.

«Калі якія-небудзь рэгіёны... выкарыстоўваюць іншыя вартыя пахвалы звычаі і цырымоніі» пры заключэнні сакрамэнту сужэнства, «Святы Сабор вельмі жадае, каб яны былі захаваныя»(41).

Акрамя таго, кампетэнтнай тэрытарыяльнай касцёльнай уладзе, згаданай у арт. 22 § 2 дадзенай Канстытуцыі, згодна з нормай арт. 63 даецца магчымасць падрыхтаваць уласны абрад, дастасаваны да мясцовых і нацыянальных звычаяў, аднак сцісла захоўваючы прадпісанне, каб асістуючы святар патрабаваў выражэння згоды бакоў і прымаў яе.

78. Як правіла, сакрамэнт сужэнства трэба цэлебраваць падчас св. Імшы, пасля чытання Евангелля і гаміліі, перад «малітвай вернікаў». Малітву над маладой трэба адпаведным чынам выправіць, каб яна выражала роўныя абавязкі ўзаемнай вернасці абодвух сужэнцаў. Чытаць яе можна на нацыянальнай мове.

Калі сакрамэнт сужэнства цэлебруецца па-за св. Імшой, у пачатку абраду трэба прачытаць Эпісталу і Евангелле з Імшы за нарачоных. Благаслаўленне ім неабходна ўдзяляць заўсёды.

79. Сакрамэнталіі трэба перагледзець у духу галоўнага прынцыпу свядомага, актыўнага і даступнага ўдзелу вернікаў і з улікам сучасных патрэб. Пры рэфармаванні рытуалаў згодна з арт. 63 па меры неабходнасці можна дадаць таксама новыя сакрамэнталіі.

Благаслаўленні, якія могуць даваць толькі вызначаныя асобы, павінны быць нешматлікімі і адведзенымі толькі біскупам і ардынарыям.

Трэба прадугледзець магчымасць удзялення некаторых сакрамэнталіяў, прынамсі ў выключных выпадках і са згоды ардынарыя, свецкімі, якія маюць адпаведную падрыхтоўку.

80. Трэба перагледзець абрад кансэкрацыі дзеў, змешчаны ў Рымскім Пантыфікале.

Акрамя таго, неабходна скласці абрад давання манаскіх абяцанняў і іх аднаўлення, які б паспрыяў большай аднастайнасці, прастаце і годнасці; яго павінны прыняць тыя, хто падчас св. Імшы даюць ці аднаўляюць абяцанні, аднак з захаваннем мясцовага права.

Пахвальным з’яўляецца звычай даваць манаскія абяцанні падчас св. Імшы.

81. Абрад пахавання павінен відавочней выяўляць пасхальны характар смерці хрысціяніна і лепш адпавядаць умовам і традыцыям паасобных рэгіёнаў, таксама і ў тым, што датычыць літургічнага колеру.

82. Трэба перагледзець абрад пахавання дзяцей і дадаць да яго ўласную Імшу.

 

Раздзел IV

БОЖЫ АФІЦЫЙ

83. Найвышэйшы Святар Новага і вечнага Запавету, Езус Хрыстус, прымаючы чалавечую натуру, прынёс у гэта зямное выгнанне той гімн, які ва ўсе вякі гучыць у нябесных святынях. Ён яднае з сабой усю чалавечую супольнасць, каб разам спяваць гэту боскую песню хвалы.

Святарскі абавязак Ён надалей выконвае праз свой Касцёл, які няспынна праслаўляе Бога і просіць аб збаўленні ўсяго свету не толькі праз цэлебрацыю Эўхарыстыі, але і іншымі сродкамі, асабліва праз Божы Афіцый.

84. Згодна са старажытнай хрысціянскай традыцыяй, Божы Афіцый скампанаваны так, каб асвячаць усе поры дня і ночы праз пакланенне Богу. Калі святары і іншыя асобы, прызначаныя Касцёлам, ці таксама вернікі, якія моляцца разам са святаром паводле зацверджанай формы, выконваюць гэтую цудоўную песню хвалы, тады гэта сапраўдны голас абранніцы, якая гаворыць з Абраннікам. Больш за тое, гэта малітва Хрыста і Яго цела, скіраваная да Айца.

85. Таму кожны, хто прысвячае сябе гэтай малітве, выконвае абавязак Касцёла і ў той жа час удзельнічае ў найвышэйшым гонары абранніцы Хрыста, паколькі, аддаючы Богу хвалу, стаіць перад Божым тронам у імя Маці-Касцёла.

86. Святары, занятыя святым пастырскім служэннем, будуць з большай руплівасцю чытаць Літургію гадзінаў, калі жывей будуць усведамляць, што яны павінны выконваць наказ св. Паўла: «Няспынна маліцеся» (1 Тэс 5, 17); бо толькі Пан, які сказаў: «Без Мяне нічога не можаце зрабіць» (Ян 15, 5), можа даць поспех і рост справе, над якой працуюць. Таму Апосталы, прызначаючы дыяканаў, казалі: «Мы ўвесь час будзем трываць у малітве і служэнні слова» (Дз 6, 4).

87. Каб ва ўсіх умовах святары і іншыя члены Касцёла маглі лепш і больш дасканала здзяйсняць Божы Афіцый, Святы Сабор, працягваючы аднаўленне, паспяхова распачатае Апостальскай Сталіцай, прыняў наступныя пастановы наконт Афіцыя паводле рымскага абраду.

88. Паколькі мэта Афіцыя — гэта асвячэнне дня, то традыцыйны расклад Гадзінаў трэба аднавіць такім чынам, каб па меры магчымасці яны адпавядалі порам дня. Трэба таксама ўлічыць сучасныя ўмовы жыцця, у якіх знаходзяцца перадусім асобы, адданыя апостальскім працам.

89. Такім чынам, у аднаўленні Афіцыя павінны захоўвацца наступныя нормы:

а) згодна з шанаванай традыцыяй усяго Касцёла галоўнымі гадзінамі штодзённага Афіцыя трэба лічыць Ютрань (ранішнюю малітву) і Нешпары (вечаровую малітву) і адпаведна іх цэлебраваць;

б) Камплету трэба скласці так, каб яна добра адпавядала заканчэнню дня;

в) хоць Гадзіна, якая называецца Ранішняй, захоўвае ў хоры характар начной малітвы, яе трэба перапрацаваць так, каб яна магла чытацца ў любую пару дня; яна павінна змяшчаць меншую колькасць псальмаў і даўжэйшыя чытанні;

г) трэба скасаваць Першую гадзіну;

д) у хоры захоўваюцца меншыя Гадзіны: Трэцяя, Шостая і Дзевятая. Па-за хорам можна выбраць адну з іх, больш адпаведную дадзенай пары дня.

90. Паколькі Афіцый як публічная малітва Касцёла з’яўляецца крыніцай пабожнасці і падмацаваннем асабістай малітвы, святары і іншыя ўдзельнікі Афіцыя заклікаюцца ў Пану выконваць яго так, каб думкі адпавядалі словам. Для лепшага дасягнення гэтай мэты няхай імкнуцца да глыбейшага пазнання Літургіі і Святога Пісання, асабліва псальмаў.

Пры правядзенні рэформы трэба так перагледзець гэтую шанаваную векавую скарбніцу рымскага Афіцыя, каб усе, каму ён даручаецца, маглі багацей і лягчэй карыстацца ім.

91. Каб сапраўды можна было захаваць парадак Гадзінаў, пададзены ў арт. 89, псальмы неабходна размеркаваць не на адзін тыдзень, а на даўжэйшы перыяд часу.

Паспяхова распачатую справу перагляду Псалтыра трэба завяршыць як мага хутчэй, захоўваючы павагу да хрысціянскай лацінскай мовы, да яе літургічнага выкарыстання, таксама ў спевах, і да ўсёй традыцыі Лацінскага Касцёла.

92. Што датычыць чытанняў, трэба захаваць наступнае:

а) чытанні Святога Пісання трэба размеркаваць так, каб скарбы Божага слова можна было пазнаць з лёгкасцю і больш поўна;

б) лепш падабраць чытанні з твораў айцоў, доктараў і касцёльных аўтараў;

в) апісанні мучаніцтва і жыцці святых трэба ўзгадніць з гістарычнай праўдай.

93. Гімнам, наколькі здасца адпаведным, трэба вярнуць першапачатковую форму, адкідаючы ці змяняючы ўсё, што патыхае міфалогіяй ці не адпавядае хрысціянскай пабожнасці. Па меры неабходнасці трэба прыняць таксама іншыя гімны, якія знаходзяцца ў зборніках.

94. Для сапраўднага асвячэння дня і чытання Гадзінаў з духоўнай карысцю рэкамендуецца захоўваць час, найбольш набліжаны да пары, уласцівай кожнай кананічнай Гадзіне.

95. Акрамя канвентуальнай Імшы, штодзённа чытаць у хоры Божы Афіцый павінны супольнасці, абавязаныя маліцца ў хоры, а менавіта:

а) ордэны канонікаў, манахаў і манашак, а таксама іншыя асобы, абавязаныя правам ці канстытуцыяй маліцца ў хоры, — увесь Афіцый;

б) катэдральныя ці калегіяльныя капітулы — тыя часткі Афіцыя, якія ўскладае на іх агульнае ці мясцовае права;

в) усе члены вышэйзгаданых супольнасцяў, якія прынялі вышэйшае пасвячэнне ці далі ўрачыстыя абяцанні, за выключэннем канверсаў*, павінны індывідуальна прачытаць тыя кананічныя Гадзіны, якіх не цэлебравалі ў хоры.

96. Не абавязаныя да хору духоўныя вышэйшага пасвячэння павінны штодзённа чытаць увесь Афіцый супольна ці індывідуальна паводле нормы арт. 89.

97. Магчымыя замены Божага Афіцыя літургічным дзеяннем павінны быць акрэслены ў рубрыках.

У асаблівых выпадках і з важнай прычыны ардынарыі могуць цалкам ці часткова вызваляць сваіх падначаленых ад абавязку чытаць Афіцый або замяніць гэты абавязак на іншы.

98. Члены любога Інстытута кансэкраванага жыцця, якія згодна са сваімі Канстытуцыямі чытаюць некаторыя часткі Афіцыя, здзяйсняюць публічную малітву Касцёла.

Зноў жа, яны здзяйсняюць публічную малітву Касцёла, калі згодна са сваімі Канстытуцыямі чытаюць які-небудзь малы Афіцый, калі толькі ён складзены на ўзор Божага Афіцыя і належным чынам зацверджаны.

99. Паколькі Божы Афіцый — гэта голас Касцёла, гэта значыць усяго Містычнага цела, якое публічна праслаўляе Бога, рэкамендуецца, каб не абавязаныя да хору духоўныя, асабліва тыя, якія вядуць жыццё ў супольнасці, ці сабраныя з нейкай нагоды святары, чыталі супольна прынамсі нейкую частку Афіцыя.

Кожны, хто чытае Афіцый у хоры ці супольна, павінен як мага дасканалей выконваць даручанае яму заданне як з унутранай пабожнасцю, так і са знешняй стараннасцю.

Акрамя таго, рэкамендуецца, каб у хоры ці супольнасці Афіцый па магчымасці спяваўся.

100. Пастыры павінны клапаціцца, каб у нядзелі і ўрачыстыя святы ў касцёлах з удзелам вернікаў цэлебраваліся галоўныя Гадзіны, асабліва Нешпары. Рэкамендуецца, каб і свецкія чыталі Афіцый ці са святарамі, ці на сваіх сходах, ці нават індывідуальна.

101. § 1. Паводле векавой традыцыі лацінскага абраду духоўныя павінны захаваць у Афіцыі лацінскую мову. Аднак тым духоўным, для якіх лацінская мова ўяўляе сур’ёзную перашкоду ў належным чытанні Афіцыя, ардынарый можа ў асобных выпадках дазволіць выкарыстанне перакладу на нацыянальную мову, зробленага згодна з арт. 36.

§ 2. Правамоцны настаяцель можа дазволіць выкарыстанне ў Афіцыі нацыянальнай мовы, нават пры чытанні ў хоры, манашкам і членам Інстытутаў кансэкраванага жыцця — як мужчынам, якія не з’яўляюцца духоўнымі, так і жанчынам — пры ўмове, што пераклад зацверджаны.

§ 3. Кожны духоўны, забавязаны да Афіцыя, калі чытае яго на нацыянальнай мове з групай вернікаў або з тымі, пра каго згадвалася ў § 2, выконвае свой абавязак, калі толькі тэкст перакладу быў зацверджаны.

 

Раздзел V

ЛІТУРГІЧНЫ ГОД

102. Святая Маці-Касцёл лічыць сваім абавязкам ушаноўваць у пабожным успаміне збаўчую справу свайго боскага Абранніка ўвесь год у вызначаныя дні. Кожны тыдзень Касцёл адзначае ўспамін Уваскрасення Пана ў дзень, які назваў Панскім, а раз у год ушаноўвае Уваскрасенне Пана разам з Яго благаслаўлёнай Мукай у найвялікшае свята Пасхі.

На працягу года Касцёл адкрывае ўсю таямніцу Хрыста, пачынаючы з Уцелаўлення і Нараджэння да самага Унебаўшэсця, да дня Спаслання Духа Святога і да чакання благаслаўлёнай надзеі і прыйсця Пана.

Такім чынам святкуючы таямніцы Адкуплення, Касцёл адкрывае вернікам багацце збаўчых цнот і заслуг свайго Пана так, што яны праяўляюцца ўвесь час, каб вернікі сутыкнуліся з імі і напоўніліся ласкай збаўлення.

103. У гэтым гадавым цыкле таямніц Хрыста святы Касцёл з асаблівай любоўю ўшаноўвае Благаслаўлёную Марыю — Маці Божую, якая непарыўна звязана са збаўчай справай свайго Сына. У Ёй Касцёл захапляецца цудоўным плёнам Адкуплення, праслаўляе яго і як бы ў найчысцейшым вобразе з радасцю сузірае тое, чым увесь імкнецца і спадзяецца стаць.

104. Акрамя таго, Касцёл на працягу года ўспамінае мучанікаў і іншых святых, якія дзякуючы разнастайнай Божай ласцы дасягнулі дасканаласці і, атрымаўшы вечнае збаўленне, спяваюць Богу ў небе дасканалую хвалу і заступаюцца за нас. У гэтыя ўрачыстасці Касцёл абвяшчае Пасхальную таямніцу ў святых, што пакутавалі і праславіліся разам з Хрыстом, прадстаўляе вернікам іх прыклад, які праз Хрыста прыцягвае ўсіх да Айца, а праз іх заслугі выпрошвае Божыя дабрадзействы.

105. Урэшце, у розныя перыяды года Касцёл згодна з вучэннем традыцыі выхоўвае вернікаў праз пабожныя практыкі душы і цела, праз настаўленне, малітву, учынкі пакаяння і міласэрнасці.

Таму Святы Сабор вырашыў пастанавіць наступнае.

106. Згодна з апостальскай традыцыяй, якая пачынаецца з самага дня Уваскрасення Хрыста, Касцёл цэлебруе Пасхальную таямніцу кожны восьмы дзень, які слушна называе днём Пана, або нядзеляй. У гэты дзень вернікі павінны збірацца разам, каб слухаць Божае слова, удзельнічаць у Эўхарыстыі і, памятаючы пра Муку, Уваскрасенне і славу Пана Езуса, дзякаваць Богу, які іх «адрадзіў да жывой надзеі праз уваскрасенне Езуса Хрыста з мёртвых» (1 П 1, 3). Такім чынам, нядзеля — гэта першасны святочны дзень, і яго трэба так падкрэсліваць і прадстаўляць пабожнасці вернікаў, каб ён стаў таксама днём радасці і адпачынку ад працы. Паколькі нядзеля — гэта аснова і ядро ўсяго літургічнага года, яе нельга засланяць іншымі святкаваннямі, калі толькі яны сапраўды не маюць важнага значэння.

107. Літургічны год павінен быць перагледжаны так, каб пры захаванні ці аднаўленні традыцыйных звычаяў і практык, звязаных з літургічнымі перыядамі, згодна з умовамі нашага часу, захаваўся іх адметны характар дзеля належнага падмацавання пабожнасці вернікаў праз цэлебрацыю таямніц хрысціянскага Адкуплення, асабліва Пасхальнай таямніцы. Калі мясцовыя ўмовы патрабуюць нейкіх дастасаванняў, іх трэба правесці паводле арт. 39 і 40.

108. Пабожнасць вернікаў трэба скіроўваць перадусім на святы Пана, у якіх на працягу года святкуюцца таямніцы збаўлення. Таму асаблівыя перыяды літургічнага года павінны мець адпаведнае першынство перад урачыстасцямі святых, каб увесь цыкл таямніц збаўлення ўшаноўваўся належным чынам.

109. Як у Літургіі, так і ў катэхезе трэба прадставіць у поўным святле падвойны характар Вялікага посту. Праз напамін аб хросце ці праз падрыхтоўку да яго, а таксама праз пакаянне ён павінен настроіць вернікаў да святкавання Пасхальнай таямніцы дзякуючы больш уважліваму слуханню Божага слова і стараннай малітве. Таму:

а) трэба больш зважаць на элементы хросту, уласцівыя літургіі Вялікага посту; таксама добра будзе аднавіць некаторыя элементы з даўняй традыцыі, калі яны палічацца адпаведнымі;

б) тое ж можна сказаць і пра элементы пакаяння. У катэхезе поруч з усведамленнем грамадскіх наступстваў граху для вернікаў трэба падкрэсліць уласцівую натуру пакаяння, якая адкідае грэх як абразу Бога. Нельга абмінуць і ролю Касцёла ў справе пакаяння і асабліва вылучыць неабходнасць малітвы за грэшнікаў.

110. Велікапоснае пакаянне павінна быць не толькі ўнутраным і індывідуальным, але таксама знешнім і супольным. Улады, згаданыя ў арт. 22, павінны падтрымліваць і рэкамендаваць практыкі пакаяння, дастасаваныя да магчымасцяў нашай эпохі і розных рэгіёнаў, а таксама да жыццёвых умоў вернікаў.

Аднак няхай застанецца непарушным пасхальны пост, які трэба ўсюды захоўваць у Вялікую пятніцу Мукі і Смерці Пана і па магчымасці пашырыць яго на Вялікую суботу, каб дзякуючы гэтаму з узнёслай і адкрытай душой дасягнуць радасці нядзелі Уваскрасення.

111. Згодна з традыцыяй, Касцёл ушаноўвае святых, а таксама іх аўтэнтычныя рэліквіі і выявы. Урачыстасці святых абвяшчаюць цуды Хрыста ў Яго слугах, а вернікам даюць вартыя пераймання прыклады.

Каб урачыстасці святых не засланялі святаў, зместам якіх з’яўляюцца таямніцы збаўлення, трэба пакінуць многія гэтыя ўрачыстасці мясцовым Касцёлам, народам ці манаскім сем’ям, а на ўвесь Касцёл пашыраць толькі тыя, якія згадваюць святых сапраўды паўсюднага значэння.

 

Раздзел VI

САКРАЛЬНАЯ МУЗЫКА

112. Музычная традыцыя ўсяго Касцёла як бясцэнны скарб узвышаецца над іншымі відамі мастацтва найперш дзякуючы таму, што сакральны спеў, злучаны са словамі, з’яўляецца неад’емнай часткай урачыстай Літургіі.

Сапраўды, сакральныя спевы ўзносіла як Святое Пісанне(42) , так і святыя айцы і Рымскія Пантыфікі, якія ў наш час, пачынаючы ад св. Пія Х, вельмі выразна акрэслівалі службовую функцыю музыкі ў сакральным служэнні.

Таму сакральная музыка будзе тым больш святой, чым цясней будзе звязана з літургічным дзеяннем, ці мілагучней выражаючы малітву, ці спрыяючы аднадумству, ці надаючы святым абрадам большую ўрачыстасць. Касцёл жа прызнае ўсе формы сапраўднага мастацтва і дапускае іх да Божага культу, калі толькі яны надзелены адпаведнымі якасцямі.

Такім чынам Святы Сабор, захоўваючы прынцыпы і прадпісанні касцёльнай традыцыі і дысцыпліны, а таксама прымаючы пад увагу мэту сакральнай музыкі, якая заключаецца ў праслаўленні Бога і асвячэнні вернікаў, пастанаўляе наступнае.

113. Літургічнае дзеянне атрымлівае больш годную форму, калі Божае служэнне адбываецца ўрачыста: са спевам, з удзелам асісты і з актыўным удзелам народу.

Што датычыць мовы, трэба захаваць прадпісанні арт. 36; што датычыць св. Імшы — арт. 54; што датычыць сакрамэнтаў — арт. 63; што датычыць Божага Афіцыя — арт. 101.

114. З найвялікшым клопатам трэба захоўваць і аберагаць скарбніцу сакральнай музыкі. Трэба старанна падтрымліваць гурты спевакоў, асабліва пры катэдральных касцёлах; а біскупы і іншыя пастыры павінны рупліва клапаціцца, каб у любым спяваным літургічным дзеянні ўсе вернікі маглі актыўна ўдзельнічаць уласцівым ім чынам, згодна з нормай арт. 28 і 30.

115. Трэба надаваць вялікае значэнне тэарэтычнай і практычнай музычнай падрыхтоўцы ў семінарыях, навіцыятах, мужчынскіх і жаночых манаскіх установах, а таксама ў іншых каталіцкіх навучальных установах і школах. Каб даць такую адукацыю, трэба старанна рыхтаваць настаўнікаў для навучання сакральнай музыцы.

Больш за тое, рэкамендуецца ствараць вышэйшыя навучальныя ўстановы касцёльнай музыкі.

Музыканты, спевакі, перадусім хлопцы, павінны таксама атрымаць сапраўдную музычную адукацыю.

116. Касцёл прызнае грыгарыянскі спеў за ўласцівы для рымскай Літургіі. Таму ў літургічных дзеяннях ён павінен займаць першае месца сярод іншых разнавіднасцяў спеву.

Не выключаныя з Божага служэння іншыя віды сакральнай музыкі, асабліва паліфонія, калі толькі яны адпавядаюць духу літургічнага дзеяння, згодна з арт. 30.

117. Трэба завяршыць выданне ўзорных кніг грыгарыянскага спеву, а нават падрыхтаваць больш крытычнае выданне кніг, апублікаваных ужо пасля рэформы св. Пія Х.

Рэкамендуецца таксама падрыхтаваць выданне, якое б змяшчала лягчэйшыя мелодыі для ўжытку ў меншых касцёлах.

118. Трэба старанна апякаць народны сакральны спеў, каб галасы вернікаў маглі гучаць падчас набажэнстваў і нават падчас літургічных дзеянняў згодна з прынцыпамі і прадпісаннямі рубрык.

119. Паколькі ў некаторых рэгіёнах, асабліва на місіях, жывуць народы, для рэлігійнага і грамадскага жыцця якіх вялікае значэнне мае іх уласная музычная традыцыя, то трэба ставіцца да гэтай музыкі з пашанай і адвесці ёй адпаведнае месца ў фарміраванні рэлігійнага пачуцця гэтых народаў, а таксама ў дастасаванні культу да іх характару, згодна з арт. 39 і 40.

Таму ў музычнай адукацыі місіянераў трэба старанна клапаціцца аб тым, каб па магчымасці яны былі здольныя падтрымаць традыцыйную музыку гэтых народаў як у школах, так і ў сакральных дзеяннях.

120. У Лацінскім Касцёле трэба мець у вялікай пашане трубныя арганы як традыцыйны музычны інструмент, гучанне якога надае велічнасць касцёльным цырымоніям і ўзносіць розумы вернікаў да Бога і нябесных спраў.

Іншыя ж інструменты можна дапусціць да Божага культу па рашэнні і са згоды кампетэнтнай тэрытарыяльнай улады, паводле нормы арт. 22 § 2, 37 і 40, калі яны прыдатныя ці могуць быць дастасаваныя да сакральнага ўжытку, калі адпавядаюць годнасці святыні і сапраўды спрыяюць духоўнаму ўзрастанню вернікаў.

121. Музыканты, напоўненыя хрысціянскім духам, павінны адчуваць, што яны пакліканы да культывавання сакральнай музыкі і ўзбагачэння яе скарбу.

Няхай складаюць мелодыі, якія будуць мець рысы сапраўднай сакральнай музыкі, прыдатныя не толькі для вялікіх гуртоў спевакоў, але таксама для меншых, і будуць спрыяць актыўнаму ўдзелу ўсяго сходу вернікаў.

Прызначаныя для сакральнага спеву тэксты павінны адпавядаць каталіцкаму вучэнню. Чэрпаць іх трэба перадусім са Святога Пісання і літургічных крыніц.

 

Раздзел VII

САКРАЛЬНАЕ МАСТАЦТВА І ЛІТУРГІЧНЫЯ ПРЫНАЛЕЖНАСЦІ

122. Да самых высакародных практык чалавечага таленту справядліва залічваецца выяўленчае мастацтва, асабліва рэлігійнае мастацтва і яго вяршыня — сакральнае мастацтва. Па сваёй сутнасці яно імкнецца пэўным чынам выявіць у чалавечай гісторыі бясконцую Божую красу. Яно тым больш прысвечана Богу і памнажэнню Яго культу і хвалы, чым больш скіроўваецца выключна на тое, каб сваімі справамі садзейнічаць пабожнаму вяртанню чалавечых душаў да Бога.

З гэтай прычыны жыццядайная Маці-Касцёл заўсёды быў прыхільны да выяўленчага мастацтва, пастаянна шукаў яго высакароднага служэння і выхоўваў мастакоў, каб звязаныя з культам прадметы як знакі і сімвалы звышпрыроднай рэчаіснасці былі годнымі, аздобнымі і прыгожымі. Касцёл справядліва заўсёды лічыў сябе суддзёй у справах мастацтва, ацэньваючы, якія з мастацкіх твораў згаджаюцца з верай, пабожнасцю і традыцыйнымі прынцыпамі і прыдаюцца да сакральнага ўжытку.

З асаблівай стараннасцю Касцёл клапаціўся аб тым, каб літургічныя прыналежнасці дастойна і прыгожа служылі красе культу, таму дапускаў такія змены ў матэрыяле, форме і аздобе, якія з цягам вякоў прыносіў тэхнічны прагрэс.

З гэтай прычыны Айцы Сабору вырашылі наступнае.

123. Касцёл ніколі не лічыў ніякі стыль сваім уласным, але ў залежнасці ад характару і ўмоваў народаў, а таксама патрэб розных абрадаў дапускаў мастацкія формы кожнай эпохі, утвараючы з цягам часу скарб мастацтва, які трэба дбайна захоўваць. Мастацтва нашай эпохі, а таксама ўсіх народаў і рэгіёнаў можа свабодна развівацца ў Касцёле, калі толькі дастойна і з належнай пашанай служыць святыням і сакральным абрадам, каб далучаць свой голас да таго цудоўнага гімна хвалы, якім найвялікшыя мастакі ў мінулыя стагоддзі праслаўлялі каталіцкую веру.

124. У развіцці і падтрымцы сапраўднага сакральнага мастацтва ардынарыі павінны хутчэй схіляцца да высакароднай красы, чым да раскошы. Гэта датычыць таксама літургічнага адзення і аздоб.

Біскупы павінны сачыць, каб у касцёлы і іншыя святыя месцы рашуча не дапускаліся творы мастакоў, якія супярэчаць веры, звычаям і хрысціянскай пабожнасці ці абражаюць сапраўднае рэлігійнае пачуццё неадпаведнасцю формы ці нізкім узроўнем, ардынарнасцю ці перайманнем.

Пры ўзвядзенні святынь трэба старанна клапаціцца аб тым, каб яны былі прыдатныя для літургічных дзеянняў з актыўным удзелам вернікаў.

125. Трэба захаваць звычай змяшчаць у касцёлах выявы святых для ўшанавання іх вернікамі, аднак ва ўмеранай колькасці і ў адпаведным парадку, каб яны не выклікалі здзіўлення хрысціянскага народу і не станавіліся прычынай менш правільнай пабожнасці.

126. Пры ацэнцы мастацкіх твораў мясцовыя ардынарыі павінны прыслухоўвацца да меркавання дыяцэзіяльнай Камісіі сакральнага мастацтва, а пры неабходнасці — іншых выдатных знаўцаў, як таксама Камісіі, згаданай у арт. 44, 45, 46.

Ардынарыі павінны старанна сачыць за тым, каб літургічныя прыналежнасці ці каштоўныя мастацкія творы, якія ўпрыгожваюць Божы дом, не знішчаліся і не прадаваліся.

127. Няхай біскупы асабіста ці праз пасрэдніцтва адпаведных святароў, якія разбіраюцца ў мастацтве і любяць яго, апякуюцца мастакамі, каб напаўняць іх духам сакральнага мастацтва і святой Літургіі.

Больш за тое, з мэтай адукацыі мастакоў рэкамендуецца ствараць школы ці акадэміі сакральнага мастацтва ў тых рэгіёнах, дзе гэта здасца неабходным.

Таму ўсе мастакі, якія кіруюцца сваім творчым натхненнем і хочуць служыць Божай хвале ў святым Касцёле, павінны заўсёды памятаць, што тут ідзе гаворка пра пэўны від сакральнага наследавання Бога Стварыцеля і пра творы, прызначаныя для каталіцкага культу, для настаўлення, пабожнасці і павучэння вернікаў.

128. Разам з літургічнымі кнігамі трэба, згодна з арт. 25, як мага хутчэй перагледзець касцёльныя каноны і статуты, якія датычаць матэрыяльных спраў, звязаных з культам, у прыватнасці, годнага і адпаведнага ўзвядзення святыняў; формы і будаўніцтва алтароў; годнага размяшчэння і надзейнага забеспячэння табэрнакулюма; адпаведнага выгляду і зручнасці баптыстэрыя, а таксама ўмеркаванай колькасці выяваў святых, упрыгожанняў і аздоб. Прадпісанні, якія здаюцца менш адпаведнымі адноўленай Літургіі, павінны быць выпраўленыя ці скасаваныя, а тыя, якія ёй спрыяюць, трэба захаваць ці ўвесці.

У гэтай справе, асабліва што датычыць матэрыялу і формы сакральных прыналежнасцяў і адзення, тэрытарыяльныя Канферэнцыі Біскупаў маюць права дастасоўваць іх да мясцовых патрэб і звычаяў, паводле прынцыпаў арт. 22 дадзенай Канстытуцыі.

129. Падчас філасофскага і тэалагічнага навучання семінарысты павінны вывучаць таксама гісторыю сакральнага мастацтва і яго развіццё, здаровыя прынцыпы, на якіх павінны грунтавацца творы сакральнага мастацтва, каб цаніць і захоўваць вартыя пашаны здабыткі Касцёла, даваць адпаведныя парады мастакам падчас выканання імі мастацкіх твораў.

130. Трэба, каб нашэнне адзнак біскупскай годнасці захоўвалася за тымі духоўнымі, якія маюць біскупскае пасвячэнне ці нейкую асаблівую юрысдыкцыю.

 

ДАДАТАК

Дэкларацыя Другога Ватыканскага Святога Сусветнага Сабору
адносна рэформы календара

 

Другі Ватыканскі Святы Сусветны Сабор, надаючы вялікае значэнне шматлікім выказаным пажаданням святкаваць урачыстасць Пасхі ў вызначаны нядзельны дзень і ўстанавіць нязменны каляндар, уважліва паразважаўшы над усімі наступствамі, якія можа выклікаць увядзенне новага календара, заяўляе наступнае.

1. Святы Сабор не супраць таго, каб урачыстасць Пасхі адзначалася ў вызначаную нядзелю паводле грыгарыянскага календара, калі з гэтым згодзяцца ўсе зацікаўленыя, асабліва браты, адлучаныя ад супольнасці з Апостальскай Сталіцай.

2. Таксама Святы Сабор заяўляе, што не пярэчыць праектам увядзення ў грамадзянскую супольнасць сталага календара.

Касцёл не пярэчыць толькі тым разнастайным сістэмам, прапанаваным для ўстанаўлення сталага календара і ўвядзення яго ў грамадзянскую супольнасць, якія захоўваюць і забяспечваюць сямідзённы тыдзень з нядзеляй, не ўстаўляючы ніякіх дзён па-за тыднем, каб паслядоўнасць тыдняў засталася непарушнай, хіба толькі з’явяцца вельмі сур’ёзныя прычыны супраць, якія ацэніць Апостальская Сталіца.

Усё, што абвешчана ў гэтай Канстытуцыі — у цэлым і паасобку — ухвалена Айцамі Святога Сабору. Апостальскай уладай, дадзенай Нам Хрыстом, Мы разам з Дастойнымі Айцамі ў Духу Святым зацвярджаем, прымаем, пастанаўляем і загадваем абнародаваць гэтыя саборныя пастановы дзеля Божай хвалы.

 

Рым, у св. Пятра, 4 снежня 1963г.

Я, ПАВЕЛ, Біскуп каталіцкага Касцёла

(Ідуць подпісы Айцоў)

План літургічнай рэформы, першы з разгледжаных Саборам дакументаў, абвяшчае падставы літургічнага аднаўлення, трымаючыся біблійных і пастырскіх тэм. Тэкст падкрэслівае вечнае значэнне Літургіі і дадае да яе некаторыя новыя характарыстыкі: супольнасны дух літургічных дзеянняў, ролю мясцовых супольнасцяў і Касцёлаў, законную разнастайнасць літургічных форм у адпаведнасці з рознымі традыцыямі і культурамі, прастату абрадаў.

Тэкст грунтоўна разглядаўся на Саборы. Дыскусіі прывялі да канчатковага варыянта гэтага дакумента, які змяніў літургічную практыку Заходняга Касцёла і значна паўплываў на эклезіяльнае жыццё. У ім пацвярджаецца цэнтральнае месца літургічнага дзеяння ў жыцці Касцёла, рэкамендуецца паглыбленне літургічных ведаў, Святога Пісання, літургічных сімвалаў, актыўны ўдзел вернікаў у Літургіі і прапаноўваюцца некаторыя новыя аспекты: канцэлебрацыя, Камунія пад дзвюма постацямі, выкарыстанне нацыянальных моў у літургічных цэлебрацыях.

Дакумент быў прыняты на другой сесіі Сабору, 4 снежня 1963 года. Розныя ўказанні, падрыхтаваныя Радай па літургічнай рэформе і Кангрэгацыяй Божага Культу, усебакова аднавілі Літургію.

 

 

__________________

(1) Missale romanum, oratio super oblata dominicae IX post Pentecosten.

(2) Пар. Гбр 13, 14.

(3) Пар. Эф 2, 21-22.

(4) Пар. Эф 4, 13.

(5) Пар. Іс 11, 12.

(6) Пар. Ян 11, 52.

(7) Пар. Ян 10, 16.

(8) S. IGNATIUS ANTIOCHENUS, Ad Eph., 7, 2: ed. F. X. FUNK, Patres Apostolici, I, Tubingae 1901, p. 218.

(9) Пар. 1 Цім 2, 5.

(10) Пар. Іс 61, 1; Лк 4, 18.

(11) Sacramentarium Veronense (Leonianum): ed. C. MOHLBERG, Romae 1956, n. 1265, p. 162.

(12) Missale romanum, Praefatio paschalis.

(13) Пар. S. AUGUSTINUS, Enarr. in Ps. CXXXVIII, 2: Corpus Christianorum, XL, Turnholti 1956, p. 1991 et oratio post secundam lectionem Sabbati sancti, in Missali Romano, ante instaurationem Hebdomadae sanctae.

(14) Пар. 16, 15.

(15) Пар. Дз 26, 18.

(16) Пар. Рым 6, 4; Эф 2, 6; Клс 3, 1; 2 Цім 2, 11.

(17) Пар. Ян 4, 23.

(18) Пар. 1 Кар 11, 26.

(19) CONC. TRID., Sess. XIII, 11 oct. 1551, Decr. De ss. Eucharist., c. 5: CONCILIUM TRIDENTINUM, Diariorum, Actorum, Epistolarum, Tractatuum nova collectio, ed. Soc. Goerresianae, t. VII. Actorum pars IV, Friburgi Brisgoviae 1961, p. 202.

(20) CONC. TRID., Sess. XXII, 17 sept. 1562, Doctr. De ss. Missae sacrif., c. 2: CONCILIUM TRIDENTINUM, ed. cit., t. VIII. Actorum pars V, Friburgi Brisgoviae 1919, p. 960.

(21) Пар. S. AUGUSTINUS, In Ioannis Evangelium Tractatus VI, cap. I, n. 7: PL 35, 1428.

(22) Пар. Ап 21, 2; Клс 3, 1; Гбр 8, 2.

(23) Пар. Флп 3, 20; Клс 3, 4.

(24) Пар. Ян 17, 3; Лк 24, 47; Дз 2, 38.

(25) Пар. Мц 28, 20.

(26) Missale romanum, postcommunio Vigiliae paschalis et dominicae Resurrectionis.

(27) Missale romanum, oratio Missae feriae III infra octavam Paschae.

(28) Пар. 2 Кар 6, 1.

(29) Пар. Мц 6, 6.

(30) Пар. 1 Тэс 5, 17.

(31) Пар. 2 Кар 4, 10-11.

(32) Missale romanum, oratio super oblata feriae II infra octavam Paschae.

(33) S. CYPRIANUS, De cath. eccl. unitate, 7: ed. G. HARTEL, in CSEL, t. III, 1, Vindobonae 1868, pp. 215-16. Пар. Ep. 66, n. 8, 3: ed. cit., t. III, 2, Vindobonae 1871, pp. 732-33.

(34) Пар. CONC. TRID., Sess. XXII, 17 sept. 1562, Doctr. De ss. Missae sacrif., c. 8: CONCILIUM TRIDENTINUM, ed. cit., t. VIII, p. 961.

(35) Пар. S. IGNATIUS ANTIOCHENUS, Ad Magn. 7; Ad Philad. 4; Ad Smyrn. 8: ed. F. X. FUNK, cit., I, pp. 236, 266, 281.

(36) Пар. S. AUGUSTINUS, In Ioannis Evangelium Tractatus XXVI, cap. VI, n. 13: PL 35, 1613.

(37) Breviarium romanum, In festo Sanctissimi Corporis Christi, ad II Vesperas, antiphona ad Magnificat.

(38) Пар. S. CYRILLUS ALEX., Commentarium in Ioannis Evangelium, lib. XI, capp. XI-XII: PG 74, 557-565, praesertim 564-565.

(39) Пар. 1 Цім 2, 1-2.

(40) Sess. XXI, Doctrina de Communione sub utraque specie et parvulorum, capp. 1-3, cann. 1-3: CONCILIUM TRIDENTINUM, ed. cit., t. VIII, pp. 698-699.

(41) CONC. TRID., Sess. XXIV, Decr. De reformatione, cap. 1: CONCILIUM TRIDENTINUM, ed. cit., t. IX. Actorum pars VI, Friburgi Brisgoviae 1924, p. 969. Пар. Rituale romanum, tit. VIII, c. II, n. 6.

(42) Пар. Эф 5, 19; Клс 3, 16.

 

* Заўвага рэд. Канверсы (лац. fratres conversi) — у мінулым так называліся члены манаскіх супольнасцяў, якія займаліся пераважна фізічнай працай, рамяством, гаспадаркай і г.д.

    

top