Index   Back Top Print

[ BE  - DE  - EN  - ES  - FR  - IT  - LA  - PT ]

Апостальскі ліст
DESIDERIO DESIDERAVI

Святога Айца
Францішка

Да біскупаў, прэзбітэраў і дыяканаў,
кансэкраваных асобаў і ўсіх свецкіх вернікаў

Аб літургічнай фармацыі Божага народу

 

Desiderio desideravi
hoc Pascha manducare vobiscum,
antequam patiar
(Lc 22,15).

 

1. Умілаваныя браты і сёстры,

жадаю звярнуцца з гэтым лістом да ўсіх вас, ‒ пасля таго, як напісаў ужо толькі біскупам пасля публікацыі Motu Proprio Traditionis custodes, ‒ каб падзяліцца з вамі некаторымі разважаннямі пра Літургію, фундаментальнае вымярэнне жыцця Касцёла. Тэма вельмі шырокая і заслугоўвае ўважлівага разгляду ва ўсіх яе аспектах, аднак у гэтым лісце я не збіраюся разглядаць пытанне ўсебакова. Я проста хачу прапанаваць некаторыя напрамкі разважанняў для сузірання прыгажосці і праўды хрысціянскай цэлебрацыі.

Літургія: «сёння» гісторыі збаўлення

2. «Я вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі, перш чым буду цярпець» (Лк 22,15). Словы Езуса, якімі пачынаецца гісторыя Апошняй Вячэры, прыадкрываюць нам нечаканую магчымасць зразумець глыбіню любові да нас Асобаў Найсвяцейшай Тройцы.

3. Пётр і Ян былі пасланыя падрыхтаваць спажыванне пасхі, але, калі лепш прыгледзіцца, усё стварэнне, уся гісторыя, якая ўрэшце павінна была аб’явіцца як гісторыя збаўлення, ‒ гэта вялікая падрыхтоўка да гэтай Вячэры. Пётр і іншыя знаходзяцца за тым сталом, яшчэ не разумеючы неабходнага: кожны падарунак, каб быць падурункам, павінен мець кагосьці, хто гатовы яго атрымаць. У гэтым выпадку дыспрапорцыя паміж велізарнасцю дару і нязначнасцю атрымальніка бясконцая і не можа нас не здзіўляць. Тым не менш, дзякуючы міласэрнасці Пана, дар быў даручаны Апосталам, каб ён змог дайсці да кожнага чалавека.

4. Ніхто не заслужыў месца на гэтай Вячэры, усе былі запрошаны, ці, лепш, усіх прыцягвала гарачае жаданне, каб тую пасху Езус спажываў з імі. Ён ведае, што сам з’яўляецца Баранкам той пасхі, ведае, што Ён сам з’яўляецца Пасхай. У гэтым абсалютная навізна той Вячэры, адзіная сапраўдная навізна гісторыі, якая робіць тую Вячэру ўнікальнай і таму «Апошняй», непаўторнай. Аднак Яго бясконцае жаданне аднавіць тую еднасць з намі, якая была і застаецца першаснай задумай, не можа быць задаволена, пакуль кожны чалавек, з кожнага роду, і мовы, і племені, і народу (Ап 5, 9), не з’есць Яго Цела і не вып’е Яго Крыві. Таму тая самая Вячэра будзе прысутнічаць у цэлебрацыі Эўхарыстыі аж да Яго паўторнага прыйсця.

5. Свет яшчэ не ведае гэтага, але ўсе пакліканыя на вясельную вячэру Баранка (Ап 19, 9). Каб быць дапушчанымі на яе, патрэбна толькі вясельная вопратка веры, якая паходзіць са слухання Яго слова (пар. Рым 10,17). Касцёл рыхтуе яе на меру кожнага з выбеленай тканіны, абмытай у Крыві Баранка (пар. Ап 7,14). Мы не павінны мець нават хвіліны адпачынку, ведаючы, што не ўсе яшчэ атрымалі запрашэнне на Вячэру, што некаторыя забылі пра яе ці заблукалі на пакручастых сцежках чалавечага жыцця. Вось чаму я сказаў, што «я мару аб выбары місійнага шляху, які здольны перамяніць усё так, што звычаі, стылі, расклад заняткаў, мова і ўсе касцёльныя структуры стануць паўнавартаснымі каналамі найперш для евангелізацыі сучаснага свету, а не для самазахавання» (Evangelii gaudium, п. 27), каб усе маглі сесці за ахвярную Вячэру Баранка і жыць Ім.

6. Яшчэ да нашага адказу на Яго запрашэнне ‒ значна раней ‒ ёсць Яго жаданне адносна нас. Мы можам нават не ўсведамляць гэтага, але кожны раз, калі мы ідзем на Імшу, першаснай прычынай з’яўляецца тое, што нас прыцягвае Яго жаданне адносна нас. З нашага боку магчымым адказам, найбольш аскетычным, з’яўляецца як заўсёды падпарадкаванне Яго любові, жаданне дазволіць Яму прывабіць нас. Безумоўна, кожнае нашае прыняцце Цела і Крыві Хрыста было пажадана Ім на Апошняй Вячэры.

7. Зместам паламанага хлеба з’яўляецца крыж Езуса, Яго ахвяра паслухмянай любові да Айца. Калі б у нас не было Апошняй Вячэры, гэта значыць абрадавага чакання Яго смерці, мы не змаглі б зразумець, як выкананне Яго смяротнага прысуду магло стаць дасканалым і прыемным актам пакланення Айцу, адзіным сапраўдным актам пакланення. Праз некаторы час пасля Вячэры Апосталы маглі ўбачыць Езуса на крыжы, калі б вытрымалі яго цяжар, што азначаюць словы «цела выдана», «кроў праліта». А гэта тое, што мы ўзгадваем у кожнай Эўхарыстыі. Калі Ён паўстае з мёртвых, каб ламаць хлеб для вучняў з Эмаўса і для сваіх вучняў, якія вярнуліся з лоўлі рыбы, а не людзей, на Галілейскім возеры, гэты жэст адкрывае ім вочы, аздараўляе іх ад слепаты, выкліканай жахам крыжа, робіць іх здольнымі «бачыць» Уваскрослага, верыць ва Уваскрасенне.

8. Калі б мы прыйшлі ў Ерузалем пасля Пяцідзясятніцы і адчулі жаданне не толькі атрымаць інфармацыю пра Езуса з Назарэта, але яшчэ мець магчымасць сустрэцца з Ім, у нас не было б іншага выйсця, акрамя як шукаць Яго, каб пачуць Яго словы і ўбачыць Яго жэсты, больш жывыя, чым калі-небудзь. У нас не было б іншай магчымасці сапраўднай сустрэчы з Ім, акрамя супольнасці, якая цэлебруе. Таму Касцёл заўсёды захоўваў наказ Пана як найкаштоўнейшы скарб: «гэта чыніце на Маю памяць».

9. Касцёл з самага пачатку ўсведамляў, што гэта не рэпрэзентацыя, якой бы сакральнай яна не была, Вячэры Пана. Гэта не мела б сэнсу і нікому б не прыйшло ў галаву зрабіць «пастаноўку» ‒ тым больш на вачах Марыі, Маці Пана, – гэтага кульмінацыйнага моманту ў жыцці Настаўніка. Касцёл, асветлены Духам Святым, з самага пачатку разумеў тое, што было бачна ў Езусе, тое, што можна ўбачыць вачыма і да чаго можна дакрануцца рукамі, Яго словы і жэсты, рэальнасць Уцелаўлёнага Слова ‒ усё Ягонае перайшло ў цэлебрацыю сакрамэнтаў. [1]

Літургія: месца сустрэчы з Хрыстом

10. У гэтым заключаецца ўся моц прыгажосці Літургіі. Калі б Уваскрасенне было для нас канцэпцыяй, ідэяй, думкай; калі б Уваскрослы быў для нас памяццю ўспамінаў іншых людзей, такіх жа аўтарытэтных, як Апосталы, калі б нам не была дадзена магчымасць сапраўднай сустрэчы з Ім, гэта азначала б абвяшчэнне таго, што навізна Слова, якое сталася целам, вычарпана. Наадварот жа, уцелаўленне, акрамя таго, што з’яўляецца адзінай новай падзеяй, якую ведае гісторыя, таксама з’яўляецца тым спосабам, які абрала Найсвяцейшая Тройца, каб адкрыць нам шлях да еднасці. Хрысціянская вера ‒ гэта або сустрэча з Ім жывым, або не.

11. Літургія гарантуе нам магчымасць такой сустрэчы. Цьмяны ўспамін аб Апошняй Вячэры не прынясе нам карысці. Мы павінны прысутнічаць на гэтай Вячэры, каб мець магчымасць слухаць Яго голас, спажываць Яго Цела і піць Яго Кроў: Ён нам патрэбны. У Эўхарыстыі і ва ўсіх сакрамэнтах мы маем гарантаваную магчымасць сустрэцца з Панам Езусам і адчуць моц Яго Пасхі. Збаўчая моц ахвяры Езуса, кожнага Яго слова, кожнага жэсту, позірку, пачуцця дасягае нас праз цэлебрацыю сакрамэнтаў. Я ‒ Нікадэм і самаранка, апантаны з Кафарнаума і паралітык у доме Пятра, жанчына, якая атрымала прабачэнне, якая мела крывацёк, дачка Яіра і сляпы з Ерыхона, Закхей і Лазар, злачынец, які атрымаў прабачэнне, і Пётр. Пан Езус, прынесены ў ахвяру, ужо больш не памірае, але пасля смерці крыжовай жыве вечна [2], працягвае прабачаць нам, аздараўляць нас, збаўляць праз моц сакрамэнтаў. Гэта канкрэтны спосаб, якім Ён любіць нас праз уцелаўленне. Гэта спосаб, якім Ён задавальняе тую прагу нас, якую абвясціў на крыжы (Ян 19, 28).

12. Нашай першай сустрэчай з Яго Пасхай з’яўляецца падзея, якая пакідае след у жыцці усіх нас, якія вераць у Хрыста: наш хрост. Гэта не прыхільнае стаўленне розуму да Яго думкі або прыняцце навязанага Ім кодэкса паводзінаў. Гэта паглыбленне ў Яго муку, смерць, уваскрасенне і ўнебаўшэсце. Гэта не магічны жэст. Магія супярэчыць логіцы сакрамэнтаў, бо імкнецца мець уладу над Богам і таму паходзіць ад спакусніка. У дасканалай пераемнасці разам з уцелаўленнем нам дадзена магчымасць, дзякуючы прысутнасці і дзеянню Духа, памерці і ўваскрэснуць у Хрысце.

13. Тое, як гэта адбываецца, уражвае. Малітва благаслаўлення хрысцільнай вады [3] паказвае нам, што Бог стварыў ваду менавіта з улікам хросту. Гэта азначае, што, ствараючы ваду, Бог думаў пра хрост кожнага з нас. І гэтая думка сапутнічала Яму ў Яго дзейнасці на працягу ўсёй гісторыі збаўлення кожны раз, калі Ён з пэўным намерам хацеў выкарыстаць ваду. Нібы хацеў, стварыўшы ваду, удасканаліць яе, каб яна стала вадой хросту. І таму Ён хацеў напоўніць яе дзеяннем свайго Духа, які лунаў над водамі (пар. Быц 1,2), каб яна ў зародку мела моц асвячэння. Ён выкарыстаў ваду, каб аднавіць чалавецтва падчас патопу (пар. Быц 6,1-9.29). Ён панаваў над вадой, раздзяліўшы яе, каб адкрыць шлях вызвалення праз Чырвонае мора (пар. Зых 14). Ён асвяціў яе ў Ярдане, акунуўшы ў яго цела Слова, прасякнутае Духам (пар. Мц 3,13-17; Мк 1,9-11; Лк 3,21-22). Урэшце, Ён змяшаў яе з крывёю свайго Сына, дарам Духа, непарыўна злучаным з дарам жыцця і смерці Баранка, ахвяраванага за нас, і праліў яе на нас са свайго прабітага боку (Ян 19,34). Менавіта ў гэтую ваду мы былі акунуты, каб праз яе моц мы маглі злучыцца з Целам Хрыста і разам з Ім уваскрэснуць да несмяротнага жыцця (пар. Рым 6,1-11).

Касцёл: сакрамэнт Хрыстовага цела

14. Як нагадаў нам Другі Ватыканскі Сабор (пар. Sacrosanctum Concilium, п. 5), спасылаючыся на Святое Пісанне, Айцоў і Літургію ‒ слупы сапраўднай Традыцыі ‒ з боку Хрыста, які спачыў на крыжы, нарадзіўся цудоўны сакрамэнт усяго Касцёла. [4] Паралель паміж першым і новым Адамам дзівосная: як з боку першага Адама, пасля таго, як спаслаў на яго глыбокі сон, Бог вывеў Еву, так з боку новага Адама, які спіць сном смерці, нараджаецца новая Ева, Касцёл. Здзіўляюць словы, якія, як можам сабе ўявіць, зрабіў сваімі новы Адам, гледзячы на Касцёл: «Гэта нарэшце косць ад касцей маіх і цела ад майго цела» (Быц 2,23). Паверыўшы ў Слова і сышоўшы ў ваду хросту, мы сталі косткай ад Ягоных костак, целам ад Яго цела.

15. Без гэтага злучэння немагчыма жыць паўнатой Божага культу. Безумоўна, існуе толькі адзін акт пакланення, дасканалы і прыемны Айцу, ‒ паслухмянасць Сына, мерай якой з’яўляецца Яго смерць на крыжы. Адзіная магчымасць прыняць удзел у Яго ахвяраванні ‒ гэта стаць сынамі ў Сыне. Вось такі падарунак мы атрымалі. Суб’ектам, які дзейнічае ў Літургіі, заўсёды і выключна з’яўляецца Хрыстус-Касцёл, Містычнае цела Хрыста.

Тэалагічны сэнс Літургіі

16. Мы абавязаны Сабору ‒ і літургічнаму руху, які яму папярэднічаў, ‒ за адкрыццё тэалагічнага разумення Літургіі і яе важнасці ў жыцці Касцёла. Паколькі агульныя прынцыпы, прадстаўленыя ў Sacrosanctum Concilium, былі фундаментальнымі для літургічнай рэформы, яны надалей застаюцца такімі для спрыяння поўнаму, свядомаму, актыўнаму і плённаму ўдзелу ў цэлебрацыі (пар. Sacrosanctum Concilium, пп. 11.14), бо Літургія ‒ гэта «першая і неабходная крыніца, з якой вернікі чэрпаюць сапраўдны хрысціянскі дух» (Sacrosanctum Concilium, п. 14). Гэтым лістом я проста хацеў бы запрасіць увесь Касцёл нанава адкрыць, захаваць і жыць праўдай і сілай хрысціянскай цэлебрацыі. Я хацеў бы, каб прыгажосць хрысціянскай цэлебрацыі і яе неабходныя для жыцця Касцёла вынікі не былі азмрочаны павярхоўным і спрошчаным разуменнем яе каштоўнасці або, што яшчэ горш, яе выкарыстаннем у служэнні нейкай ідэалагічнай візіі, якой бы яна ні была. Святарская малітва Езуса на Апошняй Вячэры, каб усе былі адно (Ян 17,21), асуджае кожны наш падзел вакол паламанага Хлеба, сакрамэнта пабожнасці, знака еднасці, повязі любові. [5]

Літургія: проціяддзе ад атруты свецкай духоўнасці

17. Я неаднаразова перасцерагаў ад небяспечнай для жыцця Касцёла спакусы, якой з’яўляецца «свецкая духоўнасць». Я падрабязна гаварыў пра яе ў адгартацыі Evangelii gaudium (пп. 93-97), вызначаючы гнастыцызм і неапелагіянства як два ўзаемазвязаныя шляхі, якія сілкуюць яе. Першы зводзіць хрысціянскую веру да суб’ектывізму, які замыкае чалавека «ў іманэнцыі свайго ўласнага розуму ці сваіх пачуццяў» (Evangelii gaudium, п. 94).

Другі адмяняе каштоўнасць ласкі, давяраючы толькі ўласным сілам, што спараджае нарцысічны і аўтарытарны элітарызм, «дзе евангелізацыю замяняе аналізаванне і крытыка іншых. І замест таго, каб аблегчыць доступу да ласкі энергія траціцца на кантроль» (пар. Evangelii gaudium, п. 94).

Гэтыя скажоныя формы хрысціянства могуць мець катастрафічныя наступствы для жыцця Касцёла.

18. З таго, што я нагадаў вышэй, відаць, што Літургія па сваёй сутнасці з’яўляецца найбольш эфектыўным проціяддзем ад гэтых атрутаў. Відавочна, што я кажу пра Літургію ў яе тэалагічным сэнсе, а не як аб дэкаратыўным цырыманіяле або проста аб суме законаў і прадпісанняў, якія рэгулююць культ, ‒ як ужо сцвярджаў Пій XII. [6]

19. Калі гнастыцызм ап’яняе нас атрутай суб’ектывізму, то літургічная цэлебрацыя вызваляе нас ад турмы самарэферэнтнасці, якая сілкуецца ўласным разуменнем і ўласнымі пачуццямі. Чын цэлебрацыі належыць не чалавеку, але Хрыстоваму Касцёлу, усім вернікам, аб’яднаным у Хрысце. Літургія кажа не «я», а «мы», і любое абмежаванне паўнаты гэтага «мы» заўсёды дэманічна. Літургія не пакідае нас сам-насам у пошуках меркаванага індывідуальнага пазнання таямніцы Бога, але бярэ нас за руку, каб разам, як сход, увесці нас у таямніцу, якую адкрываюць нам Слова і сакрамэнтальныя знакі. І робіць гэта ў адпаведнасці з дзеяннем Бога, ідучы шляхам уцелаўлення, праз сімвалічную мову цела, якая пашыраецца на рэчы, прастору і час.

20. Калі неапелагіянства ап’яняе нас прэзумпцыяй збаўлення, здабытага ўласнымі сіламі, то літургічная цэлебрацыя ачышчае нас, абвяшчаючы дармовасць дару збаўлення, атрыманага праз веру. Удзел у эўхарыстычнай Ахвяры не з’яўляецца нашым дасягненнем, якім бы мы маглі хваліцца перад Богам і нашымі братамі. Пачатак кожнай цэлебрацыі нагадвае мне пра тое, хто я, заахвочваючы мяне прызнацца ў маім граху і запрашаючы мяне прасіць заўсёды Найсвяцейшую Панну Марыю, анёлаў, святых і ўсіх братоў і сясцёр маліцца за мяне да Пана. Мы, вядома, не вартыя ўвайсці ў Яго дом, нам патрэбна Яго слова, каб быць збаўленымі (пар. Мц 8,8). Мы не маем чым ганарыцца, як толькі крыжам Пана нашага Езуса Хрыста (пар. Гал 6,14). Літургія не мае нічога агульнага з аскетычным маралізатарствам. Гэта пасхальны дар Пана, які, прыняты з пакораю, робіць нашае жыццё новым. У Вячэрнік можна ўвайсці толькі дзякуючы Яго моцнаму жаданню спажыць пасху разам з намі: «Desiderio desideravi hoc Pascha manducare vobiscum, antequam patiar» (Лк 22,15).

Кожны дзень адкрывайце нанава
прыгажосць праўды хрысціянскай цэлебрацыі

21. Аднак мы павінны быць асцярожнымі: каб антыдот Літургіі быў эфектыўным, мы павінны кожны дзень нанава адкрываць прыгажосць праўды хрысціянскай цэлебрацыі. Яшчэ раз спасылаюся на яе тэалагічны сэнс, цудоўна апісаны ў п. 7 Sacrosanctum Concilium: Літургія ‒ гэта святарства Хрыста, аб’яўленае нам і дадзенае праз Яго Пасху, прысутнае і дзейснае сёння праз адчувальныя знакі (вада, алей, хлеб, віно, жэсты, словы), таму што Дух, акунаючы нас у Пасхальную таямніцу, перамяняе ўсё нашае жыццё, усё больш прыпадабняючы нас да Хрыста.

22. Пастаяннае адкрыццё прыгажосці Літургіі ‒ гэта не пошукі абрадавага эстэтызму, які знаходзіць задавальненне толькі ў дбанні пра знешнюю фармальнасць абраду або задавольваецца скрупулёзным захаваннем рубрык. Вядома, гэтае выказванне ні ў якім разе не хоча ўхваляць адваротнае стаўленне, якое блытае прастату з нядбайнай банальнасцю, істотнае з недасведчанай павярхоўнасцю, канкрэтнасць абрадавага дзеяння з раздражнёным практычным функцыяналізмам.

23. Скажам выразна: трэба клапаціцца пра кожны аспект цэлебрацыі (прастору, час, жэсты, словы, прадметы, адзенне, спевы, музыку, ...) і кожная рубрыка павінна быць захавана. Такой увагі будзе дастаткова, каб не пазбавіць сход таго, што яму належыць, гэта значыць, Пасхальнай таямніцы, якая цэлебруецца ў абрадавай форме, устаноўленай Касцёлам. Але нават калі б была гарантаваная якасць і нарматыўнасць цэлебраванага дзеяння, гэтага было б недастаткова для таго, каб наш удзел быў паўнавартасным.

Здзіўленне перад Пасхальнай таямніцай:
важная частка літургічнага акту

24. Калі б не было нашага здзіўлення перад Пасхальнай таямніцай, прысутнай у канкрэтнасці сакрамэнтальных знакаў, мы сапраўды рызыкавалі б застацца непранікальнымі для акіяна ласкі, які напаўняе кожную цэлебрацыю. Недастаткова пахвальных намаганняў для паляпшэння якасці цэлебрацыі, і нават закліку да большага духоўнага перажывання. Нават апошняе можа быць зведзена да пустой суб’ектыўнасці, калі не прымае аб’яўлення хрысціянскай таямніцы. Сустрэча з Богам не з’яўляецца вынікам індывідуальных духоўных пошукаў, але з’яўляецца дадзенай падзеяй: мы можам сустрэць Бога праз новы факт Уцелаўлення, які на Апошняй Вячэры дасягае вяршыні Яго жадання быць спажытым намі. Як магла здарыцца з намі бяда страты захаплення прыгажосцю гэтага дару?

25. Кажучы пра здзіўленне перад Пасхальнай таямніцай, я ні ў якім разе не маю на ўвазе тое, што часам, як мне здаецца, хочуць акрэсліць цьмяным выразам «пачуццё таямніцы». Часам сярод галоўных абвінавачванняў супраць літургічнай рэформы ёсць таксама тое, што цэлебрацыю, ‒ як кажуць, ‒ пазбавілі таямнічасці. Здзіўленне, пра якое кажу, не з’яўляецца нейкай разгубленасцю перад абліччам цьмянай рэчаіснасці або загадкавага абраду, але, наадварот, захапленнем тым, што Божы план збаўлення быў адкрыты нам падчас Пасхі Езуса (пар. Эф 1,3-14), дзейснасць якой працягвае дасягаць нас у цэлебрацыі «таямніц», або сакрамэнтаў. Застаецца праўдай тое, што паўната Аб’яўлення мае, адносна нашай чалавечай абмежаванасці, лішак, які пераўзыходзіць нас і які споўніцца ў канцы часоў, калі вернецца Пан. Калі здзіўленне праўдзівае, няма рызыкі, што іншасць Божай прысутнасці не будзе заўважана, нават у той блізкасці, якую задумвала Ўцелаўленне. Калі б рэформа ліквідавала такое цьмянае «пачуццё таямніцы», гэта было б хутчэй заслугай, а не абвінавачваннем. Прыгажосць, як і праўда, заўсёды выклікае здзіўленне, а калі тычыцца таямніцы Бога, выклікае пакланенне.

26. Здзіўленне з’яўляецца важнай часткай літургічнага акту, таму што гэта стаўленне тых, хто ведае, што сутыкаецца з асаблівымі сімвалічнымі жэстамі. Гэта здзіўленне тых, хто адчуў моц сімвала, які заключаецца не ў азначэнні абстрактнага паняцця, але ў тым, каб утрымліваць і выражаць тое, што сам канкрэтна азначае.

Неабходнасць сур’ёзнай і жыццёва важнай літургічнай фармацыі

27. Такім чынам, асноўнае пытанне заключаецца ў наступным: як вярнуць здольнасць паўнавартасна перажывання літургічнага дзеяння? Гэта і ёсць мэта рэформы Сабору. Задача вельмі складаная, таму што сучасны чалавек ‒ не ва ўсіх культурах аднолькава ‒ страціў здольнасць успрымаць сімвалічнае дзеянне, якое з’яўляецца істотнай рысай літургічнага акту.

28. Постмадэрнізм, у якім чалавек адчувае сябе яшчэ больш загубленым, без усялякага роду аднясенняў, пазбаўленым каштоўнасцяў, таму што ён стаў абыякавым, цалкам асірацелым, жыве ў фрагментарнасці, у якой гарызонт сэнсу здаецца немагчымым, і ў дадатак які абцяжараны цяжкай спадчынай, якую пакінула нам папярэдняя эпоха, закранутая  індывідуалізмам і суб’ектывізмам (якія яшчэ раз нагадваюць пелагіянства і гнастыцызм), а таксама абстрактным спірытуалізмам, які супярэчыць самой сутнасці чалавека, які з’яўляецца ўцелаўлёным духам, таму сам па сабе здольны да сімвалічных дзеянняў і разумення сімвалаў.

29. Перад гэтай сучаснай рэчаіснасцю хацеў стаць Касцёл, сабраны на Саборы, хацеў, пацвярджаючы сваё ўсведамленне таго, што з’яўляецца сакрамэнтам Хрыста, святлом народаў (Lumen gentium), тым, хто з глыбокай пашанай слухае Божае слова (Dei Verbum) і лічыць сваімі радасці і надзеі (Gaudium et spes) сучасных людзей. Вялікія саборныя Канстытуцыі непадзельныя, і невыпадкова, што гэтае адзінае вялікае разважанне Сусветнага Сабору ‒ найвышэйшага выразу сінадальнасці Касцёла, захавальнікам багацця якога я пакліканы быць разам з вамі ‒ пачалося з Літургіі (Sacrosanctum Concilium).

30. Завяршаючы другую сесію Сабору (4 снежня 1963 г.), св. Павел VI выказаўся так:

«Зрэшты, гэтая гарачая і складаная дыскусія не абышлася без багатых плёнаў: сапраўды, тэма, якая была закранута ў першую чаргу і якая ў пэўным сэнсе з’яўляецца галоўнай у Касцёле як па сваёй сутнасці, так і па сваёй годнасці, ‒ мы маем на ўвазе святую Літургію, ‒ шчасліва завершана і сёння мы абвяшчаем гэта ва ўрачыстым абрадзе. Таму радуецца наша душа шчырай радасцю. У тым, што адбываецца, мы прызнаем на самай справе захаванне правільнага парадку каштоўнасцяў і абавязкаў: такім чынам мы прызнаем, што пачэснае месца павінна быць захавана за Богам; што наш першы абавязак ‒ узносіць малітвы да Бога; што святая Літургія з’яўляецца асноўнай крыніцай таго боскага абмену, праз які нам перадаецца Божае жыццё, гэта першая школа нашай душы, гэта першы дар, які мы павінны даць хрысціянскаму народу, з’яднанаму з намі ў веры і малітоўным запале; урэшце, гэта першае запрашэнне да чалавецтва развязаць свой нямы язык у святых і шчырых малітвах і адчуць тую невыказную аднаўляльную сілу душы, якая выяўляецца ў спеве разам з намі хвалы Богу і ў надзеі людзей праз Езуса Хрыста і ў Дух Святым». [7]

31. У гэтым лісце я не магу спыніцца на багацці адзінкавых выразаў, якія я пакідаю для вашага разважання. Калі «Літургія ‒ гэта вяршыня, да якой скіравана дзейнасць Касцёла, і адначасова крыніца, з якой выцякае ўся ягоная сіла» (Sacrosanctum Concilium, п. 10), то мы добра разумеем, пра што ідзе гаворка ў літургічным пытанні. Было б банальным разглядаць напружанне, якое, на жаль, існуе вакол цэлебрацыі, як простае разыходжанне паміж рознымі адчуваннямі абрадавай формы. Праблема перш за ўсё эклезіялагічная. Я не разумею, як можна сказаць, што хтосьці прызнае сапраўднасць Сабору і ‒ хоць мяне крыху здзіўляе, як католік можа адважыцца на гэта, ‒ не прымаць літургічную рэформу, што нарадзілася з дакумента Sacrosanctum Concilium, які выражае рэальнасць Літургіі ў цеснай лучнасціі з бачаннем Касцёла, цудоўна апісаным у Lumen gentium. Па гэтай прычыне, як я патлумачыў у лісце, разасланым усім біскупам, я палічыў сваім абавязкам пацвердзіць, што «літургічныя кнігі, абнародаваныя святымі Пантыфікамі Паўлам VI і Янам Паўлам ІІ, згодна з пастановамі Другога Ватыканскага Сабору, з’яўляюцца адзіным выразам lex orandi Рымскага абраду» (Motu Proprio Traditionis custodes, арт. 1).

Непрыняцце рэформы, а таксама павярхоўнае яе разуменне адцягваюць нас ад імкнення знайсці адказы на пытанне, якое я паўтараю: як узрастаць у здольнасці паўнавартасна перажывання літургічнага дзеяння? Як мы можам працягваць здзіўляцца таму, што адбываецца на нашых вачах падчас цэлебрацыі? Нам патрэбна сур’ёзная і жыццёва важная літургічная фармацыя.

32. Вернемся зноў да Вячэрніка ў Ерузалем: на Пяцідзясятніцу раніцай нараджаецца Касцёл, пачатак новага чалавецтва. Толькі супольнасць мужчын і жанчын, паяднаных, таму што яны атрымалі прабачэнне, жывых, таму што Ён жывы, праўдзівых, таму што ў іх жыве Дух праўды, можа раскрыць цесную прастору духоўнага індывідуалізму.

33. Менавіта супольнасць Пяцідзясятніцы можа ламаць Хлеб з упэўненасцю, што Пан жывы, уваскрос з мёртвых, прысутны ў сваім слове, у сваіх жэстах, у ахвяры свайго Цела і Крыві. З гэтага моманту цэлебрацыя становіцца прывілеяваным, а не адзіным месцам сустрэчы з Ім. Мы ведаем, што толькі дзякуючы гэтай сустрэчы чалавек становіцца ў поўні чалавекам. Толькі Касцёл Пяцідзясятніцы можа ўспрымаць чалавека як асобу, адкрытую на поўныя адносіны з Богам, стварэннем і братамі.

34. Тут паўстае важнае пытанне літургічнай фармацыі. Гуардзіні кажа: «Вось першая практычная задача: ахопленыя ўнутранай трансфармацыяй нашага часу, мы павінны нанава навучыцца жыць у рэлігійных адносінах як людзі ў поўным сэнсе». [8] Гэта тое, што робіць магчымым Літургія. Таму мы павінны быць навучаны. Сам Гуардзіні не саромеецца сцвярджаць, што без літургічнай фармацыі «рэформы абрадаў і тэкстаў не вельмі дапамагаюць». [9] Я не маю намеру зараз цалкам разглядаць вельмі багатую тэму літургічнай фармацыі. Хацеў бы толькі прапанаваць некаторую пажыву для разважання. Я думаю, што можна вылучыць два аспекты: фармацыя да Літургіі і фармацыя праз Літургію. Першы функцыянальны, другі – важны.

35. Неабходна знайсці шляхі фармацыі ў вывучэнні літургіі. Пачынаючы з літургічнага руху, дзеля гэтага было зроблена шмат, уключна з каштоўным ўкладам многіх навукоўцаў і акадэмічных устаноў. Аднак неабходна распаўсюджваць гэтыя веды па-за акадэмічным асяроддзем даступнымі спосабамі, каб кожны вернік узрастаў у пазнанні тэалагічнага значэння Літургіі, бо гэта важнае і фундаментальнае пытанне, на якім грунтуюцца ўсялякія веды і кожная літургічная практыка, а таксама ў пазнанні развіцця хрысціянскіх цэлебрацый, набываючы здольнасць разумець эўхалагічныя тэксты, дынамізм абрадаў і іх антрапалагічную каштоўнасць.

36. Я маю на ўвазе рэгулярнасць нашых сходаў, якія збіраюцца, каб цэлебраваць Эўхарыстыю ў дзень Пана, нядзелю за нядзеляй, Вялікдзень за Вялікаднем, у пэўныя моманты жыцця асобных людзей і супольнасцяў, у розныя ўзроставыя перыяды. Пасвячаныя распарадчыкі здзяйсняюць пастырскую дзейнасць першачарговага значэння, калі бяруць ахрышчаных вернікаў за руку, каб весці іх да паўторнага перажывання Пасхі. Памятайма заўсёды, што суб’ектам цэлебрацыі з’яўляецца Касцёл, цела Хрыста, а не толькі святар. Веды, атрыманыя ў працэсе вучобы, з’яўляюцца толькі першым крокам да магчымасці ўвайсці ў таямніцу, якая цэлебруецца. Гэта відавочна, што для таго, каб весці братоў і сясцёр, распарадчыкі, якія узначальваюць сход, павінны ведаць шлях, вывучыўшы яго на карце тэалагічных навук і праз частае практыкаванне досведу жывой веры, што сілкуецца малітвай, безумоўна, не толькі як абавязкам, які трэба выканаць. У дзень пасвячэння кожны прэзбітэр чуе словы біскупа: «Усведамляй, што будзеш чыніць, наследуй тое, што будзеш здзяйсняць, і жыццё сваё прыпадабняй да таямніцы крыжа Пана». [10]

37. Таксама план вывучэння Літургіі ў семінарыях павінен улічваць незвычайную здольнасць самой цэлебрацыі прапаноўваць адзінае арганічнае бачанне тэалагічных ведаў. Кожная дысцыпліна тэалогіі, кожная паводле сваёй перспектывы, павінна падкрэсліваць уласную цесную сувязь з Літургіяй, дзякуючы якой выяўляецца і рэалізуецца еднасць святарскай фармацыі (гл. Sacrosanctum Concilium, п. 16). Літургічна-сапенцыяльны падыход да тэалагічнай фармацыі ў семінарыях, несумненна, меў бы таксама станоўчыя вынікі ў пастырскай дзейнасці. Няма ніводнага аспекту касцёльнага жыцця, які б не меў у ім сваёй вяршыні і крыніцы. Агульнае, арганічнае і інтэграванае пастырства з’яўляецца не толькі вынікам распрацаваных праграм, але і вынікам таго, што нядзельная эўхарыстычная цэлебрацыя, аснова еднасці, пастаўлена ў цэнтр жыцця супольнасці. Тэалагічнае разуменне Літургіі ні ў якім разе не дазваляе разумець гэтыя словы так, як быццам бы ўсё зводзіцца да культавага аспекту. Цэлебрацыя, якая не евангелізуе, не з’яўляецца аўтэнтычнай, гэтак жа як і абвяшчэнне, якое не вядзе да сустрэчы з Уваскрослым падчас цэлебрацыі, не з’яўляецца аўтэнтычным. І тое, і другое, без сведчання любові, падобнае да звонкай медзі або гулкіх цымбалаў (пар. 1 Кар 13, 1).

38. Для распарадчыкаў і для ўсіх ахрышчаных літургічная фармацыя ў яе першапачатковым значэнні не з’яўляецца чымсьці, што мы можам набыць раз і назаўсёды. Паколькі дар цэлебраванай таямніцы перавышае нашую здольнасць яе пазнання, гэтае намаганне, безумоўна, павінна суправаджацца пастаяннай фармацыяй кожнага, з пакорай малых, паставай, адкрытай на здзіўленне.

39. Апошняя заўвага пра семінарыі: акрамя вучобы, яны павінны прапанаваць таксама магчымасць перажывання цэлебрацыі, якая з’яўляецца не толькі ўзорнай з абрадавага пункту гледжання, але аўтэнтычнай, жывой, якая дазваляе жыць сапраўднай еднасцю з Богам, той самай, да якой павінны імкнуцца таксама тэалагічныя веды. Толькі дзеянне Духа можа ўдасканаліць нашае пазнанне таямніцы Бога, якое не з’яўляецца пытаннем інтэлектуальнага разумення, але адносінамі, якія тычацца жыцця. Гэты досвед з’яўляецца фундаментальным, каб пасля пасвячэння яны маглі суправаджаць супольнасці на тым самым шляху пазнання таямніцы Бога, якой з’яўляецца таямніца любові.

40. Гэтае апошняе меркаванне заклікае нас задумацца над другім значэннем, у якім можна разумець выраз «літургічная фармацыя». Я маю на ўвазе фармацыю кожнага паводле паклікання праз удзел у літургічнай цэлебрацыі. Нават здабытыя веды, пра якія я толькі што згадаў, каб не ператварыцца ў нейкі рацыяналізм, павінны служыць ажыццяўленню фармуючага дзеяння Літургіі ў кожным, хто верыць у Хрыста.

41. З таго, што мы сказалі пра сутнасць Літургіі, бачна, што пазнанне таямніцы Хрыста, вырашальнага пытання нашага жыцця, заключаецца не ў чыста разумовым засваенні ідэі, але ў рэальным экзістэнцыяльным удзеле ў ёй чалавека. У гэтым сэнсе Літургія не датычыцца «пазнання» і яе мэта не з’яўляецца перш за ўсё педагагічнай (нягледзячы на тое, што яна мае вялікую педагагічную каштоўнасць: гл. Sacrosanctum Concilium, п. 33), але гэта хвала, падзяка за Пасху Сына, чыя сіла збаўлення дасягае нашага жыцця. Цэлебрацыя датычыць рэчаіснасці нашай паслухмянасці дзеянням Духа, які дзейнічае ў ёй, пакуль Хрыстус не сфармуецца ў нас (пар. Гал 4,19). Паўната нашай фармацыі — гэта прыпадабненне да Хрыста. Паўтараю: справа не ў разумовым працэсе, абстрактным, але ў тым, каб стаць Ім. Дзеля гэтага быў дадзены Дух, дзеянне якога заўсёды і толькі ў тым, каб ствараць цела Хрыста. Так адбываецца з эўхарыстычным хлебам, так адбываецца з кожным ахрышчаным, пакліканым усё больш і больш станавіцца тым, што ён атрымаў у дар падчас хросту, гэта значыць быць членам цела Хрыста. Леў Вялікі піша: «Маючы ўдзел у Целе і Крыві Хрыста, мы ператвараемся ў таго, каго спажываем». [11]

42. Гэтае экзістэнцыяльнае ўзаемадзеянне адбываецца ‒ у пераемнасці і ў адпаведнасці са спосабам уцелаўлення ‒ сакрамэнтальным шляхам. Літургія складаецца з рэчаў, якія з’яўляюцца дакладнай супрацьлегласцю духоўным абстракцыям: хлеб, віно, алей, вада, водар, агонь, попел, камень, тканіна, колеры, цела, словы, гукі, цішыня, жэсты, прастора, рух, дзеянне, парадак, час, святло. Усё стварэнне з’яўляецца праявай Божай любові: з таго часу, як тая самая любоў у поўнай меры выявілася ў крыжы Езуса, усё стварэнне было прыцягнута да яе. Усё стварэнне прымаецца для таго, каб служыць сустрэчы з уцелаўлёным Словам, укрыжаваным, памерлым, уваскрослым, узнесеным да Айца. Пра гэта спеў малітвы над вадой для хроснай купелі, а таксама малітвы над алеем для святога хрызма і словы прынясення хлеба і віна, пладоў зямлі і працы чалавека.

43. Літургія праслаўляе Бога не таму, што мы можам дадаць нешта да прыгажосці недасяжнага святла, у якім Ён жыве (пар. 1 Цім 6,16), або да дасканаласці анёльскага спеву, які вечна гучыць на нябесных дзядзінцах. Літургія праслаўляе Бога, таму што дазваляе нам тут, на зямлі, бачыць Бога ў цэлебрацыі таямніц і, бачачы Яго, чэрпаць жыццё з Яго Пасхі. Мы, мёртвыя з-за грахоў, дзякуючы ласцы ажыўлены з Хрыстом (пар. Эф 2,5). Мы з’яўляемся Божай хвалою. Ірэнэй, doctor unitatis, нагадвае нам: «…чалавек жыве дзеля Божай хвалы, а жыццё чалавека з’яўляецца бачаннем Бога. Калі ж аб’яўленне Бога ў справах стварэння дало жыццё ўсім істотам на зямлі, наколькі ж больш аб’яўленне Айца ў Слове дае жыццё тым, хто бачыць Бога»! [12]

44. Гуардзіні піша: «У гэтым першае заданне літургічнай фармацыі: чалавек павінен зноў стаць здольным да сімвалаў». [13] Гэтае абавязацельства датычыць усіх: пасвячаных распарадчыкаў і вернікаў. Задача нялёгкая, таму што сучасны чалавек стаў непісьменным, не ўмее чытаць сімвалы, нават не падазрае аб іх існаванні. Гэта адбываецца і з сімвалам нашага цела. Гэта сімвал, таму што гэта інтымнае яднанне душы і цела, бачанне духоўнай душы ў цялесным парадку; і ў гэтым заключаецца ўнікальнасць чалавека, спецыфіка асобы, якую нельга звесці ні да якой іншай формы жывой істоты. Нашая адкрытасць на трансцэндэнтнае, на Бога, з’яўляецца вызначальнай: непрызнанне гэтага непазбежна вядзе нас не толькі да неразумення Бога, але і саміх сябе. Дастаткова бачыць, як парадаксальна абыходзяцца з целам. Толькі што амаль апантана клапаціліся аб ім ў пагоні за міфам пра вечную маладосць, і тут жа зводзяць яго да матэрыяльнасці, якой адмаўляюць ва ўсялякай годнасці. Справа ў тым, што нельга ацэньваць цела, зыходзячы толькі з цела. Кожны сімвал адначасова магутны і далікатны. Калі яго не паважаць, не ўспрымаць яго такім, які ён ёсць, ён разбураецца, губляе сілу, становіцца нікчэмным.

Мы больш не маем позірку св. Францішка, які глядзеў на сонца, называючы яго братам, бо так адчуваў яго, бачыў яго прыгожым і выпраменьваючым вялікае ззянне, таму поўны здзіўлення спяваў: de te Altissimu, porta significatione. [14] Страта здольнасці разумець сімвалічную каштоўнасць цела і кожнага стварэння робіць сімвалічную мову літургіі амаль недаступнай для сучаснага чалавека. Аднак гаворка не ідзе пра тое, каб адмовіцца ад гэтай мовы: адмовіцца ад яе немагчыма, таму што гэта тое, што Найсвяцейшая Тройца выбрала, каб дайсці да нас у целе Слова. Хутчэй гаворка ідзе пра аднаўленне здольнасці выкарыстоўваць і разумець сімвалы Літургіі. Мы не павінны адчайвацца, таму што ў чалавеку гэтае вымярэнне, як я толькі што сказаў, з’яўляецца канстытутыўным і, нягледзячы на зло матэрыялізму і спірытуалізму ‒ абодва адмаўляюць адзінства цела і душы ‒ яно заўсёды гатовае з’явіцца зноў, як кожная праўда.

45. Такім чынам, пытанне, якое мы задаем сабе, заключаецца ў тым, як вярнуць здольнасць да сімвалаў? Як вярнуць уменне чытаць іх, каб жыць імі? Мы добра ведаем, што цэлебрацыя сакрамэнтаў ‒ дзякуючы Божай ласцы ‒ сама па сабе эфектыўная (ex opere operato), але гэта не гарантуе поўнага ўдзелу людзей без іх адпаведнага стаўлення да мовы цэлебрацыі. «Чытанне» сімвала ‒ гэта не разумовае пазнанне, асваенне паняццяў, але гэта жыццёвы досвед.

46. Перш за ўсё нам трэба вярнуць давер да стварэння. Я маю на ўвазе рэчы, ‒ сакрамэнты «складаюцца» з іх, ‒ якія паходзяць ад Бога, арыентаваны на Яго і прыняты Ім, асабліва падчас уцелаўлення, каб яны сталі прыладамі збаўлення, носьбітамі Духа, шляхамі ласкі. Тут адчуваецца ўся аддаленасць як ад матэрыялістычных, так і ад спірытычных поглядаў. Калі створаныя рэчы з’яўляюцца неад’емнай часткай сакрамэнтальнага дзеяння, якое спрыяе нашаму збаўленню, мы павінны падрыхтавацца да іх з новым, непавярхоўным, паважлівым і ўдзячным позіркам. З самага пачатку яны маюць у сабе зерне асвячальнай ласкі сакрамэнтаў.

47.Заўсёды разважаючы над тым, як Літургія фарміруе нас, яшчэ адным важным пытаннем з’яўляецца адукацыя, неабходная для таго, каб набыць унутраны настрой, які дазваляе нам выкарыстоўваць і разумець літургічныя сімвалы. Я скажу проста. Я маю на ўвазе бацькоў і, тым больш, бабуль і дзядуль, а таксама нашых пробашчаў і катэхетаў. Многія з нас навучыліся моцы літургічных жэстаў ‒ такіх як знак крыжа, кленчанне, формулы нашай веры ‒ менавіта ад іх. Магчыма, мы не памятаем пра гэта, але мы можам лёгка ўявіць сабе жэст большай рукі, якая бярэ маленькую ручку дзіцяці і павольна суправаджае яе, каб упершыню накрэсліць знак нашага збаўлення. Рух суправаджаецца словамі, таксама павольнымі, нібы яны хочуць авалодаць кожным імгненнем гэтага жэсту, усім целам: «У імя Айца... і Сына... і Духа Святога ... Амэн». Затым рука дзіцяці адпускаецца, і глядзіце, як яна сама, з дапамогай, калі спатрэбіцца, паўтарае гэты ўжо зроблены жэст, як звычку, якая будзе расці разам з ім, надаючы яму сэнс так, як ведае толькі Дух. З гэтага моманту гэты жэст, яго сімвалічная сіла належыць нам, ці, лепш сказаць, мы належым гэтаму жэсту, ён надае нам форму, мы ім сфармаваныя. Вам не трэба занадта шмат прамоў, вам не трэба ўсё разумець у гэтым жэсце: трэба быць малым і ў тым, каб перадаць яго, і ў тым, каб прыняць яго. Астатняе ‒ справа Духа. Так мы былі ўтаямнічаны ў мову сімвала. Мы не можам быць пазбаўленымі гэтага багацця. Па меры сталення ў нас будзе больш магчымасцяў для разумення, але заўсёды пры ўмове, што мы застанемся малымі.

Ars celebrandi

48. Адным са спосабаў захавання і ўзрастання ў жывым разуменні сімвалаў Літургіі з’яўляецца клопат пра ars celebrandi, мастацтва цэлебрацыі. Гэты выраз мае розныя інтэрпрэтацыі. Яго сэнс становіцца зразумелым, калі звярнуцца да тэалагічнага сэнсу Літургіі, апісанага ў Sacrosanctum Concilium (п. 7), на які я спасылаўся ўжо некалькі разоў. Ars celebrandi нельга звесці да звычайнага захавання рубрык і нават нельга разглядаць як творчасць фантазіі ‒ часам дзікай ‒ без правілаў. Абрад сам па сабе з’яўляецца нормай, і норма ніколі не з’яўляецца самамэтай, але заўсёды служыць найвышэйшай рэчаіснасці, якую хоча захаваць.

49. Як любое мастацтва, ars celebrandi патрабуе розных ведаў.

Перш за ўсё, патрабуе разумення дынамізму, якім вызначаецца Літургія. Момант цэлебрацыі з’яўляецца месцам, дзе Пасхальная таямніца прысутнічае праз успамін, каб ахрышчаныя праз свой удзел маглі адчуць яе ў сваім жыцці. Без гэтага разумення лёгка трапіць у заклапочанасць знешнім выглядам (больш ці менш вытанчаным) і рубрыкамі (больш ці менш жорсткімі).

Неабходна таксама ведаць, як дзейнічае Дух Святы ў кожнай цэлебрацыі: мастацтва цэлебрацыі павінна быць у згодзе з дзеяннем Духа. Толькі такім чынам яно будзе вольным ад суб’ектывізму, які з’яўляецца вынікам перавагі індывідуальных густаў, і ад паказной культуры, якая заключаецца ў некрытычным прыняцці культурных элементаў, якія не маюць нічога агульнага з правільна разуметым працэсам інкультурацыі.

Нарэшце, неабходна разумець дынаміку мовы сімвалаў, яе асаблівасць, яе эфектыўнасць.

50. З гэтых кароткіх нататак становіцца ясна, што мастацтва цэлебрацыі не дапускае імправізацыі. Як любое мастацтва, яно патрабуе паслядоўнага прымянення. Для рамесніка дастаткова тэхнікі. Але для мастака, акрамя тэхнічных ведаў, патрэбна яшчэ і натхненне, якое з’яўляецца пазітыўнай формай валодання. Сапраўдны мастак не валодае мастацтвам, ён хутчэй захоплены ім. Нельга навучыцца мастацтву цэлебрацыі, наведваючы курс красамоўства або тэхнік пераканаўчай камунікацыі (я не ацэньваю намеры, я назіраю наступствы). Кожны інструмент можа быць карысным, але заўсёды павінен быць падпарадкаваны сутнасці Літургіі і дзеянню Духа. Неабходна руплівая адданасць цэлебрацыі, каб сама цэлебрацыя перадавала нам сваё мастацтва. Гуардзіні піша: «Мы павінны ўсвядоміць, наколькі глыбока мы яшчэ трываем у індывідуалізме і суб’ектывізме, наколькі мы адвыклі ад прывабнай велічнасці і наколькі змалела вымярэнне нашага рэлігійнага жыцця. Трэба зноў абудзіць пачуццё вялікага стылю малітвы, а таксама жаданне ўключыць у яе і нашае існаванне. Але для дасягнення гэтых мэтаў патрэбна дысцыпліна, адмова ад лёгкай сентыментальнасці; сур’ёзная праца, якая выконваецца ў паслухмянасці Касцёлу, у дачыненні да нашага быцця і нашых рэлігійных паводзінаў». [15] Так вучацца мастацтву цэлебрацыі.

51. Размаўляючы на гэтую тэму, мы схільныя думаць, што гэта тычыцца толькі пасвячаных распарадчыкаў, якія выконваюць паслугу старшынства. На справе гэта сцвярджэнне таго, што ўсе ахрышчаныя пакліканы жыць гэтым. Я маю на ўвазе ўсе жэсты і словы, якія адносяцца да сходу: збірацца разам, ісці ў працэсіі, сядзець, стаяць, кленчыць, спяваць, маўчаць, усклікаць, глядзець, слухаць. Ёсць шмат спосабаў, якімі сход, як адзін чалавек (Нм 8,1), удзельнічае ў цэлебрацыі. Выкананне аднаго і таго ж жэсту, прамаўленне ўсімі разам у адзін голас перадае кожнаму паасобна моц усяго сходу. Гэтая аднастайнасць не толькі не знішчае, але, наадварот, выхоўвае вернікаў па-асобку да адкрыцця сапраўднай унікальнасці сваёй асобы не ў індывідуалістычных адносінах, але праз усведамленне таго, што яны з’яўляюцца адным целам. Гаворка не ідзе пра неабходнасць прытрымлівацца літургічнага этыкету. Гэта хутчэй «дысцыпліна» ‒ у сэнсе, які выкарыстоўвае Гуардзіні, ‒ якая, калі па-сапраўднаму прыгледзіцца, фарміруе нас. Гэтыя жэсты і словы наводзяць парадак у нашым унутраным свеце, прымушаючы нас жыць пачуццямі, адносінамі, паводзінамі. Яны не з’яўляюцца тлумачэннем ідэалу, спрабуючы нас натхніць, але дзеяннем, якое задзейнічае цела ў яго цэласнасці, гэта значыць, у яго адзінстве душы і цела.

52. Сярод абрадавых жэстаў, якія належаць усяму сходу, маўчанне займае абсалютна важнае месца. Вельмі часта  гэта выразна прадпісваецца ў рубрыках. Уся эўхарыстычная цэлебрацыя патанае ў маўчанні, якое папярэднічае яе пачатку і пазначае кожны момант яе абрадаў. Фактычна, яно прысутнічае падчас чыну пакаяння; пасля закліку да малітвы; у літургіі слова (перад чытаннямі, паміж чытаннямі і пасля гаміліі); у эўхарыстычнай малітве; пасля Камуніі. [16] Гэта не прытулак, дзе можна схавацца ў нейкай асабістай ізаляцыі, нібы пакідаючы абрад, адцягваючы ўвагу. Такое маўчанне супярэчыла б самой сутнасці цэлебрацыі. Літургічнае маўчанне ‒ гэта штосьці нашмат большае. Гэта  сімвал прысутнасці і дзеяння Духа Святога, які ажыўляе ўсе дзеянні цэлебрацыі. Вось чаму яно часта з’яўляецца кульмінацыяй абрадавай паслядоўнасці. Менавіта таму, што гэта сімвал Духа, яно мае моц выказаць Яго шматграннае дзеянне. Такім чынам, пераглядаючы моманты, пра якія я згадаў вышэй, маўчанне вядзе да пакаяння і жадання навяртання; абуджае слуханне Слова і малітву; настройвае на адарацыю Цела і Крыві Хрыста; яно падказвае кожнаму, у цеснай еднасці, што Дух хоча зрабіць у жыцці, каб прыпадобніць нас да паламанага Хлеба. Вось чаму мы пакліканы з асаблівай стараннасцю выконваць сімвалічны жэст маўчання. Праз яго Дух надае нам форму.

53. Кожны жэст і кожнае слова звязаны з канкрэтным дзеяннем, заўсёды новым, бо яно суадносіцца з заўсёды новым момантам у нашым жыцці. Дазвольце мне растлумачыць гэта на адным простым прыкладзе. Мы становімся на калені, каб прасіць прабачэння; скарыць наш гонар; перадаць нашыя слёзы Богу; прасіць Яго аб умяшанні; каб падзякаваць Яму за атрыманы дар. Гэта заўсёды той самы жэст, які, па-сутнасці, указвае на тое, што мы малыя перад Богам. Аднак, здзейснены ў розныя моманты нашага жыцця, ён фарміруе глыбіню нашага духоўнага свету, а затым знешне выяўляецца ў нашых адносінах з Богам, з братамі і сёстрамі. Кленчыць таксама трэба з мастацтвам, гэта значыць з поўным усведамленнем яго сімвалічнага значэння і патрэбы выказаць гэтым жэстам наш спосаб знаходжання ў прысутнасці Пана. Калі ўсё гэта мае слушнасць для гэтага простага жэсту, то наколькі больш гэта мае слушнасць для цэлебрацыі Слова? Якому мастацтву мы пакліканы навучыцца, каб абвяшчаць Слова, слухаць яго, каб яно натхніла нашую малітву, стала жыццём? Усё гэта заслугоўвае найбольшага клопату, не фармальнага, вонкавага, але жыццёвага, унутранага, таму што кожны жэст і кожнае слова цэлебрацыі, выражанае з «мастацтвам», фарміруе хрысціянскую асобу кожнага чалавека і супольнасці.

54. Калі праўда, што ars celebrandi тычыцца ўсяго сходу, які цэлебруе, то таксама праўда, што пасвячаныя распарадчыкі павінны асабліва клапаціцца пра гэта. Наведваючы хрысціянскія супольнасці, я часта заўважаў, што іх спосаб перажывання цэлебрацыі абумоўлены ‒ з лепшага або, на жаль, з горшага боку ‒ тым, як іх пробашч узначальвае сход. Можна сказаць, што ёсць розныя «мадэлі» ўзначальвання. Вось магчымы спіс падыходаў, якія, хоць і супярэчаць адзін аднаму, характарызуюць, безумоўна, неадэкватны спосаб узначальвання: суровая жорсткасць або раздражняльная крэатыўнасць; адухаўляючы містыцызм або практычны функцыяналізм; празмерная паспешлівасць або празмерная марудлівасць; неахайная нядбайнасць або залішняя педантычнасць; звышпрыязнасць або іератычная абыякавасць. Нягледзячы на шырокі спектр гэтых прыкладаў, я думаю, што неадэкватнасць гэтых мадэляў мае агульны корань: залішні персаналізм стылю цэлебрацыі, які часам выяўляе дрэнна прыхаваную манію быць у цэнтры ўвагі. Часта гэта становіцца больш відавочным, калі нашыя цэлебрацыі транслююцца ў эфіры, што не заўсёды выглядае дарэчы і над чым варта задумацца. Зразумейце, гэта не самыя распаўсюджаныя адносіны, але нярэдка сходы церпяць такое «нядобрае абыходжанне».

55. Можна шмат казаць пра важнасць і далікатнасць узначальвання. Пры розных нагодах я звяртаўся да складанага задання прамаўлення гаміліі. [17] Зараз я абмяжуюся некаторымі больш шырокімі меркаваннямі, заўсёды жадаючы разам з вамі паразважаць над тым, як нас фарміруе Літургія. Я маю на ўвазе рэгулярнасць нядзельных Імшаў у нашых супольнасцях, таму звяртаюся да прэзбітэраў, а непасрэдна да ўсіх пасвячаных распарадчыкаў.

56. Святар жыве сваім тыповым удзелам у цэлебрацыі на моцы дару, атрыманага ў сакрамэнце пасвячэння, і гэтая тыповасць выяўляецца менавіта праз узначальванне. Як і ўсе абавязкі, якія ён пакліканы выконваць, гэта ў першую чаргу не заданне, ускладзенае супольнасцю, а хутчэй вынік спаслання Духа Святога, атрыманага падчас пасвячэння, які дазваляе яму гэта рабіць. Прэзбітэр таксама фарміруе сябе праз тое, што ўзначальвае цэлебрацыйны сход.

57. Для таго, каб гэтае служэнне было выканана добра ‒ з мастацтвам ‒ асабліва важна, каб прэзбітэр меў перадусім жывое ўсведамленне таго, што ў ім дзякуючы Божай міласэрнасці ёсць асаблівая прысутнасць Уваскрослага. Сам пасвячаны распарадчык з’яўляецца адным са спосабаў прысутнасці Пана, які робіць хрысціянскі сход унікальным, непадобным да любога іншага (пар. Sacrosanctum Concilium, п. 7). Гэты факт надае «сакрамэнтальную» глыбіню ‒ у шырокім сэнсе ‒ усім жэстам і словам таго, хто ўзначальвае. Сход мае права адчуць у гэтых жэстах і словах жаданне, якое Пан мае сёння, як падчас Апошняй Вячэры, працягваць есці пасху з намі. Такім чынам, Уваскрослы з’яўляецца галоўным героем, а не нашая няспеласць, якая, прымаючы ролю і паставу, шукае прэзентабельнасці, якой не можа мець. Сам прэзбітэр павінен быць перапоўнены гэтым жаданнем еднасці, якое Пан мае ў адносінах да кожнага. Ён нібы знаходзіцца паміж палаючым любоўю сэрцам Езуса і сэрцам кожнага верніка, аб’ектам Яго любові. Узначальваць Эўхарыстыю ‒ значыць акунуцца ў вогнішча Божай любові. Калі нам будзе дадзена зразумець ці нават інтуітыўна ўявіць гэтую рэчаіснасць, нам, безумоўна, больш не спатрэбіцца дырэкторыя, якая патрабуе ад нас адэкватных паводзінаў. Калі ж нам гэта патрэбна, то дзеля жорсткасці нашага сэрца. Найвышэйшай нормай і, такім чынам, найбольш патрабавальнай з’яўляецца сама рэчаіснасць эўхарыстычнай цэлебрацыі, якая выбірае словы, жэсты, пачуцці, каб зразумець, ці адпавядаюць яны таму заданню, якое яны павінны выконваць. Відавочна, што імправізаваць таксама нельга. Гэта мастацтва. Яно патрабуе ад прэзбітэра руплівасці, гэта значыць пастаяннага падтрымання агню любові, які Пан прыйшоў прынесці на зямлю (пар. Лк 12,49).

58. Калі першая супольнасць ламае хлеб, выконваючы наказ Пана, то робіць гэта пад позіркам Марыі, якая суправаджае першыя крокі Касцёла: «яны аднадушна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, маці Езуса» (Дз 1,14). Дзева Маці «кантралюе» жэсты свайго Сына, даручаныя Апосталам. Як захавала, прыняўшы словы анёла Габрыэля, у сваім улонні Слова, якое сталася целам, так зноў Дзева захоўвае ва ўлонні Касцёла тыя жэсты, якія ўтвараюць цела Яе Сына. Прэзбітэр, які паўтарае гэтыя жэсты на моцы дару, атрыманага ў сакрамэнце пасвячэння, сам захоўваецца ва ўлонні Панны. Ці патрэбныя правілы, каб падказваць нам, як сябе паводзіць?

59. Прэзбітэры, стаўшы прыладай распальвання агню любові Пана на зямлі, захаваным ва ўлонні Марыі, Дзевы, учыненай Касцёлам (як спяваў св. Францішак), павінны дазволіць дзейнічаць Духу, які жадае завяршыць справу, распачатую пры іх пасвячэнні. Дзеянне Духа дае ім магчымасць кіраваць эўхарыстычным сходам з бояззю Пятра, усведамляючы сваю грэшнасць (пар. Лк 5,1-11), з моцнай пакорай церпячага слугі (пар. Іс 42 і наст.), з жаданнем быць «з’едзенымі» людзьмі, даверанымі ім у штодзённым выкананні служэння.

60. Сама цэлебрацыя выхоўвае да такой якасці ўзначальвання, але, паўтараем, гэта не прыхільнае стаўленне розуму, нават калі ўвесь наш розум, а таксама нашая пачуццёвасць удзельнічаюць у гэтым. Такім чынам, прэзбітэр фарміруе сябе для ўзначальвання праз словы і жэсты, якія Літургія ўкладвае ў яго вусны і ў яго рукі.

Ён не сядзіць на троне [18], таму што Пан валадарыць з пакораю таго, хто служыць.

Ён не пазбаўляе цэнтральнага месца алтар, знак Хрыста, з прабітага боку якога выцяклі кроў і вада, што сталі крыніцаю сакрамэнтаў Касцёла, і цэнтр нашай хвалы і падзякі. [19]

Падыходзячы да алтара ахвяры, прэзбітэр вітае яго ў пакоры і скрусе словамі: «Прымі, Пане Божа, нас, якія стаім перад Табою ў духу пакоры і са скрухай у сэрцы, а наша ахвяра, якую сёння складаем, няхай будзе Табе даспадобы». [20]

Ён не можа разлічваць на сябе ў давераным яму служэнні, таму Літургія заклікае яго прасіць аб ачышчэнні праз знак вады: «Змый з мяне, Пане, віну маю і ачысці мяне ад граху майго». [21]

Словы, якія літургія ўкладвае ў яго вусны, маюць розны змест, які патрабуе асаблівага тону. Важнасць гэтых словаў патрабуе ад прэзбітэра сапраўднага ars dicendi. Яны надаюць форму яго ўнутраным пачуццям раз у просьбе да Айца ад імя сходу, раз у закліку, скіраваным да сходу, іншым разам у акламацыі ў адзін голас з усім сходам.

У эўхарыстычнай малітве, у якой таксама ўдзельнічаюць усе ахрышчаныя, слухаючы з пашанай і ў маўчанні і ўступаючы з акламацыяй [22], кіраўнік мае моц ад імя ўсяго святога народу нагадаць перад Айцом пра ахвяру Яго Сына на Апошняй Вячэры, каб гэты велізарны дар быў зноў прысутны на алтары. Ён удзельнічае ў гэтай ахвяры праз ахвяраванне самога сябе. Прэзбітэр не можа распавядаць Айцу аб Апошняй Вячэры, не стаўшы яе ўдзельнікам. Ён не можа сказаць: «Бярыце і ешце з гэтага ўсе, бо гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана», і не жыць падобным жаданнем ахвяраваць уласнае цела, сваё жыццё за даручаных яму людзей. Гэта тое, што адбываецца падчас яго служэння.

Праз усё гэта і многае іншае прэзбітэр няспынна фарміруе сябе праз цэлебрацыю.

***

61. У гэтым лісце я проста хацеў падзяліцца некаторымі разважаннямі, якія, безумоўна, не вычэрпваюць велізарны скарб цэлебрацыі святых таямніц. Прашу ўсіх біскупаў, прэзбітэраў і дыяканаў, выхавацеляў у семінарыях, выкладчыкаў тэалагічных факультэтаў і тэалагічных школ, усіх катэхетаў і катэхетак дапамагаць святому Божаму народу чэрпаць тое, што заўсёды з’яўляецца першакрыніцай хрысціянскай духоўнасці. Мы пакліканы пастаянна нанава адкрываць багацце агульных прынцыпаў, выкладзеных у першых нумарах Sacrosanctum Concilium, разумеючы цесную сувязь першай саборнай канстытуцыі з усімі іншымі. Па гэтай прычыне мы не можам вярнуцца да той абрадавай формы, якую Айцы Сабору, cum Petro і sub Petro, палічылі неабходным рэфармаваць, зацвярджаючы, пад кіраўніцтвам Духа і паводле свайго пастырскага сумлення, прынцыпы, з якіх нарадзілася рэформа. Святыя Пантыфікі Павел VI і Ян Павел ІІ, ухваляючы рэфармаваныя літургічныя кнігі ex decreto Sacrosancti Œcumenici Concilii Vaticani II, гарантавалі вернасць рэформе Сабору. Па гэтай прычыне я напісаў Traditionis Custodes, каб Касцёл мог узносіць на розных мовах адзіную і аднолькавую малітву, здольную выказаць яго еднасць. [23] Гэтую еднасць, як я ўжо пісаў, я маю намер аднавіць ва ўсім Касцёле рымскага абраду.

62. Я хацеў бы, каб гэты ліст дапамог зноў распаліць у нас здзіўленне прыгажосцю праўды хрысціянскай цэлебрацыі, каб нагадаў нам пра неабходнасць аўтэнтычнай літургічнай фармацыі і прызнанне важнасці мастацтва цэлебрацыі, якое служыць праўдзе Пасхальнай таямніцы і ўдзелу ў ёй усіх ахрышчаных, кожнага паводле свайго паклікання.

Усё гэта багацце недалёка ад нас: яно ў нашых касцёлах, у нашых хрысціянскіх святах, у цэнтры нядзелі, у сіле сакрамэнтаў, якія мы цэлебруем. Хрысціянскае жыццё ‒ гэта шлях пастаяннага ўзрастання. Мы пакліканы да таго, каб дазволіць фарміраваць сябе з радасцю і ў еднасці.

63. Па гэтай прычыне я хацеў бы пакінуць вам яшчэ адну падказку, каб працягваць наша падарожжа. Я запрашаю вас нанава адкрыць для сябе значэнне літургічнага года і дня Пана: гэта таксама наказ Сабору (гл. Sacrosanctum Concilium, пп. 102-111).

64. У святле вышэйзгаданага мы разумеем, што літургічны год з’яўляецца для нас магчымасцю ўзрастання ў пазнанні таямніцы Хрыста, заглыблення нашага жыцця ў таямніцу Яго Пасхі, чакання Яго вяртання. Гэта сапраўдная пастаянная фармацыя. Нашае жыццё ‒ гэта не выпадковая і хаатычная паслядоўнасць падзей, але шлях, які ад Вялікадня да Вялікадня прыпадабняе нас да Яго ў чаканні спаўнення шчаслівай надзеі і прыйсця Збаўцы нашага Езуса Хрыста. [24]

65. На працягу часу, абноўленага Пасхай, кожныя восем дзён Касцёл у нядзелю цэлебруе падзею збаўлення. Нядзеля, перш чым быць прадпісаннем, з’яўляецца дарам, які Бог дае свайму народу (па гэтай прычыне Касцёл ахоўвае яго прадпісаннем). Нядзельная цэлебрацыя дае хрысціянскай супольнасці магчымасць фарміраваць сябе праз Эўхарыстыю. З нядзелі ў нядзелю Слова Уваскрослага асвятляе нашае існаванне, жадаючы ўчыніць у нас тое, дзеля чаго яно было паслана (пар. Іс 55,10-11). З нядзелі ў нядзелю еднасць з Целам і Крывёю Хрыста таксама хоча зрабіць наша жыццё ахвярай, прыемнай Айцу, у братэрскай еднасці, якая становіцца дзяленнем, гасціннасцю, служэннем. З нядзелі ў нядзелю сіла паламанага Хлеба падтрымлівае нас у абвяшчэнні Евангелля, у якім выяўляецца сапраўднасць нашай цэлебрацыі.

Пакінем спрэчкі, каб разам прыслухацца да таго, што Дух кажа Касцёлу, будзем берагчы еднасць, працягнем здзіўляцца прыгажосці Літургіі. Пасха дадзена нам. Захавайма жаданне таго, каб Пан працягваў спажываць яе разам з намі. Пад позіркам Марыі, Маці Касцёла.

Дадзена ў Рыме, у святога Яна на Латэране, 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, у 2022 годзе, у дзесяты год майго пантыфікату.

Францішак

 

Дрыжыць усё чалавецтва,
дрыжыць увесь сусвет і радуецца неба,
калі на алтары, у руцэ святара,
прысутнічае Хрыстус, Сын Бога жывога.
О цудоўная веліч і надзвычайная годнасць!
О цудоўная пакора! О сціплая ўзнёсласць,
бо Пан сусвету, Бог і Сын Божы,
прыніжае сябе ажно да таго,
што хаваецца дзеля нашага збаўлення
пад выглядам малога кавалачка хлеба!
Паглядзіце, браты, на Божую пакору,
і адкрыйце свае сэрцы перад Ім;
скарыцеся і вы, каб Ён узвысіў вас.
Дык нічога з вашага не трымайце для сябе,
каб вы ўсе і цалкам маглі прыняць таго,
хто ахвяруе вам усяго сябе.

Святы Францішак Асізскі,
Ліст да ўсяго Ордэна
 II, 26-29

 

______________________________

 

[1]Пар. Leo Magnus, Sermo LXXIV: De ascensione Domini II,1: «quod [...] Redemptoris nostri conspicuum fuit, in sacramenta transivit».

[2]Præfatio paschalis IIIMissale Romanum(2008) p. 367: «Qui immolátus iam non móritur, sed semper vivit occísus».

[3] Пар. Missale Romanum (2008) p. 532.

[4] Пар. Augustinus, Enarrationes in psalmos. Ps. 138,2; Oratio post septimam lectionem, Vigilia paschalis, Missale Romanum (2008) p. 359; Super oblata, Pro Ecclesia (B), Missale Romanum(2008) p. 1076.

[5] Пар. Augustinus, In Ioannis Evangelium tractatus XXVI,13.

[6] Пар. Litteræ encyclicæ Mediator Dei(20 Novembris 1947) in AAS 39 (1947) 532.

[7]AAS 56 (1964) 34.

[8]R. Guardini, Liturgische Bildung (1923) in Liturgie und liturgische Bildung (Mainz 1992) p. 43; trad. it. Formazione Liturgica (Brescia 2022) p. 69.

[9]R. Guardini, Der Kultakt und die gegenwärtige Aufgabe der Liturgischen Bildung (1964) in Liturgie und liturgische Bildung (Mainz 1992) p. 14; trad. it. L’atto di culto e il compito attuale della formazione liturgica. Una lettera (1964) in Formazione liturgica (Brescia 2022) p. 33.

[10]De Ordinatione Episcopi, Presbyterorum et Diaconorum (1990) p. 95: «Agnosce quod ages, imitare quod tractabis, et vitam tuam mysterio dominicæ crucis conforma».

[11]Leo Magnus, Sermo XII: De Passione III,7.

[12]Irenæus Lugdunensis, Adversus hæreses IV,20,7.

[13]R. Guardini, Liturgische Bildung (1923) in Liturgie und liturgische Bildung (Mainz 1992) p. 36; trad. it. Formazione Liturgica (Brescia 2022) p. 60.

[14]Cantico delle Creature, Fonti Francescane, n. 263.

[15]R. Guardini Liturgische Bildung (1923) in Liturgie und liturgische Bildung (Mainz 1992) p. 99; trad. it. Formazione Liturgica (Brescia 2022) p. 139.

[16] Пар. Institutio Generalis Missalis Romani, nn. 45; 51; 54-56; 66; 71; 78; 84; 88; 271.

[17] Гл. Esortazione apostolica Evangelii gaudium (24 novembre 2013), nn. 135-144.

[18] Пар. Institutio Generalis Missalis Romani, n. 310.

[19]Prex dedicationis in Ordo dedicationis ecclesiæ et altaris (1977) p. 102.

[20]Missale Romanum (2008) p. 515: «In spiritu humilitatis et in animo contrito suscipiamur a te, Domine; et sic fiat sacrificium nostrum in conspectu tuo hodie, ut placeat tibi, Domine Deus».

[21]Missale Romanum (2008) p. 515: «Lava me, Domine, ab iniquitate mea, et a peccato meo munda me».

[22] Пар. Institutio Generalis Missalis Romani, nn. 78-79.

[23] Пар. Paulus VI, Constitutio apostolica Missale Romanum (3 Aprilis 1969) in AAS 61 (1969) 222.

[24]Missale Romanum (2008) p. 598: « … exspectantes beatam spem et adventum Salvatoris nostri Iesu Christi».

 



Copyright © Dicastero per la Comunicazione - Libreria Editrice Vaticana