Index   Back Top Print

[ AR  - BE  - DE  - EN  - ES  - FR  - IT  - LA  - PL  - PT  - ZH_CN  - ZH_TW ]

АПОСТАЛЬСКІ ЛІСТ
PATRIS CORDE

Святога айца
Францішка

З нагоды 150-ай гадавіны
абвяшчэння святога Юзафа
Апекуном паўсюднага Касцёла

 

Бацькоўскім сэрцам: так Юзаф палюбіў Езуса, якога ўсе чатыры Евангеллі называюць «сынам Юзафа»[1].

Мацвей і Лука, два евангелісты, якія прадставілі яго постаць, кажуць мала, але дастаткова шмат, каб зразумець, якім бацькам ён быў і якую місію даверыў яму Провід.

Ведаем, што ён быў сціплым цесляром (пар. Мц 13, 55), заручаным з Дзевай Марыяй (пар. Мц 1, 18; Лк 1, 27), «справядлівым» (Мц 1, 19), заўсёды гатовым выконваць Божую волю, аб’яўленую ў Ягоным Законе (пар. Лк 2, 22.27.39) i ў чатырох снах (пар. Мц 1, 20; 2, 13.19.22). Пасля доўгага і цяжкога падарожжа з Назарэта ў Бэтлеем ён убачыў Месію, які нарадзіўся ў стайні, бо нідзе «не было ім месца» (Лк 2, 7). Ён быў сведкам пакланення пастухоў (пар. Лк 2, 8-20) i мудрацоў (пар. Мц 2, 1-12), якія, адпаведна, прадстаўлялі народ Ізраэля і язычніцкія народы.

Ён меў адвагу стаць законным бацькам Езуса, якому даў імя, абвешчанае праз анёла: «дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных» (Мц 1, 21). Як вядома, надаванне імя асобе ці рэчы, як гэта ўчыніў Адам у апісанні з кнігі Быцця (пар. 2, 19-20), сярод старажытных народаў азначала набыццё іх ва ўласнасць.

Праз сорак дзён пасля нараджэння Юзаф разам з Марыяй ахвяраваў Дзіця Пану ў святыні і са здзіўленнем выслухаў прароцтвы Сімяона аб Езусе і Марыі (пар. Лк 2, 22-35). Каб абараніць Езуса ад Ірада, Юзаф пасяліўся ў Егіпце як чужынец (пар. Мц 2, 13-18). Вярнуўшыся ў свой край, ён жыў непрыкметна ў маленькай малавядомай мясцовасці Назарэт у Галілеі, адкуль, як казалі, «прарок не выйдзе» і «ці можа быць штосьці добрае?» (пар. Ян 7, 52; 1, 46), – здалёк ад Бэтлеема, свайго роднага горада, і ад Ерузалема, дзе была святыня. Калі падчас пілігрымкі ў Ерузалем Юзаф і Марыя згубілі дванаццацігадовага Езуса, яны са смуткам шукалі Яго і знайшлі ў святыні, дзе Ён размаўляў з настаўнікамі Закону (пар. Лк 2, 41-50).

Пасля Марыі, Маці Божай, ніводзін святы не займае ў папскім навучанні столькі месца, колькі Юзаф, Яе Абраннік. Мае папярэднікі паглыбілі пасланне, змешчанае ў нешматлікіх звестках, пададзеных у Евангеллі, каб больш выразна падкрэсліць яго цэнтральную ролю ў гісторыі збаўлення: благаслаўлёны Пій ІХ абвясціў яго «Апекуном Каталіцкага Касцёла»[2], шаноўны Пій ХІІ прадставіў яго як «Апекуна працоўных»[3], а святы Ян Павел ІІ як «Апекуна Збаўцы»[4]. Людзі ж звяртаюцца да яго як да «апекуна добрай смерці»[5].

Таму цяпер, праз 150 год пасля абвяшчэння яго Апекуном Каталіцкага Касцёла 8 снежня 1870 г. праз благаслаўлёнага Пія ІХ, я хацеў бы падзяліцца з вамі некаторымі асабістымі разважаннямі пра гэтую незвычайную постаць, такую блізкую чалавечаму стану кожнага з нас, каб – як кажа Езус – «вусны гаварылі тое чым перапоўнена сэрца» (пар. Мц 12, 34). Гэтае жаданне ўзрастала на працягу апошніх месяцаў пандэміі, калі мы дасведчылі сярод закранаючага нас крызісу, што «нашае жыццё ткуць і падтрымліваюць звычайныя людзі – у большасці забытыя, якіх не ўбачыш у загалоўках газет і часопісаў, ані на вялікай сцэне апошняга шоу, але якія, несумненна, пішуць сёння вырашальныя падзеі на старонках нашай гісторыі: лекары, медсёстры і медбраты, работнікі супермаркетаў, прыбіральшчыкі, апекуны і апякункі, кур’еры дастаўкі, прадстаўнікі службаў грамадскай бяспекі, валанцёры, святары, кансэкраваныя асобы і шмат іншых, хто зразумеў, што ніхто не збаўляецца сам. [...] Колькі людзей штодня праяўляюць цярплівасць і напаўняюць іншых надзеяй, намагаючыся не сеяць паніку, але супольную адказнасць. Колькі бацькаў, маці, бабуль і дзядуляў, а таксама настаўнікаў паказваюць нашым дзецям праз дробныя штодзённыя жэсты, як супрацьстаяць крызісу і пераадольваць яго, дастасоўваючы звычаі, гледзячы наперад і заахвочваючы да малітвы. Колькі людзей моляцца, ахвяруюцца і заступаюцца за дабро ўсіх»[6]. Усе могуць знайсці ў святым Юзафе, чалавеку, які застаецца незаўважаным, чалавеку штодзённай прысутнасці, далікатнай і непрыкметнай, заступніка, памочніка і правадыра ў цяжкія хвіліны. Святы Юзаф нагадвае нам, што ўсе, хто знешне непрыкметны або «другарадны», прымаюць выключны актыўны ўдзел у гісторыі збаўлення. Усе яны заслугоўваюць прызнання і падзякі.

1. Умілаваны бацька

Веліч святога Юзафа ў тым, што быў ён абраннікам Марыі і бацькам Езуса. Такім чынам, ён «стаў слугою паўсюднага плану збаўлення», як кажа святы Ян Хрызастом[7].

Святы Павел VI адзначае, што яго айцоўства выяўлялася менавіта ў тым, што ён «учыніў сваё жыццё служэннем, прынёс яго ў ахвяру таямніцы ўцелаўлення і спалучанай з ёй місіі адкуплення; выкарыстаў сваю ўладу, якая законна належала яму ў Святой Сям’і, каб цалкам учыніць сябе, сваё жыццё, сваю працу дарам; ператварыў уласнае чалавечае пакліканне да сямейнай любові ў звышчалавечае ахвяраванне сябе, свайго сэрца і ўсіх здольнасцяў у любоў, аддадзеную на служэнне Месіі, які рос у яго доме»[8].

З увагі на гэтую ролю ў гісторыі збаўлення, святы Юзаф з’яўляецца бацькам, якога заўсёды любіў хрысціянскі люд, аб чым сведчаць незлічоныя святыні, прысвечаныя яму ва ўсім свеце, шматлікія інстытуты кансэкраванага жыцця, супольнасці і касцёльныя групы, натхнёныя яго духоўнасцю і названыя яго іменем, а таксама шматлікія традыцыйныя праяўленні пабожнасці ў яго гонар. Мноства святых былі яго гарачымі прыхільнікамі. Сярод іх была Тэрэза Авільская, якая абрала яго сваім абаронцам і заступнікам, часта звярталася да яго і атрымлівала ўсе ласкі, аб якіх прасіла; натхнёная ўласным досведам, святая Тэрэза пераконвала іншых развіваць гэтую пабожнасць[9].

У кожным малітоўніку можна знайсці тую ці іншую малітву да святога Юзафа. Спецыяльныя набажэнствы ў яго гонар адбываюцца кожную сераду, і асабліва на працягу сакавіка, месяца, які традыцыйна прысвечаны яму[10].

Давер людзей да святога Юзафа перадае выраз: «Ite ad Ioseph», які адносіцца да часоў голаду ў Егіпце, калі егіпцяне прасілі ў фараона хлеба, а ён адказаў: «Ідзіце да Юзафа і зрабіце ўсё, што ён вам скажа» (Быц 41, 55). Фараон меў на ўвазе Юзафа, сына Якуба, якога прадалі ў рабства з-за зайздрасці ягоныя браты (пар. Быц 37, 11-28) і які, паводле біблійнай нарацыі, стаў пасля намеснікам Егіпта (пар. Быц 41, 41-44).

Як патомак Давіда (пар. Мц 1, 16-20), з кораня якога павінен быў нарадзіцца Езус паводле абяцання, дадзенага Давіду прарокам Натанам (пар. 2 Сам 7), і як абраннік Марыі з Назарэта, святы Юзаф з’яўляецца тым, хто звязвае Стары і Новы Запавет.

2. Пяшчотны бацька

Юзаф бачыў, як Езус штодня «ўзрастаў у мудрасці, у гадах і ў ласцы ў Бога і ў людзей» (Лк 2, 52). Як Пан у дачыненні да Ізраэля, так і ён паступаў з Езусам: «вучыў яго хадзіць, трымаючы за руку: быў для яго як айцец, які падносіць дзіця да шчакі, схіляецца над ім, каб накарміць яго» (пар. Ос 11, 3-4).

Езус бачыў у Юзафе пяшчоту Бога: «Як літуецца бацька над сынамі, так змілуецца Пан над тымі, хто Яго баіцца» (Пс 103 [102], 13).

Юзаф напэўна чуў, як гучалі словы Псалтыра ў сінагозе падчас малітвы, што Бог Ізраэля – Бог пяшчоты[11], што Ён добры для ўсіх, а «міласэрнасць Яго над усімі стварэннямі Ягонымі» (Пс 145 [144], 9).

Гісторыя збаўлення спаўняецца «ў надзеі насуперак надзеі» (пар. Рым 4, 18) праз нашыя слабасці. Занадта часта мы думаем, што Бог дзейнічае толькі праз тое, што ў нас добрае і выйгрышнае, хоць насамрэч большасць Яго планаў рэалізуецца праз нашыя слабасці і нягледзячы на іх. Святы Павел кажа: «Дадзена мне джала ў цела, пасланец сатаны, каб біць мяне, каб я не хваліўся. Таму я тройчы маліў Пана адхіліць ад мяне гэта. Але Пан сказаў мне: „Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці”» (2 Кар 12, 7-9).

Калі такая перспектыва эканоміі збаўлення, то мы павінны навучыцца прымаць нашую слабасць з глыбокай пяшчотай[12].

Злы робіць так, што мы глядзім на нашую крохкасць негатыўна, тады як Дух з пяшчотай выносіць яе на дзённае святло. Пяшчота – найлепшы спосаб дакрануцца да таго, што ў нас слабое. Паказванне пальцам і нашае меркаванне пра іншых вельмі часта выяўляе нашую няздольнасць прыняць сваю слабасць, сваю крохкасць. Толькі пяшчота абароніць нас ад справы абвінаваўцы (пар. Ап 12,10). Таму так важна сустрэцца з Божай міласэрнасцю, асабліва ў сакрамэнце пакаяння, і спазнаць праўду ды пяшчоту. Парадаксальна, але нават злы дух можа сказаць нам праўду, аднак робіць ён гэта для таго, каб нас асудзіць. Але мы ведаем, што Праўда, якая паходзіць ад Бога, не асуджае нас, але прымае, абдымае, падтрымлівае, прабачае нам. Праўда заўсёды прадстае перад намі як міласэрны Айцец з прыпавесці (Лк 15, 11-32): выходзіць насустрач, вяртае нам годнасць, зноў ставіць нас на ногі, ладзіць для нас гасціну, з тлумачэннем: «Гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся» (в. 24).

Нават праз непакой Юзафа пранікае Божая воля, Яго гісторыя, Яго план. Так Юзаф вучыць нас, што вера ў Бога ўключае ў сябе веру ў тое, што Ён можа дзейнічаць нават праз нашыя страхі, нашыя недахопы, нашую слабасць. Таксама ён вучыць нас, што сярод жыццёвых бураў мы ніколі не павінны баяцца аддаць Богу стырно нашага чаўна. Часам мы хочам усё кантраляваць, але Бог глядзіць заўсёды шырэй.

3. Паслухмяны бацька

Як Бог аб’явіў Марыі свой план збаўлення, так Юзафу Ён аб’явіў свае планы праз сны, якія ў Бібліі і ва ўсіх старажытных народаў лічыліся адным са спосабаў, праз які Бог адкрывае сваю волю[13].

Юзафа глыбока турбавала невытлумачальная цяжарнасць Марыі. Ён не хацеў падвяргаць яе «публічнай ганьбе»[14], таму вырашыў «патаемна адпусціць Яе» (Мц 1, 19). У першым сне анёл дапамагае яму вырашыць сур’ёзную дылему: «Не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных» (Мц 1, 20-21). Яго рэакцыя была імгненнай: «Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана» (Мц 1, 24). Дзякуючы паслухмянасці ён пераадолеў сваю драму і ўратаваў Марыю.

У другім сне анёл загадвае Юзафу: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад будзе шукаць Дзіця, каб загубіць Яго» (Мц 2, 13). Юзаф не вагаўся, быў паслухмяны, не зважаючы на цяжкасці, якія яго чакалі: «Падняўшыся, ён узяў Дзіця і Маці Яго ноччу і адправіўся ў Егіпет. Быў там да смерці Ірада» (Мц 2, 14-15).

У Егіпце Юзаф з даверам і цярпліва чакаў ад анёла абяцанага паведамлення, каб вярнуцца ў свой край. Як толькі Божы пасланец у трэцім сне сказаў яму, што памерлі тыя, хто хацеў забіць Дзіця, і загадаў яму ўстаць, узяць Дзіця і Маці Яго ды ісці назад у зямлю Ізраэля (пар. Мц 2, 19-20), ён у чарговы раз паслухаўся без ваганняў: «Устаў, узяў Дзіця і Маці Яго і прыйшоў у зямлю Ізраэля» (Мц 2, 21).

Аднак падчас зваротнага шляху, «пачуўшы, што ў Юдэі валадарыць Архелай замест яго бацькі Ірада, пабаяўся вяртацца туды. Атрымаўшы ў сне наказ, – што адбываецца ўжо ў чацвёрты раз – пайшоў у Галілейскую зямлю. А калі прыйшоў, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт» (Мц 2, 22-23).

Евангеліст Лука, у сваю чаргу, распавядае нам, што Юзаф распачаў доўгае і няпростае падарожжа з Назарэта ў Бэтлеем, каб быць запісаным у горадзе свайго паходжання, згодна з загадам цэзара Аўгуста аб перапісе. Менавіта ў такіх абставінах нарадзіўся Езус (пар. Лк 2, 1-7), і быў занесены ў рэестр імперыі як і ўсе іншыя дзіцяці.

Асабліва святы Лука задбаў аб тым, каб паказаць, што бацькі Езуса выконвалі ўсе прадпісанні Закону: абрады абразання Езуса, ачышчэнне Марыі пасля родаў, ахвяраванне першынца Богу (пар. 2, 21-24 )[15].

У любых абставінах свайго жыцця Юзаф змог вымавіць сваё «fiat», як Марыя падчас Звеставання і Езус у Гетсэманскім садзе.

Як галава сям’і Юзаф навучыў Езуса быць паслухмяным сваім бацькам (пар. Лк 2, 51) у адпаведнасці з Божай запаведдзю (пар. Зых 20, 12).

На працягу ўкрытага жыцця ў Назарэце, у школе Юзафа, Езус вучыўся выконваць волю Айца. Гэтая воля сталася Яго штодзённым спажыткам (пар. Ян 4, 34). Нават у самы цяжкі момант свайго жыцця – у Гетсэманскім садзе – Езус імкнуўся выконваць волю Айца, а не сваю[16], і стаў «паслухмяным ажно да смерці […] на крыжы» (Флп 2, 8). Таму аўтар Паслання да Габрэяў падсумоўвае: «навучыўся паслухмянасці праз тое, што выцерпеў» (5, 8).

З усіх гэтых падзей вынікае, што «Бог паклікаў святога Юзафа служыць непасрэдна асобе і місіі Езуса праз здзяйсненне свайго айцоўства: менавіта так Юзаф удзельнічае ў поўні часу ў вялікай таямніцы адкуплення і сапраўды з’яўляецца слугой збаўлення»[17].

4. Бацька, які прымае

Юзаф прыняў Марыю без папярэдніх ўмоў. Ён давярае словам анёла. «Высакароднасць яго сэрца такая, што ён падпарадкоўвае любові тое, чаму навучыў яго Закон. А ў сённяшнім свеце, дзе відавочны псіхалагічны, вербальны і фізічны гвалт у адносінах да жанчын, Юзаф з’яўляецца паважлівым і далікатным мужчынам. Нават не ведаючы ўсяго, ён прымае рашэнне абараніць добрае імя Марыі, яе годнасць і жыццё. У яго сумненнях наконт таго, як лепш паступіць, Бог дапамог яму, асвятліўшы яго меркаванне»[18].

Часта ў жыцці здараюцца рэчы, сэнс якіх мы не разумеем. Нашай першай рэакцыяй зазвычай бывае расчараванне і бунт. Юзаф адстаўляе ў бок свае развагі, каб даць месца таму, што адбываецца, і якім бы загадкавым гэта не здавалася яму, ён прымае гэта, бярэ на сябе адказнасць за гэта і мірыцца са сваёй гісторыяй. Калі мы не змірымся з нашай гісторыяй, мы не зможам зрабіць ніводнага кроку наперад, бо заўсёды застанемся закладнікамі сваіх чаканняў і расчараванняў, якія з іх вынікаюць.

Духоўнае жыццё, якое паказвае нам Юзаф, не з’яўляецца шляхам, які тлумачыць, але шляхам, які прымае. Толькі ў выніку гэтага прыняцця, гэтага прымірэння мы можам адчуць больш вялікую гісторыю, яе больш глыбокі сэнс. Здаецца, што гэта нібы рэха палкага адказу Ёва на заклік жонкі ўзбунтавацца з прычыны ўсяго перажытага зла: «Дабро прынялі з рукі Бога, чаму зла не можам прыняць?» (Ёв 2,10).

Юзаф не з’яўляецца чалавекам, які пасіўна саступае месца. Яго ўдзел мужны і значны. Менавіта прыняцце ёсць тым спосабам, праз які выяўляецца ў нашым жыцці дар мужнасці, які мы атрымліваем ад Духа Святога. Толькі Пан можа даць нам сілу прыняць жыццё такім, якое яно ёсць, каб таксама даць месца той супрацьлеглай, нечаканай частцы нашага існавання, якая прыносіць расчараванне.

Прыйсце Езуса сярод нас – гэта дар Айца, які дазваляе кожнаму з нас прымірыцца з рэальнасцю ўласнай гісторыі, нават калі мы да канца яе не разумеем.

Падобна таму, як Бог сказаў нашаму святому: «Сыне Давіда, не бойся!» (Мц 1, 20), Ён, здаецца, паўтарае і нам: «Не бойцеся!» Мы павінны адставіць ў бок гнеў і расчараванне, і зрабіць месца – без ніякага глабальнага адмаўлення, але з поўнай надзеі мужнасцю – для таго, што мы не выбралі, а што аднак існуе. Такое прыняцце жыцця дазваляе ўбачыць схаваны сэнс. Жыццё кожнага з нас можа цудам адрадзіцца, калі мы знойдзем мужнасць пражыць яго так, як кажа нам Евангелле. І не мае значэння, ці ў дадзены момант справы пагоршыліся ці некаторыя рэчы ўжо нельга выправіць. Бог можа зрабіць так, што кветкі пачнуць прарастаць сярод скалаў. Нават калі нашае сэрца асуджае нас, «Бог большы за нашае сэрца і ведае ўсё» (1 Ян 3, 20).

Зноў вяртаецца хрысціянскі рэалізм, які не адкідае нічога, што існуе. Рэальнасць у сваёй таямнічай і непараўнальнай ні з чым складанасці з’яўляецца носьбітам экзістэнцыяльнага сэнсу з усімі яго праявамі святла і ценю. Такім чынам, апостал Павел можа сказаць: «Мы ведаем таксама, што ўсё служыць на карысць тым, хто любіць Бога» (Рым 8, 28). А святы Аўгустын дадае: «…нават і са злога (etiam illud quod malum dicitur)»[19]. У гэтай шырэйшай перспектыве вера надае сэнс кожнай радаснай ці сумнай падзеі.

Таксама не варта меркаваць, што верыць – значыць знаходзіць зручныя і суцяшальныя рашэнні. Вера, якой навучыў нас Хрыстус, – гэта вера, якую мы бачым у святым Юзафе. Ён не шукае кароткіх шляхоў, але «з адкрытымі вачыма» ідзе насустрач таму, што з ім адбываецца, і асабіста адказвае за гэта.

Тое, як прымае Юзаф, заахвочвае нас прымаць іншых без выключэння такімі, якімі яны з’яўляюцца, праяўляючы асаблівы клопат пра слабых, таму што Бог выбірае тое, што слабое (пар. 1 Кар 1, 27). Ён – «айцец сіротаў і абаронца ўдоваў» (Пс 68 [67], 6), які загадвае нам любіць чужаземцаў[20]. Я магу сабе ўявіць, што пастава Юзафа была для Езуса крыніцай натхнення для прыпавесці пра марнатраўнага сына і міласэрнага айца (пар. Лк 15, 11-32).

5. Бацька з творчай адвагай

Калі першым этапам сапраўднага ўнутранага аздараўлення з’яўляецца прыняцце асабістай гісторыі, гэта значыць вызначэнне ў сабе месца таксама для таго, чаго мы не выбралі ў нашым жыцці, то цяпер мы павінны дадаць яшчэ адну важную рысу: творчую адвагу. Яна выяўляецца асабліва тады, калі мы сустракаемся з цяжкасцямі, бо, сутыкнуўшыся з імі, мы можам або спыніцца і сысці з поля бітвы, або штосьці прыдумаць. Часам менавіта цяжкасці адкрываюць у кожным з нас рэсурсы, пра наяўнасць якіх мы нават не мелі ніякага паняцця.

Чытаючы «Евангелле дзяцінства», мы часта задаёмся пытаннем, чаму Бог не дзейнічаў больш непасрэдна і выразна. Аднак Бог умешваецца праз падзеі і людзей. Юзаф – чалавек, праз якога Бог клапоціцца пра пачатак гісторыі адкуплення. Ён – сапраўдны «цуд», дзякуючы якому Бог ратуе Дзіця і Яго Маці. Бог дзейнічае, давяраючы творчай адвазе гэтага чалавека, які, прыбыўшы ў Бэтлеем і не знайшоўшы месца, дзе Марыя магла б нарадзіць, прыстасоўвае стайню і робіць так, каб яна стала самым гасцінным месцам для прыходзячага на свет Божага Сына (пар. Лк 2, 6-7). Перад абліччам небяспекі з боку Ірада, які хацеў забіць Дзіця, Юзаф у чарговы раз атрымлівае перасцярогу ў сне дзеля абароны Дзіцяці, таму сярод ночы арганізуе уцёкі ў Егіпет (пар. Мц 2, 13-14 ).

Калі мы павярхоўна чытаем гэтыя апісанні, то заўсёды ствараецца ўражанне, што свет знаходзіцца ва ўладзе моцных і магутных. Але «добрая навіна» Евангелля ў тым, каб паказаць, што, нягледзячы на дэспатызм і насілле зямных уладароў, Бог заўсёды знаходзіць спосаб ажыццявіць свой план збаўлення. Часам можа здавацца, што і наша жыццё знаходзіцца ва ўладзе моцных, але Евангелле паказвае нам, што Бог заўсёды знаходзіць спосаб выратаваць тое, што мае значэнне, з умовай, што мы праявім такую ж творчую адвагу, як цясляр з Назарэта, які змог ператварыць праблему ў магчымасць, давяраючы заўсёды Божаму Провіду.

Калі часам здаецца, што Бог не дапамагае нам, то гэта не азначае, што Ён пакінуў нас, але што Ён давярае нам, верыць у тое, што мы можам планаваць, быць творчымі і самастойна знаходзіць рашэнні.

Такую творчую адвагу праявілі сябры паралізаванага чалавека, якія спусцілі яго праз дах, каб паказаць яго Езусу (пар. Лк 5, 17-26). Цяжкасці не стрымалі смеласці і настойлівасці гэтых сяброў. Яны былі перакананыя, што Езус можа вылечыць хворага, «а калі праз натоўп не змаглі пранесці яго, залезлі на дах дома і праз страху спусцілі яго з насілкамі на сярэдзіну перад Езусам. Убачыйшы іх веру, Ён сказаў: „Чалавеча, адпускаюцца табе грахі твае”» (вв. 19-20). Езус дацаніў творчую веру, з якой яны імкнуліся прывесці да Яго свайго хворага сябра.

Евангелле нічога не кажа пра тое, як доўга Марыя, Юзаф і Дзіця заставаліся ў Егіпце. Але напэўна ім трэба было нешта есці, знайсці дом, працу. Не трэба шмат фантазіі, каб запоўніць маўчанне Евангелля на гэтую тэму. Святая Сям’я павінна была справіцца з канкрэтнымі праблемамі, як і кожная іншая сям’я, як многія нашыя браты і сёстры мігранты, якія таксама сёння з прычыны няшчасця і голаду рызыкуюць жыццём. У сувязі з гэтым я лічу, што святы Юзаф сапраўды з’яўляецца асаблівым заступнікам усіх тых, хто вымушаны пакінуць родныя мясціны з прычыны вайны, нянавісці, пераследу і галечы.

У канцы кожнай гісторыі, у якой Юзаф выступае галоўным героем, Евангелле кажа нам, што ён устае, бярэ з сабою Дзіця і Яго Маці і выконвае тое, што загадаў яму Бог (пар. Мц 1, 24; 2, 14. 21). Сапраўды, Езус і Марыя, Яго Маці, – гэта найкаштоўнейшы скарб нашай веры[21].

У плане збаўлення нельга аддзяліць Сына ад Маці, ад той, якая «ішла дарогай веры і верна захавала сваю еднасць з Сынам да самага крыжа»[22].

Мы заўсёды павінны задаваць сабе пытанне, ці з усіх сілаў мы абараняем Езуса і Марыю, якія таямнічым чынам даручаны нашай адказнасці, нашаму клопату і апецы. Сын усемагутнага Бога прыходзіць на свет, прымаючы стан вялікай слабасці. Становіцца тым, хто патрабуе Юзафа для абароны, бяспекі, клопату, выхавання. Бог давярае гэтаму чалавеку, як і Марыя, якая знайшла ў Юзафе таго, хто не толькі хоча выратаваць Яе жыццё, але таго, хто заўсёды будзе клапаціцца пра Яе і Дзіця. Таму святы Юзаф не можа не быць Апекуном Касцёла, бо Касцёл з’яўляецца працягам цела Хрыста ў гісторыі, і адначасова мацярынства Марыі адлюстроўваецца ў мацярынстве Касцёла [23]. Юзаф, аберагаючы Касцёл, не перастае абараняць Дзіця і Яго Маці, і мы таксама, любячы Касцёл, працягваем любіць Дзіця і Яго Маці.

Гэтае Дзіця ёсць тым, хто скажа: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40). Такім чынам, кожны патрабуючы, кожны бедны, кожны церпячы, кожны паміраючы, кожны чужынец, кожны вязень, кожны хворы – гэта «Дзіця», якога надалей аберагае Юзаф. Па гэтай прычыне святога Юзафа заклікаюць як апекуна нешчаслівых, патрабуючых, выгнаннікаў, церпячых, бедных, паміраючых. І менавіта таму Касцёл не можа не любіць перадусім самых апошніх, бо Езус асаблівым чынам іх палюбіў і сам стаўся адным з іх. Ад святога Юзафа мы павінны навучыцца такому ж клопату і адказнасці: любіць Дзіця і Яго Маці; любіць сакрамэнты і міласэрнасць; любіць Касцёл і бедных. Усё гэта заўсёды ёсць Дзіцём і Яго Маці.

6. Бацька – чалавек працы

Адным з аспектаў, які вызначае святога Юзафа і які падкрэсліваўся з часоў першай сацыяльнай энцыклікі «Rerum Novarum» папы Льва XIII, з’яўляецца яго сувязь з працай. Святы Юзаф быў цесляром, які сумленна працаваў дзеля ўтрымання сваёй сям’і. Дзякуючы яму Езус пазнаў вартасць, годнасць і радасць таго, што значыць есці хлеб, які з’яўляецца плёнам уласнай працы.

У наш час, калі праца зноў стала вострай сацыяльнай праблемай, а беспрацоўе часам дасягае рэкорднага ўзроўню нават у тых краінах, якія на працягу дзесяцігоддзяў мелі пэўны дабрабыт, узнікае неабходнасць абноўленага ўсведамлення важнасці працы, якая надае годнасць і якой узорным апеконом з’яўляецца наш святы.

Праца нават становіцца ўдзелам у справе збаўлення, магчымасцю наблізіць прыйсце Божага Валадарства, развіваць свае якасці і рысы, аддаючы іх на служэнне грамадству і супольнасці. Праца становіцца магчымасцю для рэалізацыі не толькі самога сябе, але і той асноўнай ячэйкі грамадства, якой з’яўляецца сям’я. Сям’я без працы часцей сутыкаецца з цяжкасцямі, напружанасцю, адчужэннем і нават з адчайнай спакусай разысціся. Як мы можам казаць пра чалавечую годнасць, не імкнучыся да таго, каб усе і кожны паасобку мелі магчымасць годнага ўтрымання?

Працоўны чалавек, незалежна ад таго, чым займаецца, супрацоўнічае з самім Богам і ў пэўным сэнсе становіцца стваральнікам свету, які нас акружае. Крызіс нашага часу: эканамічны, сацыяльны, культурны і духоўны можа быць для ўсіх заклікам нанова адкрыць для сябе каштоўнасць, важнасць і неабходнасць працы, каб даць пачатак новай «нармальнасці», з якой ніхто не быў бы выключаны. Праца святога Юзафа нагадвае нам, што сам Бог, стаўшыся чалавекам, не грэбаваў працай. Страта працы, якая закранае многіх нашых братоў і сясцёр і якая пашырылася ў апошні час у выніку пандэміі Covid-19, павінна заахвоціць нас перагледзець свае прыярытэты. Будзем прасіць святога Юзафа Рамесніка дапамагчы нам знайсці спосабы выказаць сваё цвёрдае перакананне, што ніводзін малады чалавек, ніводная асоба, ніводная сям’я не павінны застацца без працы!

7. Бацька ў цені

Польскі пісьменнік Ян Дабрачынскі ў сваёй кнізе «Цень айца»[24] распавядае гісторыю жыцця святога Юзафа ў форме рамана. Праз сугестыўны вобраз ценю аўтар акрэсліў постаць Юзафа, які ў адносінах да Езуса з’яўляецца ценем Нябеснага Айца на зямлі: ахоўвае Яго, бароніць і ніколі не пакідае, ідучы ўслед за Ім. Згадваецца тое, пра што Майсей нагадаў Ізраэлю: «У пустыні ... ты бачыў, як Пан, Бог ваш, насіў цябе, як чалавек носіць свайго сына» (пар. Дрг 1, 31). Так Юзаф спаўняў сваё айцоўства на працягу ўсяго свайго жыцця[25].

Ніхто не нараджаецца бацькам, але становіцца ім. І не становіцца ім толькі таму, што нараджае на свет дзіця, але таму, што з адказнасцю клапоціцца пра гэтае дзіця. Кожны раз, калі хтосьці прымае адказнасць за жыццё іншага чалавека, ён у пэўным сэнсе становіцца бацькам гэтага чалавека.

У сучасным грамадстве дзеці часта здаюцца сіротамі пры жывым бацьку. Сёння Касцёл таксама патрабуе айцоў. Папярэджанне святога Паўла, скіраванае да Карынцянаў, застаецца актуальным і сёння: «Калі б нават вы мелі безліч выхаваўцаў у Хрысце, у вас усё адно не будзе шмат айцоў» (1 Кар 4, 15). Кожны святар ці біскуп павінен мець магчымасць сказаць разам з Апосталам: «Я нарадзіў вас праз Евангелле ў Хрысце Езусе» (тамсама). І Галатам ён кажа: «Дзеці мае, я зноў нараджаю вас у пакутах, пакуль вобраз Хрыста не сфармуецца ў вас» (4, 19).

Быць бацькам – значыць знаёміць дзіця з жыццёвым досведам, з рэальнасцю. Не стрымліваць яго, не знявольваць, не панаваць над ім, а рабіць яго здольным выбіраць, быць свабодным, вырушваць у дарогу. Магчыма, па гэтай прычыне Юзафа традыцыйна называюць не толькі бацькам, але і дадаюць, што ён «найчысцейшы». Гэта не проста эмацыйнае азначэнне, але сінтэз паставы, супрацьлеглай уласніцтву. Чыстасць – гэта свабода ад уласніцтва ва ўсіх сферах жыцця. Толькі любоў чыстая сапраўды з’яўляецца любоўю. Любоў, якая хоча валодаць, у рэшце рэшт становіцца небяспечнай: знявольвае, душыць і робіць чалавека няшчасным. Сам Бог палюбіў чалавека чыстай любоўю, пакінуўшы яму нават свабоду памыляцца і выступаць супраць Яму. Логіка любові – гэта заўсёды логіка свабоды, а Юзаф ведаў, як любіць надзвычай свабодна. Ён ніколі не ставіў сябе ў цэнтры. Ён меў здольнасць саступіць цэнтральнае месца Марыі і Езусу.

Шчасце Юзафа не ў логіцы самаахвярнасці, а ў дары самога сябе. У гэтым чалавеку мы ніколі не бачым расчаравання, а толькі давер. У яго настойлівым маўчанні няма нараканняў, а толькі заўсёды канкрэтныя жэсты даверу. Свет патрабуе айцоў, адкідае тыранаў, адкідае тых, хто прагне панаваць над іншымі і карыстацца імі для запаўнення ўласнай пусткі; адкідае тых, хто блытае аўтарытэт з аўтарытарызмам, служэнне – з прыслужніцтвам, канфрантацыю – з прыгнётам, міласэрнасць – з гіперапекай, сілу – са знішчэннем. Кожнае сапраўднае пакліканне нараджаецца з прынясення сябе ў дар, які з’яўляецца плёнам сталай звычайнай ахвярнасці. Святарства і кансэкраванае жыццё таксама патрабуюць такога роду сталасці. Там, дзе пакліканне ці то сужэнскае, ці да цэлібату, ці да дзявоцтва не дасягае сталасці ў дары сябе, затрымліваючыся толькі на логіцы ахвяры, то замест таго, каб быць знакам прыгажосці і радасці любові, можа стаць выразам няшчасця, смутку і расчаравання.

Айцоўства, якое адкідае спакусу ўладкоўваць жыццё дзяцей паводле свайго жыцця, заўсёды шырока адкрывае новыя перспектывы. Кожнае дзіця нясе з сабой заўсёды таямніцу, абсалютную навізну, якую можна выявіць толькі з дапамогай бацькі, які паважае свабоду дзіцяці; бацькі, які разумее, што ён споўніць сваю выхаваўчую функцыю і ў паўнаце рэалізуе сваё айцоўства толькі тады, калі стане «бескарысным», калі ўбачыць, што яго дзіця стала незалежным і можа самастойна ісці жыццёвымі шляхамі; калі ён паставіць сябе ў сітуацыю Юзафа, які заўсёды ведаў, што Дзіця – не ягоная ўласнасць, а толькі даручана яго апецы. У рэшце рэшт, гэта тое, што Езус мае на ўвазе, кажучы: «Айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны» (Мц 23, 9).

Кожны раз, калі мы апынаемся ў сітуацыі рэалізацыі айцоўства, мы заўсёды павінны памятаць, што яно ніколі не суадносіцца з валоданнем, але з’яўляецца «знакам» нейкага большага айцоўства. У пэўным сэнсе мы ўсе заўсёды знаходзімся ў становішчы Юзафа: мы – толькі цень Нябеснага Айца, які «загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых» (Мц 5, 45); цень, які ідзе за Сынам.

***

«Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго» (Мц 2, 13), – кажа Бог святому Юзафу.

Мэта дадзенага апостальскага ліста – абудзіць большую любоў да гэтага вялікага святога, заахвоціць да малітвы праз яго заступніцтва і да наследавання яго цнотаў і яго энтузіязму.

Сапраўды, асаблівая місія святых заключаецца не толькі ў здзяйсненні цудаў і выпрошванні ласкаў, але ў заступніцтве за нас перад Богам, як чынілі гэта Абрагам[26] і Майсей[27], і як Езус, «адзін пасрэднік» (1 Цім 2, 5), які з’яўляецца нашым «Заступнікам» перад Айцом (1 Ян 2, 1) і які «заўсёды жывы, каб заступацца за нас» (Гбр 7, 25; пар. Рым 8, 34).

Святыя дапамагаюць усім вернікам у імкненні «дасягнуць святасці і дасканаласці свайго стану»[28]. Іх жыццё з’яўляецца канкрэтным доказам таго, што можна жыць Евангеллем.

Езус сказаў нам: «Навучыцеся ад Мяне, бо я ціхі і пакорны сэрцам» (Мц 11, 29), а жыццё святых, у сваю чаргу, з’яўляецца прыкладам для пераймання. Святы Павел выразна заахвочваў: «Наследуйце мяне!» (1 Кар 4, 16)[29]. Сваім вымоўным маўчаннем святы Юзаф кажа пра тое ж.

Маючы прыклад такой колькасці святых, святы Аўгустын задаваў сабе пытанне: «Ты не можаш зрабіць тое, што здолелі зрабіць гэтыя мужчыны і жанчыны?» І так ён прыйшоў да канчатковага навяртання, усклікаючы: «Позна я палюбіў цябе, Прыгажосць адвечная і заўсёды новая!»[30].

Не застаецца нічога іншага, як толькі прасіць святога Юзафа аб ласцы ласкаў: аб нашым навяртанні.

Звернемся да яго ў малітве:

Вітай, апякун Адкупіцеля,
абраннік Найсвяцейшай Панны Марыі.
Табе Бог даручыў свайго Сына;
табе даверылася Марыя;
з табой Хрыстус стаўся чалавекам.

О святы Юзэфе, стань таксама айцом для нас
і вядзі нас па жыццёвым шляху.
Выпрасі для нас ласку, міласэрнасць і адвагу
і барані нас ад усякага зла. Амэн.

У Рыме, у святога Яна на Латэране, 8 снежня 2020 года, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у восьмы год майго Пантыфікату.

Францішак

 

__________________________

 

[1] Лк 4, 22; Ян 6, 42; пар. Мц 13, 5; 6, 3.

[2] S. Rituum Congreg., Quemadmodum Deus (8 снежня 1870): ASS 6 (1870-71), 194.

[3] Пар. Discorso alle ACLI in occasione della Solennità di San Giuseppe Artigiano (1 мая 1955): AAS 47 (1955), 406.

[4] Апостальская адгартацыя Redemptoris custos (15 жніўня 1989): AAS 82 (1990), 5-34.

[5] Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1014.

[6] Meditazione in tempo di pandemia (27 сакавіка 2020): L’Osservatore Romano, 29 marzo 2020, p. 10.

[7] In Matth. Hom, V, 3: PG 57, 58.

[8] Omelia (19 сакавіка 1966): Insegnamenti di Paolo VI, IV (1966), 110.

[9] Пар. Libro della vita, 6, 6-8.

[10] Кожны дзень, ужо больш за сорак гадоў, пасля Ютрані я адмаўляю малітву да святога Юзафа, узятую з французскага малітоўніка XIX стагоддзя Кангрэгацыі сясцёр Езуса і Марыі, якая выражае пабожнасць, давер да святога Юзафа і пэўны выклік: «Слаўны патрыярх, святы Юзаф, які можаш зрабіць магчымым немагчымае, паспяшы мне на дапамогу ў хвіліны трывогі і цяжкасцяў. Вазьміце пад сваю абарону вельмі сур’ёзныя і складаныя сітуацыі, якія я давяраю табе, каб яны былі шчасліва вырашаныя. Мой умілаваны ойча, цалкам спадзяюся на цябе. Няхай не кажуць, што я дарэмна заклікаў цябе, і паколькі ты можаш усё рабіць разам з Езусам і Марыяй, пакажы мне, што твая дабрыня такая ж вялікая, як і твая моц. Амэн».

[11] Пар. Дрг 4, 31; Пс 69 [68], 17; 78 [77], 38; 86 [85], 5; 111 [110], 4; 116 [117], 5; Ер 31, 20.

[12] Пар. Апостальская адгартацыя Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 88. 288.

[13] Пар. Быц 20, 3; 28, 12; 31, 11. 24; 40, 8; 41, 1-32; Ліч 12, 6; 1 Сам 3, 3-10; Дан 2; 4; Ёв 33, 15.

[14] У такіх выпадках прадугледжвалася нават каменаванне (пар. Дрг 22, 20-21).

[15] Пар. Лев 12, 1-8; Зых 13, 2.

[16] Пар. 26, 39; 14, 36; Лк 22, 42.

[17] Св. Ян Павел II, Апостальская адгартацыя Redemptoris custos (15 жніўня 1989), 8: AAS 82 (1990), 14.

[18] Omelia nella S. Messa con Beatificazioni, Villavicencio – Colombia (8 верасня 2017): AAS 109 (2017), 1061.

[19] Enchiridion de fide, spe et caritate, 3.11: PL 40, 236.

[20] Пар. Дрг 10, 19; Зых 22, 20-22; Лк 10, 29-37.

[21] Пар. S. Rituum Congreg., Quemadmodum Deus (8 снежня 1870): ASS 6 (1870-71), 193; Pii IX, Inclytum Patriarcham (7 ліпеня 1871): l.c., 324-327.

[22] Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл Lumen gentium, 58.

[23] Пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 963-970.

[24] Cień Ojca, Warszawa 1977.

[25] Пар. Св. Ян Павел ІІ, Апостальская адгартацыя Redemptoris custos, 7-8: AAS 82 (1990), 12-16.

[26] Пар. Быц 18, 23-32.

[27] Пар. Быц 17, 8-13; 32, 30-35.

[28] Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл Lumen gentium, 42.

[29] Пар. 1 Кар 11,1; Флп 3,17; 1 Тэс 1,6.

[30] Confessioni, 8, 11, 27: PL 32, 761; 10, 27, 38: PL 32, 795.

 

 



Copyright © Dicastero per la Comunicazione - Libreria Editrice Vaticana