Index   Back Top Print

[ AR  - BE  - DE  - EN  - ES  - FR  - HR  - IT  - PL  - PT  - RO  - ZH_CN  - ZH_TW ]

АПОСТАЛЬСКІ ЛІСТ
У ФОРМЕ «MOTU PROPRIO»

НАЙВЫШЭЙШАГА ПАНТЫФІКА
ФРАНЦІШКА

ANTIQUUM MINISTERIUM

у якім ён устанаўлівае
паслугу катэхета

 

1. Паслуга катэхета ў Касцёле вельмі старажытная. Тэолагі згодна сцвярджаюць, што пра першых катэхетаў ідзе гаворка ўжо на старонках Новага Запавету. Служэнне навучання бярэ пачатак ад «настаўнікаў», пра якіх згадвае Апостал, калі піша ліст да супольнасці ў Карынце: «Адных Бог паставiў у Касцёле найперш апосталамi, другіх – прарокамi, трэцiх – настаўнікамі, потым даў моц, потым – дары аздараўлення, дапамогі, кіравання, розныя мовы. Цi ўсе апосталы? Цi ўсе прарокi? Цi ўсе настаўнікі? Цi ўсе цудатворцы? Цi ўсе маюць дар аздараўлення? Цi ўсе гавораць мовамi? Цi ўсе тлумачаць? Дбайце пра большыя дары, і я пакажу вам яшчэ лепшы шлях» (1 Кар 12, 28-31).

Таксама Лука распачынае сваё Евангелле сведчаннем: «…вырашыў і я дакладна даследаваць усё ад пачатку і апісаць табе ўсё па парадку, дастойны Тэафіле, каб ты пазнаў праўдзівасць таго, чаму быў навучаны» (Лк 1, 3-4). Евангеліст добра ведае, што яго пісанне парапануе адмысловую форму навучання, якая сапраўды дадае сілы і вытрываласць тым, хто ўжо атрымаў хрост. Апостал Павел зноў вяртаецца да гэтага аргумента, калі наказвае Галатам: «Няхай той, каго навучаюць, дзеліцца ўсякім дабром з тым, хто яго навучае» (Гал 6, 6). Як можна заўважыць, тэкст дадае адну істотную дэталь: еднасць жыцця як знак плённасці атрыманай сапраўднай катэхезы.

2. Ужо з самага пачатку хрысціянская супольнасць мае досвед распаўсюджанай формы паслугі, якая больш канкрэтна выяўлялася ў служэнні мужчын і жанчын, якія, паслухмяныя дзеянню Духа Святога, прысвяцілі сваё жыццё справе будавання Касцёла. Харызмы, якія Дух ніколі не пераставаў удзяляць ахрышчаным, набывалі ў пэўныя моманты бачную і канкрэтную форму, скіраваную на служэнне хрысціянскай супольнасці ў яе розных праявах такім чынам, што яна была прынятая як diakonia неабходная для супольнасці. Апостал Павел аўтарытэтна раз’ясняе гэта, калі заяўляе: «Розныя ёсць дары, але той самы Дух. Розныя ёсць служэнні, але той самы Пан. Розныя ёсць дзеянні, але той самы Бог, які робіць усё ва ўсіх. Аднак кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць. Аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому – слова пазнання паводле таго самага Духа; іншаму – вера ў тым самым Духу; іншаму – дар аздараўлення ў тым жа Духу; іншаму – моц чыніць цуды, іншаму – прароцтва, іншаму – распазнаванне духаў, іншаму – розныя мовы, іншаму – тлумачэнне моваў. А ўсё гэта здзяйсняе адзін і той жа Дух, які ўдзяляе кожнаму паасобку, як жадае» (1 Кар 12, 4-11).

Таму ў межах вялікай харызматычнай традыцыі Новага Запавету можна заўважыць рэальную прысутнасць ахрышчаных, якія выконвалі паслугу перадачы навучання Апосталаў і Евангелістаў у больш арганічнай, працяглай форме, звязанай з рознымі абставінамі жыцця (пар. Другі Ват. Сабор, Дагм. канстыт. Dei Verbum, 8). Касцёл пажадаў прызнаць гэтае служэнне, як канкрэтную праяву асабістай харызмы, якая ў немалой ступені спрыяе выкананню яго евангелізацыйнай місіі. Гэты погляд на жыццё першых хрысціянскіх супольнасцяў, якія ўключыліся ў абвяшчэнне і распаўсюджванне Евангелля, і ў нашы дні заахвочвае Касцёл ацаніць магчымыя новыя спосабы захавання вернасці слову Пана, каб Яго Евангелле магло дасягнуць кожнае стварэнне.

3. Уся гісторыя евангелізацыі за апошнія два тысячагоддзі паказвае вельмі выразна, наколькі плённай была місія катэхетаў. Біскупы, прэзбітэры і дыяканы разам з многімі мужчынамі і кансэкраванымі жанчынамі прысвячалі сваё жыццё катэхетычнаму навучанню, каб вера стала сапраўднай падтрымкай для асабістага існавання кожнай чалавечай істоты. Яшчэ іншыя збіралі вакол сябе наступных братоў і сясцёр, якія, маючы тую самую харызму, заснавалі законныя супольнасці для выключнага служэння катэхезе.

Нельга забыць незлічоную колькасць свецкіх, якія прынялі непасрэдны ўдзел у пашырэнні Евангелля праз катэхетычнае навучанне. Мужчыны і жанчыны, праўдзівыя сведкі святасці, напоўненыя вялікай вераю, у некаторых выпадках былі таксама заснавальнікамі Касцёлаў, ахвяруючы нават сваё жыццё. Таксама ў наш час, шмат здольных і вытрывалых катэхетаў стаіць начале супольнасцяў у розных рэгіёнах i выконвае незаменную місію перадачы і паглыблення веры. Вялікі шэраг катэхетаў благаслаўлёных, святых і мучанікаў паспрыяў развіццю місіі Касцёла і заслугоўвае прызнання, бо з’яўляецца багатай крыніцай не толькі для катэхезы, але для ўсёй гісторыі хрысціянскай духоўнасці.

4. Пачынаючы з Другога Ватыканскага Сабору, Касцёл нанова адчуў значэнне ўдзелу свецкіх у справе евангелізацыі. Айцы сабору неаднаразова сцвярджалі, наколькі неабходны для «plantatio Ecclesiae» i для развіцця хрысціянкай супольнасці непасрэдны ўдзел свецкіх вернікаў у розных формах дзейнасці, у якіх можа выявіцца іх харызма. «Годны пахвалы таксама атрад катэхетаў, што здабыў вельмі вялікія заслугі ў місійнай справе сярод народаў. Ён складаецца як з мужчын, так і жанчын, поўных апостальскага духу, якія дзякуючы сваёй вялікай працы сталі асаблівай і абсалютна неабходнай дапамогай у пашырэнні веры i Касцёла. У наш час, калі адчуваецца недахоп духавенства для евангелізацыі такой вялікай колькасці вернікаў i для пастырскага служэння, паслуга катэхетаў мае вялізнае значэнне» (Другі Ват. Сабор, Дэкр. Ad gentes, 17).

Побач з багатым саборавым навучаннем абавязкова трэба згадаць пастаянную зацікаўленасць Папаў, Сіноду Біскупаў, Канферэнцый Біскупаў ды паасобных пастыраў, якія цягам гэтых дзесяцігоддзяў у значнай ступені спрычыніліся да адновы катэхезы. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, Апостальская адгартацыя Catechesi tradendae, Агульная катэхетычная інструкцыя, Агульны дырэктыўны дакумент па катэхізацыі, нядаўні Дырэктыўны дакумент па катэхізацыі разам з многімі нацыянальнымі, рэгіянальнымі і дыяцэзіяльнымі Катэхізісамі з’яўляюцца праяўленнем цэнтральнага значэння катэхетычнай справы, якая ставіць на першае месца навучанне, а таксама сталую фармацыю верных.

5. Ні ў чым не змяншаючы місіі біскупа, які з’яўляецца першым катэхетам сваёй дыяцэзіі разам з прэзбітэрыем, які падзяляе з ім той самы пастырскі клопат, а таксама адказнасці бацькоў у справе хрысціянскай фармацыі іх дзяцей (пар. ККП, кан. 774 §2; ККУК, кан. 618), неабходна прызнанне прысутнасці свецкіх, якія ў сілу сакрамэнту хросту адчуваюць сябе пакліканымі да катэхетычнага супрацоўніцтва (пар. ККП, кан. 225; ККУК, кан. 401 i 406). Гэтая прысутнасць становіцца яшчэ больш неабходнай у наш час з прычыны адноўленага ўсведамлення евангелізацыі ў сучасным свеце (пар. Апост. адгарт. Evangelii gaudium, 163-168), а таксама таму, што сучасная культура глабалізацыі мае значны ўплыў (пар. Энц. Fratelli tutti, 100.138) i таму патрабуе сапраўднага ўзаемадзеяння з моладдзю, не кажучы ўжо пра неабходнасць адпаведнай метадалогіі i творчых рэсурсаў, здольных прыстасаваць абвяшчэнне Евангелля да місійнай трансфармацыі, якую распачаў Касцёл. Вернасць мінуламу i адказнасць за сучаснасць ‒ гэта неабходныя ўмовы для выканання Касцёлам яго місіі ў свеце.

Абуджэнне асабістага энтузіязму з боку кожнага ахрышчанага і жывое ўсведамленне імі ўласнага паклікання да выканання сваёй місіі ў супольнасці патрабуе ўслухоўвання ў голас Духа, які не пазбаўляе нас сваёй плённай прысутнасці (пар. ККП, кан. 774 §1; ККУК, кан. 617). Таксама сёння Дух заклікае мужчын і жанчын вырушыць у дарогу і сустракацца з усімі, хто чакае адкрыцця прыгажосці, дабра і праўды хрысціянскай веры. Задача пастыраў ‒ падтрымаць іх у гэтым працэсе і ўзбагаціць жыццё хрысціянскай супольнасці шляхам прызнання паслугі свецкіх, здольных унесці свой уклад у перамену грамадства праз пранікненне «хрысціянскіх каштоўнасцяў у грамадскі, палітычны і эканамічны свет» (Evangelii gaudium, 102).

6. Апостальства свецкіх несумненна мае свецкі характар. Яно абавязвае «шукаць Божага Валадарства, займаючыся свецкімі справамі і кіруючы імі згодна з Божым намерам» (Другі Ват. Сабор, Дагм. канст. Lumen Gentium, 31). Штодзённае жыццё свецкіх саткана не толькі з сямейных адносінаў і повязяў, але і грамадскіх, якія дазваляюць праверыць, наколькі яны «пакліканы да таго, каб зрабіць Касцёл прысутным і дзейсным у такіх месцах і такіх абставінах, дзе толькі з іх дапамогай ён можа стаць соллю зямлі» (Lumen Gentium, 33). Карысна памятаць, што акрамя гэтага апостальства, «свецкія могуць быць па-рознаму пакліканыя да больш канкрэтнага супрацоўніцтва з апостальствам іерархіі, на ўзор тых мужчын і жанчын, якія дапамагалі апосталу Паўлу ў абвяшчэнні Евангелля, шмат працуючы ў Пану» (Lumen Gentium, 33).

Роля, якую адыгрываюць катэхеты, ‒ адна з адмысловых формаў служэння ў хрысціянскай супольнасці. Катэхеты пакліканы ў першую чаргу для таго, каб паказаць сваю кампетэнтнасць ў пастырскім служэнні перадачы веры па меры яе развіцця на розных этапах: ад першага абвяшчэння, якое ўводзіць у керыгму, праз навучанне, якое дапамагае зразумець новае жыццё ў Хрысце і рыхтуе да сакрамэнтаў хрысціянскага ўтаямнічання, аж да пастаяннай фармацыі, якая дазваляе кожнаму ахрышчанаму быць «заўсёды гатовымі даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад вас слова пра вашу надзею» (1 П 3, 15). У той жа час кожны катэхет павінен быць сведкам веры, настаўнікам і містагогам, прыяцелем і педагогам, які навучае ад імя Касцёла. Толькі дзякуючы малітве, вывучэнню і непасрэднаму ўдзелу ў жыцці супольнасці яны могуць узрастаць у гэтай ідэнтычнасці належным чынам і адказна (пар. Папская рада па новай евангелізацыі, Дырэктыўны дакумент па катэхізацыі, 113).

7. З вялікай дальнабачнасцю святы Павел VI выдаў Апостальскі ліст Ministeria quaedam з намерам не толькі адаптаваць паслугу лектара і паслугу акаліта да зменлівага гістарычнага часу (пар. Апост. ліст Spiritus Domini), але і заахвоціць Канферэнцыі Біскупаў садзейнічаць развіццю іншых служэнняў, у тым ліку і катэхета. «У дадатак да паслуг, агульных для ўсяго Лацінскага Касцёла, нішто не перашкаджае Канферэнцыям Біскупаў звяртацца да Апостальскай Сталіцы з просьбай аб устанаўленні іншых служэнняў, якія па пэўных прычынах яны лічаць неабходнымі ці вельмі карыснымі ў сваім рэгіёне. Сярод іх, напрыклад, служэнне астыярыя, эгзарцыста і катэхета». Такое ж настойлівае запрашэнне можна знайсці ў Апостальскай адгартацыі Evangelii nuntiandi. Заклікаючы да ўмелага распазнавання сучасных патрэбаў хрысціянскай супольнасці ў вернай пераемнасці яе вытокаў, Папа заахвоціў да развіцця новых формаў служэння для адноўленай пастырскай дзейнасці. «Такія паслугі здаюцца чымсьці новым, але насамрэч яны цесна звязаныя з даўнім досведам Касцёла на працягу яго доўгай гісторыі, як, напрыклад, паслуга катэхета. […] Гэтыя паслугі вельмі каштоўныя пры заснаванні Касцёла, для яго жыцця і росту, а таксама для таго, каб ён меў большы ўплыў на наваколле і дасягнуў тых, хто знаходзіцца здалёк» (Св. Павел VI, Апост. адгарт. Evangelii nuntiandi, 73).

Безумоўна, нельга адмаўляць, што «разуменне тоеснасці і місіі свецкай асобы ў Касцёле ўзрасло. Мы маем вялікую колькасць свецкіх, хоць і недастатковую, з моцным пачуццём супольнасці, якія з вялікай вернасцю ўдзельнічаюць у любові, катэхезе, цэлебрацыі веры» (Evangelii gaudium, 102). Адсюль вынікае, што прыняцце свецкага служэння, такога як катэхет, яшчэ больш падкрэслівае ўдзел у місіі, уласцівы кожнаму ахрышчанаму чалавеку. Аднак гэты ўдзел павінен ажыццяўляцца цалкам у свецкай форме, без якога-небудзь праяўлення клерыкалізму.

8. Пакліканне мае вялікае значэнне для гэтай паслугі, пра што сведчыць абрад устанаўлення, таму патрабуе з боку біскупа належнай разважлівасці. Гэтая паслуга з’яўляецца сталай формай служэння мясцоваму Касцёлу ў адпаведнасці з пастырскімі патрэбамі, якія бачыць мясцовы ардынарый, але мае яна свецкі характар, згодна з самой сутнасцю гэтай паслугі. Добра, калі да ўстанаўленння паслугі катэхета пакліканы мужчыны і жанчыны з глыбокай верай і чалавечай сталасцю, якія актыўна ўдзельнічаюць у жыцці хрысціянскай супольнасці, якія здольныя прымаць іншых, быць шчодрымі і жыць у братэрскай еднасці, якія маюць адпаведную біблійную, тэалагічную, пастырскую і педагагічную фармацыю, якія з’яўляюцца стараннымі прапаведнікамі праўды веры і маюць ужо папярэдні досвед катэхізацыі (пар. Другі Ват. Сабор, Дэкр. Christus Dominus, 14; ККП, кан. 231 §1; ККУК, кан. 409 §1). Вельмі важна, каб яны былі вернымі супрацоўнікамі прэзбітэраў і дыяканаў, гатовымі выконваць сваё служэнне там, дзе гэта неабходна, каб былі натхнёныя сапраўднай апостальскай руплівасцю.

Таму, разгледзеўшы ўсе аспекты, сваёй апостальскай уладай

устанаўліваю

свецкую паслугу катэхета.

Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў у найбліжэйшы час апублікуе абрад устанаўлення паслугі свецкага катэхета.

9. Таму заклікаю Канферэнцыі Біскупаў зрабіць паслугу катэхета эфектыўнай, вызначыўшы неабходны працэс фармацыі і нарматыўныя крытэрыі, патрэбныя для атрымання гэтай паслугі, і распрацаваўшы найбольш прыдатныя формы служэння, якое гэтыя мужчыны і жанчыны будуць пакліканы выконваць у адпаведнасці са зместам гэтага Апостальскага ліста.

10. Сіноды Усходніх Касцёлаў ці Сходы іерархаў могуць прыняць тое, што ўстаноўлена тут для адпаведных Касцёлаў sui iuris, у адпаведнасці са сваім мясцовым правам.

11. Няхай пастыры прымаюць заахвочванні айцоў Сабору, якія прыгадвалі, што «пастыры ведаюць, што яны ўстаноўлены Хрыстом не для таго, каб узяць на сябе ўсю місію Касцёла ў збаўленні свету, але што іх ганаровым заданнем з’яўляецца такое ажыццяўленне пастырскай апекі над вернікамі і такое прызнанне іх паслуг і харызмаў, каб усе яны згодна, кожны па-свойму, працавалі на агульную справу» (Lumen Gentium, 30 ). Няхай распазнаванне дароў, якія Дух Святы ніколі не перастае ўдзяляць Касцёлу, падтрымлівае іх у выкананні паслугі катэхета дзеля ўзрастання даручанай ім супольнасці (пар. Эф 4, 15-16).

Загадваю, каб тое, што было прынята ў гэтым Апостальскім лісце, выдадзеным у форме «Motu Proprio», цалкам выконвалася, нягледзячы ні на якія супрацьлеглыя аргументы, нават калі яны вартыя асобнай увагі, каб было абнародавана праз публікацыю ў L’Osservatore Romano і ўступіла ў сілу ў той жа дзень, а пасля было апублікавана ў афіцыйным выданні Acta Apostolicae Sedis.

Дадзена ў Рыме, у св. Яна на Латэране, 10 мая 2021 года, ва ўспамін св. Яна Авільскага, прэзбітэра i доктара Касцёла, у дзесяты год майго пантыфікату.

Францішак



Copyright © Dicastero per la Comunicazione - Libreria Editrice Vaticana