Index   Back Top Print

[ AR  - BE  - DE  - EN  - ES  - FR  - IT  - PL  - PT  - ZH_CN  - ZH_TW ]

Паслясінадальная
АПОСТАЛЬСКАЯАДГАРТАЦЫЯ

CHRISTUS VIVIT
СвятогаАйца
Францішка
да моладзі і ўсяго Божага народу

 

1. Хрыстус жыве. Ён – наша надзея, і самая прыгожая маладосць гэтага свету. Усё, да чаго Ён дакранаецца, становіцца маладым, зноў напаўняецца жыццём. Таму першыя словы, з якімі я хачу звярнуцца да кожнага маладога хрысціяніна, такія: Ён жыве і хоча, каб жыў ты!

2. Ён у табе, Ён з табою і ніколі не пакіне цябе. Незалежна ад таго, як далёка ты можаш адысці, Уваскрослы побач з табою, кліча цябе і чакае, што ты пачнеш усё спачатку. Калі адчуваеш сябе старым з прычыны смутку, крыўды, страху, сумнення і няўдач, Ён будзе з табою, каб аднавіць твае сілы і даць надзею.

3. З любоўю пішу да ўсіх маладых людзей гэтую апостальскую адгартацыю, а менавіта ліст, які нагадвае некаторыя праўды нашай веры і ў той жа час заахвочвае нас узрастаць у святасці і ў адданасці свайму пакліканню. Аднак, зважаючы на тое, што гэта важная вяха ў працы Сіноду, я звяртаюся таксама да ўсяго Божага народу, пастыраў і вернікаў, каб разважанне пра моладзь і дзеля моладзі кідала выклік і актывізавала нас усіх. Таму ў адных пунктах я буду непасрэдна звяртацца да маладых людзей, а ў другіх больш агульна прадстаўлю прапановы для эклезіяльнага распазнавання.

4. Мяне натхніла багацце разважанняў і абмен думкамі падчас Сіноду, які адбыўся ў мінулым годзе. Мне цяжка было прадставіць усе меркаванні, якія можна прачытаць у Заключным дакуменце, але я спрабаваў уключыць пры напісанні гэтага паслання тыя прапановы, якія падаліся мне найбольш важнымі. Такім чынам, маё слова будзе ўзбагачана тысячамі галасоў вернікаў з усяго свету, якія перадалі Сіноду свае прапановы. Нават няверуючая моладзь, якая хацела ўдзельнічаць у гэтым, прадстаўляючы свае разважанні, прапанавала закрануць тэмы, якія выклікалі ў мяне новыя пытанні.

Раздзел I

Што Божае слова кажа пра моладзь

5. Давайце пазбіраем некаторыя скарбы Святога Пісання, дзе шмат разоў гаворыцца пра маладых людзей і пра тое, як Пан выходзіць ім насустрач.

У Старым Запавеце

6. У тыя часы, калі маладыя людзі не мелі вялікага значэння, некаторыя тэксты паказваюць, што Бог глядзіць на іх па­іншаму. Бачым, напрыклад, што Юзаф быў амаль самым малодшым у сям’і (пар. Быц 37,2­3), аднак, менавіта яму Бог адкрыў у сне вялікія рэчы, і гэта ён перавышаў усіх сваіх братоў у важных заданнях, калі яму было каля дваццаці гадоў (пар. Быц 37–47).

7. У Гедэона мы заўважаем тую шчырасць маладых людзей, якія не маюць звычкі выбельваць рэальнасць. Калі сказалі яму, што Пан з ім, ён адказаў: «Калі Пан з намі, то чаму нас напаткала ўсё гэта?» (Суд 6,13). Але Бога не раззлаваў гэтыдакор, і Ён падвоіў стаўку: «Ідзі і з гэтай сілаю сваёю вызвалі Ізраэль» (Суд 6,14).

8. Самуэль быў няўпэўненым у сабе маладымчалавекам, але Панразмаўляў з ім. Дзякуючы парадам дарослага чалавека, ён адкрыў сваё сэрца, каб пачуць Божы заклік: «Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой» (1 Сам3,9­10). Таму быў вялікім прарокам, які прамаўляўу важныя для яго краіны часы. Таксама кароль Саўл быў маладым чалавекам, калі Панпаклікаў яго выканаць сваю місію (пар.1 Сам 9,2).

9. Кароль Давід быў абраны яшчэ хлопчыкам. Калі прарок Самуэль шукаў будучагакараля Ізраэля, адзін чалавек прадставіў яму як кандыдатаў сваіх старэйшых і больш дасведчаных сыноў. Аднак прарок сказаў, што выбранымз’яўляецца малады Давід, які пасвіў авечак (пар.1 Сам 16,6­13), бо «чалавек бачыць тое, што навідавоку, а Пан заглядае ў сэрца» (в. 7). Слава маладосці больш выяўляеццаў сэрцы, а неў фізічнай сіле або ўражанні, якоехтосьці робіцьна іншых.

10. Калі Саламон павінен быў стаць пераемнікам свайго бацькі, ён адчуваў сябе няўпэўнена і сказаў Богу: «Я малады і недасведчаны, каб валадарыць» (1 Вал 3,7). Тым не менш, дзёрзкасць маладосці прывяла яго да таго, каб прасіць у Бога мудрасці, і ён прысвяціў сябе сваёй місіі. Нешта падобнае здарылася з прарокам Ераміем, які быў пакліканы абудзіць свой народ, калі быў вельмі маладым. У сваім страху, ён сказаў: «О Пане Божа, я не ўмею гаварыць, бо я надта малады» (Ер 1,6), але Пан загадаў яму так не казаць (пар. Ер 1,7) і дадаў: «Не бойся іх, бо Я з табою, каб аберагаць цябе» (Ер 1,8). Адданасць прарока Ераміі ў яго місіі паказвае, што многае становіцца магчымым, калі яднаецца запал маладосці і моц Бога.

11. Габрэйская дзяўчына, якая была служанкаю ў чужаземнага военачальніка Наамана, поўная веры, пажадала дапамагчы яму вылечыцца ад хваробы (пар. 2 Вал 5,2­6). Маладая Рут была прыкладам велікадушнасці, калі засталася з свекрывёю, якая трапіла ў няласку (пар. Рут 1,1­18), і нават паказала сваю адвагу, каб ісці наперад у жыцці (пар. Рут 4,1­17).

У Новым Запавеце

12. Адна з прыпавесцей Езуса (пар. Лк 15,11­32) распавядае, як «малодшы» сын вырашыў пакінуць бацькоўскі дом і адправіцца ў далёкую краіну (пар. вв. 12­13). Але яго мары аб незалежнасці ператварыліся ў разбэшчанасць і разгул (пар. в. 13), а сам ён зведаў пакуты адзіноты і галечы (пар. вв. 14­16). Але ён змог адумацца, каб распачаць нанава (пар. вв. 17­19), таму вырашыў устаць (пар. в. 20). Маладому сэрцу ўласціва гатоўнасць да пераменаў, здольнасць уставаць і прымаць навуку жыцця. Ці магчыма не суправаджаць сына ў гэтым новым рашэнні? Аднак старэйшы брат быў стары сэрцам і паддаўся хцівасці, эгаізму і зайздрасці (пар. вв. 28­30). Езус больш хваліць маладога грэшніка, які распачынае нанова добры шлях, чым таго, хто лічыць сябе верным, але не жыве ў духу любові і міласэрнасці.

13. Езус, вечна малады, хоча даць нам вечна маладое сэрца. Божае слова заклікае нас: «Дык ачысціце старую закваску, каб быць вам новым цестам» (1 Кар 5,7).  У той жа час, Ён запрашае нас зняць з сябе «старога чалавека», каб апрануцца ў чалавека «новага» [1] (пар. Клс 3,9.10). А калі тлумачыць, што значыць апрануцца ў гэтую маладосць, якая «абнаўляецца» (в. 10), то кажа, што гэта азначае апрануцца «у шчырую міласэрнасць, лагоднасць, пакору, далікатнасць, доўгацярплівасць, церпячы адзін аднаго і даруючы сабе ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду» (Клс 3,12­13). Гэта азначае, што сапраўдная маладосць павінна мець сэрца, здольнае любіць. І наадварот, душа старэе ад усяго, што нас аддзяляе ад іншых. Вось чаму ён робіць выснову: «А па­над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці» (Клс 3,14).

14. Заўважым, што Езусу не падабалася тое, што дарослыя з пагардай глядзелі на меншых ці самаўладна загадвалі ім служыць. Наадварот, Ён настойваў: «Большы сярод вас няхай будзе як меншы» (Лк 22,26). Для Яго ўзрост не быў падставаю для прывілеяў, а калі хто меў менш гадоў, гэта не азначала, што ён мае меншую вартасць ці меншую годнасць.

15. Божае слова кажа, што да маладых людзей трэба адносіцца як да братоў (пар. 1 Цім 5,1) і раіць бацькам: «не раздражняйце дзяцей вашых, каб яны не падалі духам» (Клс 3,21). Маладога чалавека нельга знеахвочваць, яму ўласцівы мары аб вялікіх рэчах, адкрыванне больш шырокіх гарызонтаў, большая смеласць, жаданне заваяваць свет, здольнасць прымаць складаныя прапановы і гатоўнасць прысвяціць усе сілы, каб пабудаваць штосьці лепшае. Вось чаму я настойваю, каб маладыя людзі не дазволілі пазбавіць сябе надзеі, і паўтараю ўсім: «Няхай ніхто не пагарджае тваёй маладосцю» (1 Цім 4,12).

16. Аднак маладым людзям у той жа час даецца парада: «Падпарадкоўвайцеся старэйшым» (1 П 5,5). Біблія заўсёды заклікае да глыбокай пашаны старэйшых, бо яны маюць вялізны вопыт, спазналі поспехі і няўдачы, радасць і вялікія нягоды жыцця, надзею і расчараванне, і ў цішыні свайго сэрца зберагаюць шмат гісторый, якія могуць нам дапамагчы пазбегнуць памылак і не паддацца ілжывым ілюзіям. Словы мудрага старца заахвочваюць да захавання пэўных межаў і да панавання над сабою ў патрэбны час: «Юнакоў таксама вучы быць стрыманымі» (Ціт 2,6). Дрэнна, калі хтосьці трапляе ў культ маладосці або ў юнацкі максімалізм, які пагарджае іншымі з­за іх узросту ці таму, што яны паходзяць з іншай эпохі. Езус сказаў, што мудры чалавек здольны чэрпаць са сваёй скарбніцы рэчы старыя і новыя (пар. Мц 13,52). Мудры малады чалавек адкрыты на будучыню, але заўсёды здольны ацаніць штосьці з вопыту іншых.

17. У Евангеллі Марка з’яўляецца чалавек, які, калі Езус нагадаў яму пра запаведзі, кажа: «Усё гэта я захоўваў з юнацтва майго» (10,20). Казаў пра гэта ўжо псальм: «Ты – мая надзея, Божа мой, Пане, Ты спадзяванне маё з маладосці маёй. […] Божа, Ты вучыў мяне з маладосці маёй, і дагэтуль я цуды Твае абвяшчаю» (Пс 71[70],5.17). Не трэба шкадаваць, што пражываем сваю маладосць, будучы добрымі, адкрываючы сэрцы для Пана, жывучы па­іншаму. Нішто з гэтага не забірае ў нас маладосць, але, наадварот, умацоўвае яе і аднаўляе: «Аднавілася, як у арла, твая маладосць» (Пс 103[102],5). Таму св. Аўгустын распачае: «Позна я палюбіў Цябе, Прыгажосць даўняя і заўсёды новая! Позна я палюбіў Цябе!» [2] Але гэты багаты чалавек, які быў верны Богу ў сваёй маладосці, дазволіў, каб мінаючыя гады знішчылі яго мары, і пажадаў захаваць сваю прывязанасць да дабротаў (пар. Мк 10,22).

18. У Евангеллі Мацвея з’яўляецца малады чалавек (пар. Мц 19,20.22), які набліжаецца да Езуса, каб папрасіць аб большым (пар. в. 20) з тыповай для маладых людзей адкрытасцю на пошук новых гарызонтаў і вялікіх выклікаў. Аднак на самай справе яго дух не быў такім маладым, бо ён ужо паспеў прывязацца да багацця і камфорту. Вуснамі казаў, што хоча нечага большага, а калі Езус заклікаў яго быць шчодрым і раздаць сваю маёмасць, зразумеў, што не можа адарвацца ад таго, што меў. У рэшце рэшт, «пачуўшы сказанае, юнак адышоў маркотны» (в. 22). Ён адмовіўся ад сваёй маладосці.

19. Евангелле таксама расказвае нам пра мудрых паннаў, якія былі падрыхтаванымі і старанымі, у той час як іншыя былі нядбайнымі і лянівымі (пар. Мц 25,1­13). Можна правесці сваю маладосць, будучы рассеянымі, пралятаючы над паверхняй жыцця, будучы лянівымі, няздольнымі захоўваць глыбокія адносіны і пранікаць у сутнасць жыцця. Гэтым мы рыхтуем сабе марную будучыню, пазбаўленую зместу. А можна правесці сваю маладосць, ажыццяўляючы прыгожыя і вялікія рэчы, і тым самым рыхтуючы сабе будучыню, поўную жыцця і духоўнага багацця.

20. Калі ты страціў жыццярадаснасць, мары, энтузіязм, надзею і велікадушнасць, Езус становіцца перад табою, як стаяў перад памерлым сынам удавы, і з усёй сваёй моцаю ўваскрослага Пан заклікае цябе: «Хлопча, кажу табе, устань!» (Лк 7,14).

21. Несумненна, ёсць шмат іншых тэкстаў Божага слова, якія могуць прасвятліць нас на гэтым этапе жыцця. Некаторыя з іх мы прааналізуем у наступных раздзелах.

Раздзел ІІ

Езус Хрыстус заўсёды малады

22. Езус «малады сярод маладых, каб быць прыкладам для іх і асвячаць іх для Пана» [3]. Таму Сінод сцвердзіў, што «маладосць – гэта непаўторны і захапляльны перыяд жыцця, які перажыў сам Езус і асвяціў яго» [4]. Што пра маладосць Езуса кажа нам Евангелле?

Маладосць Езуса

23. Пан «аддаў духа» (Мц 27,50) на крыжы, калі Яму было менш за 35 гадоў (Лк 3,23). Важна зразумець, што Езус быў маладым мужчынам. Аддаў сваё жыццё ва ўзросце, які сёння вызначаецца як малады дарослы. На піку сваёй маладосці Ён распачаў сваю публічную місію, праз што «заззяла святло» (Мц 4,16), асабліва тады, калі аддаў сваё жыццё да канца. Гэтая кульмінацыйная падзея не была імправізацыяй, наадварот: уся Яго маладосць, кожны яе момант, была каштоўнай падрыхтоўкай, бо «ўсё ў жыцці Езуса з’яўляецца знакам Яго таямніцы» [5] і «ўсё жыццё Хрыста – гэта таямніца Адкуплення» [6].

24. У Евангеллі не гаворыцца пра дзяцінства Езуса, але распавядаецца пра некаторыя падзеі з перыяду Яго юнацтва і маладосці. Мацвей змяшчае гэты перыяд маладосці Пана паміж дзвюма падзеямі: вяртаннем яго сям’і ў Назарэт пасля часу выгнання і Яго хростам у Ярдане, калі Ён распачаў сваю публічную місію. Апошнія вобразы Дзіцяці Езуса – гэта ў першую чаргу вобраз малога ўцекача ў Егіпет (пар. Мц 2,14­15), а затым рэпатрыянта ў Назарэце (пар. Мц 2,19­23). Першы вобраз Езуса, як маладога дарослага чалавека, паказвае нам Яго, калі Ён стаіць, як і многія Яго землякі, у чарзе каля Ярдана ў чаканні хросту, які Яму павінен удзяліць Яго стрыечны брат, Ян Хрысціцель (пар. Мц 3,13­17).

25. Гэты хрост быў не такі, як наш, які ўводзіць нас у жыццё ласкі, але быў асвячэннем перад пачаткам вялікай місіі Яго жыцця. У Евангеллі гаворыцца, што Яго хрост быў прычынай радасці і ўпадабання Айца: «Ты Сын Мой умілаваны» (Лк 3,22). Адразу ж Езус быў напоўнены Духам Святым і выведзены Духам у пустыню. Такім чынам, Ён быў гатовы ісці і прапаведаваць, рабіць цуды, вызваляць і вылечваць (пар. Лк 4,1­14). Кожны малады чалавек, калі адчувае заклік выканаць канкрэтнае заданне на гэтай зямлі, запрошаны распазнаць у сабе тыя ж словы, з якімі звяртаецца да яго Бог Айцец: «Ты сын мой умілаваны».

26. Сярод гэтых апісанняў мы знаходзім аповед, які паказвае Езуса ў падлеткавым ўзросце. Гэтая падзея адбываецца тады, калі Ён вярнуўся з бацькамі ў Назарэт пасля таго, як яны згубілі Яго і знайшлі ў святыні (пар. Лк 2,41­51). Згодна з апісаннем, Ён «быў паслухмяны ім» (Лк 2,51), бо не адмовіўся ад сваёй сям’і. І адразу Лука дадае, што Езус «узрастаў у мудрaсцi, у гaдах i ў лaсцы ў Бoгa i ў людзей» (Лк 2,52). Гэта значыць, што Ён рыхтаваўся і ў гэты перыяд паглыбляў свае адносіны з Айцом і з іншымі. Святы Ян Павел II патлумачыў, што Езус рос не толькі фізічна, але «быў [гэта] таксама духоўны рост Езуса», бо «паўната ласкі ў Езусе адпавядала Яго ўзросту: заставалася заўсёды паўнатой, але ўзрастала з гадамі» [7].

27. На падставе гэтых евангельскіх апісанняў можна сказаць, што Езус у перыяд сталення «фарміраваўся», рыхтаваўся ажыццявіць план Айца. Яго дзяцінства і юнацтва зарыентаваныя на гэтую вышэйшую місію. Перыяд Ягонага сталення і маладосці прывёў Яго да гэтай найважнейшай місіі.

28. У падлеткавым і юнацкім узросце адносіны Езуса да Айца былі адносінамі ўмілаванага Сына; Ён рос і клапаціўся пра справы свайго Айца: «Цi вы не ведaлі, штo Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу Мaйму?» (Лк 2,49). Тым не менш, мы не павінны думаць, што Езус быў самотным падлеткам ці маладым чалавекам, які думаў пра сябе. Яго адносіны з людзьмі былі адносінамі маладога чалавека, які раздзяляе ўсё жыццё сваёй сям’і, якая добра закаранілася ў мястэчку. Ён навучыўся рамяству бацькі, а затым замяніў яго ў якасці цесляра. Таму ў Евангеллі ў адным месцы Ён названы «сынам цесляра» (пар. Мц 13,55), а ў іншым проста «цесляром» (пар. Мк 6,3). Гэтая дэталь паказвае, што Ён быў звычайным хлопцам, такім як іншыя, і што меў з іншымі цалкам нармальныя адносіны. Ніхто не лічыў яго маладым дзіваком або аддзеленым ад іншых. І таму, калі Езус пачаў прапаведаваць, людзі не маглі зразумець, адкуль ўзялася гэтая мудрасць: «Ці ж не сын Юзафа гэта?» (Лк 4,22).

29. Слушна, што «Езус таксама не рос у закрытых і выключных адносінах з Марыяй і Юзафам, але ахвотна прабываў у больш шырокай сям’і, у якой былі родныя і сябры» [8]. Таму мы разумеем, чаму, вяртаючыся з пілігрымкі ў Ерузалем, Яго бацькі былі спакойныя, мяркуючы, што гэты дванаццацігадовы хлопчык (пар. Лк 2,42) свабодна хадзіць сярод людзей, хоць яны не бачылі яго цэлы дзень, «думaючы, штo Ён ідзе з пілігрымамі, прайшлі дзень дaрoгi» (Лк 2,44). Яны напэўна думалі, што Езус быў там, ішоў з іншымі, жартаваў са сваімі аднагодкамі, слухаў апавяданні дарослых і дзяліў з іншымі радасць і нягоды каравана. Грэцкае слова, якое выкарыстоўвае Лука для азначэння каравана пілігрымаў – synodía, дакладна падкрэслівае менавіта гэтую «супольнасць падчас дарогі», часткай якой з’яўляецца Святая Сям’я. Дзякуючы даверу сваіх бацькоў, Езус рухаецца свабодна і вучыцца вандраваць з іншымі.

Яго маладосць нас асвятляе

30. Гэтыя аспекты жыцця Езуса могуць стаць крыніцай натхнення для кожнага маладога чалавека, які расце і рыхтуецца да выканання сваёй місіі. Гэта патрабуе сталасці ў адносінах з Айцом, усведамлення, што ты адзін з членаў сям’і і супольнасці, а таксама адкрытасці на тое, каб напаўняцца Духам Святым, ды ісці да выканання сваёй місіі, даручанай Богам: свайго паклікання. Нічога з гэтага нельга ігнараваць у пастырстве моладзі, каб не ствараць праектаў, якія ізалююць маладых людзей ад сям’і і свету або ператвараюць у выключную меншасць і аберагаюць ад усялякай заразы. Нам хутчэй патрэбны праекты, якія б іх умацоўвалі, суправаджалі іх і накіроўвалі да сустрэчы з іншымі людзьмі дзеля велікадушнага служэння, дзеля місіі.

31. Езус асвятляе вас, маладых людзей, не на адлегласці або звонку, але зыходзячы з Яго ўласнай маладосці, якую Ён падзяляе з вамі. Вельмі важна сузіраць маладога Езуса, якога паказвае нам Евангелле, таму што Ён быў сапраўды адным з вас і ў Ім мы можам распазнаць многія рысы, уласцівыя маладым сэрцам. Мы бачым гэта, напрыклад, у наступным: «Езус меў абсалютны давер да Айца, дбаў пра сяброўскія адносіны са сваімі вучнямі, і нават у крызісныя моманты заставаўся верны ім. Ён глыбока спачуваў найслабейшым, асабліва бедным, хворым, грэшнікам і адкінутым. Меў мужнасць выступіць супраць рэлігійнай і палітычнай улады свайго часу; спазнаў незразуменне і адкінутасць; зведаў страх перад цярпеннем і прыніжэнне Мукі; глядзеў у будучыню, давяраючы сябе надзейным рукам Айца і моцы Духа Святога. У Езусе ўсе маладыя людзі могуць адшукаць сябе» [9].

32. З іншага боку, Езус уваскрос і хоча, каб мы ўдзельнічалі ў навізне Яго ўваскрасення. Ён – сапраўднаямаладосць састарэлага свету, а таксама маладосць сусвету, які чакае «ў пакутах» (Рым 8,22), каб апрануцца ў Яго святло і жыццё. Побач з Ім мы можам піць з праўдзівай крыніцы, якая ажыўляе нашыя мары, нашыя планы, нашыя вялікія ідэалы і пасылае нас абвяшчаць жыццё, якім варта жыць. Дзве цікавыя дэталі Евангелля паводле св. Марка паказваюць нам пакліканне да сапраўднай маладосці ўваскрослых. З аднаго боку, у час Мукі Пана з’яўляецца напалоханы хлопец, які спрабуе ісці за Езусам, але ўцякае голым (пар. 14,51­52), малады чалавек, у якога не было сіл, каб рызыкнуць усім і пайсці за Панам. А з другога боку, каля пустой магілы мы бачым юнака ў «белым адзенні» (пар. 16,5), які запрашае пераадолець страх і абвяшчае радасць уваскрасення (пар. 16,6­7).

33. Пан заклікае нас запаліць зоркі ў ночы іншых маладых людзей; запрашае нас паглядзець на праўдзівыя зоркі, на гэтыя вельмі разнастайныя знакі, якія Ён дае нам, каб мы не заставаліся без руху, але каб наследавалі сейбіта, які глядзеў на зоркі, каб узараць поле. Бог запальвае для нас зоркі, каб мы маглі ісці далей: «Зоркі радасна ззяюць на сваіх вартах; Ён паклікаў іх, і яны адказалі: „Вось мы“» (Бар 3,34­35). Але сам Хрыстус з’яўляецца для нас цудоўным святлом надзеі і кіраўніцтва ў нашай ночы, таму што Ён – «ясная ранішняя зорка» (Ап 22,16).

Маладосць Касцёла

34. Маладосць – гэта не столькі ўзрост, колькі стан сэрца. Таму такая старажытная інстытуцыя як Касцёл таксама можа аднаўляцца і станавіцца маладой на розных этапах сваёй доўгай гісторыі. На самай справе, у самыя трагічныя моманты, ён адчувае заклік вярнуцца да глыбіні першага кахання. Нагадваючы пра гэтую праўду, Другі Ватыканскі сабор заявіў, што «багаты на далёкае мінулае, ён заўсёды жыве ў ім і імкнецца да чалавечай дасканаласці ў часе, а таксама да канчатковай мэты гісторыі і жыцця, і таму ён сапраўдная маладосць свету». У ім вы заўсёды можаце знайсці Хрыста, «прыяцеля і сябра маладых людзей» [10].

Касцёл, які дазваляе сябе аднаўляць

35. Мы просім Пана, каб Ён вызваліў Касцёл ад тых, хто хоча зрабіць яго старым, затрымаць яго ў мінулым, стрымаць і зрабіць скамянелым. Мы таксама просім, каб Ён вызваліў яго ад іншай спакусы: ад пераканання, што ён малады, бо згаджаецца з ўсім, што прапануе яму свет, мяркуючы, што праз гэта ён аднаўляецца, таму што хавае сваё пасланне і зліваецца з асяроддзем. Не. Ён малады, калі з’яўляецца самім сабою, калі атрымлівае штораз больш новых сілаў з Божага слова, Эўхарыстыі, са штодзённай прысутнасці Хрыста. Ён малады, калі здольны вяртацца да сваёй крыніцы.

36. Гэта праўда, што мы, члены Касцёла, не павінны быць дзівакамі. Кожны чалавек павінен бачыць у нас братоў і блізкіх, як Апосталы, якія мелі «прыхільнасць усяго народу» (Дз 2,47; пар. 4,21.33; 5,13). У той жа час, аднак, мы павінны мець адвагу быць іншымі, каб паказаць іншым мары, якіх не прапануе гэты свет, каб засведчыць аб прыгожай велікадушнасці, служэнні, чысціні, мужнасці, прабачэнні, вернасці ў сужэнстве, малітве, барацьбе за справядлівасць і агульнае дабро, аб любові да бедных, грамадскім сяброўстве.

37. Хрыстоваму Касцёлу заўсёды можа пагражаць спакуса згубіць энтузіязм, калі ён перастае слухаць заклік Пана да адвагі веры, да поўнай самаахвярнасці нягледзячы на небяспекі, а таксама тады, калі зноў шукае ілжывай зямной бяспекі. Менавіта маладыя людзі могуць тады дапамагчы Касцёлу застацца маладым і не сапсавацца, каб ён не замыкаўся, не спыняўся на дасягнутым, не ганарыўся, не ператвараўся ў секту, каб ён быў больш убогім і здольным даваць сведчанне, каб быў побач з найменшымі і адкінутымі, каб змагаўся за справядлівасць і ў пакоры дазваляў задаваць сабе пытанні. Яны могуць унесці ў Касцёл прыгажосць маладосці, калі абуджаюць «здольнасць радавацца таму, што пачынае, радавацца безумоўнаму прысвячэнню сябе, аднаўленню і ўсё новаму імкненню да новых заваёў» [11].

38. Тыя з нас, хто ўжо немалады, павінны мець магчымасць пачуць голас моладзі, каб іх заахвочванне было блізкім для нас, бо «блізкасць стварае ўмовы для таго, каб Касцёл станавіўся месцам дыялогу і сведчаннем братэрства, якое захапляе» [12]. Мы павінны стварыць больш прасторы, дзе мог бы загучаць голас моладзі: «Выслухоўванне робіць магчымым абмен дарамі ў атмасферы эмпатыі. [...] А таксама стварае ўмовы для такога абвяшчэння Евангелля, якое сапраўды закране сэрцы, пераканае і прынясе плён» [13].

Касцёл уважлівы да знакаў часу

39. «Калі для многіх маладых людзей Бог, рэлігія і Касцёл з’яўляюцца пустымі словамі, то асобу Езуса ўспрымаюць, калі яе прадстаўляюць у прывабнай і эфектыўнай форме» [14]. Для гэтага неабходна, каб Касцёл не засяроджваўся празмерна на сабе, але каб перадусім адлюстроўваў Езуса Хрыста. Гэта прадугледжвае, што ён у пакоры прызнае неабходнасць змяніць некаторыя канкрэтныя рэчы, а для гэтага яму неабходна ўбачыць візію і нават пачуць крытыку моладзі.

40. На Сінодзе было прызнана, што «значная колькасць маладых людзей, па розных прычынах, нічога не чакае ад Касцёла, бо не лічыць яго важным у сваім жыцці. Больш за тое, некаторыя з іх выразна просяць пакінуць іх у спакоі, бо яго прысутнасць дакучае ім, а нават раздражняе. Такое стаўленне нараджаецца часта не ў выніку беспадстаўнай і імпульсіўнай пагарды, але мае свае карані ў сур’ёзных і слушных прычынах: у сэксуальных і эканамічных скандалах; непадрыхтаванасці святароў, якія не могуць правільна зразумець патрэбы маладых людзей; у недастатковай падрыхтоўцы да гаміліі і абвяшчэння Божага слова; у пасіўнай ролі, якая адводзіцца маладым людзям у хрысціянскай супольнасці; у цяжкасці абгрунтавання Касцёлам сваёй дактрынальнай і этычнай пазіцыі ва ўмовах сучаснага грамадства» [15].

41. Ёсць маладыя людзі, якія радуюцца, калі бачаць Касцёл, які паказвае сябе ўпэўненым, рашучым і гатовым рэагаваць на справядлівую і брацкую крытыку. Але ёсць таксама іншыя маладыя людзі, якія патрабуюць Касцёла, які б больш слухаў, які б не асуджаў пастаянна свет і не думаў, што ўсё, што з ім адбываецца, гэта вынік нягоднасці грамадства. Яны не хочуць бачыць маўклівы і нясмелы Касцёл або яго няспыннае змаганне за дзве або тры тэмы, на якіх ён зацыкліваецца. Для таго, каб быць годным даверу ў вачах маладых людзей, Касцёлу часам неабходна звярнуцца да пакоры і проста слухаць, прызнаць у тым, што кажуць іншыя, святло, якое можа дапамагчы яму лепш зразумець Евангелле. Касцёл, які займае абарону, забывае пра пакору, перастае слухаць, не дазваляе сумнявацца, губляе маладосць і ператвараецца ў музей. Як ён можа тады прыняць мары маладых людзей? Хоць мае праўду Евангелля, аднак, гэта не азначае, што ён цалкам яе зразумеў; хутчэй, ён павінен заўсёды расці ў разуменні гэтага невычэрпнага багацця [16].

42. Напрыклад, Касцёл, занадта баязлівы і прывязаны да структур, можа пастаянна крытычна ставіцца да ўсіх размоў на тэму абароны правоў жанчын і ўвесь час падкрэсліваць небяспеку і магчымыя памылкі такіх патрабаванняў. І наадварот, жывы Касцёл можа даць адказ з улікам законных патрабаванняў жанчын, якія дамагаюцца большай справядлівасці і роўнасці. Можна ўспомніць гісторыю і прызнаць доўгі перыяд існавання аўтарытарызму з боку мужчын, прыгнёту, розных формаў рабства, гвалту і дыскрымінацыі. Калі Касцёл будзе глядзець на гэта так, то зможа падтрымаць слушныя прававыя патрабаванні і напэўна паспрыяе большай камплементарнасці паміж мужчынамі і жанчынамі, хоць і не будзе згодны з усім, што прапануюць некаторыя фемінісцкія групы. У сувязі з гэтым, Сінод пажадаў аднавіць дзейнасць Касцёла ў «барацьбе з усялякай дыскрымінацыяй і гвалтам па палавых прыкметах» [17]. Гэта рэакцыя Касцёла, які застаецца маладым, які прымае выклікі і якога актывізуе чуйнасць маладых людзей.

Марыя, дзяўчына з Назарэта

43. У сэрцы Касцёла ззяе Марыя. Яна з’яўляецца цудоўным прыкладам для маладога Касцёла, які хоча наследаваць Хрыста са свежасцю і паслухмянасцю. Будучы вельмі маладой, Марыя прыняла звеставанне анёла і не пабаялася задаваць пытанні (пар. Лк 1,34). Яна, аднак, мела таксама адкрытую душу і сказала: «Вось я, слуга Пана» (Лк 1,38).

44. «Заўсёды глыбока здзіўляе сіла „так“ Марыі, маладой жанчыны. Сіла гэтага „няхай мне станецца“, сказанага анёлу. Гэта было штосьці большае за пасіўнае ці безвыходнае прыняцце. Марыя не ведала такіх словаў, як „што ж, давайце паглядзім, што будзе“. Яна была рашучай, зразумела, пра што ішла гаворка, і сказала „так“ без лішніх словаў. Гэта было штосьці большае, нешта іншае. Гэта было „так“ асобы, якая хоча дзейнічаць і рызыкаваць, якая хоча паставіць усё на адну карту, без ніякіх гарантый, а толькі на ўпэўненасці, што нясе ў сабе абяцанне. І я пытаюся ў кожнага з вас: ці адчуваеце вы сябе тымі, хто нясе абяцанне? Якое абяцанне я нясу ў сваім сэрцы, каб яго несці далей? Марыя несумненна мела складаную місію, але цяжкасці не сталі прычынай, каб сказаць „не“. Вядома, Яе чакалі складанасці, але гэта не былі тыя складанасці, якія ўзнікаюць, калі нас паралізуе баязлівасць, бо нам не ўсё зразумела ці гарантавана. Марыя не застрахавала сваё жыццё! Марыя вырашае ўдзельнічаць, і таму Яна моцная, таму Яна influencerem Бога! „Так“ і жаданне служыць былі мацнейшыя за сумненні і цяжкасці» [18].

45. Не хаваючыся і не паддаючыся ілюзіям, Марыя «ўмела падзяляць боль свайго Сына, [...] падтрымліваць Яго сваім позіркам і аберагаць сваім сэрцам. Боль, які цярпела, але які не зламаў Яе. Была моцнай жанчынай, якая сказала „так“, якая падтрымлівае і суправаджае, аберагае і абдымае. Яна – вялікая апякунка надзеі. [...] Ад Яе мы вучымся казаць „так“ упартай цярплівасці і творчасці тых, хто не адчайваецца і пачынае наноў» [19].

46. Марыя была дзяўчынай з прыгожай душой, поўнай радасці (пар. Лк 1,47), была маладой дзяўчынай з вачыма, якія свяціліся Духам Святым, якая з верай сузірала жыццё і захоўвала ўсё ў сваім сэрцы (пар. Лк 2,19.51). Была неспакойная, гатовая вырушыць, не думаючы пра свае планы, таму «паспяшыла» ў горную краіну (Лк 1,39), калі даведалася, што Яе стрыечная сястра патрабуе дапамогі.

47. А калі трэба было бараніць сваё дзіця, адправілася з Юзафам у далёкую зямлю (Мц 2,13­14). Таму была сярод вучняў, сабраных на малітве, чакаючы Духа Святога (пар. Дз 1,14). Так у Яе прысутнасці нарадзіўся малады Касцёл, разам з Апосталамі, якія вырушылі, каб удзельнічаць у нараджэнні новага свету (пар. Дз 2,4­11).

48. Сёння гэтая дзяўчына – Маці, якая клапоціцца пра дзяцей, чувае над намі, сваімі дзецьмі, якія ідуць праз жыццё часта стомленыя, у патрэбе, але з жаданнем, каб не згасла святло надзеі. Менавіта гэтага мы хочам: каб не згасла святло надзеі. Наша Маці сцеражэ гэты пілігрымуючы народ, маладых людзей, якіх любіць, якія шукаюць Яе ў цішы сваіх сэрцаў, нягледзячы на тое, што на шляху яны сустракаюць так шмат шуму, гутарак і рассеянасці. Але перад вачыма Маці ёсць месца толькі для цішыні, поўнай надзеі. Так Марыя наноў рассвятляе нашую маладосць.

Маладыя святыя

49. Сэрца Касцёла таксама поўнае маладых святых, якія аддалі сваё жыццё за Хрыста, многія з іх прынялі мучаніцтва. Яны былі каштоўным адлюстраваннем маладога Хрыста, якое яснее, каб нас абудзіць і выцягнуць з дрымоты. Сінод адзначыў, што «многія маладыя святыя зрабілі так, што праяўленне іх юнацкага ўзросту заяснела ва ўсёй сваёй прыгажосці і што яны былі ў свой час сапраўднымі прарокамі перамен; іх прыклад паказвае, на што здольныя маладыя людзі, калі яны адкрываюцца на сустрэчу з Хрыстом» [20].

50. «Праз святасць маладых людзей Касцёл можа аднавіць свой духоўны імпэт і апостальскую энергію. Бальзам святасці, народжанай з добрага жыцця многіх маладых людзей можа загаіць раны Касцёла і свету, вяртаючы нас да той паўнаты любові, да якой мы заўсёды былі пакліканы: маладыя святыя натхняюць нас вярнуцца да нашай першай любові (пар. Ап 2,4) [21]». Ёсць святыя, якія не спазналі дарослага жыцця і пакінулі нам іншае сведчанне перажывання маладосці. Згадаем прынамсі некаторых з іх, з розных гістарычных перыядаў, з якіх кожны па­свойму жыў святасцю.

51. Святы Себасцьян, які жыў у ІІІ стагоддзі, быў маладым капітанам прэтарыянцаў. Кажуць, што ён усюды гаварыў пра Хрыста і спрабаваў навярнуць сваіх таварышаў, пакуль не атрымаў загад адрачыся ад сваёй веры. А паколькі не згадзіўся, быў працяты стрэламі, але выжыў і працягваў бясстрашна прапаведаваць Хрыста. Урэшце быў збіты да смерці.

52. Францішак Асізскі, калі быў вельмі маладым і поўным мараў, пачуў заклік Езуса быць такім бедным, як Ён, і аднавіць Касцёл сведчаннем свайго жыцця. Францішак з радасцю адмовіўся ад усяго і стаў святым прыкладам паўсюднага братэрства, братам для ўсіх, хто усхваляў Пана за Яго стварэнні. Памёр ён у 1226 годзе.

53. Святая Жанна д’Арк нарадзілася ў 1412 годзе. Гэта была маладая францужанка, дзяўчына з вёскі, якая нягледзячы на свой юны ўзрост, змагалася, абараняючы сваю краіну ад захопнікаў. З прычыны свайго выгляду і спосабу перажывання веры была спаленая на вогнішчы.

54. Благаслаўлёны Андрэй Фу Ен, малады в’етнамец, жыў у XVII стагоддзі. Займаўся катэхізацыяй і дапамагаў місіянерам. За сваю веру быў заключаны ў турму, а паколькі не хацеў адрачыся ад яе, быў закатаваны. Ён памёр, вымаўляючы імя: «Езус».

55. У тым жа стагоддзі св. Кацярына Текаквіт, маладая свецкая дзяўчына, родам з Паўночнай Амерыкі, цярпела ганенне за сваю веру, таму ўцякла, пераадольваючы больш за 300 кіламетраў праз дзікія лясы. Яна прысвяціла сябе Богу і памерла са словамі: «Езу, я люблю Цябе!»

56. Святы Дамінік Савіа ахвяраваў Марыі ўсе свае пакуты. Калі св. Ян Боска вучыў яго, што святасць – гэта заўсёды быць радасным, таму ён адкрыў сваё сэрца для гэтай захапляльнай радасці. Стараўся дапамагаць сваім найбольш адкінутым і хворым сябрам. Памёр у 1857 г. ва ўзросце чатырнаццаці гадоў, кажучы: «О, якія прыгожыя рэчы я бачу!»

57. Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус нарадзілася ў 1873 годзе. Ва ўзросце пятнаццаці гадоў, пераадольваючы шматлікія перашкоды, ёй удаецца паступіць у кляштар кармелітанак. Яна жыла  малой дарогай поўнага даверу ў любові Пана і жаданнем умацоўваць сваёй малітвай агонь любові, які ажыўляе Касцёл.

58. Благаслаўлёны Зеферын Намункура, малады аргентынец, быў сынам знакамітага лідэра карэннага насельніцтва. Стаў семінарыстам салезіянцам, палаў моцным жаданнем вярнуцца ў сваё племя, каб занесці туды Езуса Хрыста. Памёр у 1905 годзе.

59. Благаслаўлёны Ізыдар Баканжа, свецкі з Конга, які даў сведчанне сваёй веры. Яго доўга катавалі за тое, што ён прапанаваў хрысціянства іншым маладым людзям. Памёр у 1909 г., даруючы свайму кату.

60. Благаслаўлёны П’ер Джорджыа Фрасацці, які памёр у 1925 г., «быў юнаком захапляльнай радасці, якая дапамагала яму пераадольваць вялікія жыццёвыя цяжкасці» [22]. Ён сказаў, што, наведваючы і дапамагаючы бедным, хоча адудзячыць Езусу за любоў, якую атрымлівае ў св. Камуніі.

61. Благаслаўлёны Марсэль Кало – малады француз, які памёр у 1945 годзе ў канцэнтрацыйным лагеры ў Аўстрыі, дзе ён умацоўваў у веры сваіх сакамернікаў, знясіленых працай.

62. Маладая благаслаўлёная К’яра Бадана, якая памерла ў 1990 г., «спазнала, што боль можа быць пераменены любоўю [...]. Сакрэтам яе спакою і радасці быў поўны давер да Пана, а таксама прыняцце хваробы як таямнічае выяўленне Яго волі дзеля яе дабра і дзеля дабра ўсіх» [23].

63. Няхай яны, разам з многімі маладымі людзьмі, якія часта ў цішыні і ўтоенасці старанна жылі Евангеллем, заступаюцца за Касцёл, каб хапала ў ім радаснай, смелай і рашучай моладзі, здольнай даць новае сведчанне святасці.

РАЗДЗЕЛ ІІІ

ВЫ – СЁННЯШНІ ДЗЕНЬ БОГА

64. Пасля прачытання Божага слова, мы не можам проста сказаць, што маладыя людзі – гэта будучыня свету. Яны – яго сучаснасць, яны ўзбагачаюць яго сваім укладам. Малады чалавек больш не дзіця. Ён знаходзіцца ў такім перыядзе жыцця, калі пачынае браць на сябе розныя абавязкі, удзельнічаючы разам з дарослымі ў развіцці сям’і, грамадства, Касцёла. Але часы мяняюцца, таму паўстаюць пытанні: якая яна, сучасная моладзь, што з ёй сёння адбываецца?

Станоўчае

65. Сінод прызнаў, што вернікі Касцёла не заўсёды прымаюць навуку Езуса. Замест таго, каб уважліва ўслухоўвацца ў голас моладзі, «часам пераважае тэндэнцыя прадастаўляць гатовыя адказы і рэцэпты, не дазваляючы, каб узнікалі моладзевыя пытанні ў іх навізне, і не жадаючы зразумець іх правакацыйны характар» [24]. З іншага боку, калі Касцёл адмаўляецца ад жорсткіх схем і гатовы ўважліва і з разуменнем слухаць маладых людзей, то гэтае суперажыванне ўзбагачае яго, таму што «дазваляе маладым людзям рабіць свой уклад у супольнасць, дапамагаючы ёй зразумець новыя адчуванні і задаваць сабе беспрэцэдэнтныя пытанні» [25].

66. Сёння мы, дарослыя, схільныя рабіць спіс паразаў і заганаў моладзі нашага часу. Некаторыя, магчыма, будуць нам апладзіраваць, бо мы будзем выдавацца ім экспертамі ў выяўленні негатыўных аспектаў і небяспек. Але што стане вынікам такога стаўлення? Усё большае аддаленне, меншая блізкасць, меншая ўзаемная падтрымка.

67. Пільнае вока тых, каго лічаць бацькам, пастырам ці кіраўніком маладых людзей, павінна заўважыць маленькі агеньчык, які працягвае гарэць, трыснёг, які, здаецца, ламаецца, але яшчэ не зламаны (пар. Іс 42,3). Гэта здольнасць знаходзіць шляхі там, дзе іншыя бачаць толькі муры, здольнасць распазнаваць магчымасці там, дзе іншыя бачаць толькі небяспеку. Такім ёсць позірк Бога Айца, які здольны ацаніць і даглядаць добра пасеянае зерне ў сэрцах маладых людзей. Таму сэрца кожнага маладога чалавека – гэта «святая зямля», якая нясе зерне Божага жыцця, перад якой мы павінны «зняць сандалі», каб падысці і зразумець таямніцу.

Шмат праяўленняў маладосці

68. Мы маглі б паспрабаваць апісаць рысы сучаснай моладзі, але спачатку я хачу ўзгадаць адну заўвагу Айцоў Сіноду: «Сам склад Сіноду стаў сведчаннем прысутнасці і ўдзелу розных рэгіёнаў свету, падкрэсліваючы прыгажосць паўсюднага Касцёла. Нягледзячы на ўсё большую глабалізацыю, Айцы Сіноду прасілі звярнуць увагу на шматлікія адрозненні паміж кантэкстамі і культурамі, нават у межах адной і той жа краіны. Існуе настолькі вялікі плюралізм моладзевых плыняў, што ў некаторых краінах існуе тэндэнцыя выкарыстоўвання тэрміну «моладзь» у множным ліку. Акрамя таго, узроставая група, якая разглядалася на гэтым Сінодзе (16­29 гадоў), не з’яўляецца аднародным цэлым, але складаецца з груп, якія перажываюць своеасаблівыя сітуацыі» [26].

69. З дэмаграфічнага пункту гледжання, у некаторых краінах ёсць шмат моладзі, у той час як у іншых вельмі нізкі ўзровень нараджальнасці. Тым не менш, «яшчэ адно адрозненне вынікае з гісторыі, якой розняцца краіны і кантыненты са старажытнай хрысціянскай традыцыяй, чыя культура з’яўляецца носьбітам памяці, якой нельга страціць, краіны і кантыненты, якія адзначаюцца іншымі рэлігійнымі традыцыямі, у якіх хрысціянства складае меншасць, а часам мае нядаўнюю гісторыю. Ёсць таксама землі, дзе хрысціянскія супольнасці і маладыя людзі, якія належаць да іх, падвяргаюцца ганенням» [27]. Акрамя таго, неабходна адрозніваць моладзь, «якая мае доступ да ўсё большых магчымасцяў, якія прапаноўвае глабалізацыя, ад той, якая наадварот жыве на задворках грамадства або ў вясковым асяроддзі і церпіць адчужэнне і адкідванне» [28].

70. Ёсць шмат іншых адрозненняў, якія было б цяжка тут падрабязна апісваць. Таму не лічу мэтазгодным прадстаўляць тут усебаковы аналіз сітуацыі маладых людзей у сучасным свеце, як яны жывуць і што з імі адбываецца. Аднак, паколькі не магу пакінуць без увагі рэальнасць, таму коратка прадстаўлю некаторыя назіранні, якія разглядаліся на Сінодзе, а таксама тыя, якія я сабраў у ходзе яго працы.

Некаторы досвед маладых людзей

71. Моладзь не з’яўляецца аб’ектам, які можна аналізаваць у абстрактных паняццях. Сапраўды, няма «моладзі», але ёсць канкрэтныя маладыя людзі з іх жыццём. У сучасным свеце, поўным дасягненняў, жыццё многіх з іх падвяргаецца цярпенням і маніпуляцыям.

Моладзь свету ва ўмовах крызісу

72. Айцы Сіноду з болем падкрэслілі, што «шмат маладых людзей жыве ва ўмовах вайны і пакутуе ад гвалту ў незлічонай разнастайнасці яго формаў: выкраданне, вымагальніцтва, арганізаваная злачыннасць, гандаль людзьмі, няволя і сэксуальнае рабства, ваеннае насілле і г.д. Іншыя маладыя людзі з прычыны сваёй веры не могуць знайсці сваё месца ў грамадстве і церпяць розны пераслед, аж да смерці. Ёсць шмат маладых людзей, якія, з увагі на прымус або адсутнасць альтэрнатывы, жывуць, здзяйсняючы злачынствы і гвалт: дзеці­салдаты, узброеныя і злачынныя групоўкі, незаконны абарот наркотыкаў, тэрарызм і г. д. Гэтае насілле знішчае жыццё многіх маладых людзей. Злоўжыванні і залежнасці, а таксама гвалт і сапсаванасць з’яўляюцца адной з прычын, якія прыводзяць маладых людзей у турму, асабліва інтэнсіўна гэта адбываецца ў некаторых этнічных і сацыяльных групах» [29].

73. Многія маладыя людзі падвяргаюцца ідэалагічным маніпуляцыям і выкарыстоўваюцца як правымі, так і левымі лібераламі ў якасці «гарматнага мяса» або «ўдарнай сілы» дзеля знішчэння, запалохвання або высмейвання іншых. І самае страшнае ў тым, што многія з іх становяцца індывідуалістамі, варожымі асобамі, якія нікому не давяраюць, праз што робяцца лёгкай здабычай для антыгуманных і разбуральных праектаў, распрацаваных палітычнымі партыямі ці эканамічнымі ўладамі.

74. Больш за тое, «у свеце ёсць яшчэ больш маладых людзей, якія пакутуюць з­за маргіналізацыі і сацыяльнай ізаляцыі па рэлігійных, этнічных ці эканамічных прычынах. Згадаем цяжкое становішча падлеткаў і маладых цяжарных дзяўчат, бедства абортаў, а таксама распаўсюджванне ВІЧ­інфекцыі, розных формаў залежнасці (наркотыкі, азартныя гульні, парнаграфія і г. д.) і сітуацыю дзяцей i моладзі без дому, сям’і і грашовых сродкаў» [30]. А калі справа даходзіць да жанчын, то гэтая маргіналізацыя становіцца ўдвая балючай і цяжкой.

75. Мы не можам быць Касцёлам, які не плача перад абліччам гэтых трагедый сваіх маленькіх дзяцей. Мы ніколі не павінны прывыкаць да гэтага, бо хто не ўмее плакаць, той не можа быць маці. Мы хочам плакаць, каб грамадства станавілася больш мацярынскім, каб замест забіваць, навучылася нараджаць, каб было абяцаннем жыцця. Мы плачам, калі ўспамінаем тых маладых людзей, якія загінулі  з­за галечы і гвалту, і патрабуем ад грамадства, каб яно навучылася мацярынскай салідарнасці. Гэты боль не знікае, ён суправаджае нас на кожным кроку, таму што рэальнасці нельга схаваць. Самае горшае, што мы можам зрабіць, гэта ўжыць рэцэпт, які прапануе нам дух гэтага свету, – абязболіць маладых людзей праз іншыя навіны, іншыя забавы, іншыя банальнасці.

76. Магчыма «мы, якія жывём жыццём, пазбаўленым больш ці менш цяжкасцяў, не ўмеем плакаць. Некаторыя рэаліі жыцця можна ўбачыць толькі вачыма, абмытымі слязьмі. Я запрашаю кожнага з вас задаць сабе пытанне: ці я навучыўся плакаць? Калі бачу галоднае дзіця, дзіця пад уздзеяннем наркотыкаў на вуліцы, бяздомнае дзіця, пакінутае, якое эксплуатуюць, якое з’яўляецца рабом грамадства? А можа плачу як капрызная асоба, бо хачу мець яшчэ больш?» [31] Паспрабуй навучыцца плакаць з прычыны маладых людзей, якім горш, чым табе. Міласэрнасць і спачуванне выяўляецца таксама ў слязах. Калі гэтага няма, прасі Пана, каб Ён навучыў цябе плакаць з прычыны пакутаў іншых людзей. Толькі тады, калі навучышся плакаць, зможаш зрабіць штосьці для іншых з глыбіні сэрца.

77. Часам цярпенне некаторых маладых людзей вельмі балючае; гэта цярпенне, якое нельга выказаць у словах; цярпенне, якое ўдарае нас як аплявуха. Гэтыя маладыя людзі могуць толькі сказаць Богу, што моцна пакутуюць, што ім вельмі цяжка ісці наперад, што яны больш нікому не вераць. Але ў гэтым пакутлівым крыку гучаць словы Езуса: «Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць суцешаны» (Мц 5,4). Ёсць маладыя людзі, якім удалося прабіцца ў жыцці, бо да іх дайшло Божае абяцанне. Няхай заўсёды побач з маладым чалавекам, які пакутуе, будзе хрысціянская супольнасць, каб гэтыя словы гучалі праз жэсты, абдымкі і канкрэтную дапамогу.

78. Гэта праўда, што багатыя аказваюць дапамогу, але часта робяць гэта па высокай цане. У многіх бедных краінах эканамічная дапамога некаторых больш багатых краін ці некаторых міжнародных арганізацый, як правіла, звязана з прыняццем заходніх прапаноў наконт сэксуальнасці, сужэнства, жыцця і сацыяльнай справядлівасці. Гэтая ідэалагічная каланізацыя прыносіць шкоду асабліва маладым людзям. У той жа час мы бачым, як некаторая рэклама вучыць людзей быць заўсёды незадаволенымі і спрыяюць будаванню культуры адкідвання, у якой маладыя людзі самі ў выніку становяцца «аднаразовым матэрыялам».

79. Сённяшняя культура мадэлюе вобраз чалавека, непарыўна звязанага з маладосцю. Добра адчувае сябе той, хто з’яўляецца маладым, хто робіць працэдуры, якія знішчаюць сляды часу. У рэкламе пастаянна прадстаўляецца маладое цела, каб прадаць прадукт. Мадэль прыгажосці – гэта мадэль маладосці, але будзем жа асцярожнымі, бо гэта не пахвала маладых людзей. Гэта азначае толькі тое, што дарослыя хочуць выкрасці маладосць для сябе, а не тое, што яны паважаюць, любяць і клапоцяцца пра маладых людзей.

80. Некаторыя маладыя людзі «ўспрымаюць сямейную традыцыю як штосьці панурае, таму бягуць ад яе пад ціскам глабалізацыі культуры, якая часам пакідае іх без апоры. У іншых частках свету, аднак, паміж моладдзю і дарослымі няма канфлікту пакаленняў, але ёсць узаемнае адчужэнне. Часам дарослыя не імкнуцца ці не ўмеюць перадаваць асноўныя жыццёвыя каштоўнасці або прымаюць моладзевы стыль, змяняючы адносіны паміж пакаленнямі. Такім чынам, адносіны паміж маладымі людзьмі і дарослымі застаюцца на эмацыйным узроўні і не датычаць адукацыйнага і культурнага вымярэння» [32]. Колькі шкоды гэта прыносіць маладым людзям, хоць некаторыя з іх не ўсведамляюць гэтага! Самі маладыя людзі паказалі нам, што гэта значна замінае перадачы веры «ў тых краінах, дзе няма свабоды слова, дзе маладыя людзі [...] не могуць удзельнічаць у жыцці Касцёла» [33].

Жаданні, раны і пошукі

81. Маладыя людзі прызнаюць, што цела і сэксуальнасць маюць важнае значэнне ў іх жыцці і для развіцця іх тоеснасці. Тым не менш, у свеце, які падкрэслівае выключна сэксуальнасць, цяжка падтрымліваць добрыя адносіны са сваім целам і спакойна перажываць пачуццёвыя адносіны. Па гэтай і іншых прычынах маральнасць сэксуальнасці часта становіцца «крыніцай неразумення і аддаленння ад Касцёла, бто ўспрымаецца як сфера суда і асуджэння». У той жа час, маладыя людзі выказваюць «відавочнае жаданне дыскутаваць па пытаннях, звязаных з адрозненнем паміж мужчынскай і жаночай тоеснасцю, камплементарнасцю паміж мужчынамі і жанчынамі, на тэму гомасэксуалізму» [34].

82. У наш час «развіццё навукі і біямедыцынскіх тэхналогій значна ўплывае на ўспрыманне цела, змушаючы да думкі, што яго можна мадыфікаваць без абмежаванняў. Магчымасць умяшання ў ДНК, магчымасць ушчапляць у арганізм штучныя элементы (кібарг cyborg) і развіццё нейрабіялогіі даюць вялікія магчымасці, але ў той жа час уздымаюць антрапалагічныя і этычныя пытанні» [35]. Яны могуць прычыніцца да таго, што мы забудзем пра тое, што жыццё з’яўляецца дарам, што мы істоты створаныя і маем свае межы, што мы можам стаць лёгкай здабычай для тых, хто мае тэхналагічную ўладу [36]. «Больш за тое, у некаторых моладзевых асяродках пашыраецца захапленне рызыкоўнымі паводзінамі як спосабам праверкі сваіх магчымасцяў, пошуку вострых адчуванняў і атрымання прызнання. [...] Гэтыя небяспечныя для новага пакалення з’явы ўяўляюць сабой перашкоду для спакойнага сталення» [37].

83. У маладых людзях мы бачым таксама душэўныя раны, няўдачы, сумны досвед. У большасці гэта «раны іх асабістых паразаў, разбітых мараў, дыскрымінацыі і несправядлівасці, адсутнасці пачуцця, што іх любяць ці прымаюць». Гэта таксама «маральныя раны, гнёт уласных памылак, пачуццё віны за свае памылкі» [38]. Езус прысутнічае ў гэтых крыжах маладых людзей, каб прапанаваць ім сваё сяброўства, палёгку, сваё гаючае суправаджэнне, а Касцёл хоча быць Яго прыладаю на гэтым шляху да ўнутранага аздараўлення і спакою сэрца.

84. У некаторых маладых людзях мы заўважаем прагненне Бога, хоць і не з усімі рысамі аб’яўленага Бога. У іншых можам убачыць мары пра братэрства, а гэта ўжо нямала. У многіх з іх можа ўзнікаць рэальнае жаданне развіваць свае здольнасці, каб даць штосьці сваё свету. У некаторых мы бачым асаблівае мастацкае ўспрыманне або імкненне да гармоніі з прыродай. У іншых можа ўзнікаць вялікая патрэба ў зносінах. У многіх маладых людзях мы знойдзем таксама глыбокае імкненне да перамены жыцця. Гэта сапраўдныя зыходныя кропкі, унутраная энергія, якая прагна чакае словаў абуджэння, святла і падтрымкі.

85. Сінод асаблівым чынам разглядаў тры пытанні, якія маюць вялікае значэнне, і я хачу сабраць свае пісьмовыя высновы на гэтую тэму, хоць яны паранейшаму патрабуюць далейшага аналізу і распрацоўкі больш адэкватных і эфектыўных адказаў.

Лічбавае асяроддзе

86. «Характэрнай рысай сучаснага свету з’яўляецца лічбавае асяроддзе. Значная частка чалавецтва пастаянна і штодзённа звязана з ім. Маецца на ўвазе не толькі „выкарыстанне“ прыладаў камунікацыі, але жыццё ў цалкам лічбавай культуры, якая ўздзейнічае вельмі глыбока на паняцці часу і прасторы, на ўспрыманне сябе, іншых і свету, на спосаб зносінаў, вучобу, здабыванне інфармацыі, наладжванне адносінаў з іншымі людзьмі. Падыход да рэальнасці, у якім большая перавага адводзіцца вобразу, а не слуханню і чытанню, уплывае на спосаб навучання і на развіццё крытычнага мыслення» [39].

87. Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі стварылі новы спосаб зносін і ўсталявання сувязі, і з’яўляюцца «месцам, дзе маладыя людзі праводзяць шмат часу і лёгка кантактуюць, хоць не ўсе маюць да іх аднолькавы доступ, асабліва ў некаторых рэгіёнах свету. Аднак яны даюць велізарныя магчымасці для зносін, сустрэч і абмену паміж людзьмі, а таксама даюць доступ да інфармацыі і ведаў. Акрамя таго, лічбавы свет з’яўляецца формай удзелу ў сацыяльна­палітычным жыцці і актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Можа аблегчыць пашырэнне незалежнай інфармацыі, што спрыяе эфектыўнай ахове найбольш неабароненых слаёў насельніцтва, выяўляючы выпадкі парушэння іх правоў. Сёння ў многіх краінах Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі ўяўляюць сабой неад’емную прастору, праз якую можна дайсці да моладзі і заахвоціць яе ўдзельнічаць таксама ў пастырскіх ініцыятывах і мерапрыемствах» [40].

88. Аднак, каб зразумець гэтую з’яву ў цэлым, варта прызнаць, што, як уся чалавечая рэальнасць, яна мае межы і недахопы. Нельга блытаць камунікацыю з выключна віртуальным кантактам. На самай справе, «лічбавае асяроддзе – гэта таксама прастора адзіноты, маніпуляцыі, эксплуатацыі і гвалту, аж да скрайнасці darkweb. Лічбавыя медыі могуць падвяргаць рызыцы залежнасці, ізаляцыі і паступовай страце кантакту з рэальнасцю, што перашкаджае развіццю сапраўдных міжчалавечых адносінаў. Праз сацыяльныя медыі распаўсюджваюцца новыя формы гвалту, напрыклад, кіберзапалохванне. Інтэрнэт з’яўляецца таксама каналам пашырэння парнаграфіі і эксплуатацыі людзей у сэксуальных мэтах або праз азартныя гульні» [41].

89. Не варта забываць, што «ў лічбавым свеце дзейнічаюць вялізныя эканамічныя інтарэсы, здольныя выкарыстоўваць формы не толькі далікатнага, але і агрэсіўнага кантролю, ствараючы механізмы маніпуляцыі сумленнем і дэмакратычным працэсам. Дзейнасць многіх Інтэрнэт­платформ часта базуецца на тым, каб прывесці да сустрэчы людзей, якія аднолькава думаюць, што ўскладняе канфрантацыю паміж рознымі поглядамі. Гэтыя замкнёныя прасторы спрыяюць пашырэнню ілжывай інфармацыі і навін, распальваючы прадузятасць і нянавісць. Распаўсюджванне fakenews з’яўляецца праяўленнем культуры, якая страціла пачуццё праўды і скажае факты дзеля асабістых інтарэсаў. Рэпутацыя людзей знаходзіцца пад пагрозай спецыяльных працэсаў, якія вядуцца online. Гэта датычыць таксама Касцёла і яго пастыраў» [42].

90. У дакуменце, які падрыхтавалі 300 маладых людзей з усяго свету перад Сінодам, паведамляецца, што «адносіны з іншымі ў Інтэрнэце могуць станавіцца бесчалавечнымі. Віртуальная прастора робіць нас сляпымі да слабасці іншага чалавека і не дазваляе нам рабіць самааналіз. Такія выклікі, як парнаграфія скажаюць ўспрыманне чалавечай сэксуальнасці сярод моладзі. Тэхналогія, якая выкарыстоўваецца такім чынам, стварае падманлівую паралельную рэальнасць, якая ігнаруе чалавечую годнасць» [43]. Уваходжанне ў віртуальны свет прывяло да свайго роду «лічбавай міграцыі» – аддалення ад сям’і, культурных і рэлігійных каштоўнасцяў, што вядзе многіх людзей у свет адзіноты і стварэння ўласнага бачання, аж да адчування адсутнасці каранёў, хоць фізічна яны застаюцца ў тым самым месцы. Новае і нашмат паўнейшае жыццё маладых людзей, якія імкнуцца пацвердзіць сваю індывідуальнасць і настойваюць на гэтым, сутыкаецца сёння з новым выклікам: узаемадзеянне з рэальным і віртуальным светам, у які моладзь уваходзіць самастойна, як на невядомы кантынент. Сёння моладзь першай здзяйсняе гэты сінтэз паміж тым, што з’яўляецца асабістым і спецыфічным для кожнай культуры, і тым, што з’яўляецца глабальным. Аднак для гэтага ім неабходна перайсці ад віртуальных зносін да добрай і здаровай камунікацыі.

Імігранты як парадыгма нашага часу

91. Як мы можам забыцца пра шматлікіх маладых людзей, якіх непасрэдна закранула міграцыя? Яна стала «ва ўсім свеце структурнай з’явай, а не выключна часовай. Міграцыі могуць здарыцца ў межах адной краіны або паміж рознымі краінамі. Касцёл клапоціцца ў прыватнасці пра тых, якія бягуць ад вайны, гвалту, палітычнага ці рэлігійнага пераследу, стыхійных бедстваў, а таксама ў сувязі з кліматычнымі зменамі і з­за крайняй галечы: многія з іх – гэта маладыя людзі. Яны, як правіла, шукаюць шанс для сябе і сваіх сем’яў. Мараць пра лепшую будучыню і жадаюць стварыць умовы, каб яе дасягнуць» [44]. Мігранты нагадваюць нам пра першасную ўмову веры, а менавіта, што мы з’яўляемся «вандроўнікамі і пілігрымамі на зямлі» [45] ( Гбр 11,13).

92. Іншыя мігранты, «якіх прыцягвае заходняя культура, маюць часам нерэалістычныя чаканні, якія прыводзяць іх да сур’ёзнага расчаравання. Гандляры людзьмі, пазбаўленыя дакораў сумлення, часта звязаныя з наркакартэлямі і кантрабандай зброі, выкарыстоўваюць слабасць мігрантаў, якія на сваім шляху вельмі часта сутыкаюцца з гвалтам, гандлем людзьмі, псіхалагічным і фізічным насіллем і неапісальнымі пакутамі. Варта адзначыць асаблівую безабароннасць самотных непаўналетніх, а таксама становішча тых, хто вымушаны праводзіць шмат гадоў у лагерах для бежанцаў ці доўгі час прабываць у транзітных краінах, не маючы магчымасці працягнуць навучанне або рэалізаваць свае здольнасці. У некаторых краінах прабывання міграцыя выклікае трывогу і неспакой, што часта нагнятаецца і выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах. Так распаўсюджваецца менталітэт ксенафобіі, закрытасці і індывідуалізму, на што трэба рашуча рэагаваць» [46].

93. «Маладыя людзі, якія мігруюць, спазнаюць адасобленасць ад свайго першапачатковага атачэння, а часта нават выкараненне з культурнага і рэлігійнага асяроддзя. Адбываецца таксама разрыў кантактаў з супольнасцямі іх паходжання, якія губляюць найбольш энергічных і прадпрымальных членаў, а таксама з сем’ямі, у прыватнасці, калі мігруе адзін ці абодва бацькі, пакідаючы сваіх дзяцей у краіне паходжання. Касцёл мае важную ролю як пункт аднясення для моладзі з гэтых няпоўных сем’яў. Але гісторыя мігрантаў – гэта таксама сустрэча паміж людзьмі і паміж культурамі: супольнасцям і грамадствам, у якіх яны знаходзяцца, яны даюць магчымасць для ўзбагачэння і цэласнага чалавечага развіцця ўсіх. З гэтага пункту гледжання ініцыятывы прыняцця, якія адносяцца да Касцёла, павінны адыграць важную ролю і могуць ажывіць супольнасці, здольныя іх рэалізаваць» [47].

94. «Дзякуючы рознаму паходжанню Айцоў Сіноду тэма мігрантаў разглядалася з розных перспектыў, асабліва паміж краінамі паходжання і краінамі прызначэння мігрантаў. Таксама прагучаў трывожны крык тых Касцёлаў, чые члены вымушаны ўцякаць ад вайны і пераследу, і якія бачаць у гэтай вымушанай міграцыі пагрозу для свайго існавання. Менавіта той факт, што браліся пад увагу ўсе гэтыя розныя пункты гледжання, дае Касцёлу права ажыццяўляць прароцкую ролю ў грамадстве па пытаннях міграцыі» [48]. Я прашу асабліва маладых людзей, каб яны не патрапілі ў сеткі тых, хто хоча супрацьпаставіць іх іншым маладым людзям, якія прыбываюць у іх краіны, апісваючы іх як небяспечных людзей і так, быццам бы яны не маюць той самай неад’емнай годнасці, якую мае кожная чалавечая істота.

Спыніць любыя формы злоўжывання

95. У апошні час нас настойліва прасілі пачуць крык ахвяраў розных злоўжыванняў, якія здзейснілі некаторыя біскупы, прэзбітэры, законнікі і свецкія асобы. Гэтыя грахі выклікаюць у ахвяраў «пакуты, якія могуць доўжыцца ўсё жыццё і якія не можа выправіць ніякае пакаянне. Гэтая з’ява распаўсюджваецца ў грамадстве, закранае таксама Касцёл і становіцца сур’ёзнай перашкодай на шляху яго місіі» [49].

96. Гэта праўда, што «біч сэксуальнага гвалту непаўналетніх з’яўляецца, на жаль, гістарычна распаўсюджаным ва ўсіх культурах і грамадствах», асабліва ў межах уласнай сям’і і ў розных інстытуцыях, ступень якога стала бачнай у прыватнасці «дзякуючы змене адчувальнасці грамадскай думкі». Тым не менш, «паўсюднасць гэтага бедства, пацвярджаючы яго сур’ёзнасць у нашых грамадствах, не змяншае яго пачварнасці ў межах Касцёла», і «ў справядлівым гневе людзей Касцёл бачыць адлюстраванне гневу Бога, здраджанага і збітага» [50].

97. «Сінод пацвердзіў свой цвёрды намер прыняць суровыя прэвентыўныя меры для прадухілення такіх паўторных з’яў, пачынаючы з адбору і падрыхтоўкі тых, каму будуць даручаныя адказныя функцыі і выхаваўчыя абавязкі» [51]. У той жа час, нельга адмовіцца ад выкарыстання «вельмі неабходных мераў і санкцый» [52]. І ўсё гэта з дапамогай ласкі Хрыста. Ужо няма дарогі назад.

98. «Існуюць розныя віды злоўжыванняў: улады, эканамічныя, сумлення, сэксуальныя. Відавочным становіцца выкараненне тых формаў ажыццяўлення ўлады, якія спалучаны з гэтымі злоўжываннямі, а таксама супрацьдзеянне безадказнасці і адсутнасці празрыстасці, што мела месца ў многіх прыведзеных выпадках. Жаданне дамінаваць, адсутнасць дыялогу і яснасці, форма дваістага жыцця, духоўная пустка і псіхічная слабасць з’яўляюцца той глебай, на якой квітнее дэмаралізацыя» [53]. Клерыкалізм застаецца пастаяннай спакусай святароў, якія ўспрымаюць «атрыманае служэнне як уладу, якую трэба ажыццявіць, а не як бескарыслівую і велікадушную паслугу, якую трэба ахвяраваць; і гэта прыводзіць нас да высновы, што мы належым да групы, якая мае адказы на ўсе пытанні і нічога не павінна слухаць і чаму­небудзь вучыцца» [54]. Несумненна, у выніку клерыкалізму кансэкраваныя асобы могуць страціць павагу да святой і неад’емнай каштоўнасці кожнай асобы і яе свабоды.

99. Разам з Айцамі Сіноду я хацеў бы выказаць з любоўю і прызнаннем сваю «падзяку тым, хто мае мужнасць паведаміць аб спазнанай крыўдзе: яны дапамагаюць Касцёлу зразумець, што адбылося, і неабходнасць рашуча рэагаваць» [55]. Але асаблівага прызнання заслугоўвае таксама «шчырае імкненне многіх свецкіх асобаў, прэзбітэраў, кансэкраваных асобаў і біскупаў, якія штодня прысвячаюць сябе сумленнаму і адданаму служэнню моладзі. Іх праца – нібы лес, які расце незаўважна. Многія маладыя людзі, якія прысутнічалі на Сінодзе, таксама выказалі падзяку тым, хто спадарожнічае ім, і пацвердзілі вялікую патрэбу мець аўтарытэты» [56].

100. Дзякуй Богу, святары, якія апаганілі сябе гэтымі жудаснымі злачынствамі, складаюць меншасць, бо большасць – гэта тыя, хто выконвае служэнне верна і плённа. Прашу маладых людзей чэрпаць натхненне з гэтай большасці. У любым выпадку, калі бачыце святара ў небяспецы, які страціў радасць ад свайго служэння ці шукае эмацыянальнай кампенсацыі або пайшоў па ілжывым шляху, майце мужнасць нагадаць яму пра яго абавязак перад Богам і Яго народам; самі абвяшчайце Евангелле і заахвочвайце яго заставацца на правільным шляху. Паступаючы так, вы акажаце каштоўную дапамогу ў самым галоўным: паспрыяеце прадухіленню паўторных такіх злачынстваў. Гэтая чорная хмара становіцца таксама выклікам для маладых людзей, якія любяць Езуса Хрыста і Яго Касцёл, таму што яны могуць зрабіць свой уклад, калі актывізуюць свае здольнасці дзеля аднаўлення, патрабавання і прымянення наступстваў і сведчання, каб зноў мець магчымасць марыць і аднаўляцца.

101. Гэта не адзіны грэх членаў Касцёла, гісторыя якога мае шмат ценяў. Нашы грахі – перад вачыма ўсіх; яны бязлітасна адлюстраваны ў маршчынах тысячагадовага твару нашай Маці і Настаўніцы. Бо яна пілігрымуе на працягу двух тысяч гадоў і дзеліцца «радасцю і надзеяй, смуткам і трывогай» [57] з людзьмі. Яна ідзе з намі такая, якая ёсць, без усялякіх пластычных аперацый. Не баіцца паказаць грахі, якія часам некаторыя яе члены спрабуюць схаваць перад палаючым святлом евангельскага Слова, якое знішчае бруд і ачышчае. Яна не перастае паўтараць кожны дзень з сорамам: «Змілуйся нада мною, Божа, у вялікай міласці Тваёй; [...] грэх мой заўжды перада мною» (Пс 51,3.5). Але памятайма, што Маці нельга пакідаць, калі яна зраненая, наадварот, трэба ісці разам з ёй, каб яна змагла чэрпаць са свайго нутра ўсю сваю сілу і здольнасці, каб заўсёды распачынаць нанова.

102. У гэтай трагедыі, якая непазбежна раніць нашую душу, «Пан Езус, які ніколі не пакідае свайго Касцёла, дае яму сілы і сродкі, каб вырушыць у новы шлях» [58]. Такім чынам, гэты змрочны момант з «каштоўнай дапамогаю маладых людзей сапраўды можа стаць магчымасцю для эпахальнай рэформы» [59], каб адкрыцца для новай Пяцідзясятніцы і распачаць этап ачышчэння і змены, што можа даць Касцёлу абноўленую маладосць. Але маладыя людзі могуць дапамагчы значна больш, калі ў сэрцы адчуваюць сябе часткай «святога і цярплівага вернага Божага народу, падтрыманага і ажыўленага Духам Святым», бо «менавіта гэты святы Божы народ вызваліць нас ад пошасці клерыкалізму, які з’яўляецца ўрадлівай глебай для ўсіх гэтых мярзотаў» [60].

Ёсць выйсце

103. У гэтым раздзеле я спыніўся на сітуацыі маладых людзей у сучасным свеце. Некаторыя іншыя аспекты будуць разгледжаны ў наступных раздзелах. Як ужо сказаў, я не імкнуся прадставіць поўны аналіз. Я заклікаю супольнасці з павагаю і сур’ёзнасцю самім прааналізаваць найбольш актуальныя для іх сітуацыі моладзі, каб выпрацаваць найбольш прыдатныя пастырскія праграмы. А на завяршэнне гэтага раздзела хачу скіраваць некалькі словаў да кожнага з вас.

104. Я нагадваю табе пра добрую навіну, якая была дадзена нам у раніцу Уваскрасення: што з усіх цёмных і балючых сітуацый, пра якія мы згадалі, ёсць выйсце. Напрыклад, праўда тое, што лічбавы свет можа стаць для вас небяспекай замкнутасці ў сабе, ізаляцыі або нікчэмнай прыемнасці. Але не варта забываць, што ёсць у гэтых сферах творчыя, а нават часам геніяльныя маладыя людзі. Як, напр., малады шаноўны Карлас Aкуціс.

105. Ён вельмі добра ведаў, што механізмы камунікацыі, рэкламы і сацыяльных сетак могуць выкарыстоўвацца, каб зрабіць нас марудлівымі, залежнымі ад спажывання і навін, якія мы можам купіць, апантанымі баўленнем вольнага часу і замкнутымі ў негатыў. Аднак ён змог выкарыстаць новыя тэхналогіі камунікацыі, каб несці Евангелле, пераказваць каштоўнасці і прыгажосць.

106. Ён не трапіў у пастку. Бачыў, што многія маладыя людзі, хоць здаваліся іншымі, з часам станавіліся такімі, як усе, ганяючыся за тым, што навязвалі ім тыя, хто мае моц, праз механізмы спажывання і замбіравання. Такім чынам яны не дазваляюць развіцца дарам, якія даў ім Пан, не прапануюць гэтаму свету тыя асабістыя і унікальныя здольнасці, якія Бог уклаў у кожнага з іх. Як казаў Карлас: «кожны нараджаецца непаўторным, але многія паміраюць як ксеракопія». Не дазволь, каб гэта здарылася з табой.

107. Не дазволь скрасці тваю надзею і радасць, каб цябе аглушылі, жадаючы выкарыстаць у якасці раба дзеля сваіх інтарэсаў. Не бойцеся быць кімсьці большым, таму што тваё жыццё важнейшае за ўсё астатняе. Табе не трэба валодаць або ўдаваць штосьці. Ты можаш стаць тым, кім ты, як ведае Бог, твой Стварыцель, з’яўляешся, калі прызнаеш, што ты пакліканы да вялікіх рэчаў. Заклікай Духа Святога і ўпэўнена ідзі да вялікай мэты: святасці. Так не будзеш ксеракопіяй, будзеш у поўні самім сабой.

108. Для гэтага трэба згадзіцца з фундаментальнай рэччу: быць маладым – гэта не толькі імкненне да мімалётных задавальненняў і павярхоўнага поспеху. Каб маладосць дасягнула сваёй мэты ў тваім жыцці, яна павінна стаць часам шчодрай ахвярнасці, служэння, якія каштуюць, але робяць нас плённымі. Як сказаў вялікі паэт:

«Калі б вярнуць мне тое, што вярнуў,
Мне трэба страціць тое, што я страціў,
Каб дасягнуць таго, што дасягнуў,
Павінен знесці тое, што спазнаў я,

Калі хачу цяпер быць закаханым,
Павінен стаць параненым цяпер,
Пакуты, што я меў, павінен мець быў,
І плакаў слушна, бо я плакаць меў.

Пасля ўсяго я сцвердзіў для сябе,
Што нельга радавацца тым, чаму быў рады,
Але выключна тым, што я раней,
Перацярпеў, вось гэтаму павінен быць я рады.

Пасля ўсяго я ўрэшце зразумеў:
усё тое, чым квітнее дрэва,
жыве з таго, што пахавана ў глебе»
[61] .

109. Калі ты малады, але адчуваеш слабасць, стомленасць або расчараванне, прасі Езуса, каб аднавіў цябе. З Ім не можа неставаць надзеі. Тое ж самае можна зрабіць, калі адчуваеш, што трапіў у палон заганаў, дрэнных звычак, эгаізму ці хваравітага камфорту. Езус, поўны жыцця, хоча дапамагчы табе зразумець вартасць маладосці. Такім чынам, ты не пазбавіш свет свайго ўкладу, які толькі ты можаш зрабіць, будучы выключным і непаўторным, бо ты такі.

110. Я таксама хачу нагадаць табе, што «вельмі цяжка, будучы ізаляваным, змагацца з уласнай пажадлівасцю, з хітрыкамі і спакусамі д’ябла і эгаістычнага свету. Нас так моцна атакуюць спакусы, што, калі мы занадта самотныя, то паддаёмся ім, лёгка губляючы пачуццё рэальнасці і ўнутранай яснасці» [62]. Гэта асабліва актуальна для маладых людзей, таму што разам вы маеце моц, вартую здзіўлення. Калі вас натхняе супольнае жыццё, вы здольныя на вялікія ахвяры дзеля іншых і дзеля супольнасці. Ізаляцыя, наадварот, аслабляе вас і пагражае вам найгоршым злом нашага часу.

РАЗДЗЕЛ IV

ВЯЛІКАЯ НАВІНА ДЛЯ ЎСІХ МАЛАДЫХ ЛЮДЗЕЙ

111. Нягледзячы на розныя абставіны, я хачу аб’явіць цяпер усім маладым людзям самае галоўнае, першаснае, пра што ніколі нельга маўчаць. Я маю на ўвазе навіну, якая змяшчае тры вялікія праўды, якія мы ўсе павінны чуць усё часцей і часцей.

Бог, які з’яўляецца любоўю

112. Перш за ўсё я хачу сказаць усім першую праўду: «Бог любіць цябе». Нават калі ты ўжо чуў гэта, я хачу нагадаць табе: Бог любіць цябе. Ніколі не сумнявайся ў гэтым, незалежна ад таго, што здарыцца ў тваім жыцці. Пры любых абставінах ты бясконца любімы.

113. Магчыма, твой досвед бацькоўства не найлепшы, можа твой бацька тут на зямлі быў далёкім і адсутным, або наадварот, дэспатычным і агрэсіўным; ці проста не быў такім бацькам, які табе быў патрэбны. Не ведаю. Але магу сказаць табе з упэўненасцю, што ты можаш кінуцца цалкам бяспечна ў абдымкі свайго боскага Айца, Бога, які даў табе жыццё і дае яго табе ў кожную хвіліну. Ён будзе моцна падтрымліваць цябе, а ты адначасова будзеш адчуваць, што Ён глыбока шануе тваю свабоду.

114. У Яго слове мы знаходзім шмат праяўленняў Яго любові. Быццам бы Ён шукае розныя спосабы, каб паказаць гэта, каб убачыць, ці штосьці з гэтых словаў можа дайсці да твайго сэрца.

Напрыклад, часам Ён паказвае сябе, як тыя любячыя бацькі, якія гуляюць са сваімі дзецьмі: «Я прыцягваў іх повязямі чалавечнасці, повязямі любові, і быў для іх як той, хто падносіць немаўля да свайго твару» (пар. Ос 11,4).

Часам з’яўляецца, поўны любові, як тыя маці, якія шчыра любяць сваіх дзяцей, з любоўю, якая плыве з глыбіні сэрца, якая не можа забыць і пакінуць: «Ці забудзе жанчына пра сваё немаўля, хіба не пашкадуе сына ўлоння свайго? Але калі нават і забудзе, Я не забуду пра цябе» (Іс 49,15).

Ён з’яўляецца нават як закаханы, які робіць татуіроўку каханай асобы на сваёй далоні, каб заўсёды мець пры сабе яе твар: «Я выразаў цябе на сваіх далонях» (Іс 49,16).

У іншы раз падкрэслівае моц і рашучасць сваёй любові, якую нельга перамагчы: «Бо горы знікнуць, і пагоркі захістаюцца, але міласэрнасць Мая не адступіць ад цябе, і запавет спакою Майго не пахіснецца» (Іс 54,10).

Ці кажа нам, што заўсёды чакае нас, таму што мы не з’явіліся ў гэтым свеце выпадкова. Перш, чым пачалі існаваць, мы былі ў планах Яго любові: «Любоўю вечнай Я палюбіў цябе, таму Я захаваў ласкавасць да цябе» (Ер 31,3).

Або робіць так, каб мы заўважылі, што Ён ведае, як убачыць нашую прыгажосць, якую ніхто іншы не можа распазнаць: «Ты каштоўны ў маіх вачах, важны, і Я люблю цябе» (пар. Іс 43,4).

Або прыводзіць нас да адкрыцця, што Яго любоў не сумная, але з’яўляецца чыстай радасцю, якая аднаўляецца, калі мы дазваляем Яму сябе любіць: «Пан, твой Бог, сярод цябе, Магутны, Ён збавіць! Будзе з радасцю цешыцца табою, суцешыцца ў сваёй любові, будзе радавацца табе з крыкам весялосці» (Саф 3,17).

115. Ты для Яго сапраўды каштоўны, значны, вельмі важны для Яго, бо ты – справа Яго рук. Вось чаму Ён прысвячае табе ўвагу і памятае пра цябе з любоўю. Ты павінен паверыць у «памяць Бога: яго памяць не «жорсткі дыск», які запісвае і захоўвае ўсе нашыя дадзеныя, Яго памяць з’яўляецца чулым і спагадным сэрцам, якое радуецца, калі назаўжды выдаляе ўсялякія сляды нашага зла» [63]. Ён не хоча сачыць за тваімі памылкамі, і ў любым выпадку дапаможа табе навучыцца чаму­небудзь нават з тваіх падзенняў. Бо Ён любіць цябе. Паспрабуй застацца некаторы час у цішыні, дазваляючы Яму любіць цябе. Паспрабуй суцішыць усе галасы і ўнутраныя крыкі і застанься на імгненне ў Яго абдымках любові.

116. Гэта любоў, якая «не прыгнятае, любоў, якая не адкідае, якая не змушае маўчаць, любоў, якая не прыніжае і не знявольвае. Гэта любоў Пана, штодзённая любоў, далікатная і з павагаю, любоў свабоды і для свабоды, любоў, якая лечыць і ўзвышае. Гэта любоў Пана, якая ведае больш пра пад’ёмы, чым пра падзенні, больш пра прымірэнні, чым пра забароны, больш пра даванне новых магчымасцяў, чым пра асуджэнне, больш пра будучыню, чым пра мінулае» [64].

117. Калі Ён просіць цябе аб нечым ці калі проста дапускае тыя праблемы, з якімі ты сутыкаешся ў жыцці, то чакае, што ты зробіш Яму месца, каб Ён пабуджаў цябе ісці наперад, каб заахвочваў цябе, каб дапамагаў табе сталець. Ён не мае нічога супраць, каб ты выказваў Яму свае сумненні. Яго непакоіць, калі ты не размаўляеш з Ім, калі шчыра не адкрываешся для дыялогу з Ім. Біблія кажа, што Якуб змагаўся з Богам (пар.  Быц 32,25­31), але гэта не аддзяліла яго ад шляху Пана. На самай справе Ён сам заклікае нас: «Прыходзьце і рассудзім» (Іс 1,18). Яго любоў настолькі рэальная, настолькі праўдзівая, настолькі канкрэтная, што прапануе нам адносіны, поўныя шчырага і плённага дыялогу. Таму шукай абдымкаў твайго Нябеснага Айца ў асобе поўных любові Яго адважных сведкаў на зямлі!

Хрыстус збаўляе цябе

118. Другая праўда заключаецца ў тым, што Хрыстус з любові аддаў самога сябе аж да канца, каб збавіць цябе. Яго выцягнутыя на крыжы рукі з’яўляюцца самым каштоўным знакам сябра, вернага да канца: «Палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх» (Ян 13,1).

Святы Павел сцвердзіў, што жыве, давяраючы сябе той любові, якая дала яму ўсё: «А што цяпер жыву (…), то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне» (Гал 2,20).

119. Хрыстус, які збавіў нас ад нашых грахоў на крыжы, з той жа сілай сваёй бязмежнай самаахвярнасці працягвае сёння нас збаўляць і выкупляць. Паглядзіце на Яго крыж, прытуліся да Яго, дазволь сябе збавіць, бо тых, «хто дазваляе Яму сябе вызваліць ад граху, смутку, унутранай пусткі ды ізаляцыі» [65], напаўняе радасць. А калі ты грашыш і адыходзіш, то Ён зноў падымае цябе моцаю свайго крыжа. Ніколі не забывай, што Ён «сам прабачае семдзесят сем разоў. Зноў бярэ нас на свае плечы. Ніхто не можа адабраць у нас тую годнасць, якую дае нам гэтая бясконцая і непахісная любоў. Ён дазваляе нам узняць галаву і пачаць усё нанова з такой пяшчотай, якая ніколі не расчаруе нас і заўсёды можа вярнуць нам радасць» [66].

120. «Мы збаўлены Езусам, таму што Ён любіць нас і не можа змяніць гэтай любові. Мы можам зрабіць рознае Яму, але Ён любіць нас і збаўляе. Бо толькі ўмілаванае можа быць збаўлена. Толькі тое, што прымаецца, можа быць пераменена. Любоў Пана большая за ўсе нашыя супярэчнасці, усе нашыя слабасці і ўсю нашую маладушнасць. Але менавіта праз нашыя супярэчнасці, слабасці і маладушнасць Ён хоча напісаць гэтую гісторыю любові. Ён абняў блуднага сына, абняў Пятра пасля яго адрачэння і заўсёды, няспынна абдымае нас пасля нашых упадкаў, дапамагаючы нам падняццам і стаць на ногі. Сапраўднае падзенне – сцеражыцеся гэтага – сапраўднае падзенне, якое можа зруйнаваць нашае жыццё, будзе тады, калі мы застанемся на зямлі і не дазволім дапамагчы сабе» [67].

121. Яго прабачэнне і збаўленне не з’яўляецца чымсьці, што мы купілі ці што павінны набыць праз нашыя ўчынкі ці намаганні. Ён прабачае нам і вызваляе нас дарма. Яго ахвяра на крыжы з’яўляецца настолькі вялікай, што мы не можам заплаціць і не павінны, мы проста павінны прыняць з вялікай удзячнасцю і радасцю тое, што нас любяць перш, чым мы маглі гэта ўявіць сабе: «Ён першы палюбіў нас» (1 Ян 4 , 19).

122. Маладыя людзі, якіх любіць Пан, наколькі вы вартыя, калі былі вы адкупленыя каштоўнай крывёю Хрыста! Дарагая моладзь, «ты бясцэнная, ты не тавар на аўкцыёне! Прашу, не дазваляйце сябе купляць, не дазваляйце сябе звесці, не дазваляйце, каб вас узялі ў палон ідэалогіі, якая забівае нашыя галовы дзіўнымі ідэямі, аж урэшце рэшт мы становімся рабамі, паднявольнымі, тымі, каму не шанцуе ў жыцці. Вы не маеце цаны: вы заўсёды павінны паўтараць гэта: я не на аўкцыёне, у мяне няма цаны. Я свабодны, я вольны! Закахайся ў гэтую свабоду, якую дае вам Езус» [68].

123. Паглядзі на распрасцёртыя рукі ўкрыжаванага Хрыста, дазволь збаўляць сябе заўсёды нанова. А калі ідзеш вызнаваць свае грахі, моцна вер у Яго міласэрнасць, якая назаўсёды вызваляе цябе ад усялякай віны. Прыгледзься да Яго крыві, пралітай з прычыны такой вялікай любові, і дазволь быць ачышчаным ёю. Так ты зможаш заўсёды зноў адраджацца.

Ён жыве!

124. Ёсць і трэцяя праўда, неаддзельная ад папярэдняй: Ён жыве! Варта часта прыпамінаць сабе гэта, каб не прымаць Езуса Хрыста толькі як добры прыклад мінулага, як успамін, як кагосьці, хто збавіў нас дзве тысячы гадоў таму. Гэта нічога нам бы не дало, бо пакінула б нас такімі, як і раней, і не вызваліла б нас. Той, хто напаўняе нас сваёй ласкай, той, хто нас вызваляе, той, хто нас перамяняе, той, хто нас лечыць і ўмацоўвае, – гэта той, хто жыве. Гэта ўваскрослы Хрыстус, поўны звышнатуральнага жыцця, апрануты ў бясконцае святло. Таму св. Павел сказаў: «А калі Хрыстус не ўваскрос, то вера ваша марная» (1 Кар 15,17).

125. Калі Ён жывы, то сапраўды можа прысутнічаць у тваім жыцці, у кожную хвіліну, каб напоўніць яго святлом. Таму больш не будзе адзіноты і пакінутасці. Хоць бы ўсе адышлі, Ён застанецца, як абяцаў: «Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку» (Мц 28,20). Ён напаўняе ўсё сваёй нябачнай прысутнасцю, і куды б ты ні пайшоў, будзе чакаць цябе. Бо Ён не толькі прыйшоў, але прыходзіць і будзе надалей прыходзіць кожны дзень, каб запрасіць цябе пайсці да новых гарызонтаў.

126. Сузірай Езуса шчаслівага, напоўненага радасцю. Радуйся са сваім Сябрам, які перамог. Забілі святога, справядлівага, нявіннага, але Ён перамог. Зло не мае апошняга слова. Таксама ў тваім жыцці зло не будзе апошнім словам, таму што твой Сябра, які любіць цябе, хоча трыўмфаваць у табе. Твой Збаўца жыве.

127. Ён жыве – і гэта з’яўляецца гарантыяй таго, што дабро можа знаходзіць свой шлях у нашым жыцці і што нашы намаганні будуць карыснымі. Тады мы зможам перастаць наракаць і паглядзім у будучыню, таму што з Ім заўсёды можна глядзець у будучыню. Гэта нашая перакананасць. Езус вечна жывы. Трымаючыся разам з Ім, мы будзем жыць і пройдзем без шкоды праз усе формы гвалту і смерці, якія падсцерагаюць на шляху.

128. Любое іншае рашэнне будзе слабым і часовым. Магчыма, будзе карысным на нейкі час, але пасля мы зноў станем бездапаможнымі, пакінутымі, залежнымі ад дрэннага надвор’я. З Ім, аднак, сэрца знаходзіцца ў надзейнай бяспецы, якая трывае нягледзячы на ўсё. Святы Павел кажа, што хоча быць з’яднаным з Хрыстом, «каб пазнаць Яго і моц Ягонага ўваскрасення» (Флп 3,10). Гэта тая моц, якая выявіцца шмат разоў таксама ў вашым жыцці, бо Ён прыйшоў, каб даць табе жыццё, жыццё ў дастатку (пар. Ян 10,10).

129. Калі зможаш ацаніць сэрцам прыгажосць гэтай навіны і дазволіш, каб цябе сустрэў Пан; калі дазволіш любіць сябе і быць праз Яго збаўленым; калі пасябруеш з Ім і пачнеш размаўляць з жывым Хрыстом пра канкрэтныя справы свайго жыцця, то гэта будзе вялікі досвед, гэта будзе галоўны досвед, які будзе падтрымліваць тваё хрысціянскае жыццё. Гэта таксама той досвед, якім ты можаш падзяліцца з іншымі маладымі людзьмі. Бо «імкненне быць хрысціянінам не з’яўляецца вынікам этычнага выбару або нейкай вялікай ідэі, але вынікам спаткання з падзеяй, з Асобай, якая надае жыццю новую перспектыву і тым самым выразны накірунак» [69].

Дух дае жыццё

130. У гэтых трох праўдах: Бог любіць цябе, Хрыстус – твой Збаўца, Ён жыве, з’яўляецца Бог Айцец і Езус. Дзе ёсць Айцец і Езус, там ёсць таксама Дух Святы. Гэта Ён рыхтуе і адкрывае сэрцы на прыняцце гэтай навіны, гэта Ён падтрымлівае жыццё гэтага досведу збаўлення, гэта Ён дапаможа табе ўзрастаць у гэтай радасці, калі ты дазволіш яму дзейнічаць. Дух Святы напаўняе сэрца ўваскрослага Хрыста, а адтуль выліваецца ў тваё жыццё як крыніца. І калі ты прымаеш Яго, Дух Святы дапамагае табе штораз глыбей уваходзіць у сэрца Хрыста, каб ты заўсёды штораз больш напаўняўся Яго любоўю, Яго святлом і Яго моцаю.

131. Заклікай кожны дзень Духа Святога, каб Ён пастаянна аднаўляў у табе досвед вялікай навіны. Чаму не? Ты нічога не губляеш, а Ён можа змяніць тваё жыццё, можа асвятліць яго і задаць яму лепшы маршрут. Ён не калечыць цябе, нічога не адымае, наадварот, дапамагае табе знайсці тое, чаго ты патрабуеш, найлепшым чынам. Табе патрэбна любоў? Ты не знойдзеш яе ў распусце, выкарыстоўваючы іншых, валодаючы ці пануючы над іншымі. Ты знойдзеце яе на шляху, які сапраўды зробіць цябе шчаслівым. Шукаеш інтэнсіўнасці? Не адчуеш яе, назапашваючы прадметы, марнуючы грошы, адчайна ганяючыся за справамі гэтага свету. Яна прыйдзе ў больш прыгожым і больш задавальняючым выглядзе, калі дазволіш Духу Святому весці сябе.

132.     Шукаеш страсці? Як кажа той прыгожы верш: закахайся! (або дазволь кахаць сябе), таму што «нішто не можа быць важнейшым за сустрэчу з Богам. Гэта значыць, закахайся ў Ім абсалютна і канчаткова. Тое, што ты любіш, тое, чым жыве тваё ўяўленне, пакідае след ва ўсім тваім жыцці. Гэта тлумачыць тое, чаму ты рана ўстаеш з ложка, як праводзіш вечар і выходныя, што чытаеш, якіх маеш знаёмых, што разбівае тваё сэрца і што перапаўняе цябе радасцю і ўдзячнасцю. Закахайся! Трывай у любові! Усё будзе інакш» [70]. Гэтая любоў да Бога, якая ахоплівае страсцю ўсё жыццё, магчыма дзякуючы Духу Святому, « таму што любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам» (Рым 5,5).

133. Ён з’яўляецца крыніцай найлепшай маладосці. Бо, хто спадзяецца на Пана, «будзе як дрэва, пасаджанае над вадою, што пускае карэнне сваё над патокам. Калі настане спёка, яно не баіцца, і лісце яго застаецца зялёным» (Ер 17,8). У той час як «юнакі стамляюцца і знясільваюцца» (Іс 40,30), тыя, хто спадзяюцца на Пана, «адновяць сілы, расправяць крылы, як арлы, пабягуць і не стомяцца, пойдуць і не знясіляцца» (Іс 40,31).

РАЗДЗЕЛ V

ШЛЯХІ МАЛАДОСЦІ

134. Як перажываецца маладосць, калі мы дазваляем цудоўнай евангельскай навіне асвятляць і перамяняць сябе? Важна задаць сабе гэтае пытанне, бо маладосць – гэта не столькі прывілея, колькі Божы дар: «Маладосць – гэта ласка, гэта шчасце» [71]. Гэта дар, які мы можам або недарэчна змарнаваць, або прыняць з удзячнасцю і пражыць у паўнаце.

135. Бог з’яўляецца аўтарам маладосці і дзейнічае ў кожным маладым чалавеку. Маладосць – гэта благаслаўлёны час для маладога чалавека і благаслаўленне для Касцёла і свету. Гэта радасць, песня надзеі і шчасця. Шанаванне маладосці – гэта стаўленне да гэтага перыяду жыцця як да каштоўнага часу, а не як да пераходнай фазы, з якой маладых людзей адпраўляюць у дарослае жыццё.

Час мараў і выбару

136. У часы Езуса выйсце з дзяцінства было найбольш чаканай падзеяй, якая адзначалася і святкавалася. Таму, калі Езус вярнуў да жыцця дзяўчынку­дзіця (пар. Мк 5,39), Ён зрабіў штосьці большае, учыніў, што яна пасталела і стала дзяўчынкай­падлеткам – talitha (Mк 5,41). Калі сказаў ёй: «Дзяўчынка, устань!» (talita2 kum), то ў той жа час зрабіў яе больш адказнай за сваё жыццё, адкрываючы для яе дзверы маладосці.

137. «Маладосць як этап развіцця асобы адзначаецца марамі, якія набываюць форму, адносінамі, якія становяцца ўсё больш цеснымі і сталымі, спробамі і эксперыментамі, рашэннямі, якія паступова будуюць жыццёвыя праекты. У гэты перыяд жыцця маладыя людзі пакліканыя планаваць сваю будучыню, не адсякаючы каранёў, будаваць самастойнасць, але не паасобку» [72].

138. Любоў да Бога і нашыя адносіны з жывым Хрыстом не перашкаджаюць нам марыць, не патрабуюць ад нас абмежавання нашых гарызонтаў. Наадварот, гэтая любоў матывуе нас, натхняе, скіроўвае да лепшага і больш прыгожага жыцця. Слова «неспакой» абагульняе многія спадзяванні маладых сэрцаў. Як сказаў св. Павел VI, «менавіта ў незадаволенасці, што мучыць вас [...] ёсць элемент святла» [73]. Незадаволены неспакой разам са здзіўленнем ад навінаў, якія з’яўляюцца на гарызонце, адкрывае шлях да мужнасці, якая штурхае іх узяць сваё жыццё ў свае рукі і стаць адказнымі за місію. Гэты здаровы неспакой, які ўзнікае асабліва ў юнацтве, становіцца характэрнай рысай кожнага сэрца, якое застаецца маладым, даступным, адкрытым. Сапраўдны ўнутраны спакой суіснуе з гэтай глыбокай нездаволенасцю. Святы Аўгустын сказаў: «Ты стварыў мяне, Пане, для сябе, і неспакойнае маё сэрца, пакуль не спачне ў Табе» [74].

139. Нейкі час таму адзін прыяцель спытаў мяне, што я бачу, калі думаю пра моладзь. Мой адказ быў такі: «Я бачу хлопца ці дзяўчыну, якія шукаюць свой уласны шлях, якія амаль лётаюць над зямлёй, глядзяць на свет і пазіраюць на гарызонт вачыма, поўнымі надзеі, маюць планы на будучыню, а таксама ілюзіі. Малады чалавек ходзіць на дзвюх нагах як дарослы, але ў адрозненне ад дарослых, якія стаяць і трымаюць ногі роўна, ён заўсёды высоўвае адну нагу, будучы гатовым вырушыць, стартаваць. Заўсёды імкнецца наперад. Гаварыць пра маладых – значыць гаварыць пра абяцанні, а пасля пра радасць. У іх ёсць шмат сіл, яны здольныя глядзець з надзеяй. Малады чалавек жыве абяцаннем жыцця, мае ў сабе пэўную ступень вытрываласці: мае дастаткова неразважлівасці, каб падманваць сябе, і дастатковы патэнцыял, каб акрыяць пасля магчымых расчараванняў» [75].

140. Некаторыя маладыя людзі адмаўляюцца ад гэтага перыяду жыцця, магчыма таму, што хочуць заставацца дзецьмі або жадаюць «неабмежаванага працягу падлеткавага ўзросту і адкладвання прыняцця рашэнняў; страх перад тым, што з’яўляецца канчатковым, нараджае свайго роду параліч рашэнняў. Аднак маладосць не можа заставацца спыненым часам: гэта ўзрост выбару, і менавіта ў гэтым яе прыгажосць і найбольшае заданне. Маладыя людзі прымаюць рашэнні ў прафесійнай сферы, грамадскай, палітычнай, а таксама іншыя, больш радыкальныя рашэнні, якія будуць даваць іх жыццю канчатковую форму» [76]. Яны таксама прымаюць рашэнні, якія датычаць кахання, выбару партнёра або магчымасці мець першае дзіця. Разгледзім больш глыбока гэтыя пытанні ў наступных раздзелах, прысвечаных асабістаму пакліканню і яго распазнаванню.

141. Але супраць мараў, натхняльных рашэнняў заўсёды «існуе пагроза нараканняў, адмовы. Пакідаем гэта тым, хто ідзе за «багіняй нараканняў»! [...] Гэта падман, які прымушае цябе ісці няправільным шляхам. Калі здаецца, што ўсё застаецца ў бяздзейнасці і стагнацыі, калі нас непакояць асабістыя праблемы, сацыяльныя пытанні застаюцца без адпаведных адказаў, нельга здавацца. Дарогай з’яўляецца Езус: трэба, каб Ён увайшоў у наш «човен» і каб разам з Ім мы выплылі на глыбіню! Ён – Пан! Ён змяняе перспектыву жыцця. Вера ў Езуса вядзе да надзеі, што сягае далей, – гэта ўпэўненасць, якая грунтуецца не толькі на нашых якасцях і здольнасцях, але таксама на Божым слове, на запрашэнні, якое паходзіць ад Яго. Не рабіце празмерных чалавечых разлікаў і не забівайце сабе галаву праверкамі, ці рэчаіснасць, што акружае вас, адпавядае вашым патрабаванням, лепш выплывіце на глыбіню, выйдзіце па­за свае рамкі» [77].

142. Мы павінны заставацца на шляху мараў. Для гэтага мы павінны звяртаць увагу на спакусу, якая часта робіць з намі дрэнны жарт: неспакой. Ён можа стаць вялікім ворагам, калі змушае нас здавацца ў выпадку, калі вынікі наступаюць не адразу. Самыя прыгожыя мары здзяйсняюцца, калі мы маем надзею, цярплівасць і настойлівасць, адмаўляючыся ад спешнасці. У той жа час, мы не павінны замыкацца з прычыны няўпэўненасці, не павінны баяцца рызыкаваць і рабіць памылкі. Больш мы павінны баяцца жыццёвага параліча, быць жывымі трупамі, ператварэння ў істоты, якія не жывуць, таму што не хочуць рызыкаваць, таму што не ажыццяўляюць сваіх планаў або баяцца рабіць памылкі. Нават, калі памылішся, заўсёды можаш падняць галаву і пачаць спачатку, бо ніхто не мае права выкрасці тваю надзею.

143. Маладыя людзі, не адмаўляйцеся ад таго, што самае лепшае ў вашай маладосці, не глядзіце на жыццё з балкона. Не блытайце шчасця з канапай і не марнуйце свайго жыцця перад экранам. Не станавіцеся таксама сумным відовішчам кінутага аўтамабіля. Не будзьце прыпаркаванымі аўтамабілямі, але дазваляйце квітнець вашым марам, прымайце рашэнні. Рызыкуйце, нават калі памыляецеся. Не жывіце, каб толькі пражыць з душой пад наркозам, i не глядзіце на свет так, нібы вы турысты. Шуміце! Праганяйце страх, які вас паралізуе, каб не сталі вы маладымі муміямі. Жывіце! Рабіце тое, што самае лепшае ў жыцці! Адкрыйце клеткі і ляціце! Прашу вас, не выходзьце заўчасна на пенсію.

Жаданне жыць і эксперыментаваць

144. Гэтае імкненне ў будучыню, пра якую мы марым, не азначае, што маладыя людзі цалкам скіраваны наперад, таму што ў іх ёсць у той жа час моцнае жаданне жыць цяпер, каб як мага лепш выкарыстаць магчымасці, якія дае ім гэтае жыццё. Гэты свет поўны прыгажосці! Як жа мы можам пагарджаць дарамі Бога?

145. Насуперак таму, што думаюць многія, Пан не хоча аслабіць гэтую прагу жыцця. Варта памятаць, чаму вучыў адзін старазапаветны мудрэц: «Сыне, адпаведна свайму багаццю клапаціся пра сябе [...]. Не пазбаўляй сябе шчаслівага дня» (Сір 14,11.14). Праўдзівы Бог той, які цябе любіць і хоча, каб ты быў шчаслівы. Вось чаму ў Бібліі мы знаходзім таксама парады для маладых людзей: «Радуйся, юнак, у маладосці сваёй, і няхай радуецца сэрца тваё ва ўсе дні твайго юнацтва. [...] Адганяй смутак ад сэрца свайго» (Экл 11,9­10). Таму што гэта Бог «дае нам усё для карыстання» (1 Цім 6,17).

146. Як можа быць удзячны Богу той, хто не ў стане радавацца невялікім дарам кожны дзень, хто не можа затрымлівацца на простых і прыемных рэчах, з якімі сустракаецца на кожным кроку? Бо «няма больш горшага чалавека, чым той, які шкадуе для самога сабе» (Сір 14,6). Гэта не значыць, што трэба быць ненасытным чалавекам, апантаным бясконцымі задавальненнямі. Наадварот, гэта дапаможа табе жыць тут і цяпер. Маецца на ўвазе ўменне адкрыць вочы і затрымацца, каб у поўнай меры і з удзячнасцю жыць кожным маленькім падарункам жыцця.

147. Зразумела, што Божае слова запрашае цябе жыць актуальным момантам не толькі для таго, каб падрыхтаваць заўтрашні дзень: «Таму не турбуйцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе. Хопіць кожнаму дню свайго клопату» (Мц 6,34). Аднак гэта не азначае, што трэба кідацца ў безадказную распусту, якая спусташае нас і пакідае заўсёды незадаволенымі, але ў поўнай меры жыць у дадзеную хвіліну, выкарыстоўваючы энергію на добрыя рэчы, узрошчваючы братэрства, наследуючы Езуса і ўшаноўваючы кожную маленькую радасць жыцця як дар Божай любові.

148. У сувязі з гэтым, я хацеў бы згадаць, што кардынал Франсуа­Ксав’ер Нгуен Ван Туан, калі быў заключаны ў канцлагер, не хацеў, каб яго дні складаліся толькі з чакання і спадзявання на будучыню. Ён вырашыў «жыць дадзеным момантам, напаўняючы яго любоўю»; і рабіў гэта так: «скарыстаю з магчымасці, якая даецца мне кожны дзень, каб здзяйсняць звычайныя ўчынкі незвычайным чынам» [78]. Калі змагаешся за рэалізацыю сваіх мараў, жыві цалкам сённяшнім днём, прысвяці яго цалкам і напоўні любоўю кожную хвіліну. Бо гэта праўда, што гэты дзень тваёй маладосці можа быць апошнім, і таму варта пражыць яго з усім магчымым імпэтам і як мага глыбей.

149.     Гэта тычыцца таксама цяжкіх хвілінаў, якія трэба пражываць глыбока, каб адкрыць іх пасланне. Як навучаюць швейцарскія біскупы: «Ён там, дзе, як мы думалі, Ён пакінуў нас і дзе няма ўжо ніякага паратунку. Гэта парадокс, але цярпенне, цемра сталі для многіх хрысціянаў [...] месцам сустрэчы з Богам» [79]. Акрамя таго, жаданне жыць і мець новы досвед асабліва ўласціва маладым людзям, якія маюць фізічныя, псіхічныя і сэнсарныя парушэнні. І хоць яны не заўсёды могуць мець той самы досвед, як іх аднагодкі, аднак маюць дзіўныя, неймаверныя рэсурсы, якія часам пераўзыходзяць звычайныя. Пан Езус напаўняе іх іншымі дарамі, якія павінна ацаніць супольнасць, каб яны змаглі адкрыць Яго план любові адносна кожнага з іх.

У сяброўстве з Хрыстом

150. Гэта не важна, колькі ты пражывеш і які атрымаеш досвед, бо не дасягнеш глыбіні маладосці, не спазнаеш сапраўднай паўнаты быцця маладым, калі не будзеш кожны дзень сустракаць вялікага Сябра, калі не будзеш жыць у сяброўстве з Езусам.

151. Сяброўства – гэта дар жыцця і дар Бога. Праз сяброўства Пан ачышчае нас і робіць сталымі. У той жа час, верныя сябры, якія знаходзяцца побач з намі ў цяжкія хвіліны, з’яўляюцца адлюстраваннем любові Пана, Яго суцяшэння і Яго любячай прысутнасці. Наяўнасць сяброў вучыць нас быць адкрытымі, разумець, клапаціцца пра іншых, выходзіць з нашага камфорту і ізаляцыі, дзяліцца жыццём з іншымі. Вось чаму «вернаму сябру няма цаны» (Сір 6,15).

152. Сяброўства – гэта не мімалётныя і часовыя адносіны, але трывалыя, сур’ёзныя, верныя, якія ўмацоўваюцца з цягам часу. Гэта пачуццёвыя адносіны, якія дапамагаюць нам адчуць з’яднанне і адначасова з’яўляюцца шчодрай любоўю, якая прымушае нас клапаціцца пра дабро сябра. Хоць сябры могуць вельмі адрознівацца паміж сабою, але заўсёды ёсць нешта агульнае, што дазваляе ім адчуваць блізкасць, ёсць цесная сувязь, са шчырасцю і даверам.

153. Сяброўства настолькі важнае, што сам Езус называе сябе сябрам: «Я ўжо не называю вас слугамі, […] Я ж назваў сябрамі вас» (Ян15,15). Дзякуючы Яго ласцы, якую Ён дае нам, мы настолькі ўзвышаны, што сапраўды з’яўляемся Яго сябрамі. Мы можам любіць Яго той самай любоўю, якую Ён улівае ў нас, разліваючы сваю любоў на іншых, у надзеі, што яны таксама знойдуць сваё месца ў супольнасці сяброўства, заснаванай Езусам Хрыстом [80]. І хоць Ён ужо цалкам шчаслівы як уваскрослы, мы можам быць велікадушнымі да Яго, дапамагаючы Яму будаваць у гэтым свеце Яго валадарства, будучы Яго прыладамі, каб несці Яго навіну і святло іншым (пар. Ян 15,16). Вучні пачулі заклік Езуса да сяброўства з Ім. Гэта было запрашэнне, якое не прымушала іх, гэта была далікатная прапанова для іх свабоды: «Ідзіце і ўбачыце», – сказаў ім, і яны «пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго ў той дзень» (Ян 1,39). Пасля гэтай сустрэчы, блізкай і нечаканай, яны пакінулі ўсё і пайшлі з Ім.

154. Сяброўства з Езусам непарыўнае. Ён ніколі не пакіне нас, хоць часам здаецца, што Ён маўчыць. Калі мы патрабуем Яго, Ён дазваляе нам знайсці сябе (пар. Ер 29,14) і ёсць з намі, куды б мы не пайшлі (пар. Нав 1,9). Бо Ён ніколі не парушае запавет. Просіць, каб мы не пакідалі Яго: «Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас» (Ян 15,4). Калі ж мы адракаемся, «Ён застаецца верным, бо самога сябе адрачыся не можа» (2 Цім 2,13).

155. З сябрам мы размаўляем, дзелімся самымі патаемнымі справамі. З Езусам мы таксама размаўляем. Малітва – гэта выклік і прыгода. І яшчэ якая прыгода! Яна дазваляе нам штораз лепш пазнаваць Яго, дазваляе ўвайсці ў Яго глыбіню і ўзрастаць у штораз мацнейшай еднасці. Малітва дазваляе нам сказаць Яму ўсё, што з намі адбываецца, і трываць з даверам у Яго руках, яна таксама адорвае нас каштоўнымі момантамі блізкасці і любові, праз якія Езус улівае ў нас жыццё. Калі молімся, «пачынаем гульню» для Яго, даем Яму месца, «каб Ён мог дзейнічаць, каб мог увайсці і мог перамагчы» [81].

156. Так мы можам адчуць пастаянную еднасць з Ім, якая пераўзыходзіць усе тое, што мы можам перажываць з іншымі людзьмі: «ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус» (Гал 2,20). Не пазбаўляй сваю маладосць гэтага сяброўства. Ты можаш адчуць Яго прысутнасць побач з сабою, калі молішся. Тады пазнаеш, што Ён кожную хвіліну ідзе з табою. Пастарайся адкрыць гэта, і ты здабудзеш прыгожы досвед пазнання, што Ён заўсёды суправаджае цябе. Гэта спазналі па дарозе ў Эмаус вучні, калі ішлі разгубленыя і размаўлялі паміж сабою, а Езус далучыўся да іх «ды ішоў разам з імі» (Лк 24,15). Адзін святы сказаў, што «хрысціянства – гэта не набор праўдаў, у якія трэба паверыць; збор законаў, якія трэба выканаць, і не збор забаронаў. Гэта было б агідным. Хрысціянства – гэта Асоба, якая мяне так палюбіла, што чакае ў адказ маёй любові. Хрысціянства – гэта Хрыстус» [82].

157. Езус можа з’яднаць усю моладзь Касцёла адной агульнай марай: «цудоўнай марай, марай, якая здольная захапіць усіх. Мара, дзеля якой Езус аддаў сваё жыццё на крыжы, а Дух Святы сышоў і пазначыў яе агнём у дзень Пяцідзясятніцы ў сэрцы кожнага мужчыны і кожнай жанчыны, у сэрцы кожнага [...] у чаканні, што знойдзе месца, каб расці і развівацца. Гэтая мара, мара, якая называецца Езус, пасеяна Айцом: Бог, так як Ён, як Айцец, пасланы Айцом з надзеяй, што яна будзе расці і жыць у кожным сэрцы. Гэта канкрэтная мара, якая з’яўляецца Асобай, якая цячэ ў нашых венах, узрушвае сэрца, і яно пачынае танцаваць» [83].

Узрастанне і сталенне

158. Многія маладыя людзі клапоцяцца пра сваё ўласнае цела, спрабуючы развіць яго фізічную сілу ці знешні выгляд. Іншыя ўдасканальваюць свае навыкі і веды, і гэта дае ім пачуццё бяспекі. Некаторыя імкнуцца вышэй, стараюцца больш зрабіць і клапоцяцца пра духоўнае развіццё. Святы Ян сказаў: «Я напісаў вам, юнакі, бо вы моцныя, і слова Божае жыве ў вас» (1 Ян 2,14). Пошук Пана, выкананне Яго слова, імкненне адказаць на яго сваім жыццём, узрастанне ў цнотах робіць сэрцы маладых людзей моцнымі. Для гэтага трэба падтрымліваць сувязь з Езусам, дастасавацца да Яго, бо ты не зможаш расці ў шчасці і святасці толькі з дапамогай сваіх сілаў і розуму. Як перажываеш, каб не знікла падключэнне да Інтэрнэту, так пераканайся, ці актыўная твая сувязь з Панам, а гэта азначае не разрываць дыялог, слухаць, расказваць Яму пра свае справы, а калі ў цябе няма канкрэтных думак, што зрабіць, спытайся: «Што ўчыніў бы Езус на маім месцы» [84].

159. Я спадзяюся, што ты зможаш настолькі ацаніць сябе, так сур’ёзна да сябе паставіцца, што будзеш клапаціцца пра свой духоўны рост. Акрамя тыповага юнацкага запалу, ёсць таксама прыгожае імкненне да «справядлівасці, веры, любові, міру» (2 Цім 2,22). Гэта не азначае страты спантаннасці, свежасці, энтузіязму, пяшчоты. Быць дарослым не азначае адмовы ад лепшых каштоўнасцяў гэтага этапу жыцця. У адваротным выпадку, Пан можа аднойчы дакарыць цябе: «Я памятаю пра вернасць тваёй маладосці, пра тваю любоў, калі ты была нявестаю, калі хадзіла за Мною ў пустыні, па незасеянай зямлі» (Ер 2,2).

160. З іншага боку, нават дарослы чалавек павінен сталець, не губляючы каштоўнасцяў маладосці. Таму што кожны этап жыцця з’яўляецца няспыннай ласкай, мае сваё значэнне, якое не павінна знікнуць. Добра пражытая маладосць становіцца духоўным досведам, а ў дарослым жыцці засвойваецца, паглыбляецца і працягвае прыносіць плады [85]. Наколькі для маладога чалавека ўласціва захапленне бясконцасцю, якая адкрываецца і пачынаецца, то пагрозаю для дарослага жыцця, з яго ўпэўненасцю і выгодамі, становіцца штораз большае ігнараванне той перспектывы і страта той каштоўнасці, якая ўласціва для перыяду маладосці. А павінна быць штосьці іншае: сталенне, развіццё і арганізацыя свайго жыцця з захаваннем таго захаплення, той шырокай адкрытасці, той зачараванасці рэчаіснасцю, якая заўсёды з’яўляецца чымсьці большым. У кожны момант жыцця мы можам аднавіць і развіць маладосць. Калі я пачынаў сваё служэнне ў якасці Папы, Пан пашырыў мае гарызонты і зноў даў мне маладосць. Тое самае можа здарыцца са шматгадовым сужэнствам ці манахам, які жыве ў сваім кляштары. Ёсць рэчы, якія трэба з цягам гадоў «асадзіць», але гэтае сталенне можа суіснаваць з агнём, які аднаўляецца, з сэрцам, заўсёды маладым.

161. Развіццё – гэта захаванне і клопат пра ўсё самае каштоўнае, чым адорвае цябе маладосць, але ў той жа час гэта адкрытасць і ачышчэнне ад таго, што не з’яўляецца добрым, і прыняцце новых дароў ад Бога, які заклікае цябе развіваць тое, што мае вартасць. Часам комплекс непаўнавартасці можа прывесці да нежадання бачыць свае недахопы і слабасці, і праз гэта ты можаш закрыцца на развіццё і сталенне. Лепш дазволь Богу любіць цябе, бо Ён любіць цябе такім, які ты ёсць, Ён цэніць цябе і паважае, але заўсёды прапануе табе яшчэ большае: большае сяброўства з Ім, большую палкасць у малітве, большае жаданне Яго слова, большае жаданне прымаць Хрыста ў Эўхарыстыі, большую прагу жыць Яго Евангеллем, большую духоўную сілу, большы спакой і большую духоўную радасць.

162. Аднак, я хацеў бы нагадаць табе, што ты не рэалізуешся і не станеш святым, калі будзеш капіраваць іншых. Нават пераймаць святых не азначае капіраваць іх спосаб жыцця і перажывання святасці: «Ёсць сведчанні, якія здольныя заахвоціць нас і матываваць, але не таму, што мы спрабуем капіраваць іх, бо гэта можа нават аддаліць нас ад унікальнага і адмысловага шляху, які хоча прапанаваць нам Пан» [86]. Ты павінен зразумець, хто ты, і ісці сваім уласным шляхам да святасці, незалежна ад таго, што гавораць і думаюць іншыя. Станавіцца святым – гэта станавіцца больш сабою, гэта быць тым, каго Бог прыдумаў і стварыў, а не быць ксеракопіяй. Тваё жыццё павінна стаць прароцкім стымулам, які даваў бы натхненне іншым і пакідаў след у гэтым свеце, той выключны знак, які можаш пакінуць толькі ты. А калі будзеш капіраваць, то пазбавіш гэтую зямлю, і нават неба, таго, што ніхто акрамя цябе не можа прапанаваць. Успамінаю, што св. Ян ад Крыжа ў сваёй «Духоўнай песні» пісаў, што кожны павінен скарыстаць з яго духоўных парад «паводле жадання і стану сваёй душы» [87], таму што сам Бог хацеў даць сваю ласку «адным так, другім па­іншаму» [88].

Шляхі братэрства

163. Твой духоўны рост выяўляецца перш за ўсё ў братэрскай любові, велікадушнай, міласэрнай. Святы Павел выказаў гэта ў наступных словах: «А Пан няхай (…) перапоўніць [вас] любоўю адзін да аднаго і да ўсіх» (1 Тэс 3,12). Жыві штораз больш у гэтым «экстазе», каб выйсці з уласных межаў і шукаць дабра для іншых, аж да аддання жыцця.

164. Калі сустрэча з Богам называецца «экстазам», то гэта таму, што выводзіць нас з нашых межаў і ўзвышае нас, захапляе любоўю і прыгажосцю Бога. Але мы можам быць вырваныя з уласнага свету, каб распазнаць прыгажосць, утоеную ў кожным чалавеку, яго годнасць, яго веліч, як вобраза Бога і Божага дзіцяці. Дух Святы хоча заахвоціць нас выйсці з нашага свету, абняць іншых з любоўю і клапаціцца пра дабро для іх. Таму веру заўсёды лепш перажываць разам і выказваць сваю любоў у жыцці супольнасці, дзелячыся з іншымі маладымі людзьмі сваімі пачуццямі, часам, верай і сваімі клопатамі. Касцёл прапануе шмат розных сфер, бо разам усё рабіць лягчэй.

165. Атрыманыя раны могуць прывесці цябе да спакусы ізаляцыі, замкнутасці, назапашвання крыўды, але ніколі не адмаўляйся слухаць Божы заклік да прабачэння. Вельмі слушна вучылі біскупы Руанды: «Прымірэнне з іншым патрабуе перш за ўсё адкрыць у іншым прыгажосць Божага вобраза. [...] У гэтым кантэксце важна адрозніваць грэшніка ад яго граху і яго злачынства, каб дасягнуць сапраўднага прымірэння. Гэта азначае, што ты ненавідзіш зло, якое робіць табе іншы, але ты па­ранейшаму любіш яго, бо прызнаеш яго слабасць і бачыш у ім Божы вобраз» [89].

166. Часам уся энергія, мары і энтузіязм маладосці знікаюць з­за спакусы замкнуцца ў сваіх праблемах, зраненых пачуццях, скаргах і камфорце. Не дазволь, каб гэта здарылася з табой, таму што станеш духоўна старым раней часу. Кожны ўзрост мае сваю прыгажосць, а маладосці не можа быць без супольнай утопіі, здольнасці марыць разам, вялікіх перспектыў, на якія мы глядзім разам.

167. Бог любіць радасць маладых людзей і заахвочвае іх у першую чаргу да той радасці жыцця, якую мы перажываем у супольнасці братэрства, да той найдасканалейшай раскошы асобаў, якія здольныя дзяліцца з іншымі, таму што «больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць» (Дз 20,35) і «радаснага даўцу любіць Бог» (2 Кар 9,7). Братэрская любоў памнажае нашую здольнасць радавацца, бо гэта дазваляе нам цешыцца дабру іншых: «Радуйцеся з тымі, хто радуецца» (Рым 12,15). Няхай гэтая спантаннасць і парыў тваёй маладосці перамяняецца ўсё больш у спантаннасць братэрскай любові, у свежасць, якая дазваляе нам заўсёды адказваць прабачэннем, велікадушна, жадаючы будаваць супольнасць. Афрыканская прыказка кажа: «Калі хочаш ісці хутка, ідзі сам. Калі хочаш ісці далёка, ідзі з іншымі». Не дазволім, каб у нас выкралі братэрства.

Удзел маладых людзей

168. Так ёсць, што часам у свеце, поўным насілля і эгаізму, маладым людзям можа пагражаць замкнутасць у невялікіх групах, дзе яны ізалююцца ад жыццёвых праблем грамадства, велізарнага свету, якія ставяць выклікі і шматлікія патрабаванні. Яны адчуваюць, што жывуць братняй любоў, але, магчыма, іх група стала проста працягам іх уласнага «я». Гэта яшчэ больш паглыбляецца, калі пакліканне свецкіх разумеецца толькі як паслуга ў межах Касцёла (лектары, акаліты, катэхеты...), і забываецца пры гэтым, што пакліканнем свецкіх з’яўляецца перш за ўсё любоў у грамадстве і любоў у палітыцы: гэта канкрэтны ўдзел, які вынікае з веры на карысць пабудовы новага грамадства, каб жыць сярод свету і грамадства, каб евангелізаваць яго розныя структуры, каб пашыраліся спакой, суіснаванне, справядлівасць, правы чалавека, міласэрнасць, а праз гэта каб пашыралася Божае Валадарства ў свеце.

169. Я прапаную маладым людзям выйсці па­за групы сяброў, каб будаваць «грамадскае сяброўства і імкнуцца да агульнага дабра. Сацыяльная варожасць разбурае. Варожасць знішчае сям’ю. Краіна руйнуецца праз варожасць. Свет знішчаецца варожасцю. А самая вялікая варожасць – вайна. Сёння мы бачым, што свет руйнуецца вайной. Таму што не ў стане сесці і паразмаўляць. [...] Умейце ствараць грамадскае сяброўства» [90]. Гэта нялёгка, заўсёды трэба ад чагосьці адмовіцца, весці перамовы, але, калі мы робім гэта з думкаю пра дабро ўсіх, то можам атрымаць выдатны досвед пераадолення рознагалоссяў, каб разам змагацца для агульнай мэты. Калі мы зможам знайсці агульны падыход сярод шматлікіх адрозненняў, то ў гэтай цяжкой, а часам стамляючай працы ў навядзенні мастоў, будавання міру, які быў бы карысным для ўсіх, заключаны цуд культуры сустрэчы. А маладыя людзі могуць мець мужнасць, каб рабіць гэта з запалам.

170. Сінод прызнаў, што «адмысловай рысай сённяшняй моладзі з’яўляецца грамадскі ўдзел, хоць ён і набывае іншыя формы ў параўнанні з мінулымі пакаленнямі. Побач з рэлігійна абыякавымі асобамі, ёсць шмат іншых, гатовых удзельнічаць у валанцёрстве, мець актыўную грамадзянскую пазіцыю і праяўляць сацыяльную салідарнасць. Трэба іх суправаджаць і падтрымліваць, каб выявіліся таленты, навыкі і творчы патэнцыял моладзі, а таксама заахвочваць іх да адказнасці. Грамадскі ўдзел і непасрэдны кантакт з беднымі застаюцца ключавой магчымасцю адкрыць або паглыбіць сваю веру і распазнаць сваё пакліканне. [...] Акрамя таго, была адзначана гатоўнасць да палітычнага ўдзелу дзеля будавання агульнага дабра» [91].

171. Сёння, дзякуй Богу, моладзевыя групы парафій, школ, рухаў ці студэнцкіх груп звычана займаюцца апекаю пажылых і хворых людзей або наведваюць трушчобы, ці ідуць разам, каб дапамагчы ўбогім падчас гэтак званых «начэй міласэрнасці». Часта заўважаюць, што праз гэтыя мерапрыемствы яны больш атрымліваюць, чым даюць, бо многаму вучацца і сталеюць, калі маюць мужнасць увайсці ў кантакт з цярпеннем іншых. Акрамя таго, у бедных схавана мудрасць, і яны, у простых словах, могуць нам дапамагчы адкрыць каштоўнасці, якія мы не бачым.

172. Іншыя маладыя людзі ўдзельнічаюць у сацыяльных праектах з мэтаю пабудовы дамоў для бяздомных, ачысткі забруджаных раёнаў або для збору дапамогі для найбольш патрабуючых. Было б добра, каб гэтая грамадская энергія выкарыстоўвалася не толькі спарадычна, але пастаянна, з выразнымі мэтамі і добрай арганізацыяй, якая б дапамагла весці дзейнасць паслядоўна і эфектыўна. Студэнты могуць аб’яднацца ў міждысцыплінарныя групы, каб выкарыстаць свае веды для вырашэння сацыяльных праблем, і ў выкананні гэтага задання яны могуць цесна супрацоўнічаць з моладдзю іншых Касцёлаў ці рэлігій.

173. Як гэта было падчас цуду Езуса, хлеб і рыба маладых людзей могуць размножыцца (пар. Ян 6,4­13). Як у прыпавесці, малое зерне маладых людзей становіцца дрэвам і плёнам (пар. Мц 13,23.31­32). Усё гэта паходзіць з жывой крыніцы Эўхарыстыі, у якой пераўтвараецца наш хлеб і наша віно, каб даць нам вечнае жыццё. Маладым людзям даручана вялізнае і цяжкое заданне. З верай ва Уваскрослага, яны справяцца з ім творча і з надзеяй, заўсёды прымаючы паставу служэння, як слугі падчас вяселля ў Кане, здзіўленыя супрацоўнікі першага знаку Езуса, якія паслухалі загад Яго Маці: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце» (Ян 2,5). Міласэрнасць, крэатыўнасць і надзея дапамагаюць расці жыццю.

174. Я хачу заахвоціць вас узяць на сябе гэты абавязак, бо ведаю, што «тваё сэрца, маладое сэрца, хоча пабудаваць лепшы свет. Я сачу за навінамі ў свеце і бачу, што многія маладыя людзі ў многіх частках свету выйшлі на вуліцы, каб выказаць жаданне больш справядлівай і братняй цывілізацыі. Маладыя людзі на вуліцах. Гэтыя маладыя людзі хочуць быць творцамі перамен! Прашу вас, не дазваляйце іншым быць творцамі перамен! Вы – тыя, хто мае будучыню! Праз вас будучыня прыходзіць у свет. Прашу вас, будзьце творцамі гэтых перамен. Працягвайце перамагаць апатыю, прапаноўваючы хрысціянскі адказ на сацыяльныя і палітычныя праблемы, якія з’яўляюцца ў розных частках свету. Прашу вас быць будаўнікамі свету, каб вы працавалі дзеля лепшага свету. Дарагая моладзь, прашу, не глядзіце на жыццё «з балкона», удзельнічайце ў ім, – Езус не стаяў на балконе, акунуўся ў жыццё, – не глядзіце на жыццё «з балкона», акуніцеся ў яго, як гэта зрабіў Езус» [92]. Але перш за ўсё, у той ці іншай меры, змагайцеся за агульнае дабро, будзьце слугамі бедных, будзьце актыўнымі ўдзельнікамі рэвалюцыі любові і служэння, здольнымі супрацьстаяць паталогіі спажывецкага і павярхоўнага індывідуалізму.

Мужныя місіянеры

175. Закаханыя ў Хрысце маладыя людзі пакліканы сведчыць сваім жыццём пра Евангелле ўсюды. Святы Альберт Хуртада сказаў: «Быць апосталам – гэта не адзнака, якую мы носім у пятліцы курткі; не словы аб праўдзе, але жыццё паводле праўды, гэта клопат пра яе, гэта перамяненне ў Хрысце. Быць апосталам не азначае насіць паходню ў руцэ, мець святло, але быць святлом [...]. Евангелле [...] не столькі настаўленне, колькі прыклад. Гэта заклік, увасоблены ў канкрэтнае жыццё» [93].

176. Хоць сведчанне важнае, аднак слова не павінна змоўкнуць. Чаму б не гаварыць пра Езуса, чаму б не расказваць іншым, што Ён дае нам сілу жыць, што нам прыемна размаўляць з Ім, што добра разважаць пра Яго слова? Маладыя людзі, не дазваляйце свету ўцягнуць вас у тое, каб дзяліцца толькі дрэннымі або павярхоўнымі рэчамі. Умейце ісці супраць плыні і дзяліцца Езусам, перадаваць веру, якую Ён вам дае. Жадаю вам адчуць у сваім сэрцы той самы непераадольны імпульс, які абуджаў св. Паўла, калі ён казаў: «Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9,16).

177. «Куды нас паслае Езус? Няма ніякіх межаў, ніякіх абмежаванняў: Ён пасылае нас да ўсіх. Евангелле для ўсіх, а не для выбраных. Яно не толькі для тых, якія здаюцца нам бліжэйшымі, больш адкрытымі, больш ветлівымі. Яно для ўсіх. Не бойцеся ісці і несці Хрыста ў кожнае асяроддзе, аж на перыферыі жыцця, нават для тых, хто здаецца найбольш аддаленым, найбольш абыякавым. Пан шукае ўсіх, хоча, каб усе адчулі цяпло Яго міласэрнасці і Яго любові» [94]. Ён запрашае нас ісці без страху з місійным прапаведваннем туды, дзе мы знаходзімся і з кім жывём: да суседзяў, на вучобе, займаючыся спортам, прагульваючыся з сябрамі, у межах валанцёрства або ў працоўным асяроддзі, бо заўсёды добра і пажадана дзяліцца з іншымі радасцю Евангелля. Так Пан становіцца блізкім для кожнага. Ён хоча, каб вы, маладыя людзі, былі Яго інструментам, каб праменілі святлом і надзеяй, бо разлічвае на вашую мужнасць, свежасць, на ваш энтузіязм.

178. Ніхто не можа чакаць, што місія будзе простай і зручнай. Некаторыя маладыя людзі аддалі сваё жыццё, каб толькі не спыніць свой місійны запал. Біскупы Карэі выказаліся так: «Мы спадзяемся, што зможам стаць пшанічным зернем і прыладаю для збаўлення чалавецтва, ідучы за прыкладам мучанікаў. Хоць нашая вера – як гарчычнае зерне, Бог будзе расціць яе і выкарыстае яе ў якасці інструмента ў сваёй справе збаўлення» [95]. Сябры, не чакайце да заўтра, каб супрацоўнічаць у перамяненні свету сваёй энергіяй, мужнасцю і крэатыўнасцю. Вашае жыццё не знаходзіцца «між часам». Вы цяпер Бога, які хоча, каб вы прыносілі плён [96]. Бо «даючы, мы атрымліваем» [97], а лепшым спосабам падрыхтоўкі добрай будучыні з’яўляецца добрае перажыванне сучаснасці з самаадданасцю і велікадушнасцю.

РАЗДЗЕЛ VI

МАЛАДЫЯ ЛЮДЗІ З КАРАНЯМІ

179. Часам я бачыў маладыя, прыгожыя дрэвы, якія ўздымалі свае галіны да неба, імкнучыся заўсёды вышэй, і яны здаваліся мне песняй надзеі. Пазней, пасля буры, я бачыў, як яны ляжалі, не маючы ў сабе жыцця. Гэта таму, што ў іх не было моцных каранёў, яны раскідвалі свае галіны, не пускаючы ў зямлю глыбокіх каранёў, таму не вытрымалі націску прыроды. Таму мне вельмі балюча бачыць, што некаторыя прапануюць маладым людзям будаваць будучыню без каранёў, нібы свет пачаў існаваць цяпер. Бо «чалавек не можа развівацца без трывалых каранёў, якія дапамагаюць моцна стаяць на нагах і трымацца зямлі. Лёгка „лётаць“, калі няма нічога, за што можна было б ухапіцца, дзе­небудзь затрымацца» [98].

Не адрывайцеся ад зямлі

180. Думаю, што кароткі раздзел трэба прысвяціць важнаму пытанню, адказ на якое дапаможа нам адрозніць радасць маладосці ад яе фальшывага культу, праз які некаторыя спакушаюць маладых людзей, каб выкарыстоўваць іх у сваіх мэтах.

181. Падумайце вось пра што: калі нейкая асоба звяртаецца да вас і кажа, каб вы ігнаравалі гісторыю, каб не цанілі вопыт старэйшых, пагарджалі ўсім мінулым і глядзелі толькі ў будучыню, якую яна вам прапануе. Ці ж гэта не прасцейшы спосаб, каб здабыць вас для сябе, каб вы рабілі тое, што яна вам кажа? Гэтай асобе неабходна, каб вы былі пустымі, без каранёў, каб давяралі толькі яе абяцанням і падпарадкоўваліся яе планам. Так дзейнічаюць ідэалогіі розных колераў, якія знішчаюць (або дэканструююць) усё, што іншае, і, такім чынам, могуць дамінаваць без перашкодаў. Для гэтага ім патрэбны маладыя людзі, якія пагарджаюць гісторыяй, адкідаюць духоўнае і чалавечае багацце, якое перадавалася пакаленнямі, якія ігнаруюць усё, што было да іх.

182. У той жа час, маніпулятары выкарыстоўваюць яшчэ адзін аргумент: культ маладосці, быццам бы ўсё, што немаладое, – непрыемнае і састарэлае. Сімвалам гэтага новага культу становіцца маладое цела, а ўсё, што звязана з гэтым целам, абагаўляецца і робіцца мэтаю нястрыманых жаданняў, а тое, што не з’яўляецца маладым, успрымаецца з пагардай. Але гэтая зброя ў першую чаргу прыніжае маладых людзей, пазбаўляючы іх сапраўдных каштоўнасцяў, выкарыстоўваючы іх для асабістай, эканамічнай ці палітычнай выгады.

183. Дарагія маладыя людзі, не дазваляйце выкарыстоўваць вашую маладосць для прапаганды павярхоўнага жыцця, якая блытае прыгажосць са знешнасцю. Умейце ўбачыць прыгажосць у працоўным чалавеку, які вяртаецца дадому брудны і неахайны, але радасны, бо зарабіў хлеб для сваіх дзяцей. Існуе незвычайная прыгажосць у адзінстве сям’і, сабранай вакол стала і хлеба, што шчодра раздзяляецца, нават, калі гэты стол вельмі бедны. Існуе прыгажосць у растрапанай і ўжо немаладой жонцы, якая працягвае клапаціцца пра свайго хворага мужа па­над свае сілы і здароўе. Існуе прыгажосць у вернасці сужэнцаў, якія, хоць даўно ўжо мінуў мядовы месяц, любяць адзін аднаго ў восень жыцця, у тых старых, якія ідуць, узяўшыся за рукі. Незалежна ад розных знешніх аспектаў ці актуальнай моды, існуе прыгажосць у кожным мужчыне і кожнай жанчыне, якія з любоўю жывуць сваім уласным пакліканнем, у бескарыслівым служэнні супольнасці, сваёй радзіме, велікадушна працуючы для сямейнага шчасця, цяжка, ананімна і бескарысліва працуючы дзеля аднаўлення сацыяльнага сяброўства. Адкрываць, паказваць і падкрэсліваць гэтую прыгажосць, якая нагадвае Хрыста на крыжы, значыць ствараць асновы сапраўднай сацыяльнай салідарнасці і культуры сустрэчы.

184. Нароўні са стратэгіямі фальшывага культу маладосці і знешняга выгляду, сёння прапагандуецца духоўнасць без Бога, пачуццёвасць без супольнасці і без прыхільнасці да тых, хто церпіць, страх перад убогімі, якія разглядаюцца як небяспечныя асобы, а таксама цэлы шэраг прапаноў, якія прымушаюць вас паверыць у райскую будучыню, якая заўсёды будзе адкладацца надалей. Я не хачу прапаноўваць вам гэта і з усёй любоўю прагну папярэдзіць вас, каб вы не паддаваліся гэтай ідэалогіі, якая не зробіць вас больш маладымі, але ператворыць вас у нявольнікаў. Я прапаную вам іншы шлях, што грунтуецца на свабодзе, энтузіязме, крэатыўнасці, новых гарызонтах, але ў той жа час культывуе тыя карані, якія сілкуюць і падтрымліваюць.

185. З гэтага пункту гледжання, я хачу падкрэсліць, што «многія Айцы Сіноду з па­за заходняй культуры падкрэсліваюць, што ў іх краінах глабалізацыя звязана з сапраўднымі формамі культурнай каланізацыі, якія вырываюць маладых людзей з культурнага і рэлігійнага асяроддзя, з якога яны паходзяць. Неабходна, каб Касцёл суправаджаў іх на гэтым этапе зменаў, каб яны не страцілі найбольш каштоўныя рысы сваёй тоеснасці» [99].

186. Сёння мы назіраем тэндэнцыю да «гомагенізацыі» моладзі, да сцірання адрозненняў, уласцівых месцу іх паходжання, да ператварэння іх у асобы масавай вытворчасці, якімі можна маніпуляваць. Гэта выклікае культурнае разбурэнне, таксама небяспечнае, як выміранне відаў жывёл і раслін [100]. Таму ў пасланні падчас сустрэчы моладзі карэнных народаў, сабранай у Панаме, я заклікаў яе «вярнуцца да каранёў, таму што з каранёў паходзіць сіла, якая дазваляе ім расці, квітнець і прыносіць плён» [101].

Твае адносіны са старэйшымі асобамі

187. На Сінодзе было заяўлена, што «маладыя людзі скіраваны ў будучыню, падыходзяць да жыцця з энергіяй і дынамізмам. Але [...] часам маюць схільнасць надаваць малую вагу памяці пра мінулае, з якога паходзяць, у прыватнасці, пра шматлікія дары, перададзеныя ім бацькамі, бабулямі і дзядулямі, і пра культурную спадчыну грамадства, у якім яны жывуць. Дапамога маладым людзям у адкрыцці жывой спадчыны мінулага, увекавечанне яе і выкарыстанне для свайго выбару і магчымасцяў, з’яўляецца сапраўдным чынам любові да іх дзеля іх развіцця і выбару, да якога яны пакліканы» [102].

188. Слова Божае рэкамендуе не губляць кантакт з пажылымі людзьмі, каб пераняць іх досвед: «Стань сярод сходу старэйшых, і [калі] хтосьці будзе мудрым, далучыся да яго! [...] Калі ўбачыш разумнага чалавека, ужо зранку ідзі да яго, а ногі твае няхай абіваюць парогі яго дзвярэй!» (пар. Сір 6,34.36). Бо доўгія гады, якія яны пражылі, і ўсё, што здарылася з імі ў жыцці, павінна заахвоціць нас глядзець на іх з павагай: «Перад абліччам сівога ўставай» (Лев 19,32), таму што «гонар маладосці – сіла, прыгажосць старцаў – сівыя валасы» (Прып 20,29).

189. Біблія заклікае нас: «Слухай бацьку свайго, які нарадзіў цябе, і не пагарджай сваёй маці, калі яна будзе старой» (Прып 23,22). Запаведзь шанавання бацькі і маці – «гэта першая запаведзь з абяцаннем» (Эф 6,2; пар. Зых 20,12; Дрг 5,16; Лев 19,3), і абяцанне гучыць так: «каб добра было табе і каб доўга ты жыў на зямлі» (Эф 6,3).

190. Гэта не азначае, што ты павінен пагадзіцца з усім, што яны кажуць, ці прыняць усе іх дзеянні. Малады чалавек заўсёды павінен мець крытычны дух. Святы Базыль Вялікі, спасылаючыся на старажытных грэцкіх аўтараў, раіў маладым людзям паважаць іх, але прымаць толькі добрае, якому яны могуць навучыць [103]. Проста трэба быць адкрытым і прыняць мудрасць, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне і якая можа суіснаваць з пэўнымі чалавечымі пакутамі і не павінна знікнуць перад абліччам навізны спажывецтва і рынку.

191. Свет ніколі не меў карысці і не будзе мець, калі разарве сувязь паміж пакаленнямі. Гэта лебядзіная песня будучыні без каранёў, без падмурку. Гэта хлусня, якая хоча, каб ты паверыў, што толькі тое, што новае, з’яўляецца добрым і прыгожым. Існаванне сувязяў паміж пакаленнямі азначае, што супольнасць можа мець калектыўную памяць, бо кожнае пакаленне пераймае досвед сваіх папярэднікаў, пакідаючы тым самым спадчыну сваім нашчадкам. Гэта асноўныя пункты для грунтоўнага з’яднання новага грамадства. Як гаворыцца: «Калі б малады ведаў, а стары мог, не было б нічога, чаго немагчыма было б зрабіць».

Мары і візіі

192. У прарока Ёэля ёсць прадказанне, якое дазваляе нам зразумець гэта вельмі прыгожым чынам. У ім сказана: «Пралью Духа Майго на кожнае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; старцам вашым будуць сніцца сны, і юнакі вашыя будуць бачыць візіі» (пар. Ёэл 3,1; Дз 2,17). Калі маладыя і пажылыя людзі адкрыюцца на Духа Святога, то разам створаць цудоўнае спалучэнне. Пажылыя людзі маюць мары, а маладыя – візіі. Якім чынам гэтыя дзве рэчы дапаўняюцца?

193. Пажылыя людзі маюць мары, вытканыя з успамінаў, вобразаў шматлікіх перажытых рэчаў, пазначаных досведам і гадамі. Калі маладыя людзі закараняюцца ў марах пажылых людзей, то яны здольныя ўбачыць будучыню, яны могуць мець візіі, якія адкрываюць ім гарызонты і паказаць ім новыя шляхі. Але, калі старэйшыя не мараць, то маладыя людзі не могуць ясна бачыць гарызонт.

194. Прыемна адшукаць сярод таго, што захавалі нашыя бацькі, некаторыя ўспаміны, якія дазваляюць нам уявіць, аб чым для нас марылі нашыя дзядулі і бабулі. Кожны чалавек, яшчэ да нараджэння, атрымаў ад сваіх дзядоў у якасці падарунку благаслаўленне мары, поўнае любові і надзей на лепшае жыццё. І калі не атрымаў яго ад сваіх дзядоў, то, напэўна, марыў аб гэтым які­небудзь ягоны продак і радаваўся за яго, гледзячы на сваіх дзяцей, а затым на ўнукаў, у калысцы. Першапачатковая мара, стваральная мара Бога Айца папярэднічае і суправаджае жыццё ўсіх Яго дзяцей. Напамін пра гэтае благаслаўленне, якое пераходзіць з пакалення ў пакаленне, з’яўляецца каштоўнай спадчынай, якую мы павінны ўмець захаваць, каб быць у стане перадаць яе наступным пакаленням.

195. Таму карысна дазваляць пажылым людзям расказваць доўгія аповеды, якія часам здаюцца міфічнымі, фантастычнымі – гэта мары пажылых людзей, вельмі часта поўныя каштоўнага досведу, яскравых сімвалаў, схаваных пасланняў. Гэтыя апавяданні займаюць час, і мы павінны ўмець бескарысліва і цярпліва слухаць іх і інтэрпрэтаваць, бо яны не змяшчаюцца ў сетцы грамадскіх навінаў. Мы павінны пагадзіцца, што ўся мудрасць, неабходная нам для жыцця, не можа быць заключана ў межах, устаноўленых сённяшнімі сродкамі камунікацыі.

196. У кнізе «Пра мудрасць часу» [104] я выказаў некаторыя пажаданні ў форме пастулатаў. «Аб чым я прашу пажылых людзей, да якіх адношуся я сам? Я заклікаю вас быць захавальнікамі памяці. Мы, дзядулі і бабулі, павінны стварыць хор. Я ўяўляю сабе пажылых людзей як пастаянны хор у вялікай духоўнай святыні, дзе малітвы­просьбы і спевы хвалы падтрымліваюць усю супольнасць, якая працуе і змагаецца на жыццёвай ніве» [105]. Цудоўна, што «хлопцы і дзяўчаты, старцы і падлеткі […] славяць імя Пана» (Пс 148,12­13).

197. Што мы, пажылыя, можам даць маладым людзям? «Мы можам нагадаць сённяшнім маладым людзям, якія носяць у сэрцах – спалучаныя між сабою – гераічныя амбіцыі і страхі, што жыццё без любові пазбаўлена плоднасці» [106]. Што мы можам ім сказаць? «Мы можам сказаць спалоханым маладым людзям, што яны могуць перамагчы сваю трывогу за будучыню» [107]. Чаму мы можам іх навучыць? «Маладых людзей, занадта заклапочаных сабою, мы можам навучыць таму, што больш радасці ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць, і што любоў дэманструецца не толькі словамі, але таксама чынамі» [108].

Сумесная рызыка

198. Любоў, якую вы даеце і якая з’яўляецца актыўнай, часта памыляецца. Той, хто дзейнічае, хто рызыкуе, часта памыляецца. У сувязі з гэтым цікавым можа быць сведчанне Марыі Габрыэлы Перын, якая засталася без бацькі ад свайго нараджэння. Яна расказвае аб тым, як гэта паўплывала на яе жыццё ў сужэнстве, якое распалася, але якое зрабіла яе маці, а цяпер бабуляй: «Я ведаю толькі тое, што Бог сам стварае нашую гісторыю. У сваёй мудрасці і міласэрнасці Ён прымае нашыя перамогі і няўдачы і тчэ з іх прыгожы дыван, поўны іроніі. Адваротны бок гэтага дывана можа мець выгляд зблытаных і хаатычна перакручаных нітак, якімі з’яўляюцца розныя падзеі з нашага жыцця. І, магчыма, менавіта на гэтым баку мы засяроджваемся, калі маем сумненні. Але добры бок гэтага дывана паказвае цудоўную аповесць, і менавіта гэты бок бачыць Бог» [109]. Калі пажылыя людзі ўважліва глядзяць на жыццё, часта інстынктыўна разумеюць, што хаваецца за заблытанымі ніткамі, і распазнаюць тое, што робіць Бог творча нават з нашымі памылкамі.

199. Калі будзем ісці разам, маладыя і старыя, то будзем мець трывалыя карані ў сучаснасці, і з гэтага месца будзем сустракацца з мінулым і будучым. З мінулым, каб атрымаць урокі гісторыі і загаіць раны, якія часам абумоўліваюць нас; з будучыняй, каб умацаваць энтузіязм, каб прараслі мары, каб абудзіць прароцтва, каб квітнелі спадзяванні. З’яднаныя такім чынам, мы можам вучыцца адзін у аднаго, распальваць сэрцы, натхняць наш розум святлом Евангелля і даваць новыя сілы нашым рукам.

200. Карані – гэта не якар, які звязвае нас з іншымі эпохамі і перашкаджае нам увайсці ў сучасны свет, каб стварыць штосьці новае. Наадварот, гэта пункт закаранення, які дазваляе нам расці і адказваць на новыя выклікі. Таму не трэба нават, каб «мы селі ўспамінаць з настальгіяй мінулыя часы. Мы павінны прыняць да сэрца нашую культуру з рэалізмам і любоўю і запоўніць яе Евангеллем. Мы пасланыя сёння абвяшчаць Добрую Навіну Езуса для новых часоў. Мы павінны любіць наш час з яго магчымасцямі і пагрозамі, з яго радасцямі і смуткам, з яго багаццем і абмежаваннямі, з яго поспехамі і памылкамі» [110].

201. Падчас Сіноду адзін з маладых слухачоў з астравоў Самоа сказаў, што Касцёл нібы каяк, у якім пажылыя людзі дапамагаюць трымацца курсу па зорках, а маладыя вяслуюць з усіх сілаў, уяўляючы, што іх чакае далей. Давайце не будзем паддавацца зману ні маладых людзей, якія думаюць, што дарослыя – гэта мінулае, якое не мае больш значэння, якое ўжо скончылася, ні дарослых, якія думаюць, што яны заўсёды ведаюць, як павінны паводзіць сябе маладыя. Лепш давайце ўвойдзем разам у гэты каяк, і ўсе разам давайце будзем шукаць лепшы свет, пад вечна новым натхненнем Духа Святога.

РАЗДЗЕЛ VII

Пастырства моладзі

202. Пастырства моладзі ў той форме, у якой мы прызвычаіліся яго весці, адчула націск сацыяльных і культурных зменаў. Маладыя людзі ў традыцыйных структурах часта не знаходзяць адказу на свае непакоячыя пытанні, патрэбы, праблемы і раны. Распаўсюджванне і рост аб’яднанняў і рухаў пераважна моладзевага характару можна расцэньваць як дзеянне Духа, які адкрывае новыя шляхі. Аднак неабходна паглыбіць іх удзел у агульным пастырстве ўсяго Касцёла. Неабходна таксама большая еднасць паміж імі дзеля лепшага каардынавання дзеянняў. Не заўсёды лёгка зблізіцца з моладдзю, таму будзем ісці ў двух напрамках: усведамленне, што яе евангелізуе ўся супольнасць, а таксама, што ёсць пільная неабходнасць, каб маладыя людзі мелі больш актыўную ролю ў стварэнні пастырскіх прапаноў.

Сінадальнае пастырства

203. Я хачу падкрэсліць, што самі маладыя людзі з’яўляюцца творцамі моладзевага пастырства, маючы падтрымку і кіраўніцтва, але будучы свабоднымі ў адкрыцці пастаянна новых шляхоў, творча і з адвагай. Таму залішнім было б спыняцца тут над прапановай нейкага падручніка пастырства моладзі ці нейкай практычнай пастырскай інструкцыі. Гэта хутчэй выкарыстанне кемлівасці, вынаходніцтва і ведаў самой моладзі для вырашэння пытанняў і праблем іншых маладых людзей на іх мове.

204. Яны паказваюць нам неабходнасць новых стыляў і новых стратэгій. Напрыклад, калі дарослыя імкнуцца мець усё запланаваным, з рэгулярнымі сустрэчамі і ўстаноўленымі гадзінамі, то большасць маладых людзей сёння не цікавяць такія пастырскія схемы. Пастырства моладзі павінна стаць больш эластычным і павінна запрашаць маладых людзей час ад часу удзельнічаць у мерапрыемствах, якія дадуць ім магчымасць атрымаць не толькі фармацыю, але таксама размаўляць, святкаваць, спяваць, слухаць канкрэтныя сведчанні і мець досвед сустрэчы ў супольнасці з жывым Богам.

205. З іншага боку, было б вельмі пажадана сабраць яшчэ больш добрых практык: тыя метады, тую мову, тыя матывацыі, якія былі сапраўды прывабнымі ў набліжэнні маладых людзей да Хрыста і Касцёла. Незалежна ад іх колеру, ці яны «кансерватыўныя або ліберальныя», «правыя або левыя». Важна сабраць усё, што дало добрыя вынікі і што было эфектыўным у пераказванні радасці Евангелля.

206. Пастырства моладзі не можа быць толькі сінадальным, г. зн. здольным ствараць нейкі «супольны шлях», які прадугледжвае «шанаванне харызмаў, якія дае Дух у залежнасці ад паклікання і ролі кожнага з членаў [Касцёла], у працэсе суадказнасці. [...] Натхнёныя гэтым духам, мы можам перайсці да Касцёла, які ўдзельнічае і мае супольную адказнасць, які здольны ацаніць багацце ў разнастайнасці, з якіх ён створаны, прымаючы з удзячнасцю ўклад свецкіх вернікаў, у тым ліку маладых людзей і жанчын, кансэкраванага жыцця мужчын і жанчын, а таксама груп, аб’яднанняў ці рухаў. Ніхто не павінен быць выключаны ці стаяць здалёк» [111].

207. Такім чынам, калі будзем вучыцца адзін у аднаго, то зможам лепш адлюстраваць той выдатны шматграннік, якім павінен быць Касцёл Езуса Хрыста. Ён можа прыцягнуць маладых людзей менавіта таму, што не з’яўляецца маналітам, але сеткай разнастайных дароў, якія Дух няспынна вылівае ў яго, робячы яго заўсёды новым, нягледзячы на яго нягоды.

208. На Сінодзе з’явілася шмат канкрэтных прапаноў па аднаўленні пастырства моладзі і вызвалення яго ад схем, якія страцілі эфектыўнасць, бо пазбягаюць дыялогу з сучаснай культурай моладзі. Зразумела, я не маю магчымасці сабраць усе іх тут. Некаторыя з іх можна знайсці ў Заключным дакуменце Сіноду.

Галоўныя напрамкі дзеяння

209. Я хацеў бы коратка адзначыць, што пастырства моладзі мае два асноўныя напрамкі. Адзін – гэта пошук, запрашэнне, заклік, якія б прыцягвалі маладых людзей у тое, каб увайсці ў досвед Пана. Другі – гэта рост, развіццё працэсу сталення тых, хто ўжо перажыў гэты досвед.

210. Што тычыцца першага напрамку – пошуку – спадзяюся на здольнасці саміх маладых людзей, якія ведаюць, як знайсці прывабныя шляхі, каб запрасіць іншых. Яны ўмеюць арганізоўваць фестывалі, спартыўныя спаборніцтвы, і здольныя евангелізаваць нават у сацыяльных сетках праз паведамленні, песні, фільмы і іншыя мерапрыемствы. Нам проста трэба заахвоціць маладых людзей і даць ім свабоду дзеянняў, каб яны з энтузіязмам вялі місійную дзейнасць у моладзевым асяроддзі. Першае абвяшчэнне можа абудзіць вялікі досвед веры падчас рэкалекцый, якія ўплываюць на ўсё жыццё, у размове ў бары, на перапынку ў навучальнай установе або праз адзін з неспасцігальных шляхоў Бога. Але самае галоўнае тое, каб кожны малады чалавек знайшоў у сабе мужнасць, пасеяць гэтае першае абвяшчэнне на той урадлівай зямлі, якой з’яўляецца сэрца іншага маладога чалавека.

211. У гэтым пошуку трэба аддаць перавагу мове блізкасці, мове бескарыслівай, экзістэнцыяльнай, будуючай адносіны любові, якая кранае сэрца, уздзейнічае на жыццё, абуджае надзею і жаданні. Мы павінны падыходзіць да маладых людзей з моваю любові, а не з празелітызмам. Моваю, зразумелай для маладых людзей, ёсць мова тых, хто аддае жыццё, хто тут дзякуючы ім і для іх, і тых, хто, нягледзячы на свае недахопы і слабасці, імкнецца паслядоўна жыць паводле сваёй веры. У той жа час, мы надалей павінны звяртаць большую ўвагу на тое, каб ажыццявіць керыгму на мове, якой карыстаецца сучасная моладзь.

212. Адносна росту хачу зрабіць важную перасцярогу. У некаторых месцах здараецца, што, выклікаўшы ў маладых людзях інтэнсіўны досвед Бога, сустрэчы з Езусам, што ўзварухнула іх сэрца, ім прапануюць «фармацыйныя» сустрэчы, у якіх закранаюцца толькі дактрынальныя і маральныя пытанні. Гаворка ідзе пра заганы сучаснага свету, пра Касцёл, пра сацыяльнае вучэнне, пра чыстасць, сужэнства, кантроль нараджальнасці і пра іншыя справы. У выніку многім маладым людзям становіцца нецікава, яны губляюць запал сустрэчы з Хрыстом і радасць следавання за Ім, многія адмаўляюцца ад дарогі, а іншыя становяцца сумнымі і адмоўнымі. Суцішым жаданне перадаваць вялікую колькасць дактрынальнай інфармацыі, і пастараемся перш за ўсё абудзіць і ўмацаваць вялікі досвед, які падтрымлівае хрысціянскае жыццё. Як казаў Рамано Гуардзіні: «У спазнанні вялікай любові [...] ўсе падзеі адбываюцца ў аднясенні да гэтага» [112].

213. Безумоўна, любы адукацыйны праект, любая праграма развіцця для маладых людзей павінны ўтрымліваць дактрынальную і маральную фармацыю. Не менш важна, каб яны канцэнтраваліся на дзвюх галоўных напрамках: першы – гэта паглыбленне керыгмы, асноўнага досведу сустрэчы з Богам праз Хрыста ўкрыжаванага і ўваскрослага. Другі – гэта ўзрастанне ў братняй любові, у супольным жыцці, у служэнні.

214. Я моцна падкрэсліваў гэта ў Evangelii gaudium і думаю, што варта пра гэта памятаць. З аднаго боку, было б сур’ёзнай памылкай лічыць, што ў пастырстве моладзі « керыгма саступае месца быццам бы больш „грунтоўнай“ фармацыі. Няма нічога больш грунтоўнага, больш глыбокага, больш пэўнага, больш змястоўнага і больш мудрага за гэтае пасланне. Уся хрысціянская фармацыя з’яўляецца перадусім паглыбленнем керыгмы, якая набывае штораз большую глыбіню» [113]. Таму пастырства моладзі заўсёды павінна ахопліваць падзеі, якія дапамогуць аднавіць і паглыбіць асабістае перажыванне любові Бога і жывога Езуса Хрыста. Будзе рабіць гэта, абапіраючыся на розныя крыніцы: сведчанні, песні, хвіліны адарацыі, духоўныя разважанні са Святым Пісаннем, а таксама пры дапамозе розных заахвочванняў праз сацыяльныя сеткі. Але гэты радасны вопыт сустрэчы з Панам ніколі не павінен быць заменены свайго роду «ідэалагічнай апрацоўкай».

215. З іншага боку, любы план пастырства моладзі павінен выразна ўключаць у сябе розныя сродкі і рэсурсы, каб дапамагчы маладым людзям узрастаць у братэрстве, каб яны жылі як браты і сёстры, дапамагалі адзін аднаму, будавалі супольнасць, служылі іншым, не аддаляліся ад убогіх. Калі братэрская любоў – гэта «новая запаведзь» (пар. Ян 13,34), калі гэта «выкананне Закону» (Рым 13,10), калі гэта найлепшае, што выяўляе нашую любоў да Бога, то яна павінна займаць важнае месца ў кожным плане фармацыі і развіцця моладзі.

Адпаведнае асяроддзе

216. Ва ўсіх нашых інстытуцыях мы павінны значна больш развіваць і ўмацоўваць нашую здольнасць гасціннасці, бо многія маладыя людзі, якія прыходзяць, знаходзяцца ў стане глыбокага сіроцтва. Я не маю на ўвазе канкрэтныя сямейныя канфлікты, але досвед, які датычыць у аднолькавай ступені дзяцей, моладзі і дарослых, маці, айцоў і сыноў. Для многіх нашых сённяшніх сірот, а магчыма і для нас, такія супольнасці, як парафія і школа павінны прапанаваць шляхі бескарыслівай любові і падтрымкі, прыняцця і развіцця. Многія маладыя людзі адчуваюць сябе сёння дзецьмі няўдач, таму што мары іх бацькоў, бабуль і дзядуляў былі спалены на вогнішчы несправядлівасці, сацыяльнага гвалту, таго «ратуйся, хто можа». Колькі элімінацыі! Калі маладыя людзі раслі на папялішчы, ім нялёгка падтрымліваць агонь вялікіх жаданняў і планаў. Калі раслі ў пустыні, пазбаўленай сэнсу, як яны будуць гатовыя ахвяраваць сябе, каб сеяць? Досвед разрыву, элімінацыі і разбурэнне асноўных аксіёмаў, чаму спрыяе сучасная медыя­культура, выклікаюць гэтае пачуццё глыбокага сіроцтва, на што мы павінны адказаць стварэннем брацкай і прывабнай атмасферы, дзе можна было б жыць разумна.

217. Будаванне «дому» – гэта «будаванне сям’і; калі мы вучымся адчуваць еднасць з іншымі, абстрагуючыся ад утылітарных ці функцыянальных сувязяў; гэта быць з’яднанымі настолькі, каб адчуваць жыццё крыху больш чалавечным. Будаваць дом – гэта дазволіць прароцтву ажыццявіцца і зрабіць нашыя гадзіны і дні менш варожымі, менш абыякавымі і ананімнымі. Гэта стварэнне повязяў, якія будуюцца з дапамогай простых, штодзённых жэстаў, якія мы ўсе можам выконваць. Як мы ўсе добра ведаем, дом патрабуе агульнага супрацоўніцтва. Ніхто не можа быць абыякавым або чужым, таму што кожны з’яўляецца неабходным каменем для яго будаўніцтва. А для гэтага трэба прасіць Пана, каб Ён даў нам ласку навучыцца быць цярплівымі, дараваць адзін аднаму; навучыцца кожны дзень пачынаць па­новаму. А колькі разоў трэба дараваць або пачынаць усё спачатку? Семдзесят сем разоў – столькі, колькі неабходна. Будаванне трывалых адносінаў патрабуе даверу, які кожны дзень сілкуецца цярплівасцю і прабачэннем. Так здзяйсняецца цуд досведу, што тут чалавек нараджаецца наноў. Тут усе мы нараджаемся зноў, таму што адчуваем плён чуласці Бога, якая дапамагае нам марыць пра больш чалавечы, а значыць і больш Божы свет» [114].

218. У сувязі з гэтым у нашых інстытуцыях мы павінны прапанаваць маладым людзям адпаведныя месцы, на якіх яны могуць кіраваць, як ім падаецца слушным, і куды яны маглі б свабодна прыходзіць і выходзіць, месцы, якія былі б для іх гасціннымі, і дзе яны маглі б спантанна і з упэўненасцю ісці насустрач іншым маладым людзям і ў хвіліны пакут або нуды, і тады, калі яны хочуць адзначаць сваю радасць. Нешта падобнае зрабілі некаторыя араторыі, а таксама іншыя моладзевыя цэнтры, якія ў многіх выпадках з’яўляюцца асяроддзем, у якім маладыя людзі перажываюць досвед сяброўства і закаханасці, дзе яны сустракаюцца, могуць разам слухаць музыку, адпачываць, займацца спортам, а таксама абменьвацца сваімі разважаннямі ці разам маліцца, мець канкрэтную падтрымку і розныя прапановы. Так адбываецца неабходнае абвяшчэнне ад асобы да асобы, якога нельга замяніць ніякімі іншымі спосабамі ці стратэгіяй пастырства.

219. «Сяброўства і адносіны, часта ў больш ці менш арганізаваных групах, даюць магчымасць умацаваць сацыяльныя і рэляцыйныя навыкі ў кантэксце, у якім нас не ацэньваюць і не асуджаюць. Досвед групы з’яўляецца таксама вялікай магчымасцю дзяліцца верай і аказваць узаемную дапамогу ў сведчанні. Маладыя людзі здольныя весці іншых маладых людзей і быць сапраўднымі апосталамі сярод сваіх сяброў» [115].

220. Гэта не азначае, што яны павінны замыкацца і траціць усе кантакты з парафіяльнымі супольнасцямі, рухамі і іншымі касцёльнымі інстытуцыямі. Але яны лепш уключацца ў адкрытыя супольнасці, якія жывуць верай, жадаюць выпраменьваць Езусам Хрыстом, будучы радаснымі, свабоднымі, братэрскімі і дзейснымі. Гэтыя супольнасці могуць быць шляхамі, на якіх моладзь адчувае, што можна захоўваць каштоўныя адносіны.

Пастырства адукацыйных інстытуцый

221. Несумненна, школа з’яўляецца платформай для таго, каб стаць бліжэй да дзяцей і моладзі. Гэта асаблівае месца для станаўлення асобы, таму хрысціянская супольнасць заўсёды прыпісвала ёй вялікае значэнне, як пры падрыхтоўцы настаўнікаў і кіраўнікоў, так і пры стварэнні сваіх школ розных відаў і ступеняў. У гэтай сферы Дух Святы абудзіў незлічоныя харызмы і сведчанні святасці. Тым не менш, школа патрабуе пільнай самакрытыкі, калі возьмем пад увагу вынікі пастырства многіх навучальных устаноў, пастырства, засяроджанае на рэлігійнай адукацыі, якія часта не ў стане абудзіць трывалы досвед веры. Акрамя таго, ёсць каталіцкія школы, якія, здаецца, арганізаваны толькі для таго, каб быць. Страх перад зменамі робіць іх няздольнымі пераносіць няўпэўненасць, таму штурхае іх да закрытасці перад небяспекамі, рэальнымі або ўяўнымі, што прыносіць любая змена. Школа, ператвораная ў «бункер», які абараняе ад «знешніх» памылак, з’яўляецца карыкатурным праяўленнем гэтай тэндэнцыі. Гэта правакацыйна адлюстроўвае тое, што адчуваюць многія маладыя людзі, калі выходзяць з некаторых навучальных устаноў: непераадольная неадпаведнасць паміж тым, чаму іх вучылі, і светам, у якім яны жывуць. Нават атрыманы імі рэлігійны і маральны парадак, не падрыхтаваў іх да супрацьстаяння свету, які высмейвае іх, і не пазналі яны такіх спосабаў малітвы і перажывання веры, якія б маглі лёгка падтрымліваць сярод рытму гэтага грамадства. Сапраўды, адна з самых вялікіх радасцяў выхавацеля – гэта бачыць, што яго вучань становіцца моцнай, гарманічнай асобай, якая актыўна ўдзельнічае ў жыцці і якая ўмее штосьці даць.

222. Каталіцкая школа надалей застаецца істотным месцам евангелізацыі моладзі. Важна ўлічваць некаторыя натхняльныя крытэрыі, прадстаўленыя ў Апостальскай канстытуцыі Veritatis gaudium, з мэтаю аднаўлення і развіцця школ і ўніверсітэтаў «у падыходзе» да місій, напр., досвед керыгмы, дыялог на ўсіх узроўнях, інтэрдысцыплінарнасць і трансдысцыплінарнасць, садзейнічанне культуры сустрэчы, пільная неабходнасць у «стварэнні сеткі» і выбару на карысць самых бедных, тых, каго адштурхоўвае і адкідвае грамадства [116]. А таксама ўменне інтэграваць здольнасці галавы, сэрца і рук.

223. З іншага боку, мы не можам аддзяліць духоўную фармацыю ад культурнай. Касцёл заўсёды імкнуўся стварыць для маладых людзей прастору да найлепшай культуры. Ён не павінен адмаўляцца ад гэтага, таму што маладыя людзі маюць на гэта права. «Асабліва сёння права на культуру азначаюць абарону мудрасці, гэта значыць, ведаў чалавечых і гуманных. Вельмі часта мы абумоўлены банальнымі і мімалётнымі ўзорамі жыцця, якія штурхаюць нас гнацца за танным поспехам шляхам дыскрэдытацыі ахвярнасці, навязвання ідэі, што вучоба непатрэбная, калі не дае адразу штосьці канкрэтнае. Не, вучоба спрыяе таму, каб мы задавалі сабе пытанні, каб не анямелі ад банальнасці, каб шукалі сэнс у жыцці. Трэба змагацца за гэтае права, каб не паддацца шматлікім сірэнам, якія сёння адцягваюць увагу ад гэтага пошуку. Адысей, каб не паддацца зманлівай песні сірэн, якія зачароўвалі маракоў, і тыя разбіваліся аб скалы, прывязаў сябе да мачты і заткнуў вушы сваім спадарожнікам. Арфей жа, каб супрацьстаяць спеву сірэн, зрабіў штосьці іншае: зайграў больш прыгожую мелодыю, якая зачаравала сірэн. Вось вашае вялікае заданне: адказаць на паралізуючыя спевы культурнага спажывальніцтва дынамічнымі і моцнымі рашэннямі, пошукамі, ведамі і ўменнем дзяліцца» [117].

Розныя сферы пастырскага развіцця

224. Многія маладыя людзі здольныя вучыцца атрымліваць асалоду ад цішыні і блізкасці з Богам. Усё больш ёсць груп, якія збіраюцца на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту ці на малітву Божым словам. Нельга недаацэньваць маладых людзей, быццам бы яны не здольныя да сузірання. Трэба толькі знайсці адпаведныя стылі і спосабы, каб дапамагчы ім увайсці ў гэты вопыт, які мае такое вялікае значэнне. Што тычыцца пакланення Богу і малітвы, «у розных кантэкстах маладыя каталікі чакаюць малітоўных прапаноў і сакрамэнтальных падзей, здольных перамяніць іх паўсядзённае жыццё ў свежую, праўдзівую і радасную літургію» [118]. Важна выкарыстоўваць найбольш інтэнсіўныя перыяды літургічнага года, асабліва Вялікі тыдзень, Спасланне Духа Святога і Божае Нараджэнне. Ім вельмі падабаюцца таксама іншыя святочныя сустрэчы, якія парушаюць руціну і дапамагаюць адчуць радасць веры.

225. Выдатнай магчымасцю для развіцця, а таксама для адкрыцця на Божы дар веры і любові з’яўляецца служэнне: многіх маладых людзей прыцягвае нагода дапамагаць іншым, асабліва дзецям і ўбогім. Часта гэтая паслуга з’яўляецца першым крокам для адкрыцця або новага адкрыцця хрысціянскага і касцёльнага жыцця. Многія маладыя людзі стамляюцца ад нашых праграм дактрынальнай, і нават духоўнай, фармацыі і часам прэтэндуюць на права больш актыўна ўдзельнічаць у ініцыятывах, якія робяць штосьці для людзей.

226. Мы не павінны забываць пра формы мастацкага выяўлення, такія як тэатр, жывапіс і інш. Але «асаблівае значэнне мае музыка, якая з’яўляецца тым асяроддзем, у якое пастаянна акунаюцца маладыя людзі, а таксама культура і мова, здольныя выклікаць эмоцыі і фарміраваць асобу. Мова музыкі таксама з’яўляецца багаццем пастырства, паколькі з’яўляецца выклікам для літургіі і яе адновы» [119]. Спеў можа стаць вялікім стымулам для маладых людзей на іх шляху. Святы Аўгустын казаў: «Спявай, але ідзі наперад. Спявай, каб падтрымаць свой высілак. Не будзь лянівым! Спявай і ідзі. [...] Ідзі, каб рухацца наперад. Удасканальвайся ў добрым, удасканальвайся ў праўдзівай веры, у чыстасці жыцця. Спявай ды ідзі» [120].

227. «Не менш важным сярод моладзі стаў спорт, выхаваўчы і фармацыйны патэнцыял якога Касцёл не павінен недаацэньваць і ў якім павінен актыўна прысутнічаць. Свет спорту патрабуе дапамогі ў пераадоленні двухсэнсоўнасці, як, напрыклад, міфалагізацыі чэмпіёнаў, залежнасць ад камерцыйнай логікі і ідэалогіі поспеху любой цаной» [121]. У аснове такога спартыўнага досведу ёсць «радасць: радасць руху, радасць прабывання разам, радасць жыццю і дарам, якія Стварыцель дае нам кожны дзень» [122]. З іншага боку, некаторыя Айцы Касцёла выкарыстоўваюць прыклад спартыўных мерапрыемстваў, каб заахвоціць маладых людзей узрастаць у сіле і пераадольваць дрымоту ці жадання шукаць выгоды. Святы Базыль Вялікі, звяртаючыся да моладзі, падаў прыклад намаганняў, неабходных у спорце, і праз гэта ўкараніў у іх здольнасць да ахвярнасці дзеля дасканалення ў цнотах: «Вытрымліваючы тысячы трэніровак і розным чынам умацоўваючы фізічную сілу, многія пралілі шмат поту ў гімнастычных практыкаваннях, [...] але, каб шмат не гаварыць, скажу толькі, што іх жыццё перад спаборніцтвамі было падрыхтоўкай да іх, яны аддавалі ўсе свае фізічныя і разумовыя рэсурсы, каб выйграць карону [...]. Мы ж, хоць нас чакаюць больш цудоўныя па якасці і колькасці ўзнагароды за жыццё, якія нават нельга апісаць словамі, спім спакойна і жывём, не баючыся ніякага пакарання. Ці мы зможам атрымаць гэтыя ўзнагароды, будучы млявымі і бяздзейнымі?» [123]

228. Многіх падлеткаў і маладых людзей асабліва прываблівае кантакт са стварэннем, яны ўражлівыя да аховы навакольнага асяроддзя, як у выпадку скаўтаў і іншых груп, якія арганізоўваюць дні на ўлонні прыроды, кемпінгі, вандроўкі, эспедыцыі і мерапрыемствы па ахове асяроддзя. Калі яны праводзяцца ў духу св. Францішка Асізскага, то гэта можа вызначыць шлях да школы ўсеагульнага братэрства і сузіральнай малітвы.

229. Нягледзячы на гэтыя і многія іншыя магчымасці, адкрытыя для евангелізацыі маладых людзей, мы не павінны забываць, што акрамя гістарычных змен і ўражлівасці маладых людзей, ёсць дары Бога, заўсёды актуальныя, якія маюць у сабе сілу, што пераўзыходзіць усе эпохі і ўсе акалічнасці: слова Пана заўсёды жывое і плённае, прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі, якая сілкуе нас, а таксама сакрамэнт прабачэння, які нас вызваляе і ўмацоўвае. Мы можам таксама згадаць невычэрпнае духоўнае багацце, якое Касцёл захоўвае ў сведчанні сваіх святых і ў вучэнні вялікіх духоўных настаўнікаў. Хоць мы павінны ўлічваць розныя этапы, а часам цярпліва чакаць адпаведнага моманту, мы не можам не запрасіць маладых людзей да гэтых крыніц новага жыцця, мы не маем права пазбаўляць іх такога вялікага дабра.

«Народнае» пастырства моладзі

230. Акрамя звычайнай пастырскай працы, якая вядзецца ў парафіях і рухах паводле вызначаных узораў, вельмі важным з’яўляецца адвядзенне месца для «народнага пастырства моладзі», якое мае свой стыль, свае перыяды, свой рытм, сваю метадалогію. Яно заключаецца ў больш шырокім і больш эластычным пастырстве, якое абуджае ў розных месцах, дзе канкрэтна прабываюць маладыя людзі, тых натуральных лідэраў і тыя харызмы, якія Дух Святы ўжо пасеяў сярод іх. Галоўнае – каб не рабіць шматлікіх перашкодаў, нормаў, кантролю і абавязковых межаў для гэтых маладых вернікаў, якія з’яўляюцца натуральнымі лідэрамі ў раёнах і ў розных асяроддзях. Мы павінны абмежавацца іх суправаджэннем і заахвочваннем, давяраючы крыху больш фантазіі Духа Святога, які дзейнічае так, як жадае.

231. Мы маем на ўвазе сапраўды «народных», а не элітарных або закрытых у невялікіх групах выбраных асобаў. Каб яны былі здольныя весці народнае пастырства моладзі, ім трэба «навучыцца адчуваць пачуцці людзей, каб быць іх прадстаўнікамі і адстойваць іх інтарэсы» [124]. Калі мы гаворым пра «народ», то не маем на ўвазе грамадскія структуры і Касцёл, а хутчэй супольнасць асобаў, не адзінак, але тканку супольнасці ўсіх і для ўсіх, якая не можа дазволіць найбольш бедным і найбольш неабароненым слаям насельніцтва заставацца ззаду: «Народ хоча, каб усе ўдзельнічалі ў агульных дабротах, і таму прыстасоўвацца да тэмпу апошніх, каб дайшлі ўсе разам» [125]. Народныя лідэры – гэта тыя, хто здольны актывізаваць усіх, далучаючы да пілігрымавання моладзі таксама найбяднейшых, слабых, абмежаваных і параненых. Яны не перашкаджаюць ім і не палохаюцца зраненых маладых людзей, якія спазнаюць крыж.

232. У тым жа духу, асабліва з маладымі людзьмі, якія не выхоўваліся ў хрысціянскіх сем’ях ці інстытуцыях і знаходзяцца ў працэсе павольнага сталення, мы павінны абуджаць магчымае дабро [126]. Хрыстус папярэджваў нас, каб мы не патрабавалі ад усіх быць толькі пшаніцай (пар. Мц 13,24­30). Часам, патрабуючы асептычнага пастырства моладзі, чыстага, з абстрактнымі ідэямі, далёкімі ад свету і захаванымі ад усялякай брыдоты, мы зводзім Евангелле да прэснай прапановы, незразумелай, далёкай, аддзеленай ад моладзевых культур і прыстасаванай толькі да моладзевай хрысціянскай эліты, якая адчувае сябе іншай, але якая на самай справе плыве ў ізаляцыі, без жыцця і плёну. Такім чынам разам з пустазеллем, якое мы адкідаем, мы вырываем і душым тысячы парасткаў, якія спрабуюць расці сярод абмежаванняў.

233. Замест таго, каб «падаўляць іх наборам правіл, якія даюць няпоўную і маралізатарскую карціну хрысціянства, мы пакліканы інвеставаць у іх адвагу і вучыць іх выконваць свае абавязкі, маючы ўпэўненасць, што нават памылкі, няўдачы і крызісы – гэта досвед, які можа ўмацаваць іх чалавечнасць» [127].

234. Падчас Сіноду гучаў заклік будаваць пастырства моладзі, здольнае ствараць інтэграцыйныя прасторы, дзе было б месца для ўсіх відаў моладзі і дзе выразна было б бачна, што мы з’яўляемся Касцёлам з адкрытымі дзвярыма. Нават не з’яўляецца неабходным, каб хтосьці цалкам прыняў усё вучэнне Касцёла для таго, каб удзельнічаць у некаторых нашых сферах, прысвечаных моладзі. Дастаткова быць адкрытымі для ўсіх тых, хто хоча і гатовы сустрэцца з праўдай, аб’яўленай Богам. Некаторыя пастырскія прапановы могуць патрабаваць, каб быў пройдзены ўжо пэўны шлях веры, але нам патрэбна народнае пастырства моладзі, якое б адкрыла дзверы і дало месца ўсім і кожнаму паасобку, з яго сумненнямі, крыўдамі, праблемамі, пошукам ідэнтычнасці, з іх памылкамі, гісторыямі, спазнаннем граху і ўсімі цяжкасцямі.

235. Павінна быць таксама месца для «ўсіх тых, у каго ёсць іншае бачанне жыцця, якія вызнаюць іншыя рэлігіі ці дэкларуюць, што яны знаходзяцца па­за рэлігіяй. Усе маладыя людзі, без выключэння, жывуць у сэрцы Бога, а таму і ў сэрцы Касцёла. Аднак мы прызнаем, што гэтае сцвярджэнне, якое гучыць з нашых вуснаў, не заўсёды выяўляецца ў нашай пастырскай дзейнасці: часта мы застаемся закрытымі ў сваім асяроддзі, куды не даходзіць іх голас, або прысвячаем сябе справам больш лёгкім ці больш прыемным, падаўляючы той здаровы пастырскі неспакой, які выводзіць нас з нашай уяўнай бяспекі. Але Евангелле патрабуе ад нас адвагі і мы хочам рабіць гэта без фанабэрыі і без празелітызму, даючы сведчанне любові Пана і працягваючы руку ўсім маладым людзям у свеце» [128].

236. Пастырства моладзі, калі перастае быць элітарным і згоднае быць «народным», з’яўляецца павольным працэсам, з павагаю, цярплівасцю, даверам, працавітасцю, спагадаю. На Сінодзе быў прапанаваны прыклад вучняў з Эмаус (гл. Лк 24,13­35), які таксама можа быць узорам таго, што адбываецца ў пастырстве моладзі.

237. «Езус ідзе з двума вучнямі, якія не зразумелі сэнс Яго гісторыі і аддаляліся ад Ерузалема і супольнасці. Каб застацца з імі, Ён далучаецца да іх. Задае ім пытанні і цярпліва слухае іх версію падзей, каб дапамагчы ім распазнаць тое, што яны адчуваюць. Затым, з любоўю і энергіяй, абвяшчае ім слова, падводзячы іх да інтэрпрэтацыі ў святле Пісання падзей, якія яны перажылі. Прымае запрашэнне застацца з імі, бо ўжо цямнее: уваходзіць у іх ноч. Слухаючы Яго, іх сэрцы палалі, а розум іхні прасвятліўся, у ламанні хлеба адкрыліся іхнія вочы. Яны самі вырашаюць неадкладна ісці ў зваротным кірунку, каб вярнуцца да супольнасці і падзяліцца досведам сустрэчы з уваскрослым Хрыстом» [129].

238. Розныя праявы народнай пабожнасці, асабліва пілігрымкі, прыцягваюць маладых людзей, якія з цяжкасцю ўключаюцца ў касцёльныя структуры, і з’яўляюцца канкрэтным выразам даверу да Бога. Гэтыя формы пошуку Бога, якія найбольш бачны ў самых бедных маладых людзях і ў іншых пластах грамадства, не павінны недаацэньвацца, да іх трэба заахвочваць і пабуджаць. Паколькі народная пабожнасць з’яўляецца законным «спосабам перажывання веры» [130] і «выражэннем спантаннай місійнай дзейнасці Божага народу» [131].

Заўсёды місіянеры

239. Хачу нагадаць, што непатрэбны доўгія курсы, каб маладыя людзі сталі місіянерамі. Нават самыя слабыя, найбольш абмежаваныя і зраненыя могуць быць імі па­своему, таму што заўсёды трэба дазваляць, каб перадавалася дабро, нават калі яно суіснуе з многімі слабасцямі. Малады чалавек, які ідзе ў пілігрымку, каб папрасіць Божую Маці аб дапамозе, і запрашае сябра ці калегу, каб пайшоў разам з ім, то ўжо праз гэты просты жэст здзяйсняе каштоўную місійную дзейнасць. Нароўні з народным пастырствам моладзі непадзельна існуе народная місія, якую нельга пракантраляваць, якая ламае ўсе касцёльныя схемы. Мы спадарожнічаем ёй, падтрымліваем яе, але не намагаемся празмерна рэгуляваць яе.

240. Калі мы ўмеем слухаць тое, што кажа нам Дух, то не можам ігнараваць таго факту, што моладзевае пастырства павінна заўсёды быць місійным пастырствам. Маладыя людзі вельмі ўзрастаюць, калі пераадольваюць нясмеласць і знаходзяць у сабе мужнасць, каб пайсці і наведаць дамы, і такім чынам навязаць кантакт з жыццём людзей, яны вучацца глядзець за межы сваёй сям’і і групы, пачынаюць разумець жыццё ў больш шырокай перспектыве. У той жа час, іх вера і пачуццё прыналежнасці да Касцёла мацнее. Моладзевыя місіі, якія звычайна арганізуюцца ў час канікул пасля перыяду падрыхтоўкі, могуць спрыяць аднаўленню веры і нават сур’ёзным роздумам пра сваё пакліканне.

241. Маладыя людзі, аднак, здольныя ствараць новыя формы місіі ў розных галінах. Напрыклад, паколькі яны так добра карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі, то трэба іх зацікавіць, каб яны запаўнялі гэтыя сеткі Богам, братэрствам і адданасцю справе.

Суправаджэнне дарослых

242. Неабходна шанаваць свабоду маладых людзей, а таксама суправаджаць іх. Сям’я павінна стаць першай у суправаджэнні. Пастырства моладзі прапануе праект жыцця, заснаваны на Хрысце: будаванне дому, сям’і на скале (Мц 7,24­25). Гэтая сям’я, гэты праект для большасці з іх стане больш канкрэтным у сужэнстве і ў сужэнскай любові. Таму неабходна, каб пастырства моладзі і сям’і мела натуральны працяг, скаардынаваны і комплексны, каб адэкватна суправаджаць у працэсе паклікання.

243. Супольнасць мае вельмі важную ролю ў суправаджэнні маладых людзей, і ўся супольнасць павінна адчуваць адказнасць за іх прыняцце, матываванне, заахвочванне і пабуджэнне. Гэта азначае, што на маладых людзей трэба глядзець са зразуменнем, павагай і любоўю, а не асуджаць іх увесь час або патрабаваць ад іх дасканаласці, якая не адпавядае іх узросту.

244. На Сінодзе «многія адзначалі недахоп дасведчанага і адданага паслузе суправаджэння. Перакананне ў тэалагічнай і пастырскай вартасці слухання вядзе да паўторнага разважання, якое спрыяе аднаўленню форм, у якіх выяўляецца зазвычай святарская паслуга і абмеркаванне яе прыярытэтаў. Акрамя таго, Сінод прызнае неабходнасць падрыхтоўкі кваліфікаваных кансэкраваных асобаў і свецкіх, мужчын і жанчын, якія маглі б суправаджаць маладых людзей. Харызма слухання, якую Дух Святы абуджае ў супольнасцях, можа таксама набыць пэўную форму інстытуцыйнага прызнання для касцёльнага служэння» [132].

245. Акрамя таго, мы павінны суправаджаць асабліва тых маладых людзей, якія з’яўляюцца патэнцыяльнымі лідэрамі, каб яны маглі фарміравацца і быць падрыхтаванымі. Маладыя людзі, якія сабраліся перад Сінодам, прасілі распрацаваць «фармацыйныя праграмы для маладых лідэраў, якія б служылі іх пастаяннаму развіццю. Некаторыя маладыя жанчыны адчуваюць недахоп прыкладаў жаночага лідэрства ў Касцёле, бо яны таксама хацелі служыць Касцёлу сваімі інтэлектуальнымі і прафесійнымі здольнасцямі. Мы таксама лічым, што семінарысты і кансэкраваныя асобы павінны мець яшчэ большыя магчымасці для таго, каб суправаджаць маладых лідэраў» [133].

246. Маладыя людзі самі апісалі рысы, якія яны спадзяюцца знайсці ў тых, хто ім спадарожнічае, і прадставілі гэта вельмі ясна: «Ад правадыра веры яны чакаюць, што ён будзе верным хрысціянінам, чалавекам, які ўдзельнічае ў жыцці Касцёла і свету, што пастаянна будзе імкнуцца да святасці, што будзе даверанай асобай, якая не асуджае, што будзе актыўна выслухоўваць патрэбы моладзі і адказваць на іх, што будзе глыбока любячай асобай і са сваёй свядомасцю, што будзе ведаць свае абмежаванні, а таксама ўсе радасці і нягоды духоўнага жыцця. Найбольш важнай рысай правадыра з’яўляецца прызнанне сваёй чалавечнасці: што ён таксама памыляецца, што ён таксама не ідэальны, але грэшнік, які атрымаў прабачэнне. Часам правадыроў веры ставяць на п’едэстал, але іх падзенне можа аказаць разбуральны ўплыў на далейшы ўдзел маладых людзей у жыцці Касцёла. Правадыры не павінны кіраваць маладымі людзьмі, як пасіўнымі паслядоўнікамі, але павінны ісці разам з імі, дазваляючы ім быць актыўнымі ўдзельнікамі шляху. Яны павінны паважаць свабоду, звязаную з працэсам самараспазнавання моладзі, і гарантаваць маладым людзям неабходныя на гэтым шляху інструменты. Праваднік павінен быць глыбока перакананым, што маладыя людзі здольныя ўдзельнічаць у жыцці Касцёла. Павінен аберагаць зерне веры ў маладых людзях, не чакаючы адразу ўбачыць плён дзеяння Духа Святога. Роля правадыроў не можа быць зарэзерваваная толькі для святароў і кансэкраваных асобаў. Свецкія таксама маюць права на гэта. Усе правадыры павінны атрымаць базавую адукацыю і пастаянна клапаціцца пра асабістую фармацыю» [134].

247. Няма сумненняў у тым, што адукацыйныя інстытуцыі Касцёла – гэта супольнасны асяродак суправаджэння, якія дазваляюць накіраваць многіх маладых людзей асабліва тады, калі «імкнецца прыняць усіх маладых людзей, незалежна ад іх рэлігійнага выбару, культурнага паходжання ці асабістай, сямейнай або грамадскай сітуацыі. Такім чынам Касцёл у розных частках свету робіць фундаментальны ўклад у інтэгральную адукацыю маладых людзей» [135]. Яны беспадстаўна абмежавалі б сваю функцыю, калі б устанавілі строгія крытэрыі прыняцця навучэнцаў або іх утрымання, таму што пакінулі б многіх маладых людзей без суправаджэння, якое магло б дапамачы ім зрабіць больш багатым сваё жыццё.

РАЗДЗЕЛ VIII

ПАКЛІКАННЕ

248. Слова «пакліканне» ў шырокім сэнсе можна разумець як заклік Бога. Яно ахоплівае пакліканне да жыцця, да сяброўства з Ім, пакліканне да святасці і г. д. Яно мае вялікае значэнне, таму што ставіць усё нашае жыццё перад Богам, які нас любіць і дазваляе нам зразумець, што нішто не з’яўляецца вынікам бессэнсоўнага хаосу, але наадварот, усё можа быць уключана ў працэс адказу Пану, які мае для нас цудоўны план.

249. У адгартацыі Gaudete et exsultate я хацеў засяродзіцца на пакліканні ўсіх да развіцця дзеля Божай хвалы, і прапанаваў «у чарговы раз прадставіць заклік да святасці, спрабуючы змясціць яго ў актуальным кантэксце, з яго небяспекамі, выклікамі і магчымасцямі» [136]. Другі Ватыканскі Сабор дапамог нам аднавіць усведамленне гэтага паклікання, адрасаванага кожнаму чалавеку: «Узброеныя столькімі дзейснымі сродкамі збаўлення, усе хрысціяне, кожнага становішча і стану, пакліканы Панам, кожны на сваім шляху, да дасканалай святасці, як дасканалы і сам Айцец» [137].

Пакліканне да сяброўства з Ім

250. Галоўнае – распазнаць і выявіць, што тое, чаго хоча Езус ад кожнага маладога чалавека. Гэта перш за ўсё яго сяброўства. Гэта галоўнае распазнаванне. У дыялогу ўваскрослага Пана са сваім сябрам Сымонам Пятром прагучала цудоўнае пытанне: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» (Ян 21,16). Іншымі словамі: ці любіш Мяне як сябра? Місія, якую атрымлівае Пётр, каб клапаціцца пра Яго авечак і ягнят, заўсёды будзе спалучана з бескарыслівай любоўю, з любоўю сяброўства.

251. А калі патрэбны адваротны прыклад, то прыгадаем сустрэчу­сутыкненне паміж Панам і багатым юнаком, якая выразна кажа нам, што гэты малады чалавек не заўважыў любячага позірку Пана (пар. Мк 10,21). Хоць меў добрае натхненне, Ён адышоў засмучаны, бо не змог адарвацца ад многіх рэчаў, якія меў (пар. Мц 19,22). Страціў магчымасць таго, што, несумненна, магло б стаць вялікім сяброўствам. А мы застаемся, не ведаючы, чым мог бы стаць для нас, што мог бы зрабіць для чалавецтва гэты выключны юнак, на якога Езус паглядзеў з любоўю і якому Ён працягнуў руку.

252. Бо «жыццё, дадзенае нам Езусам, – гэта гісторыя любові, гісторыя жыцця, якое хоча злучыцца з нашым жыццём і ўкараніцца ў зямлі кожнага з нас. Гэтае жыццё не з’яўляецца збаўленнем, што вісіць «у воблаку», якое чакае, каб мы яго схапілі, і не новым «дадаткам» для адкрыцця ці разумовым практыкаваннем, вынікам тэхнік асабістага развіцця. Жыццё, якое дае нам Бог, не з’яўляецца таксама падручнікам, які дапамагае нам даведацца пра апошнія навіны. Збаўленне, якое дае нам Бог, – гэта запрашэнне стаць часткай гісторыі любові, якая пераплятаецца з нашай гісторыяй; якая жыве і хоча нарадзіцца сярод нас, каб мы маглі прынесці плён там, дзе знаходзімся, будучы такімі, якімі мы ёсць і з кім знаходзімся. Пан прыходзіць туды, каб сеяць і быць засеяным» [138].

Тваё існаванне для іншых

253. Цяпер я хачу спыніцца на пакліканні, якое разумеецца ў сціслым значэнні як заклік да канкрэтнага служэння іншым. Мы пакліканы Богам быць удзельнікамі ў Яго справе стварэння, робячы свой уклад у агульнае дабро на аснове атрыманых здольнасцяў.

254. Гэтае місійнае пакліканне датычыць нашага служэння іншым. Таму што нашае жыццё на зямлі дасягае сваёй паўнаты, калі становіцца ахвярай. Нагадваю, што «місія ў сэрцы народу не з’яўляецца часткай майго жыцця і аздобаю, якую магу зняць, гэта не дадатак і не яшчэ адна хвіліна жыцця. Яна ёсць тым, чаго я не магу выкараніць з сябе, калі не хачу сябе знішчыць. Маё прызначэнне ў гэтым свеце – быць місіяй, і таму я знаходжуся ў гэтым свеце» [139]. Таму мы павінны лічыць, што кожнае пастырства з’яўляецца пастырствам паклікання, кожная фармацыя з’яўляецца фармацыяй паклікання, і кожная духоўнасць з’яўляецца духоўнасцю паклікання.

255. Тваё пакліканне не абапіраецца толькі на дзеяннях, якія неабходна выканаць, нават калі яно выяўляецца ў іх. Гэта нешта большае, гэта шлях, які будзе накіроўваць шмат намаганняў і дзеянняў у бок служэння. Такім чынам, каб распазнаць пакліканне, важна ўбачыць, ці хтосьці распазнае ў сабе неабходныя навыкі для гэтага адмысловага служэння на карысць грамадства.

256. Гэта надае вельмі вялікае значэнне дадзеным заданням, таму што яны перастаюць быць сумай дзеянняў, выкананых дзеля заробку, самазанятасці або задавальнення іншых. Усё гэта з’яўляецца пакліканнем, таму што мы пакліканы, існуе штосьці большае, чым проста прагматычны выбар з нашага боку. Урэшце, маецца на ўвазе распазнаванне таго, навошта я створаны, чаму я адыходжу з гэтай зямлі, які план мае Пан наконт майго жыцця. Ён не пакажа мне ўсе месцы, часы і дэталі, якія я буду старанна выбіраць, але напэўна пакажа мне арыенцір, бо з’яўляецца маім Стварыцелем, маім ганчаром, і я павінен пачуць яго голас, каб Ён мог мяне фармаваць і весці. Тады я буду тым, чым павінен быць, і буду таксама верны сваёй асабістай рэальнасці.

257. Для рэалізацыі ўласнага паклікання неабходна, каб яно развівалася, прарасло, неабходна даглядаць ўсё, чым мы з’яўляемся. Гэта не азначае, што мы павінны выдумваць сябе, ствараць сябе з нічога, але адкрываць сябе ў святле Бога і ісці да росквіту сваёй істоты: «паводле Божага плану кожны чалавек пакліканы развіваць сябе, таму што кожнае чалавечае жыццё прызначана Богам для нейкага задання» [140]. Тваё пакліканне вядзе цябе да таго, каб даць самае лепшае з сябе дзеля Божай хвалы і на карысць іншым. Гэта не проста рабіць рэчы, але рабіць іх са значэннем, з пэўнай мэтай. У сувязі з гэтым св. Альберт Хуртада сказаў маладым людзям, што яны павінны вельмі сур’ёзна ставіцца да курса: «На караблі нядбайны навігатар будзе тут жа звольнены, бо ў яго руках знаходзіцца завялікая каштоўнасць. А ці ў нашым жыцці мы ўважлівыя да нашага курса? Які твой курс? Калі б трэба было больш спыніцца над гэтай ідэяй, то прашу кожнага з вас надаць ёй самае вялікае значэнне, бо калі гэта атрымаецца, то гэта будзе азначаць дасягненне поспеху; няўдача ў гэтым становіцца звычайна катастрофай» [141].

258. Гэта «існаванне для іншых» у жыцці кожнай маладой асобы як правіла звязана з двума фундаментальнымі пытаннямі: са стварэннем новай сям’і і працай. Розныя апытанні, якія праводзіліся сярод маладых людзей, яшчэ раз пацвярджаюць, што гэта дзве асноўныя праблемы, якія закранаюць іх і непакояць. Яны павінны стаць прадметам асаблівага разважання. Спынімся коратка на іх.

Любоў і сям’я

259. Маладыя людзі моцна адчуваюць пакліканне да любові і мараць сустрэць адпаведную асобу, з якой яны маглі б стварыць сям’ю і разам будаваць жыццё. Безумоўна, гэта пакліканне, якое сам Бог прапануе праз пачуцці, жаданні, мары. Над гэтым я шмат разважаў у адгартацыі Amoris laetitia і запрашаю ўсіх маладых людзей прачытаць, асабліва чацвёрты і пяты раздзелы.

260. Мне падабаецца думаць, што «двое хрысціянаў, якія заключаюць сужэнскі саюз, распазналі ў сваёй гісторыі кахання заклік Пана, пакліканне да таго, каб з дваіх, мужчыны і жанчыны, стварыць адно цела, адно жыццё. А сакрамэнт сужэнства ахоплівае гэтую любоў Божаю ласкай, закараняе яе ў самім Богу. З гэтым дарам, будучы ўпэўненымі ў гэтым пакліканні, можна, не баючыся нічога, вырушыць у дарогу, можна перамагаць усе, разам!» [142].

261. У гэтым кантэксце нагадваю, што Бог стварыў нас істотамі, якія маюць пол. Ён сам «стварыў цялеснасць, якая з’яўляецца цудоўным дарам для Яго стварэнняў» [143]. У межах паклікання да сужэнства, мы павінны прызнаць і быць удзячнымі за тое, што «цялеснасць, пол – гэта дар Бога, без усялякага табу. Гэта Божы дар, дар, якім нас адорвае Пан. Мае дзве мэты: узаемную любоў і нараджэнне жыцця. Гэта запал, гарачае каханне. Сапраўдная любоў гарачая. Каханне паміж мужчынам і жанчынай, калі яно гарачае, вядзе да аддачы жыцця назаўсёды. Заўсёды. І да аддання яго з целам і душою» [144].

262. Сінод адзначыў, што «сям’я надалей застаецца для маладых людзей галоўным арыенцірам. Дзеці шануюць любоў і клопат бацькоў, якія дбаюць пра сямейныя сувязі і спадзяюцца, што ім самім удасца стварыць сям’ю. Несумненна, што павелічэнне сепарацый, разводаў, паўторных сужэнстваў і няпоўных сем’яў можа прывесці маладых людзей да вялікіх пакутаў і крызісу ідэнтычнасці. Часам яны павінны прыняць на сябе абавязкі, несувымерныя з іх узростам, якія змушаюць іх намнога раней стаць дарослымі. Бабулі і дзядулі часта маюць моцны ўплыў на іх пачуцці і рэлігійнае выхаванне: праз сваю мудрасць яны з’яўляюцца ключавым звяном у зносінах паміж пакаленнямі» [145].

263. Гэта праўда, што цяжкасці, з якімі змагаюцца маладыя людзі ў сваёй сям’і, вядуць іх, несумненна, да разважання над тым, ці варта засноўваць новую сям’ю, быць вернымі, шчодрымі. Хачу вам сказаць, што варта зрабіць стаўку на сям’ю і што ў ёй вы знойдзеце лепшы стымул для сталення і самую прыгожую радасць, каб ёй дзяліцца. Не дазваляйце скрасці вашую магчымасць кахаць па­сапраўднаму. Не паддавайцеся падману тых, хто прапануе індывідуалістычнае жыццё ў разбэшчанасці, якая ў выніку прыводзіць да ізаляцыі і жахлівай адзіноты.

264. Сёння пануе культура часовасці, якая з’яўляецца ілюзіяй. Перакананне, што няма нічога канчатковага, – гэта падман і хлусня. Часта «некаторыя сцвярджаюць, што сужэнства сёння „вышла з моды“. [...] У культуры часовасці, адноснасці многія прапаведуюць, што трэба „атрымліваць асалоду“ часовую, што не варта прысвячаць сябе на ўсё жыццё, прымаць канчатковыя рашэнні. [...] Я, аднак, прашу вас быць рэвалюцыянерамі, прашу вас ісці супраць цячэння; так, прашу вас паўставаць супраць гэтай культуры часовасці, якая лічыць, што вы не ў стане ўзяць на сябе адказнасць, што вы не можаце па­сапраўднаму кахаць» [146]. Я, аднак, веру ў вас, і таму заклікаю выбраць сужэнства.

265. Да сужэнства трэба рыхтавацца, а гэта патрабуе асабістага выхавання, развіцця найлепшых цнотаў, асабліва любові, цярплівасці, умення весці дыялог і служыць. Гэта таксама выхаванне сваёй сэксуальнасці, каб яна ўсё менш і менш была інструментам выкарыстання іншых і штораз больш станавілася ўменнем прысвячаць сябе цалкам іншай асобе, выключна і велікадушна.

266. Біскупы Калумбіі вучаць нас, што «Хрыстус ведае, што муж і жонка не з’яўляюцца дасканалымі, і што яны павінны перамагаць сваю слабасць і зменлівасць, каб іхняе каханне магло расці і працягвацца. Таму дае сужэнцам ласку, якая адначасова з’яўляецца святлом і сілаю, якая дазваляе ім ажыццяўляць свой план сужэнскага жыцця згодна з Божай задумай» [147].

267. Тым, хто не пакліканы да сужэнства або кансэкраванага жыцця, трэба заўсёды нагадваць, што першым і самым галоўным пакліканнем з’яўляецца пакліканне хросту. Асобы, якія не жывуць у сужэнстве, не з уласнага выбару, могуць стаць асаблівымі сведкамі такога паклікання на шляху іх асабістага ўзрастання.

Праца

268. Біскупы Злучаных Штатаў Амерыкі выразна паказалі, што ўваходжанне маладых людзей у дарослае жыццё, «часта азначае ўваходжанне чалавека ў свет працы. «Як ты зарабляеш на жыццё?» Гэта пытанне становіцца пастаяннай тэмай размовы, бо праца з’яўляецца вельмі важнай часткай іх існавання. Для дарослай моладзі гэты досвед вельмі зменлівы, таму што яны пераходзяць з адной працы на другую, і нават змяняюць адну прафесію на другую. Праца можа дыктаваць ім спосаб выкарыстання часу і можа вызначыць, што яны могуць сабе дазволіць ці што могуць купіць. Яна можа таксама вызначаць якасць і колькасць вольнага часу. Праца вызначае і ўплывае на самасвядомасць і самаацэнку дарослай моладзі і з’яўляецца галоўным месцам, дзе яны развіваюць сяброўскія і іншыя адносіны, таму што звычайна яны не працуюць у адзіночку. Маладыя мужчыны і жанчыны кажуць аб працы як аб выкананні функцыі і як аб чымсьці, што дае сэнс. Праца дазваляе дарослым маладым людзям задаволіць свае практычныя патрэбы, і – што больш важна – знайсці сэнс і спаўненне сваіх мараў і бачанняў. Хоць праца можа не дапамагчы ў рэалізацыі іх мараў, важна, каб дарослыя маладыя людзі жылі бачаннем, навучыліся працаваць сапраўды асабіста і творча, і пастаянна распазнавалі Божае пакліканне» [148].

269. Я запрашаю маладых людзей не спадзявацца на тое, што яны будуць жыць без працы, што будуць залежыць ад дапамогі іншых. Гэта дрэнна, бо «праца – гэта неабходнасць, частка сэнсу жыцця на гэтай зямлі, спосаб сталення, чалавечага развіцця і самарэалізацыі. Таму фінансавая дапамога ўбогім заўсёды павінна быць часовым сродкам, каб задаволіць пільныя патрэбы» [149]. З гэтага вынікае, што «хрысціянская духоўнасць разам з кантэмпляцыйным захапленнем стварэннем, якое знаходзім у св. Францішка Асізскага, развіла таксама багатае і адпаведнае разуменне працы, як гэта бачна, напрыклад, у жыцці бл. Караля дэ Фуко і яго вучняў» [150].

270. Сінод адзначыў, што свет працы з’яўляецца сферай, у якой маладыя людзі адчуваюць формы адчужэння і маргіналізацыі. Першая і самая сур’ёзная з іх – гэта беспрацоўе сярод моладзі, якое ў некаторых краінах дасягнула страшэннага ўзроўню. Адсутнасць працы вядзе не толькі да беднасці, але таксама абмяжоўвае здольнасці маладых людзей марыць і спадзявацца, а таксама пазбаўляе іх магчымасці ўдзельнічаць у развіцці грамадства. У многіх краінах гэтая сітуацыя тлумачыцца тым, што некаторыя слаі моладзі не маюць адпаведных прафесійных навыкаў, таксама з­за адсутнасці сістэмы адукацыі і падрыхтоўкі кадраў. Нярэдка адсутнасць прафесійных перспектыў, якая закранае моладзь, з’яўляецца вынікам эканамічных інтарэсаў, якія базуюцца на эксплуатацыі працы» [151].

271. Гэта вельмі далікатнае пытанне, якім палітыка павінна заняцца ў першую чаргу, асабліва цяпер, калі хуткасць тэхналагічных змен, разам з апантанасцю зніжэння коштаў працы, можа ў хуткім часе прывесці да замены вялікай колькасці працоўных месцаў механічнымі прыладамі. Гэта фундаментальная праблема для грамадства, таму што праца для маладога чалавека – гэта не проста дзейнасць, накіраваная на атрыманне даходу. Гэты праяўленне чалавечай годнасці, гэта шлях сталення і сацыяльнай інтэграцыі, гэта пастаянны стымул узрастання ў адказнасці і крэатыўнасці, гэта абарона ад індывідуалізму і камфорту, а таксама праслаўленне Бога праз развіццё сваіх здольнасцяў.

272. Не кожны малады чалавек мае магчымасць вырашаць, чаму прысвяціць свае намаганні, для выканання якіх задач ён будзе выкарыстоўваць сваю энергію і свае здольнасці да наватарства. Незалежна ад уласных жаданняў, і больш таго, ад уласных здольнасцяў і распазнавання, існуюць жорсткія межы рэальнасці. Гэта праўда, што ты не можаш жыць без працы і што часам павінен прыняць тое, што знойдзеш, але ніколі не адмаўляйся ад сваіх мараў, ніколі не хавай канчаткова паклікання, ніколі не здавайся. Працягвай заўсёды шукаць хаця б частковыя або недасканалыя спосабы жыць тым, што ў сваім адчуванні лічыш праўдзівым пакліканнем.

273. Калі хтосьці адкрывае, што Бог кліча яго да нечага, што ён створаны для гэтага – напр., быць медсястрой, займацца сталярствам, сродкамі сувязі, машынабудаваннем, навучаннем, мастацтвам або якой­небудзь іншай працай – то зможа развіць свае найлепшыя здольнасці, ахвярнасць, шчодрасць і адданасць. Усведамленне, што ты не робіш рэчы проста для таго, каб іх зрабіць, але што яны маюць значэнне, бо гэта адказ на пакліканне, якое гучыць у глыбіні тваёй істоты, каб даць штосьці для іншых, ператварае гэтую дзейнасць у асаблівае адчуванне паўнаты, якое мае месца ў нашым сэрцы. Менавіта пра гэта кажа старажытная біблійная кніга Эклезіяста: «я зразумеў, што няма нічога лепшага за тое, калі чалавек радуецца сваёй працы» (3,22).

Пакліканне да спецыяльнай кансэкрацыі

274. Калі будзем зыходзіць з пераканання, што Дух Святы працягвае абуджаць пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця, то можам у імя Пана з поўным даверам «зноў закінуць сеткі». Мы можам і павінны мець мужнасць сказаць кожнаму маладому чалавеку, каб ён задумаўся над магчымасцю пайсці гэтым шляхам.

275. Часам я рабіў гэтую прапанову для маладых людзей, якія амаль з насмешкай адказвалі: «Не, абсалютна не пайду ў гэтым кірунку». Аднак праз некалькі гадоў некаторыя з іх былі ў семінарыі. Пан не можа не выканаць свайго абяцання, што не пакіне Касцёла, пазбаўленага пастыраў, без якіх ён не можа жыць і выконваць сваю місію. Нават калі некаторыя святары не даюць добрага сведчання, Пан з­за гэтага не перастае клікаць. Наадварот, ён падвойвае стаўку, таму што не перастае клапаціцца пра свой умілаваны Касцёл.

276. У распазнаванні паклікання нельга выключаць магчымасці прысвячэння сябе Богу ў святарстве, кансэкраваным жыцці або ў іншых формах кансэкрацыі. Навошта выключаць гэта? Будзь упэўнены, калі ты распазнаеш Божае пакліканне і пойдзеш за ім, то гэта стане тым, што дасць паўнату твайму жыццю.

277. Езус ідзе сярод нас, як рабіў гэта ў Галілеі. Ён праходзіць па нашых вуліцах, спыняецца і глядзіць нам у вочы, няспешна. Яго пакліканне прываблівае і зачароўвае. Сёння, аднак, з прычыны неспакою і хуткасці многіх стымулаў, якія бамбардуюць нас, не пакідаюць месца для гэтай унутранай цішыні, у якой мы заўважаем позірк Езуса і чуем Яго заклік. У бліжэйшы час ты атрымаеш шмат добра прадуманых прапаноў, якія будуць здавацца прывабнымі і дынамічнымі, але з часам яны пакінуць цябе пустым, стомленым і самотным. Не дазволь, каб гэта здарылася з табой, бо турбіна гэтага свету ўцягне цябе ў бессэнсоўную гонку, без кірунку, без выразных мэтаў. Так змарнуюцца многія твае намаганні. Лепш займіся пошукам тых абшараў спакою і цішыні, якія дазволяць табе задумацца, памаліцца, лепш прыгледзецца да свету, які цябе акружае, і тады разам з Езусам ты зможаш распазнаць сваё пакліканне на гэтай зямлі.

РАЗДЗЕЛ ІХ

РАСПАЗНАВАННЕ

278. Да тэмы распазнавання ў агульным сэнсе гэтага слова я ўжо звяртаўся ў Апостальскай адгартацыі Gaudete et exsultate. Таму цяпер дазвольце мне спыніцца на некаторых разважаннях, якія датычаць распазнавання ўласнага паклікання ў свеце.

279. Нагадваю, што ўсе, але «асабліва маладыя людзі, падвяргаюцца пастаянным скокам па каналах. Адначасова можна праглядаць два ці тры экраны і ўдзельнічаць адначасова ў розных віртуальных падзеях. Без мудрага распазнавання можна лёгка стаць марыянеткамі, закладнікамі хвілінных тэндэнцый» [152]. І гэта «становіцца асабліва важным, калі ў нашым жыцці з’яўляецца штосьці новае, калі трэба распазнаваць, ці гэта „новае віно“, якое паходзіць ад Бога, ці зманлівая навізна духа гэтага свету або духу д’ябла» [153].

280. Гэтае распазнаванне, нават калі «яно ахоплівае розум і разважлівасць, аднак, пераўзыходзіць іх, таму што яно дапамагае заўважыць таямніцы адзінага і непаўторнага плана, які Бог мае для кожнага [...] На карту пастаўлены сэнс майго жыцця адносна Айца, які ведае мяне і любіць, той сапраўдны сэнс, якому я магу прысвяціць сваё жыццё і якога ніхто не ведае лепш за Яго» [154].

281. Менавіта ў гэтым кантэксце адбываецца фарміраванне сумлення, якое дазваляе распазнаванню станавіцца больш глыбокім і ўзрастаць у вернасці Богу: «Фарміраванне сумлення – гэта працэс, які ахоплівае ўсё жыццё, калі мы вучымся развіваць тыя самыя пачуцці, якія меў Езус Хрыстус, прымаць крытэрыі Яго выбару і намеры Яго ўчынкаў (пар. Флп 2,5)» [155].

282. Гэтая фармацыя азначае гатоўнасць да таго, каб Хрыстус перамяняў нас, а таксама гатоўнасць да «рэгулярнага практыкавання дабра, што правяраецца падчас рахунку сумлення: маецца на ўвазе не толькі распазнаванне граху, але і Божай справы ў нашым штодзённым досведзе, у падзеях гісторыі і культур, у якіх мы жывём, у сведчанні многіх іншых мужчын і жанчын, якія былі перад намі або суправаджалі нас сваёй мудрасцю. Усё гэта дапамагае ўзрастаць у цноце разважлівасці, выяўляючы агульны кірунак жыцця паводле канкрэтных выбараў, маючы яснае ўсведамленне сваіх дароў і абмежаванняў» [156].

Як распазнаць сваё пакліканне

283. Праяўленнем распазнавання з’яўляецца высілак, які мы робім для таго, каб распазнаць сваё пакліканне. Гэта заданне, якое патрабуе адзіноты і цішыні, таму што гэта вельмі асабістае рашэнне, якое ніхто не можа прыняць замест нас: «Нягледзячы на тое, што Пан прамаўляе да нас па­рознаму, падчас нашай працы, праз іншых людзей і ў кожную хвіліну, нельга абысціся без цішыні больш доўгай малітвы, каб лепш успрымаць гэтую мову, каб інтэрпрэтаваць сапраўднае значэнне натхненняў, якія мы, як лічым, атрымалі, каб суняць страх і аб’яднаць усё нашае жыццё ў Божым святле» [157].

284. Гэта маўчанне не з’яўляецца формай ізаляцыі, таму што «трэба памятаць, што малітоўнае распазнаванне патрабуе гатоўнасці слухаць: Пана Бога, іншых, саму рэчаіснасць, якая кожны раз па­новаму ставіць перад намі выклікі. Толькі той, хто гатовы слухаць, можа свабодна адмовіцца ад свайго частковага і недастатковага пункту гледжання [...] У выніку ён гатовы прыняць той выклік, які ламае пачуццё ўласнай упэўненасці, але вядзе да лепшага жыцця, бо не дастаткова, каб усё развівалася добра, каб усё было спакойна. Можа так стацца, што Бог будзе даваць нам нешта большае, але з­за нашай лянівай рассеянасці, мы гэтага не распазнаем» [158].

285. Калі гаворка ідзе пра распазнаванне паклікання, то трэба задаць сабе некалькі пытанняў. Не трэба распачынаць ад разважанняў, дзе можна было б больш зарабіць ці здабыць больш славы і грамадскага прызнання, але таксама не трэба пачынаць ад разважання над тым, якое заданне дало б нам большае задавальненне. Каб не памыліцца, трэба змяніць перспектыву і спытацца ў сябе: ці я ведаю сябе па­за сваім вонкавым выглядам і пачуццямі? Ці ведаю, што дае радасць майму сэрцу, і што яго засмучае? Якія мае моцныя і слабыя бакі? Услед за гэтым тут жа з’яўляюцца наступныя пытанні: як я магу лепш служыць і быць больш карысным для свету і Касцёла? Якое маё месца на зямлі? Што я магу прапанаваць грамадству? За гэтымі пытаннямі ўзнікаюць іншыя: ці маю неабходныя здольнасці для выканання гэтай паслугі, ці магу іх набыць або развіць?

286. Гэтыя пытанні трэба задаваць не толькі сабе і адносна сваіх схільнасцяў, а больш у адносінах да іншых, адносна іх, каб распазнаванне размяшчала ўласнае жыццё ў адносінах да іншых. Таму я хачу нагадаць, як гучыць гэтае вялікае пытанне: «Колькі разоў у жыцці мы марнуем час, пытаючыся: „Хто я?“ Ты можаш задаваць сабе пытанне, хто ты, і правесці ўсё жыццё ў пошуку, хто ты. Але спытай сябе: „Для каго я жыву?“» [159]. Канешне, ты жывеш для Бога. Але Ён хацеў, каб ты жыў для іншых, і надзяліў цябе шматлікімі якасцямі, схільнасцямі, дарамі і харызмамі, якія не толькі для цябе, але і для іншых.

Сяброўскі заклік

287. Каб распазнаць сваё пакліканне, трэба спачатку прызнаць, што гэта заклік сябра – Езуса. А калі робіцца падарунак сябрам, то прыносіцца ім у дар самае лепшае. І не абавязкова, каб гэта было штосьці самае дарагое або рэдкая рэч, якую цяжка знайсці, але тое, што, як ведаем, прынясе іншай асобе радасць. Сябар мае такое яснае перакананне ў гэтым, што можа нават уявіць усмешку, з якой яго сябар будзе адкрываць атрыманы падарунак. Гэтае распазнаванне сяброўства з’яўляецца тым, што я прапаную маладым людзям, калі яны хочуць зразумець Божую волю адносна свайго жыцця.

288. Хачу, каб вы ведалі, што, калі Пан думае пра кожнага з нас, пра тое, што хацеў бы кожнаму з нас падараваць, то думае пра нас як пра сваіх сяброў. І калі вырашыць падарыць табе ласку, харызму, якая дазволіць табе жыць поўным жыццём і пераменіць цябе ў асобу, карысную для іншых, у таго, хто пакіне след у гісторыі, то напэўна з’явіцца штосьці, што зробіць цябе шчаслівым у самых патаемных кутках тваёй душы і будзе хваляваць цябе больш, чым што­небудзь іншае ў гэтым свеце. Не таму, што збіраецца падараць табе незвычайную або рэдкую харызму, але таму, што гэта будзе проста спецыяльна для цябе, з улікам усяго твайго жыцця.

289. Дар паклікання, безумоўнна, з’яўляецца патрабавальным дарам. Божыя дары патрабуюць узаемадзеяння, і для таго, каб цешыцца імі, ты павінен шмат укласці, ты павінен рызыкнуць. Але не будзе гэта абавязкам, ускладзеным кімсьці звонку, але тым, што будзе стымуляваць твой рост і пабуджаць да выбару, дзякуючы чаму гэты дар пасталее і стане дарам для іншых. Калі Пан абуджае пакліканне, Ён думае не толькі пра тое, хто ты, але і пра ўсё тое, кім ты разам з Ім і з іншымі можаш стаць.

290. Сіла жыцця і сіла асобы ўзбагачаюцца ўзаемна ў кожнай маладой асобе і пераконваюць яе выходзіць па­за межы ўсялякіх абмежаванняў. Недасведчанасць дазваляе на гэта, нават калі неўзабаве ператвараецца ў досвед, часцяком балючы. Галоўнае, навязаць кантакт з гэтым жаданнем «бясконцага распачынання, якое яшчэ не прайшло выпрабавання» [160], з бескарыслівым сяброўствам, якое нам прапануе Езус. Выбар, які прапануе нам Езус, па­за кожным законам і кожным абавязкам, гэта следаванне за Ім на ўзор сяброў, якія спрабуюць знайсці сябе, ідуць за сабою і знаходзяць сябе з ўвагі на чыстае сяброўства. Усё астатняе прыходзіць пазней, і нават жыццёвыя няўдачы могуць быць неацэнным досведам гэтага сяброўства, якое ніколі не разрываецца.

Слуханне і суправаджэнне

291. Ёсць святары, законніцы і законнікі, свецкія, спецыялісты, а таксама падрыхтаваныя маладыя людзі, якія могуць суправаджаць іншых маладых людзей у распазнаванні іх паклікання. Калі мы павінны дапамагчы іншым распазнаць іх жыццёвы шлях, то павінны ў першую чаргу выслухаць яго. А слуханне ахоплівае тры розныя і ўзаемадапаўняльныя віды ўражлівасці ці ўвагі.

292. Першая ўражлівасць ці ўвага скіраваная на асобу. Ідзе гаворка пра слуханне іншага, які дае нам сябе праз свае словы. Знакам гэтага становіцца час, прысвечаны іншаму. Пытанне не ў колькасці, але ў тым, што мой час становіцца яго часам: я патрэбны яму, каб ён мог выказаць мне тое, што хоча. Ён павінен адчуваць, што я слухаю яго безумоўна, без абразы, без скандалу, безе раздражнення, без стомы. Так слухае Пан, які ідзе разам з вучнямі ў Эмаус і спадарожнічае ім на працягу доўгага кавалку дарогі, якая вяла іх у процілеглым, няправільным, напрамку (пар. Лк 24,
13­35). Калі Езус робіць выгляд, што хоча ісці далей, хоць тыя два прыйшлі ўжо дадому, яны разумеюць, што Ён падараваў ім свой час, а таму самі таксама ахвяруюць Яму свой час, запрашаючы пагасціць. Гэтае ўважлівае і бескарыслівае слуханне падкрэслівае значэнне, якое мае для нас іншы чалавек, па­за яго ідэямі і жыццёвымі пазіцыямі.

293. Другая ўражлівасць або ўвага – гэта распазнаванне. Неабходна злавіць адпаведны момант, калі заўважаецца ласка або спакуса. Часам справы, якія пераўзыходзяць нашае ўяўленне, з’яўляюцца толькі спакусамі, якія адводзяць нас з правільнага шляху. Тут я павінен задаць сабе пытанне, што канкрэтна гэты чалавек кажа мне, што хоча сказаць, што хоча, каб я зразумеў, што адбываецца з ім? Гэта пытанні, якія дапамогуць зразумець, як узаемазвязаны паміж сабою некаторыя тэмы, а таксама адчуць цяжар і рытм пачуццяў, якія вынікаюць з гэтага. Такое слуханне скіравана на распазнанне збаўчых словаў добрага Духа, які прапануе нам праўду пра Пана, а таксама распазнаванне пастак злога духа, яго падману і ашуканства. Ты павінен мець мужнасць, пяшчоту і далікатнасць, неабходныя, каб дапамагчы іншаму адрозніць праўду ад падману або адгаворкі.

294. Трэцяя ўражлівасць або ўвага заключаецца ў слуханні імпульсаў, якія адчуваюць іншыя «наперад». Гэта глыбокае «слуханне таго, куды гэты іншы сапраўды хоча пайсці». Акрамя таго, што ты адчуваеш і думаеш цяпер і што ты рабіў у мінулым, акцэнт робіцца на тым, чым ты хацеў бы быць. Часам гэта азначае, што дадзеная асоба не звяртае асаблівай увагі на тое, што любіць, на свае павярхоўныя жаданні, але на тое, што найбольш падабаецца Пану, на Яго жыццёвы план, які выяўляецца ў натхненнях сэрца, па­за сфераю густаў і пачуццяў. У гэтым слуханні звяртаецца ўвага на канчатковы намер, які вырашае пра форму жыцця, бо існуе хтосьці такі, як Езус, які разумее і шануе гэты канчатковы намер сэрца. Таму заўсёды гатовы дапамагчы ўсім распазнаць гэта, і для гэтага дастаткова камусьці толькі сказаць: «Пане, ратуй мяне! Будзь міласэрны да мяне!»

295. Толькі тады распазнаванне становіцца інструментам барацьбы, каб лепш следаваць за Панам [161]. Такім чынам, жаданне распазнаць сваё пакліканне набывае вышэйшую інтэнсіўнасць, іншую якасць і больш высокі ўзровень, які значна лепш адпавядае годнасці самога жыцця. Паколькі, у канчатковым выніку, добрае распазнаванне – гэта шлях свабоды, якая адкрывае тое, што ўнікальнае ў кожнай асобе, тое, што з’яўляецца асабістым, што ведае толькі Бог. Іншыя не могуць у поўні зразумець і звонку прадказаць, як гэта будзе развівацца.

296. Таму той, хто так слухае іншага, у нейкі момант павінен знікнуць, каб дазволіць іншай асобе рухацца тым шляхам, які яна адкрыла. Знікае, як знік Пан з поля зроку сваіх вучняў, пакінуўшы іх сам­насам з іх палаючым сэрцам, што стала непераадольным жаданнем вырушыць у дарогу (пар. Лк 24,31­33). Пасля вяртання ў супольнасць, вучні з Эмаус атрымліваюць пацвярджэнне, што Пан сапраўды ўваскрос (Лк 24,34).

297. Паколькі «час перавышае прастору» [162], мы павінны мабілізаваць працэсы і суправаджаць, а не навязваць шлях. І гэта працэсы людзей, якія заўсёды з’яўляюцца ўнікальнымі і свабоднымі. Таму цяжка стварыць адпаведныя рэцэпты, нават, калі ўсе прыкметы з’яўляюцца станоўчымі, бо «неабходна ўважліва распазнаваць пазітыўныя фактары, каб яны не засталіся ізаляванымі і не супярэчылі сабе, каб не абсалютызавалі сваё значэнне і не змагаліся паміж сабою. Тое ж самае трэба сказаць пра адмоўныя з’явы. Нельга цалкам іх безагаворачна адкідваць, бо ў кожных з іх можа быць схавана нейкае значэнне, поўнага адкрыцця якога чакае праўда» [163].

298. Але, каб суправаджаць іншых на гэтым шляху, у першую чаргу неабходна самому ісці гэтым шляхам і мець досвед гэтага. Марыя зрабіла гэта, пераадольваючы свае пытанні і цяжкасці, калі была вельмі маладой. Няхай Яна адновіць нашую маладосць сілаю сваёй малітвы, а Яе прысутнасць як Маці няхай заўсёды суправаджае вас.

* * *

І напрыканцы… пажаданне

299. Дарагія маладыя людзі, я буду рады бачыць, што вы бяжыце хутчэй за тых павольных і пужлівых. Бяжыце, «прыцягнутыя тым, настолькі ўмілаваным Абліччам, якое мы ўшаноўваем падчас святой Эўхарыстыі і распазнаем у целе церпячага брата. Няхай Дух Святы прыспешвае вас да гэтага бегу наперад. Касцёл патрабуе вашага энтузіязму, вашых ідэй, вашай веры. Нам гэта патрэбна! І калі дойдзеце туды, куды мы яшчэ не дайшлі, будзьце цярплівымі, пачакайце нас» [164].
 

Ларэта, у санктуарыі Святога Дома,
25 сакавіка 2019 года, ва ўрачыстасць Звеставання Пана,
у сёмы год майго Пантыфікату.

ФРАНЦІШАК

 


[1]  Тое самае грэцкае слова са значэннем «новы» выкарыстоўваецца для азначэння «малады».

[2] Confessions, X, 27: PL 32, 795.

[3]Св. Ірэнэй, Adv. haer. II, 22,4: PG 7, 784.

[4] Documento Finale della XV Assemblea Generale Ordinaria del Sinodo dei Vescovi, 60. Далей ён будзе цытавацца як DF. Дакумент можна знайсці на старонцы http://www.vatican.va/roman_curia/synod/documents/rc_synod_doc_20181027_doc-final-instrumentum-xvassemblea-giovani_it.html.

[5] Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 515.

[6] Тамсама, 517.

[7] Катэхеза (27 чэрвеня 1990), 2-3, у: Jan PawełII, Dzieła zebrane, t. 8, Kraków, 2007, с.163-164.

[8] Паслясінад. апост. адгартац. Amoris laetitia (19 сакавіка 2016), 182.

[9] DF 63.

[10] Messaggio all'umanità: Ai giovani (8 снежня 1965): AAS 58 (1966), 18.

[11] Тамсама.

[12] DF 1.

[13] Тамсама, 8.

[14] Тамсама, 50.

[15] DF 53.

[16]Пар. IIВат. Сабор, Дагм. канст. пра Божае Аб’яўленне Dei Verbum, 8.

[17] DF 150 .

[18] Прамова падчас чування з моладдзю на XXXIV Сусветных днях моладзі ў Панаме (26 студзеня 2019): L’OsservatoreRomano, 28-29 gennaio 2019, 6.

[19] Малітва на заканчэнне Крыжовага шляху падчас XXXIV Сусветных дзён моладзі ў Панаме (25 студзеня 2019): L’Osservatore Romano, 27 gennaio 2019, 12.

[20] DF 65.

[21] Тамсама, 167.

[22]Св. Ян Павел II, Прамова да моладзі ў Турыне (13 красавіка 1980), 4: Insegnamenti 3, 1 (1980), 905.

[23] Бэнэдыкт XVI, Пасланне на XXVII Сусветны  дзень моладзі (15 сакавіка 2012): AAS 104 (2012), 359.

[24] DF 8.

[25] Тамсама.

[26] Тамсама, 10.

[27] Тамсама, 11.

[28] Тамсама, 12.

[29] Тамсама, 41.

[30] Тамсама, 42.

[31] Прамова да моладзі ў Маніле (18 студзеня 2015): L’Osservatore Romano, 19-20 gennaio 2015, 7.

[32] DF 34.

[33] Дакумент перадсінадальнай сустрэчы ў межах падрыхтоўкі XV Ге­не­ральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў (24 сакавіка 2018), I, 1.

[34] DF 39.

[35] Тамсама, 37.

[36] Пар. энц. Laudato si’ (24 мая 2015), 106.

[37] DF 37.

[38] Тамсама, 67.

[39] Тамсама, 21.

[40] Тамсама, 22.

[41] Тамсама, 23.

[42] Тамсама, 24.

[43] Дакумент перадсінадальнай сустрэчы ў межах падрыхтоўкі XV Гене­ральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў (24 сакавіка 2018), I, 4.

[44] DF 25.

[45] Тамсама.

[46] Тамсама, 26.

[47] Тамсама, 27.

[48] Тамсама, 28.

[49] Тамсама, 29.

[50] Прамова на заканчэнне сустрэчы «Абарона непаўналетніх у Касцёле» (24 лютага 2019): L’Osservatore Romano, 25-26 febbraio 2019, 10.

[51] DF 29.

[52] Ліст  да Божага народу (20 жніўня 2018), 2: L’Osservatore Romano, 20-21 agosto 2018, 7.

[53] DF 30.

[54] Прамова на распачацце XV Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў (3 кастрычніка 2018): L’Osservatore Romano, 5 ottobre 2018, 8.

[55] DF 31.

[56] Тамсама.

[57]II Ват. Сабор, Паст. канст. Gaudium et spes, 1.

[58] DF 31.

[59] Тамсама.

[60] Прамова на заканчэнне сустрэчы «Абарона непаўналетніх у Касцёле» (24 лютага 2019): L’Osservatore Romano, 25-26 febbraio 2019, 11.

[61]Francisco Luis Bernárdez, « Soneto», en Cielo de tierra, Buenos Aires, 1937. (Бел. тэкст – Секцыя па перакладзе).

[62] Апост. адгарт. Gaudete et exsultate (19 сакавіка 2018), 140.

[63] Гамілія падчас св. Імшы на заканчэнне XXXI Сусветных дзён моладзі ў Кракаве (31 ліпеня 2016): AAS 108 (2016), 923.

[64] Прамова падчас цырымоніі прывітання і адкрыцця XXXIV Сусветных дзён моладзі ў Панаме (24 студзеня 2019): L’Osservatore Romano, 26 gennaio 2019, 12.

[65] Апост. адгарт. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 1.

[66] Тамсама, 3.

[67] Прамова падчас чування з моладдзю на XXXIV Сусветных днях моладзі ў Панаме (26 студзеня 2019): L’Osservatore Romano, 28-29 gennaio 2019, 6.

[68] Сустрэча моладзі з папам Францішкам і Айцамі Сіноду з нагоды XV Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў (6 кастрычніка 2018): L’Osservatore Romano, 8-9 ottobre 2018, 7.

[69]Бэнэдыкт XVI, Энц. Deus caritas est (25 снежня 2005), 1.

[70]Pedro Arrupe, Enamórate.

[71]Св. Павел VI, Прамова падчас беатыфікацыі Нунцыа Сульпрыцыа (1 снежня 1963): AAS 56 (1964), 28.

[72] DF 65.

[73] Гамілія падчас св. Імшы з моладдзю ў Сіднэі (2 снежня 1970): AAS 63 (1971), 64.

[74] Confessioni, I, 1, 1.

[75] Dio è giovane. Una conversazione con Thomas Leoncini, Milano 2018, 16.

[76] DF68.

[77] Прамова да моладзі ў Кальяры (22 верасня 2013): AAS 105 (2013), 904-905.

[78] Cinque pani e due pesci. Dalla sofferenza del carcere una gioiosa testimonianza di fede, Milano 2014, 20.

[79] CONFÉRENCE DES ÉVÊQUES SUISSES, Prendre le temps: pour toi, pour moi, pour nous, 2 лютага 2018.

[80]Пар. Св. Тамаш Аквінскі, Summa Theologiae II-II, q. 23, art. 1.

[81] Прамова да валанцёраў падчас XXXIV Сусветных дзён моладзі ў Па­наме (27 студзеня 2019): L’Osservatore Romano, 28-29 gennaio 2019, 11.

[82]Св. Аскар Рамэра, Гамілія (6 лістапада 1977): Su pensamiento, I-II, San Salvador 2000, 312.

[83] Прамова падчас цырымоніі прывітання і адкрыцця XXXIV Сусветных дзён моладзі ў Панаме (24 студзеня 2019): L’Osservatore Romano, 26 gennaio 2019, 12.

[84] Пар. Майпу, Санцьяга-дэ-Чылі (17 студзеня 2018): L’Osservatore Romano, 19 gennaio 2018, 7.

[85] Пар. Romano Guardini, Le età della vita: Opera omnia IV/ 1, Brescia 2015, 209.

[86] Апост. адгарт. Gaudete et exsultate (19 marzo 2018), 11.

[87] Cantico Spirituale B, Prologo, 2.

[88] Тамсама, XIV-XV, 2.

[89]Conference Episcopal du Rwanda, Lettera dei Vescovi cattolici ai fedeli durante l'anno speciale della riconciliazione in Ruanda, Кігалі (18 студзеня 2018), 17.

[90] Прывітанне моладзі ў культурным цэнтры імя кс. Фелікса Варэля (20 верасня 2015): L’Osservatore Romano, 21-22 settembre 2015, 6.

[91] DF 46.

[92] Прамова падчас чування з моладдзю на XXVIII Сусветных днях моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра (27 ліпеня 2013): AAS 105 (2013), 663.

[93] Ustedes son la luz del mundo, Discurso en el Cerro San Cristóbal, Chile, 1940: https://www.padrealbertohurtado.cl/escritos-2/.

[94] Гамілія падчас св. Імшы на заканчэнне XXVIII Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра (28 ліпеня 2013): AAS 105 (2013), 665.

[95]Catholic Bishops' Conference of Korea, Pastoral Letter on the Occasion of the 150th Anniversary of the Martyrdom during the Byeong-in Persecution (30 сакавіка 2016).

[96]Пар. Гамілія падчас св. Імшы на заканчэнне XXXIV Сусветных дзён моладзі ў Панаме (27 студзеня 2019): L’Osservatore Romano, 28-29 gennaio 2019, 12.

[97] Малітва «Пане, учыні мяне прыладаю Твайго спакою», якая пры­пісваеццасв. Францішку Асізскаму.

[98]  Прамова падчас чування з моладдзюнаXXXIVСусветных днях моладзі ў Панаме (26 студзеня 2019): L’OsservatoreRomano, 28-29 gennaio 2019, 6.

[99] DF14.

[100] Пар. Энц. Laudato si’ (24 мая 2015), 145.

[101] Відэапасланне падчас Сусветнай сустрэчы моладзі карэнных народаў у Панаме (17-21 студзеня 2019): L’Osservatore Romano, 19 gennaio 2019, 8.

[102] DF35.

[103]Пар. Пасланне да моладзі, I, 2: PG31, 565.

[104]Пар. La saggezza del tempo. In dialogo con Papa Francesco sulle grandi questioni della vita. A cura di Antonio Spadaro, Venezia 2018.

[105] Тамсама, 12.

[106] Тамсама, 13.

[107] Тамсама.

[108] Тамсама.

[109] Тамсама, 162-163.

[110]Eduardo Pironio, Messaggio ai giovani argentini nell’incontro nazionale giovanile a Cordoba (12-15 settembre 1985), 2.

[111] DF 123.

[112] L’essenza del cristianesimo, Brescia 1984, 12.

[113] N. 165.

[114] Прамова падчас наведвання Дома «Міласэрнага самараніна» ў Панаме (27 студзеня 2019): L’Osservatore Romano, 28-29 gennaio 2019, 10.

[115] DF 36.

[116] Пар. Апост. канст. Veritatis gaudium (8 снежня 2017), 4: AAS 110 (2018), 7-8.

[117] Прамова да студэнтаў і акадэмічнай супольнасці Балонскага ўніверсітэта (1 кастрычніка 2017): AAS 109 (2017), 1115.

[118] DF 51.

[119] Тамсама, 47.

[120] Sermo 256, 3: PL 38, 1193.

[121] DF 47.

[122] Прамова да дэлегацыі «Special Olympics International» (16 лютага 2017): L’Osservatore Romano, 17 febbraio 2017, 8.

[123] Пасланне да моладзі, VIII, 11-12: PG31, 580.

[124]Conferencia Episcopal Argentina, Declaración de San Miguel, Buenos Aires, 1969, X, 1.

[125]Rafael Tello, La nueva evangelización, Tomo II (Anexos I y II), Buenos Aires, 2013, 111.

[126]Пар. Апост. адгарт. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 44-45.

[127] DF 70.

[128] Тамсама, 117.

[129] Тамсама, 4.

[130] Апост. адгарт. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 124.

[131] Тамсама, 122.

[132] DF 9.

[133] Дакумент перадсінадальнай сустрэчы моладзі для падрыхтоўкі XV Ге­неральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў (24 сакавіка 2018), 12.

[134] Тамсама, 10.

[135] DF 15.

[136]N. 2.

[137] Дагм. канст. Lumen gentium, 11.

[138] Прамова падчас чування з моладдзю на XXXIV Сусветных днях моладзі ў Панаме (26 студзеня 2019): L’Osservatore Romano, 28-29 gennaio 2019, 6.

[139] Апост. адгарт. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 273.

[140]Св. Павел VI, Энц. Populorum progressio (26 сакавіка 1967), 15: AAS 59 (1967), 265.

[141] Meditación de Semana Santa para jóvenes, напісаная на борце грузавога судна па дарозе са Злучаных Штатаў, 1946: https://www.padrealbertohurtado.cl/escritos-2/.

[142] Incontro con i giovani dell’Umbria ad Assisi (4 кастрычніка 2013): AAS 105 (2013), 921.

[143]Постсінад. апост. адгарт. Amoris laetitia (19 сакавіка 2016), 150.

[144] Udienza ai giovani della diocesi di Grenoble-Vienne, Francia (17 верасня 2018): L’Osservatore Romano, 19 settembre 2018, 8.

[145] DF 32.

[146] Сустрэча з валанцёрамі падчас XXVIII Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра (28 ліпеня 2013): Insegnamenti, 1, 2 (2013), 125.

[147]Conferencia Episcopal de Colombia, Mensaje Cristiano sobre el matrimonio (14 мая 1981).

[148]United States Conference of Catholic Bishops , Sons and Daughters of Light: A Pastoral Plan for Ministry with Young Adults, 12 лістапада 1996, I, 3.

[149]Энц. Laudato si’ (24 мая 2015),128.

[150] Тамсама,125.

[151] DF40.

[152]Энц. Gaudete et exsultate (19 сакавіка 2018),167.

[153] Тамсама, 168.

[154] Тамсама, 170.

[155] DF 108.

[156] Тамсама.

[157] Апост. адгарт. Gaudete et exsultate (19 сакавіка 2018), 171.

[158] Тамсама, 172.

[159] Прамова падчас малітоўнага чування ў межах падрыхтоўкі да XXXIV Сусветных дзён моладзі, базыліка Санта-Марыя-Маджорэ, (8 красавіка 2017): AAS 109 (2017), 447.

[160]Romano Guardini, Le età della vita: Opera omnia IV/ 1, Brescia 2015, 209.

[161] Пар. Апост. адгарт. Gaudete et exsultate (19 сакавіка 2018), 169.

[162] Апост. адгарт. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 222

[163]Св. Ян Павел II, Паслясінад. апост. адгарт. Pastores dabo vobis (25 сакавіка 1992), 10: AAS 84 (1992), 672.

[164] Разважанне на заканчэнне малітоўнага чування італьянскай моладзі ў Вялікім цырку (Circo Massimo) ў Рыме (11 жніўня 2018): L’Osservatore Romano, 13-14 agosto 2018, 6.



Copyright © Dicastero per la Comunicazione - Libreria Editrice Vaticana