Index   Back Top Print

[ AM  - AR  - BE  - BG  - CS  - DA  - DE  - EN  - ES  - FA  - FI  - FR  - HI  - HR  - HU  - HY  - IT  - JA  - KO  - LT  - LV  - ML  - NO  - PL  - PT  - RO  - RU  - SK  - SL  - SQ  - SV  - SW  - TA  - TI  - UK  - ZH ]

ЧЫН ПРЫСВЯЧЭННЯ БЕЗЗАГАННАМУ СЭРЦУ МАРЫІ

 

О Марыя, Маці Бога і наша Маці, мы звяртаемся да Цябе ў гэты неспакойны час. Ты — Маці, любіш і ведаеш нас: у нашых сэрцах няма нічога схаванага ад Цябе. Маці Міласэрнасці, мы часта спазнавалі Тваю прадбачлівую пяшчоту, Тваю прысутнасць, якая вяртае супакой, бо Ты заўсёды вядзеш нас да Езуса, Валадара супакою.

Але мы згубілі шлях супакою. Мы забыліся ўрок трагедый мінулага стагоддзя, ахвяру мільёнаў загінулых у сусветных войнах. Мы пагардзілі абавязацельствамі, узятымі на сябе супольнасцю народаў, здраджваем марам народаў аб міры і спадзяванням моладзі. Мы захварэлі прагнасцю, замкнуліся ў нацыяналістычных інтарэсах, дазволілі, каб абыякавасць зрабіла нас чэрствымі, а эгаізм — паралізаваў. Мы аддалі перавагу ігнараванню Бога, суіснаванню са сваёй маной, умацаванню агрэсіўнасці, прыгнёту людзей і назапашванню ўзбраенняў, забываючыся пра тое, што з’яўляемся ахоўнікамі нашага бліжняга і нашага агульнага дома. Мы спустошылі вайной сад Зямлі, мы паранілі грахом сэрца нашага Айца, які хоча, каб мы былі братамі і сёстрамі. Мы сталі абыякавымі да ўсіх і ўсяго, акрамя саміх сябе, і з сорамам кажам: прабач нам, Пане!

У мізэрнасці граху, у нашых цяжкасцях і кволасці, у таямніцы бруду зла і вайны, Ты, Найсвяцейшая Маці, нагадваеш нам, што Бог не пакідае нас і працягвае глядзець на нас з любоўю, прагнучы прабачыць і ўзняць нас. Гэта Ён падараваў нам Цябе і зрабіў Тваё Беззаганнае Сэрца прытулкам для Касцёла і чалавецтва. Дзякуючы Боскай дабрыні Ты — разам з намі і вядзеш нас з пяшчотай нават на самых крутых паваротах гісторыі.

Таму звяртаемся да Цябе, грукаем у дзверы Твайго Сэрца, мы, дарагія Табе дзеці, якіх Ты ніколі не стамляешся наведваць і запрашаць да навяртання. У гэты цёмны час прыйдзі падтрымаць і суцешыць нас. Паўтары кожнаму з нас: «Ці не тут я, твая Маці?» Ты ведаеш, як разблытаць клубкі нашых сэрцаў і вузлы нашага часу. Мы зноў ускладаем наш давер на Цябе. Мы ўпэўненыя, што Ты, асабліва ў хвіліну выпрабаванняў, не пагардзіш нашымі малітвамі і прыйдзеш нам на дапамогу.

Ты зрабіла так у Кане Галілейскай, паскорыла гадзіну ўмяшання Езуса і ўнесла ў свет Яго першы знак. Калі свята змянілася ў смутак, Ты сказала Яму: «Не маюць віна» (Ян 2, 3). Зноў скажы гэта Богу, о Маці, бо сёння ў нас скончылася віно надзеі, знікла радасць, стала разбаўленым братэрства. Мы згубілі чалавечнасць, мы страцілі супакой. Мы сталі здольнымі на рознага роду насілле і разбурэнне. Нам неадкладна патрэбна Тваё мацярынскае ўмяшанне.

Таму прымі, о, Маці, гэту нашу малітву.

Ты, Зорка мора, не дазволь нам патануць у буры вайны.

Ты, Каўчэг Новага Запавету, натхні задумы і шляхі прымірэння.

Ты, «Нябесная зямля», вярні Божую згоду ў свет.

Пагасі нянавісць, суціш помсту, навучы прабачэнню.

Вызвалі нас ад вайны, захавай свет ад ядзернай пагрозы.

Каралева Ружанца, абудзі ў нас патрэбу маліцца і любіць.

Каралева чалавечай сям’і, пакажы народам шлях братэрства.

Каралева супакою, прынясі ў свет супакой.

Няхай Твой плач, о Маці, узрушыць нашыя закамянелыя сэрцы. Няхай слёзы, якія Ты праліла за нас, дапамогуць расквітнець гэтай даліне, высушанай нашай нянавісцю. І няхай, пакуль яшчэ не змоўк грукат зброі, Твая малітва схіліць нас да міру. Няхай Твае матчыны рукі атуляць усіх, хто пакутуе і ўцякае пад цяжарам бомб. Няхай Твае матчыны абдымкі суцешаць усіх, вымушаных пакінуць свае дамы і сваю краіну. Няхай Тваё балеснае Сэрца скіруе нас да спагады і падштурхне адкрыць дзверы і клапаціцца пра параненае і адчужанае чалавецтва.

Найсвяцейшая Багародзіца, калі Ты стаяла пад крыжам, Езус, убачыўшы вучня побач з Табой, сказаў Табе: «Вось сын Твой» (Ян 19, 26): так Ён даверыў Табе кожнага з нас. Потым Ён сказаў вучню, кожнаму з нас: «Вось Маці твая» (27). Маці, цяпер мы прагнем прыняць Цябе ў наша жыццё і нашу гісторыю. У гэты час чалавецтва, знясіленае і збянтэжанае, стаіць пад крыжам разам з Табой. І мае патрэбу ў тым, каб даверыцца Табе, прысвяціць сябе Хрысту праз Цябе. Народы Украіны і Расіі, якія ўшаноўваюць Цябе з любоўю, звяртаюцца да Цябе, у той час як Тваё Сэрца б’ецца за іх і за ўсе народы, параненыя вайной, голадам, несправядлівасцю і галечай.

Таму мы, Маці Бога і наша Маці, урачыста давяраем і прысвячаем Твайму Беззаганнаму Сэрцу нас саміх, Касцёл і ўсё чалавецтва, асаблівым чынам Расію і Украіну. Прымі гэты наш чын, які здзяйсняем з даверам і любоўю; зрабі так, каб спынілася вайна, адары свет супакоем. Няхай «так», якое выйшла з Твайго Сэрца, адкрые дзверы гісторыі перад Валадаром супакою; мы верым, што зноў праз Тваё Сэрца прыйдзе мір. Таму прысвячаем Табе будучыню ўсёй чалавечай сям’і, патрэбы і чаканні народаў, трывогі і надзеі свету.

Няхай праз Цябе выльецца на Зямлю Божая Міласэрнасць і салодкі рытм супакою зноў будзе пазначаць нашыя дні. Жанчына «так», на якую сышоў Дух Святы, аднаві гармонію паміж намі і Богам. Ты, якая з’яўляешся «жывой крыніцай надзеі», наталі вільгаццю чэрствасць нашага сэрца. Ты саткала чалавецтва Езусу, зрабі нас рамеснікамі адзінства. Ты прайшла нашымі шляхамі, вядзі нас па сцежках супакою. Амэн.

 



Copyright © Dicastero per la Comunicazione - Libreria Editrice Vaticana