Index   Back Top Print

[ AR  - BE  - DE  - EN  - ES  - FR  - IT  - JA  - LA  - MN  - NL  - PL  - PT  - SL  - UK  - ZH_CN  - ZH_TW ]

ЭНЦЫКЛІКА

FRATELLI TUTTI

Святога Айца

Францішка

АБ БРАТЭРСТВЕ І САЦЫЯЛЬНЫМ СЯБРОЎСТВЕ

 

1. «Fratelli tutti» [1], – напісаў св. Франціашак Асізскі, звяртаючыся да ўсіх братоў і сясцёр і прапануючы ім форму жыцця, якая мае смак Евангелля. Сярод яго парад хачу падкрэсліць адну, у якой ён заахвочвае да любові, што выходзіць за межы геаграфіі і прасторы. У ёй ён называе благаслаўлёным таго, хто «свайго брата, які далёка ад яго, любіць так, быццам ён блізка» [2]. У гэтых некалькіх простых словах ён растлумачыў сутнасць адкрытага братэрства, якое дазваляе распазнаць, дацаніць і любіць кожную асобу, незалежна ад фізічнай блізкасці, незалежна ад таго месца ў свеце, дзе яна нарадзілася ці жыве.

2. Гэты святы, вядомы сваёй братэрскай любоўю, прастатой і радасцю, які натхніў мяне напісаць энцыкліку Laudato si’, зноў пабуджае мяне прысвяціць гэтую новую энцыкліку братэрству і сацыяльнаму сяброўству. Святы Францішак, які адчуваў сябе братам сонца, мора і ветру, ведаў, што яшчэ больш ён з’яднаны з тымі, хто гэтаксама жыве ў целе, як і ён. Усюды ён сеяў спакой і крочыў побач з беднымі, пакінутымі, хворымі, адкінутымі, апошнімі.

Без межаў

3. У жыцці св. Францішка ёсць такі эпізод, які паказвае нам яго бязмежнае сэрца, здольнае пераадольваць адрозненні па паходжанні, нацыянальнасці, рэлігіі або колеру скуры. Гэта яго візіт да султана Маліка аль Каміла ў Егіпце, візіт, які патрабаваў ад яго вялікага высілку з прычыны беднасці, сціплых сродкаў, вялікай адлегласці і розніцы ў мове, культуры і рэлігіі. Такое падарожжа ў той гістарычны момант, пазначаны крыжовымі паходамі, паказала яшчэ выразней веліч любові, якой ён хацеў жыць, прагнучы абняць усіх. Яго вернасць свайму Пану была прапарцыянальнай яго любові да братоў і сясцёр. Не ігнаруючы цяжкасці і небяспекі, св. Францішак пайшоў на сустрэчу з султанам з тым самым настаўленнем, якога патрабаваў ад сваіх вучняў: каб, не адмаўляючыся ад уласнай тоеснасці, «сярод сарацынаў і іншых няверуючых [...], не ўступаць у сваркі і спрэчкі, але быць падданымі кожнаму чалавечаму стварэнню дзеля Бога» [3]. У тагачасным кантэксце гэта было незвычайнае патрабаванне. Нас уражвае, шток васемсот год таму Францішак раіў пазбягаць любых формаў варожасці ці спрэчак, а таксама жыць у пакоры і па­братэрску «у падпарадкаванні» таксама тым, хто не падзяляў іх веру.

4. Ён не вёў дыялектычнай вайны, навязваючы дактрыну, але перадаваў любоў Бога. Ён зразумеў, што «Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім» ( 1 Ян 4, 16). Такім чынам ён стаў айцом усіх і абудзіў мару аб братэрскім грамадстве, бо «толькі той, хто згодны наблізіцца да іншых у іх уласным руху не дзеля таго, каб утрымаць у сваім, але каб дапамагчы ім быць у поўні сабой, сапраўды становіцца айцом» [4]. У тым свеце, поўным вартавых вежаў і абарончых муроў, гарады былі месцам крывавых войнаў паміж магутнымі родамі, тады як раслі бедныя раёны ў прадмесцях. Там Францішак атрымаў свой сапраўдны ўнутраны спакой, вызваліўся ад усялякага жадання панаваць над іншымі, стаўся адным з апошніх і імкнуўся жыць у гармоніі з усімі. Гэта дзякуючы яму ўзнікла натхненне напісаць гэтыя старонкі.

5. Мяне заўсёды турбавалі пытанні, звязаныя з братэрствам і сацыяльным сяброўствам. На прыцягу апошніх гадоў я часта звяртаўся да іх і ў розных месцах. У гэтай энцыкліцы я прагнуў сабраць многае з тых выказванняў, каб змясціць іх у больш шырокім кантэксце разважання. Больш за тое, наколькі падчас рэдагавання Laudato si’ натхненнем для мяне быў мой брат Барталамей, Праваслаўны Патрыярх, які з вялікай моцай выказваў клопат аб створанай рэчаіснасці, то ў гэтым выпадку я адчуваў асаблівае заахвочванне ад Вялікага імама Ахмада Аль­Тайіба, якога я сустрэў у Абу­Дабі, каб нагадаць, што Бог «стварыў усіх людзей роўнымі ў правах, абавязках і годнасці і паклікаў іх жыць разам як браты і сёстры» [5]. Гэта быў не толькі дыпламатычны акт, але рэфлексія, народжаная ў дыялогу і супольным удзеле. Дадзеная энцыкліка ўзнімае і развівае вялікія тэмы, што закраналіся ў тым дакуменце, які мы разам падпісалі. Я ўключыў у яе таксама, на маёй уласнай мове, шматлікія лісты і дакументы, якія я атрымаў ад многіх людзей і груп з усяго свету.

6. Наступныя старонкі не маюць на мэце падсумоўваць вучэнне аб братэрскай любові, але засяроджваюцца на ўніверсальным вымярэнні гэтай любові і яе адкрытасці для ўсіх. Прапаную гэтую сацыяльную энцыкліку як сціплы ўклад у рэфлексію, каб перад абліччам разнастайных і актуальных спосабаў выключэння і ігнаравання іншых, мы здолелі адказаць новай марай аб братэрстве і сацыяльным сяброўстве, якія не абмяжоўваюцца толькі словамі. Хоць я напісаў яе, зыходзячы са сваіх хрысціянскіх перакананняў, якія мяне ажыўляюць і сілкуюць, але стараўся зрабіць гэтае разважанне адкрытым на дыялог з усімі людзьмі добрай волі.

7. Між іншым, падчас напісання энцыклікі нечакана выбухнула пандэмія Covid­19, выкрываючы нашую ілюзорную бяспеку. Незалежна ад таго, як па­рознаму асобныя краіны адрэагавалі на гэтую сітуацыю, стала відавочнай няздольнасць да сумеснага дзеяння. Нягледзячы на нашую гіперлучнасць, выявілася раз’яднанасць, якая ўскладняла вырашэнне праблемаў, што датычылі ўсіх нас. Калі хтосьці лічыць, што неабходна было толькі палепшыць тое, што рабілі, або ўдасканаліць ужо існуючыя сістэмы і правілы, адмаўляе рэчаіснасць.

8. Горача прагну, каб у гэты час, калі нам выпала жыць, мы змаглі, шануючы годнасць кожнай чалавечай асобы, нанава ажывіць ва ўсіх сусветнае імкненне да братэрства. Ва ўсіх: «Якая неймаверная таямніца ў тым, каб марыць і ператвараць нашае жыццё ў цудоўную прыгоду. Ніхто не можа адолець жыццё ў самоце. [...] Нам патрэбная супольнасць, якая нас падтрымае, дапаможа, у якой мы дапамагаем адзін аднаму глядзець у будучыню!» [6]. Будзем жа марыць як адна чалавечая сям’я, як вандроўнікі, створаныя з таго самага чалавечага цела, як дзеці той самай зямлі, якая усіх нас прыняла, кожнага з багаццем яго веры і перакананняў, кожнага з яго ўласным голасам, усіх як братоў і сясцёр!

Раздзел І

ЗМРОК ЗАМКНЁНАГА СВЕТУ

9. Не маючы намеру зрабіць вычарпальны аналіз ані закрануць усе аспекты рэчаіснасці, у якой мы жывем, я прапаную звярнуць увагу толькі на некаторыя тэндэнцыі сучаснага свету, якія перашкаджаюць развіццю паўсюднага братэрства.

Разбітыя мары

10. На працягу дзесяцігоддзяў здавалася, што свет зрабіў высновы са шматлікіх войнаў і катастрофаў і павольна рухаецца ў кірунку розных формаў інтэграцыі. Напрыклад, узнікла мара аб аб’яднанай Еўропе, здольнай прызнаваць агульныя карані і радавацца існуючай разнастайнасці. Успомнім «моцнае перакананне айцоў­заснавальнікаў Еўрапейскага саюза, якія прагнулі, каб будучыня абапіралася на здольнасці да супольнай дзейнасці дзеля пераадолення падзелаў і падтрымцы спакою і братэрства сярод усіх народаў кантыненту» [7]. Узмацнілася таксама імкненне да лацінаамерыканскай інтэграцыі, і распачаўся рух у гэтым накірунку. У іншых краінах і рэгіёнах былі плённыя спробы ўсталявання спакою і збліжэння, а таксама іншыя ініцыятывы, якія выглядалі вельмі перспектыўна.

11. Аднак гісторыя паказвае сваю схільнасць да паўтарэння. Разгараюцца спрадвечныя канфлікты, якія лічыліся пераадоленымі. Адраджаецца блізарукі, экстрэмісцкі, помслівы і агрэсіўны нацыяналізм. У некаторых краінах ідэя еднасці народу і нацыі, прасякнутая рознымі ідэалогіямі, стварае новыя формы эгаізму і страты сацыяльнага сэнсу, хаваючыся за маскай уяўнай абароны нацыянальных інтарэсаў. Гэта нагадвае нам, што «кожнае пакаленне павінна атаясамлівацца з барацьбой і дасягненнямі папярэдніх пакаленняў і абіраць напрамак да яшчэ больш узнёслых мэтаў. Вось шлях. Нельга дасягнуць дабра, а таксама любові, справядлівасці і салідарнасці раз і назаўсёды; вы павінны здабываць іх кожны дзень. Нельга задавольвацца тым, што ўжо было дасягнута ў мінулым, і толькі карыстацца гэтым. Такое стаўленне прывядзе нас да ігнаравання таго, што многія з нашых братоў надалей пакутуюць з прычыны несправядлівых сітуацый, якія патрабуюць нашага ўмяшання» [8].

12. Сёння выраз «адкрытасць свету» прысвоены сферамі эканомікі і фінансаў і мае на ўвазе толькі адкрытасць для замежных інтарэсаў або для свабоды інвестыцый з боку эканамічных сіл без перашкодаў і ўскладненняў ва ўсіх краінах. Мясцовыя канфлікты і адсутнасць увагі да агульнага дабра выкарыстоўваюцца сусветнай эканомікай для навязвання аднастайнай культурнай мадэлі. Гэтая культура аб’ядноўвае свет, але падзяляе людзей і нацыі, бо «грамадства, якое штораз больш глабалізуецца, збліжае нас, аднак не робіць братамі» [9]. Мы як ніколі вельмі самотныя ў гэтым масавым свеце, які аддае перавагу індывідуальным інтарэсам і аслабляе вымярэнне супольнага жыцця. У большасці, у ім расце колькасць рынкаў, дзе людзі адыгрываюць ролю спажыўцоў або назіральнікаў. Развіццё такой глабалізацыі звычайна ўмацоўвае тоеснасць моцных, якія абараняюць саміх сябе, але вядзе да размыцця тоеснасці самых слабых і бедных рэгіёнаў, робячы іх больш безабароннымі і залежнымі ад іншых. Такім чынам, палітыка становіцца ўсё больш крохкай перад транснацыянальнымі эканамічнымі сіламі, якія прытрымліваюцца прынцыпу «падзяляй і ўладар».

Канец гістарычнай свядомасці

13. Па той жа прычыне падсычаецца працэс страты гістарычнага сэнсу, што вядзе да далейшага распаду. Мы бачым, як у сённяшнюю культуру пранікае свайго роду «дэканструктывізм», паводле якога чалавечая свабода спрабуе будаваць усё з нуля. Нязменнай застаецца толькі патрэба ў неабмежаваным спажыванні і акцэнтаванне разнастайных формаў беззмястоўнага індывідуалізму. Гэтага датычыць мая парада маладым людзям: «Калі нейкая асоба звяртаецца да вас і кажа, каб вы ігнаравалі гісторыю, каб не цанілі вопыт старэйшых, пагарджалі ўсім мінулым і глядзелі толькі ў будучыню, якую яна вам прапануе, ці ж гэта не прасцейшы спосаб, каб здабыць вас для сябе, каб вы рабілі тое, што яна вам кажа? Гэтай асобе неабходна, каб вы былі пустымі, без каранёў, каб давяралі толькі яе абяцанням і падпарадкоўваліся яе планам. Так дзейнічаюць ідэалогіі розных колераў, якія знішчаюць (або дэканструююць) усё, што іншае, і, такім чынам, могуць дамінаваць без перашкодаў. Для гэтага ім патрэбныя маладыя людзі, якія пагарджаюць гісторыяй, адкідаюць духоўнае і чалавечае багацце, якое перадавалася пакаленнямі, якія ігнаруюць усё, што было да іх» [10].

14. Гэта новыя формы культурнай каланізацыі. Не будзем забываць, што «народы, якія адмаўляюцца ад сваёй традыцыі, і з прычыны маніі пераймання, навязвання насілля, недаравальнага занядбання ці апатыі дазваляюць вырваць сабе душу, губляюць разам з духоўнай тоеснасцю таксама маральную цэласнасць і, урэшце, ідэалагічную, эканамічную і палітычную незалежнасць» [11]. Эфектыўны спосаб размыць гістарычную свядомасць, крытычнае мысленне, барацьбу за справядлівасць і інтэграцыйныя памкненні – гэта пазбавіць вялікія словы іх значэння ці маніпуляваць імі. Што сёння азначаюць такія словы, як дэмакратыя, свабода, справядлівасць, адзінства? Імі маніпулявалі, іх сэнс скажалі, каб ужываць як інструменты панавання, як пустыя загалоўкі, якія могуць быць выкарыстаны для апраўдання любых дзеянняў.

Без праекту для ўсіх

15. Найлепшы спосаб пачаць валадарыць і павялічваць свой бязмежны ўплыў – гэта сеяць роспач і абуджаць пастаянны недавер, нават калі гэта прыхавана пад маскай абароны нейкіх каштоўнасцяў. Сёння ў многіх краінах выкарыстоўваецца палітычны механізм абвастрэння, раздражнення і палярызацыі. Самымі рознымі шляхамі іншым адмаўляюць у праве на існаванне і на выказванне свайго меркавання. Гэтаму служыць стратэгія іх высмейвання, абвінавачвання і крытыкі. Праўда і каштоўнасці, якія яны нясуць, застаюцца незаўважанымі, і ў выніку грамадства становіцца бяднейшым і падпарадкоўваецца дыспатызму моцных. Такога роду палітыка ўжо не з’яўляецца здаровай дыскусіяй на тэму доўгатэрміновых праектаў, скіраваных на развіццё ўсіх людзей і на агульнае дабро, але толькі эфемернымі маркетынгавымі рэцэптамі, якія знаходзяць найбольш эфектыўныя рэсурсы ў знішчэнні іншага. У такой нікчэмнай гульні дыскваліфікацыі дыскусія перараджаецца ў пастаяннае рознагалоссе і канфрантацыю.

16. У гэтым канфлікце інтарэсаў, які ставіць нас усіх супраць усіх, у якім перамога становіцца сінонімам знішчэння, як можна ўзняць галаву, каб распазнаць бліжняга або дапамагчы таму, хто ўпаў у дарозе? Праект вялікіх мэтаў развіцця ўсяго чалавецтва гучыць сёння як трызненне. Адлегласці паміж намі растуць, а цяжкае і павольнае вандраванне да з’яднанага і больш справядлівага свету перажывае новы і драматычны рэгрэс.

17. Клопат аб свеце, у якім мы жывем, азначае клопат пра нас саміх. Але мы павінны стаць «мы», якія жывуць у агульным доме. Клопат такога роду не цікавіць эканамічныя сілы, якія шукаюць хуткіх прыбыткаў. Галасы абаронцаў навакольнага асяроддзя часта стараюцца заглушыць ці высмеяць, а рацыянальным прадставіць тое, што з’яўляецца толькі прыватным інтарэсам. У той павярхоўнай, недальнабачнай, пазбаўленай агульнага бачання культуры, якую мы ствараем, «можна прадбачыць, што выпадкі вычарпання некаторых рэсурсаў могуць стаць апраўданнем новых войнаў, замаскіраваных высакароднымі памкненнямі» [12].

Глабальнае адкідванне

18. Здавалася б, што частку чалавецтва можна ахвяраваць на карысць выбару, які фаварызуе сацыяльную групу, якая заслугоўвае на жыццё без абмежаванняў. Сапраўды, «людзі больш не разглядаюцца як асноўная каштоўнасць, якую трэба паважаць і абараняць, асабліва калі яны бедныя ці людзі з абмежаванымі магчымасцямі, калі яны „яшчэ непатрэбныя” – як ненароджаныя дзеці, – або „ўжо непатрэбныя” – як пажылыя людзі. Мы сталі нячулымі да розных формаў марнатраўства, пачынаючы з марнавання ежы, што найбольш засмучае» [13].

19. Зніжэнне нараджальнасці, якое вядзе да старэння насельніцтва, разам з пакінутасцю пажылых людзей у балючай адзіноце ўскосна сведчаць, што на нас усё заканчваецца, што лічацца толькі нашыя асабістыя інтарэсы. Таму «адкідамі становяцца не толькі прадукты харчавання і лішнія рэчы, але часта самі людзі» [14]. Мы бачылі, што сталася з пажылымі людзьмі ў некаторых частках свету з прычыны каранавіруса. Яны не павінны так паміраць. Аднак на самай справе штосьці падобнае здарылася ўжо раней, у перыяды анамальнай спёкі ці іншых абставінаў: людзей адкідалі вельмі жорстка. Мы нават не ўсведамляем, што ізаляцыя пажылых людзей і пакіданне іх пад апекай чужых, без адпаведнага і блізкага суправаджэння з боку сям’і, калечыць і збядняе саму сям’ю. Больш за тое, пазбаўляе маладых людзей неабходнага кантакту з іх каранямі і мудрасцю, якую моладзь не можа набыць уласнымі сіламі.

20. Гэтае адкідванне выяўляецца па­рознаму, напрыклад, у апантаным скарачэнні кошту працы без уліку сур’ёзных у выніку гэтага наступстваў, бо беспрацоўе – як непасрэдны вынік – пашырае межы беднасці [15]. У дадатак, гэтае адкідванне прымае агідныя формы, якія нібыта засталіся ў мінулым, такія як расізм, які пастаянна хаваецца і з’яўляецца наноў. Праявы расізму выклікаюць у нас сорам, паказваючы, што меркаваны сацыяльны прагрэс зусім не такі рэальны і гарантаваны раз і назаўсёды.

21. Існуюць эканамічныя законы, якія эфектыўна паспрыялі развіццю, хоць у галіне інтэгральнага развіцця чалавека яны не былі настолькі паспяховымі [16]. Багацце павялічылася, але ва ўмовах няроўнасці «нараджаюцца новыя формы беднасці» [17]. Калі кажам, што сучасны свет зменшыў беднасць, то вымяраем яе неактуальнымі крытэрыямі, якія не адпавядаюць сучаснаму стану рэчаў. Так, калісьці, напрыклад, адсутнасць доступу да электрычнай энергіі не лічылася прыкметай беднасці і не была прычынай асаблівага цяжару. Беднасць заўсёды трэба аналізаваць і разумець у кантэксце рэальных магчымасцяў дадзенага гістарычнага моманту.

Правы чалавека недастаткова ўніверсальныя

22. Часта сцвярджаецца, што правы чалавека насамрэч не для ўсіх роўныя. Пашана правоў чалавека з’яўляецца «перадумовай сацыяльнага і эканамічнага развіцця краіны. Калі паважаецца годнасць чалавека, а яго правы прызнаюцца і гарантуюцца, развіваецца таксама крэатыўнасць і прадпрымальніцтва, а чалавек мае магчымасць развіваць разнастайныя ініцыятывы дзеля агульнага дабра» [18]. Тым не менш, «уважлівае назіранне за нашым сучасным грамадствам выкрывае шматлікія супярэчнасці, якія прымушаюць задумацца, ці сапраўды роўная годнасць усіх людзей, урачыста абвешчаная 70 год таму, прызнаецца, шануецца, захоўваецца і падтрымліваецца ў любых абставінах. У свеце працягваецца несправядлівасць у розных формах, якія ўмацоўваюцца праз звужэнне антрапалагічнага бачання і эканамічную мадэль, заснаваную на прыбытку, які не саромеецца эксплуатаваць, адкідваць і нават забіваць чалавека. Калі адна частка чалавецтва жыве ў дабрабыце, то другая частка спазнае непрызнанне сваёй годнасці, пагарду ці патаптанне, а яе асноўныя правы ігнаруюцца або парушаюцца» [19]. Што гэта нам кажа на тэму роўнасці правоў, якая засноўваецца на той самай чалавечай годнасці?

23. Таксама арганізацыя грамадстваў па ўсім свеце надалей далёкая ад таго, каб наглядна прадэманстраваць, што жанчыны маюць такую ж годнасць і правы, як і мужчыны. Словы кажуць адно, але рашэнні і рэчаіснасць сведчаць пра іншае. Сапраўды, «удвая бедныя жанчыны, якія церпяць з прычыны адкінутасці, злоўжывання і гвалту, бо часта маюць меншыя магчымасці для абароны сваіх правоў» [20].

24. Нам варта таксама прызнаць, што і цяпер, «хоць міжнародная супольнасць прыняла шматлікія пагадненні аб спыненні рабства ва ўсіх яго формах і ініцыявала розныя стратэгіі барацьбы з ім, сёння мільёны людзей – дзяцей, мужчын і жанчын усіх узростаў – усё яшчэ пазбаўлены свабоды і вымушаны жыць ва ўмовах, набліжаных да рабства. [...] Сёння, як і ў мінулым, у аснове рабства ляжыць такое паняцце чалавечай асобы, якое дазваляе разглядаць яе як аб’ект. [...] Чалавечая асоба, створаная на вобраз і падабенства Божае, пазбаўленая свабоды сілай, падманам, фізічным або псіхічным прымусам, становіцца таварам, уласнасцю іншага; лічыцца сродкам, а не мэтай». Крымінальныя сеткі «ўмела выкарыстоўваюць сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі для прыцягнення дзяцей і моладзі ў кожным кутку свету» [21]. Вар’яцтва не мае межаў, калі жанчыну ператвараюць у прадмет, а затым прымушаюць да аборту. Агідна, што даходзіць да выкрадання людзей, каб прадаць іх органы. Усё гэта робіць гандаль людзьмі і іншыя сучасныя формы рабства глабальнай праблемай, да якой усё чалавецтва павінна ставіцца сур’ёзна, бо «як злачынныя арганізацыі выкарыстоўваюць глабальныя сеткі для дасягнення сваіх мэтаў, так і дзеянні па барацьбе з імі патрабуюць сумесных і глабальных намаганняў розных суб’ектаў, з якіх складаецца грамадства» [22].

Канфлікт і страх

25. Войны, замахі, расавыя або рэлігійныя пераследы, а таксама шматлікія злачынствы супраць чалавечай годнасці ацэньваюцца па­рознаму ў залежнасці ад таго, адпавядаюць яны канкрэтным інтарэсам, пераважна эканамічным, ці не. Тое, што з’яўляецца праўдай, калі гэта выгадна моцнаму, перастае быць праўдай тады, калі не прыносіць яму карысці. Такія віды гвалту «настолькі распаўсюджваюцца ў многіх рэгіёнах свету, што гэтую з’яву можна назваць «трэцяй фрагментарнай сусветнай вайной» [23].

26. Нічога дзіўнага, калі мы заўважаем адсутнасць гарызонтаў, якія маглі б нас злучыць, бо ў кожнай вайне разбураецца «сам праект братэрства, упісаны ў пакліканне чалавечай сям’і», і таму «кожная пагроза выклікае недавер і засяроджванне на ўласнай сітуацыі» [24]. Такім чынам, наш свет развіваецца ў бессэнсоўнай дыхатаміі, уяўляючы сабе «забеспячэнне стабільнасці і міру на аснове фальшывай бяспекі, падмацаванай ментальнасцю страху і недаверу» [25].

27. Парадокс у тым, што ёсць старыя праблемы, якія не былі пераадоленыя тэхналагічным развіццём; больш за тое, ім удалося затаіцца і ўмацаваць свае пазіцыі з дапамогай новых тэхналогій. І сёння за сцяной старажытнага горада – бездань, тэрыторыя невядомага, пустыня. Тое, што паходзіць адтуль, не выклікае даверу, бо яно невядомае, не належыць паселішчу. Гэта тэрыторыя «варварскага», ад якога трэба бараніцца любым коштам. У выніку ўзнікаюць новыя бар’еры самаабароны, таму сам па сабе свет ужо не існуе, а ёсць толькі «мой» свет; да такой ступені, што многія людзі ўжо не лічацца людзьмі з іх неад’емнай годнасцю, а становяцца проста «імі». Зноў з’яўляецца «спакуса стварыць культуру муроў, будаваць муры – муры ў сэрцы, муры на зямлі, каб зрабіць намагчымай сустрэчу з іншымі культурамі, з іншымі людзьмі. А той, хто ўзносіць мур, хто будуе мур, стане у рэшце рэшт рабом муроў, якія сам пабудаваў, без гарызонтаў. Таму што не хапае яму той неаднастайнасці» [26].

28. Самотнасць, страх і няўпэўненасць многіх людзей, якія пачуваюцца пакінутымі сітэмай, ствараюць падатлівы грунт для мафіі. Яны выступаюць «абаронцамі» забытых, часта нават праз розныя формы дапамогі, аднак на мэце маюць толькі свае злачынныя інтарэсы. Існуе тыповая мафіёзная педагогіка, якая ў фальшывым духу супольнасці стварае повязі залежнасці і падпарадкавання, ад якіх вельмі складана вызваліцца.

Глабалізацыя і прагрэс без агульнага курсу

29. З вялікім імамам Ахмадам Аль­Тайібам мы не ігнаруем станоўчыя змены ў навуцы, тэхналогіях, медыцыне, прамысловасці і дабрабыце, асабліва ў развітых краінах. Аднак мы падкрэсліваем, што «акрамя гэтых вялікіх і каштоўных гістарычных дасягненняў, якімі яны і з’яўляюцца, існуе і маральная сапсаванасць, якая ўплывае на міжнародныя дзеянні, а таксама заняпад духоўных каштоўнасцяў і адказнасці. Усё гэта прычыняецца да агульнага пачуцця расчаравання, ізаляцыі і адчаю [...]. Узнікаюць гарачыя кропкі напружанасці, назапашваецца зброя і боепрыпасы, і ўсё гэта ў міравой сітуацыі, у якой дамінуюць няўпэўненасць, расчараванне, страх за будучыню і якая кантралюецца недальнабачнымі эканамічнымі інтарэсамі. Мы таксама заўважаем […] сур’ёзныя палітычныя крызісы, несправядлівасць і адсутнасць сумленнага размеркавання прыродных рэсурсаў. [...] Ва ўмовах такіх крызісаў, якія вядуць да галоднай смерці мільёны дзяцей, знясіленых галечай і нястачай ежы, на міжнародным узроўні пануе незразумелая цішыня» [27]. У гэтым кантэксце, хаця нас захапляюць шматлікія дасягненні, мы не бачым сапраўды чалавечага курсу.

30. У сучасным свеце пачуццё прыналежнасці да адной і той жа чалавечай супольнасці слабне, і мара пра пабудову справядлівасці і спакою выглядае ўтопіяй з іншай эпохі. Мы бачым абыякавасць камфорту, халодную і глабалізаваную, якая нараджаецца з глыбокага расчаравання, што крыецца за падманлівай ілюзіяй: у веры, што мы можам быць усемагутнымі, забываючы аб тым, што ўсе мы знаходзімся ў адным чаўне. Расчараванне, якое адмаўляе вялікія братэрскія каштоўнасці, вядзе да «своеасаблівага цынізму. Вось якая спакуса ўзнікае перад намі, калі мы ідзем шляхам, які паказвае нам неспаўненне ілюзій і расчараванне. [...] Ізаляцыя і замкнёнасць у сабе ці ў коле сваіх спраў ніколі не стануць шляхам абуджэння надзеі і аднаўлення, ім стануць толькі блізкасць, культура сустрэчы. Ізаляцыя – не; блізкасць – так. Культура канфлікту – не; культура сустрэчы – так» [28].

31. У гэтым свеце, які мкне без агульнага курсу, мы дыхаем атмасферай, у якой «дыстанцыя паміж апантаным імкненнем да ўласнага дабрабыту і агульным шчасцем чалавецтва, здаецца, павялічваецца; гэта нават прымушае нас думаць, што паміж асобай і чалавечым грамадствам ужо існуе сапраўдны раскол. [...] Адна справа адчуваць сябе змушаным жыць разам, а другая – цаніць багацце і прыгажосць насення супольнага жыцця, якое трэба разам шукаць і гадаваць» [29]. Тэхналогіі пастаянна развіваюцца, але «як было б цудоўна, калі б развіццё навуковых і тэхналагічных інавацый суправаджалася таксама ростам справядлівасці і сацыяльнай інтэграцыі! Як было б цудоўна, калі б, адкрываючы новыя далёкія планеты, мы зноў адкрылі для сябе патрэбы брата і сястры на сваёй арбіце» [30].

Пандэміі і іншыя гістарычныя бедствы

32. Гэта праўда, што глабальная трагедыя пандэміі Covid­19 на нейкі час абудзіла разуменне таго, што мы з’яўляемся сусветнай супольнасцю, што плыве ў адным чаўне, у якім няшчасце аднаго шкодзіць усім. Мы памятаем, што ніхто не ўратуецца сам, можна ўратавацца толькі разам. Вось чаму я сказаў, што «бура выкрывае нашую слабасць і выкрывае тую ілжывую і павярхоўную ўпэўненасць, з якой мы стваралі нашыя планы, праекты, звычаі і прыярытэты. [...] Калі прыйшла бура, упала заслона стэрэатыпаў, якімі мы, заўсёды занепакоеныя ўласным выглядам, прыкрывалі нашае „я”; адкрылася наноў тая (благаслаўлёная) агульная прыналежнасць, ад якой мы не можам ухіліцца – прыналежнасць як братоў» [31].

33. Свет няўмольна рухаўся да эканомікі, якая, карыстаючыся тэхналагічнымі дасягненнямі, імкнулася паменшыць «чалавечыя выдаткі», а некаторыя хацелі, каб мы паверылі, што дастаткова будзе свабоды рынку, каб усё можна было лічыць бяспечным. Але цяжкі і нечаканы ўдар гэтай пандэміі, якая выйшла з­пад кантролю, прымусіў нас думаць больш пра ўсіх людзей, чым пра карысць некаторых з іх. Сёння мы можам прызнаць, што «кармілі сябе марамі пра пышнасць і веліч, а прыйшлі да спажывання забаваў, закрытасці і самоты. Мы прагна накінуліся на сацыяльныя сеткі і страцілі смак братэрства. Мы імкнуліся да хуткага і надзейнага выніку, а прыгнятае нас нецярплівасць і непакой. Будучы вязнямі віртуальнага свету, мы страцілі смак і водар рэчаіснасці» [32]. Выкліканыя пандэміяй цярпенне, няпэўнасць, страх і ўсведамленне ўласных абмежаванняў патрабуюць пераасэнсавання нашага стылю жыцця, нашых адносінаў, арганізацыі нашых грамадстваў і перадусім сэнсу нашага жыцця.

34. Калі ўсё ў свеце ўзаемазвязана, цяжка ўявіць, што гэтая глабальная катастрофа не мае нічога агульнага з нашым стаўленнем да рэчаіснасці, з імкненнем да абсалютнага кантролю над жыццём і ўсім існуючым. Я не хачу сказаць, што гэта нейкае Божае пакаранне. Таксама недастаткова сцвердзіць, што шкода, нанесеная прыродзе, у рэшце рэшт вяртаецца да нас. Стогне і бунтуецца сама рэчаіснасць. У гэтым кантэксце прыгадваюцца славутыя радкі паэта Вергілія, якія выклікаюць слёзы і паўсюдны сум душы [33].

35. Аднак мы хутка забываемся на ўрокі гісторыі, «настаўніцы жыцця» [34]. Пасля заканчэння крызісу ў сферы здароўя найгоршай рэакцыяй было б яшчэ большае ўваходжанне ў ліхаманку спажывальніцтва і ў новыя формы эгаістычнага самазахавання. Дай Бог, каб урэшце не было ўжо «іншых», а толькі «мы». Каб не было гэта чарговай сур’знай гістарычнай падзеяй, з якой мы не здолеем атрымаць урок. Каб мы не забылі пра пажылых людзей, якія памерлі з­за адсутнасці рэспіратараў, часткова ў выніку разбурэння з году ў год сістэм аховы здароўя. Каб такія вялікія пакуты не былі марнымі, каб мы перайшлі да новага ладу жыцця і раз і назаўсёды ўсвядомілі, што мы патрэбныя адзін аднаму, што мы даўжнікі адзін перад адным, каб чалавецтва адрадзілася з усімі сваімі тварамі, рукамі і галасамі, незалежна ад межаў, якія мы стварылі.

36. Калі нам не ўдасца аднавіць агульны запал да стварэння супольнасці прыналежнасці і салідарнасці, якой трэба прысвяціць час, намаганні і рэсурсы, глабальная ілюзія, якая ўводзіць нас у зман, развеецца і пакіне многіх у палоне тугі і пусткі. Больш за тое, нельга наіўна ігнараваць той факт, што «апантанасць спажывецкім стылем жыцця, асабліва, калі вельмі нямногія могуць так жыць, можа справакаваць толькі насілле і ўзаемнае знішчэнне» [35]. «Ратуйся, хто можа» хутка будзе зведзена да «ўсе супраць усіх», а гэта будзе горш, чым пандэмія.

Адсутнасць чалавечай годнасці на межах

37. Некаторыя папулісцкія палітычныя рэжымы і ліберальныя эканамічныя пазіцыі настойваюць на тым, што трэба любым коштам пазбягаць наплыву мігрантаў. У той жа час мяркуецца, што трэба скараціць дапамогу бедным краінам, каб яны дасягнулі дна і прынялі рашэнне скараціць свае выдаткі. Пры гэтым не ўлічваецца, што за гэтымі абстрактнымі выказваннямі, якія цяжка падтрымаць, вялікая колькасць жыццяў пастаўлена на карту. Многія ратуюцца ад вайны, пераследу і стыхійных бедстваў. Іншыя, згодна з усімі законамі, «шукаюць шанс для сябе і сваіх сем’яў. Мараць пра лепшую будучыню і жадаюць стварыць умовы дзеля яе дасягнення» [36].

38. На жаль, іншыя, «якіх прыцягвае заходняя культура, маюць часам нерэалістычныя чаканні, якія прыводзяць іх да сур’ёзнага расчаравання. Гандляры людзьмі, пазбаўленыя дакораў сумлення, часта звязаныя з наркакартэлямі і кантрабандай зброі, выкарыстоўваюць слабасць мігрантаў, якія на сваім шляху вельмі часта сутыкаюцца з гвалтам, гандлем людзьмі, псіхалагічным і фізічным насіллем і неапісальнымі пакутамі» [37]. Мігранты «спазнаюць аддзяленне ад асяроддзя свайго паходжання, а часта нават культурнае і рэлігійнае выкараненне. Адбываецца таксама разрыў кантактаў з супольнасцямі іх паходжання, якія губляюць найбольш энергічных і прадпрымальных чальцоў, а таксама з сем’ямі, у прыватнасці, калі мігруе адзін ці абодва бацькі, пакідаючы сваіх дзяцей у краіне паходжання» [38]. Таму таксама «раней за права на эміграцыю трэба рэалізаваць права на неэміграцыю, гэта значыць, на магчымасць застацца на сваёй зямлі» [39].

39. Горш за тое, «у некаторых краінах прыбывання міграцыя выклікае трывогу і неспакой, што часта нагнятаецца і выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах. Так распаўсюджваецца менталітэт ксенафобіі, закрытасці і індывідуалізму» [40]. Мігрантаў лічаць недастаткова годнымі ўдзелу ў грамадскім жыцці на адным ўзроўні з іншымі, і забываюцца, што ім уласцівая такая ж годнасць, як і любому іншаму чалавеку. Таму яны павінны «адыграць вядучую ролю ў сваім адкупленні» [41]. Ніхто наўпрост не адмаўляе, што яны з’яўляюцца людзьмі, але на практыцы, праз прыняцце рашэнняў і ў спосабе абыходжання з імі, дэманструецца перакананне, што яны менш каштоўныя, менш важныя і менш людскія. Непрымальна, каб хрысціяне падзялялі падобны менталітэт і такое стаўленне, дапускаючы часам, што некаторыя палітычныя прэферэнцыі робяцца больш важкімі за глыбокія перакананні ўласнай веры: неад’емная годнасць кожнай чалавечай асобы, незалежна ад яе паходжання, колеру скуры ці веравызнання, і найвышэйшы закон братэрскай любові.

40. «Міграцыйныя працэсы ў большай ступені, чым дагэтуль, будуць утвараць аснову будучыні свету» [42]. Але сёння яны сутыкнуліся са «стратай пачуцця братэрскай адказнасці, якая з’яўляецца асновай любой грамадзянскай супольнасці» [43]. Напрыклад, Еўропа сур’ёзна рызыкуе пайсці гэтым шляхам. Аднак, «пры дапамозе сваёй вялікай культурнай і рэлігійнай спадчыны, яна валодае інструментамі, якія дазваляюць абараніць цэнтральную ролю чалавечай асобы і знайсці адпаведную раўнавагу паміж абодвума маральнымі абавязкам: абавязкам абараняць правы сваіх грамадзянаў і абавязкам аказваць дапамогу і гасціннасць імігрантам» [44].

41. Разумею, што некатрыя маюць сумненні і страх перад мігрантамі. Лічу гэта часткай прыроднага інстынкту самаабароны. Але праўда і тое, што чалавек і народ прыносяць плён толькі тады, калі могуць творча адкрыцца на іншых. Заахвочваю выйсці па­за гэтыя першасныя рэакцыі, бо «праблема паўстае тады, калі гэтыя рэакцыі абумоўліваюць наш спосаб мыслення і дзеяння настолькі, што мы становімся неталерантнымі, закрытымі, а магчыма нават – не разумеючы гэтага – становімся расістамі. Так страх пазбаўляе нас жадання і здольнасці сустракацца з бліжнімі» [45].

Ілюзія камунікацыі

42. Парадаксальным чынам, разам з пашырэннем паставы закрытасці і нецярпімасці, якая ізалюе нас ад іншых людзей, міжасабовая дыстанцыя скарачаецца ці знікае да такой ступені, што права на прыватнасць перастае існаваць. Усё становіцца своеасаблівым спектаклем, за якім можна сачыць і назіраць, і чалавечае жыццё апынаецца пад пастаянным кантролем. Праз лічбавую камунікацыю імкнуцца ўсё паказаць, а кожная асоба становіцца аб’ектам позіркаў, часцей ананімных, якія вышукваюць, выкрываюць і распаўсюджваюць. Павага да іншага чалавека цалкам руйнуецца, і менавіта па прычыне таго, што я адштурхоўваю кагосьці, ігнарую і трымаюся на дыстанцыі, я магу бессаромна ўварвацца ў яго жыццё аж да скрайнасці.

43. З іншага боку, рухі лічбавай нянавісці і знішчэння не з’яўляюцца, як пераконваюць некаторыя, лепшай формай узаемадапамогі, а выключна нетрывалымі саюзамі супраць нейкага ворага. Хутчэй за ўсё, «лічбавыя медыі могуць падвяргаць рызыцы залежнасці, ізаляцыі і паступовай страце кантакту з рэальнасцю, што перашкаджае развіццю сапраўдных міжчалавечых адносінаў» [46]. Фізічныя жэсты, міміка, паўзы, мова цела і нават пах, дрыжанне рук, чырвань шчок, пот – гэта неабходныя і вымоўныя праявы міжчалавечай камунікацыі. Віртуальныя кантакты, якія вызваляюць ад стамляючага культывавання сяброўства, пастаяннага ўзаемадзеяння і згодгасці, якая паступова сталее, маюць толькі выгляд сяброўскіх кантактаў. На самай справе яны не будуюць «нас», але зазвычай маскіруюць і ўзмацняюць той самы індывідуалізм, які знаходзіць сваё выражэнне ў ксенафобіі і пагардзе да слабых. Лічбавых кантактаў недастаткова для пабудовы мастоў, яны не здольныя аб’яднаць чалавецтва.

Бессаромная агрэсія

44. Людзі, баронячы сваю спажывецкую і камфортную ізаляцыю, выбіраюць пастаянную і апантаную прывязанасць. Гэта спрыяе нарастанню надзвычайных формаў агрэсіі, абвінавачванняў, здзекаў, дыскрэдытацыі, вербальнага бічавання аж да знішчэння іншай асобы з такой лютасцю, якая не магла б існаваць у рэальным кантакце, бо мы ўсе знішчылі б адзін аднаго. Сацыяльная агрэсія знаходзіць у мабільных прыладах і кампутарах магчымасць беспрэцэдэнтнага пашырэння.

45. Гэта дазваляе ідэалогіям адкінуць любы сорам. Тое, што ўсяго некалькі гадоў таму нельга было пра каго­небудзь сказаць без рызыкі страціць павагу ўсяго свету, цяпер агучваецца ў самых жорсткіх выразах пэўнымі палітычнымі фігурамі і застаецца беспакараным. Нельга ігнараваць тое, што «ў лічбавай прасторы прысутнічаюць велізарныя эканамічныя інтарэсы, здольныя выкарыстоўваць як нябачныя, так і інвазіўныя формы кантролю, ствараючы механізмы маніпуляцыі сумленнем і дэмакратычным працэсам. Дзейнасць многіх інтэрнэт­платформ часта базуецца на тым, каб прывесці да сустрэчы людзей, якія аднолькава думаюць, што ўскладняе канфрантацыю паміж рознымі поглядамі. Гэтыя замкнёныя прасторы спрыяюць пашырэнню ілжывай інфармацыі і навін, распальваючы прадузятасць і нянавісць» [47].

46. Трэба прызнаць, што ў дэструктыўных формах фанатызму часам прымаюць удзел і веруючыя асобы, у тым ліку хрысціяне, якія «могуць стаць часткай сеткі вербальнага гвалту ў Інтэрнэце на розных форумах і ў віртуальнай прасторы. Нават каталіцкія медыі могуць перайсці межы, праявіць талерантнасць да паклёпаў і здзекаў, і здаецца, што павага да рэпутацыі іншых не падлягае ніякім этычным нормам» [48]. Калі так паступаем, то што мы ўносім у братэрскую супольнасць, якую прапануе нам Айцец нас усіх?

Інфармацыі без мудрасці

47. Сапраўдная мудрасць прадугледжвае сустрэчу з рэальнасцю. Але сёння ўсё можна вырабіць, замаскіраваць і змяніць. Гэта азначае, што непасрэдная сустрэча з межамі рэальнасці становіцца невыноснай. У выніку пачынае дзейнічаць механізм «адбору» і фарміруецца звычка адразу аддзяляць тое, што мне падабаецца ад таго, што мне не падабаецца, прывабнае ад нязручнага. Згодна з той жа логікай мы выбіраем і людзей, з якімі вырашылі жыць у свеце. Такім чынам, людзі ці сітуацыі, якія балюча закранулі нашыя пачуцці ці былі непрыемнымі, проста выдаляюцца ў віртуальных сетках шляхам пабудовы віртуальнага кола, што вядзе да ізаляцыі ад рэальнага свету, у якім мы жывем.

48. Сесці і паслухаць іншага чалавека – гэта паводзіны, уласцівыя чалавечай сустрэчы, гэта прыклад адкрытага стаўлення да таго, хто перамагае свой нарцысізм і акцэптуе іншага, звяртае на яго ўвагу і прымае яго ў сваё кола. Аднак «сённяшні свет у асноўным глухі [...]. Часам шалёны тэмп сучаснага свету не дазваляе нам уважліва слухаць, што кажа іншы чалавек. На палове фразы мы перабіваем яго і хочам даць адказ на тое, што ён яшчэ не дагаварыў. Мы не павінны страціць здольнасць слухаць. Святы Францішак Асізскі пачуў голас Бога, пачуў голас беднага, пачуў голас хворага, пачуў голас прыроды. А гэта ўсё перамяняецца ў пэўны лад жыцця. Я б хацеў, каб насенне св. Францішка ўзрасло ў многіх сэрцах» [49].

49. Калі не хапае цішыні і слухання, а ўсё ператвараецца ў паспешлівыя і неспакойныя клікі і паведамленні, то гэта пагражае асноўнай структуры разумнай міжчалавечай камунікацыі. Фарміруецца новы стыль жыцця, у якім мы ствараем толькі тое, што хочам мець для сябе, і выключаем усё, што не можам кантраляваць і аб чым не можам атрымаць імгненныя і павярхоўныя веды. Гэтая дынаміка дзякуючы сваёй унутранай логіцы перашкаджае спакойнаму разважанню, якое магло б прывесці нас да агульнай мудрасці.

50. Мы можам разам шукаць праўду ў дыялогу, у спакойнай размове ці ў гарачай дыскусіі. Гэта складаны працэс, у якім хапае таксама маўчання і пакут, але ён здольны цярпліва назапашваць вялікі вопыт людзей і нацый. Агромністы паток інфармацыі, які залівае нас, не азначае большай мудрасці. Яна не ствараецца нецярплівым пошукам у Інтэрнэце і не з’яўляецца сумай інфармацыі, надзейнасць якой не пацверджана. Такім шляхам чалавек не сталее ў сустрэчы з праўдай. У рэшце рэшт, размовы круцяцца толькі вакол апошніх звестак; яны толькі гарызантальныя і абагульненыя. У той жа час, мы не звяртаем глыбейшай і мэтанакіраванай увагі на сутнасць жыцця, не распазнаем таго неабходнага, што надае існаванню сэнс. Так свабода становіцца ілюзіяй, якую прадаюць нам і блытаюць са свабодай навігацыі ў Інтэрнэце. Праблема ў тым, што ісці шляхам братэрства, як мясцовага, так і ўніверсальнага, могуць толькі свабодныя людзі, гатовыя да сапраўднай сустрэчы.

Падпарадкаванне і пагарда да самога сябе

51. Існуе тэндэнцыя прадстаўляць некаторыя, моцныя ў эканамічным плане, краіны ў якасці культурных мадэляў для слабаразвітых краін, не імкнучыся да таго, каб кожная з іх узрастала паводле свайго стылю, развіваючы свой інавацыйны патэнцыял на аснове каштоўнасцяў уласнай культуры. Павярхоўная і тужлівая прага, якая вядзе да капіравання і набыцця, замест таго, каб ствараць сваё, становіцца прычынай вельмі нізкай нацыянальнай самаацэнкі. У заможных слаях грамадства многіх бедных краін, а часам і ў тых, хто здолеў выйсці з галечы, можна заўважыць няздольнасць да прыняцця ўласных якасцяў і працэсаў, а таксама пагарду да сваёй культурнай тоеснасці, як быццам бы ў ёй была прычына ўсіх няшчасцяў.

52. Праз знішчэнне пачуцця ўласнай вартасці лёгка падпарадкаваць сабе іншага чалавека. За тэндэнцыяй гамагенізацыі свету стаяць інтарэсы ўладаў, якім чыясьці нізкая самаацэнка служыць на карысць. Так адбываецца тады, калі праз медыі і сеткі спрабуюць стварыць новую культуру дзеля абслугоўвання наймацнейшых. Гэта спрыяе фінансавым спекуляцыям і эксплуатацыі, у якіх бедныя заўсёды прайграюць. З іншага боку, адкідванне культуры пэўнага народу вядзе да таго, што палітычныя лідары не могуць ажыццявіць эфектыўны план развіцця, які можна было б свабодна прыняць і падтрымліваць на працягу доўгага часу.

53. Мы забываемся, што «няма горшага адчужэння, чым адчуванне, што мы не маем каранёў, не належым нікому. Глеба будзе ўрадлівай, народ прынясе плён і будзе здольны нараджаць будучыню настолькі, наколькі ён створыць адносіны прыналежнасці паміж людзьмі і інтэграцыйныя сувязі паміж пакаленнямі і рознымі супольнасцямі, з якіх ён складаецца; а таксама ў той ступені, у якой пераадолее спіралі, якія асляпляюць пачуцці, аддаляючы пастаянна адных ад другіх» [50].

Надзея

54. Нягледзячы на гэты густы змрок, які не варта ігнараваць, на наступных старонках я хацеў бы прыгадаць шмат шляхоў надзеі. Бог надалей сее зерне дабра ў чалавецтве. Цяперашняя пандэмія дазволіла нам убачыць і ацаніць многіх нашых спадарожнікаў і спадарожніц, якія сярод пануючага страху прысвяцілі сваё жыццё іншым. Мы пачалі разумець, што жыццё кожнага з нас пераплеценае з іншымі, што яго падтрымліваюць звычайныя людзі, якія, несумненна, уносяць свой уклад у вырашальныя падзеі нашай агульнай гісторыі: лекары, медбраты і медсёстры, фармацэўты, работнікі супермаркетаў, прыбіральшчыцы, няні, перавозчыкі, мужчыны і жанчыны, якія працуюць у сферы сацыяльных паслуг і аховы, валанцёры, святары, манахіні ... зразумелі, што ніхто не збаўляецца сам [51].

55. Заахвочваю ўсіх аднавіць надзею, якая «кажа нам аб рэчаіснасці, укаранёнай у глыбіні чалавечага сэрца, якая не залежыць ад канкрэтных акалічнасцяў і гістарычнага кантэксту, якім абумоўлена жыццё. Кажа нам аб прагненні, аб імкненні, аб жаданні паўнаты, здзяйснення мараў, аб жаданні прычыніцца да вялікіх спраў, да таго, што напаўняе сэрца і ўзносіць дух да высокіх рэчаў, такіх як праўда, дабро і прыгажосць, справядлівасць і любоў. [...] Надзея адважная, яна здольная глядзець далей, па­за асабістую выгоду, па­за малую ўпэўненасць і прыемнасці, якія звужаюць гарызонты, каб адкрыцца на вялікія ідэалы, якія робяць жыццё прыгажэйшым і больш годным» [52]. Пойдзем жа з надзеяй.

Раздзел ІІ

ЧУЖЫНЕЦ НА ДАРОЗЕ

56. Усё, пра што я згадаў у папярэднім раздзеле, гэта штосьці большае за сухое апісанне рэчаіснасці, бо «радасць і надзея, смутак і трывога людзей нашага часу, асабліва бедных і ўсіх прыгнечаных, з’яўляецца таксама радасцю і надзеяй, смуткам і трывогай вучняў Хрыста, і ўсё па­сапраўднаму чалавечае знаходзіць водгук у іх сэрцах» [53]. Маючы намер шукаць святло сярод таго, што мы перажываем, перш чым вызначыць некаторыя накірункі, я хацеў бы прысвяціць раздзел прыпавесці, якую Езус Хрыстус распавёў дзве тысячы гадоў таму. Бо, хоць энцыкліка адрасавана ўсім людзям добрай волі, тым не менш, незалежна ад іх рэлігійных перакананняў, гэтая прыпавесць прамаўляе да кожнага з нас і пабуджае задаваць сабе пытанні.

«Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Яго, сказаў: „Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?” Ён адказаў яму: „У Законе што напісана? Як чытаеш?” Той адказаў: „Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцаю тваёй, і ўсім розумам тваім, а бліжняга свайго, як самога сябе”. Езус сказаў яму: „Слушна ты адказаў. Так рабі, і будзеш жыць”. Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: „А хто мой бліжні?” На гэта Езус адказаў: „Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. Выпадкова нейкі святар ішоў той дарогай і, убачыўшы яго, прайшоў міма. Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. А нейкі самаранін, падарожны, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся. Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. І, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім. А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: ‘Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся’. Як здаецца табе, хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?” Ён сказаў: „Той, хто паступіў з ім міласэрна”. Тады Езус сказаў яму: „Ідзі і ты рабі так”» (Лк 10, 25­37).

Кантэкст

57. Кантэкст гэтай прыпавесці сягае глыбіні вякоў. Неўзабаве пасля апісання стварэння свету і чалавека Біблія паказвае праблему адносінаў між людзьмі. Каін забівае свайго брата Абэля, і тады гучыць Божае пытанне: «Дзе Абэль, брат твой?» (Быц 4, 9). Ён дае адказ, які часта даём мы: «Хіба я вартаўнік свайго брата?» (тамсама). Задаючы гэтае пытанне, Бог ставіць пад сумненне ўсялякі дэтэрмінізм або фаталізм, якімі мы спрабуем апраўдаць сваю абыякавасць, калі яна падаецца адзіна магчымым адказам. Наадварот, Ён робіць нас здольнымі стварыць іншую культуру, у якой мы пераадольваем варожасць і клапоцімся адзін пра аднаго.

58. Кніга Ёва спасылаецца на тое, што ў нас адзін і той жа Стварыцель, і бачыць у гэтым аснову для захавання некаторых агульных законаў: «Ці не Ён, які зрабіў мяне ў нутры, зрабіў і яго, Ён сам утварыў нас ва ўлонні» ( Ёў 31, 15). Шмат стагоддзяў пазней св. Ірэнэй выкарыстае вобраз мелодыі, каб выразіць тое самае: «Хто любіць праўду, не павінен прыпісваць адзін гук аднаму кампазітару, а іншы гук – іншаму [...], бо творцам з’яўляецца адзін і той жа кампазітар» [54].

59. У габрэйскай традыцыі наказ любіць і клапаціцца пра іншых датычыў, як падаецца, адносінаў паміж членамі аднаго народу. Старажытная запаведзь: «Любі бліжняга свайго, як самога сябе» ( Лев 19, 18) у звычайным разуменні ахоплівала толькі суайчыннікаў. Аднак, асабліва ў юдаізме, які развіваўся па­за Ізраэлем, межы пашыраліся. З’явіўся заклік не рабіць іншым тое, што не хочаш, каб рабілі табе (пар. Тоб 4, 15). Мудрэц Хілель (І ст. да нар. Хр.) сказаў аб ім: «Гэта ўся Тора. Астатняе – каментарый» [55]. Жаданне наследаваць паставы Бога прывяло да пераадолення тэндэнцыі думаць толькі пра людзей свайго бліжэйшага кола: «Міласэрнасць чалавека – над яго бліжнім, а міласэрнасць Пана – над усім чалавецтвам» ( Сір 18, 13).

60. У Новым Запавеце наказ Хілеля выказаны пазітыўным чынам: «Усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, і вы ім рабіце, бо ў гэтым Закон і Прарокі» (Мц 7, 12). Гэты заклік універсальны, імкнецца ахапіць усіх, выключна з увагі на іх чалавечнасць, бо Найвышэйшы Нябесны Айцец «загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі» (Мц 5, 45). З гэтай прычыны ўзнікае таксама патрабаванне: «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 36).

61. Ужо ў самых старажытных тэкстах Бібліі можна знайсці заахвочванне да пашырэння сэрца, каб яно не выключала чужынцаў. Вынікае гэта з пастаяннага напаміну габрэйскаму народу, што ён жыў у Егіпце як чужынец:

«Чужаземца не ўціскайце і не прыгнятайце яго, бо вы самі былі чужаземцамі ў зямлі егіпецкай» (Зых 22, 20).

«Не прыгнятай чужаземца, бо вы ведаеце жыццё чужаземца, таму што і самі былі чужынцамі ў егіпецкай зямлі» (Зых 23, 9).

«А калі паселіцца побач з табою чужаземец у тваёй зямлі, не ўціскай яго. Як тутэйшы, адзін з вас будзе для вас чужаземец, які паселіцца з вамі. Любі яго, як самога сябе, бо вы самі былі чужынцамі ў зямлі егіпецкай. Я – Пан, Бог ваш» (Лев 19, 33­34).

«Калі будзеш збіраць вінаград, не вяртайся зноў шукаць пакінутага; няхай застанецца для чужаземца, сіраты, удавы. Памятай, што і ты быў нявольнікам у егіпецкай зямлі» (Дрг 24, 21­22).

У Новым Запавеце заклік да братэрскай любові гучыць з асаблівай моцай:

«Бо ўвесь Закон спаўняецца ў адным: любі бліжняга свайго, як самога сябе» (Гал 5, 14).

«Хто любіць свайго брата, той жыве ў святле і няма ў ім спакусы. А хто ненавідзіць свайго брата, той жыве ў цемры і ў цемры ходзіць, і не ведае, куды ідзе, бо цемра засляпіла яму вочы» (1 Ян 2, 10­11).

«Мы ведаем, што перайшлі ад смерці да жыцця, таму што любім братоў. Хто не любіць, застаецца ў смерці» (1 Ян 3, 14).

«Калі б хто сказаў: „Я люблю Бога”, а брата свайго ненавідзіць, ён ілгун, бо той, хто не любіць свайго брата, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць» (1 Ян 4,20).

62. Аднак і гэтае запрашэнне да любові можна дрэнна зразумець. Нездарма, распазнаўшы ў раннехрысціянскіх супольнасцях спакусу стварыць закрытыя і адасобленыя групы, св. Павел заахвоціў сваіх вучняў мець любоў «адзін да аднаго і да ўсіх» ( 1 Тэс 3, 12), а ў супольнасці св. Яна заклікалі гасцінна прымаць «братоў і чужаземцаў» (пар. 3 Ян 5). Гэты кантэкст дапамагае зразумець сэнс прыпавесці пра міласэрнага самараніна: любоў не разбірае, ці твой паранены брат паходзіць адсюль ці адтуль. Таму што менавіта «любоў разрывае нашы ланцугі, якія трымаюць нас у ізаляцыі і раздзяленні, і будуе масты; любоў дазваляе нам стварыць вялікую сям’ю, у якой мы ўсе можам адчуваць сябе як дома [...]. Любоў мае смак спачування і годнасці» [56].

Пакінуты

63. Езус апавядае, што адзін чалавек пасля нападу разбойнікаў, пабіты, ляжаў пры дарозе. Яго абміналі розныя асобы і, не затрымліваючыся, ішлі далей. Яны былі людзьмі, якія выконвалі розныя важныя функцыі ў грамадстве, аднак іх не хвалявала агульнае дабро. Яны не змаглі прысвяціць некалькі хвілін, каб паклапаціцца аб параненым ці, прынамсі, пашукаць дапамогі. Толькі адзін спыніўся, падыйшоў да чалавека і сам стаў лячыць яго, заплаціў з уласнай кішэні, каб задаволіць яго патрэбы. Перш за ўсё, даў яму тое, чаго і нам часта не хапае ў гэтым паспешлівым свеце: даў яму свой час. Безумоўна, у яго былі свае планы на той дзень, паводле сваіх патрэбаў, абавязкаў ці жаданняў. Аднак ён змог адкласці ўсё дзеля гэтага параненага незнаёмца, бо палічыў, што той годны таго, каб прысвяціць яму час.

64. З кім ты атаясамліваеш сябе? Пытанне вострае, прамое і вырашальнае. Да каго з героеў прыпавесці ты падобны? Мы павінны прызнаць, што нас атачае спакуса абыякавасці да іншых, асабліва да найслабейшых. Трэба сказаць, што пры ўсіх шматлікіх дасягненнях, мы ўсё яшчэ застаемся «непісьменнымі», калі гаворка ідзе пра суправаджэнне, клопат і падтрымку найбольш слабых і найбольш уразлівых членаў нашага развітага грамадства. Мы прызвычаіліся адводзіць позірк, праходзіць міма, ігнараваць сітуацыі, калі толькі яны не закранаюць нас непасрэдна.

65. Хтосьці ляжыць пры дарозе пасля нападу, а многія ўцякаюць, быццам нічога не бачаць. Часта здараецца, што людзі збіваюць чалавека аўтамабілем і ўцякаюць. Яны хочуць толькі пазбегнуць непрыемнасцяў, ім не важна, што нехта можа памерці па іх віне. Аднак гэта ўжо рысы пэўнага агульнага ладу жыцця, які выяўляецца рознымі, магчыма больш вытанчанымі спосабамі. Больш за тое, паколькі мы ўсе вельмі засяроджваемся на ўласных патрэбах, нас непакоіць сам выгляд церпячага чалавека, бо мы не хочам марнаваць свой час на чужыя праблемы. Гэта сімптомы хворага грамадства, бо яно імкнецца да росквіту, але адварочваецца ад чалавечага цярпення.

66. Лепш не трапляць у такую бяду. Паглядзім на прыклад міласэрнага самараніна. Прыпавесць заклікае нас адрадзіць нашае пакліканне як грамадзянаў нашай краіны і ўсяго свету, якія ствараюць новыя грамадскія сувязі. Гэты заклік заўсёды з’яўляецца новым, нават калі запісаны як асноўны закон нашага існавання: мы павінны прычыняцца да таго, каб грамадства рухалася да рэалізацыі агульнага дабра і, маючы перад сабой гэтую мэту, аднаўляла свой палітычны і сацыяльны лад, сваю сетку адносінаў, свой чалавечы праект. Міласэрны самаранін сваімі ўчынкамі паказаў, што «жыццё кожнага з нас звязана з жыццём іншых: жыццё – не час, які мінае, але час сустрэчы» [57].

67. Прыпавесць вельмі вымоўна паказвае асноўны выбар, які мы павінны зрабіць, каб аднавіць свет, напоўнены болем. Столькі цярпення, столькі ранаў, перад якімі мы стаім, патрабуюць прыняцця толькі аднаго рашэння – стаць падобнымі да міласэрнага самараніна. Любы іншы выбар ставіць нас або на бок разбойнікаў, або ў шэраг тых, хто без спачування мінае ледзь жывога чалавека, які ляжыць пры дарозе. Прыпавесць паказвае нам, якія ініцыятывы могуць адбудаваць супольнасць, пачаўшы ад мужчын і жанчын, якія атаясамліваюць сябе са слабасцю іншых, якія не дазваляюць будаваць грамадства адчужэння, але становяцца бліжнімі і падымаюць аслаблых і вяртаюць іх грамадству дзеля агульнага дабра. У той жа час прыпавесць асцерагае нас ад стаўлення некаторых людзей, якія глядзяць толькі на сябе і не бяруць адказнасці за непазбежныя патрабаванні чалавечай рэчаіснасці.

68. Скажам выразна, што гэты аповед не падае вучэння пра абстрактныя ідэалы і не ўпісваецца выключна ў этычна­грамадскую маральнасць. Прыпавесць паказвае нам важны аспект чалавечнасці, пра які мы так часта забываемся: мы створаны для паўнаты, якой можна дасягнуць толькі ў любові. Мы не можам быць абыякавымі да цярпення; мы не можам дазволіць нікому «заставацца на ўзбочыне жыцця». Гэта павінна абураць нас да такой ступені, што мы выйдзем з нашай утульнай ізаляцыі, каб узрушыцца чалавечым цярпеннем. Гэта годнасць.

Гісторыя, якая паўтараецца

69. Нарацыя простая і паслядоўная, але мае ў сабе ўсю дынаміку той унутранай барацьбы, якая адбываецца пры фарміраванні нашай тоеснасці, у кожным жыцці, скіраваным на шлях рэалізацыі чалавечага братэрства. Калі вырушваем у дарогу, непазбежна сустракаем параненага чалавека. Сёння такіх людзей становіцца ўсё больш. Інтэграцыя ці выключэнне церпячых падчас дарогі вызначае ўсе эканамічныя, палітычныя, сацыяльныя і рэлігійныя праекты. Кожны дзень перад намі стаіць выбар: быць міласэрнымі самаранамі ці абыякавымі падарожнымі, якія абмінаюць здалёк. І калі мы пашырым свой погляд на ўсю нашую гісторыю і на ўвесь свет, то ўбачым, што мы ўсе цяпер ці ў мінулым падобныя да гэтых постацяў: мы ўсе маем штосьці з чалавека параненага, штосьці са злачынцы, штосьці з абыякавых мінакоў і штосьці з міласэрнага самараніна.

70. Цікава, як розніца паміж героямі гэтай прыпавесці поўнасцю змяняецца падчас балеснай сустрэчы з чалавекам, які ўпаў, прыніжаны. Ужо няма істотнай розніцы паміж жыхаром Юдэі і жыхаром Самарыі, святаром і гандляром; ёсць толькі два тыпы асобаў: тыя, хто церпіць, і тыя, хто абмінае іх здалёк; тыя, хто схіляецца і распазнае ў тым, хто ўпаў, чалавека, і тыя, хто адводзіць позірк і паскарае крок. Нашыя розныя маскі, нашыя этыкеткі і нашыя маскіроўкі сапраўды спадаюць: наступае момант праўды. Ці схіляемся мы, каб дакрануцца і перавязаць раны іншых? Ці схіляемся, каб узяць адзін аднаго на плечы? Гэта сённяшні выклік, якога не трэба баяцца. У крызісныя моманты выбар становіцца неадкладным: можна сказаць, што ў гэты момант кожны, хто не з’яўляецца злачынцам, і кожны, хто не праходзіць міма, або паранены, або нясе на сваіх плячах кагосьці параненага.

71. Гісторыя пра міласэрнага самараніна паўтараецца: становіцца ўсё больш відавочным, што сацыяльная і палітычная абыякавасць ператварае многія часткі свету ў бязлюдныя дарогі, дзе ўнутраныя і міжнародныя спрэчкі, рабаванне шанцаў пакідаюць многіх адкінутых, якія ляжаць на зямлі, на ўзбочыне дарогі. У сваёй прыпавесці Езус не прапаноўвае альтэрнатыўных шляхоў, напрыклад, што магло б здарыцца з гэтым цяжка параненым чалавекам ці з тым, хто дапамог яму, калі б у іх сэрцах успыхнуў гнеў або прага помсты? Ён давярае таму, што лепшае ў чалавеку, і заклікае нас выбраць і захоўваць любоў, ратаваць параненых і будаваць грамадства, годнае такой назвы.

Постаці

72. Прыпавесть пачынаецца з разбойнікаў. Зыходным пунктам, які абраў Езус, з’яўляецца ўжо здзейснены напад. Ён не прымушае нас спыніцца і шкадаваць, што сталася злачынства, засяроджваць позірк на разбойніках. Мы іх ведаем. Мы бачылі, як у свеце гусцеюць цені пакінутасці і насілля дзеля задавальнення нікчэмных інтарэсаў улады, здабывання і падзелаў. Пытанне ў тым, ці пакінем параненага ляжаць на зямлі, каб кожны паасобку шукаў паратунку ад гвалту ці пераследаваў разбойнікаў? Ці будзе паранены апраўданнем нашых непераадольных падзелаў, нашай жорсткай абыякавасці, нашых унутраных канфліктаў?

73. Затым прыпавесць прымушае нас прыгледзіцца да тых, хто праходзіць міма. Тая небяспечная абыякавасць, з­за якой яны трымаюцца здалёк, – незалежна ад таго, ёсць у тым іх віна ці не, – з’яўляецца вынікам пагарды ці прыкрай няўважлівасці, яна робіць з постаці святара і левіта сумны адбітак той дыстанцыі, якая выразна адразае нас ад рэчаіснасці. Ёсць шмат спосабаў прайсці міма здалёк, якія дапаўняюць адзін аднаго. Хтосьці засяроджваецца на сабе, ігнаруе іншых, застаецца абыякавым. Іншы шукае знешніх фактараў. Адносна гэтага апошняга спосабу мінання здалёк, у некаторых краінах ці таксама ў некаторых іх сектарах існуе пагарда да бедных і іх культуры, а таксама жыццё з позіркам, скіраваным вонкі, быццам бы імпартаваны праект дзяржавы павінен заняць іх месца. Такім чынам можна апраўдаць абыякавасць некаторых, бо тыя, хто мог бы закрануць іх сэрца сваімі просьбамі, проста не існуюць. Яны знаходзяцца па­за гарызонтамі іх інтарэсаў.

74. У тых, хто мінае здалёк, ёсць адна дэталь, да якой трэба аднесціся сур’ёзна: яны былі людзьмі рэлігійнымі. Больш за тое, яны прысвячалі сваё жыццё пакланенню Богу: гэта святар і левіт. Асаблівай увагі заслугоўвае той факт, што вера ў Бога і пакланенне Яму не гарантуе жыцця, якое падабаецца Богу. Веруючы можа не выконваць тых патрабаванняў, якія ставіць перад ім яго вера, і пры гэтым адчуваць, што ён блізка Бога і лепшы за іншых. Аднак існуюць спосабы практыкавання веры, якія дапамагаюць адкрыць сэрца на братоў і сясцёр, што, у сваю чаргу, будзе гарантыяй сапраўднай адкрытасці на Бога. Святому Яну Хрызастому ўдалося вельмі ясна перадаць гэты выклік, які стаіць перад хрысціянамі: «Хочаш ушанаваць цела Хрыста? Не дазваляй яму быць голым. Ушанаваўшы яго шаўковымі шатамі [у святыні], не дазваляй, каб яно памірала звонку ад холаду, не маючы адзення» [58]. Парадаксальна, але тыя, хто сцвярджае, што яны няверуючыя, могуць часам рэалізаваць Божую волю на практыцы лепш, чым веруючыя.

75. «Дарожныя разбойнікі» часта знаходзяць сабе патаемных саюзнікаў у тых, хто «ідзе па дарозе, гледзячы ў іншы бок». Утвараецца замкнёнае кола паміж тымі, хто выкарыстоўвае і падманвае грамадства для яго эксплуатацыі, і тымі, хто лічыць, што яны захоўваюць празрыстасць у выкананні сваіх функцый, але ў той жа час жывуць за кошт гэтай сістэмы і яе рэсурсаў. Сумная крывадушнасць назіраецца ў сітуацыях, калі беспакаранасць злачынстваў, выкарыстанне інстытутаў дзеля асабістай ці карпаратыўнай выгады і іншае зло, якое мы не можам ліквідаваць, спалучаецца з паўсюднай дыскрэдытацыяй, з пастаянным сеяннем падазронасці, распаўсюджваннем недаверу і сумневаў. На хлуслівае: «Усё дрэнна», адказваюць: «Ніхто не можа гэтага выправіць», «Што я магу зрабіць?» Такім чынам падсілкоўваюцца расчараванне і безнадзейнасць, што не спрыяе духу салідарнасці і шчодрасці. Пагружэнне людзей у прыгнечанасць дасканала замыкае памылковае кола: так дзейнічае нябачная дыктатура сакрэтных інтарэсаў, якія завалодалі рэсурсамі і магчымасцямі думаць і выказваць меркаванні.

76. Паглядзім, нарэшце, на гэтага параненага. Часам мы адчуваем сябе так, як ён, моцна параненымі, ляжым на зямлі каля дарогі. Мы таксама адчуваем сябе пакінутымі нашымі інстытуцыямі, безабароннымі і дрэнна ўзброенымі, або таксама выбраных служыць інтарэсам нешматлікіх, як за мяжой, так і ў краіне. Таму што «ва ўмовах глабалізаванага грамадства часта практыкуецца элегантны стыль адведзеных у іншы бок вачэй: пад выглядам паліткарэктнасці або ідэалагічнай моды на церпячага чалавека глядзяць, але не дакранаюцца да яго; паказваюць яго ў прамым эфіры, абвяшчаюць, здавалася б, вельмі талерантныя прамовы, поўныя эўфемізмаў» [59].

Пачаць спачатку

77. Кожны дзень мы атрымліваем новую магчымасць, новы этап. Мы не павінны чакаць усяго ад тых, хто кіруе намі – гэта было б інфантыльна. Мы карыстаемся прасторай супольнай адказнасці, здольнай ініцыяваць і нараджаць новыя працэсы і перамены. Будзем жа прымаць актыўны ўдзел у рэабілітацыі і падтрымцы людзей церпячых і патрабуючых. Сёння ў нас ёсць выдатная магчымасць паказаць, што мы браты, што мы наступныя міласэрныя самаране, якія нясуць на сабе боль няўдачы, а не распальваюць нянавісць і крыўду. Падобна выпадковаму падарожнаму з прыпавесці, нам трэба мець толькі бескарыснае, чыстае і простае жаданне быць народам, трывала і нястомна ўключацца ў супольнасць, інтэгравацца і падымаць таго, хто ўпаў; нават калі мы ўжо неаднойчы пацярпелі паразу і нібы асуджаныя паўтараць логіку прыхільнікаў насілля, тых, чые амбіцыі датычаць толькі іх саміх, тых, хто пашырае недавер і хлусню. Хай іншыя працягваюць разглядаць палітыку ці эканоміку як арэну для сваіх гульняў аб уладзе. А мы станем умацоўваць і развіваць тое, што добрае, і самааддана служыць дабру.

78. Мы можам пачаць знізу і, у кожным выпадку, змагацца за найбольш канкрэтныя і лакальныя рэчы, ідучы аж да самага далёкага кутка краіны і свету, маючы той самы клопат, з якім падарожны самаранін адносіўся да кожнай раны параненага чалавека. Будзем шукаць іншых і браць на сябе даручаную нам адказнасць за рэальны свет, не баючыся болю і бездапаможнасці, бо менавіта тут мы адкрыем дабро, якое Бог пасеяў у чалавечым сэрцы. Цяжкасці, якія здаюцца велізарнымі, – гэта магчымасці для росту, а не апраўданне пасіўнага смутку, ад якога апускаюцца рукі. Толькі не будзем рабіць гэта ў самоце, паасобку. Як самаранін шукаў карчмара, які мог бы паклапаціцца пра таго чалавека, так і мы пакліканыя запрашаць і сустракацца ў «нас», якое мацней за суму малых індывідуальнасцяў; памятайма, што «цэласнасць – гэта штосьці большае за частку і штосьці большае за іх простую суму» [60]. Адмовімся ад дробязнасці, крыўд пустых партыкулярызмаў, бясконцых супрацьстаянняў. Перастанем хаваць боль стратаў і возьмем на сябе адказнасць за свае злачынствы, апатыю і хлусню. Прымірэнне, спалучанае з выпраўленнем крыўды, адновіць і вызваліць нас і іншых ад страху.

79. Будучы ў дарозе, самаранін пайшоў далей, не чакаючы пахвалы і ўдзячнасці. Служэнне было вялікім задавальненнем перад яго Богам і яго жыццём, а таму абавязкам. Мы ўсе адказваем за гэтага параненага, якім ёсць сам народ і ўсе народы зямлі. Будзем жа апекавацца слабасцю кожнага мужчыны, жанчыны, дзіцяці і старога з той салідарнасцю, клопатам і блізкасцю міласэрнага самараніна.

Бліжні без межаў

80. Езус прапанаваў гэтую прыпавесць, каб адказаць на пытанне: хто мой бліжні? Слова «бліжні» ў грамадстве часоў Езуса адносілася да самага блізкага, да таго, хто жыве побач. Лічылася, што дапамога павінна ісці, у першую чаргу, чальцам сваёй групы, сваёй расы. Некаторыя тагачасныя габрэі лічылі самаранаў годнымі пагарды і нячыстымі асобамі, якія не ўваходзяць у кола блізкіх, якім належыць дапамога. Езус, юдэй, цалкам змяняе такі падыход: Ён не просіць нас вырашаць, хто нашыя бліжнія, але прапануе, каб мы самі станавіліся блізкімі, бліжнімі.

81. Езус просіць нас быць побач з тым, каму патрэбна дапамога, не зважаючы на тое, належыць ён да нашага кола ці не. У гэтым выпадку менавіта самаранін стаўся бліжнім параненага юдэя. Каб стаць блізкім і быць пры ім, перамог усе культурныя і гістарычныя бар’еры. Прапанова Езуса становіцца заклікам: «Ідзі і ты рабі так!» (Лк 10, 37). Гэта значыць, што Ён заклікае нас адкінуць у бок усе адрозненні і стаць побач з кожнай церпячай асобай. Тады я ўжо не кажу, што ў мяне ёсць «бліжнія», якім трэба дапамагчы, але адчуваю сябе пакліканым стаць бліжнім для іншых людзей.

82. Праблема ў тым, што Езус выразна паказвае, што паранены быў габрэем, жыхаром Юдэі, а той, хто спыніўся і дапамагаў яму, быў самаранінам, жыхаром Самарыі. Гэтая дэталь надзвычай важная для разважанняў пра любоў, якая адкрываецца для ўсіх. Самаране засялялі рэгіён, які быў апаганены язычніцкімі абрадамі, а для габрэяў гэта рабіла іх нячыстымі, агіднымі, небяспечнымі. Па сутнасці, старажытны габрэйскі тэкст, у якім згадваюцца ненавісныя народы, звяртаецца да Самарыі, заяўляючы, што гэта нават «не народ» (Сір 50, 25), і дадае, што гэта «неразумны народ, які жыве ў Сіхеме» (50, 26 ).

83. Гэта тлумачыць, чаму самаранка, калі Езус папрасіў яе напаіць Яго вадой, адказала досыць рэзка: «Як Ты, юдэй, просіш піць у мяне, жанчыны самаранкі?» (Ян 4, 9). Самымі абразлівымі абвінавачваннямі Езуса, якія павінны былі дыскрэдытаваць Яго, сталі словы «апанаваны» і «самаранін» (Ян 8, 48). Такім чынам міласэрная сустрэча самараніна і юдэя – гэта вялізная правакацыя, якая выкрывае ўсе ідэалагічныя маніпуляцыі, каб мы маглі пашырыць сваё кола і надаць сваёй здольнасці любіць універсальнае вымярэнне, якое пераадолее ўсе прадузятасці, усе гістарычныя і культурныя бар’еры і ўсе нікчэмныя інтарэсы.

Зварот чужынца

84. Урэшце, я хачу нагадаць, што ў іншым урыўку Евангелля Езус кажа: «Быў падарожным, і вы прынялі Мяне» (Мц 25, 35). Езус мог сказаць гэтыя словы, бо меў адкрытае сэрца, якое атаясамлівала сябе з трагедыямі іншых. Святы Павел заклікаў: «Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача» (Рым 12, 15). Калі нашае сэрца прымае такую паставу, яно можа атаясамліваць сябе з іншай асобай, без увагі на тое, адкуль яна прыбыла і дзе нарадзілася. Увыходзячы ў гэтую дынаміку, мы нарэшце адчуваем, што іншыя з’яўляюцца нашымі «роднымі» (пар. Іс 58, 7).

85. Для хрысціянаў словы Езуса маюць таксама іншае трансцэндэнтнае вымярэнне. Яны кажуць нам бачыць самога Хрыста ў кожным браце, пакінутым і выключаным з супольнасці (пар. Мц 25, 40. 45). Сапраўды, вера з нечуванай моцай натхняе нас паважаць іншага, таму што кожны веруючы, ведае, што Бог любіць кожнага чалавека бясконцай любоўю і што Ён «дае яму бясконцую годнасць» [61]. Больш за тое, мы верым, што Хрыстус праліў сваю кроў за ўсіх і за кожнага, і таму ніхто не застаецца па­за Яго ўсёабдымнай любоўю. І калі звернемся да галоўнай крыніцы, якой ёсць унутранае жыццё Бога, мы сустрэнем супольнасць трох Асобаў, дасканалую крыніцу і мадэль усяго супольнага жыцця. Тэалогія працягвае ўзбагачацца, разважаючы пра гэтую вялікую праўду.

86. Часам мяне здзіўляе, чаму ў святле гэтага Касцёлу спатрэбілася так шмат часу, каб рашуча асудзіць рабства і розныя формы насілля. На сённяшнім узроўні развіцця духоўнасці і тэалогіі ў нас ужо няма апраўданняў. Тым не менш, і цяпер некаторыя сцвярджаюць, што вера заахвочвае ці, прынамсі, упаўнаважвае іх падтрымліваць розныя формы закрытага і агрэсіўнага нацыяналізму, праяваў ксенафобіі, пагарды і нават здзекаў над тымі, хто нечым адрозніваецца ад іх. Вера разам з гуманізмам, які яе натхняе, павінна падтрымліваць крытычны розум сярод гэтых тэндэнцый і дапамагаць хутка рэагаваць, калі яны пачынаюць пранікаць у яе. Вось чаму важна, каб катэхеза і прапаведаванне больш непасрэдна і выразна казалі пра грамадскі сэнс жыцця, братэрскае вымярэнне духоўнасці, нашую перакананасць у неад’емнай годнасці кожнага чалавека і імкненне любіць і прымаць кожнага.

Раздзел ІІІ

МЫСЛІЦЬ І СТВАРАЦЬ АДКРЫТЫ СВЕТ

87. Чалавек створаны так, што ён не рэалізуецца, не развіваецца і не можа знайсці сваю паўнату, акрамя як «праз шчыры дар самога сябе» [62]. Падобным чынам, ён не дасягае глыбокага ведання праўды пра сябе без сустрэч з іншымі: «Я маю адносіны з сабой толькі ў той меры, у якой я маю адносіны з кімсьці іншым» [63]. Вось чаму ніхто не можа адчуць каштоўнасць жыцця без рэальных твараў тых, каго ён любіць. Гэта таямніца сапраўднага чалавечага існавання, таму што «жыццё існуе там, дзе ёсць сувязь, адзінства, братэрства; яно мацнейшае за смерць, калі пабудавана на сапраўдных адносінах і повязях вернасці. Наадварот, няма жыцця, калі чалавек верыць, што ён належыць толькі сабе і хоча жыць як выспа – у такіх адносінах пераважае смерць» [64].

Пераадольваць межы

88. Любоў, якая выплывае з кожнага сэрца, стварае сувязі і пашырае жыццё, калі прымушае чалавека выходзіць па­за свае абмежаванні да іншага [65]. Паколькі мы створаны для любові, у кожным з нас дзейнічае «закон „экстазу” – выйсця па­за сябе, каб больш поўна жыць у іншым» [66]. Па гэтай прычыне, «чалавек калінебудзь павінен прыняць рашэнне адарвацца ад сябе» [67].

89. З іншага боку, я не павінен абмяжоўвацца адносінамі з невялікай групай ці нават з уласнай сям’ёй, бо немагчыма зразумець сябе без шырэйшай структуры адносінаў: не толькі актуальнай, але і той, якая папярэднічала і фарміравала мяне на працягу жыцця. У адносінах з тым, каго я шаную, мне трэба ўлічваць той факт, што гэтая асоба не жыве толькі для мяне, і я не жыву толькі для яе. Нашыя адносіны, калі яны здаровыя і сапраўдныя, адкрываюць нас на іншых, і з імі мы ўзрастаем і ўзбагачаемся. Сёння самае высакароднае сацыяльнае пачуццё з лёгкасцю псуецца эгаістычнымі перажываннямі, якія ствараюць уражанне глыбокіх адносінаў. З іншага боку, сапраўдная любоў, якая дапамагае развівацца, і самыя высакародныя формы сяброўства жывуць у сэрцах, гатовых да ўзаемадапаўнення. І сужэнская, і сяброўская сувязь скіраваныя на тое, каб адкрыць сэрцы вакол сябе, зрабіць нас здольнымі пераадольваць свае ўласныя абмежаванні, аж да прыняцця ўсіх. Закрытыя групы і пары, сканцэнтраваныя на сабе, якія сваё «мы» супрацьстаўляюць цэламу свету, звычайна з’яўляюцца ідэалізаванымі формамі эгаізму і звычайнага самазахавання.

90. Невыпадкова многія невялікія супольнасці, якія здолелі выжыць у пустынных рэгіёнах, выпрацавалі велікадушную зычлівасць да пілігрымаў, тым самым паказваючы прыклад выканання святога абавязку гасціннасці. Сярэднявечныя манаскія супольнасці рабілі гэтаксама, як сведчыць Рэгула св. Бэнэдыкта. Хоць гэта магло парушыць парадак і цішыню ў кляштарах, Бэнэдыкт заклікаў «з вялікай дбайнасцю сустракаць бедных і пілігрымаў» [68]. Гасціннасць – гэта канкрэтны спосаб адказаць на выклік і дар сустрэчы з людзьмі па­за ўласным колам. Манахі разумелі, што каштоўнасці, якія яны імкнуцца выхоўваць, павінны суправаджацца гатоўнасцю выходзіць па­за свае межы, адкрываючыся на іншых.

Выключная каштоўнасць любові

91. Людзі могуць выпрацаваць пэўныя паставы, якія яны дэманструюць у якасці маральных каштоўнасцяў: адвагу, самакантроль, працавітасць і іншыя цноты. Аднак, каб дзейсныя праявы розных маральных цнотаў мелі добры накірунак, неабходна таксама падумаць аб тым, наколькі яны рэалізуюць дынаміку адкрытасці і адзінства ў адносінах да іншых людзей. Гэтым дынамізмам з’яўляецца любоў, якую прышчапляе Бог. У адваротным выпадку, мы мелі б толькі ўяўнасць цнотаў, але на ёй немагчыма пабудаваць супольнае жыццё. Таму, як сцвердзіў св. Тамаш Аквінскі, цытуючы св. Аўгустына, умеркаванасць скупога не з’яўляецца сапраўднай цнотай [69]. Інакш тлумачыў св. Банавентура, што іншыя цноты, пазбаўленыя любові, сцісла кажучы, не выконваюць запаведзі «так, як іх разумее Бог» [70].

92. Духоўная глыбіня чалавечага жыцця вымяраецца любоўю, якая, па сутнасці, уяўляе сабой «крытэрый канчатковай ацэнкі вартасці або нявартасці чалавечага жыцця» [71]. Аднак ёсць веруючыя людзі, якія лічаць, што іх веліч – у навязванні сваёй ідэалогіі іншым, у абароне праўды з выкарыстаннем насілля, ці ў магутных дэманстрацыях сілы. Усе мы, веруючыя, павінны прызнаць, што любоў займае першае месца, любові нішто і ніколі не павінна пагражаць, а найбольшую небяспеку нясе адсутнасць любові (пар. 1 Кар 13, 1­13).

93. Спрабуючы растлумачыць, у чым заключаецца досвед любові, якую Бог робіць магчымай праз сваю ласку, св. Тамаш Аквінскі апісваў яе як рух, які спыняе ўвагу на іншым чалавеку і «лічыць яго адным з самім сабою» [72]. Эмацыйная зацікаўленасць іншым чалавекам прымушае нас бескарысліва дбаць пра яго дабро. Усё пачынаецца з павагі, прызнання каштоўнасці іншага, што ў выніку з’яўляецца сутнасцю слова «любоў»: умілаваны для мяне «дарагі», бо я лічу, што ён мае вялікую каштоўнасць [73]. «Бо з любові, якая чыніць кагосьці мілым для нас, мы даем яму нешта задарма» [74].

94. Таму любоў азначае больш, чым толькі шэраг дабрачынных дзеянняў. Дзеянні вынікаюць з адзінства, якое ўсё больш імкнецца да іншай асобы, якая лічыцца каштоўнай, годнай, добрай і прыгожай, незалежна ад яе фізічных і маральных аспектаў. Любоў да іншага чалавека з прычыны таго, кім ён ёсць, пабуджае нас шукаць таго, што найлепшае для яго жыцця. Толькі развіваючы гэты спосаб міжчалавечых адносінаў, мы зробім магчымым сацыяльнае сяброўства, якое нікога не выключае, і братэрства, якое адкрыта для ўсіх.

Усё большая адкрытасць любові

95. Дзякуючы любові мы ўрэшце імкнемся да паўсюднай еднасці. Ніхто не сталее і не дасягае сваёй паўнаты, ізалюючы сябе. Паводле сваёй дынамікі, любоў патрабуе ўсё большай адкрытасці, большай здольнасці прымаць іншых у бясконцым працэсе, які аб’ядноўвае ўсе перыферыі на шляху да поўнага адчування ўзаемнай прыналежнасці. Езус сказаў нам: «Усе вы – браты» (Мц 23, 8).

96. Гэтая неабходнасць выходзіць па­за ўласныя межы таксама датычыць розных рэгіёнаў і краін. Сапраўды, «няспыннае павелічэнне колькасці ўзаемасувязяў і камунікацый на нашай планеце прымушае нас лепш усведамляць адзінства і агульны лёс чалавецтва. Такім чынам, у дынаміцы гісторыі, нягледзячы на разнастайнасць этнічных груп, культур і грамадстваў, мы бачым зерне паклікання да стварэння адной супольнасці, што складаецца з братоў і сясцёр, якія прымаюць адзін аднаго і ўзаемна клапоцяцца пра ўсіх» [75].

Адкрытыя супольнасці, якія інтэгруюць усіх

97. Перыферыі ёсць і побач з намі, у цэнтры горада, у нашых сем’ях, таму любоў мае аспект універсальнай адкрытасці. Гэты аспект хутчэй экзістэнцыяльны, чым геаграфічны. З ім звязаны штодзённыя намаганні пашыраць кола, дасягаць тых, хто на першы погляд, не належыць да свету маіх інтарэсаў, але блізкі мне. З іншага боку, кожны брат, які пакутуе, пакінуты ці прыніжаны маім грамадствам, – экзістэнцыяльны чужаземец, нават калі ён нарадзіўся тут. Ён можа быць грамадзянінам з усімі неабходнымі дакументамі, але людзі прымушаюць яго адчуваць сябе замежнікам у сваёй краіне. Расізм – гэта вірус, які лёгка муціруе і замест таго, каб знікнуць, ён пастаянна хаваецца, падпільноўвае і чакае.

98. Я хацеў бы нагадаць пра тых «схаваных бежанцаў», якія ў грамадстве разглядаюцца як іншародныя целы [76]. Многія людзі з абмежаванымі магчымасцямі «адчуваюць, што яны існуюць, але без прыналежнасці і магчымасці ўдзелу». Ёсць яшчэ шмат пытанняў, «якія не дазваляюць ім быць паўнапраўнымі грамадзянамі». Мэта ў тым, каб не толькі клапаціцца пра іх, але даць ім магчымасць «актыўна ўдзельнічаць у жыцці грамадзянскай і касцёльнай супольнасці. Гэты складаны і нават цяжкі шлях дазволіць нам усё лепш і лепш фарміраваць сумленне, здольнае прызнаць кожнага, як унікальнага і непаўторнага чалавека». Я таксама думаю пра пажылых людзей, «якія – таксама з­за сваёй інваліднасці – часам успрымаюцца як цяжар». Аднак кожны можа зрабіць «асаблівы ўклад у агульнае дабро дзякуючы сваёй непаўторнай жыццёвай гісторыі». Дазволю сабе настойваць: «Трэба мець мужнасць даць слова тым, хто спазнае дыскрымінацыю з прычыны інваліднасці, бо, на жаль, і сёння ў некаторых краінах ёсць цяжкасці з тым, каб прызнаваць іх асобамі з такой самай годнасцю» [77].

Неадпаведнае разуменне паўсюднай любові

99. Любоў, якая пераўзыходзіць абмежаванні, ляжыць у аснове таго, што мы называем «сацыяльным сяброўствам» у кожным горадзе і ў кожнай краіне. Калі гэтая любоў сапраўдная, сяброўства ў маштабе грамадства вядзе да сапраўднай агульнай адкрытасці. Гаворка не ідзе пра зманлівы ўніверсалізм чалавека, вымушанага пастаянна падарожнічаць, таму што ён не зносіць і не любіць свой народ. Той, хто глядзіць на сваю нацыю з пагардай, стварае ў сваім грамадстве катэгорыі першага і другога класа, катэгорыі асоб з большай ці меншай годнасцю і правамі. Такім чынам, ён адмаўляе, што для ўсіх ёсць месца.

100. Безумоўна, я не прапаную аўтарытарны і абстрактны ўніверсалізм, распрацаваны або спланаваны невялікай групай, які прадстаўлены ў якасці ідэала з намерам ураўноўваць, дамінаваць і рабаваць. Існуе мадэль глабалізацыі, якая «свядома імкнецца да аднамернай аднастайнасці і спрабуе ліквідаваць усе адрозненні і традыцыі ў павярхоўным пошуку адзінства. [...] Калі глабалізацыя спрабуе зрабіць усіх падобнымі, быццам шары, то такая глабалізацыя разбурае багацце і спецыфіку кожнага чалавека і кожнай нацыі» [78]. Гэтая фальшывая ўніверсалісцкая мара пазбаўляе свет разнастайнасці яго колераў, яго прыгажосці і, у рэшце рэшт, чалавечнасці. Таму што «будучыня – не манахромная, але, наколькі хапае адвагі, яе варта разглядаць у разнастайнасці і разнароднасці таго, што можа ўнесці кожны. Якую ж вялікую патрэбу мае нашая чалавечая сям’я ў тым, каб навучыцца жыць разам у гармоніі і спакоі, хоць мы ўсе розныя» [79].

Выйсце па­за свет партнёрства

101. Вернемся зараз да прыпавесці пра міласэрнага самараніна, якая яшчэ шмат чаго можа нам сказаць. Пры дарозе ляжаў паранены чалавек. Тыя, хто праходзіў міма, засяроджваліся не на ўнутраным закліку дапамагчы чалавеку, а на сваёй функцыі, на сваім сацыяльным статусе, на прафесіі, якая мела пашану ў грамадстве. Яны адчувалі сябе важнымі для грамадства тых часоў, а найважнейшай ім здавалася роля, якую яны павінны адыгрываць у ім. Паранены чалавек, кінуты пры дарозе, парушыў гэты план, унёс разлад, не меў ніякай ролі. Ён быў «ніхто», не ўваходзіў у супольнасць годных павагі людзей, ён не рабіў гісторыі. Між тым, велікадушны самаранін выступіў супраць бездакорных, але вузкіх класіфікацый. Акрамя таго, ён і сам быў па­над усімі гэтымі катэгорыямі, проста чужынцам, якому ў грамадстве не было месца. Такім чынам, вольны ад любых ярлыкоў і пазіцый, ён мог спыніць падарожжа, змяніць свае планы, адкрыцца на дзіўную сустрэчу з параненым, які меў у ім патрэбу.

102. Якую рэакцыю магла б выклікаць гэтая прыпавесць у сённяшнім свеце, дзе пастаянна ўзнікаюць і развіваюцца сацыяльныя групы, упарта падкрэсліваючы тыя аспекты, якія аддзяляюць іх ад астатніх? Як можна закрануць сэрцы тых людзей, якія імкнуцца арганізавацца такім чынам, каб прадухіліць прысутнасць кагосьці чужога, хто мог бы парушыць гэтую тоеснасць, арганізацыю, засяроджаную на сабе і сваім самазахаванні? Па гэтай схеме няма магчымасці стаць бліжнім, а блізкім робіцца толькі той, хто дапамагае нам дасягнуць асабістай выгады. Такім чынам, слова «бліжні» губляе ўсякі сэнс, і толькі слова «партнёр», саўдзельнік пэўных інтарэсаў, набывае значэнне [80].

Свабода, роўнасць і братэрства

103. Братэрства не з’яўляецца выключна вынікам пашаны індывідуальных свабод ці нават пэўнай адміністратыўна гарантаванай роўнасці. Хоць гэта спрыяльныя ўмовы, аднак іх недастаткова для таго, каб братэрства непазбежна нарадзілася. Братэрства можа ўнесці станоўчы ўклад у свабоду і роўнасць. Што адбываецца, калі братэрства свядома не культывуецца, калі не хапае палітычнай волі для яго пашырэння праз выхаванне да братэрства, праз дыялог, праз адкрыццё узаемнасці і ўзаемнага ўзбагачэння як каштоўнасцяў? Бываюць выпадкі, калі свабода змяншаецца, становіцца не чым іншым, як умовай для жыцця, калі мы хочам, абсалютна аўтаномна выбіраць прыналежнасць да некага ці да нечага, або хочам проста мець як найбольш і атрымліваць асалоду ад жыцця. Гэта ніякім чынам не вычэрпвае багацця свабоды, накіраванай перш за ўсё на любоў.

104. Таксама і роўнасці не дасягаецца абстрактным азначэннем, што «ўсе людзі роўныя», бо яна, хутчэй, вынік свядомага і педагагічнага культывавання братэрства. Тыя, хто здольныя быць толькі партнёрамі, ствараюць замкнёныя сусветы. Якое значэнне можа мець у гэтай схеме чалавек, які не ўваходзіць у кола партнёраў, але марыць аб лепшым жыцці для сябе і сваёй сям’і?

105. Індывідуалізм не робіць нас больш свабоднымі, роўнымі, братэрскімі. Сума індывідуальных выгод не можа стварыць лепшы свет для ўсяго чалавецтва. Таксама яна не можа выратаваць нас ад шматлікіх няшчасцяў, якія становяцца ўсё больш і больш глабальнымі. Радыкальны індывідуалізм – гэта вірус, які надзвычай цяжка перамагчы. Ён падманвае. Дазваляе нам думаць, што ўся справа ў тым, каб даць волю ўласным амбіцыям, нібы мы, назапашваючы індывідуальныя амбіцыі і гарантыі бяспекі, нейкім чынам служым агульнаму дабру.

Паўсюдная любоў, якая падтрымлівае людзей

106. Існуе асноўная перадумова, якую неабходна прыняць, каб ісці шляхам сацыяльнага сяброўства і агульнага братэрства: усвядоміць каштоўнасць чалавека і тое, наколькі ён каштоўны заўсёды і ў любых абставінах. Паколькі кожны чалавек мае вельмі вялікую каштоўнасць, трэба выразна і рашуча заявіць, што «сам факт, што хтосьці нарадзіўся ў месцы з меншымі рэсурсамі або з меншым развіццём, не апраўдвае таго факту, што некаторыя асобы жывуць ніжэй годнасці» [81]. Гэта элементарны прынцып грамадскага жыцця, які часта і парознаму ігнаруецца тымі, хто адчувае, што ён не адпавядае іх светапогляду або не служыць іх мэтам.

107. Кожны чалавек мае права на годнае жыццё і на інтэгральнае развіццё, і ніводная дзяржава не можа ў гэтым асноўным праве яму адмовіць. Яно належыць кожнаму, нават калі хтосьці не вельмі эфектыўны, нават калі нарадзіўся або вырас з абмежаванымі магчымасцямі; на самай справе, гэта не ставіць пад сумнеў яго велізарную годнасць як чалавека, заснаваную не на абставінах, а на каштоўнасці яго існавання. Калі гэты элементарны прынцып не захоўваецца, то братэрства ды існаванне чалавецтва не мае будучыні.

108. Ёсць грамадствы, якія прымаюць гэты прынцып часткова. Яны прызнаюць, што магчымасці ёсць для ўсіх, але настойваюць на тым, што ўсё залежыць ад кожнага. Паводле гэтага несправядлівага бачання, няма сэнсу «інвеставаць, каб адсталыя, слабыя або менш адораныя людзі маглі знайсці сваю дарогу ў жыцці» [82]. Інвеставанне ў слабых можа прынесці страты, можа азначаць меншую прадукцыйнасць працы. Таму неабходна існаванне наяўнай і дзейснай дзяржавы, а таксама інстытутаў грамадзянскай супольнасці, якія выходзяць за рамкі свабоды механізмаў эфектыўнасці пэўных эканамічных, палітычных ці ідэалагічных сістэм дзеля таго, каб сапраўды ўсё было скіравана перадусім на людзей і агульнае дабро.

109. Некаторыя нараджаюцца ў эканамічна стабільных сем’ях, атрымліваюць добрую адукацыю, растуць, не ведаючы голаду, ці адораныя выбітнымі здольнасцямі. Ім, безумоўна, не спатрэбіцца актыўны ўдзел дзяржавы, яны будуць патрабаваць толькі свабоды. Але, вядома, той жа прынцып не распаўсюджваецца на інваліда, на таго, хто нарадзіўся ў галечы, хто вырас з нізкім узроўнем адукацыі і малымі шанцамі на належную медыцынскую дапамогу. Калі грамадства кіруецца ў першую чаргу крытэрыямі свабоднага рынку і эфектыўнасці, у ім няма месца для такіх людзей. Тады братэрства стане проста чарговым рамантычным выразам.

110. Фактычна, «само абвяшчэнне эканамічнай свабоды, калі, аднак, рэальныя ўмовы робяць немагчымым для многіх доступ да яе і калі абмежаваны доступ да працы, то яна становіцца дыскурсам, поўным супярэчнасцяў» [83]. Такія словы, як свабода, дэмакратыя і братэрства губляе сэнс, бо на самай справе «толькі тады, калі наша эканамічная і сацыяльная сістэма больш не будзе прычынай ніводнай ахвяры, ніводнага адкінутага чалавека, мы зможам адзначыць свята ўсеагульнага братэрства» [84]. Чалавечае і братэрскае грамадства здольна аказваць эфектыўную і стабільную падтрымку кожнаму чалавеку на любым этапе яго жыцця не толькі для задавальнення яго асноўных патрэб, але і для таго, каб ён меў магчымасць даць лепшае з сябе, нават калі яго прадукцыйнасць не самая высокая, нават калі ён марудны, а яго эфектыўнасць зусім не ўражвае.

111. Чалавечая асоба, з яе неад’емнымі правамі, па сваёй натуры адкрытая для адносінаў. Ля самых яе вытокаў ёсць заклік выйсці па­за свае межы ў сустрэчы з іншымі. Таму «трэба быць асцярожным, каб не патрапіць у пэўныя памылкі, якія могуць узнікнуць у выніку скажэння ідэі правоў чалавека і іх парадаксальнага злоўжывання. Сёння існуе тэндэнцыя патрабаваць для сябе ўсё больш і больш індывідуальных правоў – адчуваю спакусу сказаць індывідуалістычных – у якой хаваецца канцэпцыя чалавечай асобы, адарванай ад усялякага сацыяльнага і антрапалагічнага кантэксту, амаль як «манада» ( mona2 s), якая становіцца ўсё больш неадчувальнай [...]. Калі права кожнага чалавека гарманічна не падпарадкоўваецца большаму дабру, то яно ў выніку разумеецца як права без абмежаванняў і, такім чынам, становіцца крыніцай канфліктаў і гвалту» [85].

Прамоцыя маральнага дабра

112. Нельга абмінуць таксама тое, што жаданне і імкненне да дабра іншых і ўсяго чалавецтва азначае імкненне да ўзрастання людзей і грамадства ў розных маральных каштоўнасцях, якія вядуць да інтэгральнага чалавечага развіцця. У Новым Запавеце згадваецца плод Духа Святога (пар. Гал 5, 22), названы грэцкім словам agathosyne. Яно азначае прыхільнасць да дабра, яго пошук і, акрамя таго, забеспячэнне самымі каштоўнымі і лепшымі дабротамі іншых людзей: іх сталенне, здаровае развіццё, прапагандаванне каштоўнасцяў, а не толькі матэрыяльнага камфорту. Ёсць падобны лацінскі выраз benevolentia, які азначае жаданне дабра іншаму чалавеку. Гэта моцнае жаданне дабра, схільнасць да ўсяго, што добрае і дасканалае, што натхняе нас напаўняць жыццё іншых людзей прыгожымі, узнёслымі і будуючымі рэчамі.

113. У гэтым кантэксце я яшчэ раз з сумам падкрэсліваю, што «занадта доўга мы заставаліся ў стане маральнай дэградацыі, насміхаючыся з этыкі, дабрыні, вернасці, сумленнасці. Надышоў момант прызнаць, што гэтая знешняя радасць нам зусім непрыдатная. Гэтае знішчэнне ўсялякіх падстаў грамадскага жыцця вядзе да ўзаемнай канфрантацыі ў імя абароны сваіх інтарэсаў» [86]. Вернемся да прамоцыі дабра дзеля сябе і ўсяго чалавецтва, каб мы разам маглі ісці да сапраўднага і інтэгральнага развіцця. Кожнае грамадства павінна гарантаваць перадачу каштоўнасцяў, бо калі гэтага няма, то перадаюцца эгаізм, гвалт, карупцыя ў розных яе формах, абыякавасць і, у рэшце рэшт, жыццё, закрытае на любую трансцэндэнтнасць і абмежаванае індывідуальнымі выгодамі.

Каштоўнасць салідарнасці

114. Я хацеў бы звярнуць вашу ўвагу на салідарнасць. Яна «як маральная цнота і сацыяльнае стаўленне, будучы плёнам асабістага навяртання, патрабуе ўдзелу многіх суб’ектаў, адказных за адукацыю і фармацыю. У першую чаргу я думаю пра сем’і, пакліканыя да асноўнай і неад’емнай адукацыйнай місіі. Яны – першае месца, дзе жывуць каштоўнасцямі любові і братэрства, суіснавання і шчодрасці, клопату і апекі і перадаюць іх. Яны таксама з’яўляюцца прывілеяваным асяроддзем для перадачы веры, пачынаючы з першых простых жэстаў пабожнасці, якім маці вучаць сваіх дзяцей. Педагогі і выхавацелі, якія ў школе ці ў іншых установах выконваюць складанае заданне па выхаванні дзяцей і моладзі, павінны разумець, што іх адказнасць датычыць маральнага, духоўнага і сацыяльнага вымярэнняў чалавека. Такія каштоўнасці, як свабода, узаемная павага і салідарнасць, прывіваюцца з ранняга дзяцінства. [...] Тыя, хто працуе ў сферы культуры і сродкаў масавай камунікацыі, таксама нясуць адказнасць з пункту гледжання адукацыі і фармацыі, асабліва ў сучасным грамадстве, дзе доступ да сродкаў інфармацыі і камунікацыі становіцца ўсё больш распаўсюджаным» [87].

115. Калі часам здаецца, што ўсё развальваецца і губляе паслядоўнасць, варта звярнуцца да саліднасці [88], якая вынікае з разумення, што мы нясем адказнасць за слабасць іншых, калі імкнемся будаваць агульную будучыню. Салідарнасць выяўляецца праз служэнне, якое можа прымаць розныя формы адказнасці за іншых. Служэнне «звычайна азначае клопат пра слабых. Служыць – значыць клапаціцца пра слабых у нашых сем’ях, у нашым грамадстве, у нашай краіне». Ажыццяўляючы гэтую паслугу, кожны чалавек можа «пакінуць у баку свае памкненні, спадзяванні і жаданні стаць усемагутным, калі апынаецца перад канкрэтнымі найслабейшымі людзьмі грамадства. [...] Служэнне заўсёды глядзіць брату ў твар, дакранаецца да ягонага цела, адчувае яго блізкасць, а нават у некаторых выпадках „зносіць” яе і імкнецца да развіцця брата. Таму служэнне ніколі не бывае ідэалагічным, бо мы не служым ідэям, мы служым людзям» [89].

116. Найменшыя наогул «рэалізуюць той асаблівы від салідарнасці, які ўзнікае паміж церпячымі і беднымі людзьмі, аб якім наша цывілізацыя, здаецца, забываецца ці, па меншай меры, хоча забыцца. Слова „салідарнасць” не заўсёды падабаецца; я б сказаў, што мы ў пэўных сітуацыях чынілі з яе непрыгожае слова, якое нельга вымаўляць. Але салідарнасць азначае значна больш, чым эпізадычныя праявы шчодрасці. Гэта разважанне і дзеянне ў катэгорыях супольнасці і прыярытэту жыцця ўсіх людзей над прысваеннем дабротаў нямногімі. Гэта таксама барацьба са структурнымі прычынамі беднасці, няроўнасці, адсутнасці занятасці, зямлі і жылля, парушэннняў грамадскіх і працоўных правоў. Гэта супрацьстаянне згубным наступствам імперыі грошай […]. Салідарнасць у яе глыбокім сэнсе – гэта спосаб стварэння гісторыі, і гэтым займаюцца народныя рухі» [90].

117. Калі мы закранаем тэму клопату пра агульны дом, якім з’яўляецца планета, то звяртаемся да таго мінімума агульнага сумлення і трывогі адносна ўзаемнага клопату, якія могуць яшчэ быць у людзях. Бо калі ў кагосьці вады хапае з лішкам, аднак пры гэтым ён клапоціцца пра яе, памятаючы пра ўсё чалавецтва, гэта адбываецца таму, што ён дасягнуў маральнага ўзроўню, які дазваляе яму выходзіць па­за свае межы і межы групы, да якой ён належыць. Гэта пачалавечы цудоўна! Падобнае стаўленне неабходна для прызнання правоў кожнага чалавека, нават калі ён паходзіць з іншай краіны.

Вярнуць уласнасці грамадскую функцыю

118. Свет існуе для ўсіх, бо мы ўсе нараджаемся на гэтай зямлі з такой самай годнасцю. Розніца ў колеры, рэлігіі, здольнасцях, месцах паходжання, пражывання і ў іншых аспектах не можа станавіцца апраўданнем прывілеяў некаторых коштам правоў усіх людзей. Па гэтай жа прычыне як супольнасць мы абавязаныя забяспечыць кожнаму чалавеку годнае жыццё і адпаведную магчымасць цэласнага развіцця.

119. У першыя стагоддзі хрысціянскай веры многія мысліцелі развівалі ў сваіх творах агульнае перакананне ў паўсюдным прызначэнні створаных дабротаў [91]. Гэта вяло іх да высновы, што калі ў кагосьці нестае самага неабходнага для годнага жыцця, то прычына ў тым, што хтосьці іншы гэта сабе прысвоіў. Святы Ян Хрызастом, падсумоўваючы такі погляд, казаў: «Не аддаць бедным частку сваіх дабротаў – значыць абрабаваць бедных, пазбавіць іх жыцця, а тое, што мы маем, не наша, а іх» [92]. Гэтаксама і паводле слоў св. Грыгорыя Вялікага, «калі мы даём патрабуючым самае неабходнае, мы даём тое, што належыць ім, а не нам» [93].

120. Яшчэ раз засвойваю і прапаную ўсім некалькі слоў св. Яна Паўла II, сіла якіх, магчыма, застаецца незаўважанай: «Бог даў зямлю ўсяму чалавецтву, каб яна ўтрымлівала ўсіх яго членаў без выключэння і адрознення» [94]. У гэтым кантэксце нагадваю, што «Хрысціянская традыцыя ніколі не прызнавала права на прыватную ўласнасць абсалютнай і непарушнай і падкрэслівала грамадскую функцыю ўсялякай формы прыватнай уласнасці» [95]. Прынцып сумеснага выкарыстання ўсіх створаных дабротаў з’яўляецца «першакрыніцай усяго сацыяльна­этычнага ладу» [96], гэта натуральны, першапачатковы і прыярытытны закон [97]. Усе іншыя правы, якія тычацца дабротаў, неабходных для поўнай рэалізацыі асоб, уключна з правам на прыватную ўласнасць, «павінны не перашкаджаць, а, наадварот, садзейнічаць іх рэалізацыі» [98], як сцвердзіў св. Павел VI. Права на прыватную ўласнасць разглядаецца толькі як другаснае натуральнае права і вынікае з прынцыпу ўніверсальнага прызначэння створаных дабротаў, што мае вельмі канкрэтныя наступствы, якія павінны знайсці адлюстраванне ў функцыянаванні грамадства. Аднак часта бывае так, што другасныя правы ставяцца вышэй за прыярытэтныя і асноўныя правы, у выніку чаго яны не маюць ніякага практычнага значэння.

Правы без межаў

121. Такім чынам, ніхто не павінен быць выключаны па прычыне таго, дзе ён нарадзіўся, і тым больш з­за прывілеяў, якія маюць іншыя, бо яны нарадзіліся ў месцах з большымі магчымасцямі. Дзяржаўныя акты і межы не павінны гэтаму садзейнічаць. Падобна таму, як недапушчальна, што асоба мае менш правоў, бо з’яўляецца жанчынай, гэтак жа недапушчальна, каб месца нараджэння ці пражывання само па сабе прадвызначала меншыя шанцы на годнае жыццё і развіццё.

122. Развіццё не павінна быць накіравана на штораз большае назапашванне дабротаў нямногімі, але павінна забяспечваць «чалавечыя правы, асабістыя і грамадскія, эканамічныя і палітычныя, уключна з правамі народаў і нацый» [99]. Права некаторых на свабоду прадпрымальніцтва або рынку нельга ставіць вышэй за правы народаў і годнасці бедных, ані вышэй за пашану да навакольнага асяроддзя, бо «той, хто мае яго частку, мае яго толькі для таго, каб распараджацца ім дзеля дабра ўсіх» [100].

123. Па сваёй сутнасці, прадпрымальніцкая дзейнасць мае «высакароднае пакліканне, якое імкнецца да стварэння дабротаў і ўдасканалення свету для ўсіх» [101]. Бог нас падтрымлівае, чакае, што мы будзем развіваць здольнасці, якія нам даў, напаўняць Сусвет магчымасцямі развіцця. У Яго планах «кожны чалавек пакліканы да развіцця» [102], а гэта ўключае пашырэнне эканамічных і тэхналагічных магчымасцяў, якія дазваляюць павялічваць даброты і багацце. Аднак, у любым выпадку, гэтыя здольнасці прадпрымальнікаў – Божы дар, яны павінны спрыяць развіццю іншых людзей і пераадоленню беднасці, асабліва шляхам стварэння разнастайных магчымасцяў для працы. Заўсёды, паралельна з правам на прыватную ўласнасць, існуе больш важны і галоўны прынцып падпарадкавання ўсёй прыватнай уласнасці паўсюднаму прызначэнню дабротаў зямлі, а значыць, і права ўсіх карыстацца імі [103].

Правы народаў

124. Сёння ўпэўненасць у паўсюдным прызначэнні дабротаў зямлі патрабуе, каб яно датычыла таксама краін, іх тэрыторый і рэсурсаў. З пункту гледжання не толькі законнасці прыватнай уласнасці і правоў грамадзянаў дадзенай краіны, але таксама з пункту гледжання першаснага закону агульнага прызначэння дабротаў, можам сказаць, што кожная краіна з’яўляецца краінай чужаземца, бо нельга адмовіць патрабуючым, якія паходзяць з іншага месца, у дабротах з гэтай тэрыторыі. Як навучалі біскупы Злучаных Штатаў, існуюць асноўныя правы, якія «папярэднічаюць любому грамадству, таму што яны вынікаюць з годнасці, дадзенай кожнаму чалавеку як створанаму Богам» [104].

125. Гэта прадугледжвае іншы спосаб разумення адносінаў і абмену паміж краінамі. Калі кожны чалавек валодае неад’емнай годнасцю, калі ўсе людзі з’яўляюцца маімі братамі і сёстрамі, і калі свет сапраўды належыць кожнаму, тады не мае значэння, нарадзіўся хтосьці ў маёй краіне ці дзе­небудзь яшчэ. Таксама і мая краіна падзяляе адказнасць за яго развіццё, хоць можа выконваць гэты абавязак рознымі спосабамі: велікадушна прыняць таго, хто мае пільную патрэбу, палепшыць умовы жыцця на тэрыторыях, дзе ён нарадзіўся, адмовіўшыся выкарыстоўваць гэтыя краіны або пазбаўляць іх прыродных рэсурсаў, падтрымліваючы карумпаваныя сістэмы, якія перашкаджаюць годнаму развіццю народаў. Тое, што тычыцца народаў, справядліва і для розных рэгіёнаў у кожнай краіне, у якіх часта існуюць занадта вялікія няроўнасці. Часам немагчымасць прызнаць роўную чалавечую годнасць прымушае больш развітыя рэгіёны некаторых краін думаць, што яны могуць адмовіцца ад «баласту» бедных рэгіёнаў і, такім чынам, павялічыць узровень спажывання.

126. Мы гаворым пра новую сетку міжнародных адносінаў, бо няма магчымасці вырашыць сур’ёзныя праблемы нашага свету, калі мы працягваем думаць толькі аб узаемадапамозе паміж асобнымі людзьмі ці невялікімі групамі. Варта памятаць і пра тое, што «няроўнасць уплывае не толькі на адзінкі, але таксама на цэлыя краіны і змушае думаць пра этыку міжнародных адносінаў» [105]. Сапраўды, справядлівасць патрабуе «прызнання i шанавання слушных правоў кожнай асобы i кожнага народу» [106]. Гэта азначае гарантыю «асноўнага права народаў на існаванне і прагрэс» [107], права, якое часам сур’ёзна абмяжоўваецца ціскам з прычыны знешняга доўгу. У многіх выпадках пагашэнне запазычанасці не толькі не спрыяе развіццю, але абмяжоўвае яго і моцна санкцыяніруе. Пры захаванні прынцыпу, паводле якога ўвесь законна набыты доўг павінен быць пагашаны, спосаб, якім многія бедныя краіны выконваюць гэта абавязацельства перад багатымі краінамі, не павінен пагражаць існаванню і развіццю першых.

127. Безумоўна, усё гэта патрабуе іншага мыслення. Калі не паспрабуем ўвайсці ў гэтую логіку, мае словы будуць гучаць як фантазія. Аднак, калі мы прымем гэты вялікі фундамент правоў, які вынікае з нашай неад’емнай чалавечай годнасці, мы можам прыняць заклік марыць і думаць пра новае чалавецтва. Мы можам тужыць аб планеце, якая забяспечыць зямлёю, домам і працай усіх. Вось сапраўдны шлях да спакою, а не бессэнсоўная і недальнабачная стратэгія сеяння страху і недаверу перад знешнімі пагрозамі. Сапраўдны і трывалы спакой будзе магчымы толькі «на аснове глабальнай этыкі салідарнасці і супрацоўніцтва ў служэнні будучыні, якая фарміруецца праз узаемазалежнасць і агульную адказнасць усёй чалавечай сям’і» [108].

Раздзел IV

СЭРЦА, АДКРЫТАЕ ДЛЯ ЎСЯГО СВЕТУ

128. Сцвярджэнне, што ўсе людзі з’яўляюцца братамі і сёстрамі, калі не застаецца абстрактнай ідэяй, а знаходзіць канкрэтнае ўвасабленне, ставіць перад намі шматлікія выклікі, якія нас кранаюць, прымушаюць прыняць новыя перспектывы і выпрацоўваць новыя адказы.

Абмежаванне межаў

129. Складаныя праблемы ўзнікаюць тады, калі наш бліжні аказваецца мігрантам [109]. У ідэале трэба пазбягаць непатрэбнай міграцыі; а шляхам да ажыццяўлення гэтай мэты з’яўляецца стварэнне ў краінах паходжання канкрэтных магчымасцяў для годнага жыцця і ўзрастання, каб там можна было знайсці ўмовы для ўласнага інтэгральнага развіцця. Тым не менш, пакуль не будзе дасягнуты істотны прагрэс у гэтым напрамку, мы абавязаны паважаць права ўсіх людзей знайсці месца, якое адпавядае яго асноўным патрэбам і патрэбам яго сям’і, дзе яны змогуць у поўні рэалізавацца як асобы. Наш адказ на прыбыццё мігрантаў можна абагульніць чатырма дзеясловамі: вітаць, абараняць, падтрымліваць і інтэграваць. Бо «справа не ў рэалізацыі праграм дапамогі зверху ўніз, а ў сумесным шляху праз гэтыя чатыры дзеянні, каб будаваць гарады і краіны, якія, захоўваючы сваю культурную і рэлігійную тоеснасць, будуць адкрытыя на адрозненні і будуць паважаць іх у духу чалавечага братэрства» [110].

130. Гэта прадугледжвае прыняцце пэўных неабходных крокаў, асабліва ў выпадку асобаў, якія ратуюцца ад цяжкіх гуманітарных крызісаў. Напрыклад, павелічэнне колькасці выдаваемых візаў і спрашчэнне працэдураў; прыняцце праграм індывідуальнага і грамадскага спонсарства; адкрыццё гуманітарных калідораў для бежанцаў, якія знаходзяцца ў найбольш складанай сітуацыі; прапанаванне адпаведнага і годнага жылля; гарантаванне асабістай бяспекі і доступу да асноўных паслуг; гарантаванне адпаведнай консульскай апекі, права мець пры сабе асабістыя дакументы, якія пацвярджаюць асобу; роўны доступ да сістэмы правасуддзя; магчымасць адкрываць банкаўскія рахункі і гарантыя неабходных для жыцця сродкаў; гарантыя свабоды перамяшчэння і магчымасць працаўладкавання; абарона непаўналетніх і прадстаўленне ім рэгулярнага доступу да адукацыі; гарантыя часовай апекі або праграм прыёму; гарантыя рэлігійнай свабоды; падтрымка інтэграцыі ў грамадства; садзейнічанне ўз’яднанню сем’яў і падрыхтоўка мясцовых супольнасцяў да працэсу інтэграцыі [111].

131. Для тых, хто прыбыў даўно і ўжо стаў часткай грамадства, важна ўжываць канцэпцыю грамадзянства, якое «заснавана на роўнасці правоў і абавязкаў, згодна з якой, усе карыстаюцца справядлівасцю. Таму вельмі важна стварыць у нашых грамадствах канцэпцыю поўнага грамадзянства і адкінуць дыскрымінацыйнае выкарыстанне паняцця меншасці, якое нараджае пачуццё ізаляцыі і непаўнавартаснасці. Яно адкрывае шлях варожасці і разладу; знішчае поспехі і пазбаўляе рэлігійных і грамадзянскіх правоў некаторых грамадзянаў, якія праз гэта падвяргаюцца дыскрымінацыі» [112].

132. Акрамя розных неабходных крокаў, дзяржавы не могуць самастойна выпрацаваць адэкватныя рашэнні, «паколькі наступствы кожнага зробленага імі выбару маюць непазбежны ўплыў на ўсю міжнародную супольнасць». Таму «адказ можа быць толькі плёнам супольнай працы» [113], праз стварэнне формы глабальнага заканадаўства ( governance), якое датычыць міграцыі. Любым коштам трэба выпрацаваць «сярэднетэрміновыя і доўгатэрміновыя планы, больш комплексныя, чым простае рэагаванне на крызіс. Такое планаванне, з аднаго боку, павінна сапраўды падтрымаць інтэграцыю мігрантаў у краінах, якія іх прымаюць, і адначасова садзейнічаць развіццю краін іх паходжання шляхам салідарнасці, але такой, якая не абумоўлівае дапамогу прыняццем стратэгій і дзеянняў, ідэалагічна чужых або супярэчлівых з культурай народаў, якім яна аказваецца» [114].

Абмен дарамі

133. Прыбыццё розных людзей, якія паходзяць з іншых жыццёвых і культурных асяроддзяў, становіцца дарам, бо «гісторыя мігрантаў – гэта таксама сустрэча паміж людзьмі і паміж культурамі: супольнасцям і грамадствам, у якія яны прыбываюць, яны даюць магчымасць для ўзбагачэння і цэласнага чалавечага развіцця ўсіх» [115]. Па гэтай прычыне «я прашу асабліва маладых людзей, каб яны не патрапілі ў сеткі тых, хто хоча супрацьставіць іх іншым маладым людзям, якія прыбываюць у іх краіны, апісваючы іх як небяспечных людзей і так, быццам бы яны не маюць той самай неад’емнай годнасці, якую мае кожная чалавечая істота» [116].

134. З іншага боку, калі мы сардэчна прымаем кагосьці чужога, то дазваляем яму заставацца самімі сабой і ў той жа час даём магчымасць новага развіцця. Розныя культуры, якія на працягу стагоддзяў развівалі сваё багацце, трэба захоўваць, каб наш свет не збяднеў. Разам з тым, варта заахвочваць іх быць адкрытымі для новага досведу пры сустрэчы з іншымі рэаліямі, каб праз гэта нараджалася штосьці новае. Вось чаму «нам трэба камунікаваць адзін з адным, выяўляць дары кожнага чалавека, умацоўваць тое, што нас аб’ядноўвае, і разглядаць нашыя адрозненні як магчымасць узрастаць ва ўзаемнай павазе. Неабходны цярплівы і даверлівы дыялог, які дазволіць людзям, сем’ям і супольнасцям перадаваць каштоўнасці сваёй культуры і прымаць дабро, якое нараджаецца з досведу іншых» [117].

135. Прывяду некалькі прыкладаў, якія я згадваў у мінулым. Лацінаамерыканская культура – гэта «закваска каштоўнасцяў і магчымасцяў, якія могуць значна ўзбагаціць Злучаныя Штаты […], бо інтэнсіўная іміграцыя заўсёды пакідае след і змяняе культуру дадзенага месца. […] У Аргенціне інтэнсіўная іміграцыя з Італіі пакінула след у культуры грамадства, а прысутнасць каля двухсот тысячаў габрэяў вельмі паўплывала на культурны стыль Буэнас­Айрэса. Імігранты, калі ім дапамагаюць інтэгравацца, з’яўляюцца благаслаўленнем, багаццем і новым дарам, які заахвочвае грамадства да развіцця» [118].

136. Пашыраючы перспектыву, мы з вялікім імамам Ахмадам Аль­Тайібам адзначылі, што «добрыя адносіны паміж Усходам і Захадам, бясспрэчна, неабходныя для абодвух бакоў. Іх нельга занядбоўваць, бо кожны можа ўзбагаціцца культурай іншага праз плённы абмен і дыялог. Захад можа знайсці на Усходзе лекі ад тых духоўных і рэлігійных хваробаў, якія выкліканы пануючым матэрыялізмам. І Усход можа знайсці на Захадзе шмат элементаў, якія могуць дапамагчы яму вызваліцца ад слабасці, падзелаў, канфліктаў, а таксама навукова­тэхнічнага і культурнага заняпаду. Важна звярнуць увагу на рэлігійныя, культурныя і гістарычныя адрозненні, якія з’яўляюцца жыццёва важным кампанентам фарміравання характару, культуры і цывілізацыі Усходу. Акрамя таго, важна ўмацоўваць асноўныя правы чалавека, каб дапамагчы забяспечыць годнае жыццё ўсім мужчынам і жанчынам Усходу і Захаду, пазбягаючы палітыкі падвойных стандартаў» [119].

Плённы абмен

137. Узаемадапамога паміж краінамі прыносіць у выніку карысць усім. Краіна, якая развіваецца на сваім культурным падмурку, – гэта скарб для ўсяго чалавецтва. Нам трэба абуджаць усведамленне таго, што ў наш час мы або ўсе ўратуемся, або не ўцалее ніхто. Беднасць, дэградацыя і цярпенне ў адной частцы зямлі з’яўляюцца нямым рассаднікам праблем, якія ў канчатковым выніку закрануць усю планету. Калі нас турбуе знікненне некаторых відаў, мы павінны быць тым больш занепакоеныя тым, што ў некаторых частках нашага свету людзям ці народам перашкаджае развіваць свой патэнцыял і прыгажосць беднасць або іншыя структурныя абмежаванні. У рэшце рэшт, з­за гэта збяднеем мы ўсе.

138. Гэта заўсёды было відавочна, а тым больш сёння, калі з­за глабалізацыі свет стаў вельмі моцна ўзаемазвязаны. Нам трэба пабудаваць глабальны юрыдычны, палітычны і эканамічны парадак, «які павялічыць і скіруе міжнароднае супрацоўніцтва да салідарнага развіцця ўсіх народаў» [120]. У выніку гэта прынясе дабро ўсяму свету, бо «дапамога на карысць развіцця бедных краін» азначае «стварэнне багаццяў для ўсіх» [121]. З пазіцыі інтэгральнага развіцця гэта азначае «прадастаўленне больш бедным народам рэальнага голасу ў прыняцці супольных рашэннях» [122] і магчымасць уласнага ўдзелу ў павелічэнні «доступу бедных і менш развітых краін да міжнароднага рынку» [123].

Гасцінная бескарыслівасць

139. Аднак, мне б не хацелася абмяжоўваць гэты падыход якой­небудзь формай утылітарызму. Існуе бескарыслівасць. Гэта здольнасць рабіць пэўныя рэчы проста таму, што яны добрыя самі па сабе, і не дбаць пра асабістую выгаду, не разлічваць на атрыманне чагосьці ўзамен. Бескарыслівасць дазваляе нам прыняць чужаземца, хоць у дадзеную хвіліну гэта не прыносіць нам ніякай адчувальнай выгады. Аднак некаторыя краіны хацелі б прымаць толькі навукоўцаў ці інвестараў.

140. Той, хто не жыве ў братэрскай бескарыслівасці, ператварае сваё жыццё ў шалёны гандаль, дзе пастаянна ўзважваецца на шалях: што я даў і што атрымаў узамен. Але Бог дае бясплатна, дапамагаючы нават тым, хто не захоўвае Яму вернасць, і «загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі» (Мц 5, 45). Таму Езус сказаў нам: «Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая, каб міласціна твая была патаемнай. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе» (Мц 6, 3­4). Мы атрымалі жыццё задарма, нічога за яго не заплацілі. Значыць, мы ўсе можам даваць, не чакаючы нічога ўзамен, рабіць дабро, не патрабуючы, каб асоба, якой мы дапамагаем, адказала тым жа. Менавіта таму Езус заахвочвае сваіх вучняў: «Задарма атрымалі, задарма давайце» (Мц 10, 8).

141. Сапраўдная каштоўнасць розных краін нашага свету вымяраецца іх здольнасцю думаць не толькі як краіна, але і як частка большай чалавечай сям’і, што яскрава выяўляецца ў крытычныя моманты. У выніку, вузкія формы нацыяналізму выражаюць тую няздатнасць да бескарыслівасці, памылковае перакананне, што можна развівацца здалёк ад няшчасця іншых, што, зачыніўшы дзверы для іншых, можна лепш абараніцца. Імігранта разглядаюць як узурпатара, які нічога не дае. Гэта прыводзіць да наіўнага меркавання, што бедныя небяспечныя або бескарысныя, а заможныя – шчодрыя дабрачынцы. Толькі сацыяльная і палітычная культура, у якой ёсць бескарыслівая гасціннасць, мае будучыню.

Мясцовае і паўсюднае

142. Варта нагадаць, што «існуе таксама напружанне паміж глабальным і мясцовым. Трэба звярнуць увагу на глабальнае вымярэнне, каб не паддацца спакусе вузкага, абмежаванага погляду. Адначасова трэба трымаць у полі зроку мясцовае вымярэнне, дзякуючы чаму мы цвёрда ступаем па зямлі. Абодва гэтыя вымярэнні, калі яны спалучаны, засцерагаюць ад гэтых крайніх пастаў. Першая – калі грамадзяне жывуць у абстрактным і глабалізаваным сусвеце [...]. Другая – калі становяцца фальклорным музеем мясцовых „пустэльнікаў”, асуджаных на бясконцае паўтарэнне таго ж самага, якія няздольныя рэагаваць на штосьці іншае і захапляцца прыгажосцю, якую Бог рассейвае па­за іх межамі» [124]. Мы павінны глядзець глабальна, каб уратавацца ад хатняй правінцыйнасці. Калі наш дом перастае быць сям’ёй і робіцца клеткай, турмой, тады на дапамогу прыходзіць глабальнае вымярэнне, бо з’яўляецца апошняй слушнай рэччу, якая вабіць нас да паўнаты. У той жа час, мы павінны мець адкрытае сэрца і на мясцовае вымярэнне, бо ў ім ёсць штосьці такое, чаго няма ў глабальным: яно здольнае стаць закваскай, узбагачэннем, запускам механізмаў субсідыярнасці. Такім чынам, паўсюднае братэрства і сацыяльнае сяброўства – гэта два непадзельныя і аднолькава важныя полюсы ў кожным грамадстве. Раздзяліць іх азначала б дэфармаваць абодвух і стварыць небяспечную палярызацыю.

Мясцовы каларыт

143. Выйсцем не становіцца адкрытасць, якая выракаецца ўласнага скарбу. Як не можа быць дыялогу з іншымі без адчування сваёй асабістай тоеснасці, так не можа быць і адкрытасці паміж народамі, калі яна не грунтуецца на любові да сваёй зямлі, народу і культурных рысаў. Я не магу па­сапраўднаму сустрэцца з іншым, калі не маю цвёрдага грунту пад нагамі, дзе знаходзяцца мае карані, бо менавіта на гэтым падмурку я магу прыняць дар іншай асобы, і, у сваю чаргу, прапанаваць яму штосьці сапраўднае. Я магу прыняць іншага чалавека, які адрозніваецца ад мяне, і дацаніць унікальны ўклад, які ён робіць, толькі тады, калі я глыбока ўкаранёны ў сваім народзе і культуры. Кожны любіць сваю зямлю і краіну і з асаблівай адказнасцю клапоціцца пра іх, гэтак жа як любіць і дбае пра свой дом, бо гэтага не зробяць суседзі. Агульнае дабро свету таксама патрабуе, каб мы абаранялі і любілі сваю ўласную зямлю. У адваротным выпадку наступствы катастрофы ў адной краіне закрануць усю планету. Усё гэта вынікае са станоўчага значэння права ўласнасці: я даглядаю і развіваю тое, чым валодаю, каб гэта магло спрыяць дабру ўсіх.

144. Больш за тое, такі прынцып ляжыць у аснове здаровага і ўзбагачальнага абмену. Досвед жыцця ў пэўным месцы і культуры дапамагае нам зразумець аспекты рэчаіснасці, якія іншыя не могуць так лёгка ўспрыняць, паколькі не мелі такога досведу. Паўсюднае не павінна быць аднароднай, аднастайнай і стандартызаванай сферай адзінай пануючай культурнай мадэлі, якая, у рэшце рэшт, страціць рысы шматграннасці і прыцягальнасці. Пра такую спакусу гаворыцца ў старажытным апавяданні пра Бабілёнскую вежу: пабудова, якая павінна была сягаць нябёсаў, не стала выразам адзінства паміж рознымі народамі, здольнымі размаўляць паміж сабой, згодна са сваёй разнастайнасцю. Наадварот, вежа была памылковай, народжанай з пыхі і чалавечай амбіцыі, спробай, стварыць еднасць, якая супярэчыла той, якую прадугледзеў для народаў Бог у сваім Провідзе (пар. Быц 11, 1­9).

145. Існуе фальшывая адкрытасць на тое, што з’яўляецца ўніверсальным, што паходзіць з пустой павярхоўнасці тых, хто не здольны глыбокага зразумець сваю айчыну, ці тых, хто мае незагоеныя крыўды на свой народ. У любым выпадку, «заўсёды трэба глядзець шырэй, каб распазнаць большае дабро, якое прыносіць карысць усім. Аднак гэта трэба рабіць без ухілення і выкаранення. Трэба пусціць карані ва ўраджайную зямлю і ў гісторыю свайго краю, які з’яўляецца дарам Бога. Працаваць у тым, што малое, мясцовае, у лучнасці з тым, што блізкае, але з больш шырокай перспектывай [...]. Гэта не глабальная сфера, якая вядзе да размывання, і не ізаляваная частковасць, якая асуджае чалавека на пустату» [125], але гэта шматграннік, у якім паважаецца каштоўнасць кожнага, а «паўната становіцца чымсьці большым за частку і чымсьці большым за іх звычайную суму» [126].

Універсальны гарызонт

146. Існуе нейкі мясцовы нарцысізм, які не мае сувязі са здаровай любоўю да свайго народу і культуры. У ім хаваецца дух закрытасці, які з­за пачуцця няўпэўненасці і страху перад іншымі, імкнецца ўзвесці муры самаабароны. Немагчыма мець здаровы падыход да «мясцовага» без шырокай і добразычлівай адкрытасці на «ўніверсальнае», без дазволу, каб тое, што адбываецца ў іншых месцах, станавілася выклікам для нас, без узбагачэння іншымі культурамі і салідарызацыі з трагедыямі, якія закранаюць іншыя народы. Гэтая недарэчная прывязанасць да мясцовага надакучліва замыкае нас у некалькіх ідэях, звычаях і фактарах бяспекі, бо перад абліччам шматлікіх магчымасцяў і прыгажосцю, якую прапануе цэлы свет, яна не можа захапляцца і пазбаўлена сапраўднага і шчодрага духу салідарнасці. Такім чынам мясцовае жыццё перастае быць па­сапраўднаму ўспрымальным, не дазваляе ўзаемадапаўняцца; таму абмяжоўваюць яго магчымасці развіцця, яно становіцца статычным і заганным. Па сутнасці кожная здаровая культура адкрытая і гасцінная, а «культура без універсальных каштоўнасцяў не з’яўляецца сапраўднай культурай» [127].

147. Звернем увагу, чым вузейшыя гарызонты думкі і сэрца чалавека, тым менш ён здольны да інтэрпрэтацыі блізкай яму рэчаіснасці, у якой ён існуе. Без сувязяў і сустрэч з людзьмі, якія адрозніваюцца ад нас, цяжка дасягнуць дакладнага і поўнага пазнання нават саміх сябе і роднай зямлі. Іншыя культуры – гэта не «ворагі», ад якіх нам трэба абараняцца, а розныя адлюстраванні невычэрпнага багацця чалавечага жыцця. Убачыўшы сябе з пункту гледжання кагосьці іншага, непадобнага да нас, кожны можа лепш распазнаць асаблівасці сваёй асобы і адметнасці культуры: яе багацце, магчымасці і абмежаванні. Досвед адной мясцовасці павінен развівацца «ў кантрасце» і «ў гармоніі» з досведам іншых людзей, якія жывуць у іншых культурных кантэкстах [128].

148. На самай справе здаровая адкрытасць ніколі не пярэчыць тоеснасці. Культура жыцця праз узбагачэнне элементамі іншага паходжання, не стварае копій ці простага паўтарэння, але інтэгруе новае па­свойму. У выніку нараджаецца новы сінтэз, карысны для ўсіх, бо сама культура, з якой зачэрпнуты пэўны ўклад, па­новаму ім узбагачаецца. Вось чаму я заклікаў карэнныя народы шанаваць свае карані і культуру продкаў, аднак, хацеў падкрэсліць, што не маю намеру прапаноўваць «цалкам закрытую, негістарычную, статычную палітыку ў адносінах да карэнных народаў, якая адхіляе любыя формы змешвання», бо «ўласная культурная тоеснасць паглыбляецца і ўзбагачаецца ў дыялогу з тымі, хто непадобны да нас, а сапраўдным шляхам яе захавання не з’яўляецца ізаляцыя, якая абядняе нас» [129]. Свет расце і напаўняецца новай прыгажосцю дзякуючы паслядоўным сінтэзам, якія адбываюцца паміж культурамі, адкрытымі і свабоднымі ад любых формаў культурнага навязвання.

149. Для будавання здаровых адносінаў паміж любоўю да айчыны і пачуццём прыналежнасці да ўсяго чалавецтва важна мець на ўвазе, што глабальнае грамадства – гэта не сума розных краін, а існуючая паміж імі еднасць і ўзаемаўдзел, які папярэднічае з’яўленню якой­небудзь асобнай групы. Менавіта ў гэтую повязь паўсюднай еднасці ўваходзіць кожная чалавечая група і адкрывае там сваю прыгажосць. Такім чынам, кожны чалавек, народжаны ў пэўным кантэксце, ведае, што ён належыць да большай сям’і, без якой немагчыма зразумець сябе ў поўнай меры.

150. Такі падыход патрабуе радаснага ўсведамлення таго, што ні адзін народ, культура ці асобныя людзі не могуць дасягнуць усяго самастойна. Нам абавязкова патрэбны іншыя для будавання больш поўнага жыцця. Усведамленне ўласных абмежаванняў і незавершанасці не столькі пагроза, колькі ключ да ўяўлення і распрацоўкі агульнага праекта. Бо «чалавек – гэта істота­мяжа, якая не мае мяжы» [130].

Са свайго рэгіёна

151. Дзякуючы рэгіянальным абменам бедныя краіны пачынаюць адкрывацца для ўсяго свету, а таксама становіцца магчымай такая паўсюднасць, якая не размывае іх адметныя рысы. Адпаведная і сапраўдная адкрытасць для свету прадугледжвае здольнасць зычліва адносіцца да свайго суседа ў сям’і народаў. Культурная, эканамічная і палітычная інтэграцыя з суседнімі народамі павінна суправаджацца адукацыйным працэсам, які прапагандуе каштоўнасць любові да свайго суседа, што з’яўляецца першым неабходным крокам на шляху да здаровай паўсюднай інтэграцыі.

152. У некаторых раёнах нашых гарадоў па­ранейшаму жыве дух «суседства», у якім кожны чалавек цалкам спантанна адчувае сябе абавязаным спадарожнічаць суседу і дапамагаць яму. У месцах, дзе захоўваюцца гэтыя грамадскія каштоўнасці, адносіны блізкасці вызначаюцца бескарыслівасцю, салідарнасцю і ўзаемнасцю, яны грунтуюцца на пачуцці супольнасці жыхароў раёна [131]. Як было б добра, каб суседнія краіны падтрымлівалі падобны дух добрасуседства паміж сваімі народамі! Аднак індывідуалістычнае бачанне ўплывае і на адносіны паміж краінамі. Небяспечны погляд, што мы павінны бараніцца адзін ад аднаго, бачыць у іншых небяспечных канкурэнтаў ці ворагаў, таксама ўплывае на адносіны паміж народамі рэгіёна. Магчыма, нас выхавалі ў такім страху і недаверы.

153. Ёсць магутныя дзяржавы і буйныя прадпрыемствы, якія маюць карысць ад гэтай ізаляцыі і наўмысна хочуць весці перамовы з кожнай краінай паасобку. Аднак малыя або бедныя краіны могуць падпісаць рэгіянальныя пагадненні са сваімі суседзямі, якія дазволяць ім весці перамовы ў межах блоку і не стаць маргінальнымі сегментамі, залежнымі ад вялікіх дзяржаў. Сёння ні адна адасобленая дзяржава не можа гарантаваць агульнае дабро сваім жыхарам.

РАЗДЗЕЛ V

ЛЕПШАЯ ПАЛІТЫКА

154. Каб стала магчымым развіццё глабальнай супольнасці, здольнай да братэрства на аснове сацыяльнага сяброўства паміж народамі і нацыямі, неабходна лепшая палітыка, якая будзе служыць сапраўднаму агульнаму дабру. На жаль, палітыка сёння часта набывае формы, якія ўскладняюць шлях да іншага свету.

Папулізмы і лібералізмы

155. Пагарда да слабых можа хавацца ў формах папулізму, якія выкарыстоўваюць безабаронных людзей у сваіх дэмагагічных мэтах, або ў формах лібералізму, якія служаць эканамічным інтарэсам моцных. У абодвух выпадках мы сутыкаемся з мысленнем, якому цяжка разважаць аб адкрытым свеце, дзе хапае месца для ўсіх, у тым ліку для найбольш слабых, дзе шануюцца розныя культуры.

Народны ці папулісцкі

156. У апошнія гады словы «папулізм» і «папулісцкі» праніклі ў сродкі масавай камунікацыі і ў штодзённыя размовы. Паступова яны губляюць сваё значэнне і могуць стаць яшчэ адной крыніцай палярызацыі ўжо падзеленага грамадства. Даходзіць да таго, што спрабуюць класіфікаваць усе індывіды, групы, грамадствы і ўрады паводле крытэрыя: «папулісцкія» ці «непапулісцкія». У наш час ужо немагчыма выказацца на любую тэму і не быць аднесеным да адной з гэтых супрацьлеглых катэгорый, што часам робіцца дзеля таго, каб несправядліва дыскрэдытаваць або празмерна пахваліць.

157. Тое, што папулізм пастуліруецца ў якасці ключа да інтэрпрэтацыі сацыяльнай рэчаіснасці, мае яшчэ адзін слабы пункт: ён не ўлічвае легітымнасць паняцця «народ». Спробы выдаліць гэтую катэгорыю з мовы могуць прывесці да выключэння самога паняцця дэмакратыі як «улады народу». Калі мы сцвярджаем, што грамадства з’яўляецца нечым большым, чым сукупнасцю індывідаў, тэрмін «народ» неабходны. На самай справе, існуюць сацыяльныя з’явы, якія фарміруюць большасць грамадства, а таксама мегатрэнды і супольныя памкненні; ёсць магчымасць ставіць агульныя мэты, незалежна ад рознагалоссяў, каб, такім чынам, рэалізаваць агульны праект. Урэшце рэшт, надзвычай цяжка запланаваць і здзейсніць доўгатэрміновы праект, калі ён не стане калектыўнай марай. Усё гэта выяўляецца ў словах «народ» і «народны». Калі яны не будуць прыняты да ўвагі – разам з сур’ёзнай крытыкай дэмагогіі, – будзе адкінуты фундаментальны аспект сацыяльнай рэчаіснасці.

158. Тут існуе непаразуменне. «Народ не з’яўляецца лагічнай або містычнай катэгорыяй, калі мы разумеем гэта ў тым сэнсе, што ўсё, ўчыненае народам, ёсць дабром, або ў тым сэнсе, што народ – анёльская рэчаіснасць. Не! Гэта хутчэй міфічная катэгорыя... Калі тлумачыш, чым з’яўляецца народ, выкарыстоўвай лагічныя катэгорыі: яны абавязковыя, гэта відавочна. Але такім чынам ты не растлумачыш, што такое прыналежнасць да народу. Слова «народ» мае больш глыбокае значэнне, якое нельга выкласці чыста лагічна. Быць часткай народу – значыць быць часткай супольнай тоеснасці, на якую ўплываюць сацыяльныя і культурныя сувязі. І гаворка ідзе не пра нешта аўтаматычнае, а якраз пра павольны, складаны працэс... да агульнага праекта» [132].

159. Народныя лідары, здольныя інтэрпрэтаваць пачуцці і культурную дынаміку народу, а таксама значныя тэндэнцыі ў грамадстве, насамрэч існуюць. Служэнне, якое яны нясуць сваімі намаганнямі па з’яднанні і кіраванні, можа стаць асновай трывалага праекта трансфармацыі і развіцця. Яно таксама ўлічвае здольнасць саступаць месца іншым у імкненні да агульнага дабра. Але гэта можа перарасці ў нездаровы папулізм, калі становіцца для кагосьці магчымасцю атрымаць падтрымку, каб палітычна выкарыстоўваць культуру народу пад любымі ідэалагічнымі знакамі дзеля сваіх асабістых планаў і ўтрымання ўлады. У іншым месцы такія людзі шукаюць папулярнасці, звяртаючыся да самых нізкіх і эгаістычных схільнасцяў пэўных слаёў насельніцтва. Яшчэ горш, калі ў грубай або больш тонкай форме гэта прыводзіць да ўзурпацыі інстытутаў і заканадаўчай сістэмы.

160. Закрытыя папулісцкія групы скажаюць слова «народ», бо, па сутнасці, не гавораць пра сапраўдны народ. Катэгорыя «народ» насамрэч адкрытая. Народ жывы, дынамічны, з будучыняй – гэта народ, пастаянна адкрыты для новага сінтэзу, здольны ўвабраць у сябе тое, што іншае. Пры гэтым ён не адракаецца ад сябе, але гатовы мабілізавацца, задаваць сабе пытанні, пашырацца, узбагачацца дзякуючы іншым і праз гэта можа развівацца.

161. Яшчэ адна прыкмета заняпаду народнага лідарства – імкненне да часовых выгадаў. Такое лідарства задавальняе папулярныя патрабаванні дзеля таго, каб набраць галасы і забяспечыць падтрымку, але не бярэцца за цяжкую і карпатлівую працу, якая дае людзям неабходныя рэсурсы, каб развівацца і зарабляць на жыццё ўласнымі намаганнямі і творчасцю. У сувязі з гэтым, я выразна даў зразумець, што «я далёкі ад прапановы безадказнага папулізму» [133]. З аднаго боку, ліквідацыя няроўнасці патрабуе эканамічнага росту, які выкарыстоўвае патэнцыял кожнага рэгіёна і тым самым гарантуе ўраўнаважаную справядлівасць [134]. З іншага боку, вынікае, што «планы дапамогі, якія задавольваюць толькі некаторыя пільныя патрэбы, трэба лічыць толькі як часовыя адказы» [135].

162. Вялікім пытаннем з’яўляецца працаўладкаванне. Сапраўды «народная» рэч – бо прапагандуе дабро народу – гэта гарантаванне кожнаму магчымасці развіваць тое, што Бог пасеяў у кожным з іх: таленты, ініцыятывы, сілы. Гэта лепшая дапамога, якую мы можам аказаць бедным, лепшы шлях да годнага жыцця. Адсюль і мая настойлівасць, што «фінансавая дапамога ўбогім заўсёды павінна быць безадкладным вырашэннем, каб задаволіць пільныя патрэбы. Праўдзівай мэтаю заўсёды павінна быць тое, каб забяспечыць ім магчымасці годнага жыцця дзякуючы працы» [136]. Не зважаючы на тое, як моцна змяняюцца сістэмы вытворчасці, палітыка не можа адмовіцца ад таго, каб арганізацыя грамадства давала кожнай асобе магчымасць зрабіць свой уклад адпаведна сваім здольнасцям і намаганням. Бо «няма беднасці горшай за тую, якая адбірае працу і годнасць працы» [137]. У сапраўды развітым грамадстве праца з’яўляецца неад’емным вымярэннем грамадскага жыцця не толькі як спосаб зарабіць на штодзённы хлеб, але як шлях асабістага ўзрастання, стварэння здаровых адносінаў, самавыяўлення і абмену дарамі, будавання пачуцця сумеснай адказнасці за развіццё свету і, у рэшце рэшт, за наша жыццё як народу.

Каштоўнасці і межы ліберальных бачанняў

163. Катэгорыя «народу», якая, натуральна, прадугледжвае пазітыўнае бачанне грамадскіх і культурных сувязяў, звычайна адкідваецца індывідуалістычнымі ліберальнымі падыходамі, якія разглядаюць грамадства толькі як сукупнасць існуючых інтарэсаў. Яны кажуць пра шанаванне свабоды, але без каранёў супольнага наратыву. У пэўным кантэксце тых, хто абараняе правы найбольш слабых членаў грамадства, часта абвінавачваюць у папулізме. Паводле гэтых поглядаў катэгорыя народу азначае міфалагізацыю таго, чаго на самой справе не існуе. Аднак гэта стварае непатрэбную палярызацыю, бо ні паняцце народу, ні паняцце бліжняга нельга лічыць чыста міфічнымі або рамантычнымі катэгорыямі, якія б выключалі ці ігнаравалі арганізацыю грамадства, навуку і інстытуты грамадзянскай супольнасці [138].

164. Міласэрнасць яднае абодва вымярэнні – міфічны і інстытуцыйны – бо звязана з эфектыўным працэсам гістарычных змен, які ахоплівае ўсё: інстытуты, закон, тэхналогіі, вопыт, прафесійны ўклад, навуковы аналіз, адміністрацыйныя працэдуры і г.д. У гэтым пытанні «па сутнасці, грамадскі лад з’яўляецца ўмовай існавання прыватнага жыцця: цяпло і блізкасць сямейнага жыцця немагчымыя без юрыдычнай аховы, якая забяспечвае спакой, заснаваны на законе і сіле, а таксама на мінімуме дабрабыту, дасягнутага дзякуючы падзелу працы, гандлёваму абмену, сацыяльнай справядлівасці і грамадзянскаму пачуццю» [139].

165. Сапраўдная міласэрнасць здольная спалучыць усе гэтыя элементы ў сваёй ахвярнасці, а паколькі праяўляецца ў асабістай сустрэчы, то можа дасягнуць і далёкіх або пакінутых брата і сястру, выкарыстоўваючы ўсе рэсурсы, якія толькі могуць стварыць інстытуты арганізаванага, свабоднага і творчага грамадства. Напрыклад, нават міласэрнаму самараніну трэба было мець побач заезд, дзе маглі б аказаць дапамогу, якую ён асабіста не мог забяспечыць. Любоў да бліжняга рэалістычная і не марнуе ніводнага сродка, каб наблізіць гістарычныя змены, якія могуць прынесці карысць бедным і абяздоленым. Аднак часам левыя ідэалогіі або сацыяльныя дактрыны, звязаныя з індывідуалістычнымі спосабамі дзеянняў і неэфектыўнымі працэдурамі, закранаюць толькі нешматлікіх, а тымчасам большасць тых, хто застаўся, па­ранейшаму залежыць ад добрай волі некаторых асобаў. Гэта дэманструе неабходнасць большага развіцця не толькі духоўнасці братэрства, але і больш эфектыўнай арганізацыі свету, каб дапамагчы вырашыць праблемы пакінутых людзей, якія пакутуюць і паміраюць у бедных краінах. Гэта таксама паказвае, што не існуе адзінага рашэння, адзінай прымальнай метадалогіі, эканамічнага рэцэпту, які можна аднолькава ўжываць да ўсіх. Нават сцісла навуковыя даследаванні могуць прапанаваць розныя напрамкі дзеянняў.

166. Усё гэта мала прыдасца, калі мы страцім здольнасць заўважаць неабходнасць перамены сэрца, звычаяў і ладу жыцця. Так адбываецца, калі палітычная прапаганда, медыі і творцы грамадскага меркавання ўпарта садзейнічаюць развіццю індывідуалістычнай і некрытычнай культуры ў сітуацыі разгойданых эканамічных інтарэсаў і грамадскіх інстытутаў на службе тых, хто і так карыстаецца занадта вялікай уладай. Таму мая крытыка тэхнакратычнай парадыгмы ўключае ў сябе не толькі думку, што калі мы будзем кантраляваць яе злоўжыванні, усё будзе добра; большая рызыка зыходзіць не ад канкрэтных аб’ектаў, матэрыяльных рэалій і інстытутаў, але ад спосабу іх выкарыстання. Праблема крыецца ў чалавечай слабасці, неадступнай схільнасці да эгаізму, якая з’яўляецца часткай таго, што хрысціянская традыцыя называе «пажадлівасцю»: схільнасць чалавека займацца толькі сабой, сваёй групай, уласнымі дробнымі інтарэсамі. Гэтая пажадлівасць – загана не толькі нашай эпохі. Яна існуе з таго часу, як чалавек стаў чалавекам, і проста змяняецца і набывае розныя формы на працягу стагоддзяў, выкарыстоўваючы любыя сродкі, дасяжныя ў кожны момант гісторыі. Але з Божай дапамогай з ёй можна справіцца.

167. Адукацыя і выхаванне, развіццё навыкаў салідарнасці, больш цэласны погляд на жыццё і духоўная глыбіня – усё гэта неабходна для якасных чалавечых адносінаў і для таго, каб само грамадства рэагавала на існуючую ў ім несправядлівасць, адхіленні і злоўжыванні эканамічнай, тэхналагічнай, палітычнай і медыйнай улады. Некаторыя ліберальныя бачанні ігнаруюць гэты фактар чалавечай слабасці і ўяўляюць сабе свет, які адпавядае вызначанаму парадку, здольны сам па сабе забяспечыць будучыню і вырашыць усе праблемы.

168. Рынак сам па сабе не вырашае ўсяго, хоць часам хочуць, каб мы паверылі ў гэтую догму неаліберальнай веры. Гэты кепскі, перыядычны спосаб мыслення заўсёды прапануе адны і тыя ж рэцэпты, незалежна ад праблемы. Неалібералізм узнаўляе сябе, звяртаючыся да магічнай тэорыі «пераразмеркавання» ці «прасочвання» – без выкарыстання яе назвы – як адзінага рашэння грамадскіх праблем. Не заўважае, што меркаванае «пераразмеркаванне» не вырашае няроўнасці, якая нараджае новыя формы гвалту, што пагражаюць грамадству. З аднаго боку, неабходна весці актыўную эканамічную палітыку, якая «спрыяе разнастайнасці прадукцыі і крэатыўнасці вытворчасці» [140] і дазваляе ствараць, а не скарачаць працоўныя месцы. Працягваюць сеяць спусташэнне фінансавыя спекуляцыі, асноўнай мэтай якіх з’яўляецца хуткі прыбытак. Сапраўды, «без унутраных форм салідарнасці i ўзаемнага даверу рынак не можа выканаць сваёй эканамічнай функцыі. Сёння не хапае гэтага даверу» [141]. Гісторыя скончылася інакш, чым меркавалася, а дагматычныя формулы пануючай эканамічнай тэорыі аказаліся памылковымі. Крохкасць глабальных сістэм падчас пандэміі паказала, што не ўсё можна вырашыць шляхам свабоднага рынку і што, апрача аднаўлення паўнавартаснага палітычнага жыцця, якое не падпарадкоўваецца фінансаваму дыктату, «мы павінны наноў паставіць у цэнтр чалавечую годнасць і на гэтым філяры пабудаваць неабходныя нам альтэрнатыўныя сацыяльныя структуры» [142].

169. Здаецца, у некаторых закрытых і манахромных эканамічных бачаннях няма месца народным рухам, якія аб’ядноўваюць беспрацоўных, часовых і нефармальных работнікаў і многіх іншых, якім няпроста знайсці месца ў існуючых структурах. Фактычна, яны ўтвараюць розныя формы народнай эканомікі і грамадскай вытворчасці. Трэба падумаць аб мадэлі сацыяльнай, палітычнай і эканамічнай актыўнасці, «каб можна было ствараць новыя формы ўдзелу з улікам народных рухаў, якія будуць актывізаваць мясцовыя, нацыянальныя і міжнародныя структуры кіравання тым патокам маральнай энергіі, які нараджаецца з далучэння выключаных да пабудовы агульнага лёсу», і ў той жа час важна, каб «гэтыя рухі, гэты досвед салідарнасці, якія паходзяць знізу, з самых нетраў планеты, злучаліся паміж сабой, былі лепш скаардынаваныя, сустракаліся паміж сабой» [143]. Пры гэтым яны не павінны адмаўляцца ад уласцівага ім стылю, бо яны «сейбіты пераменаў, прамоўтары працэсу, які ўключае мільёны дзеянняў, вялікіх і малых, творча пераплеценых, як словы ў вершы» [144]. У гэтым сэнсе такія рухі з’яўляюцца «грамадскімі паэтамі», якія па­свойму працуюць, прапануюць, прапагандуюць і вызваляюць. Дзякуючы ім становіцца магчымым цэласнае чалавечае развіццё, якое пераўзыходзіць «ідэі сацыяльнай палітыкі як палітыкі для бедных, але ніколі з беднымі і ніколі з убогімі, а тым больш як палітыкі, якая не з’яўляецца часткай праекта, які аб’ядноўвае народы» [145]. Яны могуць быць праблемнымі, і некаторыя «мысліцелі» не ведаюць, як іх класіфікаваць, але мы павінны мець адвагу прызнаць, што без іх «дэмакратыя занікае, ператвараецца ў слоган, фармальнасць, губляе рэпрэзентатыўны характар і становіцца бесцялеснай, бо пакідае людзей у яго штодзённай барацьбе за годнасць, у будаванні сваёй будучыні» [146].

Міжнародная ўлада

170. Хацеў бы яшчэ раз паўтарыць, што «фінансавы крызіс 2007–2008 гадоў быў прычынай развіцця новай, больш чулай да этычных прынцыпаў эканомікі, а таксама новага рэгулявання спекулятыўнай фінансавай дзейнасці і віртуальнага багацця. Але на гэта не было рэакцыі, якая б спрыяла разважанню над састарэлымі крытэрыямі, якія надалей кіруюць светам» [147]. Акрамя таго, здаецца, што рэальныя стратэгіі, распрацаваныя ў выніку ва ўсім свеце, спрыялі большаму індывідуалізму, большай дэзінтэграцыі і большай свабодзе для сапраўды моцных гэтага свету, якія заўсёды знаходзяць спосаб пазбегнуць страт.

171. Хачу таксама падкрэсліць, што «даць кожнаму належнае, згодна з класічнай дэфініцыяй справядлівасці, азначае, што ніводная асоба ці група людзей не можа лічыць сябе ўсемагутнай, упаўнаважанай парушаць годнасць і правы іншых асобаў ці сацыяльных груп. Эфектыўнае размеркаванне ўлады (асабліва палітычнай, эканамічнай, ваеннай, тэхналагічнай і г.д.) паміж многімі суб’ектамі і стварэнне прававой сістэмы рэгулявання патрабаванняў і інтарэсаў – адзін з рэальных спосабаў абмежавання ўлады. Тым не менш, у сённяшнім свеце мы бачым мноства фальшывых правоў і адначасова шмат сектараў, пазбаўленых абароны, якія з’яўляюцца хутчэй ахвярамі кепскага выканання ўлады» [148].

172. XXI стагоддзе «з’яўляецца сведкам аслабення ўлады нацыянальных дзяржаў перадусім таму, што эканамічна­фінансавае вымярэнне наднацыянальнага характару імкнецца панаваць над палітыкай. У гэтым кантэксце неад’емным становіцца сталенне больш моцных і актыўна арганізаваных міжнародных інстытуцый, паўнамоцтвы якіх былі б справядліва размеркаваныя на падставе пагадненняў паміж нацыянальнымі ўрадамі, якія маюць магчымасць санкцыяніравання» [149]. Калі мы гаворым пра магчымасць нейкай сусветнай улады, якая рэгулюецца законам [150], нам не абавязкова думаць пра асабовы аўтарытэт. Аднак такая ўлада павінна, па меншай меры, садзейнічаць развіццю больш эфектыўных сусветных арганізацый, здольных забяспечваць глабальнае агульнае дабро, ліквідаваць голад і галечу і абараніць асноўныя правы чалавека.

173. У сувязі з гэтым я хацеў бы нагадаць, што «неабходна рэформа як Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, так i міжнародных эканамічных i фінансавых структур, каб паняцце сям’і народаў набыло канкрэтную форму» [151]. Залішне казаць, што гэта патрабуе дакладных прававых межаў, каб прадухіліць сітуацыю, у якой улада абіралася б толькі некалькімі краінамі, і каб адначасова перашкодзіць навязванню культурных схемаў або абмежаванню асноўных свабод больш слабых народаў з прычыны ідэалагічных розніц. Бо «міжнародная супольнасць з’яўляецца юрыдычнай супольнасцю, заснаванай на незалежнасці кожнай дзяржавы­члена, выключаючы стрымліваючыя сувязі падпарадкавання, якія маглі б аспрэчыць ці абмежаваць яе незалежнасць» [152]. У той жа час, «задачу Аб’яднаных Нацый, згодна з пастулатамі прэамбулы і першых артыкулаў яе Статута, можна разглядаць як развіццё і прамоцыю суверэннасці права, бо як вядома, справядлівасць – гэта неабходная ўмова для дасягнення ідэалу паўсюднага братэрства [...]. Неабходна забяспечыць безапеляцыйнае панаванне права і нястомнае звяртанне да перамоваў, пасярэдніцтва і арбітражу, што і прапануецца ў Статуце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, які з’яўляецца сапраўднай важнай юрыдычнай нормай» [153]. Неабходна прадухіліць дэлегітымізацыю гэтай Арганізацыі, бо яе праблемы і недахопы можна ўзнімаць і вырашаць сумесна.

174. Для таго, каб свабодна ставіць пэўныя агульныя мэты і гарантаваць, што некаторыя асноўныя стандарты будуць захоўвацца ва ўсім свеце, неабходна мужнасць і велікадушнасць. Каб гэта было па­сапраўднаму карысна, неабходна падтрымліваць «патрабаванне захоўваць падпісаныя абавязацельствы ( „pacta sunt servanda”[154], каб пазбегнуць «спакусы звяртацца хутчэй да закону сілы, чым да сілы закону» [155]. Гэта патрабуе ўзмацнення «нарматыўных дакументаў наконт мірнага вырашэння канфліктаў […] такім чынам, каб падкрэсліць іх вагу і абавязковасць» [156]. Сярод гэтых нарматыўных дакументаў перавага павінна аддавацца шматбаковым пагадненням паміж дзяржавамі, паколькі яны больш чым двухбаковыя пагадненні гарантуюць клопат аб праўдзівым агульным дабры і абарону слабых дзяржаў.

175. Дзякуй Богу, шматлікія таварыствы і арганізацыі ў рамках грамадзянскай супольнасці дапамагаюць кампенсаваць недахопы міжнароднай супольнасці, адсутнасць яе каардынацыі ў складаных сітуацыях, недастатковую ўвагу да асноўных правоў чалавека і вельмі крытычныя сітуацыі некаторых груп. Тут мы можам убачыць канкрэтнае ўвасабленне прынцыпу субсідыярнасці, які забяспечвае ўдзел і дзейнасць суполак і арганізацый на ніжэйшых узроўнях, якія дапаўняюць дзейнасць дзяржавы. Гэтыя групы і арганізацыі часта робяць вартыя пахвалы справы на карысць агульнага дабра, а іх члены часам праяўляюць сапраўдны гераізм, дэманструючы, на якую прыгажосць усё яшчэ здольнае чалавецтва.

Сацыяльная і палітычная любоў

176. Для многіх людзей палітыка сёння – гэта брыдкае слова, і нельга не сказаць, што часта прычынай становяцца памылкі, карупцыя і неэфектыўнасць некаторых палітыкаў. Да гэтага далучаюцца таксама спробы дыскрэдытаваць палітыку, замяніць яе эканомікай або падпарадкаваць той ці іншай ідэалогіі. Але ці можа наш свет функцыянаваць без палітыкі? Ці можа існаваць эфектыўны шлях да агульнага братэрства і сацыяльнага міру без добрай палітыкі? [157].

Палітыка, якая нам патрэбна

177. Яшчэ раз заўважу, што «палітыка не павінна падпарадкоўвацца эканоміцы, а тая ў сваю чаргу не павінна залежыць ад меркавання і эфектыўнасці тэхнакратычнай парадыгмы» [158]. Хоць злоўжыванне ўладай, карупцыю, грэбаванне правам і неэфектыўнасць трэба адназначна адхіліць, «аднак нельга апраўдваць эканоміку без палітыкі, няздольнай пашыраць іншую логіку ў кіраванні рознымі аспектамі цяперашняга крызісу» [159]. Замест гэтага «мы патрабуем палітыкі з шырокім бачаннем, якая развівае новы інтэгральны падыход, спалучаючы ў міждысцыплінарным дыялогу розныя аспекты крызісу» [160]. Іншымі словамі, «трэба адвесці больш месца здаровай палітыцы, здольнай да рэфармавання інстытуцый, каардынавання іх і запэўнівання ім добрых практык, каб пераадолець ціск і інэрцыю» [161]. Мы не можам чакаць, што гэта зробіць эканоміка, і не можам дазволіць эканоміцы пераняць рэальную ўладу дзяржавы.

178. Перад такой вялікай колькасцю дробных і асаблівых палітычных формаў, арыентаваных на непасрэдныя інтарэсы, я нагадваю, што «палітычная веліч выяўляецца тады, калі ў цяжкія хвіліны мы дзейнічаем згодна з вялікімі прынцыпамі і думаем у перспектыве агульнага дабра. Палітычнай уладзе вельмі цяжка прыняць гэты абавязак у нацыянальным вымярэнні» [162], а тым больш у перспектыве агульнага праекта для цяперашняй і будучай чалавечай сям’і. Разважанне пра тых, хто прыйдзе пасля нас, не служыць электаральным мэтам, але гэтага патрабуе сапраўдная справядлівасць, таму што, як вучылі біскупы Партугаліі, зямля «ёсць пазыкай, якую атрымлівае кожнае пакаленне і павінна перадаць яе наступнаму пакаленню» [163].

179. Сусветнае грамадства пакутуе ад сур’ёзных структурных недахопаў, якія немагчыма залатаць ці хутка выправіць за раз. Ёсць пытанні, якія трэба змяніць шляхам фундаментальнай рэформы і сур’ёзнага абнаўлення. Толькі здаровая палітыка, якая можа задзейнічаць самыя розныя сектары і самы шырокі спектр ведаў, здольная пачаць гэты працэс. Эканоміка як неад’емная частка палітычнага, сацыяльнага, культурнага і народнага праекта, які мае на мэце агульнае дабро, можа адкрыць новыя шляхі «для розных магчымасцяў, якія не стрымліваюць крэатыўнасці чалавека і яго мараў, а накіроўваюць гэтую энергію па­новаму» [164].

Палітычная любоў

180. Прызнанне таго, што кожны чалавек – наш брат ці сястра, і пошук формаў сацыяльнага сяброўства, якія ўключалі б усіх, не з’яўляюцца чыстай утопіяй. Патрабуюць рашучасці і здольнасці знаходзіць эфектыўныя сродкі, якія далі б ёй ральную магчымасць. Любы ўдзел у гэтым духу становіцца высакародным здзяйсненнем любові. Бо чалавек можа дапамагчы патрабуючым, аднак, калі далучаецца да іншых ініцыятыў стварэння сацыяльных працэсаў братэрства і справядлівасці для ўсіх, то ўваходзіць у «поле найвялікшай любові, а менавіта любові палітычнай» [165]. Гаворка ідзе пра рух да сацыяльнага і палітычнага ладу, душой якога з’яўляецца сацыяльная любоў [166]. Яшчэ раз заклікаю да рэабілітацыі палітыкі, якая з’яўляецца «вельмі ўзнёслым пакліканнем, адной з самых каштоўных формаў любові, бо імкнецца да агульнага дабра» [167].

181. Усе абавязацельствы, натхнёныя сацыяльнай дактрынай Касцёла, «жывяцца любоўю, якая згодна з навучаннем Езуса з’яўляецца сінтэзам усяго Закону (пар. Мц 22, 36­40)» [168]. Гэта азначае прызнанне таго, што «любоў, поўная малых жэстаў узаемнага клопату, мае таксама грамадзянскае і палітычнае вымярэнне, а выяўляецца ва ўсіх дзеяннях, якія намагаюцца будаваць лепшы свет» [169]. Па гэтай прычыне любоў выяўляецца не толькі ў блізкіх і інтымных адносінах, але і ў вымярэнні «макраадносінаў: грамадскіх, эканамічных i палітычных» [170].

182. Гэтая палітычная любоў прадугледжвае дасягненне сталасці ў сацыяльнай свядомасці, якая выходзіць за рамкі кожнага індывідуалістычнага мыслення: «уздзейнічае на гэтую супольнасць, арыентуючыся, па магчымасці, на дабро для ўсёй супольнасці» [171]. Кожны з нас з’яўляецца ў поўні асобай, калі з’яўляецца часткай народу; у той жа час няма сапраўднага народу без павагі да кожнага асобнага чалавека. «Народ» і «асоба» – узаемазвязаныя тэрміны. Тым не менш, у наш час ёсць спробы звесці людзей да індывідаў, якімі лёгка маніпуляваць, чым карыстаюцца улады, якія пераследуюць ганебныя інтарэсы. Добрая палітыка будзе шукаць спосабы стварэння супольнасцяў на ўсіх узроўнях грамадскага жыцця, каб ураўнаважыць і пераарыентаваць глабалізацыю і, такім чынам, пазбегнуць яе разбуральных наступстваў.

Эфектыўная любоў

183. Пачаўшы з «сацыяльнай любові» [172], можна ісці ў кірунку цывілізацыі любові, да якой мы ўсе можам адчуваць сябе пакліканымі. Любоў з яе ўніверсальным дынамізмам здольная будаваць новы свет [173], бо не з’яўляецца адным толькі пачуццём, але найлепшым сродкам для выяўлення эфектыўных шляхоў развіцця для ўсіх. Сацыяльная любоў – «сіла, здольная натхніць на новыя спосабы падыходу да праблем сучаснага свету, глыбокага абнаўлення структур, сацыяльных арганізацый і прававых сістэм знутры» [174].

184. Любоў ляжыць у аснове кожнага здаровага і адкрытага грамадства, але сёння «з лёгкасцю сцвярджаецца яе невялікае значэнне ў інтэрпрэтацыі i кіраванні маральнай адказнасцю» [175]. Яна з’яўляецца чымсьці большым, чым толькі суб’ектыўнай сентыментальнасцю, калі спалучаецца з дзеяннем на карысць праўды, і, такім чынам, не становіцца «ахвярай эмоцый і выпадковых меркаванняў адзінак» [176]. Менавіта сувязь з праўдай спрыяе ўніверсальнасці любові і дазваляе пазбегнуць «вузкага асяроддзя, пазбаўленага зносінаў з іншым чалавекам» [177]. У адваротным выпадку яна будзе «выключана з праектаў i працэсаў будавання ўніверсальнага чалавечага развіцця, з дыялогу ведаў i чынаў» [178]. Без праўды эмоцыі пазбаўлены рэляцыйнага і сацыяльнага зместу. Такім чынам, адкрытасць на праўду абараняе любоў ад фальшывай веры, якая пазбаўляе яе «чалавечага і ўніверсальнага гарызонту» [179].

185. Любоў патрабуе святла праўды, якое мы няспынна шукаем, а «гэтае святло ёсць святлом розуму і веры» [180], без рэлятывізму. Разам з тым, яно прадугледжвае і развіццё навук, іх незаменны ўклад у адкрыццё найбольш правільных і практычных спосабаў дасягнення жаданых вынікаў. Бо калі на карце стаіць дабро іншых людзей, адных добрых інтэнцый недастаткова – трэба прыкласці канкрэтныя намаганні, каб эфектыўна рэалізаваць усё, што неабходна ім і іх краінам дзеля развіцця.

Дзейнасць палітычнай любові

186. Існуе гэтак званая «выкліканая» любоў, гэта значыць, учынкі, якія паходзяць непасрэдна з цноты любові і скіраваны на людзей і народы. Ёсць таксама «імператыўная» любоў, гэта значыць, такія дзеянні любові, якія вядуць да стварэння больш здаровых інстытутаў, больш справядлівых правілаў і структур падтрымкі [181]. Адсюль вынікае, што «неабходным праяўленнем любові з’яўляецца намер арганізаваць і ўладкаваць грамадства такім чынам, каб бліжні не трапіў у беднасць» [182]. Любоў выяўляецца праз суправаджэнне чалавека ў яго цярпенні, але таксама тады, калі мы чынім усё, што ў нашых сілах, нават не маючы непасрэднага кантакту з гэтай асобай, каб змяніць сацыяльныя ўмовы, якія прыносяць яму цярпенне. Дапамагчы пажылому чалавеку пераправіцца праз раку – цудоўны акт любові. Палітык жа будуе мост, і гэта таксама любоў. Калі хтосьці дапамагае камусьці іншаму, даючы яму ежу, то палітык стварае працоўнае месца для гэтага чалавека і такім чынам выконвае вельмі высокую форму любові, якая ўзвышае яго палітычную дзейнасць.

Ахвяры любові

187. Тая любоў, якая знаходзіцца ў самым цэнтры палітычнага духу, заўсёды аддае перавагу самым патрабуючым, натхняе ўсё, што мы робім дзеля іх [183]. Толькі позірк, пераменены любоўю, дазволіць усвядоміць годнасць іншага чалавека; ёсць прызнанне бедных, яны дацэньваюцца у сваёй нязмернай годнасці, яны шануюцца за іх уласны стыль і культуру і таму сапраўды інтэгруюцца ў грамадства. Гэты погляд – аснова сапраўднага духу палітыкі. У ім адкрываюцца шляхі, якія адрозніваюцца ад бяздушнага прагматызму. Напрыклад, мы разумеем, што «скандал беднасці немагчыма вырашыць шляхам прасоўвання рэдукцыйных стратэгій, якія толькі прыніжаюць бедных і робяць іх прыручанымі і бясшкоднымі асобамі. Як сумна назіраць, калі, на выгляд, альтруістычная дзейнасць зводзіць насамрэч людзей да пасіўнасці» [184]. Патрэбныя новыя шляхі самавыяўлення і ўдзелу ў грамадскім жыцці. Гэтаму працэсу служыць адукацыя, дазваляючы кожнаму чалавеку стаць кавалём сваёй будучыні. І тут мы бачым важнасць прынцыпу субсідыярнасці, які непадзельна звязаны з прынцыпам салідарнасці.

188. Адсюль вынікае пільная патрэба знайсці выйсце з усяго, што парушае асноўныя правы чалавека. Палітыкі пакліканы «клапаціцца аб патрэбах людзей і народаў. Апека над патрабуючымі вымагае сіл і пяшчоты, змагання і шчодрасці там, дзе дамінуе функцыяналізм і прыватнасць, што няўмольна вядзе да „культуры адкідвання”. [...] Гэта прадугледжвае прыняцце адказнасці за сучаснасць у сітуацыях поўнай маргіналізацыі і цярпення, а таксама надаванне ім годнасці» [185]. Відавочна, такім чынам абуджаецца інтэнсіўная дзейнасць, таму што варта «зрабіць усё, каб абараніць статус і годнасць чалавечай асобы» [186]. Палітыкі – гэта творцы, будаўнікі з вялікімі мэтамі, якія валодаюць шырокім, рэалістычным і прагматычным бачаннем, у тым ліку па­за межамі іх краіны. Іх найбольшая занепакоенасць павінна быць звязана не з падзеннем даверу выбаршчыкаў падчас апытанняў, а з пошукам эфектыўных рашэнняў «феномену сацыяльнай і эканамічнай ізаляцыі з яе сумнымі наступствамі: гандаль людзьмі, збыт органаў і тканак чалавека, сексуальнае выкарыстанне хлопцаў і дзяўчат, рабская праца, у тым ліку прастытуцыя, гандаль наркотыкамі і зброяй, тэрарызм і міжнародная арганізаваная злачыннасць. Маштаб гэтых сітуацый і колькасць уцягнутых у іх нявінных людзей настолькі велізарныя, што мы павінны пазбягаць кожнай спакусы ўпасці ў наміналістычную рыторыку, якая супакойвае нашае сумленне. Мы павінны парупіцца аб тым, каб нашы ўстановы былі сапраўды эфектыўнымі ў барацьбе з усімі гэтымі бедствамі» [187]. Спрыяе гэтаму разумнае выкарыстанне вялізных рэсурсаў, якія прапануе тэхналагічнае развіццё.

189. Мы яшчэ далёкія ад глабалізацыі нават асноўных правоў чалавека. Вось чаму сусветная палітыка не можа пазбягаць найгалоўнейшай сваёй мэты – эфектыўнай ліквідацыі голаду. Сапраўды, «калі фінансавыя спекуляцыі маніпулююць коштамі на прадукты харчавання, разглядаючы іх як любы іншы тавар, мільёны людзей пакутуюць і паміраюць ад голаду. Адначасова ж выкідваюцца тоны ежы. Гэта сапраўдны скандал. Голад – гэта злачынства, а ежа – неад’емнае права» [188]. Часта, працягваючы семантычныя і ідэалагічныя спрэчкі, мы дазваляем братам і сёстрам паміраць ад голаду і смагі, без даху над галавой і доступу да медыцынскай апекі. Нароўні з гэтымі асноўнымі патрэбамі, якія застаюцца незадаволенымі, гандаль людзьмі застаецца яшчэ адной ганьбай для чалавецтва, якую міжнародная палітыка больш не павінна цярпець, не зважаючы на прамовы і добрыя інтэнцыі. Гэта неадкладны мінімум, які трэба зрабіць.

Любоў, якая інтэгруе і лучыць

190. Палітычная любоў выяўляецца і ў адкрытасці на ўсіх. Менавіта той, каму выпала быць кіраўніком, пакліканы да самаахвярнасці, якая паспрыяе сустрэчы і пасадзейнічае паразуменню хаця б па некаторых пытаннях. Ён павінен умець выслухаць іншыя пункты гледжання, дазваляючы, каб усе мелі ўласную прастору. Сваёй ахвярнасцю і цярплівасцю кіраўнікі могуць дапамагчы стварыць тую прыгожую шматгранную рэчаіснасць, у якой кожнаму знойдзецца месца. На гэтым абшары эканамічныя перамовы не працуюць. Патрабуецца штосьці большае – абмен дарамі на карысць агульнага дабра. Гэта можа здацца наіўнай утопіяй, але мы не можам адмовіцца ад гэтай высокай мэты.

191. У той час, калі розныя формы фундаменталісцкай нецярпімасці шкодзяць адносінам паміж людзьмі, групамі і народамі, будзем імкнуцца жыць і вучыць каштоўнасцям павагі да іншых, любові, здольнай прымаць любыя адрозненні, і прыярытэту годнасці кожнага чалавек перад любымі ідэямі, меркаваннямі, дзеяннямі і нават грахамі. Калі формы фанатызму, логікі закрытасці і сацыяльных ды культурных падзелаў распаўсюджваюцца ў сучасным грамадстве, добры палітык зробіць першы крок і будзе настойваць на тым, каб можна было пачуць розныя галасы. Цалкам зразумела, што рознагалоссі могуць выклікаць канфлікты, але аднастайнасць не дае дыхаць і вядзе да культурнага заняпаду. Не будзем жа згаджацца на жыццё, замкнёнае ў адным фрагменце рэальнасці.

192. У сувязі з гэтым мы з вялікім імамам Ахмадам Аль­Тайібам заклікалі «архітэктараў міжнароднай палітыкі і сусветнай эканомікі актыўна працаваць над распаўсюджваннем культуры талерантнасці і мірнага суіснавання; умешвацца пры першай магчымасці, каб спыніць праліццё нявіннай крыві» [189]. Калі канкрэтная палітыка сее нянавісць і страх да іншых народаў у імя дабрабыту ўласнай краіны, трэба непакоіцца, своечасова рэагаваць і неадкладна карэкціраваць курс.

Больш плённасці, чым дасягненняў

193. Кожны палітык, нястомна развіваючы гэтую дзейнасць, застаецца чалавекам. Ён пакліканы жыць любоўю ў штодзённых міжчалавечых адносінах. Як асоба ён павінен улічваць, што «сучасны свет з яго тэхнічнымі дасягненнямі імкнецца да ўсё большай рацыяналізацыі задавольвання чалавечых жаданняў, якія цяпер класіфікуюцца і падзяляюцца паміж рознымі службамі. Усё менш чалавека будуць называць па імені, усё менш і менш будуць ставіцца да яго як да асобы, гэтай унікальнай істоты са сваімі пачуццямі, ранамі, праблемамі, радасцямі і сям’ёй. Іх хваробы будуць вядомыя толькі для таго, каб іх лячыць, фінансавыя патрэбы – толькі для таго, каб іх забяспечыць, адсутнасць дома – толькі для таго, каб даць ім жыллё, іх жаданне адпачынку і забаў – толькі для таго, каб іх арганізаваць». І ўсё ж ніколі нельга забываць, што «любіць самага нікчэмнага з людзей як брата, быццам бы на свеце не засталося нікога, нельга лічыць марнаваннем часу» [190].

194. У палітыцы таксама ёсць месца для пяшчотнай любові. «Што такое пяшчота? Гэта любоў, якая становіцца блізкай і канкрэтнай. Рух, які пачынаецца ў нашым сэрцы і даходзіць да вачэй, вушэй і рук. [...] Пяшчота – дарога, якую выбралі самыя моцныя і смелыя мужчыны і жанчыны» [191]. Сярод клопатаў палітычнага жыцця «найменшыя, найслабейшыя і найбяднейшыя павінны крануць нашыя сэрцы: сапраўды, яны маюць „права” ўзрушыць нашае сэрца і душу. Яны – нашыя браты і сёстры, і таму мы павінны любіць іх і клапаціцца пра іх» [192].

195. Усё гэта дапамагае нам зразумець, што не заўсёды гаворка ідзе пра дасягненне вялікіх вынікаў, бо часам яны немагчымыя. У палітычнай дзейнасці мы павінны памятаць, што, «незалежна ад любых выдуманых прычын, кожны з’яўляецца бязмерна святым і заслугоўвае на нашую любоў і нашую ахвяру. Таму, калі мне ўдасца аблегчыць жыццё толькі адной асобы, гэтага ўжо дастаткова, каб апраўдаць дар майго жыцця. Прыгожа, калі мы з’яўляемся верным народам Бога. Мы дасягае паўнаты, калі знішчаем перашкоды, a нашае сэрца напаўняецца тварамі і імёнамі!» [193]. Вялікія мэты нашых мараў і планаў могуць быць дасягнуты толькі часткова. Звыш таго, той, хто любіць і больш не лічыць палітыку толькі імкненнем да ўлады, «упэўнены, што не згубіцца ніводзін яго ўчынак, здзейснены з любові, не згубіцца ніводзін шчыры клопат пра іншых, не згубіцца ніводзін чын любові адносна Бога, не згубіцца ніводная ахвярная стома, не згубіцца ніводнае балючае цярпенне. Гэта ўсё кружыць па свеце як жыццёвая сіла» [194].

196. Па гэтай прычыне сапраўды высакародна ўскладаць надзею на схаваную сілу пасеянага дабра, інакш кажучы, пачынаць працэсы, плён якіх збяруць іншыя. Добрая палітыка спалучае любоў з надзеяй і верай у запасы дабра, якія, нягледзчы ні на што, ёсць у чалавечых сэрцах. Таму «сапраўднае палітычнае жыццё, заснаванае на праве і добразычлівым дыялогу паміж людзьмі, пастаянна абнаўляецца дзякуючы перакананню, што кожная жанчына і мужчына, і кожнае новае пакаленне прыносяць пэўнае абяцанне, якое вызваляе новыя адносіны, інтэлектуальную, культурную і духоўную энергію» [195].

197. Такое бачанне палітыкі чыніць з яе больш высакародную дзейнасць, чым яна здаецца. Гэта ўжо не маркетынг і розныя форма медыйнага макіяжу. Яны не сеюць нічога, акрамя падзелу, варожасці і змрочнага скептытызму, няздольнага мабілізаваць людзей на дасягненне агульнай мэты. Часам, разважаючы пра будучыню, нам варта задацца пытаннем: «Чаму я гэта раблю? Якая мая сапраўдная мэта?». Таму што праз некалькі год, згадваючы сваё мінулае, не будзе пытання: «Колькі людзей мяне пахвалілі? Колькі прагаласавала за мяне? Колькі было станоўчых ацэнак?» Прагучаць іншыя, патэнцыйна балючыя пытанні: «Колькі любові я ўклаў у сваю працу? Што я зрабіў для развіцця людзей? Які след я пакінуў у жыцці грамадства? Якія сапраўдныя сувязі я стварыў? Якія станоўчыя сілы я вызваліў? Колькі я пасеяў сацыяльнага спакою? Што зрабіў на даверанай мне пасадзе?»

Раздзел VI

ДЫЯЛОГ І САЦЫЯЛЬНАЕ СЯБРОЎСТВА

198. Набліжацца, выказваць сваё меркаванне, слухаць, глядзець, пазнаваць і разумець адзін аднаго, знаходзіць агульную мову – усё гэта змяшчаецца ў выразе «весці дыялог». Мы павінны размаўляць, каб сустрэцца і дапамагчы адзін аднаму. Мне не трэба падкрэсліваць перавагі дыялогу. Дастаткова толькі падумаць, як выглядаў бы наш свет без цярплівага дыялогу шматлікіх велікадушных людзей, якія з’ядналі сем’і і супольнасці. У адрозненне ад непаразуменняў і канфліктаў, трывалы і адважны дыялог не становіцца навіной, але ціха дапамагае свету жыць значна лепей, чым мы сабе ўяўляем.

Сацыяльны дыялог дзеля новай культуры

199. Некаторыя людзі спрабуюць уцячы ад рэальнасці, знаходзячы прытулак у сваім маленькім свеце; іншыя супрацьстаяць дэструктыўнаму насіллю, але «паміж эгаістычнай абыякавасцю і гвалтоўным пратэстам заўсёды ёсць іншы магчымы варыянт – дыялог. Дыялог паміж пакаленнямі, дыялог з людзьмі, бо мы і ёсць гэты народ; гатоўнасць даваць і атрымліваць, застаючыся пры гэтым адкрытымі для праўды. Краіна квітнее, калі адбываецца канструктыўны дыялог паміж яе шматлікімі багатымі культурнымі кампанентамі: папулярнай культурай, універсітэцкай, моладзевай, мастацкай, тэхналагічнай, эканамічнай, сямейнай культурай, а таксама культурай сродкаў масавай камунікацыі» [196].

200. Дыялог часта блытаюць з нечым зусім іншым: з ліхаманкавым абменам думкамі ў сацыяльных сетках, які часта грунтуецца на медыйнай інфармацыі, не заўсёды надзейнай. Гэта толькі маналогі, якія вядуцца паралельна. Яны могуць прыцягнуць некаторую ўвагу сваім рэзкім і агрэсіўным тонам. Аднак маналогі нікога не ўключаюць, і іх змест часта бывае апартуністычным і супярэчлівым.

201. Гучнае распаўсюджванне фактаў і меркаванняў у медыях часта зачыняе магчымасць дыялогу, паколькі дазваляе кожнаму ўпарта трымацца ўласных ідэй, інтарэсаў і рашэнняў, апраўдваючы гэта тым, што ўсе астатнія памыляюцца. Лягчэй дыскрэдытаваць і абразіць праціўнікаў, чым пачаць адкрыты і паважлівы дыялог, накіраваны на дасягненне згоды на больш глыбокім узроўні. Горш за тое, мова, якой звычайна асвятляюцца палітычныя кампаніі ў медыйным кантэксце, набыла такое распаўсюджанне, што стала часткай паўсядзённай гутаркі. Дыскусіяй часта маніпулююць пэўныя інтарэсы і асобы, якія маюць большую ўладу, імкнучыся несумленна схіліць грамадскую думку на сваю карысць. Не маю на ўвазе выключна ўрад, які цяпер пры ўладзе, бо такая маніпулятыўная ўлада можа ажыццяўляцца таксама ў эканоміцы, палітыцы, камунікацыі, рэлігіі ці ў іншых сферах. Часам яе спрабуюць апраўдаць або абгрунтаваць, калі яе дынаміка адпавядае ўласным эканамічным або ідэалагічным інтарэсам, але рана ці позна гэта паварочваецца супраць тых самых інтарэсаў.

202. Адсутнасць дыялогу азначае, што ў гэтых асобных сектарах людзі клапоцяцца не пра агульнае дабро, а пра перавагі, якія дае ўлада ці, у лепшым выпадку, пра спосабы навязвання ўласных ідэй. Такім чынам, размовы зводзяцца да звыклых перамоваў, на якіх людзі імкнуцца захапіць усю ўладу і як мага больш прэферэнцый, не звяртаючы ўвагі на памкненні, з якіх магло б нарадзіцца агульнае дабро. Героямі будучыні стануць тыя, хто зможа зламаць гэтае нездаровае мысленне і будзе з павагай падтрымліваць слова праўды, незалежна ад асабістых інтарэсаў. Дай Бог, каб такія героі паволі пачалі з’яўляцца ўжо цяпер, сярод нашага грамадства.

Будаваць разам

203. Сапраўдны дыялог у грамадстве засноўваецца на здольнасці паважаць пункт гледжання іншай асобы і прызнаваць, што ён можа мець пэўныя перакананні і справядлівыя інтарэсы. Чалавеку, пачынаючы са сваёй тоеснасці, ёсць што прапанаваць іншым, і пажадана, каб ён паглыбіў і растлумачыў сваю пазіцыю дзеля больш плённай грамадскай дыскусіі. Калі людзі ці групы паслядоўна думаюць, абараняюць свае каштоўнасці і перакананні, развіваюць аргументацыю, гэта, безумоўна, прыносіць карысць грамадству. Аднак, насамрэч, так адбываецца толькі ў той ступені, у якой існуе сапраўдны дыялог і адкрытасць на іншых. Па сутнасці, «у сапраўдным духу дыялогу ўзрастае здольнасць разумець значэнне таго, што кажа і робіць іншы, нават калі гэтага нельга прыняць як сваё перакананне. Такім чынам, можна быць сумленным, не хаваць таго, у што мы верым, ніколі не пераставаць размаўляць, шукаць агульныя падыходы і перадусім супрацоўнічаць і разам змагацца за дабро» [197]. Публічная дыскусія, калі яна сапраўды дае месца ўсім, не маніпулюе і не ўтойвае інфармацыю, а з’яўляецца пастаянным стымулам для лепшага разумення праўды ці, па меншай меры, больш яснага яе выражэння. Гэта перашкаджае розным сектарам займаць камфортную і самадастатковую пазіцыю паводле свайго бачання рэчаў і абмежаваных інтарэсаў. Будзем памятаць, што «адрозненні – творчыя, яны ствараюць напружанне, а ў вырашэнні напружання заключаны прагрэс чалавецтва» [198].

204. Сёння існуе перакананне, што разам са спецыялізаванымі дасягненнямі навукі нам абавязкова патрэбна міждысцыплінарная камунікацыя, бо рэчаіснасць – адна, хоць падыходзіць да яе можна з розных бакоў і з рознымі метадалогіямі. Нельга ігнараваць рызыку, што толькі навуковы прагрэс будзе разглядацца як адзіна магчымы падыход для разумення пэўных аспектаў жыцця, грамадства і свету. Тымчасам, даследчыкі, дасведчаныя ў сваёй галіне, але таксама знаёмыя з вынікамі іншых навук і дысцыплін, могуць вызначыць іншыя аспекты аб’екта свайго даследавання і, такім чынам, адкрыцца на прыняцце больш поўных і комплексных ведаў аб рэчаіснасці.

205. У сучасным глабалізаваным свеце « медыі могуць дапамагчы нам адчуваць сябе бліжэй адзін да аднаго, ствараючы пачуццё адзінства чалавечай сям’і, што, у сваю чаргу, натхняе на салідарнасць і сур’ёзныя намаганні дзеля забяспячэння больш годнага жыцця для ўсіх. [...] Яны могуць нам дапамагчы ў гэтым, асабліва ў наш час, калі сеткі міжчалавечай камунікацыі дасягнулі небывалага развіцця. У прыватнасці, Інтэрнэт прапануе велізарныя магчымасці для сустрэчы і салідарнасці. Гэта сапраўды добрая рэч, дар Бога» [199]. Нам трэба, аднак, пастаянна сачыць за тым, каб сучасныя формы камунікацыі сапраўды накіроўвалі нас да велікадушнай сустрэчы з іншымі, да шчырага пошуку ўсёй праўды, да служэння, блізкасці з найменшымі і будавання агульнага дабра. Разам з тым, як адзначаюць біскупы Аўстраліі, мы не можам прыняць «лічбавы свет, прызначаны для выкарыстання нашай слабасці і выяўлення горшага ў людзей» [200].

Аснова згоды

206. Рашэнне не ў рэлятывізме. Пад выглядам талерантнасці рэлятывізм пакідае інтэрпрэтацыю маральных каштоўнасцяў тым, хто мае ўладу, і яны чыняць гэта паводле ўласных патрэбаў на бягучы момант. Урэшце, «калі няма ніякіх аб’ектыўных праўдаў, ні сталых прынцыпаў па­за заспакаеннем уласных надзей і зямных патрэбаў, […] мы не можам думаць, што дастаткова палітычнай праграмы або моцы закону. […] Калі выключаецца культура і не прызнаюцца ўжо ніякія аб’ектыўныя праўды ці паўсюдна прынятыя прынцыпы, юрыдычныя законы будуць разумецца толькі як навязаныя гвалтоўна звонку і як перашкоды, якіх трэба пазбегнуць» [201].

207. Ці можна звяртаць увагу на праўду, шукаць праўду, якая адпявядае нашай найглыбейшай рэчаіснасці? Што такое закон без пераканання, народжанага векавым разважаннем і вялікай мудрасцю, у тым, што кожны чалавек святы (ёсць sacrum) і недатыкальны? Калі грамадства хоча мець будучыню, неабходна, каб у ім выспела пачуццё павагі да праўды пра чалавечую годнасць, якой мы падпарадкоўваемся. Тады мы будзем пазбягаць забойства не толькі, каб пазбегнуць грамадскага асуджэння і пакарання законам, але з прычыны больш глыбокага пераканання. Гэта незаменная праўда, якую мы распазнаём розумам і прымаем сумленнем. Такое грамадства высакароднае і годнае пашаны таксама таму, што падтрымлівае пошукі праўды і выказвае прыхільнасць да самых галоўных праўдаў.

208. Нам трэба выкрываць розныя спосабы маніпуляцыі, скажэння і ўтойвання праўды ў публічнай і прыватнай сферы. Тое, што мы называем «праўдай», – гэта не толькі паведамленне пра факты і падзеі, як гэта робяць журналісты. Гэта перадусім пошук найбольш трывалых асноў, на якіх грунтуюцца нашыя рашэнні, а таксама нашыя законы; прызнанне таго, што чалавечы розум здольны выйсці за межы таго, што зручна ў дадзены момант, і спасцігнуць тыя праўды, якія застаюцца нязменнымі, былі сапраўднымі ў мінулым і заўсёды будуць сапраўднымі. Даследуючы прыроду чалавека, розум адкрывае каштоўнасці, якія з’яўляюцца ўніверсальнымі, бо з яе яны бяруць пачатак.

209. У адваротным выпадку, ці не магло б стацца так, што тыя фундаментальныя правы чалавека, якія мы зараз лічым неад’емнымі, будуць адмененыя ўладай, як толькі яна атрымае «згоду» апатычнага ці запалоханага насельніцтва? Каб абараніць гэтыя правы, не хапіла б таксама простага кансенсусу паміж рознымі народамі, бо і яны падатныя на маніпуляцыі. У нас ёсць мноства доказаў таго, на якое вялікае дабро мы здольныя, але адначасова мы павінны прызнаць уласцівую нам здольнасць да разбурэння. Той абыякавы і бяздушны індывідуалізм, у які мы ўпалі, ці не з’яўляецца вынікам нашага гультайства ў пошуку вышэйшых каштоўнасцяў, якія пераўзыходзяць нашы непасрэдныя патрэбы? З рэлятывізмам спалучана рызыка, што хтосьці моцны ці спрытны будзе навязваць свае меркаванні пад выглядам праўды. Тымчасам, «калі гаворка ідзе пра маральныя нормы, якія забараняюць чыніць зло, ні ў кога няма прывілеяў і выключэнняў. Не мае ніякага значэння, ці нехта з нас – гаспадар свету, ці апошні „жабрак” на гэтай зямлі: перад патрабаваннямі маралі мы ўсе абсалютна роўныя» [202].

210. Тое, што сёння адбываецца з намі і ўцягвае нас у заганную і пустую логіку, – гэта звядзенне этыкі і палітыкі да фізікі. Дабро і зло ўжо не існуюць самі па сабе, а толькі падлік прыбыткаў і стратаў. У выніку выцяснення маральнай аргументацыі закон ужо не разглядаецца як асноўнае разуменне справядлівасці, але як адлюстраванне пануючых ідэй. Тут мы ўваходзім у дэгенерацыю: паступовае «выраўноўванне» з дапамогай павярхоўнай і ўзгодненай дамоўленасці. Так, у рэшце рэшт, перамагае логіка сілы.

Згода і праўда

211. У плюралістычным грамадстве дыялог – гэта найлепшы спосаб прызнання таго, што заўсёды трэба пацвярджаць і паважаць, а што выходзіць па­за выпадковы кансэнсус. Маецца на ўвазе такі дыялог, які трэба ўзбагачаць і асвятляць матывацыямі, рацыянальнымі аргументамі, разнастайнасцю перспектыў і ўкладам розных сфер ведаў і пунктаў гледжання, уключна з перакананасцю ў тым, што можна дайсці да пэўных элементарных праўдаў, якія павінны і заўсёды будуць падтрымлівацца. Прызнанне таго, што існуюць пэўныя пастаянныя каштоўнасці, хоць не заўсёды іх лёгка распазнаць, надае сацыяльнай этыцы саліднасць і стабільнасць. Нават калі гэтыя асноўныя каштоўнасці прызнаны і прыняты шляхам дыялогу і кансэнсусу, мы разумеем, што яны выходзяць за рамкі любога кансэнсусу, яны пераўзыходзяць нашыя канкрэтныя сітуацыі і не падлягаюць абмеркаванню. Нашае разуменне іх значэння і важнасці можа ўзрастаць, – і ў гэтым плане кансэнсус з’яўляецца чымсьці дынамічным, – але самі па сабе яны каштоўныя з прычыны іх трываласці паводле іх унутранага значэння.

212. Калі штосьці заўсёды прыдатнае для добрага функцыянавання грамадства, то хіба не таму, што за ім стаіць спрадвечная праўда, даступная для розуму? У самой рэальнасці чалавека і грамадства, у яго інтымнай прыродзе існуе шэраг асноўных структур, якія падтрымліваюць іх развіццё і выжыванне. Адсюль вынікаюць пэўныя патрабаванні, якія можна выявіць шляхам дыялогу, хаця яны не сцісла пабудаваны на кансэнсусе. Той факт, што пэўныя нормы неабходныя для самога жыцця грамадства, з’яўляецца знешнім сведчаннем таго, што яны добрыя самі па сабе. Таму няма патрэбы супрацьпастаўляць інтарэсы грамадства, кансэнсус і рэаліі аб’ектыўнай праўды. Гэтыя тры рэачаіснасці могуць гарманічна спалучацца, калі людзі не баяцца дайсці ў дыялогу да сутнасці праблемы.

213. Годнасць іншых трэба паважаць пры любых абставінах не таму, што мы вынайшлі або прынялі гэтую годнасць, а таму, што яны сапраўды маюць каштоўнасць вышэйшую за матэрыяльныя рэчы і акалічнасці. Гэта патрабуе, каб да іх ставіліся па­іншаму. Тое, што кожны чалавек валодае неад’емнай годнасцю, ёсць праўдай, якая адпавядае чалавечай прыродзе, незалежна ад любых культурных змен. Па гэтай прычыне людзі маюць аднолькавую непарушную годнасць ва ўсе эпохі гісторыі, і ніхто не можа лічыць сябе ўпаўнаважаным у канкрэтных сітуацыях адкідваць гэтае перакананне або дзейнічаць супраць яго. Розум можа даследаваць сутнасць рэчаў шляхам рэфлексіі, досведу і дыялогу, каб распазнаць у той рэчаіснасці, якая пераўзыходзіць яго, аснову пэўных універсальных маральных патрабаванняў.

214. Агностыкам гэты фундамент можа здавацца дастатковым для таго, каб надаць моцную і стабільную ўніверсальную важнасць асноўным і непадлеглым перамовам этычным прынцыпам, якія могуць прадухіліць далейшыя катастрофы. Для людзей веруючых, чалавечая прырода як крыніца этычных прынцыпаў была створана Богам, які адзіны канчаткова дае гэтым прынцыпам трывалую аснову [203]. Гэта не стварае этычнай скрайнасці і не вядзе да навязвання якой­небудзь адной маральнай сістэмы, бо асноўныя, абавязковыя для ўсіх маральныя прынцыпы даюць магчымасць для ўзнікнення розных практычных нормаў. Таму прастора для дыялогу будзе існаваць заўсёды.

Новая культура

215. «Жыццё – гэта мастацтва сустрэчы, нават калі ў ім столькі канфліктаў» [204]. Я шмат разоў заклікаў да развіцця культуры сустрэчы, здольнай пераадолець нашы рознагалоссі і падзелы. Гэта лад жыцця, які імкнецца да стварэння таго мнагагранніка, розныя бакі і аспекты якога ўтвараюць стракатае адзінства, у якім «паўната перавышае частку» [205]. Мнагаграннік дае ўяўленне пра грамадства, дзе суіснуюць адрозненні, дапаўняючы, узбагачаючы і ўзаемна асвятляючы адзін аднаго, нават на фоне дыскусій і недаверу. Бо ў кожнага можна чаму­небудзь навучыцца, ніхто не бескарысны, ніхто не лішні. З гэтым звязаны таксама пошук спосабаў уключэння тых, хто знаходзіцца на перыферыі жыцця. Яны па­іншаму глядзяць на рэчы, бачаць аспекты рэальнасці, недасяжныя для цэнтраў улады, дзе прымаюцца самыя важкія рашэнні.

Сустрэча, якая становіцца культурай

216. Словам «культура» абазначаецца тое, што глыбока пранікла ў народ, у яго самыя запаветныя перакананні і лад жыцця. «Культура» народу – гэта нешта большае, чым абстрактная ідэя. Яна ахоплівае жаданні людзей, іх энтузіязм і, у рэшце рэшт, спосаб жыцця, уласцівы дадзенай чалавечай групе. Такім чынам, кажучы пра «культуру сустрэчы», маецца на ўвазе тое, што мы як народ з захапленнем сустракаемся з іншымі, шукаем кропкі сутыкнення, будуем масты, ствараем праект, які ўключаў бы ўсіх. Гэта становіцца мэтаю і стылем жыцця. Суб’ектам гэтай культуры з’яўляецца народ, а не адна частка грамадства, якая прагне ўціхамірыць астатніх пры дапамозе прафесійных метадаў і медыяў.

217. Грамадскі спакой патрабуе напружанай, рамесніцкай працы. Лягчэй было б абмежаваць свабоды і розніцы пры дапамозе кемлівасці і некаторых рэсурсаў. Але такі спакой быў бы павярхоўным і крохкім, не з’яўляўся б плёнам культуры сустрэчы, якая б яго падтрымлівала. Інтэграцыя разнастайных рэчаіснасцяў уяўляе сабой значна больш складаны і павольны працэс, але дае гарантыю сапраўднага і трывалага спакою. Ён не дасягаецца праз з’яднанне толькі бездакорных людзей, бо «нават асобы, якіх могуць крытыкаваць за іх памылкі, могуць штосьці прапанаваць i нельга гэтага змарнаваць» [206]. Таксама не будзе спакою, калі замоўчваюцца сацыяльныя прэтэнзіі або ігнаруюцца выкліканыя імі праблемы, бо гэта не «будаванне згоды на паперы ці нетрывалага спакою толькі для прывілеяванай меншасці» [207]. Важна распачаць працэсы сустрэчы, працэсы, якія ствараюць народ, здольны прымаць адрозненні. Узброім жа нашых дзяцей зброяй дыялогу! Навучым іх добрай барацьбе сустрэчы!

Радасць прызнання іншага

218. Усё гэта патрабуе ўмення прызнаваць права людзей быць сабой і быць іншымі. На падставе гэтага прызнання, якое становіцца культурай, дазваляе стварыць сацыяльны запавет. Без гэтага можна знайсці тонкія спосабы зрабіць іншых нязначнымі, недарэчнымі, якія не ўяўляюць каштоўнасці для грамадства. Адхіляючы некаторыя бачныя формы гвалту, можа ўкараніцца яшчэ адзін больш падступны від гвалту: гвалт тых, хто пагарджае рознымі людзьмі, асабліва калі іх патрабаванні нейкім чынам ідуць на шкоду іх уласным інтарэсам.

219. Калі адна частка грамадства стараецца атрымліваць асалоду ад усяго, што можа прапанаваць свет, паводзячы сябе так, быццам бы бедных не існуе, то гэта ў нейкі момант прынясе свае наступствы. Раней ці пазней ігнараванне існавання і правоў іншых людзей выбухне ў форме гвалту, часта зусім нечакана. Мары аб свабодзе, роўнасці і братэрстве могуць застацца на ўзроўні простых фармальнасцяў, бо на самай справе яны не для ўсіх. Таму гаворка ідзе аб сустрэчы не толькі паміж тымі, хто валодае рознымі формамі эканамічнай, палітычнай ці акадэмічнай улады. Сапраўдная сацыяльная сустрэча ўводзіць у праўдзівы дыялог вялікія культурныя формы, якія рэпрэзентуюць большасць насельніцтва. Бедныя слаі грамадства часта не прымаюць добрыя ідэі з­за таго, што яны прадстаўлены ў чужой для іх культурнай вопратцы, з якой яны не могуць сябе атаясамліваць. Рэалістычны і інклюзіўны сацыяльны пакт таксама павінен быць «культурным пактам», які паважае і ўлічвае розныя светапогляды, культуры і спосабы жыцця, якія суіснуюць у грамадстве.

220. Карэнныя народы, напрыклад, не супраць прагрэсу, аднак яны маюць іншае бачанне прагрэсу, часта больш гуманістычнае, чым сучасная культура развітых народаў. Іх культура не арыентавана на карысць моцных, тых, хто імкнецца стварыць для сябе філіял раю на зямлі. Нецярпімасць і пагарда да карэнных народных культур – гэта сапраўдная форма насілля, характэрная «этыкам», якія пазбыліся дабра і жывуць, асуджаючы іншых. Ніякія праўдзівыя, глыбокія і трывалыя змены немагчымыя, калі яны не грунтуюцца на розных культурах, асабліва бедных. Культурны пакт прадугледжвае адмаўленне ад маналітнага разумення тоеснасці пэўнага месца і патрабуе павагі да разнастайнасці, прапануючы спосабы прамавання і сацыяльнай інтэграцыі.

221. Такое пагадненне таксама прадугледжвае неабходнасць адмаўлення ад некаторых рэчаў дзеля агульнага дабра. Ніхто не можа валодаць усёй праўдай або задаволіць усе свае жаданні, бо гэта прывяло б да жадання знішчыць іншага чалавека, пазбавіўшы яго правоў. Фальшывае ўяўленне пра талерантнасць павінна саступіць месца дыялагічнаму рэалізму, уласціваму асобам, якія захоўваюць вернасць сваім прынцыпам і прызнаюць, што іншыя таксама маюць права заставацца вернымі ўласным прынцыпам. Гэта сапраўднае прызнанне іншага чалавека, якое толькі любоў робіць магчымым; яно азначае, што мы павінны паставіць сябе на яго месца, каб выявіць, што ў матывацыі і праблемах іншага, з’яўляецца сапраўдным, а што, па меншай меры, зразумелым.

Аднаўленне дабрыні

222. Спажывецкі індывідуалізм з’яўляецца прычынай вялікай несправядлівасці. Іншыя людзі разглядаюцца выключна як перашкоды для нашага спакойнага існавання. У выніку мы ставімся да іх, як да цяжару, і становімся ўсё больш агрэсіўнымі. Такі стан рэчаў пагаршаецца да нязноснай ступені ў крызісны час, у катастрафічных сітуацыях, падчас цяжкіх выпрабаванняў, калі на першы план выходзіць ментальнасць: «Кожны сам за сябе». Але нават тады мы можам вырашыць праяўляць дабрыню. Людзі, якія так робяць, становяцца зоркамі, што ззяюць сярод цемры.

223. Святы Павел апісвае дабрыню як плод Духа Святога, ужываючы грэцкае слова chresto2 tes ( Гал 5, 22), што азначае стаўленне далікатнае, сардэчнае, поўнае спачування і суцяшэння, а не рэзкае, жорсткае і суровае. Людзі, якія валодаюць гэтай якасцю, дапамагаюць зрабіць жыццё іншых людзей больш прымальным, асабліва сярод цяжару праблемаў, пільных патрэбаў і трывогі. Такі спосаб абыходжання з іншымі людзьмі можа выяўляцца ў розных формах: як добразычлівае стаўленне, як клапатлівае імкненне не пакрыўдзіць ні словам, ні ўчынкам, як гатоўнасць палегчыць цяжар другога чалавека. Сюды адносіцца і здольнасць «сказаць словы падтрымкі, якія гояць, умацоўваюць суцяшаюць і заахвочваюць», […] «словы, якія не прыніжаюць, не засмучаюць, не раздражняюць, не выказваюць пагарду» [208].

224. Дабрыня вызваляе нас ад жорсткасці, якая часам пранікае ў чалавечыя адносіны; ад страху, які перашкаджае думаць пра іншых; ад няўважлівай паспешлівасці, якая ігнаруе тое, што іншыя таксама маюць права быць шчаслівымі. Сёння мы часта не знаходзім ні часу, ні сіл, каб затрымацца і па­добраму аднесціся да іншых, сказаць «калі ласка», «прабачце», «дзякуй». Але раз­пораз здараецца цуд зычлівага чалавека, які гатовы адкласці ўсе свае страхі і тэрміновыя справы ў бок, каб звярнуць на кагосьці ўвагу, падараваць усмешку, сказаць спагаднае слова і выслухаць сярод агульнай абыякавасці. Такая штодзённая праца можа стварыць здаровую сацыяльную атмасферу, у якой можна пераадольваць непаразуменні і прадухіляць канфлікты. Дабрыню трэба выхоўваць; гэта не другарадная дробязь, не павярхоўная і не буржуазная пастава. Паколькі яна прадугледжвае павагу і пашану да іншых, то як толькі становіцца культурай у грамадстве, карэнным чынам пераўтварае лад жыцця, сацыяльныя адносіны і спосабы абмеркавання і супастаўлення ідэй. Дабрыня палягчае пошук згоды і адкрывае новыя шляхі там, дзе варожасць і абурэнне спальваюць усе масты.

Раздзел VII

ШЛЯХІ НОВАЙ СУСТРЭЧЫ

225. У многіх частках свету існуе патрэба ў шляхах спакою, якія маглі б загаіць адкрытыя раны, патрэба ў міратворцах, гатовых з адвагай і вынаходлівасцю распачаць працэсы аздараўлення і новай сустрэчы.

Пачаць нанова з праўды

226. Новая сустрэча не азначае вяртання да часу, які папярэднічаў канфлікту. Усе мы з цягам часу змяняемся. Цярпенне і спрэчкі нас змянілі. Акрамя таго, ужо няма месца на пустую дыпламатыю, на імітацыю, на двайныя стандарты, затушоўванне і добрыя манеры, якія маскіруюць рэальнасць. Калі супрацьстаянне перамяніла людзей у лютых ворагаў, яны павінны размаўляць паміж сабой, зыходзячы з аголенай і яснай праўды. Ім неабходна навучыцца пакаяннай памяці, здольнай прыняць мінулае, каб не азмрочваць будучыню ўласнай незадаволенасцю, збянтэжанасцю і праекцыямі. Толькі абапіраючыся на гістарычную праўду падзей, яны змогуць трывала і настойліва імкнуцца зразумець адзін аднаго і мець адвагу выпрацаваць новы сінтэз для дабра усіх. Насамрэч кожны «мірны працэс патрабуе трывалага і працяглага ўдзелу. Гэта працэс цярплівых пошукаў праўды і справядлівасці, які ўшаноўвае памяць ахвяр і, крок за крокам, адкрывае шлях да супольнай надзеі, мацнейшай за прагу помсты» [209]. Як сказалі біскупы Конга адносна аднаго частага канфлікту: «Мірных пагадненняў на паперы заўсёды замала. Нам давядзецца пайсці далей, паважаючы патрабаванне праўды аб вытоках гэтага частага крызісу. Людзі маюць права ведаць, што здарылася» [210].

227. Па сутнасці, «праўда – неразлучны спадарожнік справядлівасці і міласэрнасці. Усе тры разам маюць важнае значэнне для будавання міру; акрамя таго, кожны з іх супрацьстаіць сапсаванню другога […] Праўда павінна весці не да помсты, а да прымірэння і прабачэння. Праўда ў тым, каб расказаць сем’ям, якіх раздзірае боль, што здарылася з іх зніклымі сваякамі. Праўда азначае прызнанне таго, што сталася з непаўналетнімі, завербаванымі бязлітаснымі і жорсткімі людзьмі. Праўда – гэта прызнанне цярпення жанчын, якія сталі ахвярамі насілля і гвалту. [...] Кожны акт насілля над чалавекам з’яўляецца ранай на целе чалавецтва; кожная гвалтоўная смерць «змяншае» нас як асобаў. [...] Насілле нараджае насілле, нянавісць нараджае большую нянавісць, а смерць – наступную смерць. Мы павінны разарваць гэты ланцуг, які здаецца безвыходным» [211].

Праектаванне і будаванне міру

228. Дарога да міру не патрабуе гамагенізацыі грамадства, але дае нам надзейную магчымасць працаваць разам. Яна можа з’яднаць многіх людзей у супольных даследваннях і пошуках, якія прыносяць карысць усім. Шэраг тэхнічных прапаноў і разнастайны досвед могуць дапамагчы дасягнуць агульнай мэты і дзейнічаць дзеля агульнага дабра. Варта звяртаць увагу на добрае распазнаванне праблемаў, якія перажывае грамадства, каб прыняць існаванне розных спосабаў іх разумення і вырашэння. Шлях да сацыяльнай еднасці заўсёды прадугледжвае прызнанне магчымасці таго, што іншыя маюць, прынамсі часткова, слушны пункт гледжання, штосьці вартае ацалення, нават калі яны памыляліся або чынілі зло. «Другога чалавека нельга ніколі зводзіць да таго, што ён мог сказаць ці зрабіць, але трэба бачыць абяцанне, якое ён нясе ў сабе» [212], абяцанне, якое заўсёды пакідае пробліск надзеі.

229. Паўднёваафрыканскія біскупы адзначаюць, што сапраўднае прымірэнне дасягаецца дзейсным «шляхам фарміравання новага грамадства, грамадства, заснаванага на служэнні іншым, а не на жаданні дамінаваць; грамадства, у якім дзеляцца з іншымі тым, што маюць, а не вядуць між сабой эгаістычныя бойкі за найбольшае багацце; грамадства, у якім каштоўнасць сумеснага існавання, у канчатковым рахунку, важнейшая за любую меншую групу, ці гэта будзе сям’я, нацыя, раса ці культура» [213]. Біскупы Паўднёвай Карэі сведчаць, што сапраўднага міру «можна дасягнуць толькі тады, калі мы імкнемся да справядлівасці шляхам дыялогу, прымірэння і ўзаемнага развіцця» [214].

230. Напружаная праца над пераадоленнем нашых падзелаў, не губляючы пры гэтым сваёй індывідуальнасці, азначае, што асноўнае пачуццё прыналежнасці жыве ва ўсіх. На самай справе, «грамадству выгадна, калі ў ім кожны чалавек, кожная сацыяльная група сапраўды адчуваюць сябе як дома. У сям’і бацькі, бабулі і дзядулі і дзеці пачуваюцца ў сябе дома; ніхто не выключаны. Калі ў кагосьці ўзнікае праблема, нават сур’ёзная, нават калі ён „сам вінаваты”, рэшта сям’і прыходзіць на дапамогу; блізкія падтрымліваюць яго. Цярпенне аднаго з’яўляецца цярпеннем усіх. [...] У сем’ях усе робяць уклад у агульную справу; усе працуюць на агульнае дабро, не ігнаруючы нікога, наадварот, падбадзёрваючы і падтрымліваючы кожнага. Яны могуць пасварыцца, але ёсць штосьці нязменнае: сямейныя повязі. Сямейныя спрэчкі заўсёды заканчваюцца прымірэннем. Радасць і смутак кожнага з яе членаў перажываюць усе. Вось што значыць быць сям’ёй! Калі б мы здолелі глядзець на сваіх палітычных праціўнікаў ці суседзяў гэткімі ж вачамі, якімі глядзім на сваіх дзяцей, жонку ці мужа, маці ці бацьку! Як жа гэта было б цудоўна! Ці любім мы сваё грамадства, ці яно ўсцяж застаецца аддаленым, ананімным, тым, што нас не датычыць, не ўплывае на нас і не абавязвае да ўдзелу?» [215].

231. Вельмі часта для развіцця канкрэтных мірных шляхоў патрабуюцца перамовы. Разам з тым, працэсы, якія вядуць да трывалага міру, – гэта найперш асабістыя перамены ў саміх людзях; кожны чалавек можа з’яўляцца дзейснай закваскай праз свой штодзённы лад жыцця. Вялікіх перамен не дасягаюць за сталамі ці ў офісах. Таму «кожнаму адведзена фундаментальная роля ў адным вялікім творчым праекце: напісанне новай старонкі гісторыі, старонкі, поўнай надзеі, спакою і прымірэння» [216]. Існуе «архітэктура» міру, у якую ўносяць свой уклад розныя грамадскія інстытуты, кожны ў адпаведнасці са сваёй кампетэнцыяй, але ёсць і «рамяство» міру, якое датычыць усіх нас. З розных мірных працэсаў, якія адбываліся ў розных частках свету, «мы даведаліся, што гэтыя спосабы заключэння міру, прыярытэт розуму над помстай, тонкая гармонія паміж палітыкай і правам не могуць абыйсціся без удзелу звычайных людзей. Недастаткова стварыць заканадаўчыя нормы і дасягнуць інстытуцыянальных дамоўленасцяў паміж палітычнымі і эканамічнымі групамі людзей добрай волі. [...] Заўсёды карысна ўключыць у нашы мірныя працэсы досвед тых сектараў, на якія часта мы не звярталі ўвагі, каб менавіта гэтыя супольнасці маглі ўнесці свой каларыт у калектыўную памяць» [217].

232. Будаванню грамадскага міру ў канкрэтнай краіне няма канца; хутчэй, гэта «заданне, якое не дазваляе адпачыць і вымагае ўдзелу кожнага. Гэтая праца заклікае нас нястомна ствараць адзінства нацыі, нягледзячы на перашкоды, рознагалоссі і супярэчнасці ў падыходах да спосабаў мірнага суіснавання, і ўпарта змагацца за развіццё культуры сустрэчы, якая патрабуе ад нас ставіць у цэнтры ўсёй палітычнай, сацыяльнай і эканамічнай дзейнасці чалавечую асобу, яе ўзнёслую годнасць і пашану да агульнага дабра. Няхай гэты высілак дазволіць нам пазбегнуць усялякай спакусы помсты і пошуку толькі прыватных і часовых інтарэсаў» [218]. Публічныя дэманстрацыі з выкарыстаннем насілля – з таго ці іншага боку – не дапамагаюць знайсці рашэнні. Галоўным чынам таму, што, як заўважылі біскупы Калумбіі, «паходжанне і мэты грамадзянскіх дэманстрацый не заўсёды ясныя, прысутнічаюць пэўныя формы палітычных маніпуляцый, а ў некаторых выпадках яны выкарыстоўваліся на карысць прыватных інтарэсаў» [219].

Перадусім ад найменшых

233. Садзейнічанне сацыяльнаму сяброўству прадугледжвае не толькі збліжэнне груп, якія прынялі розныя бакі ў пэўны неспакойны перыяд гісторыі, але і аднаўленне сувязяў з найбольш збяднелымі і бездапаможнымі слаямі грамадства. Спакой – «гэта не проста адсутнасць вайны, але нястомныя высілкі, – асабліва з боку тых, хто займае больш адказныя пасады, – прызнаваць, абараняць і дзейсна вярнуць часта забытую годнасць нашым братам і сёстрам, каб яны маглі адчуць сябе пратаганістамі лёсу свайго народу» [220].

234. Часцей за ўсё найбяднейшыя члены грамадства становяцца ахвярамі несправядлівага абагульнення. Калі часам безабаронныя і адкінутыя яны рэагуюць паводзінамі, якія выглядаюць асацыяльнымі, важна зразумець, што ў многіх выпадках гэтыя рэакцыі выкліканыя пагардай і сацыяльнай ізаляцыяй. Лацінаамерыканскія біскупы адзначаюць, што «толькі блізкасць, якая чыніць нас сябрамі, можа дазволіць нам глыбока ацаніць каштоўнасці сённяшніх бедных, іх законныя жаданні і іх уласны спосаб перажывання веры. Выбар на карысць бедных павінен прывесці нас да сяброўства з імі» [221].

235. Тым, хто імкнецца да ўсталявання спакою ў дадзеным грамадстве, ніколі не трэба забываць, што няроўнасць і адсутнасць інтэгральнага чалавечага развіцця робяць яго немагчымым. Сапраўды, «без роўных магчымасцяў розныя формы агрэсіі і вайны знаходзяць спрыяльную глебу, якая раней ці пазней прывядзе да выбуху. Калі грамадства — мясцовае, нацыянальнае або сусветнае — пакідае на перыферыі сваю частку, то ніякія палітычныя праграмы, праваахоўныя сілы ці інтэлект не змогуць забяспечыць бязмежны спакой» [222]. Калі нам трэба пачынаць нанова, то заўсёды неабходна пачынаць ад найменшых.

Каштоўнасць і значэнне прабачэння

236. Ёсць тыя, хто адмаўляецца гаварыць пра прымірэнне, бо яны лічаць, што канфлікт, гвалт і разбурэнне з’яўляюцца часткай нармальнага функцыянавання грамадства. На самай справе, у любой чалавечай групе заўсёды будуць адбывацца больш­менш вытанчаныя сутычкі за ўладу паміж рознымі бакамі. Іншыя сцвярджаюць, што садзейнічаць прабачэнню азначае саступаць месца іншым, якія пачнуць уплываць на сітуацыю. Па гэтай прычыне яны лічаць, што лепш падтрымліваць гульню сіл, якая дае магчымасць захоўваць раўнавагу паміж рознымі групамі. Трэція мяркуюць, што прымірэнне – доля слабых, якія не здольныя весці паўнавартасны дыялог, і таму выбіраюць уцёкі ад праблем, затойваючы несправядлівасць. Яны не могуць справіцца з праблемамі, таму выбіраюць уяўны спакой.

Непазбежны канфлікт

237. Прабачэнне і прымірэнне – тэмы, якія маюць велізарнае значэнне ў хрысціянстве і, у розным выглядзе, у іншых рэлігіях. Існуе рызыка недастатковага разумення перакананняў веруючых людзей і прадстаўлення іх такім чынам, што яны, у канчатковым выніку, вядуць да паглыблення фаталізму, апатыі і несправядлівасці, або з іншага боку, – да нецярпімасці і насілля.

238. Езус Хрыстус ніколі не заахвочваў да гвалту і нецярпімасці. Ён адкрыта асудзіў выкарыстанне сілы для панавання над іншымі: «Вы ведаеце, што кіраўнікі народаў пануюць над імі, і вяльможы маюць уладу над імі. Але не так няхай будзе сярод вас» (Мц 20, 25­26). Замест гэтага Евангелле кажа нам дараваць «семдзесят сем разоў» (Мц 18, 22) і прапануе прыклад неміласэрнага слугі, які атрымаў прабачэнне, але не змог дараваць іншым (пар. Мц 18, 23­35).

239. Чытаючы іншыя тэксты Новага Запавету, мы можам заўважыць, як раннія хрысціянскія супольнасці, жывучы ў язычніцкім свеце, поўным маральнага разлажэння і аберацый, праяўлялі цярплівасць, памяркоўнасць і разуменне. Некаторыя тэксты на гэты конт вельмі выразныя: заахвочваюць настаўляць непрыяцеляў «спакойна» (2 Цім 2, 25) і заклікаюць, «каб нікога не зласловілі, не былі сварлівымі, але спагадлівымі, выяўляючы ўсялякую далікатнасць да ўсіх людзей. Бо і мы былі калісьці неразумнымі» (Ціт 3, 2­3). У Дзеях Апосталаў адзначаецца, што вучні, якіх пераследавалі некаторыя ўлады, тым не менш, мелі «прыхільнасць усяго народу» (2, 47; пар. 4, 21.33; 5, 13).

240. Аднак, калі мы разважаем пра прабачэнне, мір і сацыяльную гармонію, сустракаемся з нечаканымі словамі Езуса Хрыста: «Не думайце, што Я прыйшоў прынесці спакой на зямлю. Не спакой прыйшоў Я прынесці, а меч. Бо Я прыйшоў паставіць чалавека супраць бацькі ягонага, дачку супраць маці яе, і нявестку супраць свекрыві яе; і будуць ворагамі чалавеку хатнія ягоныя» ( Мц 10, 34­36). Важна гэтыя словы разумець у кантэксце раздзелу, у якім яны сустракаюцца. Тады відавочна, што Езус кажа тут пра вернасць выбару ісці за Ім; мы не павінны саромецца гэтага рашэння, нават калі яно цягне за сабой розныя цяжкасці, і нават нашы блізкія не прымаюць наш выбар. Таму выказванне Хрыста не заахвочвае нас шукаць канфлікты, а проста зносіць той непазбежны канфлікт так, каб павага да іншых не паслабляла нашай вернасці ў імя меркаванага міру ў нашых сем’ях ці грамадстве. Святы Ян Павел II сказаў, што Касцёл «не мае намеру асуджаць усе магчымыя формы сацыяльных канфліктаў. Касцёл добра ведае, што ў ходзе гісторыі непазбежна ўзнікаюць канфлікты інтарэсаў паміж рознымі сацыяльнымі групамі і што перад тварам такіх канфліктаў хрысціяне часта павінны заняць сумленную і паслядоўную пазіцыю» [223].

Справядлівыя войны і прабачэнне

241. Гаворка не ідзе аб закліку да прабачэння, калі яно прадугледжвае адмову ад сваіх правоў у сутыкненні з карумпіраванымі чыноўнікамі, злачынцамі і тымі, хто зневажае нашую годнасць. Мы пакліканы любіць усіх без выключэння, але любіць прыгнятальніка не азначае дазваляць яму працягваць прыгнятаць нас ці дазваляць яму думаць, што ягоныя ўчынкі з’яўляюцца прымальнымі. Наадварот, сапраўдная любоў да такога чалавека стараецца знайсці спосаб, каб прымусіць яго спыніць прыгнёт; пазбавіць яго той улады, якой ён не здольны карыстацца, і якая нішчыць яго чалавечнасць. Прабачэнне не дае дазволу працягваць таптаць уласную годнасць і годнасць іншых людзей, ані дазволу злачынцам працягваць крыўдзіць людзей. Церпячыя ад несправядлівасці павінны рашуча абараняць свае правы і правы сваёй сям’і менавіта таму, што павінны сцерагчы годнасць, якую атрымалі, годнасць, якую любіць Бог. Калі злачынец нанёс крыўду мне ці дарагой мне асобе, ніхто не можа забараніць мне патрабаваць справядлівасці і паклапаціцца, каб гэты чалавек – ці хто­небудзь яшчэ – не пакрыўдзіў мяне зноў або не ўчыніў падобнай шкоды іншым. Гэта залежыць ад мяне, а прабачэнне не толькі не скасоўвае неабходнасці так зрабіць, але насамрэч яе патрабуе.

242. Важна не падсілкоўваць гнеў, які шкодзіць душы асобы і душы нашага народу, і не захапляцца нездаровай прагай знішчэння іншага, раскручваючы спіраль помсты. Ніхто не дасягае ўнутранага спакою і не вяртаецца да нармальнага жыцця такім чынам. Праўда ў тым, што «ні адна сям’я, ні адна група суседзяў, ні адна этнічнай група, а тым больш краіна не мае будучыні, калі сілай, якая іх аб’ядноўвае, трымае разам і лагодзіць іх адрозненні, з’яўляецца помста і нянавісць. Мы не можам дамовіцца і з’яднацца дзеля таго, каб адпомсціць, каб зрабіць з вінаватым тое, што ён учыніў з намі, каб планаваць магчымасць адплаты пад эгідай закона» [224]. Такім спосабам нічога не ўдаецца асягнуць, а ў доўгатэрміновай перспектыве будзе страчана ўсё.

243. Безумоўна, «нялёгка пераадолець горкую спадчыну несправядлівасці, варожасці і недаверу, якую пакінуў канфлікт. Гэта магчыма толькі шляхам перамагання зла дабром (пар. Рым 12, 21) і культывавання тых цнотаў, якія спрыяюць прымірэнню, салідарнасці і міру» [225]. Такім чынам, «дабрыня дае спакой сумлення тым людзям, якія дазваляюць, каб яна ўзрастала ў іх сэрцы, прыносіць глыбокую радасць, нават сярод цяжкасцяў і непаразуменняў. Нават калі яе зневажаюць, дабрыня – гэта не слабасць, але сапраўдная моц, здольная адмовіцца ад помсты» [226]. Кожны з нас павінен распазнаць у сваім жыцці, што «тое суровае асуджэнне, якое я нашу ў сэрцы, супраць брата ці сястры, тая адкрытая незагоеная рана, тая недараваная крыўда, тое абурэнне, якое толькі нішчыць мяне, – гэта ўсё фрагменты вайны, якую я вяду ў сабе, полымя ў глыбіні сэрца, якое трэба патушыць, перш чым яно ператворыцца ў пажар» [227].

Сапраўднае пераадоленне

244. Калі канфлікты не вырашаюць, але ўтойваюць іх або хаваюць у мінулым, настае маўчанне, якое можа прывесці да саўдзелу ў цяжкіх памылках і грахах. Сапраўднае прымірэнне не ўцякае ад канфлікту, але дасягаецца праз канфлікт, пераадольваючы яго шляхам дыялогу і празрыстых, шчырых і цярплівых перамоваў. Барацьба паміж рознымі групамі, пры ўмове, «што яна ўстрымліваецца ад насілля і ўзаемнай нянавісці, паступова ператвараецца ў сумленнае абмеркаванне, заснаванае на пошуку справядлівасці» [228].

245. Я неаднаразова пастуліраваў «прынцып, абавязковы ў будаванні грамадскай згоды: еднасць мае перавагу над канфліктам. […] Гэта не звязана з прапановай сінкрэтызму ці панавання адных над другімі, але з вырашэннем на вышэйшым узроўні, якое захоўвае ў сабе каштоўную канструктыўнасць двух розных напрамкаў» [229]. Усе мы ведаем, што «кожны раз, калі мы як асобы і супольнасці вучымся імкнуцца да таго, што пераўзыходзіць нас саміх і нашыя прыватныя інтарэсы, тады ўзаемаразуменне і супрацоўніцтва ператвараюцца [...] у асяроддзе, дзе канфлікты, напружанасць і рознагалоссі могуць ствараць шматгранную еднасць, якая нараджае новае жыццё» [230].

Памяць

246. Ад тых, хто моцна пацярпеў у выніку несправядлівасці і жорсткасці, нельга патрабаваць свайго роду «грамадскага прабачэння». Прымірэнне – гэта штосьці асабістае, і ніхто не можа навязаць яго ўсяму грамадству, нават калі стаіць задача ўсімі сіламі гэтаму садзейнічаць. У строга асабістай сферы, добраахвотным і велікадушным рашэннем, хтосьці можа адмовіцца ад патрабавання кары (пар. Мц 5, 44­46), хоць грамадства і яго справядлівасць слушна гэтага вымагае. Аднак немагчыма абвясціць «агульнае прымірэнне», робячы выгляд, што дэкрэтам можна загаіць раны ці закрыць несправядлівасць плашчом забыцця. Хто можа прыпісаць сабе права дараваць ад імя іншых? Кранальна бачыць здольнасць да прабачэння ў людзях, якія ў стане ўзняцца над перажытай крыўдай, але можна па­чалавечы зразумець тых, хто на такое не здольны. У любым выпадку, ніколі нельга прапаноўваць забыць.

247. Нельга забыць Шоа ( Shoah). Гэта «сімвал таго, як далёка можа сягнуць чалавечае зло, калі, падбухторанае памылковымі ідэалогіямі, забываецца аб фундаментальнай годнасці кожнай асобы, якая заслугоўвае на абсалютную павагу незалежна ад этнічнага паходжання і рэлігійных перакананняў» [231]. Думаючы пра гэта, я не магу не паўтарыць такую малітву: «Памятай пра нас у сваёй міласэрнасці. Дай нам ласку саромецца таго, што мы, людзі, зрабілі, саромецца гэтага масавага ідалапаклонства, і таго, што мы пагарджалі і знішчалі сваё цела, якое Ты стварыў з зямлі, якое Ты ажывіў сваім дыханнем жыцця. Ніколі зноў, Пане, ніколі зноў!» [232].

248. Таксама нельга забываць пра атамныя бомбы, скінутыя на Хірасіму і Нагасакі. Яшчэ раз «я аддаю даніну павагі ўсім ахвярам і схіляюся перад сілай і годнасцю тых, хто, перажыўшы гэтыя першыя імгненні, на працягу многіх гадоў насіў у сваім целе велізарныя пакуты, а ў сваіх думках насенне смерці, якое няспынна нішчыла іх жыццёвую энергію. [...] Мы не можам дазволіць цяперашняму і будучым пакаленням страціць памяць пра тое, што адбылося, памяць, якая гарантуе і заахвочвае будаваць больш справядлівую і братэрскую будучыню» [233]. Нельга забываць і пра пераслед, гандаль рабамі і этнічныя забойствы, якія мелі і маюць месца ў розных краінах, а таксама пра мноства іншых гістарычных падзей, якія прымушаюць нас саромецца таго, што мы людзі. Іх трэба памятаць увесь час і заўсёды нанова, нястомна, і не паддавацца абыякавасці.

249. У наш час лёгка ўпасці ў спакусу перагарнуць старонку і сказаць, што ўсё гэта адбылося даўно, і мы павінны глядзець у будучыню. Богам прашу, не! Без памяці мы ніколі не зможам рухацца наперад, мы не зможам развівацца без поўнай і яснай памяці. Нам трэба «захаваць полымя калектыўнай свядомасці, пераказваючы наступным пакаленням сведчанні пра жахлівасць таго, што здарылася», таму што гэтае полымя «абуджае і захоўвае памяць аб ахвярах, каб чалавечае сумленне станавілася ўсё мацнейшым перад абліччам любога імкнення да панавання і знішчэння» [234]. Павінны гэта рабіць самі ахвяры – асобы, сацыяльныя групы ці народы, – каб не паддацца мысленню, якое вядзе да апраўдання рэпрэсій і любых відаў насілля ў імя вялікага зла, якое яны перажылі. Па гэтай прычыне я маю на ўвазе не толькі памяць пра зверствы, але і пра ўсіх тых, хто на фоне такой вялікай бесчалавечнасці і амаральнасці захаваў сваю годнасць і праз малыя ці вялікія жэсты абраў бок салідарнасці, прабачэння і братэрства. Вельмі карысна памятаць пра дабро.

Прабачэнне без забыцця

250. Прабачыць не азначае забыцца. Ці лепш, перад абліччам рэальнасці, якую ні ў якім разе нельга аспрэчваць, рэлятывізаваць і затойваць, усё яшчэ ёсць магчымасць прабачэння. Калі мы маем дачыненне з тым, чаго нельга ніколі цярпець, апраўдваць ці адпускаць, мы ўсё яшчэ можам гэта дараваць. Калі мы маем дачыненне з тым, аб чым ні ў якім выпадку нельга забываць, мы ўсё яшчэ можам гэта дараваць. У свабодным і шчырым прабачэнні ёсць высакароднасць, якая адлюстроўвае бясконцасць Божага прабачэння. Калі прабачэнне дармовае, то можна прабачыць нават таму, хто адмаўляе сваю віну і не ў стане прасіць прабачэння.

251. Тыя, хто сапраўды прабачае, не забываюць. Яны адмаўляюцца ад падпарадкавання той самай разбуральнай сіле, якая прычыніла ім столькі болю. Яны разрываюць замкнёнае кола і спыняюць інвазію сіл разбурэння. Яны вырашаюць не прывіваць грамадству дух помсты, які рана ці позна вернецца да іх назад. Зрэшты, помста ніколі не задавальняе ахвяр. Некаторыя злачынствы настолькі жахлівыя і жорсткія, што пакаранне тых, хто іх здзейсніў, не прыносіць адчування, што нанесеная шкода была выпраўлена. Недастатковым было б нават забойства злачынцы, і немагчыма знайсці катаванні, роўныя тым пакутам, якія спазнала ахвяра. Помста нічога не вырашае.

252. Мы не кажам аб беспакаранасці. Але справядлівасць варта шукаць выключна з любові да самой справядлівасці, з павагі да ахвяраў дзеля прадухілення новых злачынстваў і абароны агульнага дабра, а не як меркаванае выйце для асабістага гневу. Прабачэнне – гэта менавіта тое, што дазваляе нам дамагацца справядлівасці, не трапляючы ў кола помсты ці ў несправядлівасць забыцця.

253. Калі несправядлівасць адбылася з абодвух бакоў, важна дакладна высветліць, ці былі яе праявы аднолькава цяжкімі або сувымернымі. Гвалт, які здзяйсняецца дзяржаўнымі структурамі і ўладай, знаходзіцца не на тым самым узроўні, што гвалтоўная дзейнасць паасобных груп. Ні ў якім выпадку нельга сцвярджаць, што трэба памятаць толькі пра несправядлівыя пакуты аднаго боку. Біскупы Харватыі вучаць, што «мы абавязаны аднолькава паважаць кожную нявінную ахвяру. Не можа быць ніякіх этнічных, канфесійных, нацыянальных ці палітычных розніц» [235].

254. Я прашу Бога «падрыхтаваць нашыя сэрцы да сустрэчы з нашымі братамі і сёстрамі, незалежна ад розніц у ідэях, мове, культуры і рэлігіі, каб намасціў усю нашу істоту бальзамам сваёй міласэрнасці, які лечыць раны ад памылак, непаразуменняў і спрэчак; прашу аб ласцы, каб выправіў нас у пакоры і лагоднасці на цяжкія, але плённыя дарогі імкнення да міру» [236].

Вайна і смяротнае пакаранне

255. Існуюць дзве крайнія сітуацыі, якія могуць падавацца рашэннямі ў асабліва драматычных абставінах, не зважаючы, што яны з’яўляюцца неадпаведнымі адказамі, што не вырашаюць праблемы, якія імкнуцца пераадолець, і што, у рэшце рэшт, прычыняюцца да яшчэ большага знішчэння грамадства ў маштабе краіны і свету. Я маю на ўвазе вайну і смяротнае пакаранне.

Несправядлівасць вайны

256. «Хітрасць у сэрцы тых, хто задумвае ліха; а хто абдумвае мірныя парады, за тымі следам ідзе радасць» ( Прып 12, 20). Аднак ёсць людзі, якія імкнуцца вырашаць канфлікты ваенным шляхам, і гэты выбар часта падсычаецца разладам адносінаў, гегеманісцкімі амбіцыямі, злоўжываннем уладай, страхам перад іншымі і тэндэнцыяй разглядаць разнастайнасць як перашкоду [237]. Вайна – гэта не прывід мінулага, а пастаянная пагроза. Свет сутыкаецца з усё большымі цяжкасцямі на абранай павольнай дарозе да міру, якая ўжо пачала прыносіць добрыя плёны.

257. Паколькі зноў ствараюцца ўмовы, якія спрыяюць развязванню войнаў, хачу нагадаць, што «вайна – гэта адмаўленне ўсіх правоў і драматычная агрэсія ў адносінах да навакольнага асяроддзя. Калі мы хочам сапраўднага інтэгральнага чалавечага развіцця для ўсіх, мы павінны нястомна працаваць, каб пазбегнуць вайны паміж дзяржавамі і народамі. Для гэтага неабходна забяспечыць безапеляцыйнае панаванне закона і нястомнае выкарыстанне перамоваў, пасрэдніцтва і арбітражу, згодна са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, які з’яўляецца праўдзівай асноўнай юрыдычнай нормай [238]. Я хацеў бы падкрэсліць, што семдзесят пяць гадоў з моманту заснавання Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і вопыт першых дваццаці гадоў гэтага тысячагоддзя паказалі як эфектыўнасць поўнага выканання міжнародных нормаў, так і шкоднасць іх невыкарыстання. Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, калі ён захоўваецца і спаўняецца з празрыстасцю і шчырасцю, з’яўляецца абавязковым арыенцірам для справядлівасці і носьбітам спакою. Вельмі важна тут не маскіраваць ілжывых інтэнцый і не ставіць прыватныя інтарэсы адной краіны ці групы вышэй за агульнае дабро свету. Калі норма ўспрымаецца як сродак, які трэба выкарыстоўваць, калі гэта выгадна, і ігнараваць, калі карысці няма, то тым самым вызваляюцца бескантрольныя сілы, якія наносяць сур’ёзную шкоду грамадству, самым слабым асобам, братэрству, навакольнаму асяроддзю і культурнай спадчыне, з незваротнымі стратамі для сусветнай супольнасці.

258. Вайну можна лёгка выбраць, спасылаючыся на разнастайныя нібыта гуманітарныя, абарончыя і прэвентыўныя апраўданні і нават звяртаючыся да маніпуляцый інфармацыяй. Фактычна, у апошнія дзесяцігоддзі кожная вайна нібыта была «апраўдана». Катэхізіс Каталіцкага Касцёла кажа пра магчымасць законнай абароны з дапамогай ваеннай сілы, што прадугледжвае дэманстрацыю выканання пэўных «строгіх умоў маральнага права» [239]. Аднак лёгка трапіць у занадта шырокую інтэрпрэтацыю гэтага патэнцыяльнага права. Некаторыя спрабуюць такім чынам таксама апраўдваць нават «прэвентыўныя» напады ці ваенныя дзеянні, якія наўрад ці могуць пазбегнуць «большага зла, чым зло, якое трэба спыніць» [240]. Справа ў тым, што з распрацоўкай ядзернай, хімічнай і біялагічнай зброі, а таксама з развіццём велізарных і ўсё нарастаючых магчымасцяў, якія прадстаўляюць новыя тэхналогіі, вайне дадзена некантралюемая разбуральная сіла, якая закранае вялікую колькасць нявінных грамадзянскіх асобаў. Сапраўды, «чалавецтва ніколі не мела такой улады над сабою і не мае гарантыі, што добра яе выкарыстае» [241]. Таму мы больш не можам разглядаць вайну як рашэнне, бо рызыкі, верагодна, заўсёды будуць большыя, чым гіпатэтычныя перавагі, якія ёй прыпісваюць. У сувязі з гэтым у наш час вельмі складана спасылацца на рацыянальныя крытэрыі, выпрацаваныя ў папярэднія стагоддзі, каб казаць пра магчымасць «справядлівай вайны». Ніколі больш вайны! [242]

259. Варта дадаць, што ва ўмовах росту глабалізацыі, рашэнне, якое можа выглядаць адпаведным або практычным для адной часткі свету, стварае ланцуг гвалтоўных і часта схаваных наступстваў, што ў канчатковым выніку наносяць шкоду ўсёй планеце і адкрываюць шлях да новых і яшчэ горшых войнаў у будучыні. У сучасным свеце існуюць ўжо не проста «фрагментарныя» ваенныя дзеянні ў той ці іншай краіне: мы перажываем «сусветную вайну ў фрагментах», бо лёсы краін на сусветнай арэне пераплеценыя вельмі моцна.

260. На думку св. Яна XXIII, «у нашу эпоху ядзернай энергіі нонсэнсам было б лічыць вайну прыдатным інструментам для выпраўлення парушаных правоў» [243]. Ён казаў гэта на фоне вялікай міжнароднай напружанасці, дэманструючы тое вялікае прагненне міру, якое шырылася ў перыяд халоднай вайны. Ён падтрымаў перакананне, што аргументы за мір мацнейшыя за любы разлік прыватных інтарэсаў і любую ўпэўненасць у слушнасці выкарыстання зброі. Аднак магчымасці, якія ўзніклі напрыканцы халоднай вайны, не былі выкарыстаны належным чынам з­за адсутнасці бачання будучыні і агульнай свядомасці адносна нашага агульнага лёсу. Таму саступілі перад націскам рэалізацыі прыватных інтарэсаў, не беручы адказнасць за паўсюднае агульнае дабро. Такім чынам страшнаму прывіду вайны зноў адкрылі шлях.

261. Кожная вайна пакідае наш свет у горшым стане, чым яго застала. Вайна – гэта правал палітыкі і чалавецтва, ганебная капітуляцыя, горкая параза перад сіламі зла. Давайце не будзем вязнуць у тэарэтычных дыскусіях, але схілімся над ранамі, дакранемся да цела ахвяраў. Давайце яшчэ раз прыгледзімся да шматлікіх нявінных мірных жыхароў, забітых як «выпадковыя ахвяры». Давайце спытаемся ў саміх пацярпелых. Падумаем пра бежанцаў і тых, хто пацярпеў ад атамнай радыяцыі ці хімічных атак, на маці, якія страцілі дзяцей, а таксама хлопчыкаў і дзяўчынак, скалечаных або пазбаўленых дзяцінства. Давайце пачуем праўдзівыя гісторыі гэтых ахвяр насілля, паглядзім на рэчаіснасць іх вачыма і з адкрытым сэрцам выслухаем гісторыі, якія яны распавядаюць. Так мы зможам зразумець бездань зла ў самой аснове вайны. І тады не будзе нас турбаваць, што будуць лічыць нас наіўнымі, бо мы выбралі мір.

262. Адных прынцыпаў будзе недастаткова, калі мы па­ранейшаму будзем думаць, што рашэнне бягучых праблемаў заключаецца ў стрымліванні іншых, запалохваючы іх або пагражаючы ядзернай, хімічнай і біялагічнай зброяй. Насамрэч, «калі ўлічыць асноўныя пагрозы спакою і бяспекі з іх шматлікімі вымярэннямі ў гэтым шматпалярным свеце XXI стагоддзя, такія як, напрыклад, тэрарызм, асіметрычныя канфлікты, інфармацыйная бяспека, экалагічныя праблемы, беднасць, узнікае нямала сумневаў адносна неадпаведнасці ядзернага стрымлівання як эфектыўнага адказу на такія выклікі. Гэтыя страхі яшчэ больш узмацняюцца, калі мы звяртаемся да катастрафічных гуманітарных і экалагічных наступстваў, якія паўстаюць у выніку любога выкарыстання ядзернай зброі з яе разбуральнымі, татальнымі і бескантрольнымі наступствамі ў часе і прасторы. [...] Мы павінны таксама спытаць сябе, наколькі ўстойлівай з’яўляецца раўнавага, якая абапіраецца на страх, калі фактычна яна павялічвае страх і падрывае адносіны даверу паміж народамі. Міжнародны мір і стабільнасць не могуць грунтавацца на зманлівым пачуцці бяспекі, на пагрозе ўзаемнага знішчэння ці поўнага вынішчэння, на звычайным падтрыманні балансу сіл. [...] У гэтым кантэксце канчатковая мэта поўнай ліквідацыі ядзернай зброі становіцца адначасова як выклікам, так і маральна­гуманітарным імператывам. [...] Нарастанне ўзаемазалежнасці і глабалізацыі азначае, што любы адказ на пагрозу ядзернай зброі павінен быць калектыўным і скаардынаваным, заснаваным на ўзаемным даверы. Гэты давер можа быць пабудаваны толькі шляхам дыялогу, які шчыра накіраваны на агульнае дабро, а не на абарону схаваных ці асабістых інтарэсаў» [244]. На грошы, якія выкарыстоўваюцца на зброю, і іншыя ваенныя выдаткі давайце лепш створым Сусветны фонд [245] для канчатковай ліквідацыі голаду і для развіцця самых бедных краін, каб іх жыхары не звярталіся да насілля ці хітрых рашэнняў і не былі вымушаныя пакідаць свае краіны ў пошуках больш годнага жыцця.

Смяротнае пакаранне

263. Існуе яшчэ адзін спосаб ліквідацыі іншых, які скіраваны не на краіны, а на чалавека. Гэта смяротнае пакаранне. Святы Ян Павел II дакладна і цвёрда дэклараваў, што смяротнае пакаранне не з’яўляецца адэкватнай мерай на маральным узроўні і не з’яўляецца ўжо абавязковым на дысцыплінарным узроўні [246]. Адступлення ад гэтай пазіцыі быць не можа. Сёння мы выразна заяўляем, што «смяротнае пакаранне недапушчальна» [247], і Касцёл  будзе рашуча заклікаць да яго адмены ва ўсім свеце [248].

264. У Новым Запавеце з патрабаваннем да некаторых асобаў не браць справядлівасць у свае рукі (пар. Рым 12, 17. 19), прызнаецца таксама неабходнасць таго, каб улады накладалі пакаранне на тых, хто робіць зло (пар. Рым 13, 4); 1 П 2, 14). Сапраўды, «жыццё ў калектыве, сканцэнтраванае вакол арганізаваных супольнасцяў, патрабуе прынцыпаў суіснавання, наўмыснае парушэнне якіх патрабуе належнай кампенсацыі» [249]. Гэта азначае, што законная дзяржаўная ўлада можа і павінна «прызначаць пакаранне ў залежнасці ад цяжару злачынстваў» [250], а судовая ўлада павінна мець гарантаваную «неабходную незалежнасць у межах прававой сістэмы» [251].

265. З першых стагоддзяў існавання Касцёла некаторыя выразна выступалі супраць смяротнага пакарання. Лактанцый, напрыклад, лічыў, што «наогул не павінна быць розніцы: забойства чалавека заўсёды будзе злачынствам» [252]. Папа Мікалай I заклікаў прыкласці намаганні, каб «вызваліць ад пакарання смерцю не толькі кожнага невінаватага, але і ўсіх вінаватых» [253]. Падчас суда над забойцамі двух святароў св. Аўгустын папрасіў суддзю не пазбаўляць жыцця забойцаў і аргументаваў гэта так: «Мы не супраць таго, каб ты пазбавіў гэтых злых людзей свабоды здзяйсняць далейшыя злачынствы. Нашае жаданне заключаецца ў тым, каб справядлівасць была задаволена без пазбаўлення іх жыцця і без ніякага калецтва іх цела, і ў той жа час, каб прымусовымі мерамі, прадугледжанымі законам, яны адвярнуліся ад свайго нездаровага шаленства да спакойнага мірнага жыцця і, адыйшоўшы ад злых спраў, заняліся якой­небудзь карыснай працай. Гэта таксама асуджэнне, але хто б не зразумеў, што гаворка ідзе хутчэй аб дабрадзействе, чым катаванні, паколькі ў такім выпадку не застаецца месца на дзёрзкасць злосці і не адбіраюцца лекі, патрэбныя для пакаяння? [...] Абураны беззаконнем, не забывайся на чалавечнасць. Не давай волі жаданню адпомсціць грэшнікам за зверствы, але замест гэтага пажадай вылечыць раны, якія злыя чыны нанеслі іх душам» [254].

266. Страх і крыўда могуць лёгка прывесці да таго, што пакаранне набудзе помслівае і нават жорсткае разуменне, а не як частка працэсу выздараўлення і грамадскай рэінтэграцыі. У наш час «у некаторых сектарах палітыкі і сродках масавай камунікацыі часам падтрымліваюцца насілле і помста як у дзяржаўным, так і ў прыватным вымярэнні, не толькі ў дачыненні да вінаватых у здзяйсненні злачынстваў, але і супраць тых, на каго падае падазрэнне, нягледзячы на тое, даказана іх віна ці не ў парушэнні закона. [...] Узнікае тэндэнцыя да наўмыснага стварэння ворагаў – стэрэатыпных постацяў, якія ўвасабляюць усе характарыстыкі, якія грамадства ўспрымае ці інтэрпрэтуе як пагрозу. Механізмы фарміравання гэтых вобразаў тыя самыя, якія дазволілі ў свой час распаўсюджваць ідэі расізму» [255]. У выніку, у некаторых краінах усё больш пагрозлівым становіцца павелічэнне практыкі прэвентыўных арыштаў, пазбаўлення волі без суда і, горш за тое, смяротнага пакарання.

267. Тут я хацеў бы падкрэсліць, што «немагчыма ўявіць сабе, нібы сучасныя дзяржавы не маюць іншых сродкаў, акрамя смяротнага пакарання, каб абараніць жыццё іншых людзей ад несправядлівага агрэсара». Асабліва сур’ёзныя ў гэтым плане так званыя пазасудовыя ці пазазаконныя расстрэлы, якія ўяўляюць сабой «наўмысныя забойствы, здзейсненыя некаторымі дзяржавамі і іх службовымі асобамі, часта пададзеныя як сутычкі са злачынцамі або прадстаўленыя як непрадбачаныя наступствы разумнага, неабходнага і прапарцыянальнага выкарыстання сілы з мэтай выканання закона» [256].

268. «Аргументы супраць смяротнага пакарання шматлікія і добра вядомыя. Касцёл справядліва вылучыў некалькі з іх, напрыклад, магчымасць судовай памылкі і выкарыстанне такога пакарання таталітарнымі і дыктатарскімі рэжымамі ў якасці сродка падаўлення палітычных дысідэнтаў ці пераследу рэлігійных і культурных меншасцяў, а ўсе гэтыя ахвяры заканадаўства гэтых рэжымаў лічыць «правапарушальнікамі». Усе хрысціяне і людзі добрай волі сёння закліканы змагацца не толькі за адмену смяротнага пакарання, законнага ці незаконнага, ва ўсіх яго формах, але і за паляпшэнне турэмных умоў у духу павагі да чалавечай годнасці людзей, пазбаўленых свабоды. А я звязваю гэта з пажыццёвым зняволеннем. [...] Пажыццёвае зняволенне – гэта прыхаванае смяротнае пакаранне» [257].

269. Памятайма, што «нават забойца не губляе сваёй чалавечай годнасці, і Бог сам становіцца яе гарантам» [258]. Цвёрдае адмаўленне ад смяротнага пакарання паказвае, наколькі вялікая існуе магчымасць прызнання неад’емнай годнасці кожнага чалавека і прызнане таго, што яму ёсць месца на гэтым свеце. Калі я не буду адмаўляць годнасці найгоршаму злачынцу, то я нікому яе не адмоўлю, дам усім магчымасць падзяліцца са мной гэтай планетай, нягледзячы на ўсё, што нас дзеліць.

270. Я прашу хрысціянаў, якія па­ранейшаму вагаюцца, і якія паддаюцца спакусе насілля ў любой форме, памятаць словы з кнігі Ісаі: «Перакуюць мячы свае на плугі» (2, 4). Для нас гэтае прароцтва ўвасобілася ў Езусе Хрысце, які, убачыўшы вучня, які спакусіўся на гвалт, цвёрда сказаў: «Схавай меч свой, бо кожны, хто бярэ меч, ад мяча і загіне» (Мц 26, 52). Гэтыя словы паўтарылі старажытнае папярэджанне: «Я спаганю з кожнага звера; з чалавека, з кожнага брата ягонага Я спаганю за кроў чалавека. Хто пралье чалавечую кроў, кроў таго будзе праліта чалавекам» (Быц 9, 5­6). Рэакцыя Езуса, якая выплыла з яго сэрца, пераадольвае адлегласць стагоддзяў і дасягае сучаснасці як пастаянны напамін.

Раздзел VIII

РЭЛІГІІ НА СЛУЖБЕ БРАТЭРСТВУ Ў СВЕЦЕ

271. Розныя рэлігіі, паважаючы каштоўнасць кожнай чалавечай асобы як стварэння, пакліканага быць Божым дзіцём, уносяць значны ўклад у пабудову братэрства і абарону справядлівасці ў грамадстве. Дыялог паміж вызнаўцамі розных рэлігій адбываецца не толькі дзеля дыпламатыі, ветлівасці ці талерантнасці. Паводле навучання біскупаў Індыі, «мэта дыялогу – усталяванне сяброўства, міру і згоды, а таксама абмен духоўнымі і маральнымі каштоўнасцямі і досведам у духу праўды і любові» [259].

Канчатковы фундамент

272. Як веруючыя, мы перакананыя, што без адкрытасці на Айца ўсіх людзей не будзе трывалых і стабільных матываў для закліку да братэрства. Мы ўпэўнены, што «толькі ўсведамляючы сябе дзецьмі, а не сіротамі, мы можам жыць у міры між сабой» [260]. Бо «розум сам па сабе можа ўсвядоміць роўнасць паміж людзьмі i наладзіць грамадзянскае суіснаванне паміж імі, аднак не здольны ўстанавіць братэрства» [261].

273. У сувязі з гэтым я хачу прывесці наступнае незабыўнае сцвярджэнне: «Калі няма трансцэндэнтнай праўды, у паслухмянасці якой чалавек дасягае сваёй поўнай тоеснасці, то не існуе ніякага прынцыпу, які гарантаваў бы справядлівыя адносіны паміж людзьмі. Фактычна, іх класавыя, групавыя ці нацыянальныя інтарэсы непазбежна супрацьпастаўляюць адных другім. Калі не прызнаная трансцэндэнтная праўда, трыумфуе сіла ўлады, і кожны чалавек імкнецца максімальна выкарыстаць сродкі, якія ёсць у яго распараджэнні, каб навязаць уласныя інтарэсы ці ўласнае меркаванне, не зважаючы на правы іншых. [...] Такім чынам, сучасны таталітарызм вырастае з адмаўлення трансцэндэнтнай годнасці чалавечай асобы, якая з’яўляецца бачным вобразам нябачнага Бога і менавіта таму, па сваёй натуры, з’яўляецца суб’ектам правоў, якія ніхто не можа парушаць: ані адзінка ці група, ані клас, ані нацыя ці дзяржава. Нават большасць дадзенага грамадства не можа парушыць гэтыя правы, ідучы супраць меншасці» [262].

274. З нашага досведу веры і мудрасці, назапашанага цягам стагоддзяў, а таксама з урокаў, атрыманых з нашых шматлікіх слабасцяў і няўдач, мы, вызнаўцы розных рэлігій, ведаем, што прысутнасць Бога прыносіць карысць нашаму грамадству. Пошук Бога шчырым сэрцам, пры ўмове, што мы не засланяем Яго сваімі ідэалагічнымі або карыслівымі мэтамі, дапамагае нам бачыць адзін аднаго спадарожнікамі, сапраўднымі братамі. Мы перакананыя, што «калі ў імя ідэалогіі робіцца спроба выдаліць Бога з грамадства, гэта заканчваецца ідалапаклонствам, і вельмі хутка людзі губляюць сябе, іх годнасць топчыцца, а правы парушаюцца. Вы добра ведаеце, да якой жорсткасці можа прывесці адсутнасць свабоды сумлення і свабоды веравызнання, і як гэтая рана нараджае неймаверна збяднелую чалавечасць, бо ёй не хапае надзеі і ідэалаў, на якія можна арыентавацца» [263].

275. Варта прызнаць, што «адна з найбольш важных прычын крызісаў сучаснага свету – гэта нячуласць чалавечага сумлення, аддаленне ад рэлігійных каштоўнасцяў і пануючы індывідуалізм, які суправаджаецца матэрыялістычнай філасофіяй, якая абагаўляе чалавечую асобу і ўзводзіць свецкія і часовыя каштоўнасці на месца найвышэйшых і трансцэндэнтных прынцыпаў» [264]. Недапушчальна, каб у публічных дэбатах гучалі выключна галасы моцных гэтага свету і навукоўцаў. Трэба даць месца разважанням, якія нараджаюцца з рэлігійнага кантэксту, якія ўвабралі ў сябе шматвяковы досвед і мудрасць. Бо «класічныя рэлігійныя тэксты могуць мець значэнне для ўсіх эпох, яны маюць матывуючую сілу», але фактычна «яны адкідваюцца з прычыны недальнабачнага рацыяналізму» [265].

276. Па гэтых прычынах Касцёл, паважаючы аўтаномію сферы палітычнага жыцця, не абмяжоўвае сваю місію прыватнай сферай. Наадварот, «ён не можа і не павінен заставацца ў баку» пры пабудове лепшага свету, а павінен «абуджаць духоўныя сілы», якія могуць узбагачаць грамадства ў цэлым [266]. Вядома, прадстаўнікі духавенства розных рэлігій не павінны ўдзельнічаць у партыйнай палітыцы, уласцівай свецкім, але яны таксама не могуць адмовіцца ад палітычнага вымярэння самога жыцця [267], якое ўключае звяртанне пастаяннай увагі на агульнае дабро і клопат пра інтэгральнае развіццё чалавека. Касцёл «выконвае публічную ролю, якая не абмяжоўваецца яго апякунчай або адукацыйнай дзейнасцю, але выяўляе сваю энэргію ў служэнні прамоцыі чалавека i паўсюднага братэрства» [268]. Ён не прэтэндуе на зямную ўладу, але прапануе сябе як «сям’ю сярод сем’яў, – гэтым ёсць Касцёл, – адкрытую на даванне [...] у сучасным свеце сведчання веры, надзеі і любові да Пана і тых, каго Ён любіць з асаблівым замілаваннем. Дом з адчыненымі дзвярыма. Касцёл – гэта дом з адчыненымі дзвярыма, бо ён – маці» [269]. І падобна Марыі, Маці Езуса, «мы хочам быць Касцёлам, які служыць, які выходзіць з дому, выходзіць са сваіх святыняў, выходзіць са сваіх сакрыстый, каб суправаджаць жыццё, падтрымліваць надзею, быць знакам адзінства [...], каб будаваць масты, разбураць муры, сеяць насенне прымірэння» [270].

Хрысціянская тоеснасць

277. Касцёл шануе дзейнасць Бога ў іншых рэлігіях, і «не адмаўляе нічога, што ў гэтых рэлігіях ёсць праўдзівае і святое. Ён са шчырай павагай разглядае той спосаб дзеянняў і жыцця, тыя прадпісанні і вучэнні, якія […] часам адлюстроўваюць промень той Праўды, якая асвячае ўсіх людзей» [271]. Аднак мы, хрысціяне, цудоўна ведаем, што «калі музыка Евангелля перастане гучаць унутры нас, мы страцім радасць, якая нараджаецца са спачування, пяшчоту, якая ідзе з даверу, здольнасць да прымірэння, крыніца якой у нашым усведамленні, што мы заўсёды з’яўляемся прабачанымі і пасланымі. Калі музыка Евангелля перастане гучаць у нашых дамах, на нашых плошчах, на нашых працоўных месцах, у палітыцы і эканоміцы, тады мы заглушым мелодыю, якая заклікае нас абараняць годнасць кожнага чалавека» [272]. Іншыя чэрпаюць з іншых крыніц. Для нас крыніца чалавечай годнасці і братэрства знаходзіцца ў Евангеллі Езуса Хрыста. З яго вынікае «для хрысціянскай думкі і для дзейнасці Касцёла першынство, якое надаецца адносінам, сустрэчы са святой таямніцай іншага чалавека, паўсюднай лучнасці з усім чалавецтвам як паклікання ўсіх» [273].

278. Касцёл пакліканы праяўляць сябе ў кожнай сітуацыі і прысутнічае на працягу стагоддзяў у кожным месцы зямлі, – менавіта гэта азначае слова «каталіцкі», – і зыходзячы з уласнага досведу ласкі і граху, можа ахапіць прыгажосць запрашэння да паўсюднай любові. «Датычыць нас усё чалавечае. [...] Усюды, дзе збіраюцца міжнародныя кангрэсы дзеля ўстанаўлення правоў і абавязкаў чалавека, мы ахвотна ўдзельнічаем у іх, калі гэта магчыма, і лічым гэта за гонар» [274]. Для многіх хрысціянаў гэтая дарога братэрства мае таксама Маці, якую завуць Марыя. Яна атрымала гэтае паўсюднае мацярынства ля падножжа крыжа (пар. Ян 19, 26) і клапоціцца не толькі пра Езуса, але і пра сваіх «астатніх нашчадкаў» (пар. Ап 12, 17). Моцай Уваскрослага Марыя прагне нарадзіць новы свет, дзе мы ўсе – браты, дзе ёсць месца для ўсіх, каго наша грамадства адкідае, дзе ззяюць справядлівасць і спакой.

279. Будучы хрысціянамі, мы просім, каб у тых краінах, дзе мы з’яўляемся меншасцю, нам была гарантавана свабода, як і мы забяспеваем гэтую свабоду нехрысціянам у месцах, дзе яны складаюць меншасць. Нельга забываць адно з асноўных правоў чалавека на шляху да братэрства і міру: гэта рэлігійная свабода для вызнаўцаў усіх рэлігій. Гэтая свабода паказвае, што мы можам «будаваць гармонію і паразуменне паміж рознымі культурамі і рэлігіямі. Гэта таксама сведчыць аб тым, што важных рэчаў, агульных для нас, вельмі шмат, і можна знайсці спосаб спакойнага, упарадкаванага і мірнага суіснавання, прымаючы нашы адрозненні і радуючыся таму, што мы з’яўляемся братамі як дзеці адзінага Бога» [275].

280. У той жа час мы просім Бога ўмацаваць еднасць у Касцёле, еднасць, узбагачаную разнароднасцю, якая яднаецца дзеяннем Духа. Бо «мы ўсе ў адным Духу ахрышчаныя ў адно цела» ( 1 Кар 12, 13), у якое кожны член павінен унесці свой адметны ўклад. Як сцвердзіў св. Аўгустын, «вуха бачыць праз вока, а вока чуе праз вуха» [276]. Акрамя таго, неабходна працягваць няспынна даваць сведчанне сустрэчы паміж рознымі хрысціянскімі канфесіямі. Мы не можам забыцца пра жаданне Хрыста, «каб усе былі адно» (пар. Ян 17, 21). Слухаючы Яго заклік, мы з сумам прызнаем, што працэс глабалізацыі па­ранейшаму не мае прарочага і духоўнага ўкладу ў адзінства паміж хрысціянамі. Тым не менш, «хоць мы ўсё яшчэ ў дарозе да поўнай камуніі, мы ўжо цяпер абавязаны даваць агульнае сведчанне любові Бога да ўсіх людзей, працуючы разам на служэнні чалавецтву» [277].

Рэлігія і насілле

281. Мірны шлях паміж рэлігіямі магчымы. Адпраўным пунктам павінен быць Божы спосаб бачання. «Бог не глядзіць вачыма, Бог глядзіць сэрцам. А Божая любоў аднолькавая для ўсіх, незалежна ад веравызнання. Нават калі хтосьці атэіст, любоў тая самая. Калі прыйдзе апошні дзень, і будзе дастаткова святла, каб убачыць рэчы такімі, якія яны ёсць насамрэч, нас сустрэне шмат сюрпрызаў!» [278].

282. З гэтага вынікае, што «нам, веруючым, трэба знайсці прастору для размовы і супольнага дзеяння на карысць агульнага дабра і прамоцыі самых бедных. Справа не ў тым, каб зрабіць нас усіх больш „light” (лёгкімі) ці каб утойваць нашыя глыбокія перакананні, калі мы сустракаемся з людзьмі, якія думаюць інакш, чым мы самі. [...] Бо чым глыбейшая, мацнейшая і багацейшая нашая тоеснасць, тым больш мы зможам узбагаціць іншых сваім асаблівым укладам» [279]. Мы, веруючыя, адчуваем заклік вярнуцца да сваіх вытокаў, каб засяродзіцца на істотных рэчах: праслаўленне Бога і любоў да бліжняга, каб некаторыя аспекты нашага навучання, вырваныя з кантэксту, не прывялі да павелічэння пагарды, нянавісці, ксенафобіі ці адкідання іншых. Праўда ў тым, што насілле не мае асновы ў нашых фундаментальных рэлігійных перакананнях, а толькі ў іх скажэнні.

283. Шчырае і пакорнае пакланенне Богу «не вядзе да дыскрымінацыі, нянавісці і гвалту, але да павагі святасці жыцця, шанавання годнасці і свабоды іншых і працы з любоўю дзеля дабрабыту ўсіх» [280]. Сапраўды, «хто не любіць, той не ведае Бога, бо Бог ёсць любоў» ( 1 Ян 4, 8). Па гэтай прычыне «экстрэмальны тэрарызм пагражае бяспецы людзей – ці то на Усходзе, ці на Захадзе, на Поўначы ці Поўдні – і пашырае паніку, тэрор і песімізм, але ён не звязаны з рэлігіяй, нават калі тэрарысты карыстаюцца ёй як прыладай. Гэта, хутчэй, звязана з вялікай колькасцю няправільных інтэрпрэтацый рэлігійных тэкстаў, а таксама з палітыкай, спалучанай з голадам, галечай, несправядлівасцю, прыгнётам і пыхай. Вось чаму так неабходна спыніць падтрымку тэрарыстычных рухаў праз іх фінансаванне, пастаўку зброі, стратэгіі, спробы апраўдаць гэтыя рухі, выкарыстоўваючы медыйныя сродкі. Усё гэта трэба разглядаць як міжнародныя злачынствы, якія пагражаюць бяспецы і спакою ва ўсім свеце. Такі тэрарызм павінен быць асуджаны ва ўсіх яго формах і праявах» [281]. Рэлігійныя перакананні адносна сакральнага сэнсу чалавечага жыцця дазваляюць нам «прызнаваць асноўныя каштоўнасці нашай агульнай чалавечнасці, у імя якіх мы можам і павінны супрацоўнічаць, будаваць і весці дыялог, прабачаць і развівацца, дазваляючы, каб спалучэнне розных галасоў стварала высакародную і поўную гармоніі мелодыю замест фанатычных крыкаў нянавісці» [282].

284. Часам фундаменталісцкая жорсткасць развязваецца ў некаторых групах любой рэлігіі па прычыне неасцярожнасці іх лідараў. Тым не менш, «запаведзь спакою глыбока ўпісана ў рэлігійныя традыцыі, якія мы прадстаўляем. [...] Як рэлігійныя лідары, мы пакліканы быць сапраўднымі „людзьмі дыялогу”, пакліканы да супрацоўніцтва ў будаванні міру не як пасрэднікі, а як сапраўдныя медыятары. Пасрэднікі імкнуцца даць усім бакам зніжку, каб, у канчатковым рахунку, атрымаць што­небудзь для сябе. Тады як медыятарам з’яўляецца той, хто нічога не ўтрымлівае для сябе, а наадварот, шчодра прысвячае сябе справе, аж да знясілення, ведаючы, што адзіным здабыткам ёсць мір. Кожны з нас пакліканы быць рамеснікам міру, тым, хто яднае, а не дзеліць, гасіць нянавісць, а не захоўвае яе, адкрывае шляхі дыялогу, а не будуе новыя муры!» [283].

Зварот

285. Падчас братэрскай сустрэчы, якую я з радасцю прыгадваю, з вялікім імамам Ахмадам Аль­Тайібам, «мы рашуча заявілі, што рэлігіі ніколі не павінны распальваць вайну, нянавісць, варожасць і экстрэмізм, а таксама не павінны штурхаць да насілля і праліцця крыві. Гэтыя трагічныя рэаліі з’яўляюцца наступствам адхілення ад рэлігійных вучэнняў. Яны з’яўляюцца вынікам палітычнай маніпуляцыі рэлігіямі і інтэрпрэтацый рэлігійных груп, якія на працягу гісторыі выкарыстоўвалі сілу рэлігійных пачуццяў у сэрцах людзей. [...] Усемагутны Бог не патрабуе абароны і не хоча, каб Яго імя выкарыстоўвалася для тэрарызавання людзей» [284]. Па гэтай прычыне я хацеў бы паўтарыць тут заклік да міру, справядлівасці і братэрства, які мы зрабілі разам:

«У імя Бога, які стварыў усіх людзей роўнымі ў правах, абавязках і годнасці, і які заклікаў іх жыць разам як братоў і сясцёр, каб напаўняць зямлю і пашыраць каштоўнасці дабра, любові і міру.

У імя нявіннай чалавечай душы, якую Бог забараніў забіваць, сцвярджаючы, што той, хто забівае чалавека, падобны на таго, хто забівае ўсё чалавецтва, а той, хто ратуе чалавека, падобны да таго, хто ратуе ўсё чалавецтва.

У імя бедных, няшчасных, патрабуючых і маргіналаў, якім Бог, у якасці абавязку для ўсіх людзей, асабліва заможных і забяспечаных, загадаў дапамагаць.

У імя сіротаў, удоваў, бежанцаў і выгнаных са сваіх дамоў і краін; у імя ўсіх ахвяраў войнаў, пераследу і несправядлівасці; у імя слабых і тых, якія жывуць у страху, ваеннапалонных і катаваных у любой частцы свету, без усялякага адрознення.

У імя людзей, якія страцілі сваю бяспеку, мір і магчымасць жыць разам, стаўшы ахвярамі разбурэнняў, катастроф і вайны.

У імя чалавечага братэрства, якое ахоплівае ўсіх людзей, яднае іх і робіць роўнымі.

У імя гэтага братэрства, разарванага палітыкай экстрэмізму і падзелаў, сістэмамі неабмежаванага прыбытку або ненавіснымі ідэалагічнымі тэндэнцыямі, якія маніпулююць дзеяннямі і будучыняй мужчын і жанчын.

У імя свабоды, якую Бог даў усім людзям, ствараючы іх свабоднымі і вылучаючы іх гэтым дарам.

У імя справядлівасці і міласэрнасці, якія ўтвараюць аснову дабрабыту і з’яўляюцца краевугольным каменем веры.

У імя ўсіх людзей добрай волі, якія ёсць ва ўсіх частках свету.

У імя Бога і ўсяго сказанага да гэтага часу, […] абвяшчаем прыняцце культуры дыялогу ў якасці шляху; узаемнага супрацоўніцтва як кодэксу паводзінаў; узаемаразумення як метаду і стандарта» [285].

* * *

286. У гэтых разважаннях аб паўсюдным братэрстве я пачуваўся натхнёным асаблівым чынам праз св. Францішка Асізскага, а таксама праз іншых нашых братоў і сясцёр, якія не з’яўляюцца католікамі: Марцін Лютэр Кінг, Дэзманд Туту, Махатма Гандзі і многіх іншых. Але на заканчэнне я хацеў бы згадаць яшчэ аднаго чалавека з глыбокай верай, які, абапіраючыся на свой інтэнсіўны досвед Бога, здзейсніў шлях перамянення, каб адчуць, што ён – брат усіх людзей. Я кажу пра благаслаўлёнага Шарля дэ Фуко.

287.     Кіруючыся ідэалам поўнай адданасці Богу, благаслаўлёны Шарль атаясаміўся з найменшымі, пакінутымі ў глыбіні афрыканскай пустыні. У гэтых абставінах ён выказаў жаданне ў кожным чалавеку бачыць свайго брата [286] і папрасіў сябра: «Маліся Богу, каб я сапраўды быў братам усіх» [287]. У рэшце рэшт ён хацеў стаць «паўсюдным братам» [288]. І толькі атаясамліваючыся з найменшымі, ён стаў братам усіх. Няхай Бог натхніць гэтай марай кожнага з нас. Амэн.

 

Малітва да Стварыцеля

Пане і Ойча чалавечага роду,
які стварыў усіх людзей з роўнай годнасцю,
улі ў нашыя сэрцы духа братэрства.
Натхні нас марай новай сустрэчы, дыялогу, справядлівасці і міру.
Заахвоць нас да стварэння больш здаровых грамадстваў і больш годнага свету,
без голаду, беднасці, насілля і войнаў.

Няхай нашыя сэрцы адкрыюцца
для ўсіх людзей і народаў зямлі,
каб распазнаць дабро і прыгажосць,
якія Ты пасеяў у кожным з іх,
каб умацаваць повязі еднасці, супольных праектаў
і агульных надзей. Амэн.

Экуменічная хрысціянская малітва

Божа наш, Тройца любові,
з глыбокай камуніі Твайго боскага ўнутранага жыцця
разлі сярод нас раку братняй любові.
Дай нам такую любоў, якая адлюстроўвалася ў чынах Езуса,
у Яго назарэтанскай сям’і і ў ранняй хрысціянскай супольнасці.

Дай нам, хрысціянам, жыць Евангеллем
і распазнаваць Хрыста ў кожным чалавеку,
каб убачыць Яго ўкрыжаваным у цярпеннях пакінутых
і забытых гэтага свету
і ўваскрослым у кожным браце, які паўстае.

Прыйдзі, Дух Святы, пакажы нам сваю прыгажосць,
адлюстраваную ва ўсіх народах зямлі,
каб адкрыць, што кожны важны,
што ўсе патрэбныя і з’яўляюцца рознымі тварамі
аднаго чалавецтва, якое любіць Бог. Амэн.

У Асізі, пры гробе св. Францішка,
3 кастрычніка 2020 г. у вігілію свята Бедачыны,
у восьмы год майго Пантыфікату.

ФРАНЦІШАК

 


[1] Ammonizioni, 6, 1: FF 155.

[2] Тамсама, 25: FF 175.

[3] S. Francesco di Assisi, Regola non bollata, 16, 3.6: FF 42-43.

[4] Eloi Leclerc OFM, Exilio y ternura, Marova, Madrid 1987, р. 205.

[5] Дэкларацыя аб братэрстве паміж людзьмі, міры ўсвеце і агульным суіснаванні, Абу-Дабі (4 лютага 2019), L’Osservatore Romano, 4-5 febbraio 2019, p. 6.

[6]  Прамова падчас міжрэлігійнай і экуменічнай сустрэчы з моладдзю, Скап’е (7 мая 2019): L’Osservatore Romano, 9 maggio 2019, p. 9.

[7]  Прамова ў Еўрапейскім парламенце, Страсбург (25 лістапада 2014): L’Osservatore Romano, 12 (367)/2014, р. 9.

[8] Прамова падчас сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў, грамадства і дыпламатычнага корпусу, Сант’яга-дэ-Чылі (16 студзеня 2018): AAS 110 (2018), 256.

[9] Бэнэдыкт XVI, Энц. Caritas in veritate (29 чэрвеня 2009), 19.

[10] Паслясінадальная апост. адг. Christus vivit (25 сакавіка 2019), 181.

[11] Card. Raúl Silva Henríquez SDB, Homilía en el Tedeum en Santiago de Chile (18 верасня 1974).

[12] Энц. Laudato si’, (24 мая 2015), 57.

[13]  Прамова да дыпламатычнага корпусу (11 студзеня 2016): AAS 108 (2016), 120.

[14]  Прамова да дыпламатычнага корпусу (13 студзеня 2014): AAS 106 (2014), 83-84.

[15] Пар. Прамова да Фундацыі «Centesimus annus pro Pontifice» (25 мая 2013): InsegnamentiI, 1 (2013), 238.

[16] Пар. св. Павел VI, Энц. Populorum progressio (26 сакавіка 1967), 14: AAS 59 (1967), 264.

[17] Бэнэдыкт XVI, Энц. Caritas in veritate (29 чэрвеня 2009), 22.

[18]  Прамова да прадстаўнікоў ураду і дзяржаўных уладаў, Тырана, Албанія (21 верасня 2014): AAS 106 (2014), 773.

[19]  Пасланне ўдзельнікам міжнароднай канферэнцыі на тэму «Правы чалавека ў сучасным свеце: дасягненні, недапрацоўкі, адмаўленне» (10 снежня 2018): L’Osservatore Romano, 10-11 dicembre 2018, р. 8.

[20] Апост. адг. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 212.

[21]  Пасланне на 48-ы Сусветны дзень міру, 1 студзеня 2015 г. (8 снежня 2014), 3-4: AAS 107 (2015), 69-71.

[22]  Тамсама, 5: AAS (107 (2015), 72.

[23]  Пасланне на 49-ы Сусветны дзень міру, 1 студзеня 2016 г. (8 снежня 2015), 2: AAS 108 (2016), 49.

[24]  Пасланне на 49-ы Сусветны дзень міру, 1 студзеня 2020 г. (8 снежня 2019), 1: L’Osservatore Romano, 13 dicembre 2019, p. 8.

[25]  Прамова аб ядзернай зброі, Нагасакі – Японія (24 лістапада 2019): L’Osservatore Romano, 25-26 novembre 2019, p. 6.

[26]  Прамова да прафесараў і студэнтаў Каледжа Сан Карло ў Мілане (6 красавіка 2019): L’Osservatore Romano, 8-9 aprile 2019, p. 6.

[27]  Дэкларацыя аб братэрстве паміж людзьмі, аб міры ў свеце і агульным суіснаванні, Абу-Дабі (4 лютага 2019), L’Osservatore Romano, 4-5 febbraio 2019, p. 6.

[28]  Прамова да прадстаўнікоў навукі і культуры, Кальяры, Італія (22 верасня 2013): L’Osservatore Romano, 23-24 settembre 2013, p. 7.

[29]  Humana communitas. Ліст з нагоды 25-й гадавіны заснавання Папскай Акадэміі «Pro Vita» (6 студзеня 2019), 2. 6: L’Osservatore Romano, 16 gennaio 2019, pp. 6-7.

[30]  Videomessaggio al TED 2017 di Vancouver (26 красавіка 2017): L’Osservatore Romano, 27 aprile 2017, p. 7.

[31] Гамілія з нагоды надзвычайнага набажэнства аб спыненні пандэміі (27 сакавіка 2020): L’Osservatore Romano, 29 marzo 2020, p. 10.

[32] Гамілія падчас св. Імшы, Скап’е, Паўночная Македонія (7 мая 2019): L’Osservatore Romano, 8 maggio 2019, p. 12.

[33] Пар. Aeneis, I, 462: «Sunt lacrimae rerum et mentem mortalia tangunt».

[34] «Historia […] magistra vitae»: Марк Тулій Цыцэрон, De Oratore, II, 36.

[35] Энц. Laudato si’ (24 мая 2015), 204.

[36] Паслясінадальная апост. адг. Christus vivit (25 сакавіка 2019), 91.

[37]  Тамсама, 92.

[38]  Тамсама, 93.

[39] Бэнэдыкт XVI, Пасланне на 99-ы Сусветны дзень мігранта і бежанца (12 кастрычніка 2012): AAS 104 (2012), 908.

[40] Паслясінадальная апост. адг. Christus vivit (25 сакавіка 2019), 92.

[41]  Пасланне на 106-ы Сусветны дзень мігранта і бежанца (13 мая 2020): L’Osservatore Romano, 16 maggio 2020, p. 8.

[42]  Прамова да дыпламатычнага корпусу (11 студзеня 2016): AAS 108 (2016), 124.

[43]  Прамова да дыпламатычнага корпусу (13 студзеня 2014): AAS 106 (2014), 84.

[44]  Прамова да дыпламатычнага корпусу (11 студзеня 2016): AAS 108 (2016), 123.

[45]  Пасланне на 105-ы Сусветны дзень мігранта і бежанца (27 мая 2019): L’Osservatore Romano, 27-28 maggio 2019, p. 8.

[46] Паслясінадальная апост. адг. Christus vivit (25 сакавіка 2019), 88.

[47]  Тамсама, 89.

[48] Апост. адг. Gaudete et exsultate (19 сакавіка 2018), 115.

[49] З фільма « Papa Francesco – Un uomo di parola. La speranza è un messaggio universale», di Wim Wenders (2018).

[50] Прамова падчас сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычным корпусам, Талін (25 верасня 2018): L’Osservatore Romano, 27 settembre 2018, p. 7.

[51] Пар. Малітва падчас пандэміі (27 сакавіка 2020): L’Osservatore Romano, 29 marzo, p. 10; Пасланне на 4-ы Сусветны дзень бедных (13 чэрвеня 2020), 6: L’Osservatore Romano, 14 giugno 2020, p. 8.

[52] Прывітальнае слова да моладзі культурнага цэнтра Айца Фелікса Варэлы, Гавана – Куба (20 верасня 2015): L´Osservatore Romano, 21-22 settembre 2015, p. 6.

[53] Другі Ватыканскі Сабор, Пастырская канст. пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes, 1.

[54] Св. Ірэнэй Ліёнскі, Adversus haereses, II, 25, 2: PG 7/1, 798-s.

[55]  Talmud Bavli (Talmud di Babilonia), Shabbat, 31 a.

[56]  Прамова падчас сустрэчы з асобамі, якія атрымліваюць дапамогу ад касцёльных дабрачынных арганізацый, Талін, Эстонія (25 верасня 2018): L’Osservatore Romano, 27 settembre 2018, p. 8.

[57]  Videomessaggio al TED 2017 di Vancouver (26 красавіка 2017): L’Osservatore Romano, 27 aprile 2017, p. 7.

[58]  Homiliae in Mattheum, 50, 3-4: PG 58, 508.

[59]  Пасланне ўдзельнікам сустрэчы народных рухаў, Мадэста, ЗША (10 лютага 2017): AAS 109 (2017), 291.

[60] Апост. адг. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 235.

[61] Св. Ян Павел ІІ, Анёл Панскі, Оснабрук, Германія (16 лістапада 1980): L’Osservatore Romano, 19 novembre 1980, Supplemento, p. XIII.

[62] Другі Ватыканскі Сабор, Пастырская канст. пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes, 24.

[63] Gabriel Marcel, Du refus à l’invocation, ed. NRF, París 1940, 50.

[64]  Анёл Панскі (10 лістапада 2019): L’Osservatore Romano, 11-12 novembre 2019, p. 8.

[65] Пар. св. Тамаш Аквінскі, Scriptum super Sententiis, III, D. 27, q. 1, a. 1 ad 4: «Dicitur amor extasim facere, et fervere, quia quod fervet extra se bullit et exhalat».

[66] Karol Wojtyła, Miłość i odpowiedzialność, Kraków 1962, s. 114.

[67] Karl Rahner SJ, Kleines Kirchenjahr, у: Ein Gang durch den Festkreis, Herder, Friburgo 1981, 30 (ed. it. L’anno liturgico, Morcelliana, Brescia 1964, 34).

[68]  Regula, 53, 15: «Pauperum et peregrinorum maxime susceptioni cura sollicite exhibeatur».

[69] Пар. Summa Theologiae, II-II, q. 23. art.7; S. Agostino, Contra Iulianum, 4, 18: PL 44, 748: «Яны [аматары грошай] адмаўляюцца ад столькіх задавальненняў, а ўсё з-за прагі назбіраць больш грошай або з-за страху страціць іх».

[70] «Secundum acceptionem divinam»: Scriptum super Sententiis, III, D. 27, a. 1, q. 1, concl. 4.

[71] Бэнэдыкт XVI, Энц. Deus caritas est (25 снежня 2005), 15.

[72]  Summa Theologiae II-II, q. 27, art. 2, resp.

[73] Пар. тамсама, I-II, q. 26, art. 3. resp.

[74]  Тамсама, q. 110, art. 1, resp.

[75]  Пасланне на 47-ы Сусветны дзень міру, 1 студзеня 2014 г. (8 снежня 2013), 1: AAS 106 (2014), 22.

[76] Пар. Анёл Панскі (29 снежня 2013): AAS 107(2015),165; L’Osservatore Romano, 30-31 dicembre 2013, p. 7; Прамова да дыпламатычнага корпусу (12 студзеня 2015): AAS 107 (2015), 165.

[77] Ліст з нагоды Міжнароднага дня людзей з абмежаванымі магчымасцямі (3 снежня 2019): L’Osservatore Romano, 4 dicembre 2019, p. 7.

[78]  Прамова на сустрэчы, прысвечанай рэлігійнай свабодзе, Філадэльфія, ЗША (26 верасня 2015): AAS 107 (2015), 1050-1051.

[79]  Прамова да моладзі, Токіо, Японія (25 лістапада 2019): L’Osservatore Romano, 25-26 novembre 2019, p. 10.

[80] У гэтых разважаннях натхняюся думкай Поля Рыкёра. Paul Ricoeur: «Le socius et le prochain»: Histoire et vérité, Le Seuil, Paris 1967, 113-127.

[81] Апост. адг. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 190.

[82]  Тамсама, 209.

[83] Энц. Laudato si’ (24 maja 2015), 129.

[84]  Пасланне na «Economy of Francesco» (11 мая 2019): L’Osservatore Romano, 12 maggio 2019, p. 8.

[85]  Прамова ў Еўрапейскім парламенце, Страсбург (25 лістапада 2014): AAS 106 (2014), 997.

[86] Энц. Laudatosi’ (24 мая 2015), 229.

[87]  Пасланне нa 49-ы Сусветны дзень міру, 1 студзеня 2016 г. (8 снежня 2015), 6: AAS 108 (2016), 57-58.

[88] Саліднасць этымалагічна звязана з «салідарнасцю». Салідарнасць у этычна-палітычным значэнні, якое яна прыняла за апошнія два стагоддзі, вядзе да надзейнай і цвёрдай сацыяльнай дамовы.

[89]  Гамілія падчас св. Імшы, Гавана, Куба (20 верасня 2015): L’Osservatore Romano, 21-22 settembre 2015, p. 8.

[90]  Прамова да ўдзельнікаў сусветнай сустрэчы народных рухаў (28 кастрычніка 2014): AAS 106 (2014), 851-852.

[91] Пар. Св. Базыль, Homilia 21. quod rebus mundanis adhaerendum non sit, 3 i 5: PG 31, 545-549; Regulae brevius tractatae, 92: PG 31, 1145-1148; Cв. Пётр Хрызалог, Sermo 123: PL 52, 536-540; Cв. Аброзій, De Nabuthe 27.52: PL 14, 738s; Cв. Аўгустын, In Iohannis Evangelium, 6, 25: PL 35, 1436с.

[92]  De Lazaro, II, 6: PG 48, 992D.

[93]  Regula pastoralis, III, 21: PL 77, 87.

[94] Св. Ян Павел ІІ, Энц. Centesimus annus (1 мая 1991), 31: AAS 83 (1991), 831.

[95] Энц. Laudato si’ (24 мая 2015), 93.

[96] Св. Ян Павел ІІ, Энц. Laborem exercens (14 верасня 1981), 19: AAS 73 (1981), 626.

[97] Пар. Папская рада «Iustitia et Pax», Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла, 172.

[98] Энц. Populorum progressio (26 сакавіка 1967), 22: AAS 59 (1967), 268.

[99] Св. Ян Павел II, Энц. Sollicitudo rei socialis (30 снежня 1987), 33: AAS 80 (1988), 557.

[100] Энц. Laudato si’ (24 мая 2015), 95.

[101]  Тамсама, 129.

[102] Св. Павел VI, Энц. Populorum progressio (26 сакавіка 1967), 15: AAS 59 (1967), 265; пар. Бэнэдыкт XVI, Энц. Caritas in veritate (29 чэрвеня 2009), 16.

[103] Пар. Энц. Laudato si’ (24 мая 2015), 93; Апост. адг. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 189-190.

[104] Канферэнцыя біскупаў ЗША, Open wide our Hearts: The enduring Call to Love. A Pastoral Letter against Racism (Лістапад 2018).

[105] Энц. Laudato si’ (24 мая 2015), 51.

[106] Пар. Бэнэдыкт XVI, Энц. Caritas in veritate (29 чэрвеня 2009), 6.

[107] Св. Ян Павел II, Энц. Centesimus annus (1 мая 1991), 35: AAS83 (1991), 838.

[108]  Прамова аб ядзернай зброі, Нагасакі – Японія (24 лістапада 2019): L’Osservatore Romano, 25-26 novembre 2019, p. 6.

[109] Пар. Каталіцкія Біскупы Мексікі і ЗША, Пастырскі ліст Strangers no longer: together on the journey of hope (Студзень, 2003).

[110]  Генеральная аўдыенцыя (3 красавіка 2019): L’Osservatore Romano, 4 aprile 2019, p. 8.

[111] Пар. Пасланне на 104-ы Сусветны дзень мігранта і бежанца (14 студзеня 2018): AAS 109 (2017), 918-923.

[112]  Дэкларацыя аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні, Абу-Дабі (4 лютага 2019), L’Osservatore Romano, 4-5 febbraio 2019, p. 6.

[113]  Прамова да дыпламатычнага корпусу (11 студзеня 2016): AAS 108 (2016), 124.

[114]  Тамсама, AAS 108 (2016), 122.

[115] Паслясінадальная апост. адг. Christus vivit (25 сакавіка 2019), 93.

[116]  Тамсама, 94.

[117]  Сустрэча з прадстаўнікамі ўладаў Босніі і Герцэгавіны (6 чэрвеня 2015): L’Osservatore Romano, 7 giugno 2015, p. 7.

[118]  Latinoamérica. Conversaciones con Hernán Reyes Alcaide, ed. Planeta, Buenos Aires 2017, p. 105.

[119]  Дэкларацыя аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні, Абу-Дабі (4 лютага 2019), L’Osservatore Romano, 4-5 febbraio 2019, p. 6.

[120] Бэнэдыкт XVI, Энц. Caritas in veritate (29 чэрвеня 2009), 67.

[121] Пар. Тамсама, 60.

[122] Пар. Тамсама, 67.

[123] Папская рада «Iustitia et Pax», Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла (2004), 447.

[124] Апост. адг. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 234.

[125] Тамсама, 235.

[126]  Тамсама.

[127] Cв. Ян Павел II, Прамова да прадстаўнікоў аргентынскага свету культуры, Буэнас-Айрэс, Аргентына (12 красавіка 1987), 4: L’Osservatore Romano, 14 aprile 1987, p. 7.

[128] Пар. Св. Ян Павел ІІ, Прамова да кардыналаў і біскупаў Рымскай курыі (21 снежня 1984), 4: AAS 76 (1984), 506.

[129] Паслясінадальная апост. адг. Querida Amazonia (2 лютага 2020), 37.

[130] Georg Simmel, Brücke und Tür. Essays des Philosophen zur Geschichte, Religion, Kunst und Gesellschaft, Köhler-Verlag, Stuttgart 1957, p. 6.

[131] Пар. Jaime Hoyos-Vásquez SJ, Lógica de las relaciones sociales. Reflexión onto-lógica, en Revista Universitas Philosophica, 15-16, Bogotá (снежань 1990 – чэрвень 1991), 95-106.

[132] Antonio Spadaro SJ, Le orme di un pastore. Una conversazione con Papa Francesco, у: Jorge Mario Bergoglio – Papa Francesco. Nei tuoi occhi è la mia parola. Omelie e discorsi di Buenos Aires 1999-2013, Rizzoli, Milano 2016, XVI; пар. Апост. адг. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 220-221.

[133] Апост. адг. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 204.

[134] Пар. Тамсама.

[135]  Тамсама, 202.

[136] Энц. Laudato si’ (24 мая 2015), 128.

[137]  Прамова да дыпламатычнага корпусу (12 студзеня 2015): AAS 107(2015), 165; пар. Прамова да ўдзельнікаў сусветнай сустрэчы народных рухаў (28 кастрычніка 2014): AAS 106 (2014), 851-859.

[138] Штосьці падобнае можна сказаць аб біблійнай катэгорыі «Божага Валадарства».

[139] Ricoeur Paul, Histoire et vérité, ed. Le Seuil, Paris 1967, 122.

[140] Энц. Laudato si’ (24 мая 2015), 129.

[141] Бэнэдыкт XVI, Энц. Caritas in veritate (29 чэрвеня 2009), 35.

[142]  Прамова да ўдзельнікаў сусветнай сустрэчы народных рухаў (28 кастрычніка 2014): AAS 106 (2014), 858.

[143]  Тамсама.

[144]  Прамова да ўдзельнікаў сусветнай сустрэчы народных рухаў (5 лістапада 2016): L’Osservatore Romano, 7-8 novembre 2016, pp. 4-5.

[145]  Тамсама.

[146]  Тамсама.

[147] Энц. Laudato si’ (24 мая 2015), 189.

[148]  Прамова ў штаб-кватэры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Нью-Ёрк (25 верасня 2015): AAS 107 (2015), 1037.

[149] Энц. Laudato si’ (24 мая 2015), 175.

[150] Пар. Бэнэдыкт XVI, Энц. Caritas in veritate (29 чэрвеня 2009), 67.

[151]  Тамсама.

[152] Папская рада «Iustitia et Pax», Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла (2004), 434.

[153]  Прамова ў штаб-кватэры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Нью-Ёрк (25 верасня 2015): AAS 107 (2015), 1037.1041.

[154] Папская рада «Iustitia et Pax», Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла (2004), 437.

[155] Св. Ян Павел II, Пасланне на 37-ы Сусветны дзень міру, 1 студзеня 2004 г., 5: AAS 96 (2004), 117.

[156] Папская рада «Iustitia et Pax», Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла (2004), 439.

[157] Пар. Commission Sociale de la Conférence des Évêques de France, Déclaration, Réhabiliter la politique (17 лютага 1999).

[158] Энц. Laudato si’ (24 мая 2015), 189.

[159]  Тамсама, 196.

[160]  Тамсама, 197.

[161]  Тамсама, 181.

[162]  Тамсама, 178.

[163] Conferência Episcopal Portuguesa, Carta Pastoral, Responsabilidad e solidária pelo bem comum (15 верасня 2003), 20; пар. Энц. Laudato si’ (24 мая 2015), 159.

[164] Энц. Laudato si’ (24 мая 2015), 191.

[165] PiusXI, Discorso alla Federazione Universitaria Cattolica Italiana (18 снежня 1927): L’Osservatore Romano, 23 dicembre 1927, 3.

[166] Пар. Той жа, Энц. Quadragesimo anno (15 мая 1931), 88: AAS 23 (1931), 206-207.

[167] Апост. адг. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 205.

[168] БэнэдыктXVI, Энц. Caritas in veritate (29 чэрвеня 2009), 2.

[169] Энц. Laudato si’ (24 мая 2015), 231.

[170] Бэнэдыкт XVI, Энц. Caritas in veritate (29 чэрвеня 2009), 2.

[171] Папскаярада «Iustitia et Pax», Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла (2004), 207.

[172] Св. Ян Павел II, Энц. Redemptor hominis (4 сакавіка 1979), 15: AAS 71 (1979), 288.

[173] Пар. Св. Павел VI, Энц. Populorum progressio (26 сакавіка 1967), 44: AAS 59 (1967), 279.

[174] Папская рада «Iustitia et Pax», Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла (2004), 207.

[175] Бэнэдыкт XVI, Энц. Caritas in veritate (29 чэрвеня 2009), 2.

[176]  Тамсама, 3.

[177] Пар. Тамсама, 4.

[178]  Тамсама.

[179]  Тамсама, 3.

[180]  Тамсама.

[181] Каталіцкая маральная дактрына, ідучы за навучаннем св. Тамаша Аквінскага, адрознівае акт «выкліканы» і акт «загаданы» (пар. Summa Theologiae, I-II, q. 8-17; Marcellino Zalba SJ, Theologiae moralis summa. Theologia moralis fundamentalis. Tractatus de virtutibus theologicis, ed. BAC, Madrid 1952, vol. 1, 69; Antonio Royo Marín, Teología de la Perfección cristiana, ed. BAC, Madrid 1962, 192-196).

[182] Папскаярада «Iustitia et Pax», Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла (2004), 208.

[183] Пар. Св. Ян Павел II, Энц. Sollicitudo rei socialis (30 снежня 1987), 42: AAS 80 (1988), 572-574; Энц. Centesimus annus (1 мая 1991), 11: AAS 83 (1991), 806-807.

[184] Прамова да ўдзельнікаў сусветнай сустрэчы народных рухаў (28 кастрычніка 2014): AAS 106 (2014), 852.

[185]  Прамова ў Еўрапейскім парламенце, Страсбург (25 лістапада 2014): AAS 106 (2014), 999.

[186]  Прамова да прадстаўнікоў улады і дпламатычнага корпусу, Бангі, ЦАР (29 лістапада 2015): AAS 107 (2015), 1320.

[187]  Прамова ў штаб-кватэры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Нью-Ёрк (25 верасня 2015): AAS 107 (2015), 1039.

[188]  Прамова да ўдзельнікаў сусветнай сустрэчы народных рухаў (28 кастрычніка 2014): AAS 106 (2014), 853.

[189]  Дэкларацыя аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні, Абу-Дабі (4 лютага 2019), L’Osservatore Romano, 4-5 febbraio 2019, p. 6.

[190] René Voillaume, Frères de tous, ed. Cerf, Paris 1968, 12-13.

[191]  Videomessaggio al TED 2017 di Vancouver (26 красавіка 2017): L’Osservatore Romano, 27 aprile 2017, p. 7.

[192] Генеральная аўдыенцыя (18 лютага 2015): L’Osservatore Romano, 19 febbraio 2015, p. 8.

[193] Апост. адг. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 274.

[194] Тамсама, 279.

[195] Пасланнена 52-і Сусветны дзень міру, 1 студзеня 2019 г. (8 снежня 2018), 5: L’Osservatore Romano, 19 dicembre 2018, p. 8.

[196]  Прамова на сустрэчы з прадстаўнікамі ўраду Бразіліі, Рыа-дэ-Жанэйра (27 ліпеня 2013): AAS 105 (2013), 683-684.

[197] Паслясінадальная апост. адг. Querida Amazonia (2 лютага 2020), 108.

[198] З фільма «Papa Francesco – Un uomo di parola. La speranza è un messaggio universale», di Wim Wenders (2018).

[199]  Пасланне на 48-ы Сусветны дзень сродкаў масавай камунікацыі (24 студзеня 2014): AAS 106 (2014), 113.

[200] Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Аўстраліі, Dipartimento di Giustizia sociale, Making it real: genuine human encounter in our digital world (novembre 2019), 5.

[201] Энц. Laudato si’ (24 мая 2015), 123.

[202] Св. Ян Павел ІІ, Энц. Veritatis splendor (6 жніўня 1993), 96: AAS 85 (1993), 1209.

[203] Як хрысціяне мы таксама верым, што Бог дае сваю ласку, каб мы маглі дзейнічаць як браты і сёстры.

[204] Vinicius De Moraes, Samba da Bênção, Um encontro no Au bon Gourmet, Rio de Janeiro (2 жніўня 1962).

[205] Апост. адг. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 237.

[206]  Тамсама, 236.

[207]  Тамсама, 218.

[208] Паслясінадальная апост. адг. Amoris laetitia (19 сакавіка 2016), 100.

[209]  Пасланне на 53-і Сусветны дзень міру, 1 студзеня 2020 г. (8 снежня 2019), 2: L’Osservatore Romano, 13 dicembre 2019, p. 8.

[210] Канферэнцыя Біскупаў Конга, Message au Peuple de Dieu et aux femmes et aux hommes de bonne volonté, Brazzaville (9 мая 2018).

[211]  Прамова падчас малітоўнай сустрэчы ў інтэнцыі народнага прымірэння, Вільявічэнсіё, Калумбія (8 верасня 2017): AAS 109 (2017), 1063-1064. 1066.

[212]  Пасланне на 53-і Сусветны дзень міру, 1 студзеня 2020 г. (8 снежня 2019), 3: L’Osservatore Romano, 13 dicembre 2019, p. 8.

[213] Канферэнцыя Біскупаў Афрыкі, Pastoral letter on christian hope in the current crisis (Май 1986).

[214] Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Карэі, Appeal of the Catholic Church in Korea for Peace on the Korean Peninsula (15 жніўня 2017).

[215]  Сустрэча з прадстаўнікамі эквадорскага грамадства, Кіта, Эквадор (7 чэрвеня 2015): L’Osservatore Romano, 9 luglio 2015, p. 9.

[216]  Прамова падчас міжрэлігійнай сустрэчы з моладдзю, Мапута, Мазамбік (5 верасня 2019): L’Osservatore Romano, 6 settembre 2019, p. 7.

[217]  Гамілія падчас св. Імшы, Картахена, Калумбія (10 верасня 2017): AAS 109 (2017), 1086.

[218] Прамова да прадстаўнікоў дзяржаўнай і мясцовай улады і да дыпламатычнага корпусу, Багота, Калумбія (7 верасня 2017): AAS 109 (2017), 1029.

[219] Канферэнцыя Біскупаў Калумбіі, Por el bien de Colombia: diálogo, reconciliación y desarrollo integral (26 лістапада 2019), 4.

[220] Прамова падчас сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, дыпламатычнага корпусу і грамадзянскай супольнасці, Мапута, Мазамбік (5 верасня 2019): L’Osservatore Romano, 6 settembre 2019, p. 6.

[221] V Агульная канфрэнцыя епіскапатаў Лацінскай Амерыкіі Карыбаў, Documento di Aparecida (29 чэрвеня 2007), 398.

[222] Апост. адг. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 59.

[223] Энц. Centesimus annus (1 мая 1991), 14: AAS 83 (1991), 810.

[224]  Гамілія падчас св. Імшы ў інтэнцыі развіцця народаў, Мапута, Мазамбік (6 верасня 2019) ): L’Osservatore Romano, 7 settembre 2019, p. 8.

[225]  Прамова падчас урачыстага прывітання, Каломба, Шры-Ланка (13 студзеня 2015): L’Osservatore Romano, 14 gennaio 2015, p. 7.

[226]  Прамова да дзяцей падчас візіта ў Цэнтр «Бэтанія», Тырана, Албанія (21 верасня 2014): Insegnamenti II, 2 (2014), 288.

[227]  Videomessaggio al TED 2017 di Vancouver (26 красавіка 2017): L’Osservatore Romano, 27 aprile 2017, p. 7.

[228] Pius XI, Энц. Quadragesimo anno (15 мая 1931), 114: AAS 23 (1931), 213.

[229] Апост. адг. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 228.

[230]  Прамова да прадстаўнікоў улады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпусу, Рыга, Латвія (24 верасня 2018): L’Osservatore Romano, settembre 2018, p. 7.

[231]  Прамова падчас прывітальнай цырымоніі ў аэрапорце, Тэль-Авіў, Ізраэль (25 мая 2014): Insegnamenti II, 1 (2014), 604.

[232] Прамова ў мемарыяле «Yad Vashem», Ерузалем (26 мая 2014): AAS 106 (2014), 228.

[233] Прамова пры помніку міру, Хірасіма, Японія (24 лістапада 2019): L’Osservatore Romano, 25-26 novembre 2019, p. 8.

[234] Пасланнена 53-і Сусветны дзень міру, 1 студзеня 2020 г. (8 снежня 2019), 2: L’Osservatore Romano, 13 dicembre 2019, p. 8.

[235] Hrvatska Biskupska Konferencija, Pismo o 50. obljetnici završetka Drugog svjetskog rata (1 мая 1995).

[236] Гамілія падчас св. Імшы, Аман, Ярданія (24 мая 2014): Insegnamenti II, 1 (2014), 593.

[237] Пар. Пасланне на 53-і Сусветны дзень міру, 1 студзеня 2020 г. (8 снежня 2019), 2: L’Osservatore Romano, 13 dicembre 2019, p. 8.

[238]  Прамова да Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Нью-Ёрк (25 верасня 2015): AAS 107 (2015), 1041-1042.

[239] N. 2309.

[240]  Тамсама.

[241] Энц. Laudato si’ (24 мая 2015), 104.

[242] Св. Аўгустын, хоць распрацаваў ідэю «справядлівай вайны», якую мы сёння не падтрымліваем, сказаў таксама: «Найвялікшая слава ў тым менавіта, каб знішчаць вайну словам, а не забіваць людзей мячом, ды мірам, а не вайной, шукаць і падтрымліваць мір» ( Epistula 229, 2: PL 33, 1020).

[243] Энц. Pacem in terris (11 красавіка 1963), 127: AAS 55 (1963), 291.

[244]  Messaggio alla Conferenza dell’ONU per la negoziazione di uno strumento giuridicamente vincolante sulla proibizione delle armi nucleari (23 сакавіка 2017): AAS 109 (2017), 394-396.

[245] Пар. Св. Павел VI, Энц. Populorum progressio (26 сакавіка 1967), 51: AAS 59 (1967), 282.

[246] Пар. Энц. Evangelium vitae (25 сакавіка 1995), 56.

[247]  Прамова да ўдзельнікаў сустрэчы з нагоды 25-й гадавіны абвяшчэння Катэхізіса Каталіцкага Касцёла (11 кастрычніка 2017): AAS 106 (2014), 840.

[248] Пар. Кангрэгацыя Веравучэння, Lettera ai Vescovi circa la nuova redazione del n. 2267 del Catechismo della Chiesa Cattolica sulla pena di morte (1 жніўня 2018): L’Osservatore Romano, 3 agosto 2018, p. 8.

[249]  Прамова да дэлегатаў Міжнароднай асацыяцыі крымінальнага права (23 кастрычніка 2014): AAS 106 (2014), 840.

[250] Папская рада «Iustitia et Pax», Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла (2004), 402.

[251] Св. Ян Павел ІІ, Прамова да ўдзельнікаў кангрэса Італьянскай асацыяцыі суддзяў (31 сакавіка 2000), 4: AAS 92 (2000).

[252]  Divinae Institutiones VI, 20, 17: PL 6, 708.

[253]  Epistula 97 (responsa ad consulta bulgarorum), 25: PL 119, 991.

[254]  Epistula ad Marcellinum 133, 1.2: PL 33, 509.

[255] Прамова да дэлегатаў Міжнароднай асацыяцыі крымінальнага права (23 кастрычніка 2014): AAS 106 (2014), 840-841.

[256]  Тамсама, AAS 106 (2014), 842.

[257]  Тамсама.

[258] Св. Ян Павел ІІ, Энц. Evangelium vitae (25 сакавіка 1995), 9.

[259] Catholic Bishops’ Conference of India (CBCI), Response of the Church in India to the present day challenges (9 сакавіка 2016).

[260] Гамілія падчас св. Імшы ў Домесв. Марты (17 мая 2020).

[261] Бэнэдыкт XVI, Энц. Caritas in veritate (29 чэрвеня 2009), 19.

[262] Св. Ян Павел ІІ, Энц. Centesimus annus (1 мая 1991), 44: AAS83 (1991), 849.

[263]  Прамова падчас сустрэчы з лідарамі іншых рэлігій і хрысціянскіх канфесій, Тырана, Албанія (21 верасня 2014): Insegnamenti II, 2 (2014), 277.

[264]  Дэкларацыя аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні, Абу-Дабі (4 лютага 2019), L’Osservatore Romano, 4-5 febbraio 2019, p. 6.

[265] Апост. адг. Evangelii gaudium (24 лістапада 2014), 256.

[266] Бэнэдыкт XVI, Энц. Deus cartitas est (25 снежня 2005), 28.

[267] «Чалавек – істота палітычная» (Aristotele, Politica, 1253a 1-3).

[268] Бэнэдыкт XVI, Энц. Caritas in veritate (29 чэрвеня 2009), 11.

[269]  Прамова падчас сустрэчы з каталіцкай супольнасцю, Раковскі, Балгарыя (6 мая 2019): L’Osservatore Romano, 8 maggio 2019, p. 9.

[270]  Гамілія падчас св. Імшы ў Сант’яга-дэ-Куба (22 верасня 2015): AAS 107 (2015), 1005.

[271] Другі Ватыканскі Сабор, Дэкл. пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій Nostra aetatae, 2.

[272]  Прамова падчас экуменічнай сустрэчы, Рыга, Латвія (24 верасня 2018): L’Osservatore Romano, 24-25 settembre 2018, p. 8.

[273]  Lectio divina alla Pontificia Università Lateranense (26 сакавіка 2019): L’Osservatore Romano, 27 marzo 2019, p. 10.

[274] Св. Павел VI, Энц. Ecclesiam suam (6 жніўня 1964), 101: AAS 56 (1964), 650.

[275] Прамова падчас сустрэчы з палестынскімі ўладамі, Бэтлеем, Палестына (25 мая 2014): Insegnamenti II, 1 (2014), 597.

[276]  Enarrationes in Psalmos, 130, 6: 130, 6: PL 37, 1707.

[277]  Супольная дэкларацыя папы Францішка і Экуменічнага Патрыярха Канстанцінопальскага Барталамея І, Ерузалем (25 мая 2014), 5: L’Osservatore Romano, 26-27 maggio 2014, p. 6.

[278] З фільма « Papa Francesco. Un uomo di parola. La speranza è un messaggio universale», di Wim Wenders (2018).

[279] Паслясінадальная апост. адг. Querida Amazonia (2 лютага 2020), 106.

[280] Гамілія падчас св. Імшы, Каломба, Шры-Ланка (14 студзеня 2015): AAS 107 (2015), 139.

[281] Дэкларацыя аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні, Абу-Дабі (4 лютага 2019), L’Osservatore Romano, 4-5 febbraio 2019, p. 7.

[282] Прамова да прадстаўнікоў улады, Сараева, БосніяіГерцэгавіна (6 чэрвеня 2015): L’Osservatore Romano, 7 giugno 2015, p. 7.

[283]  Discorso ai partecipanti all’Incontro internazionale per la pace promosso dalla Comunità di Sant’Egidio (30 верасня 2013): Insegnamenti I, 2 (2013), 301-302.

[284]  Дэкларацыя аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні, Абу-Дабі (4 лютага 2019), L’Osservatore Romano, 4-5 febbraio 2019, p. 6.

[285]  Тамсама.

[286] Пар. Karol de Foucauld, Meditazione sul Padre nostro (23 студзеня1897): Opere spirituali, Ed. Paoline, Roma 1983, 555-562.

[287] Той жа, Lettres à Henry de Castries (Grasset 1938), 113.

[288] Тойжа, A madame de Bondy (Desclée de Brouwer, Paris 1966), р. 93. Гэтак жа называў яго св. Павел VI, ухваляючы яго ўдзел: Энц. Populorum progressio (26 сакавіка 1967), 12: AAS 59 (1967), 263.

 

 



Copyright © Dicastero per la Comunicazione - Libreria Editrice Vaticana